A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (33) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
АЛЯКСЕЙ ЗНАТКЕВІЧ | ||||||
|
Аляксей Знаткевіч
|
журналіст, перакладчык. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Дашкаўцы Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Апошняя публікацыя ў «ARCHE» пераклад апавяданьня Мілана Кундэры «Эдуард і Бог». |
Паводле Фукуямы, гісторыя чалавецтва як пошук ідэальнай мадэлі грамадзтва скончылася. Сучасны лібэральна-дэмакратычны капіталізм (далей ЛДК)3 - няважна, у амэрыканскім, японскім ці адным з эўрапейскіх варыянтаў - стварае найлепшыя ўмовы, каб задаволіць два рухавікі, якія разам з розумам фармуюць сутнасьць чалавека: «жаданьне» ў шырокім сэнсе і «прагу прызнаньня»4. Фукуяма піша: «Мы ня можам намаляваць сабе сьвет, які сутнасна адрозьніваецца ад цяперашняга і адначасна лепшы за яго»5.
Краіны, дзе пануе ЛДК, ужо жывуць у «постгісторыі». Тыя краіны, што пакуль сядзяць у «гісторыі», рана ці позна да «постгісторыі» дабяруцца ці памруць у дарозе6. Пры гэтым Фукуяма засьцерагае ад разуменьня, што ўсе альтэрнатывы ЛДК зьнікнуць блізкім часам. Ён таксама ня піша, што ўсе праблемы ўнутры цяперашніх ЛДК і на глябальным роўні хутка вырашацца. Ён нават не дае цьвёрдага абяцаньня, што чалавецтва больш не сутыкнецца з катастрофамі накшталт першай ці другой сусьветнай вайны. Але, паводле яго, вядомыя цяпер альтэрнатывы ЛДК (такія, як камунізм ці ісламскі фундамэнталізм) з часам стануць усё менш прывабныя, а прынцыпова новыя ня зьявяцца. Усе праблемы можна вырашыць, не зьмяняючы сыстэмных прынцыпаў ЛДК, а імавернасьць новай глябальнай вайны будзе надалей зьмяншацца. Любая тэза накшталт «мы пабудавалі найлепшы магчымы сьвет» правакуе на пярэчаньні. Крытыкаў было шмат, таму і тэза пра канец гісторыі абвяргаецца больш чым адным спосабам, як шахматны эцюд зь некалькімі рашэньнямі. Найбольш цікавым падаецца зьедлівы камэнтар рэдактара кансэрватыўнага амэрыканскага часопісу «The New Criterion» Роджэра Кімбала: Прыхільнасьць спадара Фукуямы да Гегелевай дыялектыкі прыводзіць да некаторых дзіўных перакручваньняў. На пачатку сваёй кнігі ён зазначае, што «можна гаварыць пра гістарычны працэс, толькі калі ведаеш, куды чалавецтва ідзе». Але хіба так? Хіба для таго, каб вызначыць прагрэс, ня трэба хутчэй веданьне таго, дзе чалавецтва было, чым таго, куды яно ідзе? <…> Ці сапраўды надзейны праваднік Г. В. Ф. Гегель, пры ўсёй павазе да ягонай геніяльнасьці? Ці сам Фукуяма? Не: каб абвясьціць прагрэс, нам трэба гісторыя – сьціплае апісаньне таго, як чалавек жыў і пакутаваў, – а не прароцтва. Кімбал таксама піша, што «дваццатае стагодзьдзе пазнаёміла нас у жудасна падрабязных дэталях з тым, што адбываецца, калі зь людзьмі абыходзяцца як з «момантамі» ў безасабовай дыялектыцы». Сапраўды, Фукуямава філязофія падобная да артадаксальнага марксызму, бо і першая, і другі грунтуюцца на гегелеўскай «гістарычнай неабходнасьці». Толькі ў Фукуямы найвышэйшай формай грамадзтва замест камунізму робіцца ЛДК. Таму ня дзіўна, што Фукуяму запісваюць у шэрагі «лібэральных фундамэнталістаў». Як заўважае беларускі палітоляг Юры Дракахруст, іншае магчымае абвяржэньне Фукуямавай тэорыі палягае ў тым, што ягоную «найлепшую з усіх магчымых сыстэмаў» могуць зьнішчыць, не абцяжарваючы сябе ідэалёгіяй «сутнасна адрознай і адначасна лепшай» за ЛДК. У свой час Рымскую імпэрыю і цывілізацыю разбурыў не канкурэнт-Карфаген, а натоўпы барбараў. Пагатоў відавочна, што цяперашнім барбарам не абавязкова будзе хадзіць натоўпамі. Зброя масавага зьнішчэньня дае ім новыя магчымасьці. Сам Фукуяма, выглядае, ня бачыць у гэтым супярэчнасьці. У разьдзеле пад аптымістычнай назвай «Барбараў каля брамы няма» ён піша, што не засталося ніводнай часткі чалавецтва, якая была б незнаёмая з навуковым прагрэсам і яго патэнцыялам. Пасьля магчымай глябальнай ядзернай вайны ці экалягічнай катастрофы тыя, хто ўратуецца (калі ўратуецца), рана ці позна будуць вымушаныя зноўку выпусьціць джына тэхналёгіі на волю. А тэхналёгія разам з «прагай прызнаньня» некалі прывядуць усіх да найлепшага магчымага сьвету ЛДК. Фукуяма гэтак заканчвае разьдзел: Сапраўды цыклічную гісторыю можна ўявіць, толькі калі нейкая цывілізацыя зьнікне, зусім не пакінуўшы адбітку на наступных. Гэта сапраўды здаралася да вынаходкі сучасных прыродазнаўчых навук. Сучасныя прыродазнаўчыя навукі, аднак, настолькі магутныя – як для дабра, гэтак і для зла, – што вельмі сумнеўна, ці магчыма іх некалі забыць альбо «ня вынайсьці» пры ўмовах іншых, чым зьнішчэньне чалавечай расы8. Пры такім падыходзе да тэорыі растлумачыць ёю можна ўсё што хочаш. Ніводная магчымая зьява, улучна з глябальнай ядзернай вайной ці ўсясьветным патопам, яе не абвяргае. А калі вынішчэньне чалавечай расы таксама тэорыі не пярэчыць, дык пасьлядоўнасьць вымушае сказаць, што гэтае вынішчэньне, а не ЛДК, і ёсьць сапраўднай «гістарычнай неабходнасьцю». Выглядае, што і сам Фукуяма ня дужа сур'ёзна ставіўся да галоўнай тэзы сваёй тэорыі. Але бяз гэтай тэзы наўрад ці ягоная кніга мела б такі розгалас. Таму, зьняўшы слана з страхі, варта паглядзець, на што прыдатны сам будынак.
У падмурку ляжыць вэрсія чалавечай прыроды з трох кампанэнтаў - жаданьня, розуму і годнасьці / прагі прызнаньня. 1) Пад жаданьнем маецца на ўвазе інстынкт самазахаваньня, прыродныя патрэбы, кшталту голаду ці смагі, але таксама імкненьне да дабрабыту, то бок матэрыяльнага камфорту. У гэтым сэнсе жаданьне ня можа спыніцца, бо ўзровень пажаданага дабрабыту будзе расьці сьледам за дабрабытам атрыманым. 2) Калі нехта ня ведае, што такое розум, дык дзіўна, што ён аж дасюль дачытаў гэты тэкст9 . 3) Годнасьць і прага прызнаньня гэтай годнасьці - гэта спэцыфічнае жаданьне атрымаць прызнаньне ад іншых людзей, што ты - чалавечая істота, роўная ім ці вышэйшая за іх (адпаведна можна адрозьніць «раўнагоднасьць» і «звышгоднасьць»10 ). Фукуяма тлумачыць, што годнасьць нельга лічыць проста адным з магчымых жаданьняў, бо яна часам перамагае ў чалавеку базавае жаданьне - інстынкт самазахаваньня. Паводле Фукуямы, жаданьне разам з навуковым прагрэсам рухае ўсё чалавецтва да капіталізму / вольнага рынку. Менавіта рынак найлепшым чынам дапамагае задаволіць прагу матэрыяльнага камфорту ў найбольшай колькасьці людзей. Адначасна годнасьць штурхае чалавецтва да лібэральнай дэмакратыі, бо ЛДК дазваляе найбольшай колькасьці людзей атрымаць «раўнагоднасьць». Два гэтыя рухавікі разам, зьвязаныя міжсобку розумам, цягнуць вагоны гісторыі ў адным кірунку - да перамогі ЛДК ува ўсім сьвеце.
Аддзяленьне годнасьці ад звычайных інстынктаў для Фукуямы прынцыповае - яно аддзяляе яго тэорыю ад клясычнага лібэралізму пасьлядоўнікаў Джона Лока. Для апошніх чалавек - гэта ня больш чым рацыянальная жывёла. Нездарма Фукуяма піша, што першабытныя людзі пачалі змагацца паміж сабой не за матэрыяльныя рэсурсы, а за «чысты прэстыж». У сваіх філязофскіх акцэнтах, як і ў палітычным жыцьці, Фукуяма - тыповы «правы»11 . Ён зазначае, што цьверджаньні пра канец гісторыі найбольш падатлівыя для крытыкі менавіта з боку правіцы. Фукуяма шчодра цытуе Ніцшэ зь яго пагардай да «апошняга чалавека», які думае выключна пра самазахаваньне. Сам ён таксама мае што сказаць наконт гэтага: У Амэрыцы сёньня мы адчуваем за сабой права крытыкаваць звычку да курэньня іншага чалавека, але не ягоныя ці ейныя рэлігійныя перакананьні ці маральнасьць паводзінаў. Для амэрыканцаў здароўе іх целаў – што яны ядуць і п’юць, якія практыкаваньні робяць, у якой яны форме – стала значна большай апантанасьцю, чым маральныя пытаньні, ад якіх пакутавалі іх продкі. Цікава, што ў тым асобніку кнігі «Канец гісторыі і апошні чалавек», які я ўзяў у бібліятэцы, была толькі адна зацемка некага з ранейшых чытачоў. Менавіта побач з тырадай, цытаванай вышэй, нехта дапісаў асадкай: «Bullshit, forebears wanted to eat most of all»12. Ад якіх маральных пытаньняў пакутавалі папярэднікі, можна даведацца з кніг, калі верыць іх аўтарам і ранейшым чытачам. А вось вызначыць, дзеля чаго пачалі змагацца міжсобку нашыя продкі, - праца ня зь лёгкіх, бо ў іх пра гэта ўжо не запытацца. Паколькі гэты артыкул ня ёсьць спробай некага пераконваць у існаваньні гістарычнага прагрэсу ці дэградацыі, гэтую працу лепей пакінуць іншым. Але кожны можа адказаць сабе сам, ці пакутуе ад нейкіх маральных пытаньняў, ці хоча толькі паесьці-папіць-патрахацца ў камфорце і дабрабыце. Апроч таго, можна паназіраць за навакольным сьветам і вырашыць, якая мадэль чалавека дазваляе вытлумачыць больш фактаў - «жаданьні+розум» ці «жаданьні+розум+годнасьць»13.
|
1 Фукуяма таксама працаваў у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША ў часы адміністрацыяў Рональда Рэйгана і Джорджа Буша-старэйшага. Акрамя навуковай і выкладчыцкай працы, Фукуяма цяпер займае пасаду ў камісіі па біяэтыцы пры прэзыдэнту Джорджу Бушу-малодшым. У 1997 годзе ён стаў адным з 25 першых удзельнікаў Праекту для новага амэрыканскага стагодзьдзя, які распрацоўвае стратэгіі захаваньня ЗША ролі сусьветнага лідэра. 2 Надалей у гэтым артыкуле пад Фукуямавай кнігай маецца на ўвазе менавіта «Канец гісторыі і апошні чалавек», хоць ад часу яе выданьня выйшлі яшчэ тры ягоныя кнігі. 3 У кнізе ў асноўным выкарыстоўваецца тэрмін «liberal democracy». Фукуяма тлумачыць, што «liberal« тут выкарыстоўваецца і ў значэньні рынкавай эканомікі/капіталізму, і ў значэньні абароны законам правоў асобы. Ён таксама піша, што ў палітычнай сыстэме дэмакратыя і лібэралізм звычайна спалучаныя, але магчымыя выняткі. Як прыклад лібэральнай краіны, якая не была дэмакратыяй, Фукуяма называе Брытанію XVIII стагодзьдзя. У сучасным Іране, піша ён, праводзяць рэгулярныя і даволі справядлівыя, паводле стандартаў разьвіцьцёвых краін, дэмакратычныя выбары. Але Іран нельга назваць лібэральнай краінай, бо там няма гарантыяў свабоды слова, сходаў і, перадусім, свабоды веравызнаньня. 4 Больш падрабязна пра гэтыя паняткі – у наступным разьдзеле. 5 У сваім разуменьні «канца гісторыі» Фукуяма грунтуецца на тэорыі Гегеля ў інтэрпрэтацыі францускага філёзафа Аляксандра Кажэфа, які нейкі час быў чыноўнікам эўрапейскай супольнасьці. Цікава, што ў сваёй лекцыі «Ці пачалася гісторыя наноў пасьля 11 верасьня?» Фукуяма кажа, што менавіта жыхары Эўразьвязу, у адрозьненьне ад амэрыканцаў, лічаць, што канец гісторыі ўжо настаў ува ўсім сьвеце і замест сілавых мэтадаў у міжнародную палітыку прыйшло вяршэнства закону. Сьледам за іншым амэрыканскім дасьледнікам Робэртам Каганам Фукуяма гаворыць, што «мір і бясьпека ў іх эўрапейскай бурбалцы гарантаваныя, па вялікім рахунку, амэрыканскай вайсковай сілай. Безь яе яны самі хутка былі б зацягнутыя назад у гісторыю». 6 Зрэдку ў кнізе сустракаюцца адкрытыя (хоць і лёгкія) сумневы ў тым, што ўсё чалавецтва ідзе ў адным кірунку, што гэты кірунак - ЛДК і што, прыйшоўшы туды, людзі засядуць там назаўсёды. 7 Пры канцы кнігі Фукуяма сам піша пра магчымыя новыя альтэрнатывы з боку левых ідэалёгіяў, якія будуць патрабаваць яшчэ большай роўнасьці паміж людзьмі, у тым ліку з дапамогай сучасных дасягненьняў біялёгіі, а таксама пра радыкальныя экалягічныя рухі, якія прапануюць даць, для пачатку, некаторым відам жывёлаў роўныя з чалавекам правы. У сваёй трэцяй кнізе «Our Posthuman Future», выдадзенай у 2002 годзе, Фукуяма разглядае гэтыя альтэрнатывы і адмаўляецца ад ідэі «канца гісторыі», бо навуковы працэс бясконцы і можа зьмяніць нават біялягічную структуру чалавека. Фукуяма выступае супраць гістарычнага разьвіцьця ў гэтым кірунку, бо гэта будзе ўжо не «чалавечая» гісторыя. 8 Выдзелена мною. - Аўт. 9 Можна пачаць разважаць, што чалавечы розум, як любая сыстэма, ня можа аналізаваць сам сябе, але ў гэтым артыкуле няма спробы давесьці бязьмежныя магчымасьці чалавечага розуму. 10 Для празрыстасьці я сьвядома пазьбягаю ў перакладзе захаваньня з арыгіналу грэцкіх ці стварэньня гібрыдных тэрмінаў кшталту «ізатымас» ці «мэгалагоднасьць». 11 Вакол палітычных азначэньняў «правы-левы» шмат блытаніны. У гэтым артыкуле «правы» - той, хто акцэнтуе важнасьць няроўнасьці паміж людзьмі для эканамічнага разьвіцьця грамадзтва і неабходнасьць «звыш-годнасьці» для задавальненьня чалавека. «Левыя», адпаведна, робяць акцэнт на роўнасьць разьмеркаваньня дабрабыту і важнасьць «раўнагоднасьці» паміж людзьмі.
|
Чалавечую «годнасьць» тут не абавязкова разумець у звычайным пазытыўным сэнсе. Беларускае пажаданьне «каб і ў суседа карова здохла» - гэта таксама прыклад «раўнагоднасьці». Ды й пажаданьне ня толькі беларускае.
Напрыклад, некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што калі чалавеку прапаноўваюць выбар - заробак на нейкія там 300 талераў/рублёў/тугрыкаў і ў астатніх гэткі ж альбо яму 700, а ўсім па 1000, - дык ён збольшага выбера першы варыянт. Калі за гэтыя 300 можна фізычна пражыць. Фукуяма, сьледам за шэрагам іншых дасьледнікаў, піша, што рэвалюцыі часта адбываюцца не тады, калі сярэдні жыцьцёвы ровень павольна падае, а калі гэты ровень ніжэйшы і расьце павольней, чым у суседзяў. Тут важна, з кім параўноўваюць сябе людзі. Нездарма беларуская ўлада і апазыцыя збольшага спрабуюць накіраваць погляды насельніцтва ў супрацьлеглыя бакі - адпаведна на ўсход/поўдзень і на захад/поўнач. Хоць беларускае тэлебачаньне ахвотна раскажа пра жахі Польшчы, Літвы і Латвіі, усё ж больш выйгрышныя для прапаганды праблемы Расеі з Украінай. Зацятым эканамічным лібэралам варта было б яшчэ раз падумаць над традыцыйным беларускім пытаньнем: што важнейшае - мова ці каўбаса? Ніхто не заклікае адмаўляцца ад каўбасы, але ня першы год стабільна ня спраўджваецца тэза пра тое, што калі стане жыць горш, людзі «дастануць сякеры з-пад лавы».
Не пагаджаючыся з Фукуямам у тым, што ЛДК - найлепшае з магчымых грамадзтваў, можна адначасна вылучыць гіпотэзу, што для большасьці жыхароў яно лепшае за альтэрнатывы, якія існуюць зь ім побач. На карысьць гэтай гіпотэзы сьведчаць кірункі міграцыі насельніцтва. Няшмат жыхароў Эўразьвязу ці ЗША імкнуцца пераехаць на сталае месца жыхарства ў Беларусь. Хоць дакладную статыстыку цяжка знайсьці, рух у зваротным кірунку выглядае значнейшым. Нехта можа запярэчыць, што для «пераезду з постгісторыі ў гісторыю» існуюць вялікія культурныя і бюракратычныя бар'еры. На гэта можна адказаць, што бар'еры ўзаемныя і таму мусілі б стрымліваць міграцыю з двух бакоў. Тэарэтычна прасьцей пераехаць з Захаду ў Беларусь, Іран ці на Кубу, чым наадварот. Тым ня менш не назіраецца вялікага прытоку маладых немцаў ці палякаў у Беларусь, нягледзячы на высокі ровень беспрацоўя ў Польшчы і Нямеччыне.
|
12 «Лухта, продкі перадусім хацелі есьці» (анг.). 13 Як адзначае Томас Кун у сваёй клясычнай кнізе «Структура навуковых рэвалюцыяў», каб быць прынятай, тэорыя павінна выглядаць лепей за сваіх канкурэнтаў, але яна не павінна і ў прынцыпе ня можа тлумачыць усе факты, зь якімі сутыкаецца. Кун зрабіў такую выснову з свайго дасьледаваньня гісторыі прыродазнаўчых навук. Але для спробаў растлумачыць чалавека і грамадзтва яна пасуе нават лепей.
|
Крытыкі ЛДК зь левага лягеру на Захадзе падзяляюцца на дзьве групы. Адны адмаўляюцца ад традыцыйнага марксызму-ленінізму і прапануюць новыя альтэрнатывы. Другія ўсё яшчэ намякаюць, што рэальныя мадэлі сацыялізму14, якія зьявіліся ў XX стагодзьдзі і захаваліся дагэтуль, лепшыя за ЛДК. Шэраг прыкладаў дае амэрыканскі дасьледнік Дэвід Майкл Сьміт з каледжу Мэйнлэнду ў сваёй крытыцы «Пераасэнсаваньне «Канца гісторыі»: пасьпешлівы нэкралёг па сацыялізьме ад Фрэнсыса Фукуямы». Спачатку ён, аднак, прызнае, што сацыялізм перажывае цяжкія часы, і падкрэсьлівае, што ягоная крытыка ня ёсьць спробай апраўдаць сталінізм і заганы існых сацыялістычных краін. Ён, аднак, называе Кубу і Паўночную Карэю «сацыялістычнымі рэжымамі з народнай падтрымкай». Сьміт таксама падае як прыклад існых краін з элемэнтамі сацыялізму Лібію, Вэнэсуэлу, Анголу і Эфіёпію. Акрамя таго, ён адзначае лякальныя посьпехі левых паўстанцаў у шэрагу краін - напрыклад у Пэру ці Нэпале, - а таксама падкрэсьлівае марксысцкія элемэнты ў нацыянальных рухах палестынцаў, курдаў і г. д. Аднак Сьміту не стае ўпэўненасьці, каб наўпрост сказаць, што нейкая зь існых сацыялістычных краін лепшая за ЛДК, і каб прапанаваць яе як прыклад для перайманьня ў «постгістарычных» грамадзтвах. Замест гэтага Сьміт піша:
Мая мэта пры называньні гэтых размаітых марксысцкіх і сацыялістычных рухаў ня ў тым, каб адназначна падтрымаць кожны зь іх, але каб падкрэсьліць устойлівасьць сацыялістычных памкненьняў і рухаў на большай частцы плянэты, нягледзячы на развал традыцыйных «камуністычных» рэжымаў у Савецкім Саюзе і іншых краінах. У гэтым кантэксьце варта зазначыць, што нават у некаторых прасунутых мясцовых капіталістычных грамадзтвах марксысцкія і сацыялістычныя партыі аднаўляюцца, адраджаюцца і вынаходзяцца наноў. Такога кшталту крытыка паказвае толькі тое, што камунізм яшчэ не сканаў, але ня тое, што ён ізноў набірае моц. Цікава тут яшчэ й тое, што ўзоры камуністычнага посьпеху часьцей бяруцца з «гістарычнага» грамадзтва. Напрыклад, Сьміт называе расейскую кампартыю пракапіталістычнай, нацыяналістычнай і апартуністычнай арганізацыяй, і адначасна ўсур'ёз піша, што «дзясяткі мільёнаў (sic!) расейскіх рабочых далучыліся да марксысцкіх і сацыялістычных арганізацыяў, адданых ідэі сацыялістычнай рэвалюцыі ў сваёй краіне». І прадказвае чарговую сацыялістычную рэвалюцыю ў Расеі15.
|
14 Сьміт не падае сваіх крытэраў падзелу грамадзтваў на сацыялістычныя і капіталістычныя. Паводле Фукуямы, найважнейшы падзел - у прынцыповым стаўленьні дзяржавы да прыватнай уласнасьці і рынку. Нельга вызначыць патрэбны працэнт дзяржаўнай уласнасьці для сацыялізму. Напрыклад, Швэцыя - бясспрэчна капіталістычная краіна. Сацыялізм пачынаецца, калі ўлада гаворыць, што рынак - гэта кепска, а замест яго дзяржава навядзе сацыяльную справядлівасьць. Гэтаму крытэру збольшага адпавядае і цяперашняя Беларусь.
|
Пішучы пра левых мысьляроў на Захадзе, Фукуяма зьедліва зазначыў, што ў пачатку 1980-х большасьць зь іх ужо ня верыла, што савецкі камунізм - гэта іх будучыня. «Але ў левым лягеры захавалася вера ў легітымнасьць марксызму-ленінізму для іншых людзей, і гэтая вера звычайна павялічвалася ў прапорцыі да геаграфічнай і культурнай дыстанцыі».
Было б несправядліва казаць, што гэтая заўвага наўпрост тычыцца Сьміта, які не абмяжоўваецца крытыкай ЛДК16, а прапануе ўнівэрсальную альтэрнатыву. Вось толькі гучыць яна расплывіста: Я лічу, што новыя радыкальныя рабочыя рухі ў дваццаць першым стагодзьдзі павінны аднавіць і вярнуць сабе бачаньне дэмакратыі працоўных і сапраўднага інтэрнацыяналізму, якія былі ў сэрцы першапачатковага марксысцкага праекту. Не спрачаючыся з тым, што ідэі Леніна адрозьніваліся ад першапачатковага марксызму, можна прыгадаць словы Ігара Губэрмана, што «ідэя, кінутая ў масы, – гэта дзеўка, кінутая ў полк». Таму, вяртаючыся да старых апрабаваных ідэяў, варта памятаць, як менавіта іх апрабоўвалі. Новыя ідэі таксама часам лепей было б спачатку выпрабоўваць на сабаках.
У 1996 годзе ў Менску мне давялося пазнаёміцца з амэрыканскім прафэсарам Расэлам Гарысанам. Той выкладаў у лінгвістычным унівэрсытэце па нейкай праграме абмену, а ў дадатак рэдагаваў тыднёвік, які я тады перакладаў на ангельскую. Гарысан называў сябе «камуністам без партбілета», хваліў Лукашэнку і сацыялізм і казаў, што ў Менску значна чысьцей, чым у Нью-Ёрку. З апошнім цьверджаньнем я быў абсалютна згодны, бо Нью-Ёрк ужо наведваў. Я толькі асьцярожна прапаноўваў, што варта было б паглядзець, як жывуць людзі па-за Менскам, пачытаць газэты і паглядзець тэлевізар, чаго Гарысан, прынамсі за першы год свайго побыту ў Беларусі, не зрабіў. Тэарэтычны камуніст Гарысан, аднак, зьдзіўляўся зь некаторых практычных праяў «рынкавага сацыялізму». А мой аповед пра спрэчку ў мэтро з агрэсіўным дзядзькам (які сьпярша загадаў нейкаму падлетку зьняць з галавы хустку, а потым хваліў СССР і даводзіў мне, што ўсіх дэмакратаў трэба пастраляць) прафэсара ўвогуле зьбянтэжыў. Гарысан сказаў, што ў Амэрыцы так сябе паводзіць мог бы толькі «правы». Прафэсар таксама зьдзіўляўся, чаму ўва Ўсходняй Эўропе камуністаў цяпер больш падтрымліваюць сяляне, чым гараджане. Магчыма, што Гарысану было б лягчэй адказаць на свае пытаньні, калі б ён быў больш уважлівы да ўласнага літаратурнага густу. Неяк ён прынёс мне ў падарунак зборнік Чарлза Букоўскага, сказаўшы, што гэта яго ўлюбёны пісьменьнік і што ён сам напісаў пра Букоўскага кнігу «Against the American Dream»17.
|
15 Дарэчы, Сьміт таксама адназначна залічвае Кітай да ліку капіталістычных краін і прадказвае і там сацыялістычную рэвалюцыю супраць цяперашняй улады. 16 Паколькі ў гэтым артыкуле няма згоды з Фукуямавай заявай пра канец гісторыі, нельга пагадзіцца і зь ягонай тэзай пра адсутнасьць сыстэмных супярэчнасьцяў у ЛДК. Заявы пра такія супярэчнасьці ідуць з усіх бакоў: экалягічныя рухі папярэджваюць, што плянэта можа хутка ня вытрымаць тэмпаў эканамічнага росту, што прывядзе да катастрофы; левыя скардзяцца, што рэальнай дэмакратыі на Захадзе стала менш праз новую алігархію і далейшае расслаеньне грамадзтва; правыя гавораць пра заняпад сапраўднага рынку і дыктат масавага чалавека.
|
Праз год ува Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны я ўзяў Гарысанаву кніжку, але не адолеў яе. Спроба знайсьці ў Букоўскага як мага больш элемэнтаў марксызму мяне не натхніла. Тады замест марксысцкага аналізу я з задавальненьнем пачытаў «The Buk Book» – караценькія ўспаміны, напісаныя некім зь сяброў Букоўскага і шчодра ілюстраваныя яго здымкамі ў кампаніі голых сябровак.
Калі карыстацца крытэрамі Фукуямы, дык Букоўскі - менавіта «правы», а ня «левы», нягледзячы на ягоную пагарду да кансэрватыўных каштоўнасьцяў. У яго творах падкрэсьліваецца права асобы паводзіць сябе, як ёй хочацца самой, і дзякуючы гэтаму адчуваць перавагу над іншымі. Стаўленьне да Амэрыкі сваіх часоў Букоўскі выказаў у знакамітай фразе пра розьніцу паміж дэмакратыяй і дыктатурай: у дэмакратыі ты спачатку галасуеш, а потым выконваеш загады, а ў дыктатуры ня трэба марнаваць час на галасаваньне. Наўрад ці такая фраза магла нарадзіцца ў Букоўскага, калі б той жыў у СССР. Па-першае, марнаваць час на галасаваньне там усё роўна, мякка кажучы, заахвочвалі. Непарушны блёк камуністаў і беспартыйных павінен быў атрымаць свае 99,9 % падтрымкі. Па-другое, там такое пісьменьніцтва, хутчэй за ўсё, прывяло б Букоўскага ня толькі да скандальнай славы, але й да турмы, вар'ятні ці эміграцыі - у залежнасьці ад пэрыяду савецкай гісторыі. Фукуяма гэтак піша пра адну з асноўных ідэйных супярэчнасьцяў камунізму: такое грамадзтва будуюць, каб задаволіць прагу «раўнагоднасьці», але, каб распачаць рэвалюцыю і будаваць нешта новае, патрэбны людзі, якія маюць «звышгоднасьць». Нездарма ідэалістаў у любой рэвалюцыі даволі хутка выцясьняюць цынікі, а потым і першыя, і другія часта апынаюцца ня там, дзе ім хацелася. Каб захаваць ідэалістычны імпэт камунізму, даводзіцца ўвесь час весьці няспынную барацьбу з ворагамі. Таму заканамерная сталінская тэза пра абвастрэньне клясавай барацьбы з набліжэньнем да камунізму. Калі барацьба на зьнішчэньне суцішаецца, сыстэма пачынае загніваць. Але апошняе можна сказаць і пра радыкальныя «правыя» ідэалёгіі. Там, дзе на дзяржаўным роўні робяць абавязковым ідэал «звышчалавека», даводзіцца ваяваць з вонкавым ворагам і вынішчаць усё новых і новых «недачалавекаў» унутры свайго грамадзтва. Некаторых гэта не турбуе, і яны шчыра гавораць пра вайну і любое змаганьне з ворагамі як пра самакаштоўнасьць. Насьледуючы Ніцшэ, такую пазыцыю, напрыклад, выклаў расейскі пісьменьнік Эдуард Лімонаў у сваёй кнізе «Дысцыплінарны санаторый». Ён пісаў пры канцы 1980-х, што грамадзтвы Захаду і СССР мала чым адрозьніваюцца, бо і адны, і другія зрабілі з чалавека свойскую жывёлу. Крытыкі ў Францыі, дзе Лімонаў напісаў гэтую кнігу, назвалі яго філёзафам для скінгедаў. Вярнуўшыся ў Расею на пачатку 1990-х, Лімонаў заснаваў нацыянал-бальшавіцкую партыю, аб'яднаўшы ў ёй радыкалаў з абодвух полюсаў палітычнага поля. У нядаўнай кнізе «Новая Расея: абрысы будучыні», напісанай у Лефортаўскай турме18, Лімонаў закладае даволі лягічны падмурак пад «чырвона-карычневую» ідэалёгію. Ён зьняважліва піша пра пралетарыят і сучасную расейскую нацыю. Рухавіком любой рэвалюцыі ён называе маргінальную моладзь, якая (незалежна ад ідэалёгіі) незадаволеная існым парадкам, адчувае сябе лепшай за іншых і хоча адабраць уладу ў старэйшага пакаленьня. Лімонаў адкрыта падтрымлівае перавагу правоў гэтай меншасьці над большасьцю, выводзячы гэта зь біялягічнай няроўнасьці.
|
17 «Супраць амэрыканскай мары» (анг.).
|
Натуральна, што такія ідэі ня выклічуць энтузіязму ў таго, хто лічыць сябе большасьцю. Тыя, хто лічыць сябе мацнейшымі за іншых, таксама часта больш схільныя змагацца за ідэю роўных магчымасьцяў для людзей з рознымі здольнасьцямі, чым за эгаістычны закон джунгляў. Нездарма Лімонаў з павагай піша пра такіх радыкальных расейскіх дысыдэнтаў, як Уладзімер Букоўскі (ня блытаць з Чарлзам).
У дадатак, пакуль існуе «гістарычная» частка сьвету, радыкальным правым «постгістарычнай» часткі могуць параіць пераехаць туды і там шукаць прыгодаў на ўласную задніцу ды не тлуміць «апошнім людзям» галаву. Таму «новыя правыя» прапануюць і іншыя абгрунтаваньні сваіх ідэяў. Той жа Лімонаў у «Дысцыплінарным санаторыі» выводзіў неабходнасьць разбурэньня цяперашніх грамадзтваў з таго, што прырода ня здолее вытрымаць усё большыя запыты «масавага чалавека» на Захадзе ды Ўсходзе і адпомсьціць экалягічнай катастрофай19.
|
18 Лімонава арыштавалі ў красавіку 2001 году паводле абвінавачаньняў у незаконным захоўваньні зброі, тэрарызьме, арганізацыі незаконных узброеных фармаваньняў і закліках да зрыненьня дзяржаўнага ладу. Суд пагадзіўся толькі зь першым абвінавачаньнем. Лімонаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня, потым яму скарацілі тэрмін, і ён выйшаў на волю ў чэрвені 2003 году.
|
Унабомбэр, які дасылаў выбуховыя прылады амэрыканскай адукацыйнай эліце, у сваім «Маніфэсьце» заклікаў вярнуцца да першабытнага грамадзтва. Гэты заклік ён тлумачыў ня толькі тым, што ў сучасным грамадзтве чалавек, на ягоную думку, ня можа знайсьці задавальненьне. Экалягічныя праблемы - сур'ёзная падстава задумацца, ці ўсё так добра ў найлепшым з магчымых сьвеце.
Фукуяма не адмаўляе экалягічных небясьпек, але тлумачыць, што вяртаньне да прыроды і першабытных камун ці традыцыйнай вёскі (ідэалу некаторых «новых правых») маларэальнае, незалежна ад чалавечага жаданьня. Асабліва гэта зразумела для «правых», якія падкрэсьліваюць агрэсію ў біялягічнай структуры чалавека. Новым першабытным камунам ізноў давядзецца разьвіваць навуку і тэхналёгіі, інакш іх зьнішчаць іншыя супольнасьці зь лепшай зброяй. Супраць танка не абараніцца дзідай. Таму варта шукаць рашэньні цяперашніх праблем, не ідучы пры гэтым «назад у будучыню».
Калі Фукуяма ў сваёй кнізе выступае збольшага як філёзаф, дык твор, які многія назвалі адказам на ягоны «Канец гісторыі», тычыцца перадусім геапалітыкі. Гаворка йдзе пра кнігу амэрыканскага дасьледніка Сэмюэла Гантынгтана «Сутыкненьне цывілізацыяў і пераўладкаваньне ўсясьветнага парадку», якая выйшла ў сьвет у 1996 годзе. У эпоху масавых мэдыяў шырокая публіка ўспрымае кнігі такога кшталту ў асноўным паводле папярэдніх артыкулаў, рэцэнзій ці нават загалоўкаў. Гантынгтан, як раней Фукуяма, таксама стаўся ахвярай і атрымальнікам выгадаў такога падыходу. Мне ўжо давялося чуць легенду пра Гантынгтана як пра ідэалягічнага змагара супраць незаходніх цывілізацый - усіх гэтых «чорных», «мусьлімаў» і «вузкавокіх»20.
|
19 Рэальны сацыялізм паказаў яшчэ большую абыякавасьць да экалёгіі, чым ЛДК. У гэтым многія беларусы пераканаліся на ўласным здароўі.
|
Тэракты 11 верасьня 2001 году надалі Гантынгтану статус прарока, а Фукуяму - рэпутацыю наіўнага аптыміста. Як сказаў адзін мой знаёмы, які, праўда, не чытаў ані артыкулу, ані кнігі, - «Фукуяма лажануўся».
Але ў геапалітычным разьдзеле Фукуямавай кнігі вельмі мала наіўнага аптымізму. Ёсьць захапленьне распадам СССР, але пры гэтым Фукуяма даволі ясна акрэсьлівае праблемы, якія, на ягоную думку, чакаюць сьвет далей. Больш за тое, некаторыя асноўныя тэзы Гантынгтана нібы перапісаныя з Фукуямы, зь невялікім адрозьненьнем: — папярэджаньне пра спробу Ўсходняй Азіі (у Гантынгтана - кітайскай цывілізацыі) вылучыць альтэрнатыву ЛДК (Захаду) - эканамічную мадэрнізацыю плюс канфуцыянскі аўтарытарызм; — тлумачэньне, чаму палітычны іслам ёсьць пасьлядоўнай альтэрнатывай ЛДК (Захаду) і таму не зьбіраецца рэфармавацца паводле заходніх лібэральна-дэмакратычных мадэляў; — вызначэньне асноўных канфліктных пунктаў паміж «постгістарычным» і «гістарычным» сьветам (паміж Захадам і астатнімі цывілізацыямі): іміграцыя, кантроль над ваеннымі тэхналёгіямі, нафта. А вось наступны Фукуямаў пасаж: ...Магчыма, што міжнароднае жыцьцё будзе ўсё больш разглядацца як спаборніцтва не паміж канкурэнтнымі ідэалёгіямі – бо большасьць эканамічна пасьпяховых краін будзе арганізавана паводле падобных прынцыпаў, – але паміж рознымі культурамі. Цікава, што сам Гантынгтан у сваёй кнізе ўсё гэта ігнаруе. Называючы магчымыя альтэрнатыўныя «сутыкненьню цывілізацыяў» парадыгмы, ён першай вылучае нейкую мітычную тэорыю «Адзін сьвет: эўфарыя і гармонія» і называе Фукуяму яе прыхільнікам. Наўрад ці гэта сьвядомая містыфікацыя. Хутчэй за ўсё Гантынгтан Фукуямавай кнігі папросту не чытаў, абмежаваўшыся артыкулам. Фукуяму можна хутчэй аднесьці да прыхільнікаў другой тэорыі, якую крытыкуе Гантынгтан, - «Два сьветы: мы і яны». Гантынгтан піша, што ў нейкім сэнсе гэтая тэорыя адпавядае рэчаіснасьці, калі разглядаць яе як падзел паміж багатымі і беднымі дзяржавамі. Ён, аднак, тлумачыць, што канфлікт паміж гэтымі двума сьветамі малаімаверны: багатыя дзяржавы будуць весьці міжсобку гандлёвыя войны, бедныя дзяржавы могуць проста ваяваць паміж сабой, але ў бедных краін ня хопіць палітычнай еднасьці, эканамічнай моцы і ваенных магчымасьцяў выступіць супраць багатага сьвету. Яшчэ менш карысны, на думку Гантынгтана, падзел на Захад і ўсіх астатніх. Не-заходнія грамадзтвы маюць мала супольнага, акрамя сваёй «незаходнясьці». Аднак фукуямаўскія «два сьветы» не дублююць падзелу «Захад супраць ня-Захаду». Для Фукуямы такія краіны, як Японія, Паўднёвая Карэя, Баўгарыя ці Грэцыя ёсьць часткай сьвету ЛДК. Для Гантынгтана першая ёсьць асобнай цывілізацыяй, другая належыць да цывілізацыі кітайскай (канфуцыянскай), а Баўгарыя з Грэцыяй - да праваслаўнай цывілізацыі, дзе дамінуе Расея. Геапалітычныя высновы з гэтага робяцца даволі сур'ёзныя. Пры канцы сваёй кнігі Гантынгтан вядзе чытача да думкі, што НАТА варта было б усьвядоміць «незаходнясьць» Грэцыі і Турэччыны (адкрытага закліку выключыць іх з гэтай арганізацыі, аднак, няма). У свой час сяброўства ў НАТА шмат у чым дапамагло гэтым дзьвюм краінам пазьбегнуць ваеннага канфлікту паміж сабой. Таксама пэсымістычныя пэрспэктывы далучэньня да Эўразьвязу Баўгарыі і Румыніі, не гаворачы ўжо пра Сэрбію з Чарнагорыяй, Македонію, Беларусь, Малдову і Ўкраіну. І Фукуяма, і Гантынгтан даволі крытычна выказваюцца наконт «чыстага рэалізму» ў геапалітыцы. Тут іх крытыка падобная. Калі ўважаць, што ўсе дзяржавы аднолькава разумеюць свае нацыянальныя інтарэсы і аднолькава дзейнічаюць у міжнароднай палітыцы, дык немагчыма рэалістычна прагназаваць падзеі. Паводле тэорыі «балянсу сілаў», заўважае Гантынгтан, краіны Заходняй Эўропы мусілі б у канцы 1940-х гадоў стаць хаўрусьнікамі Савецкага Саюзу супраць ЗША. Абодва аўтары заўважаюць, што паводле «чыстага рэалізму» ЗША даўно б ужо акупавалі Канаду. Абодва таксама тлумачаць, што каштоўнасьці, культура і грамадзкія інстытуты ў значнай ступені ўплываюць на разуменьне дзяржавамі нацыянальных інтарэсаў. Разыходжаньне толькі ў тым, якія парадыгмы прапануюцца для разуменьня геапалітыкі ў найбліжэйшыя гадоў пяцьдзясят. Для Гантынгтана ЛДК ёсьць мадэльлю, якая пасуе толькі заходнім грамадзтвам і вынікае зь іх гісторыі і традыцыяў, таму Захад павінен захоўваць сваю ўнікальнасьць і ня лезьці ў справы чужых цывілізацыяў. Пазыцыя ў нечым падобная да колішняй ідэі левых інтэлектуалаў Захаду, якія ня верылі, што савецкі камунізм - гэта іх будучыня, але захоўвалі ўпэўненасьць у легітымнасьці марксызму-ленінізму для іншых людзей, «і гэтая вера звычайна павялічвалася ў прапорцыі да геаграфічнай і культурнай дыстанцыі». Гэтаксама Гантынгтан верыць у легітымнасьць для іншых людзей рознага кшталту аўтарытарных рэжымаў. Ён прапануе Захаду выкарыстоўваць супраць варожых цывілізацыяў нешта накшталт «палітыкі стрымліваньня», якая некалі выкарыстоўвалася ў дачыненьні да СССР. Фукуяма не адмаўляе важнасьці культуры. Ён даволі дэталёва тлумачыць, чаму некаторыя рэлігіі і звычаі ёсьць бар'ерам на шляху ЛДК. Аднак для яго чалавечая прырода ўнівэрсальная, і яна, на ягоную думку, будзе спрыяць трансфармацыі ўсіх культур у кірунку, які дазволіць ЛДК перамагчы21.
|
20 Гантынгтан піша пра восем асноўных цывілізацыяў, базуючы іх у асноўным на рэлігіі: заходняя (каталіцка-пратэстанцкая), лацінаамэрыканская (каталіцкая спадкаемніца Захаду), Кітай (канфуцыянская), Расея (праваслаўная), ісламская, Індыя (індуісцкая), Японія (будысцкая) і, магчыма, афрыканская.
|
Для Гантынгтана лібэральная дэмакратыя ня можа ўсталявацца ў Баўгарыі ці Беларусі, бо гэтаму пярэчыць іх прыналежнасьць да «праваслаўнай цывілізацыі», якая вызнае іншыя каштоўнасьці. Зь беларускім прыкладам можна не пагаджацца хаця б таму, што сумнеўным выглядае адназначнае занясеньне Беларусі ў праваслаўную цывілізацыю. Але больш прынцыповы аргумэнт - супраць абсалютызацыі культуры ўвогуле і рэлігіі ў прыватнасьці.
Паводле Фукуямы, рух да ЛДК ёсьць грунтоўнай патрэбай грамадзтваў у апошнія стагодзьдзі22. Таму рэлігіям давядзецца прыстасоўвацца да чалавечага патрабаваньня дабрабыту і палітычнай «раўнагоднасьці». Калі «малады» іслам яшчэ вылучае палітычныя альтэрнатывы, дык сучаснае праваслаўе наўрад ці ўжо можна разглядаць як палітычную мадэль з прэтэнзіямі на перавагу над ЛДК. Нягледзячы на спробы «канкардату», рэлігія ў Беларусі найперш застаецца пытаньнем асабістага выбару. Можна гаварыць пра праваслаўныя звычкі і звычаі, але іх нельга разглядаць як нязьменную дадзенасьць. Фукуяма паказвае, што каталіцтва, якое раней таксама разглядалася як непераадольны бар'ер для ЛДК, зьмянілася за апошнія дзесяцігодзьдзі. Гішпанія і Партугалія, якія некаторыя дасьледнікі называлі асобнай ібэрыйскай цывілізацыяй, што адмаўляла ЛДК, у 1970-я гады безь вялікіх праблем інтэграваліся ў эўрапейскую супольнасьць. Фукуяма засьцерагае ад падтрымкі ўрадамі ЛДК, найперш Злучанымі Штатамі, недэмакратычных рэжымаў, і тлумачыць, чаму, на ягоную думку, ЛДК ня будуць ваяваць міжсобку, нават калі яны належаць да розных культур. Паводле яго, адносіны паміж ЛДК у нечым нагадваюць палітычныя адносіны паміж людзьмі ўнутры лібэральных дэмакратыяў зь іх павагай да «раўнагоднасьці». Калі тэзу пра «канец гісторыі» праверыць даволі цяжка, дык геапалітычныя мадэлі і Гантынгтана, і Фукуямы правяраюцца і будуць няспынна правярацца на практыцы. У супрацьвагу тэзе, што «Фукуяма лажануўся», варта сказаць, што ў сваёй кнізе ён, напрыклад, прадказваў, што ў выніку дэмакратызацыі Чэхаславаччына, хутчэй за ўсё, падзеліцца на дзьве дзяржавы, але распад ня будзе канфліктным, у адрозьненьне ад Югаславіі23. Ня дужа вялікае прароцтва, калі глядзець з 2004 году, але і ня Гантынгтанаў акцэнт на магчымасьць хуткага распаду Ўкраіны.
|
21 І Гантынгтан, і Фукуяма надаюць увагу фэномэну пашырэньня ў сучасным сьвеце нэапратэстанцтва, якое ёсьць правадніком каштоўнасьцяў лібэральна-дэмакратычнага капіталізму. 22 Пра такі ўнівэрсальны рух да дэмакратыі пісаў яшчэ францускі дасьледнік Алексіс дэ Таквіль у сваёй кнізе «Дэмакратыя ў Амэрыцы».
|
Для нашай часткі сьвету можна паставіць, напрыклад, наступныя пытаньні, дзе далейшыя адказы будуць вызначаць, чыя тэорыя праўдзівейшая:
— Ці застанецца Грэцыя ў Эўразвязе і НАТА? — Якія пэрспэктывы Турэччыны ў НАТА і ці далучыцца яна некалі да Эўразьвязу? — Ці далучацца да Эўразьвязу ў 2007 годзе, як заплянавана, праваслаўныя Баўгарыя з Румыніяй? — Якія пэрспэктывы балканскіх краінаў - праваслаўных Сэрбіі ды Чарнагорыі, Македоніі, падзеленай Босьніі, мусульманскай Альбаніі? Але натуральна, што найбольш цікавае пытаньне для нас: — Што будзе зь Беларусьсю і яе «гістарычнымі» суседзямі? Гантынгтан у «Сутыкненьні цывілізацыяў і пераўладкаваньні ўсясьветнага парадку» згадвае Беларусь даволі часта. На мапе ў кнізе, дзе пазначана мяжа паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам каля 1500 году, Беларусь падзеленая напалам. Аднак нядзіўна, што Гантынгтан, які пісаў кнігу ў 1995 годзе, называе Беларусь фактычнай часткай Расеі, якая для яго - аснова праваслаўнай цывілізацыі. Гісторык Алег Латышонак выступіў з даволі дэталёвай крытыкай гэтай Гантынгтанавай тэзы ў «ARCHE» (№ 6 за 2003 год). Не пагаджаючыся з многімі Латышонкавымі высновамі, можна, аднак, пагадзіцца з галоўным ягоным закідам Гантынгтану пра Расею як пра праваслаўную цывілізацыю. Гантынгтан залічае Расею да гэтак званых краінаў на ростанях, «разарваных» краінаў (torn countries). Жыхары такіх краінаў сыходзяцца ў тым, хто яны, але спрачаюцца пра тое, якую цывілізацыю лічыць сваёй. Латышонак у адказ гаворыць, што Расея, паводле клясыфікацыі Гантынгтана, належыць да «расшчэпленых» краінаў (cleft countries), зь мільёнамі мусульман і ўсё большай колькасьцю нэапратэстантаў. У кнізе Гантынгтана «расшчэпленая» краіна вызначаецца як краіна, дзе вялікія групы насельніцтва належаць да розных цывілізацыяў, таму гэты тэрмін у дачыненьні да Расеі выглядае дарэчным. Яго пацьвярджае і рыторыка ў адносінах да Чачэніі як да «неад'емнай часткі Расеі». Відавочна, што за нежаданьнем вывесьці войскі з Чачэніі стаіць ня столькі боязь крыніцы тэрарызму (тэрарызму якраз больш у часе вайны), але боязь даць кепскі прыклад іншым мусульманскім часткам Расейскай Фэдэрацыі24.
|
23 Фукуяма тлумачыць, што найбольш інтэнсіўныя канфлікты культур адбываюцца ў найменш мадэрнізаваных краінах. Таму, напрыклад, Славенія здолела выйсьці зь югаслаўскай фэдэрацыі адносна мірна, а самы крывавы канфлікт адбыўся ў немадэрнізаванай Босьніі. Няма падставаў лічыць, пісаў ён, напрыклад, што памежныя спрэчкі паміж Польшчай і Літвой прывядуць да сур'ёзнага гвалту. Дарэчы, зьяўленьне Чэхіі і Славаччыны ўвогуле ня ўпісваецца ў Гантынгтанаву схему, бо абедзьве краіны каталіцкія.
|
Цікава, што ні Гантынгтан, ні Латышонак ніяк не вызначаюць Беларусь у гэтай клясыфікацыі. Калі верыць напісанаму Гантынгтанам, дык Беларусь цалкам пагадзілася быць часткай праваслаўнай цывілізацыі. Калі верыць Гантынгтавай мапе, дык Беларусь - клясычная «расшчэпленая» краіна, падзеленая, паміж праваслаўным усходам і каталіцка-пратэстанцкім захадам.
Аднак мне падаецца, што абодва варыянты памылковыя, і Беларусь бліжэйшая да мадэлі культурна «разарванай», чым «расшчэпленай» краіны. Натуральна, ёсьць адрозьненьні паміж заходняй і ўсходняй часткамі краіны - у гэтым можа пераканацца кожны, хто меў магчымасьць параўнаць Горадню і Магілёў, Паставы і Клімавічы, вёскі розных рэгіёнаў і г. д. Але калі параўнаць з той жа Ўкраінай, якую Гантынгтан назваў кандыдаткаю на распад, дык заўважная розьніца. Напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году ў заходніх Львоўскай, Цярнопальскай ды Івана-Франкоўскай абласьцях Украіны за Леаніда Краўчука прагаласавалі амаль 95 працэнтаў выбарнікаў. За Леаніда Кучму - каля чатырох працэнтаў. У той жа час у самай усходняй, Луганскай вобласьці Краўчука падтрымалі толькі каля 10 працэнтаў, а Кучму - амаль 90 працэнтаў25. На выбарах у Беларусі ў той жа год нічога блізкага не адбылося, хоць рэгіянальныя адрозьненьні былі. Гаворкі пра тэрытарыяльную падзеленасьць Беларусі і праекты накшталт «заходняга каталіцкага ліцьвінізму» зыходзяць зь недаацэнкі супольнай беларускай гісторыі і паваеннай міграцыі. Наш падзел, у адрозьненьне ад украінскага, вызначаны ня рознымі імпэрыямі (Беларусь ня мела сваёй Галіччыны ў адносна лібэральнай Аўстра-Вугоршчыне). Беларускія тэрытарыяльныя адрозьненьні вызначаны найперш міжваеннымі гадамі падзелу паміж Польшчай і СССР. Тры падзелы Рэчы Паспалітай, скасаваньне Уніі ў 1839 годзе - гэта таксама фактары, але другасныя. Насуперак Гантынгтану, беларускае праваслаўе мае мацнейшыя пазыцыі на захадзе, чым на ўсходзе краіны. Беларусь перажывала вызначальныя падзеі эўрапейскай гісторыі (напрыклад, Адраджэньне, Рэфармацыю, Асьветніцтва) ці іх адсутнасьць (напрыклад, заходні капіталізм XIX стагодзьдзя) на ўсёй сваёй цяперашняй тэрыторыі. Нельга таксама забываць пра масавую міграцыю «заходнікаў» у разбураныя другой сусьветнай вайной гарады, у тым ліку ўсходнія абласныя цэнтры і Менск. На геаграфічным захадзе жыве менш насельніцтва, але «заходнікі» цяпер паўсюль, тым больш што нараджальнасьць на захадзе Беларусі дагэтуль вышэйшая. Захад і ўсход разам часта могуць быць у адной сям'і і нават у адной галаве. Нездарма сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што прыкладна траціна беларусаў адначасна хацелі б далучэньня да Эўразьвязу і інтэграцыі з Расеяй. Беларусь ня ёсьць «разарванай» краінай, якую, паводле Гантынгтанавага вызначэньня, уладная эліта хоча пераключыць у чужую цывілізацыю насуперак волі насельніцтва. У Беларусі насельніцтва само вагаецца паміж дзьвюма цывілізацыямі. Пра гэта добра напісаў яшчэ ў 1921 годзе беларускі філёзаф Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) у сваім творы «Адвечным шляхам». У Фукуямавай кнізе Беларусь згадваецца толькі адзін раз, калі ён піша, што сельская гаспадарка Польшчы ня зьведала калектывізацыі, у адрозьненьне ад суседніх Беларусі і Ўкраіны. Тое, што згадка толькі адна, нядзіўна, калі памятаць, што кніга пісалася на мяжы 1991-1992 гадоў. Фукуямава тэорыя больш аптымістычная для тых, хто жадае ператварэньня Беларусі ў ЛДК. Паводле яго, такое ператварэньне імавернае і для гэтага ня трэба адмовы ад нацыянальнай культуры ці падзелу краіны на дзьве часткі. Бар'ерам для такога ператварэньня ў Беларусі застаецца найперш спадчына савецкага камунізму. Апошнім часам антылібэралізм у розных формах робіцца модным - «канец гісторыі» і «залаты век» не прыйшлі разам з распадам камунізму. Аднак крытыкі лібэральнай дэмакратыі часьцей за ўсё амаль бязь зьменаў прапануюць як альтэрнатыву мадэлі, што існавалі раней. Пры гэтым яны не тлумачаць, як не патрапіць у старыя яміны. Асабліва небясьпечны такі падыход для краінаў кшталту Беларусі, дзе «гісторыя», як ні круці, ня скончылася.
|
24 У адносінах да Расеі Фукуяма таксама запярэчыў уласнай тэорыі. Паводле яго, краіна ня можа ператварыцца ў ЛДК, пакуль яна ня стане клясычнай нацыянальнай дзяржавай, дзе ня будзе фундамэнтальных канфліктаў паміж групамі насельніцтва. Расея ж, паводле яго, мела на пачатку 1990-х добрыя пэрспэктывы для дэмакратыі. Супярэчнасьць тут уяўная, бо Фукуяма ў сваёй кнізе зь верай цытуе зварот Барыса Ельцына да нацыянальных аўтаноміяў - маўляў, бярэце сувэрэнітэту колькі здолееце. Ён ставіць словы Ельцына ў прыклад Грузіі, якая пайшла на вайну са сваімі аўтаноміямі. Але ўварваньне ў Чачэнію ў 1994 годзе паказала, што Расея была гатовая даць волю аўтаноміям ня больш за Грузію. 25 Дарэчы, Гантынгтанава тэза і тут ня цалкам спрацоўвае, бо ў праваслаўнай, але заходняй Валынскай вобласьці за Кучму прагаласавалі 14 працэнтаў выбарнікаў, а за Краўчука - 84 працэнты. Далейшая палітыка Кучмы таксама не пацьвердзіла гіпотэзы пра адназначны выбар прарасейскага курсу.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (33) – 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |