| |
Ларыса Геніюш
Князь Усяслаў Чарадзей
Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе, срэдзь семені зор адзінокі; вось быццам гуляе шчупак па вадзе, ныраючы ў хвалях глыбокіх.
Арол, гэтак ўзьбіўшысь пад воблакаў сінь, магутны сваёй адзінотай, аб шэрай нізіне забудзе зусім, паднебным упіўшыся лётам.
У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей змагаецца з духам бурлівым, і ўздох гладзінёю калыша грудзей, бы вецер - дасьпелаю нівай.
Ён думаў ня можа цяжкіх ўгаманіць, тугі сваёй ўцешыць да краю; і гордае князева сэрца баліць, ды сон ад вачэй адлятае.
Зь вязьніцы сумнай на княжы пасад яго увесь Кіеў паклікаў - ён ўсё ж з панаваньня ня з волі ня рад - ня хоча той чэсьці вялікай.
Мілейшыя сэрцу парогі сваі, пасад свой і тыя дружыны, зь якімі хадзіў у цяжкія баі, баронячы межы Айчыны.
Мілейшы той Полацкі край дарагі і пушчы з пахучай жывіцай… Нядаўна Нямігі ціхой берагі крывёю зьліліся крывіцкай.
Там мужных ваяраў ляжаць чалясы - хто ж гоіць крывіцкія раны тады, калі князь, першы Полацку сын, чужацкія носіць кайданы?
І хоць над Нямігу склака груганоў ня раз ўжо зьляталася ў госьці - ўсё ж князева сэрца начамі дамоў ўсё клічуць байцоў сваіх косьці.
Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі і зьнік бляды месяц за імі - князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч ды з думамі б'ецца цяжкімі.
Ён чуе, як рвецца Дзьвіна ў берагох, бароў сваіх гоман адвечны, ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох шуміць ўсхваляванае веча.
Цьвіце ужо неба, як тыя ляны, і дзень ўжо над Кіевам сіні - князь слухае сэрцам: б'юць, звоняць званы у полацкай роднай сьвятыні.
Нядарам казалі, што князь - чарадзей… Хто ж, духам прабіўшы прасторы, у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе, хто б знаў, што ён сэрцу гавора?
Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх і духу магутныя чары, каб чуць, як у полацкіх гордых мурох у звон сьвятой Зофіі ўдараць.
Агнём палымяным трэ край свой кахаць, трэ вырасьці зь ніваў, загонаў, каб славу, багацьце - ўсё кінуць, аддаць за кліч свайго роднага звона…
1941
←вярнуцца ў Анталёгію
|