| |
Янка Юхнавец
Гутаркі лесасека
- Мо казка гэтая, і казку гэтую я на край зямлі Айчыннай не пашлю ніколі, бо зіхлівы розум зноў прышле яе да нямотных сьценяў у Айчынных пушчах.
- Хай вось, у бядзе і ў радасьці, мяне асудзіць нехта за плён працоўны… Даруйце мне: гэтак шмат раўняю я усё жыцьцё прыметнікам Айчынным.
- Хай праклёнам будзе мой творчы здлон. Але Прамэтэем ніколі ня буду. Любасьці мае ад нараджэньня, здаецца, прыгрозілі валадарам не маёй крыві.
- Любасьцям маім бываць заўсёды суджана перад пагостамі багоў ад працы наскай. Пачаткі іхныя ў пешчах адпачываньня твораць існасьць дзівосных бытаваньняў.
- Там, дзе Полацак паміж трысьцёўя
будаваўся, я чую рэха жарсную ягоных рыштаваньняў. Мінула тысяча гадоў, але трысьцё краін суседзкіх у дзікай звахнасьці спадае ў дрыгву або атульваюць яе панцырна-панцырныя равы.
- Што жадаю я? Я - лесасек, забойца дрэваў? Яны паклікалі іх нішчыць і аўчадзіць. Яны апавядаюць мне усё й імя маё тояць у камлёх.
- Там ёсьць ручай. З-пад карнявінаў
драўняных ён ўводаль няўзгорачную цячэ струмна-
сьцюдзёна, крыху дзелены камянямі й вываратнямі, але ні ледзь кранёны ні ветрамі, ні глыбінёй-прадоньнем.
- Што гаворыць пра водбліскі-адценьні ў бегатні вадзяной? Дзеля яе пачатак - пачатак, адкуль пачаць журчэць. Але бяздоннасьць неба ня зьмерыць глыбінёй вадзянай. Неба скалы на зямлю ня шле.
- Таму люблю я казкі беларускія. Ці можна параўнаць да іх «Фаўста»? «Фаўст» - ўчырасьць парадку
і непарадку-сілы, а наш «Фаўст» - палясоўшчык, ён на камені пасадзіць шчодра расьці дабро й дрэвы.
Нью-Ёрк, 1962
←вярнуцца ў Анталёгію
|