A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  ВАЛЕР БУЛГАКАЎ

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Валер Булгакаў
Чаму Беларусь ня Аўстрыя, а эўразійская сатрапія

        – А во гэны чалавек лепшы быў.
        – Да-да, он леший.

          З размовы маёй прабабулі Юзэфы Бурак з бабуляй Еўдакіяй Мікіцічнай Агафонавай.

Б

еларусь паволі зьнікае з эўрапейскай палітычнай мапы. У канцы лета пра гэта гаварыў Эдмунд Штойбэр, нядаўна гэта падкрэсьлілі выдаўцы «Emerging Europe Monitor» – грунтоўнага штомесячнага бюлетэню з штаб-кватэрай у Лёндане, прысьвечанага аналізу макраэканамічных працэсаў і палітычных рызыкаў у нашай частцы Эўропы. Тут уся яе тэрыторыя разьбіта на чатыры рубрыкі: «Цэнтральная Эўропа», «Паўднёва-Ўсходняя Эўропа», «Расея, Украіна і Балтыка» і, нарэшце, «Эўразія». Акурат у гэтай апошняй і апынулася Беларусь у абкружэньні Казахстану, Туркмэністану і іншых «станаў».

Тое, што ў Беларусі значна больш супольнага з Турмэністанам і Ўзбэкістанам, чымся з Польшчай або Эстоніяй, паказваюць сухія лічбы аналітычных справаздачаў аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў. Вось выбарка зь сёлетняга спавешчаньня «Дзяржавы пераходнага пэрыяду» амэрыканскай фундацыі «Freedom House»:

Табліца 1. Узровень дэмакратыі ў лічбах*
Краіна ВП ГС НСМІ ДзК КЗПЛ К
Беларусь 6,75 6,75 6,75 6,50 6,75 5,75
Польшча 1,50 1,25 1,75 2,00 1,50 2,50
Туркмэністан 7,00 7,00 7,00 7,00 7,00 6,25
Узбэкістан 6,75 6,50 6,75 6,25 6,50 6,00
Эстонія 1,50 2,00 1,50 2,25 1,75 2,50
ВП – выбарчы працэс, ГС – грамадзянская супольнасьць, НСМІ – незалежныя сродкі масавай інфармацыі, ДзК – дзяржаўнае кіраваньне, КЗПЛ – канстытуцыйны, заканадаўчы і праўны лад, К – карупцыя.
* Ацэнка ажыцьцяўляецца па сямібальнай шкале. Адзнака 1 азначае найвышэйшы ўзровень дэмакратычнага разьвіцьця, адзнака 7 – найніжэйшы.

Беларусь і Ўзбэкістан яднае тое, што гэта адзіныя постсавецкія дзяржавы, дзе дагэтуль існуе сьмяротнае пакараньне, але Казахстан ужо абганяе Беларусь, бо там у парлямэнце ёсьць адзін апазыцыйны дэпутат.

Аналізу прычын, чаму Беларусь апынулася ў такім стане, няма ў артыкуле Юр’я Дракахруста («Жэнэўская канвэнцыя для вайны культураў», ARCHE, 3/2004), хоць у ім закранаюцца праблемы культурнага, калі не цывілізацыйнага парадку. Яго турбуе не дысфункцыянальнасьць нацыянальнай культуры, якой у вялікай ступені тлумачыцца палітычны посьпех аўтарытарнага папуліста Аляксандра Лукашэнкі, а патрэба ўкладаньня своеасаблівай культурнай канвэнцыі паміж інтэлектуальнымі і палітычнымі лідэрамі расейскамоўнай і беларускамоўнай частак нашага грамадзтва.

Каб прыўнесьці ў такую канвэнцыю пачуцьцё рэальнасьці, аўтар «Жэнэўскай канвэнцыі…» даводзіць, што ідэолягі т. зв. «беларускай Беларусі» не прадстаўляюць амаль нічога, апрача ўласных амбіцыяў. Гэтая трактоўка заснавана на сацыялягічных матэрыялах, згодна зь якімі рэальная колькасьць беларускамоўных беларусаў у Беларусі складае прыкладна 650 тыс. чалавек (зь іх толькі прыкладна 150 тыс. ува ўзросьце да 30 гадоў і каля 250 тыс. чалавек пасьля 50). Гэтыя людзі, што зусім нармальна для насельнікаў «нармальнай» культурнай калёніі, параўнальна кепска адукаваныя, у масе сваёй вызнаюць вартасьці немадэрнізаванай культуры і адзначаюцца кансэрватыўнымі палітычнымі сымпатыямі. Дракахрусту хочацца, каб пасьля гэтага адкрыцьця ідэолягі т. зв. «беларускай Беларусі» перасталі аднаасобна фармуляваць нацыянальны праект і дамовіліся аб дэмаркацыі сфэраў культурнай і палітычнай адказнасьці ў грамадзтве. Яны маюць выступаць ад імя маргінальнай меншыні, а не прыкрывацца абстрактнымі 10 мільёнамі, якія жывуць у нашай краіне і гавораць на расейскай мове горшай ці лепшай якасьці. Спэктар жыцьцёва важных інтарэсаў апошніх прадстаўляюць ужо цяпер прысутныя на палітычнай арэне «палітычныя рэпрэзэнтанты расейскамоўных антылукашыстаў, незалежнікаў і праэўрапейцаў».

Скразным матывам Дракахруставай рэфлексіі праходзіць заклік прымаць рэальнасьць, якой бы жорсткай яна ні была. Разам з тым, застаецца адкрытым пытаньне, дзе сам Дракахруст улічвае, а дзе канструюе пэўную ідэалягічную рэальнасьць, падганяючы пад яе пры дапамозе тэндэнцыйнай мэтадалёгіі пэўныя эмпірычныя факты.

1

Ацэнка колькасьці беларускамоўных беларусаў як насельніцтва прыкладна сямі раёнаў накшталт Ваўкавыскага заўдзячваецца прынцыпу неатаесамленьня беларускамоўных беларусаў зь дзьвюма блізкімі ім моўнымі групамі – білінгвамі і трасянкамоўнымі. Тым самым яна сур’ёзна канфрантуе з вынікам нацыянальнага перапісу 1999 году, калі дзяржава ня мела жаднай зацікаўленасьці перабольшваць колькасьць носьбітаў беларускай мовы. Нагадаем, што тады яе сваёй гутарковай мовай назвалі 36,7 % беларускага насельніцтва (амаль 3,7 млн чалавек).

Ці тлумачыцца гэтая агромністая разьбежнасьць (у пяць з палавінай разоў) адно інтэлектуальнай сумленнасьцю і мэтадалягічнай строгасьцю спэцыялістаў з НІСЭПД і некваліфікаванасьцю нанятых дзяржавай перапісчыкаў? Магчыма, пасьля спэцыяльнага інструктажу яны проста залічылі ў рубрыку беларускамоўных беларусаў вялікую частку тых, хто гаворыць на трасянцы і/або то па-беларуску, то па-расейску?

Можна паставіць пад сумнеў і сам рубрыкатар нацыянальнага перапісу 1999 г.: маўляў, ён ня даў людзям магчымасьці рэальнага выбару, зводзячы ўсю моўную рэальнасьць да дзьвюх опцыяў, тым часам як спэцыялісты з НІСЭПД прапаноўвалі ажно чатыры варыянты адказу. Але гэта ня будзе праўдай. Хутчэй самі спэцыялісты з НІСПЭД ня ўлічваюць усіх вымераў моўнай рэальнасьці. У апытальніках апошняга перапісу былі дадзеныя шэсьць варыянтаў адказу на пытаньне пра мову штодзённых зносін: «мова сваёй нацыянальнасьці», «беларуская», «расейская», «польская», «украінская« і «іншая». І моўная карціна тут далёкая ад паказнога бляску. Напрыклад, 56 % беларусаў Берасьцейшчыны прызналі сваёй гутарковай мовай расейскую, а больш як 17 тыс. чалавек на Гарадзеншчыне пазначылі сваёй гутарковай моваю польскую (носьбітаў гэтай мовы ў Беларусі, паводле апытаньняў НІСЭПД, наагул няма).

Гэта ставіць першае мэтадалягічнае пытаньне: хто мае права вызначаць мову «штодзённых зносін» канкрэтнага чалавека – інтэрпрэтатар сацыялягічных зьвестак або сам носьбіт мовы? Калі мы пакідаем за індывідам права самастойна, без падказак вызначаць сваю нацыянальнасьць (і няма нічога дзіўнага, што падчас апошняга расейскага перапісу ў гэтай краіне выявіліся такія рэдкасныя народнасьці, як гобліны, эльфы, скіфы, сарматы і джэдаі), то чаму справа вызначэньня сваёй мовы выводзіцца з-пад яго кампэтэнцыі і становіцца вузкім навуковым пытаньнем? Сваім мэтадалягічным радыкалізмам Дракахруст прыпадабняецца да беларускіх нацыяналістаў другой паловы XX ст., якія не прызнавалі самога факту існаваньня польскай нацыянальнай меншыні ў Беларусі. Хоць гэтыя людзі называюць сябе палякамі, меркавалі яны, іх нельга лічыць такімі, бо яны гавораць на звычайнюсенькай беларускай мове.

Адным словам, ігнараваньне тых, хто гаворыць на трасянцы або па-расейску і па-беларуску, але дзякуючы адданасьці нацыянальнай традыцыі ці якімсь іншым прычынам схільны атаесамляць сваю гутарковую мову зь беларускаю, можна ўспрымаць як маркер, які аддзяляе сацыялёгію ад экзальтаванай журналістыкі. Каб хто правёў сацыялягічнае апытаньне наконт нацыянальнага складу Беларусі, яго вынікі былі б ня менш сэнсацыйнымі, чымся ў выпадку з мовай «штодзённых зносінаў».

Гэты мэтадалягічны радыкалізм не заслугоўваў бы асаблівай увагі, каб не навязьлівае імкненьне рабіць на яго аснове з прыцягненьнем супярэчлівых сацыялягічных фактаў далекасяжныя экстрапаляцыі. Напэўна, адна з прычын гэтага браку адстароненасьці палягае ў завышанай самаацэнцы беларускіх сацыёлягаў. Акадэмічная гісторыя сацыялёгіі ў Беларусі налічвае няпоўныя 15 гадоў. Нашы сацыёлягі дагэтуль вераць, што, маючы простае дачыненьне зь сьвятой воляй народу, яны прадукуюць узоры дасканалай веды абсалютнай навуковай каштоўнасьці. Частыя і ад таго ня менш камічныя апэляцыі да народу як крыніцы абсалютнага пазнаньня не пакідаюць сумневу, што эпоха народніцтва зь яе абагаўленьнем народу як формы найвышэйшай духоўнасьці ўсё яшчэ ня зжытая ў сьвядомасьці нашай інтэлігенцыі незалежна ад яе моўнай прыналежнасьці.

Існуе й яшчэ адно аблічча прыкладной беларускай сацыялёгіі, якая зводзіцца да адной з тэхналёгій маніпуляцыі масавай сьвядомасьцю. Сацыялягічныя агенцыі ўсё часьцей адмаўляюцца інфармаваць грамадзтва аб палітычных, культурных і іншых працэсах і становяцца каналам вядзеньня інфармацыйнай вайны. Возьмем сёлетні рэфэрэндум аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. У верасьні аналітычны цэнтар «ЭкаОМ» апублікаваў зьвесткі, зь якіх вынікала, што, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў той момант, за дзейнага прэзыдэнта прагаласавала б 66,5 % насельніцтва краіны. У той жа час паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД т. зв. адкрыты рэйтынг Лукашэнкі складаў толькі 34,2 %. Сацыялягічны цэнтар «Новак» пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага ацаніў яго яшчэ на пару пунктаў ніжэй.

Ці ўзяць пытаньне скасаваньня забароны абірацца прэзыдэнту на трэці тэрмін. Паводле зьвестак цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ пад кіраўніцтвам прафэсара Давіда Ротмана, у сёлетнім верасьні 68,8 % беларусаў падтрымлівалі ідэю скасаваць забарону на трэці тэрмін, 18 % выступалі супраць і 13 % ня вызначыліся. Зусім іншая карціна вымалёўвалася паводле даных апытаньняў НІСЭПД. У сакавіку 2004 г. 47 % апытаных заявілі, што прагаласуюць супраць скасаваньня забароны на трэці тэрмін, а ў чэрвені такі намер выказаў ужо кожны другі апытаны. Згодна зь літоўскай агенцыяй «The Gallup Organization / Baltic Surveys», улетку больш за 50 % беларусаў былі ня згодныя зь зьменай Канстытуцыі ў пытаньні трэцяга тэрміну.

Найпрасьцей, ведама, заявіць: нацыянальны перапіс правялі нацыяналісты, «ЭкаОМ» стварылі лукашысты, а прафэсар Ротман бессаромна брэша. Зробім, аднак, іншае дапушчэньне: сацыялягічныя апытаньні не заўсёды даюць адэкватны адказ, калі ад апытанага патрабуецца выявіць грамадзянскую мужнасьць, выказаць сваю нязгоду зь цяперашнім палітычным курсам, заявіць аб сваёй сымпатыі да непапулярнай палітычнай лініі ці прыналежнасьці да цкаванай меншыні. У гэтым выпадку сацыялягічныя зьвесткі ня могуць быць адзінай базай для аналізу, а патрабуюць удакладненьня і супастаўленьня зь іншымі эмпірычнымі крыніцамі. Сацыялягічныя апытаньні ў найлепшым выпадку перадаюць уяўленьне апытаных пра сацыяльныя працэсы і зьявы, але не адлюстроўваюць сутнасьці гэтых зьяваў. Зыходзячы толькі зь іх, немагчыма зразумець дынаміку сьвядомасьці канкрэтнага індывіда, выявіць сацыяльную непрэстыжнасьць тых ці іншых мяншыняў і прыроду ўласьцівых іх членам псыхалягічных комплексаў.

Ці ствараюць зьвесткі НІСЭПД адэкватную карціну рэальнасьці, калі гаворка заходзіць пра такія пытаньні? Матэрыялы яго нядаўняга апытаньня пра канфэсійную структуру нашага грамадзтва разьмеркаваліся такім чынам: больш за 70 % беларусаў належаць да праваслаўнага веравызнаньня, 15 % – да каталіцкага і 2 % – да пратэстанцкага. У той жа час сьвежая інфармацыя Камітэту ў справах рэлігій спараджае паважныя сумневы ў іх праўдападобнасьці. З 1988 г. колькасьць зарэгістраваных пратэстанцкіх парафій у Беларусі павялічылася ў чатыры разы, і сёньня пратэстанты маюць 1008 зарэгістраваных грамадаў (пры тым, што шмат якія суполкі гэтага вызнаньня прынцыпова ўнікаюць дзяржаўнай рэгістрацыі). Праваслаўныя маюць 1290 парафіяў, каталікі – усяго 432. Троху іншая дынаміка па культавых будынках: з 1964 праваслаўныя займаюць 1132, каталікі і пратэстанты дзеляць рэшту прыкладна пароўну.

Калі прыняць падыход НІСЭПД, то выйдзе, што адна каталіцкая грамада прыпадае прыкладна на 3500 вернікаў, а адна пратэстанцкая (улічваем, што значная іх частка існуе безь дзяржаўнай рэгістрацыі) – менш як на 200 пры прыкладнай роўнасьці «культавых будынкаў». Дык ці не заніжана лічба беларускіх пратэстантаў? Усьлед за аналітыкам Юр’ем Шаўцовым варта прыпусьціць, што рыма-каталікоў у Беларусі ўсё яшчэ болей за пратэстантаў, але ж ніяк ня ў сем з паловай разоў, як сьцьвярджае НІСЭПД.

У інстынктыўным жаданьні шараговага чальца моўнай ці рэлігійнай меншыні ў адказ на дзяржаўны ўціск і грамадзкі астракізм схаваць сваю сапраўдную ідэнтычнасьць нічога дзіўнага няма. У грамадзтве, у якім нацыянальная традыцыя апошняе стагодзьдзе бязьлітасна рэпрэсавалася*, а экспансія пратэстанцкага хрысьціянства ўспрымалася як выклік грамадзкаму адзінству і палітычнай стабільнасьці, артыкуляцыя на людзях сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці выглядае як публічны пратэст. На яго адважваюцца харызматыкі, а не шарагоўцы.

  – публіцыст, рэдактар часопісу «ARCHE». Адзін з укладальнікаў кнігі «Эўрапейскі выбар для Беларусі / Беларусь: сцэнары рэформаў» (Варшава, 2003).
   

Дракахруст у цэлым правільна ацаніў цяперашні стан беларускамоўных беларусаў як меншыні, але амаль не заакцэнтаваў таго, што яны ўяўляюць сабой супольнасьць, пункты ўваходу ў якую і выхаду зь якой усьцяж застаюцца адчыненымі для новых/старых членаў. У якасьці кампрамісу можна прызнаць ацэнку ў 5–7 % ніжнім колькасным значэньнем гэтай групы (ці нават «крайнім ніжнім значэньнем». Калі дапусьціць, што беларускамоўныя – гэта тыя, хто любіць чытаць прэсу па-беларуску, а не па-расейску ці і па-беларуску, і па-расейску адначасова, то такіх каля 9 % працэнтаў. Пар. вынікі апытаньня «Новаку» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г.: на пытаньне «На якой мове вы аддаяце перавагу чытаць газэты?» былі дадзены адказы: на расейскай – 54 %, на беларускай – 9 %, на беларускай і расейскай – 36 %), а лічбу ў 45 % – верхнім. Мэтадалягічны радыкалізм і сацыялягічны гермэтызм не дазваляюць раскрыць культурна-палітычныя чыньнікі функцыянаваньня гэтай супольнасьці. Тэма, ці можа быць расейская мова выразам палітычнай дэпрэсіі і культурнай роспачы беларуса, застаецца па-за межамі разгляду.

  * Пар. згадку Натальлі Арсеньневай пра моўныя рэаліі Менску сакавіка 1940-га: «Той самы Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк... ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па-беларуску... А Кучар спалохаўся: «Ведаеце, – зьвярнуўся ён да яго, – не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята».
   

Апрача гэтага, Дракахруст не пакідае сацыялёгіі права на памылку або тэндэнцыйнасьць*. Зафіксаванае НІСЭПД раптоўнае павелічэньне долі беларускамоўных у Менску (з 11,6 % у 1997 г. да 25,2 % у 2004 г.; для даведкі: нацыянальны перапіс 1999 г. дае лічбу ў 12,9 %) ён цалкам навукападобна тлумачыць «пашырэньнем сталічных інтэлектуальных асяродкаў», хоць найхутчэй мы маем справу з звычайным збоем у сацыялягічнай апаратуры**. Гэтага павелічэньня не пацьвярджаюць і іншыя лічбы. Скажам, колькасьць беларускамоўных школьнікаў у Менску сёлета дайшла да свайго дзесяцігадовага мінімуму – 5 %. Не пацьвярджаецца гэтая дынаміка і іншымі сацыякультурнымі паказьнікамі – накладамі прэсы або частатой зваротаў у дзяржаўныя органы на беларускай мове. Да таго ж, яна слаба вяжацца з змаляваным вышэй сацыялягічным партрэтам беларускамоўнага беларуса. На месца замбаванага прапагандай паджылага калгасьніка, у якога душа баліць за СССР, прыходзіць добра адукаваны сталічны інтэлектуал, які сваім звышмагутным інтэлектам, амаль без інстытуцыйнага апарату, за шэсьць гадоў павялічвае колькасьць беларускамоўных беларусаў у менскім мэгаполісе больш як удвая.

Аднак сказаць толькі, што быць беларускамоўным беларусам у сёньняшняй Беларусі надзвычай непрэстыжна і што быцьцё ім пастаянна прычыняе яму траўмы і стварае комплексы, – значыць ня бачыць працэсу ў гістарычным разрэзе. Паводле вынікаў першага перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі 1897 г. колькасьць беларусаў склала 5 885 547 чалавек. Зь іх 92 % былі сялянамі. З усёй папуляцыі толькі 18 тыс. мелі адукацыю, вышэйшую ад трохкляснай пачатковай. Каб вызначыць лік тагачасных беларускамоўных беларусаў, вылучым зь іх агульнай колькасьці 8 % часткова небеларускамоўных групаў – перадусім шляхты і мяшчанства. Калі супаставіць 5 млн 411 тыс. беларускамоўных беларусаў у 1897 г. зь іх колькасьцю праз адно стагодзьдзе, выявіцца, што за гэты час іх колькасьць зьменшылася ў 8,3 разу – калі браць за аснову ацэнку НІСПЭД, або ў 1,6 разу – калі браць за аснову вынікі перапісу 1999 г., – у той жа час як лік саміх этнічных беларусаў узрос у 1,4 разу!

Першая лічба сьведчыць пра абсалютны трыюмф праграмы моўнай асыміляцыі беларусаў, другая – пра яе адносны посьпех. Абедзьве дазваляюць зрабіць шэраг абагульненьняў: асыміляцыйная машына на поўны ход запрацавала пасьля другой сусьветнай вайны, прычым асабліва эфэктыўна – у 1970–1980 г., калі крамлёўскія ідэолягі ўсьвядомілі небясьпечную дэмаграфічную дынаміку: выбух нараджальнасьці ў Сярэдняй Азіі руйнаваў дагэтулешні расклад нацыянальнасьцяў у імпэрыі і, каб у пэрспэктыве не ўзьнікла дысбалянсу «тытульнай нацыі» з узбэкамі, туркмэнамі і іншымі азіятамі, зь беларусаў і ўкраінцаў пачалі масава вырабляць расейцаў.

Увесь гэты час беларускія эліты мала што рабілі для ўмацаваньня «рукатворнай», нацыянальнай ідэнтычнасьці, прыдатнай для засваеньня масамі. Пасьляваенныя беларускія пісьменьнікі былі не нацыянальнымі дзеячамі, а дзяржаўнымі службоўцамі (адзінкам удалося ўнікнуць такога лёсу). Афіцыйная беларуская культура не працавала на павелічэньне колькасьці беларускамоўных. Цяпер гэтая група складаецца зь сельскіх жыхароў, якія ўсьцерагліся ад мадэрнізацыі, параўнальна малалікай і эксцэнтрычнай групы культурных беларусаў (тых, хто сьвядома падкрэсьлівае сваю беларускамоўнасьць; прапорцыя беларускамоўных і расейскамоўных рэзка мяняецца ў асяродзьдзі інтэлігенцыі і дэмакратычных палітыкаў) і, нарэшце, найбольшай групы – напаўрасейска- або трасянкамоўных беларусаў, якія дзеля адданасьці нацыянальнай традыцыі схільныя атаесамляць сваю гутарковую мову зь беларускай (акурат дзеля гэтай няправільнасьці іх прынята ігнараваць). Узятыя разам, усе яны ня маюць інструмэнтаў эфэктыўнай рэпрадукцыі сваёй культурнай традыцыі і змогі ажыцьцяўляць такую адукацыйную палітыку, каб падтрымліваць колькасны склад сваёй групы на ўзроўні цяперашняга мінімуму. Задача стварыць нацыянальны (=беларускамоўны) унівэрсытэт або спадарожнікавы канал здаецца такой жа неажыцьцяўляльнай, як і поўная беларусізацыя Марсу.

У гэтым сэнсе прыпісваньне беларускамоўным беларусам устаноўкі на «панаваньне беларускай мовы ў Беларусі» – адно толькі нязграбная сублімацыя супрацьлеглага жаданьня. Яно апраўдана ў такой жа ступені, як і назва выдадзенай пасьля фабрыкацыі справы «Саюзу вызваленьня Беларусі» ў 1931-м кніжкі Андрэя Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі». Такое прыпісваньне грунтуецца не на дакумэнтальна зафіксаваных выказваньнях або разгорнутых тэкстах, а на фобіях зьдзічэлых тутэйшых, якія пры словах «даможамся, каб беларускай мове ў нас нічога не пагражала» ўпадаюць у гістэрыку і страшацца гвалтоўнай дэпартацыі з краіны пражываньня. За маніфэст страшнай разбуральнай сілы выдаецца вырваная з кантэксту рэпліка Сяргея Дубаўца або, як гэта зрабіла газэта «Літаратура і мастацтва» ў другой палове 1990-х, пара радкоў з прыватнага ліставаньня паэта Рамана Тармолы.

Дракахруст, як і пара яго ідэйных апанэнтаў, калі карыстацца расейскай тэрміналёгіяй, з нацыянал-радыкальнага лягеру, тут не аб’ектыўна адлюстроўваюць т. зв. ідэалягічныя ўстаноўкі беларускамоўных беларусаў, а фактычна навязваюць сваё ўласнае ўяўленьне пра іх. У Беларусі нацыяналістычную пагрозу прадукуюць перш за ўсё не рэальныя людзі і іх ідэі, а ўсё яшчэ жывыя пудзілы сьвядомасьці, народжаныя каляніяльнай традыцыяй. Яе жывучасьць тлумачыцца тым, што яна трымаецца на фармальна «дыялектычным базысе»: маўляў, нацыяналізм (у нашым выпадку – гаварэньне на правільнай беларускай мове, публічная крытыка расейскіх парадкаў і г. д.) як партыкулярысцкі рух пагражае «ўнівэрсалісцкім ідэалам» і «агульначалавечай гуманнасьці», хоць уся беларуская гісторыя XX ст. даводзіць, што гэта ня так. Праект беларускамоўных разумеецца як люстэркавае падабенства праекту расейскамоўных: з таго, што ў іх праекце да 1991 г. і пасьля 1994 г. беларускамоўным адводзілася месца адно на нізе сацыяльнай гіерархіі, нібыта вынікае, што рэактыўны праект беларускамоўных не прадугледжвае месца для ўсіх астатніх. Гэтая фальшывая дыхатамія выдаецца за рэальны голас людзей беларускай культуры: з рознагалосься галасоў беларускамоўных беларусаў чуюць толькі тое, што хочуць пачуць.

(Пытаньне, ці сапраўды пагражае нешта расейскай мове і культуры ў Беларусі ў агляднай будучыні, ці сапраўды ёй патрэбная разгалінаваная база інстытуцыйнай падтрымкі, не знайшло сур’ёзнай распрацоўкі ў айчынным мысьленьні ці не таму, што адказ на яго відавочны. Яе заступіла дэмагагічнае распальваньне фобіяў. Кінуць сьвятло на гэтае пытаньне маглі б і адпаведныя сацыялягічныя дасьледаваньні, але пра іх тым часам не чуваць – ці не таму, што яны паказалі б сапраўдны кірунак «нацыяналістычнай пагрозы»?)

У гэтым пункце пазыцыя аналітыка Дракахруста выклікае асацыяцыі з пазыцыяй дзейнага прэзыдэнта Лукашэнкі: і першы, і другі сам збой у сыстэме рэпрадукцыі культурнага статус-кво ўспрымаюць як доўгатэрміновую нябесьпеку свайму панаваньню. Лінія адрозьненьня тут праходзіць вакол пытаньня пра форму гэтага панаваньня (фармальнага/нефармальнага). Але яна нівэлюецца маштабам небясьпекі: для аднаго некантраляванае павелічэньне беларускамоўных нясе з сабой пагрозу палітычнай дэстабілізацыі створанага рэжыму, для другога – пазбаўленьне культурнага першынства, калі не ад прафэсійнай дэкваліфікацыі, то ў выніку павелічэньня шматстайнасьці формаў культурнай рэчаіснасьці. І першы, і другі варожа ўспрымаюць заснаваную на кульце беларускай мовы і культуры нацыянальную ідэнтычнасьць, адвольна напаўняючыся яе разнастайнымі «крыважэрнымі» зьместамі*.

  * Тэндэнцыйнасьцю НІСЭПД варта назваць адсутнасьць у сёлетніх сьпісах кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду беларускамоўных палітыкаў. Памылкай – шырока разрэклямаваныя вынікі мэдыя-апытаньняў, паводле якіх беларуская аўдыторыя расейскай газэты «Известия» (беларускі выпуск якой мае наклад блізка 4 тыс. асобнікаў) амаль роўная па колькасьці ўсёй беларускамоўнай грамадзе. Пра якасьць працы нашых сацыялягічных агенцыяў гаворыць яшчэ адна акалічнасьць. Калі тыя працуюць у адным праекце з заходнімі партнэрамі, апошнія часта не давяраюць ім уласна аналізу сацыялягічных зьвестак, пакідаючы ім адно функцыю тэхнічнага выканаўцы – зборшчыка матэрыялу. Прыкладна так разьмяркоўваліся абавязкі паміж беларускім бокам і «IRI-Gallup Organization / Baltic Surveys Belarus» падчас правядзеньня «Generic Ballot Test» і «Specific Ballot Test» напярэдадні сёлетніх парлямэнцкіх выбараў і «рэспубліканскага рэфэрэндуму».

** Сама доля беларускамоўных беларусаў, згодна з апытаньнямі НІСЭПД пары апошніх гадоў, вагаецца амаль утрая: ад 2,6 % у красавіку 2002 г. да 7,1 % у сакавіку 2004 г. За дзесяць гадоў лукашэнкаўшчыны, пад ціскам дзяржаўнай палітыкі, пастаянна павышалася доля расейскамоўных (ад 37,3 % у чэрвені 1995 г. да 51,5 % у верасьні 2003 г.), якія рэкрутаваліся перадусім за кошт тых, хто гаворыць на трасянцы (іх папуляцыя зьменшылася ад 50,0 % у чэрвені 1995 г. да 27,8 % у сакавіку 2004 г.). Адначасова рэзка павялічылася група білінгваў – ад 7,8 % у чэрвені 1995 г. да 17,3 % у сакавіку 2004 г. З гэтай пэрспэктывы лукашэнкаўская моўная палітыка пачала адпавядаць спадзяваньням бальшыні насельніцтва толькі ў верасьні 2003 г., калі лічба чыста расейскамоўных нарэшце перавысіла 50%. Але ненадоўга, бо ў сёлетнім сакавіку іх колькасьць упала да 47 %.
   

І, што найпрыкрэйшае, абодва яны схільны да прыкрытых мілітарысцкай рыторыкай спэкуляцыяў на тэму таго, хто павінен і хто не павінен прадстаўляць інтарэсы беларусаў на палітычным узроўні. Хоць Дракахруст выкарыстоўвае мэтафары з блізкаўсходняга тэатру баявых дзеяньняў, а Лукашэнка паразытуе на сымбалічнай спадчыне апошняй вайны, сутнасна яны надзвычай падобныя. Ступень дарэчнасьці параўнаньня культурнага канфлікту паміж расейскамоўнымі і беларускамоўнымі беларусамі з канфліктам паміж ізраільцянамі і палестынцамі блізка такая самая, што ступень рэальнасьці пагрозы здароўю прэзыдэнта Лукашэнкі з боку заходніх дэмакратый.

Тэма палітычнай рэпрэзэнтацыі інтарэсаў расейскамоўных «антылукашыстаў, незалежнікаў і праэўрапейцаў» зьявілася ў Дракахруставай тэорыі таму, што ўжо цяпер ён бачыць на палітычнай сцэне краіны сілы, якія артыкулююць тры «нацыянальныя праекты»: лукашэнкаўскі аўтарытарны расейскамоўны (недаўгавечны, бо расейскамоўныя дрэйфуюць у бок каштоўнасьцяў незалежніцтва, праэўрапейскасьці і дэмакратыі), лібэральны расейскамоўны (яго прадстаўляюць згаданыя вышэй рэпрэзэнтанты) і нацыяналістычны беларускамоўны. Крызыс лукашэнкаўскага рэжыму створыць унікальныя варункі для росквіту лібэральнага расейскамоўнага праекту: галасы расейскамоўных беларусаў адыдуць хутчэй да іх, чым да нацыяналістаў зь іхнай маніяй ігнараваць «сапраўдныя інтарэсы расейскамоўных».

2

Такім чынам, расейскамоўны лібэрал Дракахруст і расейскамоўны аўтакрат Лукашэнка ўспрымаюць нацыянальны рух як экспансіянісцкі рух, які нясе небясьпеку прагрэсу і чалавечнасьці. Абодва яны схільныя спэкуляваць на фрустрацыях расейскамоўных беларусаў, успрымаць іх як вечны рухавік беларускай палітыкі, прычым страхі пачынаюцца адразу, калі беларуская культура выходзіць за межы папулізму і этнаграфізму. Абодва яны выкарыстоўваюць мэтафару «чамаданаў» для іх выражэньня. І Лукашэнка, і Дракахруст схільныя меркаваць, што беларускамоўныя беларусы маюць адну ўстойлівую і непрывабную ідэнтычнасьць, якая праяўляецца ў стыхійных выбухах агрэсіі да расейскамоўных. Яна культывуецца адарванымі ад рэальнасьці фанатыкамі-ідэолягамі і ў прынцыпе ня можа мадэрнізавацца. Нацыянальны праект беларускамоўных ставіць пад пагрозу сацыяльна пазытыўныя / лібэральныя вартасьці. Яму наканавана заставацца эксклюзіўным, г. зн. грунтавацца на катэгорыі этнічнай выключнасьці, а не інклюзіўным, г. зн. які ўключаў бы ўсіх, хто падзяляе пэўныя палітычныя погляды або культурныя вартасьці незалежна ад свайго паходжаньня, вызнаньня і сацыяльнага статусу.

Падзяляе Дракахруста і Лукашэнку пытаньне, як пакласьці канец гэтай некантраляванай экспансіі. Паставіўшы ў сваім разуменьні беларускамоўных на сваё месца, першы дзелавіта прапануе ўкласьці канвэнцыю, якая павінна вызначыць межы адказнасьці і падуплыўнасьці ў грамадзтве. Другі рэагуе жвавей: рэпрэсіямі і перасьледам ён намагаецца загнаць нацыянальны рух назад у падпольле.

Для абодвух надзвычай важным і красамоўным быў досьвед сярэдзіны 1990-х, калі ўзыходжаньне палітычнай зоркі Лукашэнкі выявіла, што палітычнай мабілізацыі масаў немагчыма дасягнуць пры дапамозе нацыяналістычнай рыторыкі. З таго, што «нацыяналістычная» мабілізацыя масаў пакуль немагчымая, была зроблена выснова, што яна ніколі ня будзе магчымая. «Национализм у нас не приживётся», – думае Лукашэнка. «Пасьля таго як Лукашэнка сыдзе, расейскамоўныя лібэралы могуць і павінны ўзяць уладу ў свае рукі», – можна вычытаць між радкоў у Дракахруста.

(Найбольшы шок ад усьведамленьня гэтай немагчымасьці давялося перажыць беларускамоўным беларусам. Характэрны ў гэтым сэнсе лёс Ігара Герменчука, які на пачатку дзесяцігодзьдзя рэдагаваў самую масавую беларускую газэту, а пры яго канцы выдаваў спрэс расейскамоўны і малатыражны часопіс «Кур’ер».)

3

Лібэральны расейскамоўны праект у асноўных рысах пачаў афармляцца пасьля краху СССР. Далёка ня ўсе расейскамоўныя інтэлектуалы перанесьлі гэтую падзею як асабістую драму. Да таго ж яны сапраўды былі лепш адукаваныя, больш дынамічныя і больш шматлікія ў параўнаньні з сваімі беларускамоўнымі калегамі. У першай палове 1990-х стартуюць іх самыя пасьпяховыя культурныя ініцыятывы («Белорусская деловая газета», Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт). Адбываецца росквіт «расейскамоўнага» бізнэсу: у сярэдзіне 1990-х фірма «Пушэ» дасягае найбольшай капіталізацыі.

Расейскамоўным лібэралам падабалася жыць у Беларусі. Ад іх ніхто не патрабаваў засвойваць нацыянальную культуру і мову. Іх абкружалі мяккія людзі і помнікі эўрапейскай архітэктуры. Да Варшавы было бліжэй, як да Масквы, а да Вільні зусім рукой падаць. Некаторыя зь іх не баяліся сказаць услых: зробім зь Беларусі [расейскамоўную] Аўстрыю або, на благі канец, [расейскамоўную] Прыбалтыку.

Хоць рэктар ЭГУ прафэсар Міхайлаў пэўны час кансультаваў тагачаснага кіраўніка дзяржавы Станіслава Шушкевіча, мэханізму, каб ля стырна дзяржавы заставаліся асьвечаныя кіраўнікі-філёзафы, а зямлю ўраблялі земляробы-тутэйшыя, знойдзена не было. Як толькі ім дазволі рэальна выбіраць уладу, мяккія людзі зрабіліся зьвярамі.

Апошнія 10 гадоў сталі страшным выпрабаваньнем ня толькі для этнічных нацыяналістаў, але і для расейскамоўных лібэралаў. Уласьнік «Пушэ» прадпрымальнік Пупейка ледзьве пасьпеў уцячы з краіны і вывезьці свае капіталы. «БДГ» даўно перастала быць лідэрам свайго сэгмэнту мэдыярынку, пра лёс ЭГУ ведае кожны чытач часопісу «ARCHE». І, нарэшце, ізноў пачынае дакучаць неспадзяваная канкурэнцыя з боку праекту «беларускай Беларусі», які, здаецца, быў пахаваны самой гісторыяй.

Перафразуючы Дракахруста, вера ў Беларусь расейскамоўных лібэралаў становіцца абсурднай проста на вачах, таму што, па-першае, пазыцыянаваньне сябе любой палітычнай сілай на палітычнай сцэне Беларусі як абаронцы інтарэсаў адной зь дзьвюх найбольшых моўных супольнасьцяў непазьбежна вядзе да эскаляцыі моўна-культурнага радыкалізму ўсяго грамадзтва. Беларусь ня тая краіна, дзе можна дазволіць сабе палітычную рэпрэзэнтацыю кожнай з гэтых групаў безь небясьпекі яе дэзінтэграцыі. Дэмпалітыкамі выхад з гэтай сытуацыі ўжо цяпер знойдзены ня ў моўнай дыфэрэнцыяцыі, а ў моўнай канвэргенцыі, г. зн. практычным білінгвізьме, які, асабліва калі зважаць на ўкраінскія рэаліі, мае ўсе шанцы некалі стаць нормай і для пануючай палітычнай адміністрацыі. Цяпер яе расейскамоўнасьць грунтуецца на папулізьме і тлумачыцца асаблівасьцямі каляніяльнай сацыялізацыі.

Па-другое, беларускамоўныя палітыкі могуць выдатна прэзэнтаваць інтарэсы трасянка- і расейскамоўных беларусаў, а таксама білінгваў. Зьвернемся да дэмакратычнага эпізоду ў найноўшай гісторыі краіны – прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. Калі ў грубым прыбліжэньні карыстацца схемай Дракахруста і зьвесткамі НІСЭПД, можна дапусьціць, што беларускамоўныя беларусы (улетку 1995 г. іх было 4,5 %, зьвесткі за 1994 г. у наяўных пад рукой выданьнях НІСЭПД адсутнічаюць) галасавалі прыкладна так, як і праз 10 гадоў, – збольшага за кансэрватыўных палітыкаў з прасавецкімі сымпатыямі. І толькі іх меншая частка, каля 3 % ад колькасьці выбарцаў, галасавала за тагачасных беларускамоўных дэмакратаў Пазьняка і Шушкевіча. Разам тыя набралі 22,7 % галасоў, адкуль вынікае, што іх асноўным электаратам беларускамоўныя беларусы [у трактоўцы НІСЭПД і Дракахруста] не былі.

Па-трэцяе, незалежніцтва расейскамоўных беларусаў не трымаецца на гістарычных каштоўнасьцях, а вынікі апытаньняў НІСЭПД (табл. 2) сьведчаць пра іх надзычайны канфармізм і падатлівасьць лукашэнкаўскай прапагандысцкай машыне. Гэтым вынікам уласьцівая невытлумачальная загадкавасьць, паколькі ўсьлед за беларускамоўнымі беларусамі Менску сымпатыі беларускамоўных беларусаў краіны зноў істотна разыходзяцца зь іх пададзеным вышэй сацыялягічным партрэтам. У межах адпаведных групаў колькасьць беларускамоўных беларусаў, якія ўважаюць БНР за першую беларускую дзяржаву, у паўтара разу большая, чымся расейскамоўных! (У апытаньні адсутнічае адказ «Полацкае княства», што гаворыць аб гістарычнай абмежаванасьці саміх сацыёлягаў. Рэмарка Дракахруста «расейскамоўныя ў найменшай ступені схільныя бачыць пачатак беларускай дзяржаўнасьці ў савецкай і постсавецкай гісторыі» падштурхоўвае да думкі, што ён уважае гісторыю станаўленьня БНР часткай расейскай гісторыі савецкага часу.)

Цяпер пра канфармізм расейскамоўных. Дадзеныя, што мноства беларусаў уважаюць Вялікае Княства Літоўскае першай беларускай дзяржавай, зьявіліся на пачатку гэтага году і зрабілі, здаецца, найбольшае ўражаньне на двух беларускіх інтэлектуалаў, якія жывуць па-за межамі радзімы, – пражаніна Юр’я Дракахруста і віленчука Сяргея Дубаўца (апошні асэнсоўваў іх у перадачы радыё «Свабода» «Вострая Брама»). У гэтым яны бачылі гістарычную непазьбежнасьць: як краіна незалежная, яе грамадзяне становяцца незалежнікамі проста так, «от балды».

Табліца 2. «Сувязь паміж моўнымі паводзінамі і адказамі на пытаньне «Якой, на Ваш погляд, была першая ў гісторыі беларуская дзяржава?»
Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?
  Беларускай Расейскай Беларускай і расейскай Зьмяшанай
ВКЛ (34,6 %) 17,6 42,1 35,4 25,8
БНР (15,1 %) 20,9 13,7 18,2 14,1
БССР (17,0 %) 23,8 11,5 19,4 23,3
РБ (18,2 %) 15,9 17,6 19,6 18,6

Як на мяне, нічога, апрача здольнасьці рэжыму маніпуляваць грамадзкай думкай у якім заўгодна рэчышчы, гэтыя лічбы не паказваюць. І Дубавец, і Дракахруст выпускаюць з-пад увагі, што пасьля абвастрэньня беларуска-расейскіх адносінаў у 2002 г. афіцыйны Менск нейкі час рэзка крытыкаваў нязбытыя імпэрскія комплексы Масквы і дашукваўся сваёй легітымнасьці ня толькі ў сучаснасьці, але і ў мінуўшчыне. Лукашэнкаўскае абкружэньне загаварыла пра векавыя традыцыі беларускай дзяржаўнасьці. Адну з радыкальных яе трактовак прапанаваў памочнік прэзыдэнта Валер Цапкала, а найбуйнейшая газэта краіны, «Советская Белоруссия» (№ 243 ад 18.10.2002), растыражавала яе ў 314 111 асобніках:

Что же касается предложенных вариантов вхождения Беларуси в Россию, «аншлюсов», как это у нас назвали, то такие сценарии нами никогда серьезно не рассматривались. На белорусский суверенитет даже при СССР никто не покушался. В принципе, если говорить о белорусской политике за последние шесть лет, то Беларусь, сближаясь с Россией, ни разу не ставила вопрос о ликвидации своего суверенитета. Речь всегда шла о сближении настолько близком, насколько это будет возможно без уничтожения суверенитета двух стран. И это же зафиксировано в договоре о союзе и во всех договорах, которые заключались Беларусью и Россией. Тот скандальный официально предложенный Президентом РФ вариант вступления Беларуси в состав России на правах шести или семи субъектов Федерации, который сейчас широко обсуждается, не имеет никакого отношения к тем предложениям об объединении, которые исходили со стороны Беларуси все эти годы. А давний исторический опыт здесь ни при чем. Можно, конечно, вспомнить царские времена, когда Беларусь была губернией или краем, но можно вспомнить и Великое княжество Литовское, государство нынешних белорусов, называвших себя литвинами, простиравшееся почти до Москвы и до Черного моря (вылучэньне наша. – Аўт.).

(Мо калі б рэдактар «Звязды» Наркевіч даўмеўся перадрукаваць гэтае інтэрвію ў сваёй газэце, глядзіш, праз год і 40 % беларускамоўных беларусаў палічылі б ВКЛ «сваёй першай дзяржавай»?)

Гэтае ўзьвелічэньне ВКЛ у афіцыйным дыскурсе мела і іншыя імплікацыі, адной зь якіх стала падрыхтоўка за дзяржаўны кошт энцыкляпэдыі ВКЛ у двух тамох пад рэдакцыяй колішняга аўтара «ARCHE» Валера Пазьнякова, выданьні статутаў ВКЛ і інш.

Сьцьверджаньне, што як «найбольш дынамічная група» грамадзтва расейскамоўныя найбольш падатлівыя ўзьдзеяньню дзяржаўнай прапаганды, лёгка можна аспрэчыць дадзенымі пра іх адданасьць дэмакратычным ідэалам, на якіх мае трымацца іх эўрапейскі выбар.

Не сакрэт, што апошнія гады сталі часам пераходу лукашэнкаўскага рэжыму ад «мяккага» да «жорсткага» аўтарытарызму, які суправаджаўся ўсёабсяжным наступам на структуры грамадзянскай супольнасьці, незалежныя СМІ, закрыцьцём неляяльных навучальных установаў і безьліччу драбнейшых эксцэсаў, апісаных у спэцыялізаванай літаратуры. Як жа на гэта зрэагавала «самая праэўрапейская» сацыяльная група (табл. 3)? Сам Дракахруст чамусьці не прывёў ніякіх лічбаў, дарма што ён карыстаўся «закрытымі» зьвесткамі НІСЭПД, якія адлюстроўваюць сувязь паміж моўнай прыналежнасьцю апытаных і іх адказамі на ўвесь спэктар пытаньняў. Нам даводзіцца выкарыстоўваць толькі адкрытыя матэрыялы.

Табліца 3. Ці захоўваюцца правы чалавека ў Беларусі?
  04/01 10/01 03/03 09/03 03/04
Так 2,8 4,2 10,5 12,7 11,7
Хутчэй так 22,3 30,2 21,7 26,1 31,7
Хутчэй не 54,3 39,6 38,7 35,1 31,5
Не 20,1 18,2 23,7 20,0 19,1

Чым далей Беларусь адыходзіць ад эўрапейскіх нормаў у галіне захаваньня правоў чалавека і іншых дэмакратычных стандартаў, тым больш беларусаў (зь якіх расейскамоўныя ўяўляюць сабой бальшыню) мяркуюць пра паляпшэньне сытуацыі зь імі. За няпоўныя тры гады колькасьць тых, хто ўважае, што правы чалавека ў Беларусі цалкам захоўваюцца, павялічылася больш як у чатыры разы.

Як угрунтаванае на гістарычных каштоўнасьцях незалежніцтва, так і праэўрапейскі і дэмакратычны выбар расейскамоўных беларусаў мае характар пустой дэклярацыі, што пастаянна падкрэсьліваюць паразы апазыцыі. Насамрэч беларусы застаюцца закладнікамі эўразійскай палітычнай культуры, а само іх уяўленьне пра Эўрапейскі Саюз і дэмакратычныя каштоўнасьці пераломлена ў крывых люстэрках незадаволенага спажывецкага попыту і заходняй мас-культуры. Яны гавораць пра свой эўрапейскі выбар, нічагусенькі не разумеючы, што гэта значыць.

Формула «ў найбольшай ступені ў Эўропу імкнуцца расейскамоўныя» абсалютна беспрадметная, таму што паняцьце «Эўропа» тут азначае не арганізаваную пры дапамозе палітычных інстытутаў, дэмакратычных стандартаў, культурных традыцый і праўных нормаў супольнасьць, а спажывецкую абстракцыю.

У духу Дракахруста можна дадаць, што з гэтага пункту гледжаньня расейскамоўныя – найбольшая лікам «слабая» сацыяльная група. Да таго ж казус зь іх «незалежніцтвам» выяўляе таксама неразуменьне ім тэхнікі ажыцьцяўленьня палітычнай улады ў Беларусі.

Па-чацьвертае, асыміляцыя беларусаў у расейскую мову і культуру ніколі не была ў строгім сэнсе добраахвотнай, а такая яе дынаміка выявіла няздольнасьць грамадзянскай супольнасьці чыніць супраціў цэнтралізаванаму гвалту. Асыміляцыя вялася мэтадамі таталітарнага грамадзтва, само існаванне якога немагчыма без брахні і прымусу. Пераглянь сёньня з нацыянальных пазыцыяў зьмест гуманітарных дысцыплін у школе і ВНУ (асабліва гісторыі, літаратуры ды мовы) – і заўтра пачнецца браджэньне розумаў. Узьнікненьне «сталічных інтэлектуальных беларускамоўных асяродкаў», якое фіксуе Дракахруст, было немагчымае без разрыву з інфікаванай таталітарызмам айчыннай гуманітарнай традыцыяй на пачатку 1990-х.

Расейскамоўныя будуць панаваць у Беларусі, пакуль мэтай дзяржаўнай палітыкі будзе заставацца жорсткі ідэалягічны кантроль за сьвядомасьцю кожнага шляхам фальсыфікацыі гуманітарных навук, маніпуляцыяў з грамадзкай думкай і адкрытых рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці. Раней ці пазьней расейскамоўным лібэралам давядзецца сутыкнуцца з дылемай, самога існаваньня якой, яны, мабыць, яшчэ не ўсьведамляюць. Што мае быць сапраўдным прыярытэтам іх палітычнай дзейнасьці – адстойваньне палітычных інтарэсаў расейскамоўных (і перадусім першага зь іх – недапушчэньня зьмяншэньня іх колькаснага складу) або эўрапеізацыя і дэмакратычная трансфармацыя грамадзтва? Тое, што гэтыя інтарэсы могуць быць несумяшчальныя міжсобку, паказаў кароткі дэмакратычны эпізод у найноўшай гісторыі Беларусі. (Таксама аказалася, што інтэрас расейскамоўных у захаваньні свайго дамінантнага становішча ў грамадзтве значна больш пераканаўча артыкулююць і адстойваюць рашуча настроеныя прыхільнікі аўтарытарызму.) Дэмакратызацыя, публічнасьць у абмеркаваньні грамадзка значных культурных праблем мацней ударае па моўна-культурных інтарэсах расейскамоўных, падрывае дарагое ім самаўяўленьне як пра культурнага гегемона і культуртрэгера на гэтай зямлі.

Па-пятае, Лукашэнка ёсьць не адыходзячай, а надыходзячай фігурай. Калі ўлада ў Беларусі будзе і надалей беспасярэдне выходзіць ад народу, а не прызначацца асьвечанымі кіраўнікамі суседніх дзяржаваў, палітычны лідэр будзе так ці інакш насьледаваць палітычнай культуры масаў. Пакуль масавая палітычная культура будзе такой, якой яна ёсьць цяпер, а разьвітая нацыянальная ідэнтычнасьць і глыбокі нацыянальны этас будуць заставацца ў праекце, лукашэнкі будуць прадукавацца па змаўчаньні яшчэ не адно пакаленьне. Само ўспрыманьне Лукашэнкі як «адыходзячай фігуры» або «выпадковага прэзыдэнта» дэмаскуе таксама навеяную вульгарным пазытывізмам веру расейскамоўных лібэралаў ува ўсеагульны прагрэс і непазьбежную замену благога добрым. Ці не таму яны часта спагадліва ставяцца да т. зв. беларуска-расейскай інтэграцыі, бо хочуць, каб на зьмену амаральнаму, кепска выхаванаму і хамаватаму тутэйшаму прыйшлі прызначаныя з Масквы культурныя кіраўнікі?

Выбар Лукашэнкі быў не выпадковым выбарам, а пачаткам праўдзівай беларускай дэмакратыі. Наш першы прэзыдэнт прыйшоў з народу, якога мучае цяжкая культурная спадчына. Заваяваць народную любоў пакуль могуць непераборлівыя ў маральна-этычных пытаньнях напорыстыя асобіны мужчынскага полу.

Па-шостае, самі расейскамоўныя лібэралы перажываюць сур’ёзныя праблемы з сваёй культурнай і палітычай ідэнтычнасьцю. Ужо тое, як Дракахрустам падаюцца беларускамоўныя беларусы – зьведзеныя да стану дэструктыўнай сэкты чалавеканенавісьнікі, распальнікі міжнацыянальнай варажнечы, – азначае, што па сутнасьці ён атаесамляе сябе з тымі, хто задаволены культурным рэваншызмам Лукашэнкі ці, прынамсі, лічыць яго заканамерным наступствам дэмакратычнага эпізоду пачатку 1990-х. Т. зв. ідэолягі «беларускай Беларусі» ўзбуджаюць ў аўтара «Жэнэўскай канвэнцыі…» больш непрыязнасьці, чым улада і яе апарат. У цяперашніх умовах гэтую пазыцыю ў найлепшым выпадку можна расцаніць як праяву інтэлектуальнага канфармізму. З такімі поглядамі, за выняткам колькіх гіпэрпалемічных ацэнак, мог бы лёгка выступаць і работнік ідэалягічнай вэртыкалі.

Зларадна ліючы жоўць з нагоды рэваншу «гома саветыкуса» ў Беларусі, расейскамоўны інтэлектуал насамрэч толькі падкрэсьлівае сваю далечыню ад «эўрапейскасьці» і элемэнтарнае неразуменьне свайго месца ў публічнай прасторы. У Эўропе інтэлектуалы выпрацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасьць і крытыкуюць усе аспэкты грамадзкага жыцьця. У Беларусі яны наймаюцца ахоўнікамі каляніяльнай культурнай спадчыны.

Па-сёмае, супрацьстаўленьне лібэральнага [расейскамоўнага] і нацыяналістычнага [беларускамоўнага] праектаў штучнае і ірацыянальнае. Немагчыма давесьці, што лібэральны нацыяналізм расейскамоўных лепшы за лібэральны нацыяналізм беларускамоўных. Іншая рэч, што апошні горай распрацаваны і праартыкуляваны ў інтэлектуальным полі.

Я далёкі ад думкі, каб тлумачыць зьвядзеньне беларускага нацыяналізму да яго далёка ня самай пашыранай этнічнай разнавіднасьці асаблівасьцямі псыхікі або сацыялізацыі таго, хто так робіць. (У гэтым вінаватыя перш-наперш беларускія інтэлектуалы, якія не дарабілі да ладу свайго праекту лібэральнага нацыяналізму, хоць у апошнія гады назіраецца зрух.) Але гэтае зьвядзеньне сьведчыць пра крайнюю няўважлівасьць да нацыянальнай культуры.

Па-восьмае, з таго, што сёньня палавіна ці больш беларусаў гаворыць па-расейску, не вынікае, што так будзе і заўтра. Перамога расейскамоўных ня ёсьць гістарычна непазьбежнай, а моўны рэфэрэндум 1995 г. не паклаў канца моўнай гісторыі Беларусі. Гэтая падзея выявіла адно асаблівасьці разьвіцьця мадэрнага беларускага нацыяналізму як гістарычна запозьненага руху, які стартаваў у варунках распачатай імпэрскім цэнтрам мадэрнізацыі, за што ад самага пачатку яму давялося заплаціць звужэньнем базы падтрымкі. Можна гаварыць нават пра пазытыўнае значэньне рэфэрэндуму: ён дапамог зразумець, хто мы, дзе мы, адкуль мы прыйшлі і куды мы ідзём. Беларусы нарэшце апынуліся ў сваім гістарычна-культурным часе, вырваўшыўся з палону часу міталягічна-ўтапічнага, за які чапляюцца некаторыя «нацыянальныя ідэолягі». Цяпер можна спакойна падлічваць балянс здабыткаў і стратаў.

Духоўныя лідэры, ведучы за сабой людзей, зьмяняюць культуры. Для беларуса, які сур’ёзна чытаў Францішка Багушэвіча, пісаць не на роднай мове азначае мучыць сябе згрызотамі сумленьня. Нейкую духоўную рэакцыю можа выклікаць па сабе і Лукашэнка.

Па-дзявятае, што ні б гаварыў Лукашэнка і што б ні думаў сабе Дракахруст, беларусы насамрэч цудоўна паддаюцца нацыяналістычнай мабілізацыі. У 1917 годзе падчас выбараў ува Ўстаноўчы сход за блёк беларускіх партыяў прагаласавала 0,3 % выбарцаў (гэтая лічба асабліва кантраставала з 5 млн украінцаў, якія аддалі свае галасы за ўкраінскія партыі). Як ужо гаварылася, у 1994-м «нацыяналісты» Шушкевіч з Пазьняком атрымалі 22,7 % галасоў. За няпоўныя 80 гадоў прыхільнасьць да «нацыянальных» палітыкаў павялічылася ў 75 разоў (праўда, у 1917-м галасавалі толькі жыхары таго абшару Беларусі, які знаходзіўся ў зоне расейскай акупацыі, але гэта прынцыпова карціны не зьмяняе).

Па-дзясятае, сёньняшняя ўлада не «бэтонная пліта», але вытвар вельмі пэўнай палітычнай і культурнай традыцыі. Сакрэт яе непахіснасьці наўпрост залежыць ад працьвітаньня гэтай традыцыі.

Па-адзінаццатае, беларускамоўныя беларусы ніколі аднаасобна не фармулявалі нацыянальнага праекту ці, хутчэй, фармулявалі яго па паперы, тым часам як іх ідэалягічныя апанэнты – на мове дзяржаўных інстытутаў і палітычных рашэньняў.

І апошняе – нацыя дагэтуль так і не пачула ад расейскамоўных лібэралаў уцямнага адказу на пытаньне «Чаму Беларусь ня Аўстрыя, а эўразійская сатрапія?».

4

І расейскамоўныя лібэралы, і этнічныя нацыяналісты дагэтуль на гэтае пытаньне адказвалі падобна. Узыходжаньне Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду падавалася як спрычыненая трагічным зьбегам абставінаў прыкрая выпадковасьць, раптоўнае адхіленьне, як нічым не запраграмаваны збой у пасьлядоўным разгортваньні руху да прагрэсу / нацыянальнага адраджэньня. Разыходжаньні ж пачыналіся на ўзроўні праграмных высноваў з гэтага досьведу.

Першыя інтэрпрэтавалі Лукашэнкаў узьлёт як знак таго, што беларусы не да канца цывілізаваліся праз высокую расейскую культуру і таму ў народзе дзе-нідзе ўспыхваюць языкі цемрашальства і нацыяналізму – гэтых двух тутэйшых цёмных рухаў. Але ў меру набліжэньня і зьліцьця з «высокай расейскай культурай» яны адыдуць у нябыт. Другія бачылі ў Лукашэнку марыянэтку, якую прыводзяць у дзеяньне хітрыкі КГБ, заходніх дэмакратый, газавых манапапістаў, своекарысьлівай мэдыяэліты, нямецкай выведкі і Міжнароднага валютнага фонду.

Існуе яшчэ і трэці, праўда, малазапатрабаваны варыянт адказу на гэтае пытаньне. Беларусь ня Аўстрыя, а эўразійская сатрапія таму, што цяперашняя Эўропа – гэта Эўропа нацый, а не культурных калёній. Каб стаць яе арганічнай часткай, трэба парваць з тутэйшай каляніяльнай традыцыяй, у якую як неад’емны атрыбут імплянтаваны палітычны аўтарытарызм.

У адрозьненьне ад Аўстрыі, у Беларусі існуюць, з аднаго боку, нацыянальны рух, а з другога – дзікунская палітычная культура, якую прынёс з сабой каляніяльны праект. Нацыянальны рух сам празь сябе тут ня ў стане дасягнуць палітычнай перамогі. У найлепшым разе ён здольны заявіць аб сваіх намерах усяму грамадзтву пры тэндэнцыйным пасярэдніцтве дзяржаўных і іншых варожых мэдыяў. Пакуль гэтая тэндэнцыя будзе існаваць, будуць знаходзіцца палітыкі, ахвочыя паразытаваць на вечным рухавіку палітычнага папулізму, які эксплюатуе хімэры этнічнага нацыяналізму. (Водгукі такой пазыцыі ёсьць і ў Дракахруста: ня лезьце вы з гэтай беларускай мовай, не стварайце штучнага нэгатыву вакол моўна-культурных пытаньняў, не правакуйце нашых палітыкаў і грамадзянаў на рашучыя адказы. І пасьля, для пераканаўчасьці, параўнаньне з блізкаўсходнім – не эўрапейскім, бо Эўропа прынамсі на ўзроўні прынцыпаў паважае права на адрознасьць і вызнае талерантнасьць, – ваенным тэатрам. Як на мяне, гэта выразны прыклад перакладаньня справы з хворай галавы на здаровую: ня трэба абвінавачваць тых, хто змагаецца за правы моўнай меншыні, трэба адвучаць бальшыню чыніць тыранію.)

Існуе толькі адзін правераны суседнімі нацыямі шлях уваходу ў цывілізацыйную прастору Захаду – нацыятварэньне, зразуметае не як распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, а як прышчапленьне масам створанай элітамі нацыянальнай ідэнтычнасьці. Усе іншыя варыянты забясьпечваюць у лепшым выпадку стагнацыю, у горшым – сярэднеазіацкую пэрспэктыву. Як пісаў нямецкі палітоляг Герхард Сыман, «шлях да дэмакратыі праз тварэньне нацыі, без сумневу, поўны небясьпек, але іншых шляхоў папросту няма». На думку амэрыканскага тэарэтыка нацыяналізму Рамана Шпарлюка, мадэрнае нацыятварэньне можа адбывацца толькі ў дачыненьні да Захаду. (У перакладзе на звычайную мову: Беларусь застанецца часткаю Эўразіі датуль, пакуль тут ня ўзьнікне мадэрнай нацыі; а калі мадэрная нацыя ўзьнікне, нацыянальная, а не каляніяльная мова і культура зь неабходнасьцю будуць часткаю нацыянальнай ідэнтычнасьці.)

Змаганьне з этнічным нацыяналізмам – гэта фальшывая мэта, навеяная задушлівай духоўнай атмасфэрай сёньняшняй Беларусі. Усё XX стагодзьдзе беларускі этнічны нацыяналізм быў малалікім і малаўплывовым анэмічным рухам, на фоне якога так лёгка адчуваць сябе пераможцам і небясьпека якога наўмысна гіпэрбалізавалася прапагандыстамі-«інтэрнацыяналістамі».

Стратэгічнай мэтай нашай інтэлектуальнай супольнасьці, прадметам свайго роду негалоснай канвэнцыі можа стаць супольнае тварэньне мадэрнай беларускай ідэнтычнасьці, крытыка каляніяльнай традыцыі, разбудова грамадзянскай супольнасьці. Як у расейскамоўных, так і ў беларускамоўных лібэралаў шанец уплываць на палітычныя рашэньні можа зьявіцца толькі пасьля перагляду мэханізмаў ажыцьцяўленьня ўлады ў краіне.

На жаль, шанцы на ўкладаньне такой канвэнцыі застаюцца пакуль мізэрнымі дзякуючы вышэйпамянёнаму крызысу ідэнтычнасьці расейскамоўных інтэлектуалаў. Прыняць ідэю, што Беларусь эўрапейская будзе Беларусяй дэкалянізаванай, азначае паставіць крыж на праекце акультурваньня Беларусі пры дапамозе расейскай мовы і культуры ў той момант, калі яму даў другое жыцьцё прэзыдэнт Лукашэнка. А таксама давядзецца раней ці пазьней адмовіцца ад прэтэнзіі на «культурную гегемонію» і, ня выключана, прызнаць свой дыяспарны статус, як, напрыклад, гэта зрабіла расейская інтэлігенцыя ў Прыбалтыцы.

Пакуль расейскамоўныя інтэлектуалы будуць бачыць у разьвітаньні з каляніяльнай культурнай спадчынай, якая перашкаджае эўрапеізацыі і дэмакратызацыі грамадзтва і блякуе мадэрнізацыю нацыянальнай культуры, паразу, пра такую канвэнцыю няма чаго і гаварыць.

5

Аўдоцьця Агафонава памерла ўвосень 1998 г. у Менску, маючы 76 гадоў. У 1982-м яна страціла сваю адзіную сястру Лену, якая адышла ў лепшы сьвет у Кемераве. Іх маці памерла ад раку на Першамай 1937 г., бацька – на вачох Аўдоцьці ўвесну 1942 г. у блякадным Ленінградзе.

Юзэфа Бурак памерла ўвосень 1993-га ў пад’івянецкай Сівіцы, пражыўшы 95 гадоў. Яна была адзінай дачкой у сям’і Яна і Валеры (з Даўнароў) Калачыкаў, мела шасьцёх братоў. Яе старэйшы брат Франціш эміграваў у амэрыканскі Дэтройт яшчэ перад першай сусьветнай вайной, у 1912, тры (Аляксандар, Станіслаў і Костусь) – уцяклі ў Польшчу па другой сусьветнай. Дажываць свой век на роднай зямельцы ёй доля судзіла толькі з братамі Вінцэнтам і Міхасём.

Калі Аўдоцьця і Юзэфа былі разам, часам здавалася, што яны блізкія да паразуменьня, а часам – што і не.

  * Залатое правіла беларускай палітыкі: калі хочаш беспакарана пастраляць/ паасыміляваць беларусаў або доўга і спакойна кіраваць імі, трэба для пачатку назваць парачку іх «крыважэрнымі» істотамі, а пасьля іх жа абвінаваціць у нацыяналізьме.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (34) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/2/28