| |
Янка Купала
Зь мінулых дзён
Перайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло.
Пад магіл навалай Дрэмле Русь, Літва - За той тая з хвалай Легла галава.
Не гудзе ў павазе Голас вечавы, Не шукаюць князі Славы і бітвы.
Войска Усяслава Не ідзе ў паход На той бок крывавы За свой край, народ.
Сьцены і запоры Палачан, мянчан Леглі у разоры Зможаных палян.
Ні сьвятых дуброваў, Зьніч пайшоў з вадой; Загасьціў лад новы, Ды ня той, ня свой.
Слых адно праходзе Калі-нікалі У жывым народзе На жывой зямлі.
Баіць, гнучы шыі, Паднявольны люд: Мы ў сваім чужыя - Край забраны тут!
Так прайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло.
1909
Гарыслава
Прадмова
Гэй, павейце, разгуляйцеся, Ветры вольныя, лёгкакрылыя, Над старонкай над крывіцкаю Зашуміце, неўгамонныя. Паміж небам і зямліцаю Віхрам-птахам пранясіцеся, Леты даўна прамінуўшыя Уздымайце з чорна попелу. Ўскалыхніце сэрцам каменным, Звонам-вечам ды ўсё полацкім - Хай звон звонка разгамоніцца Дый раскажа быль бывалую. Быль бывалую пра доч князеву, Ту красавіцу ненаглядную, Пра ту княжну пра свабодную, Што Рагнедай называлася, А пасьля, што з гора горкага Стала зваціся Гарыславаю, А гардыняй недаступнаю Кругом-вокала праславілась. Пра яе вы, звоны вечавы, Ветры буйныя, свабодныя, Раскажыце сьвету цэламу Быль бывалую ў землях полацкіх.
1
Даўно-даўно было ўжо гэта, Як там у запісах стаіць, Дзе пішуць: вось такога лета Было, павінна тое быць. Шмат хмары вылілі вадзіцы, Навек заснуў бор не адзін І шмат павысахла крыніцаў За гэты час. Патомак-сын Бацькоў, застыўшых у магіле, Забыўся ўжо аб іх жыцьці, Аб тым, як дома лад вадзілі, Як на вайну умелі йсьці І як у славе уміралі За чэсьць і волюшку сваю. Забыўся сын аб быўшай хвале, Ў прыгон прадаў сябе, сям'ю. Расою здоблючы чырвонай Свае загоны і лугі, Прыблуднай чэрні б'е паклоны, Куе сабе сам ланцугі. На батракоў здаліся ўнукі На вольнай прадзедаў зямлі, Пайшлі ў няволю без прынукі, Як па вяровачцы пайшлі. І праслаўляюць мазалямі Парабаціцеляў сваіх, Сябе згубіўшы між людзямі, Паміж мучыцеляў глухіх. Няма нікому заступіцца, Збудзіць заснуўшыя званы, Прызваць к жыцьцю жывой расіцай Нямыя сьведкі-курганы. Так растачыла зьніштажэньне Сваё ўладарства ў старане, Што воляй рдзела неадменьне, Як тое сонца ў вышыне. Адно падчас у сумнай песьні Або у казцы дзе якой Край праўды выгляне з-пад плесьні І ўскалыхне жывой душой. Нямыя вербы над ракою Зашалясьцяць сухім лістом, А далей дрэме ўсё ў спакою, Ўсё сьпіць магільным рабскім сном. Калі ж, калі ты, родна маці, Старонка бедная мая, пачнеш ізноў выводзіць раці, Да нова збудзішся жыцьця?
1912
←вярнуцца ў Анталёгію
|