A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (32) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||||
|
Дом з закрытымі/ адкрытымі аканіцамі (неабходнае падкрэсьліць) «Раньнія эсэ» Вудзі Алена пачынаюцца саркастычнай аўтарскай прадмовай, у якой, у прыватнасьці, можна прачытаць: «Ніжэй друкуюцца некаторыя раньнія эсэ В. Алена. Пазьнейшых эсэ вы ня знойдзеце, таму што аўтар сябе вычарпаў. Магчыма, з гадамі Ален пачне лепш разумець жыцьцё і апіша яго, пасьля чаго выправіцца ў сваю спальню і больш яе не пакіне». Ня так у найноўшай беларускай літаратуры – нашым творцам яшчэ далёка да «вычарпаньня» і «выпраўленьня ў спальню». Гэта, прынамсі, датычыцца флягмана нашага краснага пісьменства – 46-гадовага пісьменьніка Адама Глёбуса. Ён нават кніг сваіх ужо ня лічыць, пакідаючы гэта сваім біёграфам і крытыкам. Але стоп, машына! Глёбусам напісаны тэкст, які павінен стаць пунктам новага адліку ў сучаснай беларускай літаратуры. Гэта «Дом» (2004), чыё адрозьненьне ад папярэдніх мастацкіх твораў пісьменьніка палягае, паводле ягонага ўласнага перакананьня, «у гіпэррэалістычнай падачы матэрыялу». Як адзначае газэта «Наша Ніва» (№ 28, 2004), «Дом» можна лічыць ня толькі найбуйнейшым творам пісьменьніка, але й першым айчынным інтэрнэт-раманам»1. Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды мае месца ў творы «гіпэррэалістычная падача матэрыялу».
ПОГЛЯД ПРАВЫМ ВОКАМСтруктура апошняга тэксту Глёбуса наступная: «Унук» (частка 1), «Дачка і жонка» (частка 2), «Брат» (частка 3), «Баба зь дзедам» (частка 4), «Мама + тата» (частка 5). Васьмікутнік, скажаце вы. Зусім не, бо Адам Глёбус тут ня толькі апавядальнік, але і пэрсанаж. Заўважым, галоўны пэрсанаж: дзякуючы пераважна ягонаму зроку і слыху, а таксама ўспамінам, мы можам уявіць кожнага з членаў сям’і (кажу «пераважна», таму што ў «Доме» ёсьць успаміны, занатаваныя пісьменьнікам з чужых слоў, напрыклад «Паніва», частка 5). Але памыляюцца тыя, хто думае, што «раман» імпліцытна ўтрымлівае частку 6, напісаную Глёбусам пра Глёбуса. Насамрэч яе няма, таму што калі паспрабаваць графічна выявіць структуру «раману», яна будзе выглядаць як сонца, намаляванае дзіцячай рукой: цэнтар (Глёбус), ад якога адыходзяць 8 стрыжняў-прамянёў: унук, дачка, жонка, брат, баба, дзед, мама і, адпаведна, тата. Гэтыя стрыжні не судакранаюцца паміж сабой – яны адыходзяць ад цэнтру і знаходзяцца ў сувязі толькі зь ім. У «рамане» дасьледуюцца сувязі «Глёбус–Брат», «Глёбус–Мама» і г. д. – нездарма ў чытача не атрымаецца ўбачыць крэўных Глёбуса разам, адчуць атмасфэру гэтай беларускай сям’і (яна разьяднаная ў адпаведнасьці з аўтарскай лёгікай, структурай твору) альбо даведацца, напрыклад, пра стасункі брата пісьменьніка Міраслава і ягонай жонкі Алены ці як дачка літаратара Ядвіга ставілася да ягонага бацькі Вячаслава. І ў гэтым сэнсе «Дом» Глёбуса для нас зачынены.Ня лішнім будзе адкласьці на гэтых стрыжнях-праменьчыках дзяленьні – адпаведна колькасьці эпізодаў, прысьвечаных таму ці іншаму жыхару «Дому». Вось што атрымліваецца: лінія «Ўнук» мае 8 дзяленьняў, «Дачка» – 30, «Жонка» – 62, «Брат» – 28, «Баба» – 8, «Дзед» – 13, «Мама» – 49, «Тата» – 50. Як бачна, найбольш доўгі праменьчык – «Глёбус–Жонка». Між іншым у эпізодзе «Кроў» (частка 5) ёсьць такія радкі: «Пішучы і думаючы пра жонку, я не чуў голасу крыві. Яна някрэўная. У нас з ёю розная кроў. <…> Усвядоміўшы гэта, я пакідаю спробы ўвесці жонку ў шэраг маіх найбліжэйшых і родных, а пачынаю рабіць асобны партрэт, асобны раман пра яе і толькі пра яе». Відавочна, што сваю някрэўнасьць з жонкай Глёбус кампэнсуе большай колькасьцю радкоў, прысьвечаных ёй, чым брату альбо бацьку. Тое, што родныя пісьменьніка паказаны праз прызму ягонага «Я» – Глёбуса-дзеда, Глёбуса-бацькі і г. д. («Адзiн з самых даўнiх успамiнаў пра маму звязаны з яе рукою. Я, двухгадовы, ахоплены страхамi і не магу заснуць. Прашу: «Мама, дай мне руку». Мацi сядае на ложак i кладзе далонь на падушку. Я абдымаю цёплую руку, супакойваюся i засынаю» («Рука», частка 5)) – з чаго частка чытачоў пачынае беспадстаўна сьцьвярджаць, што Глёбус ізноў піша «пра сябе любімага», – насамрэч абумоўлена творчай задумай самога аўтара. І тут трэба згадаць бліскучы, дакладны падзагаловак-азначэньне, які ён даў свайму твору («раман-аўтапартрэт у сямейным інтэр’еры») і які ў іншай сытуацыі зрабіў бы гонар любому прафэсійнаму крытыку. Але ці можна казаць пра «гіпэррэалістычнасьць матэрыялу» ў выпадку, калі нам (чытачам) апавядае пра Ніну Адамчык яе сын, які ўжо паводле факту, паводле «голасу крыві» ня можа быць аб’ектыўным, бесстароньнім, шчырым? Літаратар кажа, што так, можна, бо ён піша з натуры («З натуры», частка 5). Аднак менавіта Глёбус кампануе партрэт, гэта ён выбірае ракурс, ставіць сьвятло, зьмешвае фарбы – і таму ягонае слоўнае мастацтва суб’ектыўнае. Другія мастакі, скажам, Уладзімер Арлоў альбо Рыгор Барадулін, безумоўна, намалявалі б матулю Адамчыка з натуры па-іншаму. Калі чытаеш «раман», складваецца ўражаньне, што сур’ёзных, глыбокіх канфліктаў у сям’і Адамчыкаў ніколі не было (дакладней, у Глёбуса няма канфліктаў з крэўнікамі – памятайма пра «сонца і прамяні») – адно дробныя сваркі («Апаратура», частка 5)2, а ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей складваюцца цудоўна (лупцаваньне маленькага Валодзі рэменем ці ягоны сыход з дому аднойчы ўзімку – гэтыя мілыя дробязі толькі дадаюць паэтычнай узьнёсласьці агульнаму малюнку). Плюс дабрабыт Адамчыкаў: грошы, кватэры, прэстыжная праца, падарожжы, ангельская адукацыя для дачкі Ядвігі і інш. Вось такая ўзорна-паказальная сям’я, шчасьлівая нацыянальная эліта. Дарэчы, менавіта арыстакратычнасьць сваёй сям’і Глёбус усяляк падкрэсьлівае, але ж мы ведаем, якія віхуры і жарсьці крыюцца за фасадамі арыстакратычных дамоў! – ці то рэальных, ці то выдуманых, літаратурных. Ведаем і пачынаем дадумваць падчас чытаньня «Дому», прыўносячы ў яго сваю вобразнасьць, сваю рэалістычнасьць, у той час як «гіпэррэалістычная падача матэрыялу» павінна была б стаць заслонай выдумцы, іншаўяўленьням. Дадам, што мне як літаратурнаму крытыку карцела прачытаць у рамане пра стасункі бацькі і сына як мастакоў слова. Але пра гэта ў творы небагата – некалькі дэталяў: пра пісаньне ў сшытках, пра спрэчкі каля кніжных паліц, пра зьбянтэжанасьць сына заўвагаю бацькі наконт апавяданьня «Ма-ма». Вельмі няшмат – адна жменька пазлаў да карціны, якая складаецца з 1500 шт. І тут даводзіцца зноў-такі дадумваць, уяўляць – аўтар не пакідае іншага выйсьця. Такім чынам, мы можам канстатаваць, што эгацэнтрычная структура «раману» («сонца і прамяні») уступіла ў супярэчнасьць з жаданьнем аўтара падаць матэрыял «гіпэррэалістычна», «з натуры». Шматграннага натуралістычнага мастацкага твору з мноствам унутраных сувязяў і дэталёвай прарысоўкай пэрсанажаў не атрымалася3.
ПОГЛЯД ЛЕВЫМ ВОКАМНя ўсе ведаюць, што крыніцай натхненьня Адама Глёбуса зьяўляецца старажытная японская літаратура. У рамане «Дом» пісьменьнік кажа: «Японія далёка-далёка, а Беларусь яшчэ далей. Каб убачыць і зразумець Беларусь, трэба пісаць японскія вершы, трэба вывучаць і перакладаць Басё. Як гэта растлумачыць недасведчаным?» («Японія», частка 3). Вось і пры напісаньні інтэрнэт-раману – жанру XXI стагодзьдзя – Глёбус скарыстаў досьвед японскіх пісьменьнікаў-клясыкаў, у прыватнасьці іх здабыткі ў сфэры мэмуарнай прозы (клясычная літаратура і ў эпоху глябалізму здольная гучаць актуальна і сьвежа)4. Ці ня ў творчых мэтадах, мастацкіх кірунках японскіх пісьменьнікаў мы мусім шукаць ключы да «Дому»?Для гэтага няма патрэбы аналізаваць увесь масіў тэкстаў японскай літаратуры X–XIX стагодзьдзяў. Дастаткова зьвярнуцца (прабяжаўшыся пальцамі па карэньчыках кніг, ага – вось яна!) да Мурасакі Сікібу (нар. у канцы 970-х гг.) – крохкай арыстакраткі, фройліны імпэратрыцы Сёсі і неверагодна адоранай пісьменьніцы, аўтаркі знакавага сярэднявечнага раману «Гендзі-монагатары». Неверагодна, але факт: для Мурасакі раман быў сур’ёзьнейшы за гістарычную хроніку. Больш за тое! Чалавек крытычнага розуму і свабоднага мысьленьня, яна супастаўляла ісьціну будысцкіх сьвятарных кніг з праўдай пачуцьця (аварэ) прыдуманых, «створаных» твораў. І рабіла выбар на карысьць апошняй. Перакінуўшы масток – празь літаратуры і стагодзьдзі – мы зьвяртаемся да раману «Дом», дзе чытаем: «Пiсанне з натуры – найвыдатнейшы занятак, вынайдзены чалавекам. Праз яго мы бачым сябе такiмi, як ёсць, а не вымаляванымi памяццю i ўяўленнем» (эпізод «З натуры», частка 5). Як і Мурасакі Сікібу, Глёбус адпрэчвае плён працы летапісцаў, апетых Максімам Багдановічам: «Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! // І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх, // Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх…» Аўтар «Дому» толькі зрэдчасу зьвяртаецца да чужых успамінаў – для яго сапраўдную мастацкую каштоўнасьць уяўляе тое, што ён бачыў, чуў і адчуваў сам. Толькі гэта, паводле перакананьня Глёбуса, літаратар мае права фіксаваць на паперы. Прычым фіксаваць убачанае, пачутае і перажытае трэба без скажэньняў, г. зн. у адпаведнасьці з праўдай свайго пачуцьця. Гэта і будзе «гіпэррэалістычнай падачай матэрыялу». Дадам, што для ўвасабленьня аварэ патрэбна шчырасьць перад самім сабой, уменьне бачыць дэталі, якія губляе памяць і скажае ўяўленьне. Трымаючы вышэйсказанае ў сьвядомасьці, чытаць раман «Дом» надзвычай цікава. Безумоўна, Адам Глёбус – японскі літаратар.
|
літаратурны крытык, выкладчык катэдры «Літаратурна-мастацкая крытыка» факультэту журналістыкі БДУ, дасьледуе пісьменьніцкую крытыку. Аўтар газэты «Наша Ніва» і часопісу «ARCHE». Апошняя публікацыя – «Праўда Адамчыкаў» (ARCHE, 4/2003). 1 Што тычыцца азначэньня «першы інтэрнэт-раман у беларускай літаратуры», то на адпаведным форуме на www.litara.net яно ставіцца пад сумненьне, у тым ліку крытыкам Ганнай Кісьліцынай («Гэта быў фальстарт»). І сапраўды, «Дом», прысьвечаны родным Глёбуса, павінен быў утрымліваць гіпэрссылкі, відэа, віртуальную фотагалерэю Адамчыкаў, працы жонкі і бацькі Ул. Адамчыка і яшчэ багата што. Але самае галоўнае – «Дом» мусіў быць гіпэртэкстам. Філязофія і прынцыпы пабудовы інтэрнэт-раману такім чынам былі груба парушаныя, бо з самага пачатку было відавочна, што рэсурсаў www.litara.net ня хопіць, каб ажыцьцявіць цікавую ідэю Глёбуса. 2 Сапраўдныя канфлікты здараюцца ў Глёбуса з навакольным сьветам: «Дома – свае, родныя, крэўныя… За сценамі дома – чужаніцы. Яны лезуць у дом і разбураюць яго» («Чужаніцы», частка 2), аднак пра іх ён кажа мімаходам, у той час як ад мастацкага твору, пабудаванага на «гіпэррэалістычным матэрыяле», мы чакаем шматграннасьці, наяўнасьці глыбокіх канфліктаў і жыцьцёвых супярэчнасьцяў, псыхалягічнай дакладнасьці. 3 Імкнучыся адпрэчыць вартасьць такога найважнейшага сродку стварэньня мастацкіх вобразаў і карцін, як выдумка, і скарыстаць напоўніцу рэсурсы мэмуарнай літаратуры, у аснове якой ляжыць дакумэнт – нявыдуманы аповед аўтара пра сваё жыцьцё, пра блізкіх і чужых людзей, Глёбус спарадзіў тэкст, які сьвядома залічыў да вялікай формы эпасу – раману, які, згодна з тэорыяй літаратуры, валодае значнымі мастацкімі магчымасьцямі. Але Глёбусу яны не патрэбныя і тым самым пісьменьнік скажае прыроду клясычнага эўрапейскага раману – эпічнага твору з разьвітым сюжэтам, складанай кампазыцыяй, вялікай колькасьцю пэрсанажаў і маштабнасьцю ў адлюстраваньні падзеяў. Вось чаму «раман» я бяру ў двукосьсі. 4 З інтэрвію радыё «Свабода»: «Я арыентаваўся на клясычныя японскія дзёньнікі: Сёнагон, Іса… Яны былі напісаныя на асобных аркушыках. І калі вецер, напрыклад, іх зьдзьме, і іх сабраць у іншым парадку, яны ўсё роўна будуць чытацца».
|
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (32) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |