| |
Вольга Іпатава
Выгнаньне Полацкіх князёў у Бізантыю, год 1129
Над Дзьвіной - як чорны покрыў - раньне. Гора смокча сэрцы, як зьмяя. З Полацку зьяжджае на выгнаньне Ўся вялікакняская сям'я.
Усьмавы пантофлік з прошвай сіняй На назе дзявочае прамок. Слухае манашка Эўфрасіньня Бацькі пасівелага папрок:
«Ты бясплоднае абрала ложа, Брат твой ад самоты занямог. Без унукаў я. Хто нам дапаможа?» Коратка яна сказала: «Бог».
Уздыхнуў. Ладзьдзю панесла плыньню. З далечы усе - як мурашы. Зь ветрам даняслося: «Эўфрасіньня! Прадыслава! Полацк беражы!»
Не ўстаюць з каленяў, плачуць людзі… Шмыгнуў некуды з даносам віж… Юная ігуменьня, хто будзе Несьці за цябе і гэты крыж?
Не, твая рашучасьць не растане, Мужнасьць не патопіцца ў сьлязах… Бізантыя! Клетка залатая Вольным птушкам - полацкім князям!
І гады, і жыцьці, як атаву, Косяць Часу вострыя нажы, А яна ўсё чуе: «Прадыслава! Эўфрасіньня! Полацк зьберажы!»
←вярнуцца ў Анталёгію
|