| |
Алесь Салавей
Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі
Юрку Віцьбічу
1Вітаньне, космасу прастор! Нішто мне нейкі перавал там! Ad astra* слынных лётаў створ узьнёс мяне на зайздрасьць Альпам; шугнуў удаль, як мэтэор, з найноўшай зброі пальнуў залпам… Ты не мінеш сьмяротных ран, пантэра хіжая, тыран! 2І папярхнуўся сьпеў застольны, і чорнай сьцёк упыр крывёй; зьмярцьвеў гармідар беспатольны, прад сконам гаркнуўшы савой. А над Дзьвіною горад стольны схіліўся думна галавой, і ўскалыхнуўшыся ў стыхіі, загуў змагарны звон Сафіі. 3З канцоў паўстала даўніна, з аддаляў выйшаў год за годам; і адпаўзла ў нябыт мана, і вечны скон прыйшоў нягодам. А непакорная Дзьвіна плыве з былым і з новым згодам, і новым днём гудзе здавён сьвятой Сафіі грымны звон. 4Сьвятляр жыцьця, цямняр агоній і неўміручасьці сымптом - няўціхны звон. Гудзьбе ягонай званы астатнія гуртом утораць згодай неўгамоннай: Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом! Сваё паўторнае сьвітаньне спаткаць выходзьце, Крывічане! 5Зьвініць Сьвятой Сафіі дар, ня моўкне збытая надзея. Займай пасад свой, валадар, нашчадак слаўны Чарадзея! Паслухай: звона кажны ўдар - жыцьця вялікшая падзея. Хай здрада б'ецца ў цьвердзь ілбом… Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом! 5Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі - гамоніць збуджаная даль, ірвуцца путы векавыя, і ломіцца кайданаў сталь. Нясуць законы вечавыя сумленьня чыстага крышталь людзтву, зямлі, сьвятлом спавітай, крывёю праўднаю здабытай. 7Званы зьвіняць. Шумяць на ўтор лясы Крывіччыны блакітнай: вітае іх Птушыны тор** сузор'ем, поле - песьняй жытняй, валвой*** - азёраў буд-гутор, узьбераж - казкаю ракітнай… Вялікі край, шматсьпеўны край, легендаў вечных мудры бай! 8Зьвіняць званы. А па далёкай зямлі (там - ноч, сьвятла - нідзе) яшчэ ўсё мучыць катаў лёкай выгнанца ў зморы і нудзе. Ды краты нішчацца. Шырокай далінай шлях-зварот вядзе у сёлы ўсіх дароў на нівах, у месты ўсіх званоў гульлівых. 9Званы зьвіняць. І гэн - зь нямой чужыны, горнай і бяздомнай, ідзе мой брат і сябра мой - змагар краіны зычназвоннай. Заміны - бачыць ён - гурмой над прорвай рухнулі прадоннай; ён чуе - кліча вольны дом: «Да-дому! Бом! Дзын-дум! Бам-бом!» 10Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі, Дзьвіной імчыцца бурны стром. Грымяць паходы баявыя, сусьвет узрушыўшы суздром. Зямля пяскі зьмяла сухія, азёры стрэсьлі лёд-паздром. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . 11Няма табе канца і краю, абшар, прамудрасьці сабор! Я выйду з кола небакраю - я неўтрыманасьці сябёр! Мяне да дум маіх - да краю прыймчыць найноўшых лётаў створ туды, дзе ў велічнай стыхіі зьвіняць званы Сьвятой Сафіі. 1946
* Ad astra (лац.) - даслоўна - да зораў, пераносна - да вялікага, да найвышэйшага ідэалу. (Аўт.)
** Птушыны тор - Малочны («Млечны») шлях. (Аўт.)
*** Валва - хваля на возеры або моры, якая падымаецца ў часе ветру сьцяной. (Аўт.)←вярнуцца ў Анталёгію
|