| |
Алесь Разанаў
Усяслаў Чарадзей
1
У летапісах уцалелых Знаходжу Радкі пра цябе, У старадаўніх паданьнях - Згадкі.
Адлюстраваньне, Якое амаль супала З пахмурлівай Далечынёй.
2
Не аддае цябе Даўніна, Невараць Не вяртае, Не адпускае Нябыт.
Твае палачане Цябе ня бачаць, Цябе твае крывічы Ня чуюць, Цябе нашчадкі твае Успомніць ня могуць.
А ты Прымаеш усё, што ёсьць, Але ўсё адно, Але ўсё адно Згадзіцца з гэтым
Ня хочаш.
3
Клічу цябе, Каб прыйшоў У сёньняшні дзень І прывёў З сабою стагодзьдзі, Пакінутыя ў мінулым.
Зьвяртаюся да цябе, Каб страту, Што забірае Людзей ад людзей І чалавека ад чалавека,
Перааспрэчыў.
4
Хто Зьнік назусім, Не пакінуўшы ў сьвеце Сьледу, Хто У свой сьлед увасобіўся І стаў знаны.
А ты Ўсё застаешся На той мяжы, Дзе нябыт Супадае з быцьцём:
Чакаеш, Калі стане іншаю Неўміручасьць?
5
Як убірае ў сябе Чалавек Свой век, Так убірае І памятае чалавека Імя, Яму дадзенае нараджэньнем І спраўджанае жыцьцём.
Удумваюся ў яго, Услухоўваюся ў яго, Трымаю яго на вуснах.
І ключ, І замок, І прастора, Належная іншаму вымярэньню, -
Імя, Што прыйшло ад цябе, Каб весьці Цяпер да цябе:
Усяслаў Чарадзей.
34
Зьняволенага, цябе Вязуць князі-вераломцы Ў стольны Кіеў,
А Полацак Ідзе сьледам.
Цешыцца княскі двор І ходзіць глядзець На дзівоснага вязьня,
А Полацак побач Тужыць.
Цябе замыкаюць У поруб-цямніцу: Цяпер Што хочаш рабі І што хочаш думай.
А Полацак ходзіць Па вуліцах Кіева І месьцічаў водзіць Усьлед за сабой, І намаўляе на нешта.
Табе аддаюць уладу, Князем вяльмуюць І на пасад узводзяць,
А Полацак за руку Бярэ цябе: Княжа, Ці не пара дадому?!
40
Уклаў у Сафію Сваю душу, І калі звоняць званы, Дзе б ні быў, Усё роўна чуеш.
У намаганьнях і болі Жыцьцё Набывае ўсё больш аблічча, Што даспадобы Яму самому.
С в о й край, С в о й народ, С в а е гарады І с в а я Сафія,
І ты ім таксама С в о й.
1994, 1998
←вярнуцца ў Анталёгію
|