A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (33) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ВАЛЕР БУЛГАКАЎ | ||||||
|
Валер Булгакаў
|
рэдактар часопісу «ARCHE». Летась уклаў і выдаў кніжку «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі». |
Як на мяне, за настойлівай апэляцыяй да «вонкавых агрэсіўных сілаў» стаіць паталягічнае нежаданьне крытыкаў Лукашэнкі ўбачыць унутраныя прычыны сваіх паразаў, адмовіцца ад культурных і гістарычных мітаў, якія засьмечваюць уласную карціну сьвету і дэфармуюць успрыняцьце навакольнай рэчаіснасьці. У аснове такога мысьленьня ляжыць пасылка, што мы, адраджэнцы і нацыянальныя рупліўцы, ня можам быць разгромленыя ўласнай жа нацыяй, паколькі мы адраджаем яе тысячагадовыя традыцыі і робім усё магчымае для яе дабра. Як нацыя можа прагаласаваць супраць гонару нацыі, супраць свайго сумленьня, проста не ўкладаецца ў галаве. Сэнсавы акцэнт робіцца на паўнаце, мудрасьці і сьпеласьці беларускай нацыі, а таксама на багацьці і адвечнасьці яе традыцыяў. Калі гэты падыход не вытрымлівае сутыкненьня з рэальнасьцю, адказам становіцца не яго рэвізія, а гістэрычны пошук ворагаў сярод чужых: нацыю цяпер ірве на часткі дракон расейскай ФСБ. Тым часам уся гісторыя незалежнай Беларусі даводзіць, што паразы нацыянал-дэмакратаў выкліканыя тым, што краіна збольшага заселеная «гома саветыкусам», а для сур'ёзнага разгляду самой тэмы маніпуляцыяў зьвязаных з спэцслужбамі палітычных інжынэраў не стае аргумэнтаў і фактаў. На жаль, за вернасьць такой абстракцыі даводзіцца плаціць палітычнай маргіналізацыяй: з ФСБ, як і з абсалютным злом, простаму чалавеку няма як змагацца, яе можна толькі баяцца (і хавацца ад яе). У адрозьненьне ад публічных палітыкаў інтэлектуалы вольныя ад абавязку пастаянна падкрэсьліваць адданасьць сваім ідэйным прынцыпам (пад выглядам якіх у нашым малаадукаваным грамадзтве часам крыюцца дзікія забабоны) і дбаць пра грамадзкі рэзананс сваіх выказваньняў. Таму ў іх асяродзьдзі дыскусіі на актуальныя палітычныя тэмы найбольш жывыя і ідэалягічна найменш запраграмаваныя. Адно з такіх абмеркаваньняў ролі і значэньня Лукашэнкі летась адбылося паміж, кажучы мовай савецкай прапаганды, двума наймітамі амэрыканскага капіталу - супрацоўнікамі беларускай службы радыё «Свабода» Юр'ем Дракахрустам і Сяргеем Навумчыкам у інтэрнэт-выданьні «Naviny.by». На думку Ю. Дракахруста, стаўленьне наступных пакаленьняў беларусаў да Лукашэнкі можна будзе параўнаць з стаўленьнем сучасных гішпанцаў да дыктатара Франка, наступствы чыёй дыктатуры краіне ўдалося параўнальна лёгка пераадолець. Шмат якія гішпанцы лічаць, што Франка выратаваў краіну ў тагачасных умовах. Лукашэнку, у адрозьненьне ад Франка, давялося будаваць дзяржаву фактычна з нуля, і таму ён навечна застанецца ў гісторыі як першы прэзыдэнт Беларусі, пры якім краіна набыла свае інстытуты, хай прымітыўныя і фэадальныя па сутнасьці і якія хоцькі-няхоцькі давядзецца пасьля дасканаліць. Яму наканавана ўвайсьці ў пантэон беларускіх дзеячоў ад Вітаўта да Машэрава, стаць увасабленьнем аднаго з этапаў беларускай гісторыі, якую, «у адрозьненьне ад прэзыдэнтаў», не выбіраюць. У адказ С. Навумчык абвінаваціў свайго апанэнта ў міталягізацыі Лукашэнкі, выкліканай ягонымі незалежніцкімі заявамі, зробленымі пад уплывам сэзоннага абвастрэньня стасункаў з Расеяй. Лукашэнка насамрэч дзяржавы не ствараў, а толькі дзякуючы трагічнаму зьбегу абставінаў узурпаваў у ёй уладу. Ён не гарант беларускага сувэрэнітэту, паколькі сам сувэрэнітэт залежыць ад ягоных капрызаў. Падмуркі дзяржаўнасьці былі закладзеныя, пакуль парлямэнт узначальваў Станіслаў Шушкевіч. Сам Лукашэнка не распрацоўваў ні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, ні законапраектаў аб стварэньні войска, памежнай і мытнай службы, фінансавай сыстэмы і г. д. Перасьледуючы карысьлівыя мэты («рабілася ўсё, як вядома, «пад Кебіча»), ён падтрымаў толькі ўвядзеньне пасады прэзыдэнта. Ад 1994 году, з гледзішча адпаведнасьці нацыянальным інтарэсам і дэмакратычным стандартам, пачынаецца суцэльная дэградацыя беларускай дзяржавы, якая празь дзесяць год дасягнула свайго гістарычнага максымуму. Парлямэнт па-рабску залежны ад Лукашэнкі і функцыянальна недзеяздольны, апазыцыя пазбаўлена доступу да беларускага тэлеэфіру, незалежнасьць судовай сыстэмы цалкам зьнішчана, спэцслужбы, міліцыя і пракуратура выкарыстоўваюцца для палітычнага перасьледу, войска, памежная і мытная служба абслугоўваюць інтарэсы Расеі. Калі Лукашэнка і герой, то выключна нэгатыўны, значна горшы за Машэрава, пры якім кнігі Быкава, Барадуліна, Брыля, Бураўкіна выходзілі непараўнальна большымі накладамі, рэгіянальныя газэты друкаваліся па-беларуску, а юбілейны вечар Караткевіча быў паказаны па тэлебачаньні. Праўда, пры Машэраву цяжка было пачуць на вуліцах Менску «беларускую гаворку, але за беларускае слова не цягнулі ў міліцэйскі пастарунак». Лукашэнка стварыў такі прэцэдэнт нацыянальнага выраджэньня, якога ня ведае сусьветная гісторыя, бо ніхто дагэтуль з нацыянальных лідэраў не дазваляў сабе і свайму атачэньню забараняць нацыянальную сымболіку, мову і гісторыю, разбураць нацыянальную адукацыю і цынічна зьдзекавацца з нацыянальных пачуцьцяў. Такім чынам, у 2003 годзе Беларусь, як ніколі, была блізкая да страты сваёй дзяржаўнасьці, існаваньне якой залежыць вылучна ад волі аднаго чалавека. І ў тым, што Беларусь пакуль застаецца незалежнай, аніякай Лукашэнкавай заслугі няма: Уявіце сябе бацьку, які падышоў да краю бездані зь немаўлём і трымае яго на выцягнутых руках. Ці будзеце вы хваліць яго за тое, што ён ня кінуў дзіцё ўніз (бо мог жа і кінуць)? Хутчэй у вас узьнікнуць сумненьні ў адэкватнасьці паводзінаў такога бацькі. У штаце Нью-Ёрк падобны экспэрымэнт (стварэньне пагрозы жыцьцю асобе, якая ня ў стане сябе абараніць) абыдзецца вам у бясплатныя гамбургеры на вельмі абмежаванай тэрыторыі цягам ад трох да пяці гадоў - гэта ўжо як вашаму адвакату ўдасца дамовіцца з судзьдзём. Хаця Сяргею Навумчыку не адмовіш у назіральнасьці і праніклівасьці, шэраг яго аргумэнтаў можна бязь цяжкасьці аспрэчыць. Яго мысьленьне не свабоднае ад ідэалізацыі падзеяў дзесяцігадовай даўнасьці і вызначаецца атаясамліваньнем палітычнай рыторыкі і палітычнай прагматыкі лукашэнкаўскага рэжыму. Каб увекавечыць гістарычную ролю апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня, ён вымушаны разумець «пабудову беларускай дзяржавы» тэндэнцыйна, як разавы акт заснаваньня яе інстытутаў, а не пастаянную мэтанакіраваную працу для падтрыманьня яе дзеяздольнасьці. Апрача зьмяненьня заканадаўства і перапрафіляваньня міністэрстваў і ведамстваў, незалежная Беларусь востра патрабавала кадраў, якіх дагэтуль не рыхтавалі на яе зямлі: мытнікаў і памежнікаў, вышэйшых афіцэраў і вайсковых лекараў і г. д. Без пастаноўкі іх вытворчасьці на паток, што было зроблена ўжо пры Лукашэнку, нельга сур'ёзна гаварыць пра «нацыянальную дзяржаўнасьць». Ідэя, згодна зь якой беларуская дзяржава стаіць на краі згубы, бо яе арганізацыя не адпавядае высокім дэмакратычным стандартам, таксама з абсягу сафістыкі. Гісторыя існаваньня дзяржаваў налічвае тысячы гадоў, а гісторыя высокіх дэмакратычных стандартаў мае ледзьве пару стагодзьдзяў. Вядома, пры іх выкананьні дзяржаўная сыстэма робіцца больш стабільнай, але й нічога ня ведаючы пра іх, пэўныя дзяржавы існавалі тысячу гадоў. Рэпліка пра неадпаведнасьць дзяржаўнай палітыкі нацыянальным інтарэсам навеяна перш-наперш іх дыямэтральна розным разуменьнем апанэнтамі. Проста адзін выступае ад імя меншыні, заклапочанай крызысам нацыянальнай культуры, укараненьнем у краіне высокіх стандартаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі, а другі - ад імя бальшыні, якая не ўспрымае нацыянальнай культуры як каштоўнасьці і спавядае патэрналізм. (Адчуваньне гэтай дыхатаміі нацыянальных інтарэсаў ёсьць у прадмове Лукашэнкі да кнігі «Исторический выбор Беларуси», калі ён гаворыць пра разуменьне «нацыянальных інтарэсаў, уласьцівае кіраўніцтву Рэспублікі Беларусі».) Да таго ж, аўтар сьцьверджаньня «Ў 2003 годзе Беларусь найбліжэй стаяла да страты сваёй дзяржаўнасьці» яўна прэтэндуе быць мэтафізычным голасам нацыі, а само яе паняцьце разумее як вянец сусьветнага культурна-гістарычнага працэсу: ...Абсалютна неістотна, колькі чалавек спавядаюць [нацыянальныя] пачуцьці і лічаць сабе абражанымі - дзесяць мільёнаў ці проста дзесяць. У XIX стагодзьдзі ў Чэхіі людзей, якія размаўлялі па-чэску, было менш за сотню, але іхнія высілкі і вера ў нацыянальнае адраджэньне зрабілі тое, што здавалася неверагодным. Вось гэтым людзям і ўзьведзеныя помнікі ў чэскіх гарадах. Вынесем за дужкі яўную нацяжку пра 100 чалавек, якія ў XIX стагодзьдзі гаварылі па-чэску (мабыць, маецца на ўвазе колькасьць буйных інтэлектуалаў у буйных гарадох). Згодна з прапагандаваным тут падыходам, калі сярод грамадзян і палітычных лідэраў пануе некампэтэнтнасьць, магчымы толькі элітарысцкі (арыстакратычны), а фактычна аўтарытарны стыль вядзеньня палітыкі, якая мае ажыцьцяўляцца ў імя нацыянальнага адраджэньня і дыктатуры нацыянальных інтарэсаў нават тады, калі яны па-сапраўднаму ўсьведамляюцца мізэрнай часткай эліты (людзьмі вышэйшай культуры). Пра дэмакратыю, кіраваньне пры якой ажыцьцяўляецца ад імя бальшыні і якая па азначэньні тоіць у сабе небясьпеку яе тыраніі, гаворка як бы зусім не ідзе. Але самае неспадзяванае ў гэтым адказе - прыняцьце яўна каляніяльнай культурнай гіерархіі ў выглядзе «пантэону нацыянальных дзеячоў ад Вітаўта да Машэрава». Калі месца Вітаўта ў ім больш-менш апраўданае (хаця залічаць яго ў беларускія дзеячы нашы гістарыёграфы пачалі дзесьці з 1930-х гадоў), то з Машэравым усё значна цяжэй. Пры ім духоўная атмасфэра дэбеларусізацыі дасягнула свайго апагею, а прысутнасьць беларускай культуры ў грамадзтве зьвялася да энтаграфізму і папулізму. Таму калі мы не адкідаем гэты пантэон у прынцыпе, памяшчаць у яго Машэрава, маскоўскага намесьніка ў беларускіх правінцыях, і не памяшчаць Лукашэнкі, першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі і хроснага сына Машэрава ў пляне духоўнай культуры, вельмі праблематычна. Лукашэнка па-свойму пайшоў значна далей за Машэрава, абвінавачваючы Крэмль у дзяржаўным тэрарызьме, адключаючы расейскія тэлеканалы і публічна разважаючы пра магчымасьць уваходжаньня Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз. Сказаць, што пасьля дзесяці гадоў эміграцыі ўспрыманьне Лукашэнкі ягоным апанэнтам стала гратэскавым, заснаваным на чужых і ўласных фобіях або што яно падкрэсьлівае няўменьне бачыць сьвет інакш як у чорна-белым сьвятле, значыць не сказаць усяго. Тут мы маем справу, бадай, з спробай задаць нарматыўнае прачытаньне фэномэну Лукашэнкі, якое б абавязвала кожнага, хто далучае сябе да беларускай інтэлігенцыі. Шляхам яго рэдуктыўных трактовак інтэлектуалы так намагаюцца акрэсьліць рамкі сымбалічнае тэрыторыі, на якую нельга заходзіць простаму сьмяротнаму. Адна з апошніх спробаў акрэсьліць «канон» мысьленьня аб Лукашэнку належыць нашаніўскаму публіцысту Сяргею Паўлоўскаму (гл. «Нашу Ніву» за 15 ліпеня г. г.). Паводле яго, наша эканоміка апошнім часам разьвіваецца і ў грамадзтве пануе мір дзякуючы не Лукашэнку, а «аб'ектыўным працэсам разьвіцьця», сіле і велічы нашага разумнага, гаспадарлівага і самастойнага народу. Наш народ пабудаваў бы кальцавыя дарогі, бібліятэкі ды лядовыя палацы і без Лукашэнкі, які мноства разоў парушыў закон і тым самым як бы паставіў сябе па-за правам. Безь яго ў краіне быў бы лепшы парадак, рэгулярна б выплачваліся пэнсіі, зьмяншалася б беспрацоўе. На бяду, беларусы ня бачаць Лукашэнку альтэрнатывы, бо ён зьнішчыў нашу нацыянальную самапавагу. Калі нарэшце яго скінуць, у нас зьявіцца моцны парлямэнт (Беларусь за ўсю сваю тысячагадовую гісторыю ня ведала аўтарытарнага дыктатара - толькі веча, сойм і партыі), будуць шэсьць-сем незалежных тэлеканалаў і свабода думак, «скончыцца застой у нацыянальным разьвіцьці - тысячы людзей зоймуцца творчай беларускай працай», дырэктары прамгігантаў будуць самі разьвіваць вытворчасьць і нарэшце краіна «вернецца да стану збалянсаваных інтарэсаў усіх сваіх жыхароў». Тое самае іншымі словамі выказаў у сваім нядаўнім інтэрвію вэб-рэсурсу «Naviny.by» палітоляг Уладзімер Роўда: За дзесяць гадоў народ паказаў, што ён здольны працаваць, стабілізаваць сытуацыю, дабіцца некаторага паляпшэньня матэрыяльнага становішча, разьвівацца па эўрапейскім шляху. Але ня дзякуючы прэзыдэнту, а, хутчэй, насуперак яму. Як і Антон Луцкевіч зь Лявонам Гмыракам сто гадоў назад, Роўда з Паўлоўскім заклапочаныя горам народным, а іх сьветапогляд інсьпіраваны апалёгіяй роднай старонкі, паэтыкай барацьбы дабра са злом, замілаваньнем чалавекам працы. Іх народніцтва, ідэя якога зводзіцца да служэньня народу, тут арганічна дапаўняецца яшчэ адной інтэлектуальнай імплікацыяй XIX стагодзьдзя, навеянай пазытывізмам, - верай ува ўсеагульны прагрэс. Каб не пакрыўдзіць народу і зьняць зь яго любую адказнасьць за Лукашэнкава панаваньне, ён разглядаецца сам па сабе, надзяляецца ўласным існаваньнем і аказваецца быццам ні пры чым. Ужо ўсьлед за Зянонам Пазьняком, Паўлоўскі ўспрымае Лукашэнку як абсалютнае зло, якое ў яго варыянце падзеяў непазьбежна зьмятуць з палітычнай сцэны нейкія аб'ектыўныя заканамернасьці. У сьвеце, дзе пануе дабро, справядлівасьць і існуе найвышэйшае наканаваньне, змагацца зь ім ня варта: не пераадоленьне «застою ў нацыянальным разьвіцьці» наблізіць сыход Лукашэнкі, а толькі яго палітычная сьмерць выкліча нацыянальнае адраджэньне. Формула «Народ сам па сабе - Лукашэнка сам па сабе» немагчымая бязь веры ў гэтыя аб'ектыўныя заканамернасьці. Каб яны працавалі, павінны існаваць аб'ектыўныя перадумовы - і ў дадзеным выпадку імі служаць агістарычныя ўяўленьні пра тысячагадовую беларускую дэмакратыю і векавыя традыцыі нацыянальнай самапавагі беларусаў, зьнішчаныя Лукашэнкам. Ці ж не прасьцей, аднак, дапусьціць, што гэтай самапавагі ў нацыі ніколі не існавала, што і паказаў усяму сьвету першы беларускі прэзыдэнт? І чаму, калі мы верым у гэтыя заканамернасьці, мы ня хочам прызнаць, што «некаторае паляпшэньне матэрыяльнага становішча» беларусаў было аб'ектыўным наступствам эканамічных рашэньняў, прынятых на самым версе? Мэта гэтага доўгага і бадай задоўжанага ўступу - паказаць, што стратэгія ачарненьня Лукашэнкі такая ж канфармісцкая і тупіковая, неадпаведная нацыянальным інтарэсам (таму што не дазваляе нацыі зразумець прыроду «лукашэнкаўшчыны»), як і вонкава супрацьлеглая стратэгія яго ўслаўленьня. Цьверджаньне, што пры Лукашэнку дэградацыя беларускай дзяржавы набыла катастрафічны памер, паводле сваёй бяздоказнасьці раўназначнае меркаваньню маскоўскага аналітыка Сяргея Караганава, што Аляксандар Лукашэнка - адзін з самых таленавітых палітыкаў на прасторы СНД, бо грунтуецца на затушоўваньні адных аспэктаў яго дзейнасьці і выпячваньні іншых (апрача ўсяго іншага, Караганаў такой ацэнкай Лукашэнкі падкрэсьлівае, што Масква вітае насаджэньне расейскага каляніялізму ў былой расейскай калёніі самім прадстаўніком калёніі). Так лукашэнкаўцы з антылукашэнкаўцамі дасягаюць стратэгічнага кансэнсусу - фэномэн Лукашэнкі аказваецца зонай, закрытай для мысьленьня і адкрытай адно для прапаганды. Стан, калі інтэлектуалы не прадукуюць адэкватных формулаў пазнаньня, а сур'ёзныя высновы з «лукашэнкаўшчыны» так і ня зробленыя, нельга лічыць нармальным. Абапольная забарона мысьленьня пра Лукашэнку не дазваляе зрабіць зь яго дзейнасьці інтэлектуальнага скандалу, разгледзець мэханізмы, праграмы, інстытуцыі і практыкі, на якіх трымаецца яго панаваньне. На шчасьце, гэты імпэратыў яўна адчуваецца толькі ў нацыянальных рамках. Па-за імі застаецца магчымасьць для непрадузятасьці. Калі чэскія аналітыкі з уплывовага выданьня «Transitions Online» у артыкуле «Лукашэнка: чалавек свайго часу?» (31 траўня г. г.) захацелі адказаць на пытаньні «Чаму ў Беларусі за 10 апошніх гадоў не ўдалося ўкараніць дэмакратыю?», «Чаму Лукашэнка застаецца папулярным і непахісным?» і пад., яны не задаволіліся ўжо дадзенымі адказамі. Так, Лукашэнка заслужыў праблему з іміджам, а некаторыя зь яго іміджаў самі сабой становяць праблему. Але, зважаючы на Лукашэнкаву красамоўнасьць і высокі інтэлект, трэба ўважаць яго прынамсі вясковым дасьціпнікам, а не вясковым ідыётам (цікавы ракурс позірку!). Так, палітычная мэтады Лукашэнкі ўзыходзяць да савецкай эры, за што на Захадзе ён успрымаецца як анахранізм, а ў самой Беларусі зьмяншаецца колькасьць асяродкаў апазыцыі, але толькі гэтым не растлумачыш сакрэту яго палітычнага выжываньня. Яно было б немагчымым безь яго здольнасьці выдатна балянсаваць паміж рознымі палітычнымі сіламі і ўменьнем падзяляць і ўладарыць: Ён захаваў старыя савецкія сымбалі і традыцыі, але пераняў такую рыторыку савецкіх часоў, якая падкрэсьлівае салідарнасьць з «старэйшым братам» Расеяй і ў той жа час прышчапляе савецкі варыянт беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ён захаваў калгасы і трымае на плаву старую прамысловасьць, але запрасіў у краіну замежныя банкі (калі не замежныя фінансавыя інстытуты), дазволіў дробны бізнэс у духу «гуляш-камунізму», пайшоў на пэўную прыватызацыю. Ён зьмяняў, перастаўляў і адпраўляў у адстаўку чыноўнікаў. Ён надзяляў іх ільготамі, але не дзяржаўнай маёмасьцю. Магчыма, яго бамбізы застрэлілі колькі палітычных апанэнтаў. Але сярэдні беларус усё яшчэ цешыцца большай свабодай, чымся ў савецкі час. У трактоўцы «Transitions Online» важная асаблівасьць фэномэну Лукашэнкі - ягоная вялікая папулярнасьць у народзе. Яе прычыны ў эканамічнай сіле беларускага рэжыму: Лукашэнкаў стыль кіраваньня дазволіў пераадолець хаос у краіне. У параўнаньні з Украінай ці Расеяй беларуская прамысловасьць, нягледзячы на вялізныя дзяржаўныя датацыі, знаходзіцца ў дзеяздольным стане і дае работнікам працу, у краіне няма алігархаў і шалёнага сацыяльнага расслаеньня. Турмы хоць і перапоўненыя, але цяжкіх крымінальных злачынстваў параўнальна мала, а ўзровень карупцыі нізкі. Нягледзячы на рытуальныя скокі вакол інтэграцыі з Расеяй, Лукашэнка абмяжоўваў ролю расейскага бізнэсу ў краіне, узмацняў беларускае пачуцьце адметнасьці, а калі Масква паказвала, што хоча іншага лідэра, «прыбіраў» патэнцыйных прамаскоўскіх канкурэнтаў (так ён зрабіў у сёлетнім красавіку, арыштаваўшы Міхаіла Марыніча, які меў цесныя бізнэс-сувязі з Расеяй). Наступнікам Лукашэнкі будзе не расейскі намесьнік, а вылучэнец беларускай сыстэмы, які прадэманструе моцныя асабістыя якасьці, найперш палітычную выжывальнасьць і волю адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Такім чынам, падсумоўваецца ў «Transitions Online», Лукашэнка - ня проста савецкі атавізм, а фэномэн пераходнага пэрыяду, вельмі пасьпяховы ў некалькіх важных адносінах. Ён заслужыў падтрымку, забясьпечыўшы пэўную стабільнасьць і пераадольваючы праблемы, спрычыненыя іншымі грамадзкімі лідэрамі. Фэномэн Лукашэнкі можа азначаць пераход да экстравагантнай (постмадэрнай) формы аўтакратычнай дзяржавы, але шмат хто ва Ўкраіне пазайздросьціў бы такой форме кіраваньня. Невыпадкова з прычынаў, зразумелых шмат якім беларусам, расейцы таксама прагаласавілі за сыстэму, якая выяўляе цяпер лукашэнкаўскія тэндэнцыі. Заканчваецца артыкул канстатацыяй, што Беларусь дагэтуль мае статус краіны-ізгоя, які заснаваны на асуджэньні міжнароднай супольнасьцю асобы Лукашэнкі, а ня створанай ім сыстэмы. Пра падмену крытыкі створанай Лукашэнкам сыстэмы крытыкай ягонай асобы яшчэ пару гадоў таму гаварыў і палітоляг Андрэй Ляховіч. Каб унікнуць гэтага, далей мы засяродзімся на крытыцы палітычнай культуры, культурнай і эканамічнай палітыкі беларускага рэжыму з максымальна магчымай дыстанцыяй да самога Лукашэнкі. Іначай кажучы, нас будзе цікавіць не канкрэтная асоба, а яе непаўторнае культурнае асяродзьдзе, праграмы, стратэгіі і прынцыпы, якія абвяшчаюцца дзяржавай або прызнаюцца грамадзтвам рацыянальнымі. Рабочая гіпотэза ў дачыненьні да Лукашэнкавай палітычнай культуры палягае ў тым, што яна спалучае праграмны папулізм, ідэйны эклектызм і палітычны апартунізм як мэтады з вартасьцямі этнічнай беларускай і савецкай палітычнай культуры як зьместам (зь якімі вартасьці нацыянальнай культуры суіснуюць як полюсы адмаўленьня). У адрозьненьне ад дэмакратычных палітыкаў, якія, як правіла, уцэнтраваныя на сваю электаральную нішу (прыхільнікі сацыял-дэмакратычных/лібэральных вартасьцяў і/або энтузіясты нацыянальнага адраджэньня), гэта дазваляе Лукашэнку прадаваць свой палітычны тавар адразу некалькім уплывовым грамадзкім групам, а падчас агульнанацыянальных палітычных кампаніяў фармаваць «сытуацыйную бальшыню» на базе кааліцыі мяншынь - напрыклад, на ўзроўні ідэальнага тыпу, гарадзкога насельніцтва, апантаванага фобіямі адносна нацыянальнай мовы, вяскоўцаў, зачараваных абяцаньнямі сацыяльнай справядлівасьці і палітычнай стабільнасьці, ды паджылых людзей, сфрустраваных сацыяльнай няроўнасьцю і ўсё яшчэ прагных аднаўленьня СССР. Пасьля распаду СССР беларуская намэнклятура перажывала пэрыяд дэзарыентацыі. Калі раней яе палітычная легітымнасьць пацьвярджалася і зацьвярджалася ў Маскве, то цяпер крыніцай яе здабыцьця, па лёгіцы рэчаў, мусіў стаць беларускі народ. У гэты крытычны момант і паявіўся Лукашэнка зь ягоным прыроджаным талентам эфэктыўна спэкуляваць на вострых палітычных тэмах. Ён абапіраўся на жывыя электаральныя патрэбы, імкнуўся задавальняць бягучы попыт на палітычным рынку, у імя чаго яму даводзілася то шукаць кансэнсусу, то ісьці на радыкальны канфлікт зь іншымі ўплывовымі палітычнымі акторамі - намэнклятурай і нацыянал-дэмакратычнымі сіламі.
|
¹ Папулярны варыянт такой тэлеалёгіі залежнасьці беларускай палітыкі ад ФСБ, Крамля і іншых расейскіх велічынь прапагандуе вядомы сацыёляг Алег Манаеў. Паводле яго, адзін з ключоў ад кабінэту з шыльдай «Прэзыдэнт РБ» знаходзіцца ў Крамлі, Лукашэнкава палітыка «новага нацыяналізму» не знаходзіць сур'ёзнай падтрымкі як у Крамлі, так і сярод беларускай намэнклятуры ды ў грамадзтва ў цэлым, бо «здравомыслящие люди понимают: Россия добилась больших успехов, чем Беларусь», а рэгулярныя паразы дэмакратычных сілаў тлумачацца іх антырасейскімі выпадамі. Выснова з гэтага: прымайце наша грамадзтва зь яго русіфікацыяй, саветызацыяй і іншымі болькамі такім, якім яно ёсьць, гаварыце зь ім на адной мове - інакш яно вас не зразумее. Кіньце цешыць сябе дурной ілюзіяй, што на беларускай мове, мове палітычных аўтсайдэраў, слабых і малалікіх сацыяльных групаў, тут можна некага ці нешта разварушыць. Соль у тым, як адбываецца падмена паняцьцяў: справядлівае патрабаваньне да дэмсілаў улічваць у сваёй палітычнай барацьбе інтарэсы расейскамоўных беларусаў падмяняецца безапэляцыйным заклікам улічваць палітычныя інтарэсы Крамля (стандартныя для любога буйнога геапалітычнага актора: уплываць на суб'екты палітычнага поля і маніпуляваць «мясцовай» грамадзкай думкай). |
Перамога Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, якая ўпершыню на прасторы СНД парушыла правіла, згодна зь якім выбары адбываюцца толькі для таго, каб афармляць пераемнасьць выканаўчай улады, завяршыла кароткі пэрыяд заняпаду кабінэтнай палітыкі і нараджэньня палітыкі канкурэнтнай у Беларусі. У яе аснове ляжала палітызацыя ў эгалітарысцкім духу маральна-этычных пытаньняў, на якіх зацыклена традыцыйная этнічная культура беларусаў («Главный принцип моей политики - это справедливость»)², абяцаньне паставіць у цэнтар дзяржаўнай палітыкі раней не прадстаўленыя палітычныя інтарэсы, рэвалюцыйны характар рыторыкі - што адрозьнівала Лукашэнку ад любога іншага лідэра краін СНД сярэдзіны 90-х, якія прайшлі «грунтоўную» савецкую партыйную або гаспадарчую школу³, - патас суровага канфлікту з тымі сіламі і асобамі, якія хочуць зла беларускаму народу, падкрэсьліваньне ўласнай блізіні да яго («Я не пошел по накатанной колее, как иные политики») і, нарэшце, прэзэнтацыя сябе як палітычнага лідэра, які вядзе актыўнае публічнае жыцьцё і пастаянна заклапочаны станам сваёй грамадзкай падтрымкі.
Найбольш непрадстаўленымі на дзяржаўным узроўні былі палітычныя інтарэсы, вульгарныя з пункту гледжаньня эўрапейскага назіральніка. У чэрвені 2004 году, калі, згодна з дадзенымі НІСЭПД, толькі 39,5 % беларусаў выступалі за рэстаўрацыю СССР і 50,8 % - супраць, мала хто ўжо памятаў, што ў лістападзе 1992 году ўсё было наадварот: 55,1 % беларусаў былі за аднаўленьне СССР і толькі 22,3 % - супраць. Як паказваюць зьвесткі тагачасных апытаньняў, яшчэ адным масавым грамадзкім інтарэсам было згортваньне «гвалтоўнай» беларусізацыі і вяртаньне да савецкага культурнага статус-кво. Лукашэнка чуйна прыслухоўваўся да гэтых незадаволеных масавых інтарэсаў і, будучы ўжо прэзыдэнтам, адны зь іх рэалізаваў у плашчыні рэальнай палітыкі, другія - сымбалічна. Калі браць папулярныя этыкеткі яго асобы, то ён хутчэй не «закладнік расейскага гэбізму», а палітычны правакатар, які ў сваіх карысьлівых мэтах дамогся трыюмфу інтарэсаў расейскамоўнай і расейскакультурнай бальшыні грамадзтва, што нейкі час стрымліваўся палітычнымі, культурнымі і інфармацыйнымі мэханізмамі. Мабыць, іх гістарычны трыюмф быў непазьбежны: нездарма Сакрату Яновічу Менск пад бел-чырвона-белымі сьцягамі здаваўся горадам пад беларускай акупацыяй. (Нязбытая траўма ці, можа, палітыканства нацыянал-дэмакратычных ідэолягаў выяўляецца кожны раз, калі яны імкнуцца супрацьпаставіць добры народ дрэннаму Лукашэнку - падаць яго трыюмфальныя культурныя ініцыятывы сярэдзіны 90-х як вымучаныя ім асабіста або навязаныя яму расейскімі спэцслужбамі ў якасьці платы за палітычную або эканамічную падтрымку. Момант іх грамадзкага запатрабаваньня, як правіла, гістэрычна ігнаруецца: надзелены тысячагадовымі дэмакратычнымі традыцыямі беларускі народ сам ня мог падняць руку на сваю шматвекавую культуру.) Гэтая чуйнасьць да глыбінных жаданьняў і спадзяваньняў розных сацыяльных групаў разам з агрэсіўнай фразэалёгіяй і якасна новай канцэпцыяй узаемадзеяньня з публікай былі асноўным Лукашэнкавым «know how» у палітычнай сфэры: акрэсьленай праграмы палітычнага будаўніцтва ў яго не было. Палітычны інтэрас можна параўнаць з таварам у рынкавай эканоміцы: калі попыт на яго заўважаны і задаволены, ён траціць у сваёй рынкавай вартасьці. Хоць пытаньне панаваньня расейскай мовы і культуры ў Беларусі ўжо дзесяць гадоў як згубіла палітычную вастрыню, сваімі пастаяннымі спэкуляцыямі вакол гэтай тэмы Лукашэнка не пакідае найменшага сумневу: яго кіраваньне сымбалізуе рэванш расейскамоўных беларусаў за спробу пахіснуць іх дамінантнае становішча ў грамадзтве. Вядучае культурнае «пасланьне» лукашэнкаўшчыны ў тым, што толькі цяперашні рэжым гарантуе захаваньне існага культурнага статус-кво. Народу зь нячыстым культурным сумленьнем гэта дае адчуваньне стабільнасьці, а Лукашэнку, які ўспрымае замарожваньне культурнага балянсу як адзін з элемэнтаў курсу на агульную палітычную стабільнасьць, дае магчымасьць выкарыстоўваць страхі, што гэтай «маліне» калісь прыйдзе канец (для гэтага нацыянальны рух павінен быць пераможаны не да канца: галоўны культурны раздражняльнік павінен сымбалічна прысутнічаць у грамадзкай прасторы). Усе ягоныя праграмныя прамовы апошняга году дэмагагічна распальваюць фобіі наконт гэтага: Ведь в свое время, в 1995 году после первых президентских выборов, многие русские сидели на чемоданах. Вы знаете, какая это была политика. Я не хочу, чтобы… русских ребят посадили снова на чемоданы. А ведь в начале 90-х это было, когда у нас националисты были у власти… когда русских решили вычленить и выслать из страны. Когда пошло нагнетание национализма, я был категорически против этого. В начале 90-х годов у власти были определенные люди, которые буквально «продавливали» белорусский язык. Я был тогда депутатом в парламенте, у меня была особая позиция. Я всегда говорил: знаете, если мы сейчас под давлением введем белорусский язык, мы откатимся назад. Почему? Потому что в научных дисциплинах, в технических у нас терминология не создана. А там, где и создана, она пока слабее, чем на русском языке. И потому предложил: давайте не будем под диктовку Шушкевича и прочих «продавливать» эти вопросы, иначе будет откат. Так и произошло. У нас это уже было в начале 90-х, когда у власти были определенные люди. Они попытались заставить все страну размаўляць на той мове, на якой яны хацелі. Что получилось? Поверьте, это одна из причин поражения той власти. Очень серьёзная причина.
|
² Тут і далей вылучаныя курсівам выказваньні на расейскай мове належаць Аляксандру Лукашэнку ³ Дзякуючы гэтаму палітыка на нейкі час зрабілася справай кожнага, г. зн. палітычна актыўны грамадзянін мусіў выпрацаваць сваё стаўленьне да асобы Лукашэнкі. |
У апошнім выказваньні Лукашэнка сам прызнаецца, што яго дзікі бунт супраць мовы быў цынічнай палітычнай акцыяй, якая забясьпечыла яго лепшую пазнавальнасьць у народзе. Блізіню да народу Лукашэнка падкрэсьліваў таксама сваёй далечынёй ад намэнклятуры4 («Я не работал ни председателем райисполкома, ни первым секретарем райкома, обкома, облисполкома, тем более не сиживал в ЦК»), асабістай сьціпласьцю («Я своих родственников в Минск не перевез»), спарадычнай шчырасьцю («В последнее время много шумит наша оппозиция: «Балтика», «Балтика», Лукашенко «кинул» российских олигархов!» Ну, радовались бы, что хоть один человек нашелся, который их «кинул». Нет, «переживают»») і насычанай вульгарызмамі ды бытавізмамі гутарковай расейскай мовай («без гвалта», «кровь из носа», «скостить долг»), якая неўзабаве стала мовай беларускай публічнай палітыкі.
Яшчэ адзін важны аб'ект увагі - гэта імплікацыі палітычнай культуры позьняга СССР у Лукашэнкавым сьветапоглядзе. Напэўна, само яго ўяўленьне пра ідэальнага палітыка - асабіста надзвычай сьціплага, амаль аскетычнага, разам з тым ваяўнічага і гіпэртрафавана прынцыповага, чуйнага да народнага гора, энэргічнага, не без палітычнага экстрэмізму ў галаве, гатовага на ўсё ў імя народнага дабра, схільнага ў разе патрэбы ахвяраваць уласнай сям'ёй на карысьць дзяржаўных інтарэсаў, нецярпімага да несправядлівасьцяў, скептычна настроенага да любых формаў непрамой дэмакратыі было навеяна савецкай іканаграфіяй палітычных лідэраў. І ня маюць рацыі тыя, хто ўсьлед за Аляксандрам Фядутам зводзяць палітычны ідэал Лукашэнкі вылучна да асобы Юр'я Андропава. У ім ёсьць нешта і ад Леніна, і ад Сталіна, а можа, нават ад Хрушчова. Зь імі Лукашэнку яднае і разуменьне ўласнага «ўвацарэньня» як вянца культурна-гістарычнага працэсу «ў асобна ўзятай краіне», пры якім цалкам адпадае неабходнасьць штосьці зьмяняць на самым версе дзяржаўнай улады, а асноўныя культурныя і нацыянальныя супярэчнасьці раз і назаўсёды пераадоленыя - застаецца толькі падпраўляць асобныя недахопы. Існая форма кіраваньня «па змаўчаньні» абвяшчаецца дасканалай, пачынаецца «канец гісторыі». Яго характэрная адзнака ў тым, што «асабістая сьціпласьць» усё часьцей абарочваецца непрыхаваным эгацэнтрызмам «кіраўніка дзяржавы», які лічыцца больш кампэтэнтным за любога іншага грамадзяніна ў любых пытаньнях. Перафразуючы Віталя Сіліцкага, найбольш улюбёны Лукашэнкаў займеньнік - ня «ты» і ня «мы», а «я»: Почему я Мясниковича послал в Академию? Да потому, что, при всем моем уважении, академики не могли в трех соснах разобраться. Меня эти выборы довели до белого каления. Я б разбился в блин, но нашел, куда реализовать это масло. Вы получили льна больше, а мне волокно надо. БГУ из руин и пепла подняли на моих костях. Что я там ни делал! А на президентских выборах самый низкий процент голосования - в БГУ. Я для каждого пытался что-то сделать. В результате наш народ как был советским, так им в основном и остался. Нарэшце, да савецкай палітычнай культуры ўзыходзіць Лукашэнкаў антыамэрыканізм і іншыя праявы ксэнафобіі, а таксама ўспрыманьне расейскай культурнай прасторы як сваёй, а эўрапейскай - як чужой і нават варожай. Гэтыя ўстаноўкі, дарэчы, аказаліся надзвычай жывучымі ў нашым грамадзтве: паводле апытаньняў НІСЭПД, у чэрвені 2004 году 44,3 % беларусаў лічылі, што галоўная пагроза краіне зыходзіць ад ЗША. Пры гэтым Лукашэнка - чалавек з культурнага пагранічча, якому ўласьцівыя два вымеры праўнага пачуцьця. Адно зь іх прышчэплена расейскім культурным полем, другое - беларускай традыцыйнай культурай. Таму, з аднаго боку, у яго ёсьць пэўныя эўрапейскія праўныя інстынкты, якія дазваляюць Беларусі мець узровень карупцыі, роўны славенскаму. З другога боку, ён жыве ў сьвеце ўласных маральна-этычных нормаў, уяўляе сабой прыклад сучаснага Радзівона Раскольнікава, які ідзе на разбуральныя палітычныя акцыі ў імя сваіх абстрактных ідэалаў. Гэтае несупадзеньне асабістага праўнага «коду» Лукашэнкі з нарматыўным расейскім асабліва выразна відаць падчас яго крытыкі расейскіх парадкаў. Лукашэнкава крытыка Расеі - гэта свайго роду культурная крытыка, заснаваная на ўяўленьні пра нізкую праўную культуру расейцаў і, як вынік, няздольнасьць расейскай дзяржавы ажыцьцяўляць манаполію на гвалт, збор падаткаў ды эфэктыўна супрацьстаяць росту злачыннасьці: За последние два месяца в Москве застрелили несколько профессоров. За что застрелили этих обычных людей, которые занимались преподаванием? Это всё результат безмозглой, непродуманной политики. Там, где бешеные неучтенные деньги, там криминал, там кровь. Яшчэ пару словаў пра Лукашэнкаў палітычны папулізм. Ён стаў індыкатарам прорвы паміж рэальным грамадзтвам і нацыянальнымі элітамі. Тое, што эліты не знаходзіліся ў дзеяздольным стане (у момант абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта інтэлектуальныя эліты ня мелі традыцыі прыняцьця палітычных рашэньняў, а гаспадарчыя ўмелі гаспадарыць пераважна з Расеяй) і не ўспрымаліся нацыяй як безумоўны аўтарытэт, падкрэсьліла іх спроба стварыць сымбалічныя межы збліжэньня з Расеяй. У сярэдзіне 90-х беларускія інтэлектуалы - журналісты, асьветнікі, аналітыкі і палітычныя дзеячы - імкнуліся навязаць палітычнаму кіраўніцтву краіны ўяўленьне пра гэтыя сымбалічныя межы, за якія нельга заходзіць. Іх дэманстратыўнае патаптаньне «народным прэзыдэнтам» і стварыла эфэкт небясьпекі страты незалежнасьці. Фэномэн, калі нацыя не ўспрымае нацыянальныя эліты як аўтарытэт, высьвечвае яшчэ адзін цікавы аспэкт яе ўнутранай арганізацыі. Такое можа быць толькі ў т. зв. «глухім» грамадзтве, розныя часткі якога існуюць у розных інфармацыйных прасторах і вызнаюць розныя культурныя гіерархіі. Калі радыкальна фармуляваць тэзу: каб жа ў 1994 годзе Зянон Пазьняк паяўляўся на экранах тэлевізараў не з «нацыянальным прарокам» Васілём Быкавым, а з удзельнікамі расейскага ВІА «Иванушки Интернешнл», гэта магло б даць яму большую прыбаўку галасоў. У такім грамадзтве лёсавызначальныя праграмы разьвіцьця ня могуць прымацца шляхам грамадзкага кансэнсусу - яго цела разарвана на шматлікія «камунікацыйныя» мяншыні5, лідэры якіх саму магчымасьць публічных дэбатаў выкарыстоўваюць найперш для пашырэньня свайго ўплыву і павелічэньня колькасьці сваіх прыхільнікаў.
|
4 Зь цягам часу канфлікт з намэнклятурай трансфармуецца ў яе жорсткі прэсынг за кланавасьць, прадажнасьць, беспрынцыповасьць і бесхрыбетнасьць, зладзеяватасьць. На пачатку другога прэзыдэнцкага тэрміну намэнклятура па-ранейшаму ўспрымалася наверсе як хісткая апора дзяржаўнай машыны. У той час у краіне склаўся жорсткі аўтарытарны рэжым і значна павялічыўся набор інструмэнтаў кантролю намэнклятуры. Улады не абмяжоўваліся яе псыхалягічным прэсынгам («У вас все должно быть в порядке - от усов до ботинок»), дапоўнены абяцаньнямі крымінальнага пакараньня за сабатаж прэзыдэнцкіх рашэньняў («Создадите обстановку криминальную - поотрываю головы»;«Не дай бог, он влезет куда-то - завтра тюрьма»), а і праводзілі рэгулярныя перастаноўкі ў ёй. Аднак пры такой сыстэме ратацыя ўжываецца з абмежаванымі мэтамі - каб прадухіліць фронду ў намэнклятурным асяродзьдзі і зьменшыць карупцыю, а не для таго каб спрыяць дынамізму ўсёй палітычнай сыстэмы і лепш каналізаваць грамадзкія інтарэсы. |
Аб «глушэчы» нашага грамадзтва сьведчыць і адчужэньне ў ім нацыянальнай літаратуры ад нацыянальных масаў. Калі ў літаратуры мадэль незалежнага быцьця Беларусі пачала распрацоўвацца гадоў сто таму, то для масаў і іх папулісцка настроеных лідэраў патрэба нацыянальнай незалежнасьці застаецца пад пытаньнем нават і цяпер. Інфармацыйная прастора ў (пост-)каляніяльным грамадзтве ўладкаваная так, што нацыянальная эліта не ўспрымаецца як культурны лідэр; у ім таксама адсутнічае нармальная камунікацыя паміж сэгмэнтамі грамадзкага цэлага - ідэі і праграмы інтэлектуалаў даляютаць да масаў пад уплывам геапалітычных катастрофаў.
Іншымі словамі, тое, што Лукашэнка і культурна блізкія яму людзі ўспрымаюць нацыянальную культуру як фальшывы сакрум, мае ня столькі эстэтычныя (г. зн. тлумачыцца ня толькі папулярнымі ўяўленьнямі аб поўным убостве нацыянальнай літаратуры, адсутнасьці нацыянальнай гісторыі да 1917 году і «настоящего белорусского языка»), колькі камунікацыйныя прычыны. Гэтым ён дае знаць пра свой асаблівы культурны сьвет, у якім беларускія падзеі ўспрымаюцца пры расейскім інфармацыйным пасярэдніцтве, надзвычай тэндэнцыйным, паводле Лукашэнкавага ж уласнага прызнаньня. Абвінавачаньне расейцаў у інфармацыйнай неаб'ектыўнасьці - адзін з улюбёных конікаў Лукашэнкавых публічных прамоваў апошняга часу, мяккі тэрор у дачыненьні журналістаў расейскіх электронных СМІ - важны элемэнт дзяржаўнай палітыкі6.
|
5 Пра культурны сьвет самога Лукашэнкі: «Из больших пислателей я очень люблю Пушкина, особенно отдельные его произведения. Очень любил в свое время, будучи молодым человеком, Есенина, и не только его стихотворения об отношении к женщине». У інфармацыйным пляне мадэль «імпэрыя - калёнія»можна параўнаць з адносінамі «горад - вёска» ў пасьляваеннай Беларусі: комплекс вясковай непаўнавартнасьці выражаўся ў гіпэрцікавасьці да гарадзкіх падзеяў, а сам горад успрымаўся як цэнтар цывілізацыі, асяродак дабрабыту і заканадаўца мод. |
Праявай палітычнага папулізму Лукашэнкі было паразытаваньне на позьнесавецкай сымбалічнай спадчыне, у прыватнасьці савецкай міталёгіі апошняй вайны. Пакуль асобныя апазыцыйныя палітыкі былі зацыкленыя на дэканструкцыі імпэрскай абраднасьці, Лукашэнкава заігрываньне з савецкімі вэтэранамі выглядала вельмі жыва і пераканаўча. Што ж датычыць т. зв. «новага» або «папулісцкага» нацыяналізму Лукашэнкі, то, як і ўсякі іншы нацыяналізм, на сваім ідэйным узроўні ён застаецца бедным паняцьцем - нязьменна складаецца з мэсіянізму з сакралізацыяй нацыянальнай гісторыі і мовы. Адно што ў Лукашэнкавым выпадку ролю нацыянальнай мовы выконвае каляніяльная мова і нацыянальная гісторыя падаецца ў каляніяльнай трактоўцы. Палітычная культура Лукашэнкі прадыктавала выбар такой палітычнай сыстэмы, пры якой зарукай яе стабільнасьці становіцца нязьменнасьць палітычнага лідэра (адразу пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў «актыву» адной зь беларускіх абласьцей было заяўлена: «И не надейтесь, что это последний период! Лучше рассчитывайте, что Лукашенко будет еще два периода»), а сэнсам існаваньня - нарошчваньне палітычнага кантролю над усімі сфэрамі публічнага жыцьця, у тым ліку і акадэмічнага7, прымусовая дэпалітызыцыя грамадзтва і абмежаваньне сфэры публічнай палітыкі. Пакінуўшы ўбаку аспэкты тэмы, цікавыя для палітолягаў (пра біялягічнае старэньне сыстэмы, у аснову якой не пакладзеныя ўнівэрсальныя ідэі, пра ўнутраныя асяродкі яе нестабільнасьці і г. д.), далей мы паглядзім, як курс на вынішчэньне альтэрнатывы ў палітычнай сфэры карэлюе з курсам на вынішчэньне альтэрнатывы ў сфэры культуры. Культурную палітыку Лукашэнкі прынята лічыць каньюнктурнай і зьвязваць з ваганьнямі бягучага палітычнага курсу. Такі пункт гледжаньня нядаўна выславіў Віталь Сіліцкі ў «ARCHE»: На фоне палітычных кампаніяў, якія разгортваюцца афіцыёзам і ўжо атрымоўваюць мянушкі кшталту «газавай вайны за незалежнасьць», раздачы тэнісістам ордэнаў «за перамогу над Расеяй», Лукашэнка пасьлядоўна прытрымліваецца палітыкі русіфікацыі гістарычнай сьвядомасьці і сьветапогляду беларусаў (пра моўную русіфікацыю мы тут нават і ня ўзгадваем). Калі расейскі націск на Беларусь узмацняецца, калі незалежніцкая рыторыка, здавалася б, усё больш апаноўвае афіцыйную прапаганду, улада сьвядома мацуе ідэалягічную пляцоўку, што можа стаць падставай для страты дзяржаўнасьці і незалежнасьці. Як растлумачыць такі парадокс? Адна з самых распаўсюджаных вэрсіяў - Лукашэнка дагэтуль пакідае сабе магчымасьць для новага паходу ўва ўнутраную расейскую палітыку. На першы погляд, зь лёгікай усё у парадку: курс на русіфікацыю «гістарычнай сьвядомасьці і сьветапогляду беларусаў» сьведчыць пра расейскія амбіцыі Лукашэнкі. Аднак насамрэч мы яшчэ раз сутыкаемся з рэцыдывам тэлеалёгіі залежнасьці беларускай палітыкі ад расейскіх велічынь у духу Зянона Пазьняка і Алега Манаева, калі лёгіка ўнутраных працэсаў у беларускай палітыцы тлумачыцца ўзьдзеяньнем вонкавых фактараў, перадусім злачынамі або цнотамі Масквы. Перш-наперш трэба разабрацца з тэрмінамі: у культурнай сфэры адбываецца не актывізацыя русіфікацыі «гістарычнай сьвядомасьці і сьветапогляду беларусаў», а вяртаньне да савецкіх, каляніяльных па сваёй сутнасьці трактовак беларускай гісторыі і ўяўленьняў пра месца беларускай мовы і культуры ў грамадзтве, прычым у адрозьненьне ад савецкіх часоў дапускаецца пэўны «гістарыяграфічны плюралізм»8 і магчымасьць публічных дэбатаў пра месца беларушчыны ў грамадзтве9.
|
6 «Телевидение смотрит каждый. Наркотик этот дали населению... Белорусское телевидение, как внушается, «дрэннае». Переключил на ОРТ или РТР. И смотрит порнуху... Вы же понимаете, что я не могу закрыть вот эти «окна» Москвы и Запада, через которые нас снабжают информацией». Раздражненьне ўзмацняецца тым, што «Москву и Запад» немагчыма зьнішчыць або закрыць прэзыдэнцкім указам або званком з прэзыдэнцкай адміністрацыі: да іх даводзіцца прыстасоўвацца самому рэжыму, ісьці на сур'ёзную ўнутраную ломку. Беларусы толькі-толькі пачынаюць жыць у агульнанацыянальнай інфармацыйнай прасторы, што выклікала вялікае хваляваньне нашых расейскамоўных інтэлектуалаў. Яно й зразумела: у такіх варунках даводзіцца прывыкаць да новай дыспазыцыі культурных роляў і значэньняў. 7 Можна сказаць, што пытаньне закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту было вырашана яшчэ ў 2001 годзе, калі кіраваць Нацыянальнай акадэміяй навук быў пастаўлены Мясьніковіч, які хуценька навучыў акадэмікаў разьбірацца ў трох соснах. Само прызначэньне сымбалізавала пачатак палітычнай экспансіі на патэнцыйна неляяльныя асяродкі акадэмічнага жыцьця. Другі аспэкт нарошчваньня экспансіі - пачатак жорсткага цэнзураваньня зьместу навучальных праграм: прыкладна ў тым самым часе быў выцягнуты на паверзню жыцьця «бедолага Трощенок» (выраз Лукашэнкаў). |
Калі мы прымаем гэты тэзыс, давядзецца сказаць і наступнае: сэнс культурнай палітыкі Лукашэнкі ня зводзіцца да русіфікацыі і бяз гэтага даўно зрусіфікаванай ці, хутчэй, «ніякай» гістарычнай сьвядомасьці беларусаў, яе мэта - рэстаўрацыя культурнага статус-кво за кошт зьберажэньня каляніяльна-савецкай спадчыны, пагружэньне нацыі ў стан гістарычнай амнэзіі шляхам цынічных маніпуляцыяў з нацыянальнай гісторыяй і культурай (у экстрымнай трактоўцы Лукашэнкі расейская мова становіцца «древним языком белорусов»: «Наше «двуязычие» имеет древние корни и древние традиции»). Інакш кажучы, стаўка гэтай палітыкі - не мітычная заваёва Крамля, а маніпуляваньне грамадзкай сьвядомасьцю і ўзмацненьне цынічнага праўладнага дыскурсу, палітычная мабілізацыя грамадзтва. У гэтым пункце культурная палітыка Лукашэнкі выяўляе поўную пераемнасьць з расейскай каляніяльнай палітыкай у беларускіх правінцыях: каб захаваць палітычную стабільнасьць і замарозіць разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці, нацыянальную культурную спадчыну цэнзуруюць і фальсыфікуюць, а з гуманітарных навук па магчымасьці робяць прапаганду (адно цяпер гэта называецца «навучыць акадэмікаў разьбірацца ў трох соснах»).
Як і ў савецкія часы, кіраваць беларускім народам прасьцей і надзейней, калі ён мае надзвычай плыткае і тэндэнцыйнае ўяўленьне пра самога сябе. Што, напрыклад, рабіла савецкая прапаганда з «нацыянальнымі прарокамі» Коласам і Купалам у 40-80-я гады XX cтагодзьдзя? Мэтадычна ператварала іх у жыхароў камуністычнага пантэону, чыя творчасьць ідэальна супадала з дырэктывамі пануючае партыі. Так выбітныя адраджэнцы Купала і Колас, якія, калі б чалавечае жыцьцё доўжылася вечна, хадзілі б цяпер на апазыцыйныя мітынгі, дэманстрацыйна гаварылі б на беларускай мове і галасавалі б супраць Лукашэнкі, станавіліся антыподамі саміх сябе, а іх адпаведна праінтэрпрэтаваная творчасьць прыводзіла ў рух машыну, якая зьнішчала беларуса з аблічча зямлі. Цяпер пра своеасаблівыя плюсы культурнай палітыкі Лукашэнкі. Яна выпхнула за маргінэс тую частку «адраджэнскай» інтэлігенцыі, якая бачыла адзінай крыніцай культурнай актыўнасьці дзяржаўную падтрымку. Яна таксама паказала ўсю прастытуяванасьць «згодніцкай», пралукашэнкаўскай часткі інтэлігенцыі. Панаваньне Лукашэнкі прывучае праяўляць прыватную ініцыятыву ў культурнай сфэры: у прыватных руках апынуліся буйныя выдавецтвы, пэрыёдыка й важныя адукацыйныя праекты. Разгул палітычнай і культурнай рэакцыі дае кожнаму сьвядомаму беларусу непасрэдна адчувальную матывацыю да арганічнай культурнай дзейнасьці, якая можа мець неспадзяваныя палітычныя наступствы. Адмова Лукашэнкі ад клясычнай нацыяналістычнай праграмы выклікала выбух народнай падтрымкі і разам з тым абмежавала магчымасьці для палітычнай гульні ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Дзякуючы сваёй манеры вядзеньня палітыкі - чапляцца за бягучую падтрымку масаў папулісцкай трактоўкай бягучых падзеяў - ён пазбаўлены панаднай магчымасьці выступаць рэспэктабэльным абаронцам вечных інтарэсаў нацыі. У нашай частцы Эўропы нацыя можа шмат сьцярпець у імя свайго нацыянальнага разьвіцьця, а палітычныя лідэры і сілы выкарыстоўваюць сымбалічны капітал нацыянальнай традыцыі для палітычных мэтаў. Гэта, дарэчы, добра разумелі расейскія камуністы і нямецкія нацысты. Каб мабілізаваць беларускія масы на сваю падтрымку і дабіцца іх ляяльнасьці да свайго рэжыму, яны эксплюатавалі нацыянальныя лёзунгі, улучна з абвяшчэньнем нацыянальнай квазідзяржаўнасьці. Аднак рэальная гісторыя Беларусі прайшла пад зусім іншымі знакамі, і пры канцы XX стагодзьдзя выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі для мабілізацыі масаў успрымалася палітычнымі прагматыкамі тыпу Лукашэнкі як аджылая палітычная стратэгія. (Ня выключана, што Лукашэнкавы наступнікі такі пойдуць на подкуп нацыянальна сьвядомай часткі грамадзтва.) І яшчэ крыху - пра сьляды расейскага каляніялізму ў культурнай карціне сьвету Лукашэнкі і культурна блізкіх яму палітыкаў ды інтэлектуалаў. Яны да апошняга верылі, што перацёк ідэяў, мадэляў і праграмаў разьвіцьця можа ісьці толькі з Масквы ў Менск, у лепшым выпадку ставіліся да беларускай мовы як мясцовай экзотыкі, а ў горшым зусім не цярпелі яе, былі перакананыя ў сваёй асаблівай цывілізацыйнай місіі (бо толькі расейская культура можа ўзьняць культурны ўзровень Беларусі) і тэндэнцыйна разумелі беларускі нацыяналізм як ідэалёгію нацыянальнай выключнасьці і ксэнафобіі (пар. «Национализм, межэтническая вражда в Беларуси не приживутся - народ не тот»), а не як стваральны культурны і інтэлектуальны рух, якому нацыя абавязана сваімі асноўнымі культурнымі здабыткамі, а Рэспубліка Беларусь - самім існаваньнем на палітычнай мапе сьвету. І ўсё-такі Лукашэнку цяжка папракнуць у культурнай несумленнасьці. У заблытанай і непасьлядоўнай дзяржаўнай палітыцы першай паловы 90-х у дачыненьні да нацыянальнай мовы й культуры было насамрэч значна больш палітычнага каварства. Ані каліва ня тоячыся, Лукашэнка рэгулярна і публічна паўтарае заклікі аб недапушчэньні беларускай мовы да шырокага грамадзкага ўжытку. Ён не адчувае згрызотаў сумленьня, бо выказвае сваю культурную праўду. Беларуская мова для яго, як і мільёнаў беларускіх грамадзян, - адзнака іншай культуры, ня-блізкае, не-інтымнае, ня-цёплае, полюс адштурхоўваньня ў больш утульны і абжыты жыцьцёвы сьвет. І закругляючы тэму аб пазытывах культурнай палітыкі Лукашэнкі. Яна з усёй выразнасьцю выявіла ўсю парнаграфічнасьць пашыраных самаўяўленьняў беларусаў пра саміх сябе як пра высокадухоўны, культурны, эўрапейскі, адукаваны і памяркоўны народ. Выявілася, што наша памяркоўнасьць - гэта ня што іншае, як канфармізм, пад маскай духоўнасьці хаваецца культурная дыстрафія, бяспамяцтва, дзікасьць і падатлівасьць на маніпуляцыі, што наш гістарычны час радыкальна не супадае з агульнаэўрапейскім, а культурныя паталёгіі нацыі настолькі сур'ёзныя, што наўрад ці будуць пераадоленыя на працягу некалькіх наступных пакаленьняў.
Для дэмакратычнага візіянэра, які дакладна ведае, што пасьпяховая трансфармацыя постсавецкіх эканомік магчымая толькі ў лібэральным кірунку, эканамічная палітыка рэжыму Лукашэнкі настолькі ненармальная, што ён пастаянна знаходзіцца ў прадчуваньні яго гаспадарчага краху. Вось ужо больш за дзесяць год гэткія прароцтвы рэгулярна праточваюцца ў прэсу і так жа рэгулярна не пацьвярджаюцца жыцьцём. Як кажа Лукашэнка, любая палітыка заснавана на эканоміцы, таму эканамічная сфэра для беларускага рэжыму - аснова для яго палітычнай легітымацыі як для шырокай публікі, так і для яго функцыянэраў (напэўна, мноства іх на пытаньне «Чаму я працую на Лукашэнку?» адказваюць самім сабе: «Таму што ён сумленны і гаспадарлівы чалавек»). Калі ў абсягу культуры і гуманістыкі заахвочваецца кансэрвацыя каляніяльнай спадчыны, то ў гэтай галіне вітаецца арыгінальнасьць і недагматычнасьць. Гэты праграмны момант асабліва выразна відаць у «Историческом выборе Беларуси», калі параўнаць узаемасупярэчлівыя, па сутнасьці процілеглыя, Лукашэнкавы выказваньні на тэму «Ці была Беларусь ускраінай Расеі» перад студэнтамі эканамічнага ўнівэрсытэту і студэнтамі БДУ. Перад эканамістамі (с. 10): Из всех постсоветских республик мы, Украина, Казахстан и другие, кроме России, не можем сегодня сказать, что мы имели какие-то определяющие традиции и опыт государственности. Да, известные элементы были. Но все основные атрибуты государства были сконцентрированы в Москве. Тогда и кнопки все нажимались, и команды давались к исполнению из Кремля. Мы были «окраиной», «провинцией», как хотите называйте, и, естественно, не имели того, что дожно иметь государство... Из нашей страны, наоборот, все уплывало. И до революции и после Октябрьской революции. Перад студэнтамі БДУ (с. 119): Беларусь никогда не была «отсталой аграрной окраиной самодержавной России». Не буду из-за недостатка времени приводить конкретные факты, напоминать о нашем возрождении, культурном, национальном возрождении, зазвучавшем в творчестве Франтишка Богушевича, Адама Гуриновича, позднее - Янки Купалы, Якуба Коласа, Максима Богдановича, других представителей белорусской интеллигенции. Все это характерно для этого периода. Нацыянальная эканоміка - адна з асноваў нацыянальнай бясьпекі, зь якой зьвязаныя першачарговыя нацыянальныя інтарэсы. У імя іх абароны Лукашэнка любіць публічна пабыць нацыяналістам, русабофам, які ліе сваю жоўць на ўсходнюю суседку зь яе «дзікім гаспадараньнем» і «5-7 працэнтамі насельніцтва, што маюць сёньня ў руках асноўныя фінансавыя, грашовыя рэсурсы, калі ўсе астатнія ня маюць нічога», і, нарэшце, палкім праэўрапейскіх ідэалістам, для якога веліч заходніх эканомік адкрываецца на фоне расейскага «беспредела»: Хотелось бы, чтобы экономика, социальная политика Беларуси была чем-то похожа на шведскую... на германскую, на бельгийскую. Все это ближе нам в социальном смысле. И мы откровенно об этом говорим. Мы на это ориентируемся, нас не устраивают бандитские отношения внутри общества. Эканоміка - сфэра, у якой рэжым ня толькі шукае, але і знаходзіць легітымнасьць. Пра пэўную эфэктыўнасьць беларускай эканамічнай мадэлі гавораць і гаспадарчыя паказьнікі, і вынікі апытаньняў грамадзкай думкі. У нас добрая зьбіральнасьць падаткаў, пастаянны эканамічны рост, пачынаючы з 1996 году, адзін з найвышэйшых у СНД узроўняў аплаты працы. Спасярод усіх краін СНД толькі ў Беларусі і Расеі пазытыўнае сальда міграцыі. Беларусь - ці не адзіная краіна ў СНД, у якой эканамічная трансфармацыя не завяршылася стварэньнем фінансава-прамысловых алігархій. Выдаткі на нацыянальную адукацыю ў дзесяць разоў перавышаюць выдаткі на нацыянальную абарону, замежны доўг складае ўсяго 10 % ад ВУП, валютныя рэзэрвы Нацбанку набліжаюцца да 1 млрд даляраў ЗША, а залаты запас - да 20 тон. Паводле дзяржаўнай статыстыкі, у 2002 годзе даходы грамадзянаў перавысілі даходы ў 1990 годзе на 30 %. Пра якаснае паляпшэньне матэрыяльнага становішча гавораць матэрыялы апытаньняў НІСЭПД: калі ў лістападзе 1994 году 9,5 % беларусаў заявілі, што іх дабрабыт палепшаў, 17,3 % адказалі, што ён не зьмяніўся, і 72,1 % - што пагоршаў, то ў сёлетнім чэрвені 7,0 % беларусаў меркавалі пра паляпшэньне свайго дабрабыту, на думку 64,0 %, ён не зьмяніўся і толькі 26,6 % адзначалі яго пагаршэньне. Каб зразумець вытокі цяперашняй эканамічнай палітыкі, трэба зрабіць невялікі экскурс у блізкую гісторыю. Згодна з савецкай статыстыкай, пры канцы СССР Беларусь абганяла ўсе астатнія рэспублікі паводле тэмпаў эканамічнага росту: у 1970-1986 гадох рост ВУП на душу насельніцтва склаў 240 %. Аснову прамысловасьці ўтваралі рэсурсаёмістыя прамысловыя гіганты, арыентаваныя на агульнасаюзныя рынку збыту, а таксама на рынкі краінаў усходняга блёку. Экстэнсіўны эканамічны рост быў маніяй мясцовага ЦК і знаходзіў спагадлівы водгук у Маскве, дзе Беларусь цанілі за культурную стабільнасьць (або, інакш кажучы, максымальна магчымую дэбеларусізацыю грамадзкага жыцьця) і гераічнае партызанскае мінулае. Прамысловая палітыка зводзілася да павелічэньня вытворчасьці, залежнай ад агульнасаюзнага рынку сыравіны, і надзвычайнай канцэнтрацыі працоўных рэсурсаў у індустрыйных цэнтрах, што прыводзіла да істотных структурных перакосаў у разьвіцьці краіны. Яна распадалася на адносна разьвітыя гарады і эканамічна адсталую вёску, у якой рынак бытавых, камунальных і адміністрацыйных паслуг знаходзіўся ў зародкавым стане, таварна-грашовыя адносіны часта падмяняліся дакапіталістычнымі формамі абмену і адчуваўся хранічны дэфіцыт працоўнай сілы. На пачатку 90-х т. зв. «разрыў гаспадарчых сувязяў», фінансавая лібэралізацыя і зьяўленьне мытных бар'ераў паставілі буйную прамысловасьць на край пагібелі. Узьніклы на касьцях савецкай эканомікі бізнэс прынёс тыпова «эўразійскую» культуру гаспадараньня, накіраваную на максымілізацыю прыбытку, мінімалізацыю падаткаў, подкуп фіскальных чыноўнікаў і супрацоўнікаў органаў правапарадку. Аслабленая дзяржава траціла манаполію на збор падаткаў і ўжываньне гвалту. У краіне, у якой адсутнічалі сур'ёзныя сыравінныя рэсурсы, асноўныя капіталы ў той час зарабляліся банальнымі фінансавымі махінацыямі і напаўкрымінальным ценявым бізнэсам. Максымальна спрошчана асноўнымі прычынамі рэзкага зьніжэньня матэрыяльнага становішча насельніцтва ў той час можна назваць рэзкае зьмяншэньне вытворчасьці нацыянальнага багацьця і яго несправядлівае разьмеркаваньне карумпаваным дзяржапаратам, суіснаваньне якога з крыміналізаваным бізнэсам і выклікае зь цягам часу да жыцьця фэномэн алігархій. Збольшага за гэта плюс «за насаджэньне беларускай мовы» слабахарактарны прэм'ер Кебіч і паплаціўся сваёй палітычнай кар'ерай улетку 1994 году. Асноўны сэнс эканамічнага экспэрымэнту Лукашэнкі палягаў у тым, што савецкую эканамічную базу ў Беларусі, несувымерную з рэальнымі эканамічнымі патрэбамі і эканамічнымі інтарэсамі нацыі («Это наша беда, что мы имеем такую экономику... Она огромная, порой даже, я бы сказал, излишняя для нашего населения, нашего государства»), можна ажывіць пры дапамозе камбінацыі неспалучальных на першы погляд захадаў - дзяржаўнага ўмяшаньня і рынкавай лібэралізацыі, замарожваньня адносін уласнасьці і захаваньня прыватнага сэктару (у адным Менску больш за 70 тыс. прыватных суб'ектаў гаспадараньня) у рэжыме бязьлітаснай барацьбы з карупцыяй і эканамічнай злачыннасьцю10.
|
8 Пар. ацэнку становішча Лукашэнкам: «В учебных заведениях парадоксальная ситуация - что ни преподаватель, то своя «история». Трактуют события, как кому заблагорассудится. И в результате у школьников, студентов такая каша в голове, что нам, прошедшим основательную советскую школу и вуз, даже и вообразить невозможно». 9 Як сьведчыць «Исторический выбор Беларуси», Лукашэнку даводзілася апраўдваць сваю культурную лінію ў кожнай з чатырох менскіх унівэрсытэцеіх аўдыторыяў, у якіх ён выступаў. Дзеля гэтага на сустрэчах зь менскімі студэнтамі Лукашэнка парнаграфічна падаваў сябе як «отличного знатока белорусского языка» («Я, конечно, отлично знаю белорусский язык. Надо просто каждый раз включиться, немного прочитать, чтобы снова свободно, без ошибок, не на трасянцы размаўляць з вамі»), прапагандаваў беларусізацыю зьнізу і ўсур'ёз дапускаў магчымасьць, што раней ці пазьней родная мова запануе ў грамадзтве: И любому ректору всегда говорю: не давите на людей. Экзамены сдавать, выбирай - белорусский или русский язык. Сдавай на любом языке. И поверьте, только так, не иначе, если суждено, мы придем к одному языку, который мы называем беларускай мовай. Но я бы очень хотел, чтобы у нас остался и русский нашим родным языком. Але Лукашэнка ня быў бы Лукашэнкам, калі б ён пасьлядоўна не палітызаваў моўнага пытаньня, ці, кажучы яго словамі, не давил бы им людей. У той жа самы час у іншай студэнцкай аўдыторыі ён прамаўляў: «русский язык я... никому не позволю оплевать и никому не позволю его устранить их нашей жизни. Это наше достояние, как и Победа в Великой Отечественной войне». (Тым самым два «здабыткі» - перамога і расейская мова - залічаюцца ў адзін паняцьцёвы шэраг падзеяў апошняга стагодзьдзя, што супярэчыць абсурднай ідэі пра расейскую мову як «древний язык белорусов».) |
Праграмным момантам гэтага эканамічнага курсу была адмова ад палітыкі дапасаваньня да структурных патрабаваньняў МВФ, у прыватнасьці ад масавай прыватызацыі11, і ад уключэньня ў сусьветную капіталістычную сыстэму падзелу працы. Замест гэтага з мэтай выжываньня экспартаарыентаванай прамысловасьці стаўка была зроблена для стварэньне зоны рэгіянальнай эканамічнай каапэрацыі і супольнай мытнай прасторы з краінамі СНД, выкарыстаньне пераваг геаграфічнага становішча Беларусі («возле России, где есть ресурсы, где в центре Европы через тебя все идет и движется»). Сёньня каля 60 % вырабленых беларускай эканомікай тавараў і паслугаў збываецца на замежных рынках, у прыватнасьці, на расейскім рынку штогод прадаецца прадукцыі беларускага машынабудаваньня амаль на 1 млрд дал. ЗША, а траціну бюджэтных паступленьняў дае мытны камітэт.
Інструмэнтам эканамічнай палітыкі была падтрымка простымі дзяржаўнымі датацыямі і падатковымі крэдытамі дзяржаўнага сэктару эканомікі - прамысловасьці і буйнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасьці. Дзяржаўны кантроль над прамысловымі прадпрымствамі, калгасамі і саўгасамі выяўляўся таксама ў рэгуляваньні цэнаў, непасрэднай рэалізацыі ўрадавымі агенцыямі вырабленай прадукцыі, лабіяваньні ў Расеі нізкіх цэнаў на рэсурсы, найперш энэрганосьбіты, забесьпячэньні іх сыравінай і рынкамі збыту, пратэкцыянізьме і абмежаваньні канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі («Есть у нас руководитель Рахманько. Он за счет бюджета всунул в поезд «Минск-Москва» японские телевизоры. Сейчас вынимает и ставит «Горизонты»). Практыка «бюракратычнага гандлю» і цэнтралізаваных закупак рэсурсаў для прамысловасьці яшчэ нядаўна працьвітала пры ўзаемаадносінах з Расеяй. У каротка- і сярэднетэрміновай пэрспэктыве дамінаваньне дзяржаўнай уласнасьці прадухіліла каляпс рэальнага сэктару эканомікі і дазволіла пазьбегнуць выбуху беспрацоўя. Але захаваньне адміністрацыйнымі мэтадамі прамысловасьці на плаву і пакетаў сацыяльных гарантыяў для яе працаўнікоў ня вырашыла задачы павышэньня яе эканамічнай эфэктыўнасьці. Тым ня менш, імкненьне прыватнага бізнэсу хаваць свае рэальныя даходы і недаплачваць падаткі будзе, напэўна, і надалей стымуляваць нежаданьне ўладаў што-небудзь зьмяняць у гэтай галіне, у тым ліку перагледжваць практыку т. зв. «індывідуальнай прыватызацыі». Высьвятленьне адказу на пытаньне, якая форма ўласнасьці больш эфэктыўная ў беларускай эканоміцы, адкладаецца на заўтра12. Прысутнасьць дзяржавы ў эканоміцы праяўляецца таксама ў адміністрацыйным пераразьмеркаваньні каля 50 % нацыянальнага багацьця пры дапамозе бюджэтных трансфэртаў ад больш багатых да больш бедных. У краіне, дзе каля 40 % прадпрыемстваў - стратныя, гэта дазваляе выконваць папулісцкія абяцаньні ўладаў, але стрымлівае матывацыі фінансавых рэцыпіентаў да разьвіцьця і мадэрнізацыі. Буйным прыватным бізнэсам займаюцца, «лежачы» пад КДБ, МУС або іншымі «праваахоўнымі» органамі, з згоды прэзыдэнцкай Адміністрацыі і публічнага выяўленьня ляяльнасьці асабіста прэзыдэнту. Яшчэ адно наступства дзяржаўнага інтэрвэнцыянізму - бюракратычная зарэгуляванасьць найбольш дынамічных рынкаў, уваход і прысутнасьць на якіх патрабуе «адкатаў» рэгістрацыйным і кантрольным органам. Нарэшце, гіпэртрафія дзяржаўнай прамысловасьці і курс на нязьменнасьць палітычнай адміністрацыі кансэрвуе савецкую працоўную этыку: функцыянэры ўсіх вэртыкаляў улады зьневажаюць людзей, будучы, як і прэзыдэнт, перакананымі ў сваёй беспакарнасьці і незаменнасьці. Лукашэнкаў эканамічны экспэрымэнт давёў усім добра вядомую ісьціну: пры жорсткім аўтарытарызьме, як і пры любых іншых недэмакратычных формах кіраваньня - манархіі або тэакратыі, - можна дасягнуць эканамічнага ажыўленьня, калі пазьбегнуць узьнікненьня алігархічных кланаў, выкараняць карупцыю і прадухіляць масавую галечу. На мове здаровага розуму гэта называецца «Багацеюць там, дзе ня крадуць». І наадварот, любая эканамічная трансфармацыя бессэнсоўная пры недзеяздольнасьці дзяржаўнага апарату і захопе дзяржавы алігархічнымі кланамі. Які ж кошт заплаціла за гэты экспэрымэнт нацыя? Лукашэнкаў стыль кіраваньня прадугледжвае задавальненьне эканамічных інтарэсаў зьверху, а ня зьнізу. У выніку няздольнасьць нацыянальнай эканомікі задаволіць канкрэтны эканамічны інтэрас, а ня толькі той, які прызнаны і санкцыянаваны наверсе, выклікае ў ёй структурныя дыспрапорцыі. Навязанае дзяржавай вызначэньне прыярытэтаў эканамічнай палітыкі - жытло, харчаваньне, экспарт - сымулюе задавальненьне ўсяго спэктру эканамічных інтарэсаў і, калі задумацца, толькі падкрэсьлівае няздольнасьць эканомікі апэратыўна і паўнавартасна задавальняць бягучы спажывецкі попыт. Інакш кажучы, пры такой мадэлі дзяржаўная эканоміка арыентуецца не на жывога спажыўца зь яго хуткаплыннымі прэфэрэнцыямі, а на пасярэдніка паміж спажыўцом і вытворцам у выглядзе прэзыдэнта або яго ўпаўнаважаных, якія надзяляюцца кампэтэнцыяй улоўліваць тэндэнцыі на спажывецкім рынку і дыктаваць цэнавую палітыку. Акурат гэты перакос выпукляе сам Лукашэнка, гаворачы: «Нас захлестнул товар с Запада и уже даже из России». Дзіва што: нават на прыярытэтным рынку харчаваньня Беларусь імпартуе з Расеі цяпер больш тавараў, чым экспартуе. Коштам «захаванасьці дзяржаўнай уласнасьці» аказваецца, кажучы словамі А. Л., «такое воровство, когда только ленивый не тащит с завода, колхоза, совхоза». У імя яе прэзыдэнт вымушаны асабіста пераглядаць вынікі тэндэраў у Міністэрстве аховы здароўя, клапаціцца пра энэргазьберажэньне на асобных аб'ектах і пра расьлінаводзтва як галіну народнай гаспадаркі. Курс на захаваньне тэхналягічна адсталых прамысловых гігантаў савецкай пары паглыбляе прафэсійную дэкваліфікацыю іх абслуговага пэрсаналу, які аказваецца неўспрымальным да найноўшых тэхналягічных інавацыяў. Дадатковай платай за іх захаваньне становяцца непазьбежна прысутныя зоны карупцыі на сутыку дзяржаўнай сыстэмы і прыватнага бізнэсу, сталая небясьпека страты яе кіраванасьці, гіпэртрафія кантрольных органаў і аўтаркічныя самазаклінаньні, што Беларусь можа выжываць толькі пры апоры на ўласныя сілы. У памнажэньні на хранічны інвэстыцыйны голад, старэньне і зношанасьць асноўных вытворчых фондаў і іншыя эканамічныя болькі гэта дало зафіксаваны сёлетняй справаздачай ААН аб чалавечым разьвіцьці вылет Беларусі з групы высакаразьвітых дзяржаваў у групу зь сярэднім узроўнем разьвіцьця. Паводле гэтага дакумэнту, Беларусь у сваім разьвіцьці адстае ад Эстоніі роўна ўдвая. На пачатку дзесяцігодзьдзя ў Эўропе былі дзьве краіны з найніжэйшым узроўнем сацыяльнага расслаеньня - Беларусь і Славаччына. Параўнаньне абодвух палітычных рэжымаў сьведчыць пра каньюнктурны характар палітыкі сацыяльнага эгалітарызму і яе залежнасьць ад аўтарытарызму. У Беларусі ёй надыдзе канец, калі Аляксандра Лукашэнку напаткае лёс Уладзімера Мэчыяра. І нарэшце, пра найбольшую трагедыю эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Для мяне няма сумневу, што чым большымі аказваюцца (часта папяровыя) гаспадарчыя посьпехі, тым больш Лукашэнка ўпэўніваецца, што распад СССР тлумачыўся не эканамічнымі, а ідэалягічнымі і сымбалічнымі фактарамі, і тым глыбей Беларусь акунаецца ў змрок палітычнай і культурнай рэакцыі. Узровень сёньняшняга матэрыяльнага дабрабыту беларусаў - наступства фактычна ўпершыню зробленага нацыяй дэмакратычнага выбару. Ён выклікаў зьмену кіраўнічых элітаў, што перашкодзіла росту карупцыі і крадзяжу нацыянальнага багацьця. Новыя людзі пры ўладзе прынесьлі з сабой абвостранае пачуцьцё рэальнасьці і больш эфэктыўныя мэнэджэрскія здольнасьці. Інакш як подласьцю цяперашняга рэжыму не назавеш, што ён у духу расейскага дэспатызму разумее сябе як вянец тварэньня і ўсяляк замінае нармальнай дэмакратычнай ратацыі, пакідаючы новым элітам толькі выйсьце радыкальнага канфлікту з уладай. Калі палітычная сыстэма прасякнутая недэмакратычнымі адносінамі, а ўладная эліта незацікаўленая ў сваім абнаўленьні, адбываецца татальнае ігнараваньне або замоўчваньне грамадзкіх інтарэсаў. Пры такой закрытасьці непазьбежная гіпэртрафія кантрольных органаў: Анатоль Тозік і прэзыдэнцкія кантралёры падмяняюць незалежную прэсу. У эканоміцы, кіраваньні дзяржаўным апаратам, мытнай службе, нацыянальнай абароне, ахове здароўя і нават школьніцтве (афіцыйная забарона будаваць новыя больніцы і школы па-свойму лягічная), фіскальнай сыстэме і сумежных абсягах Лукашэнка прыняў шмат рацыянальных і ўзважаных рашэньняў. Пераемнасьць зь імі давядзецца захаваць яго наступнікам, якімі б яны ні былі. Вельмі, аднак, хочацца, каб яны ніколі больш не належалі да тыпу аднавымерных людзей, для якіх усё багацьце запатрабаваньняў нацыі зводзіцца да дасягненьня і ўтрыманьня элемэнтарных цывілізацыйных дабротаў. |
10 Пар. формулу самаапісаньня рэжымам існай гаспадарчай сыстэмы: «Сацыяльна арыентаваная эканоміка зь дзейснымі мэханізмамі дзяржаўнага і рынкавага рэгуляваньня, рацыянальным разьвіцьцём прыватнага сэктару разам зь дзяржаўным». Рынкавыя мэханізмы эканамічнай мадэлі - стымуляваньне спажываньня і абароту, пэўная фінансавая лібэралізацыя, стымуляваньне павелічэньня колькасьці і якасьці паслуг (у твм ліку стварэньне прыватнага рынку адукацыйных і мэдычных паслугаў), барацьба з ільготамі, перавод дзяржапарату на кантрактную сыстэму («Такого вы не имели в советские времена») і г. д. Цалкам рынкавай трэба прызнаць стратэгію захаваньня і захопу замежных рынкаў. А ўвогуле, палітыку, скіраваную на рост рэальнага сэктару эканомікі, вытворчасьць тавараў і паслугаў пры перасьледзе фінансавых спэкуляцыяў, праводзіць кожны эўрапейскі ўрад. 11 Падобна да беларускай мовы. адмова ад т. зв. абвальнай прыватызацыі, «при которой поднимается мутная волна и хватает больше тот, кто обладает большей сноровкой. А у кого такой сноровки больше? У тех, кто при власти, у их приближенных, родственников, сынков и прочих», уяўляе сабой важны элемэнт палітычнай ідэнтычнасьці рэжыму і ключавым месцам прапаганды. Захаваньне статус-кво ў галіне ўласнасьці дазваляе ня толькі захоўваць існы балянс «улады - ўласнасьці», але і эфэктыўна перашкаджаць экспансіі замежнага капіталу на ўнутраны рынак. у прыватнасьці пераводу нацыянальных эканамічных чэмпіёнаў у чужыя рукі. Пар. «Я не хочу, чтобы завтра «Коммунарка» отошла к «Бабаевке». 12 Сам Лукашэнка, чыё мысьленьне прасякнутае ўзьвелічэньнем дзяржавы ў гегельянскім духу, тлумачыць эканамічныя посьпехі менавіта дзяржаўным інтэрвэнцыялізмам. Пар. Я это протоптал собственными ногами. И видел, что там происходит. У нас еще не наступила та дикая конкурентная ситуация и среда, при которой начали бы жестко думать о том, как нам выжить. Она идет. Мужики, она идет сюда. И с Запада, и с Востока. Она уже вот стучится. Не просто стучится, она уже одной ногой здесь. Если вы этого не видите, то я уже вижу и чувствую. Я это уже ощущаю. На яго думку, блякаваньне рашэньня «пустить с молотка останавливающиеся, а точнее, остановленные уже самые важные и крупные предприятия» палепшыла эканамічную каньюнктуру ў краіне і павялічыла ў канцавым выніку іх рынкавы кошт. Гэты аргумэнт нельга адкідаць як дэмагагічны: ува Ўкраіне каляпс савецкіх прамысловых гігантаў прывёў да таго, што на пачатку ХХІ ст. адным з найбуйнейшых платнікаў падаткаў у Кіеве быў бровар «Оболонь», а гігант савецкага машынабудаваньня Львоўскі аўтамабільны завод быў перададзены адной камэрцыйнай структуры за 5 млн дал. ЗША - кошт сярэдненькага менскага панэльнага дому. Адным з самых даходных відаў бізнэсу заставаліся фінансавыя махінацыі: ува Ўкраіне налічвалася амаль 200 банкаў, якія мелі значна больш супольнага зь фінансавымі кампаніямі, чымся з крэдытнымі ўстановамі. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (33) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |