| |
Людміла Рублеўская
Эўфрасіньня
(Баляда аб жаночай волі)
На фрэсках лік яе жаўцее, Сухі, як ліст, і гожы цяжка… Прадслава, ўнучка Чарадзея, Упарта хоча стаць манашкай.
«Навука дзеўку папсавала!» - Старыя па вуглах скуголяць. Але яна была - Прадславай! А слава вымагае волі.
Счарнеў аж з твару горды бацька. Жаніх гульбою ганьбу глушыць. А маці!.. Што ж казаць пра маці… А слава да таго ж - і мужнасьць.
Жанкі! Такі наш выбар будзе Паўсюль, няўмольна і адвечна: Ці - крыж на маладыя грудзі, Ці - церам зь цемрай чалавечай.
Балюча нам даецца воля. Заплаціш мужнаю душою. А дзеці?! Што належыць болей - Сваё радзіць? Вучыць чужое? І што на што мяняць ня варта - Ні адгадаць, ні прадугледзець… …Прадслава хоча стаць упарта Сьвятой - і вольнаю, як вецер.
←вярнуцца ў Анталёгію
|