Каля абарончых муроў Вавэлю бутафорскі
дракон
пэрыядычна
дыхае полымем у бок Віслы,
але зусім ня страшна
нават маленькім дзецям,
якія са сьмехам абступілі страшыдлу,
як факіра на сьвяточным кірмашы.
Я зноў блукаю ля тваіх муроў - Вавэль,
здаецца, ведаю цябе зь сівой даўніны,
столькі ж, колькі гэтыя
Пагоні на тваіх
брамах і сьценах.
Скачуць вершнікі да роднага Полацку,
нясуць весткі з Вавэлю -
не загады, бо ня любіць Полацак загадаў, -
толькі весткі пра інтрыгі, балі і фаварытаў
альбо просьбы аб вайсковай дапамозе;
ня шмат тваіх слаўных сыноў, Полацак,
наведвалі гэтыя шыкоўныя залі,
ступалі на гэты ганаровы брук,
дзівіліся з гэтых шэдэўраў-габэленаў,
якімі шчодра завешаны сьцены палацу;
а хто і патрапляў сюды,
на вочы караля суседняе краіны,
ці заўсёды ён памятаў пра цябе,
вялікі Полацак?
Ці не асьляпляла яго багацьце
і пашанота двара манарха?
Ці не прачыналася тут, сярод бляску
і велічы, пачуцьцё зайздрасьці і сваёй
непаўнавартасьці?
І тады, забыўшыся на гонар,
сьпяшаліся зайздросьнікі засьведчыць
сваю адданасьць чужому каралю,
зракаліся сваіх звычаяў, традыцыяў, мовы,
забыўшыся на цябе, Полацак.
Быў у гэтых краёх, прынамсі, адзін
палачанін,
які выправіўся юнаком у далёкі Кракаў,
звалі яго Францішак;
толькі не блукаў ён па каралеўскіх залях,
не разглядваў біблійных сюжэтаў
на вялікіх - на ўсю сьцяну - габэленах,
не частаваўся смажанай алянінай са стала
манарха -
па веды выправіўся ў чужыну Францішак.
Я ступаў на тыя самыя сходы,
па якіх хадзіў дапытлівы палачанін,
гукаў у тыя самыя сутарэньні,
якія памятаюць голас юнака зь берагоў
Дзьвіны,
дакранаўся да сьценаў храму навукі,
якія захоўваюць цеплыню ягоных далоняў,
пытаўся ў прафэсараў: як пабачыць земляка?
Усе паціскалі ў адказ плячыма.
Дзіўным чынам я знайшоў яго…
На хвіліну Скарына адарваўся ад пільнага
занятку
і, як сучасны кампутар, імкліва счытаў
з майго твару
апошнія навіны з Бацькаўшчыны.
Ня буду доўга замінаць, дружа Францішак,
о, колькі наперадзе ў нас працы!
Да пабачэньня! Плёну дзеля велічы
роднага Полацку!
Вечарам зь сябрам выправімся
ў містычную рэстарацыю «Ружы і кроў»,
дзе замовім чырвонага віна,
якое, перш чым наліць у нашыя фужэры,
даюць пакаштаваць на смак.
Мы вып'ем за Полацак і за тваё здароўе,
дружа Францішак!
Я буду па-беларуску
апавядаць сябру пра чароўнае месца,
дзе Палата сустракаецца зь Дзьвіною,
дзе Ян Баршчэўскі напаткаў свае
фантастачныя прыгоды,
дзе Ластоўскі шукаў таямнічыя лябірынты…
Мой суразмоўца, які ніколі ня быў у Полацку,
будзе ветліва слухаць,
часам незаўважна пакідаючы цьмяную залю-сутарэньне
дзеля якіхсьці тэрміновых развагаў і думак.
Я гатовы апавядаць гэтым сьценам,
манэкену мніха,
які стаіць за маёй сьпінай,
і нетаропкай афіцыянтцы…
Заўтра Вавэль будзе такім самым, якім памятаю яго зь мінуўшчыны,
і пазаўтраму, і праз год, і праз стагодзьдзе,
і толькі Полацак будзе мяняцца:
адновіцца ўнівэрсытэт, вярнуўшыся ў муры
былога Езуіцкага калегіюму,
адбудуецца сабор сьвятога Стэфана,
паўстануць помнікі героям, якія праславілі
места,
народзіцца пантэон выбітных людзей
Краіны,
а пад старажытнымі скляпеньнямі
ўнівэрсытэту
зноў галава Дзядка, якая ўмее гаварыць
на тузіне
эўрапейскіх моваў, будзе даваць парады
полацкім шкалярам.
Калі ты прыедзеш адпачыць да нас
у Полацак,
я абавязкова зваджу цябе да гэтай
разумнай галавы,
каб ты сам-насам запытаўся ў яе пра
ўласнае патаемнае,
пасьля чаго я правяду цябе па полацкіх лёхах
да самых Бельчыцаў,
дзе мы зойдзем у рэстарацыю «У братоў
базыльянаў»,
замовім чырвонага віна і вып'ем за цябе,
Вавэль!
Кракаў-Полацак, травень 1999
←вярнуцца ў Анталёгію