| |
Максім Лужанін
Як нараджаўся новы сьвет
11Абы вось прыгадаўся Полацк, І мы - ў абдымках даўніны: На тым шляху, што зваўся «волак», На замчышчах каля Дзьвіны,
Дзе птушкі крыльлем апраналі Дружыны мёртвыя ўначы, Дзе шумным вечам справавалі, Як наўгародцы, крывічы…
«Мяцеж вялік… у палачанах» Ня раз гарэў… Трымайся, князь! Калі ён злыдзень быў паганы, Гукала веча: «Княжа, злазь!»
Яшчэ чаго! Якое веча, Калі грыміць дваццаты век? Ды там жа воблік чалавечы Мець навучаўся чалавек.
Хоць рос упоравень з травою, Ледзь-ледзь адскочыў ад зямлі, А ці прыдбаў бы сёньня волю, Каб не дыхнуў яе калісь!
Я не хачу, ня маю права Расьпісваць рай ля Палаты: Ён быў ярэмны і крывавы, Той век, - зусім не залаты.
Як зажадаецца магнатам, Вызвоньваў звон, высуджваў суд. Халоп на латах ставіў латы Ды дзень пры дні званіў у склюд.
Званіў у кельню, ў мур высокі, Біў білам сэрца ў грудзі ён, А веча бачыў на паўвока І напаўвуха чуў той звон.
Але Сафію, ці Сахвею, Падняў, як кажуць случчакі, І да Ўсяслава Чарадзея Зьбіраўся ў пешыя палкі.
Бег шэрым воўкам да Нямігі, За конскім скокам - бегма ў бой! Ішлі вадой чырвонай крыгі, Саха - чырвонай цаліной… * * *Дзьвіною цешыў вочы Грозны, Стаяў, адпаясаўшы меч, А гэты цар быў цар сур'ёзны, У сэнсе - каб галовы сеч.
Прыкмеціў: берагі са срэбра І залатое ў рэчцы дно, Але ня здолеў сілай зрэбнай Адстояць горад ад паноў.
А зло спагнаў… І за вадою Пайшлі навек даваць нырца Тапельцы, бедныя жыдове, - Незалюбіў іх строгі цар.
Адсюль са швэдамі разьлікі З-за хвалі сіняе марской Намерваўся Пятро Вялікі Нарэшце зьвесьці пад Лясной.
І ён раку адзначыў зразу, Як зручны шлях перадусім, Яе па царскаму указу Апісваў цёзка мой, Максім.*
Яшчэ ня раз у жвірных сховах Яна крывёю падплыла, Пакуль падужаў двухгаловы Аднагаловага арла.
Тады царыца Кацярына, Пабыўшы ў Полацку ў гасьцях, Крыху жаманна гаварыла: «Пакуль я тут - наўкол куртаг».
Мэдалік з надпісам адбіла «Отторженныя возвратіх» І тыя ж землі пратрубіла Паміж угоднікаў сваіх.
* Пісар Пятра І Максім Ялбышаў
←вярнуцца ў Анталёгію
|