| |
Ганна Брэская
Францішку Скарыну
Сёньня сонца нам радасьцю сьвеціць, Заліло ясным золатам дзень. Я хачу празь сівыя сталецьці У мінуўшчыны даль паглядзець.
Зелянеюць на гонях пасевы, Сочнай руньню ўзышоў маладзік. А ў вякох непраглядная цемень Засьцілала жыцьцёвы шлях.
Ой вы, родныя сьпелыя нівы! Хто вам цьвёрдую глебу узьняў? …Мне прыпомніўся вобраз Скарыны З поўнай жменяй жамчужын-зярнят.
Запаліў ты праменьнем іскрыстым Крыўдай вечнай засмучаны край. Па грунтовай зямлі камяністай Сьвежай ранай прайшла баразна… . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Нахілілася долу калосьсе, Ціхім шэптам вітаньне нам шле, Рассыпаецца чырваньню сонца, Усьміхаецца радасны дзень.
Полацак, 1925
←вярнуцца ў Анталёгію
|