A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (33) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ВІТАЛЬ ЗАЙКА | ||||||
|
Віталь Зайка
|
(нар. у 1961 у Лагойску) – дасьледнік беларуска-габрэйскіх дачыненьняў. Супрацоўнік нью-ёрскага Цэнтру гэбрайскай гісторыі. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – нарыс «Літоўскі Ерусалім: ужо нябачны простым вокам...». |
Галакост габраяў у Беларусі – бадай, найбольш асьветленая тэма, дасьледаваная з выкарыстаньнем сучаснай навуковай мэтадалёгіі. Гэта свайго кшталту «паралельная гісторыя» вайны, так як гісторыя беларускіх габраяў – гэта гісторыя космасу, паралельнага беларускаму.
Разгляданыя тут кнігі пра другую сусьветную вайну ў Беларусі ёсьць прыкладам прадукцыі, якая зьяўляецца на кніжным рынку вольнага сьвету і якую можна скатэгарызаваць наступным чынам: навуковыя выданьні (кніга Марціна Дына), папулярныя выданьні (кніга Пітэра Дафі), успаміны/сьведчаньні (А. Голендэр), дапаможнікі для калекцыянэраў (А. Муньяс – А. Раманько). Тры з чатырох разгляданых працаў прысьвечаныя катастрофе габраяў, і гэта таксама адлюстроўвае агульную тэндэнцыю: большасьць кніг, што выходзяць пра Беларусь па-за межамі Беларусі, прысьвечаныя розным аспэктам Галакосту. Галакост уяўляе сабою навуковую праблему ў галіне гісторыі, што зьявілася і стала актыўна распрацоўвацца адносна нядаўна. Аднак нямала матэрыялаў пра лёс габраяў пачало выходзіць яшчэ ў час вайны. Галакост, які сёньня лічыцца найбольш дакумэнтаванай падзеяй у гісторыі, тым ня менш, уздымае сярод гісторыкаў адвечныя прафэсійныя пытаньні пра магчымасьць або немагчымасьць аб’ектыўнага аналізу, слушнасьць выкарыстаньня крыніцаў, прапарцыйных суадносінаў ужываньня нацысцкіх дакумэнтаў і сьведчаньняў ахвяраў і г. д. Дыскусіі пра гэта цягнуцца дасюль2.
|
1 Тут варта таксама ўзгадаць кнігі Шалома Халяўскага з Ізраілю, напрыклад: Shalom Cholawsky. The Jews of Bielorussia during World War II. Amsterdam: Harwood Academic publishers, 1998; кнігі нямецкіх дасьледнікаў, напрыклад Бэрнгарда К’яры, а таксама працу, напісаную збольшага з савецкіх пазыцыяў: Grenkevich Leonid D. The Soviet partisan movement, 1941–1944: a critical historiographical analysis. Еdited with a foreword by David M. Glantz. London; Portland, OR: Frank Cass Publishers, 1999. xv, 368 p. |
Тэматыка Галакосту ўвайшла ў мэйнстрым навуковай і мастацкай літаратуры на Захадзе ў канцы 1980-х і асабліва ў 1990-я гады. Адной з працаў, што выклікалі асаблівы рэзананс, зьявілася кніга Дэніэла Гольдгагена «Добраахвотныя памочнікі Гітлера» (1996), у якой праводзіцца тэза пра ўхваленьне і ахвотны ўдзел у ажыцьцяўленьні Галакосту ўсяго нямецкага грамадзтва. Аўтар сьцьвярджае, што адвечны антысэмітызм немцаў і падтрымка нацысцкіх расавых тэорыяў былі матывамі, што натуральным чынам зрабілі немцаў заўзятымі выканаўцамі плянаў Гітлера па вынішчэньні габраяў. Кніга выклікала дыскусію і была ўрэшце раскрытыкаваная за неабгрунтаваныя абагульненьні, якія ня здолелі растлумачыць усёй разнастайнасьці рэакцыяў на Галакост з боку нямецкіх грамадзянаў. Праца Марціна Дына «Суўдзел у Галакосьце: Злачынствы мясцовай паліцыі ў Беларусі і Ўкраіне, 1941–1944» у пэўным сэнсе ідзе сьлядамі кнігі Гольдгагена і скіраваная на разгляд матываў і мясцовых умоваў у дзейнасьці дапаможнай паліцыі і ахоўнай службы (шуцманшафт) – паліцэйскіх фармаваньняў, што ствараліся на акупаваных Нямеччынай тэрыторыях Усходняй Эўропы, у дадзеным выпадку – у Беларусі і Ўкраіне. Перад кнігай ставілася мэта разгледзець удзел мясцовых паліцэйскіх структураў у зьнішчэньні габраяў. Аўтар сьцьвярджае, што масавыя расстрэлы і ўдзел у іх прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва надаюць Галакосту ўнікальныя рысы на гэтых, як аўтар называе Беларусь і Ўкраіну, «усходніх тэрыторыях». Ён слушна зазначае, што Галакост на ўсходзе адбываўся не ізалявана, а як частка дынамічных адносінаў паміж акупацыйнымі сіламі й мясцовым насельніцтвам. Праца збудаваная на храналягічным аналізе падзеяў вайны ў Беларусі. У першым і другім разьдзелах разглядаецца савецкая акупацыя «ўсходняй Польшчы» і далучэньне Заходняй Беларусі й Заходняй Ўкраіны да Савецкага Саюзу, затым – апэрацыя «Барбароса», пачатак нямецка-савецкай («вялікай айчыннай») вайны. Наступныя разьдзелы прысьвечаныя дзейнасьці айнзац-групаў і масавым вынішчэньням увосень 1941 г., ліквідацыі гетаў у 1942–1943 гг., арганізацыі мясцовай паліцыі і функцыянаваньню мясцовай адміністрацыі, а таксама партызанцы 1942–1944 гг. Асобна разглядаюцца паваенныя лёсы калябарантаў і габраяў, што перажылі Галакост. Нарэшце, у апошнім разьдзеле даецца падсумаваньне дзейнасьці мясцовых калябарантаў у спрыяньні правядзеньню Галакосту. Напісаная жывой мовай і ясным стылем, зь лягічнай падачай дыскусійных момантаў, кніга добра чытаецца і зьмяшчае ў сабе шмат важных фактаў, пераважна з матэрыялаў (успамінаў, інтэрвію), сабраных у выніку дасьледаваньняў, якія ладзіліся сьледчымі аддзелу брытанскай паліцыі ў справах ваенных злачынстваў (WCU, War Crimes Unit). Аўтар асобна не агаворвае крыніцаў, якія былі скарыстаныя падчас працы над кнігай, аднак агляд спасылак паказвае, што найбольш інтэнсіўна выкарыстоўваліся матэрыялы WCU, нямецкага Фэдэральнага і вайсковага архіву ў Фрайбургу і матэрыялы судовага працэсу ў справе Сямёна Серафіновіча ў Доркінгу (Сарэй, Англія). Сярод іншых матэрыялаў скарыстаныя дакумэнты з архіваў Польшчы, Украіны, Расейскай Фэдэрацыі, Латвіі ды іншых краінаў. Зь беларускіх крыніцаў прыводзяцца дакумэнты Нацыянальнага архіву, Берасьцейскага і Менскага абласных архіваў, Архіву ўправы КДБ у Менску. Як вынікае са сьпісу скарыстанай літаратуры, уся яна – па-ангельску і па-нямецку. Тое, што аўтар пакінуў па-за сваёй увагай вялікі корпус літаратуры на ўсходнеэўрапейскіх мовах, у тым ліку працы такіх прызнаных навукоўцаў у разгляданай галіне, як Юры Туронак і Аляксей Літвін, ёсьць велізарнаю хібаю кнігі. Гэта кідае цень на яе высновы, абясцэньвае вартасьць дасьледаваньняў наагул. Тым ня менш, праца можа быць павучальнай для дасьледнікаў вайны, у прыватнасьці, пры разглядзе матывацыі дзеяньняў у межах пэўных катэгорыяў удзельнікаў падзеяў: мясцовай паліцыі (удзел у зьнішчэньні габраяў і сем’яў партызанаў), габраяў (пасіўнасьць большасьці), негабрайскага насельніцтва (дапамога або адмаўленьне ў дапамозе габраям), партызанаў (адмовы прымаць габраяў, спарадычныя забойствы ўцекачоў з гета). Аўтар імкнецца быць аб’ектыўным, хоць ягоная праца ў WCU (галоўным чынам у сувязі са справай былога камэнданта мясцовай паліцыі ў Міры) накладае сваю пячатку як на выбар крыніцаў і ілюстрацыйнае месца дзейнасьці мясцовай паліцыі (Мір), так і на высновы дасьледаваньняў. Плённым зьяўляецца параўнаньне манеры правядзеньня Галакосту на ўсход і на захад ад Берасьця. Так, слушна падкрэсьліваецца публічнасьць Галакосту на ўсходзе, калі зьнішчэньне (напрыклад, масавыя расстрэлы) людзей адбывалася паблізу – або нават у межах – населеных пунктаў і часта было адкрытае для назіраньня ня толькі нямецкім цывілістам і вайскоўцам, але і мясцоваму негабрайскаму насельніцтву. Аўтар дэталёва разглядае паўставаньне і дзейнасьць мясцовай паліцыі (шуцманшафт) на прыкладзе паліцыі Мірскага раёну. Ён бачыць два этапы ў яе дзейнасьці: на пачатку акупацыі, калі яна набіралася з добраахвотнікаў і была адносна невялікай колькасна, і ад лета 1942 году, калі пачаўся прымусовы набор мясцовага насельніцтва, асабліва для вартавой службы, у сувязі з пашырэньнем актыўнасьці партызанаў. Аўтар дае інфармацыю колькаснага складу паліцыянтаў і падафіцэраў Мірскай паліцыі ў розны час і аналізуе працэс набору асабовага складу. Сярод матываў, якімі кіраваліся добраахвотнікі, што ўступалі ў паліцыю, аўтар падае асабістыя амбіцыі, помсьлівасьць, антысацыяльныя схільнасьці. Калі пачаўся прымусовы набор і выбар для чалавека прызыўнога ўзросту быў або паліцыя, або партызаны, значная колькасьць выбірала паліцыю, па-першае, дзеля гарантаванага пайка і аплаты, па-другое, каб пазьбегнуць дэпартацыі сям’і і, па-трэцяе, дзеля антысавецкіх і/або нацыяналістычных перакананьняў. Але матыў пераважнай большасьці быў – выжыць. Аўтар прыводзіць факты пра імкненьне мясцовага польскага падпольля апанаваць паліцыю на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пры фармаваньні паліцэйскіх адзінак палякам давала перавагу тое, што сярод іх было больш афіцэраў і падафіцэраў і яны мелі вышэйшы адукацыйны ўзровень. Аднак гэтыя памкненьні былі заўважаныя немцамі, і ў выніку ў Мірскай паліцыі былі звольненыя ўсе паліцыянты, якія падалі нацыянальнасьць «паляк». Гэта, між іншым, паспрыяла таму, што значная колькасьць палякаў пачалі запісвацца ў афіцыйных заявах беларусамі. У кнізе таксама разглядаюцца абавязкі, якія выконвалі паліцыянты: гэта ахоўная і вартавая служба, удзел у антыпартызанскіх апэрацыях, ачапленьне абшару і прачэсваньне гета падчас акцыяў па зьнішчэньні габраяў. На пачатку акупацыі паліцыя таксама займалася сваёй звычайнай справай – барацьбой з крадзяжамі і рабаваньнямі, але з эскаляцыяй партызанскай вайны гэта было спынена. Аўтар адзначае, што ў большасьці выпадкаў паліцыянты з шуцманшафт не прыцягваліся непасрэдна да правядзеньня расстрэлаў, але добраахвотнікі зь мясцовай паліцыі бралі ўдзел у расстрэлах разам са службоўцамі паліцыі бясьпекі, паліцыі парадку, жандармэрыі і СС. У выпадках, калі мясцовая паліцыя атрымлівала загад на правядзеньне т. зв. «спэцакцыяў», на непасрэднае выкананьне расстрэлаў, згодна з М. Дынам, накіроўваліся добраахвотнікі, а рэшта ажыцьцяўляла ахову пэрымэтру і канвой да месца экзэкуцыі. Аўтар прыводзіць шматлікія жудасныя сьведчаньні зьнішчэньня габраяў у беларускіх гарадох ды мястэчках (у Міры й ваколіцах, Нясьвіжы, Турцы, Стоўпцах, Наваградку, Мёрах, Глыбокім, Слоніме ды інш.). Згодна з цытаванымі матэрыяламі, асабліва шчыравала мясцовая паліцыя падчас прачэсваньня гета пасьля ліквідацыяў. Значная колькасьць сьведкаў – габраяў і негабраяў – адзначаюць зацятасьць, зь якой гэта рабілася. У Снове, ля Нясьвіжу і ў Хвайнікох мясцовая паліцыя брала ўдзел у зьнішчэньні цыганоў. Разглядаючы матывы добраахвотнага ўдзелу ў забойствах, аўтар адзначае, што антысэмітызм не вытлумачвае ўсяго спэктру паводзінаў мясцовай паліцыі. Аўтар тут аддае перавагу дасьледаваньню Крыстафэра Браўнінга пра рэзэрвовы паліцэйскі батальён 101, дзе прасочваецца бруталізацыя паводзінаў і ператварэньне «звычайных людзей» у забойцаў, адаптаваньне іх да працэсу забойства. У М. Дына таксама паказваецца ператварэньне часткі жыхароў Міра ў забойцаў, што пачалі вынішчаць сваіх суседзяў. Разам з тым згадваюцца выпадкі, калі паліцыянты дапамагалі габраям або прынамсі дазвалялі ўцячы. Вельмі істотным зьяўляецца разьдзел пра партызанскую вайну 1942–1944 гадоў, калі дзякуючы намаганьням падкантрольных Маскве савецкіх партызанаў, бязглуздай і самазабойчай палітыцы нямецкіх акупацыйных уладаў, а таксама дзейнасьці польскага падпольля і Арміі Краёвай абшар Беларусі ператварыўся ў пекла, дзе чалавек мог выжыць, толькі далучыўшыся да адной з асноўных сілаў у канфлікце. Габраям было ў гэтых абставінах горш за ўсіх. Пераважна гарадзкія жыхары, бяз досьведу сельскагаспадарчай працы, яны часта вылучаліся з астатняга насельніцтва акцэнтам ды вонкавым выглядам і ня мелі шмат шанцаў выжыць па-за межамі гета, куды былі сагнаныя з дапамогай мясцовых даносчыкаў. Ня ў гета габраяў магла чакаць сьмерць ня толькі ад немцаў і мясцовай паліцыі, але і ад рук партызанаў – як польскіх, так і савецкіх. Разам з тым, уцекачы з гета арганізоўвалі свае ўзброеныя аддзелы, а ў савецкіх атрадах імкнуліся пераканаць кіраўніцтва ў неабходнасьці дазволіць іхным супляменьнікам далучацца да савецкіх партызанаў. Пра гэта ў крыху бэлетрызаванай форме апавядаецца ў кнізе Пітэра Дафі «Браты Бельскія», напісанай не прафэсійным гісторыкам, а журналістам, далёкім ад рэаліяў як Усходняй Эўропы, так і партызанскага руху часоў другой сусьветнай вайны. Пэўна, будзе слушна дапусьціць, што аўтара прывабіла, з аднаго боку, сэнсацыйнасьць матэрыялу, а з другога – даволі трывалы попыт на літаратуру пра Галакост. Напачатку аўтар дае некаторыя зьвесткі з гісторыі габраяў ды іхнага штодзённага жыцьця ў міжваеннай Беларусі (першы разьдзел мае характэрную назву «Ад цара да фюрэра») і спыняецца на гісторыі сям’і Бельскіх, якая дала чатырох братоў – арганізатараў габрайскага партызанскага руху. Аўтар, які асабіста пазнаёміўся з прадстаўнікамі сям’і Бельскіх у Нью-Ёрку падчас падрыхтоўкі артыкулу для «Нью-Ёрк Таймз», напісаў кнігу, заснаваўшы яе на аповедах, пачутых непасрэдна ад відавочцаў, а таксама скарыстаўшы адпаведную літаратуру па тэме і архіўныя матэрыялы, у тым ліку неапублікаваныя ўспаміны Тувіі Бельскага. Як і Марцін Дын, Пітэр Дафі закранае ў сваёй кнізе пытаньні нямецкай палітыкі ў дачыненьні да габраяў, пытаньні ўзаемаадносінаў паміж габраямі й мясцовым насельніцтвам, стаўленьня да габраяў з боку савецкіх і польскіх партызанаў. Аўтар падае гісторыю стварэньня габрайскага партызанскага аддзелу, які налічваў у сваіх шэрагах пад канец вайны больш за тысячу чалавек. Наступныя разьдзелы падаюць храналягічнае апісаньне падзеяў і носяць адпаведныя назвы накшталт «Кастрычнік 1942 – люты 1943», «Ліпень 1943 – верасень 1943». Зь іх чытач даведваецца, што сям’я млынара Бельскага жыла ў вёсцы паміж Лідай і Наваградкам, тры браты даглядалі некалькі млыноў, што належалі сям’і. З пачаткам другой сусьветнай вайны і прыходам Саветаў сямейны бізнэс быў ліквідаваны, а перад тым як пачалася нямецка-савецкая вайна, тры браты былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію. Яны неўзабаве вярнуліся дахаты і адчулі на сабе рэпрэсіі. Два малодшыя загінулі ад рук нацыстаў, а трое старэйшых – Тувія, што служыў у польскім войску, Зуся і Ашаэл – заснавалі ў лесе групу, першапачатковай мэтай якой было забясьпечыць выжываньне. Група пачала павялічвацца, пераважна за кошт уцекачоў з навакольных гета. У меру павелічэньня групы яе кіраўнік Тувія Бельскі, былы капрал польскага войска і найстарэйшы з братоў, прапанаваў далучыцца да савецкіх партызанаў і назвацца атрадам імя Жукава, пра якога ён чуў у маскоўскім радыё. Гэта было зроблена не дзеля камуністычных перакананьняў або сымпатыяў да Саветаў, а ў прагматычных мэтах выжываньня і барацьбы з супольным ворагам – нацызмам. Першая небясьпека, што напаткала наваствораны атрад, зыходзіла, як піша П. Дафі, не ад немцаў ці палякаў, а ад савецкіх партызанаў. Падчас першага кантакту зь імі атрад Бельскіх быў абвінавачаны ў рабаваньні мясцовых сялянаў і паўстала пагроза яго раззбраеньня. Тувія здолеў пераканаць партызанскае кіраўніцтва ў тым, што габраі хочуць змагацца, а не пераседзець вайну ў лесе. Атрад дзейнічаў у Налібоцкай пушчы, і пасьля зьмены назвы з Жукава на Арджанікідзэ быў улучаны ў склад брыгады імя Кірава, што падпарадкоўвалася баранавіцкаму падпольнаму абкаму КП(б)Б. Пазьней ён быў падзелены на два аддзелы – баявы (Арджанікідзэ) і сямейны (Калініна). Браты таксама былі разьведзеныя па розных адзінках. У кнізе распавядаецца пра баявую дзейнасьць і розныя аспэкты штодзённага жыцьця ў атрадзе: акцыі помсты мясцоваму насельніцтву, рэквізыцыі, полавыя ўзаемаадносіны, праблемы з асобым аддзелам брыгады ды іншыя пытаньні, якія не закраналіся ў афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі. Пры ўсім тым атрад Бельскіх быў, хутчэй за ўсё, «нармальным» партызанскім атрадам, і ўсе зьявы, уласьцівыя савецкім партызанам, не абмінулі і партызанаў габрайскіх – у прыватнасьці, жорсткія пакараньні калябарантаў ды іхных сем’яў, улучна з малымі дзецьмі, і забойствы байцоў атраду за рэальныя і ўяўныя правіны. У атрадзе назіралася барацьба за ўладу паміж асобамі й групоўкамі. Тым ня менш, атрад зрабіўся, поруч з падобнымі фармаваньнямі ў іншых рэгіёнах, напрыклад атрадам Зорына ў ваколіцах Менску, асноўным ратаўніком габраяў рукамі габраяў. Яго дзейнасьць абвергла пракаветны міт пра жыдоўскую нацыю як нацыю баязьліўцаў, няздольных узяцца за зброю. У пэўным сэнсе яна рэабілітавала і надала годнасьці пакутам соцень тысяч ахвяраў гітлераўскага генацыду. Кніга Дафі чытаецца месцамі як захапляльная прыгодніцкая кніга пра экзатычныя мясьціны, якія мала нагадваюць Беларусь. Даволі часта ўзгадваюцца пакуты мясцовых сялянаў ад рук «людзей са стрэльбамі» з самых розных нацыянальных і палітычных фармаваньняў. Пры гэтым на памяць прыходзяць радкі Тадэвуша Канвіцкага пра тое, што ўся вайна і партызанка ў Беларусі адбывалася «ў двары беларускага селяніна, які цярпеў за невядомыя сабе самому правіны». Цікавым прадуктам спалучэньня калекцыянэрскага запалу і прэтэнзіі на навуковы падыход да падзеяў другой сусьветнай вайны зьяўляецца кніга А. Муньяса і А. Раманько пад кідкай і не зусім адэкватнай назвай «Гітлеравы беларусы: Калябарацыя, вынішчэньне і антыпартызанскія баявыя дзеяньні ў Беларусі, 1941–1944». Кніга выйшла ў выдавецтве «Эўропа Букс», што спэцыялізуецца на літаратуры па ваеннай гісторыі Трэцяга Райху. Тэкст напісаны пераважна ўкраінскім гісторыкам Алегам Раманьком і перакладзены на ангельскую, з прадмовай і дапаўненьнямі энтузіяста ваеннай гісторыі Антоніё Муньяса. Як відаць з прадмовы й спасылак, у тэксьце шырока скарыстаныя матэрыялы і фатаздымкі з архіваў Беларусі, Украіны, Расеі, Нямеччыны, ЗША, Ізраілю ды іншых краінаў, падаюцца шматлікія зьвесткі па структурным і колькасным складзе вайсковых фармаваньняў, кшталце ўзбраеньня, храналёгіі апэрацыяў, камандзірах адзінак ды інш. Кніга падае агляд калябаранцкіх арганізацыяў і вайсковых фармаваньняў у Беларусі, а таксама кароткі нарыс найноўшай беларускай гісторыі. Падрабязна разглядаюцца нямецкія вайсковыя й паліцыйныя структуры і фармаваньні іншых народаў на нямецкай службе ў Беларусі падчас вайны. Дэталёва апісваюцца эпізоды антыпартызанскай вайны і карныя апэрацыі зь пералікам прыцягнутых да іх сілаў. Аднак адсутнасьць назваў разьдзелаў і няўцямная структура кнігі робяць яе не зусім выразнай кампіляцыяй значнага паводле аб’ёму матэрыялу. Тым ня менш, вялікая праца па зьвядзеньні разам зьвестак пра нямецкія, калябаранцкія і партызанскія сілы, разгляд працэсу вынішчэньня габраяў і наагул нямецкай палітыкі ў дачыненьні да насельніцтва акупаванага абшару Беларусі ў спалучэньні са значнай колькасьцю візуальнага матэрыялу (фатаздымкі, мапы, дыяграмы, табліцы рангаў і знакаў вайсковай ідэнтыфікацыі) можа быць каштоўным даведачным рэсурсам па гісторыі Беларусі ў другой сусьветнай вайне. У дадатку прыводзяцца кароткія біяграфіі кіраўнікоў акупацыйных сілаў і вайсковых дзеячоў, як нямецкіх, так і калябаранцкіх беларускіх, сьпіс нямецкіх вайсковых тэрмінаў, бібліяграфія пытаньня і шмат чаго іншага. Разам з тым, дзеля фактычных памылак, неадпаведна атрыбутаваных фатаздымкаў, непасьлядоўнай транскрыпцыі і іншых хібаў з гэтага рэсурсу трэба чэрпаць з асьцярогай. Асабліва дзіўным зьяўляецца паралельнае бессыстэмнае ўжываньне тэрмінаў «Byelorussia/Byelorussian» і «White Russia/White Russian», а таксама выразаў кшталту «Central and White Russian». Значным дасягненьнем у асьвятленьні Галакосту і наагул падзеяў вайны ў Беларусі можна лічыць выдадзены ў Нямеччыне зборнік «Ці існуе яшчэ гета? Беларусь: выпрабаваньні на долю габраяў падчас панаваньня нацызму». Выданьне падрыхтаванае Праектнай групай «Беларусь» з Кёльну, якая на працягу 1999–2001 гг. правяла сэрыю інтэрвію з адзінаццацьцю беларускімі габраямі, якія перажылі Галакост, і адной беларускай – сьведкай падзеяў, якая са свайго пункту гледжаньня ўспамінае час вайны й антысэміцкі перасьлед. Акцэнт у інтэрвію рабіўся на ўспрыманьні вязьнямі гета штодзённага гвалту і сьмерці, барацьбе з голадам, спробах уратавацца (у сховах-малінах). Асобна разглядалася раней табуяваная тэма гвалту над жанчынамі. Кожнае з дванаццаці інтэрвію – гэта жудасны аповед пра чалавечую гнюсьбу і высакароднасьць, пра сьмерць і выратаваньне. Кожны з аповедаў дадае да разуменьня жахлівага існаваньня і вынішчэньня габраяў у час акупацыі, прыводзіць маленькія дэталі штодзённага жыцьця і лёсавызначальных момантаў, бязь веданьня якіх цяжка спасьцігнуць вайну і Галакост у Беларусі ўва ўсёй паўнаце і складанасьці. У другой частцы кнігі даецца падборка артыкулаў пра Галакост у Беларусі, напісаных навукоўцамі й сьведкамі падзеяў. Да апошніх належаць вязьні Менскага гета Фэлікс Ліпскі й Гайнц Розэнбэрг, дэпартаваны ў Менск з Гамбургу. Крыстыян Герлах закранае эканамічныя інтарэсы і акупацыйную палітыку Нямеччыны ў Беларусі ў сувязі з вынішчэньнем габраяў. Паўль Коль разглядае стварэньне і дзейнасьць лягеру сьмерці ў Трасьцянцы. Дыяна Зібэрт і Леанід Сьмілавіцкі аналізуюць жыцьцё беларускіх габраяў адпаведна да і пасьля другой сусьветнай вайны і Галакосту. Андрэас Галендэр, рэдактар зборніку, дасьледуе самасьцьвярджэньне і волю да супраціву сярод беларускіх габраяў. Гайнэр Ліхтэнштайн разглядае пытаньні пакараньня нацысцкіх злачынцаў пасьля вайны ў ФРГ і ГДР. Надзвычай цікавым зьяўляецца артыкул пра Менскае гета Данілы Раманоўскага з Габрайскага ўнівэрсытэту – аўтарытэтнага дасьледніка Галакосту на Смаленшчыне, Браншчыне й Ўсходняй Беларусі. Ён сьцісла і зьмястоўна разглядае гісторыю гета, сацыяльныя дачыненьні і штодзённае жыцьцё, адносіны зь негабраямі, актыўны і пасіўны супраціў, «гамбурскае» гета для дэпартаваных з Цэнтральнай Эўропы. Кароткія нататкі Натальлі Яцкевіч і Ганны Кляйн (чамусьці не пазначаныя ў зьмесьце) таксама дадаюць да разуменьня асобных аспэктаў і структураў Галакосту ў Беларусі. У тэксьце сустракаецца шэраг памылак, зробленых пры перакладзе на нямецкую мову. Як і ўва ўсіх разгляданых тут кнігах, аўтары маюць блытаніну ў разьмежаваньні паняцьцяў беларускі/расейскі што да мясцовага негабрайскага насельніцтва. Але ўвогуле кніга ёсьць несумненнай удачай і можа быць захапляльным (хоць і дэпрэсіўным!) чытвом для ўсіх, хто цікавіцца ваенным пэрыядам. Кніга шмат дадае да разуменьня вайны, Галакосту і – што найбольш важна для аўтара гэтых радкоў – да разуменьня беларускага народу і аналізу групавых паводзінаў у экстрэмальных абставінах. Гэтаму разуменьню, дарэчы, маглі б паспрыяць сыстэматычныя праекты па фіксаваньні вуснай гісторыі ваеннага часу, а таксама часу да- і пасьляваеннага. Спарадычныя запісы ад паасобных сьведкаў без захаваньня належных умоваў фіксаваньня інфармацыі (прагляд і подпіс пад транскрыптам, умовы ананімнасьці/галоснасьці і г. д.), што праводзіліся і праводзяцца дагэтуль, ня могуць адлюстраваць падзеяў ува ўсёй паўнаце і праз гэта ня могуць даць аб’ектыўнага аналізу апошняй вайны. Час сыходзіць, і такая аб’ектыўнасьць, напэўна, ужо ня стане рэальнасьцю. Між тым, без максымальна аб’ектыўнага разгляду падзеяў вайны, без адкрытай дыскусіі пра яе немажліва гэтую вайну «закончыць», г. зн. зрабіць адпаведны аналіз і падвесьці вынікі ў разглядзе паводзінаў вялікай сацыяльнай групы (народу) на «пераломе», а затым адпаведна выкарыстаць гэты аналіз і вынікі, прыcтасаваныя да бягучых і будучых падзеяў у нашай краіне. Яна ня скончыцца, пакуль ня стане вядомай уся праўда. А пакуль можна адзначыць, што ў кожнай з разгледжаных тут кніг пра вайну і Галакост ёсьць згадкі пра беларусаў, якія ратавалі суайчыньнікаў-габраяў, рызыкуючы жыцьцём сваім і сваіх крэўных. І ня мужныя выведнікі й адважныя падрыўнікі, а менавіта яны, гэтыя выратавальнікі, людзі зь іхнымі неімпазантнымі, някідкімі ўчынкамі, ёсьць сапраўднымі героямі гэтай няскончанай яшчэ вайны.
|
2 Напрыклад: John K. Roth, review on: Yehuda Bauer. Rethinking the Holocaust. Yale UP, New Haven CT, 2001; Raul Hilberg. Sources of Holocaust Research: An Analysis. Ivan R. Dee, Chicago, 2001 // Holocaust and Genocide Studies, vol. 17, no.1, Spring 2003. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (33) – 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |