A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Pax Vobiscum

          – Штука ў двух словах, – сказаў Вамба. – Што б ні гаварылі табе, адказвай «Pax vobiscum!»

          В. Скот «Айвенга»


А

ртыкул Юр’я Дракахруста «Жэнеўская канвенцыя для вайны культураў» дзеліцца на дзве выразна розныя характарам, памерам, значэннем і метадалогіяй часткі. У першай прэзентуюцца вынікі сацыялагічнага апытання адносна мовы штодзённых зносінаў і поглядаў на «актуальныя сюжэты» беларускай палітыкі (паводле аўтара, даследуецца «прырода сувязі моўных паводзінаў з палітычнымі», але прыдатнасць матэрыялу для гэткіх пошукаў выклікае сумненні). У гэтай частцы спадар Дракахруст выступае ў emploi асцярожнага навукоўца і дазваляе сабе адно аб’ектыўна-стрыманы сціслы каментар.

У другой, меншай памерам, частцы навуковец без папярэджання перакідваецца ў прарока і публіцыста. Ужо не стосы сацыялагічных працэнтаў, але асабістая перакананасць кладзецца ў грунт меркаванняў, характар якіх месцамі нельга пазначыць інакш, як нетрывіяльны.

Пры бліжэйшым разглядзе і метадалогія навуковай часткі выглядае па-валюнтарысцку адвольнай. Моўныя паводзіны чалавека разглядаюцца быццам акт ягонага аднаасобнага выбару (аўтар палемізуе ў гэтым пытанні з В. Вячоркам і выносіць прысуд пра «досыць абмежаваны ўплыў «вонкавых фактараў»). Але што больш уплывае на выбар месца прыпынку кіроўцам: ягоныя асабістыя ўпадабанні ці правілы ды сістэма дзяржаўных органаў, якая іх падтрымлівае? Залежыць ад абставінаў, але ніводнае даследаванне не мае права забывацца на Правілы і ДАІ. Падабенства з моўнымі паводзінамі, на мой погляд, несумненнае.

Выбар сродкаў камунікацыі залежыць ад асабістых упадабанняў – але ж не аднаго, а абодвух бакоў. Менавіта таму аўтар гэтых радкоў карыстаецца беларускаю моваю ў штодзённых зносінах у мінімальным аб’ёме, у размовах з вузкім колам людзей, і ў гіпатэтычным апытанні залежна ад настрою адказаў бы, што карыстаецца або выключна расейскай, або беларускай і расейскай. Але з ахвотаю гаварыў бы па-беларуску часцей. Дык вось пра моўныя ўпадабанні спадар Дракахруст не згадвае. Затое шырака аналізуе ўпадабанні палітычныя.

Не маючы глыбокіх ведаў у сацыялогіі, я паводле беларускай звычкі думаю: а можа, гэтак трэба? З аднаго боку – практыка, з іншага – каштоўнасці. Ну, і карэляцыя паміж імі. (А ў нашым выпадку, хутчэй, ейная адсутнасць.) Але ў ракурсе заяўленых мэтаў даследавання цікава было б вывучыць моўную практыку versus моўныя ўпадабанні, перш чым шукаць сувязь паміж мовай і палітыкай: паводзіны больш жорстка дэтэрмінуюцца грамадствам, упадабанні маюць шырэйшы дыяпазон свабоды.

Прааналізаваны Дракахрустам сацыялагічны матэрыял (у чарговы раз) не супярэчыць пашыранаму ў беларускамоўным асяроддзі меркаванню: паколькі стаўленне да беларускай мовы з боку ўлады на працягу значнага часу непрыхільнае (паводле вызначэння самога Дракахруста – «варварскае»), гавораць па-беларуску або на ніжэйшых драбінах сацыяльнай лесвіцы (прадстаўнікі «слабых» сацыяльных групаў, словамі Дракахруста), або людзі, свядома ангажаваныя ў змаганне за мову. З гледзішча здаровага сэнсу цалкам праўдападобнай выглядае гіпотэза, што палітычныя ўпадабанні згаданых групаў беларускамоўных будуць істотна розніцца, таму аб’яднанне іх у адну выглядае малапрадуктыўным для заяўленых мэтаў даследавання. «Прырода сувязі моўных паводзінаў з палітычнымі» ў вясковага трактарыста і сталічнага выкладчыка наўрад ці будзе аднолькаваю, але абраным даследчыкамі шляхам гэтая розніца хутчэй нівелюецца, чым выяўляецца. Вынікі разгляданага даследавання дадаюць толькі, што па-ранейшаму першая група беларускамоўных пераважае, – магчыма, за выняткам сталіцы.

Не варта замоўчваць гіпотэзу, якая цалкам кладзецца на вынікі даследавання, толькі таму, што яна пашыраецца прыхільнікамі ўжытку беларускай мовы. Яны могуць мець рацыю, хай сабе гэткае прызнанне шкодзіць спадару Д. у крытыцы іхніх базавых ідэалагемаў, да чаго ён звяртаецца, расклаўшы перад чытачом мазаіку сацыялагічных лічбаў. Зыходзячы з вышэйпададзенага, я лічу гэтую ягоную крытыку на падставе атрыманых у даследаванні дадзеных, сказаўшы мякка, небездакорнай. З аднаго боку, нельга не пагадзіцца, што беларускамоўныя не вызначаюцца ні больш высокай адукацыяй, ні маладосцю, што гэта не найбольш «прасунутая», дынамічная група насельніцтва, што беларускамоўныя статыстычна больш прыхільныя да аб’яднання з Расеяй і варожыя да еўрапейскай традыцыі. З іншага боку, як выглядаў бы малюнак, калі за аснову бралася не толькі фармальная, але і ўнутраная беларускамоўнасць, пашана (даруйце зацёганы выраз) да роднай мовы?

Мэта маіх пярэчанняў не ў рэабілітацыі любым коштам светлага імя беларускамоўных. Грунтуюся на ўласным коле знаёмых: сярод расейскамоўных ёсць «цвёрдыя іскраўцы», варожыя кожнаму беларускаму слову, а ёсць людзі, якія шчыра саромеюцца сваёй няздольнасці гаварыць па-беларуску. Казаць пра іх як пра маналіт гэтак жа няслушна, як пра беларускамоўных. Гэтак можна даводзіць адсутнасць прыхільнікаў нудызму шляхам вывучэння натоўпу на праспекце Скарыны падчас дэманстрацыі 7 лістапада.

Абраныя метады аналізу перашкаджаюць заяўленым пошукам «прыроды». Скідаючы акадэмічную тогу, спадар Дракахруст зазначае, што цяперашнія беларускамоўныя наўрад ці могуць прэтэндаваць на ролю будаўнікоў ідэальнай дэмакратычнай «беларускай Беларусі» з прычыны як колькасці, гэтак і якасці. Але да будаўніцтва могуць далучыцца тыя, каго ён запісаў у расейскамоўныя і без выразных на тое падставаў надзяліў агульным і адрозным ад беларускамоўных (ды яшчэ і варожым, хаця з ягоных уласных сацыялагічных выкладак больш абгрунтаванай выглядае супрацьлеглая гіпотэза) стаўленнем да вышэйзгаданага праекту. Чамусьці гэтая думка засталася па-за гарызонтам.

Здзіўляе ўпэўненасць, з якой публіцыст гаворыць пра праект «беларускай Беларусі» як пра нешта выразна акрэсленае (і нават супрацьпастаўляе менш чытэльным абрысам праекту, які, на ягоную думку, падтрымліваюць расейскамоўныя насельнікі Беларусі). Фактычна ж адзінаю пэўнаю рысаю «беларускай Беларусі» выступае ў Д. выкарыстанне беларускай мовы. Але ж, карыстаючыся ягонымі ўласнымі лічбамі і здаровым сэнсам, лёгка прыйсці да высновы, што найбольшае, чаго могуць дамагацца (у марах, натуральна, толькі ў марах!) прыхільнікі беларускага праекту ў блізкай і сярэдняй перспектыве, – роўнага статусу расейскай і беларускай моваў у Беларусі. На большае, калі адкінуць палемічны запал, не гатовыя самыя гэтыя прыхільнікі (улучаючы аўтара гэтых радкоў).

Думаю, спадар Д. гэта ведае. Але і ведама яму, што роўны статус – небяскрыўдная рэч: ён (ці не найперш) выключае магчымасць разглядаць вышэйшую (а ў прынцыпе і ўсякую іншую) адукацыю без ведання беларускай мовы як поўную і дасканалую, што ў сваю чаргу немагчыма без паўнавартаснага ўключэння яе ў навучальны працэс, – і дзе мы апынаемся са знакамітым (без двукоссяў) ЕГУ, хай сабе ягоныя выпускнікі ведаюць па чатыры заходнееўрапейскія мовы? Прыклад з жыцця: у беларускамоўным (закон змушае) загалоўку новага дзяржаўнага стандарту, старанна і даволі трапна перакладзенага з нямецкай, з пяці беларускіх словаў у двух – памылкі. Адукацыі не хапіла.

Ведама спадару, што, зыходзячы з сённяшняга статусу і стану беларускай мовы, дасягненне роўнага статусу запатрабуе шэрагу affirmative actions, каб кампенсаваць існуючы дысбаланс, выкліканы не столькі моцай уласнабеларускай расейскамоўнай стыхіі (якую зноў жа трэба не так адольваць, колькі асіміляваць), але і магутным уплывам інфармацыйнага поля вялікага ўсходняга суседа. Разважанні на гэткую тэму сёння нагадваюць дыскусіі пра мэтазгоднасць тэрафармавання Марса, але думкі спадара Дракахруста маюць далекасяжную стратэгічную накіраванасць. Ён хоча мець гарантыі на ўсе выпадкі.

Наступная нацяжка – імпліцытнае сцверджанне, быццам, карыстаючыся пазначэннямі з артыкула, беларуская культура змагаецца з культураю расейскамоўных насельнікаў Беларусі, а не з расейскаю культураю, крыніцаю якой з’яўляецца найперш насельніцтва Расейскай Федэрацыі. Гэтае, сціпла фармулюючы, перабольшанне падказвае, што паважаны публіцыст уважае сябе голасам расейскамоўных супляменнікаў, перадусім занятых у сферы культуры і адукацыі. Робіцца зразумелаю дзіўная арыентаванасць ягонага шляхетнага закліку наконт Жэнеўскай канвенцыі «ў вайне культураў». Па-першае, ён скіраваны выключна на гіпатэтычнае будучае сутыкненне пасля меркаванай дэмакратызацыі рэжыму. Па-другое, выразна адрасаваны свядомым беларусам. Чамусьці сённяшняе варварскае стаўленне да беларускай мовы і культуры не натхняе публіцыста заклікаць да стрыманасці і павагі расейскамоўных, хаця ў іхнія ветразі дзьме ўладны вецер, і спакуса паддацца злоўжыванням актуальнейшая менавіта для іх.

Дракахруст засцерагае ад дэманізацыі расейскамоўных, не заўважаючы, якімі чарцянятамі атрымліваюцца ў яго загнаныя (уладамі, выключна ўладамі...) у кут «свядомыя». Ён дадае мазок за мазком, і нястрымная хваля красамоўства падмывае ягоную ж шляхетную пабудову. Ахопленыя жарсцю татальнага рэваншу ў светлай будучыні, прыхільнікі беларускай мовы прагнуць крыві і бачаць ворага ў кожным, хто гаворыць не па-беларуску... Якім высакародным трэба быць, каб прапанаваць крыважэрным няўклюдам з навукова даведзеным ніжэйшым сацыяльным статусам Жэнеўскую канвенцыю! Ці не дарма гэта?

Адным словам, паддаўшы даўно заслужанай крытыцы самасуцяшальныя ідэалагемы нацыяналістаў, спадар Дракахруст дэманструе ў дзеянні свой набор сумнеўных аксіёмаў. Вось некаторыя з іх:

— актуальныя моўныя паводзіны індывіда адназначна адбіваюць ягоныя моўна-культурныя прыхільнасці (то бо’ імпліцытна сцвярджаецца адсутнасць моўнага прымусу ў штодзённым жыцці);

— стаўленне да беларускай мовы як каштоўнасці прынцыпова розніцца ад стаўлення да такіх сімвалаў беларускасці, як БНР і ВКЛ, мова разглядаецца выключна як інструментальны атрыбут або прыкмета знарочыстай беларускасці;

— віна за глум з беларускага ляжыць выключна на ўладах і толькі ўладамі ён здзяйсняецца (спадар Д. пазбягае гістарычных экскурсаў, але ўсё ж не рызыкуе падаць сённяшняе стаўленне да моўнага пытання як выключную з’яву);

— беларускамоўныя маюць распрацаваны праект татальнага і прымусовага збеларушвання Беларусі;

— выраз «вайна культураў» азначае будучае гіпатэтычнае сутыкненне беларускамоўных з расейскамоўнымі і аніяк не стасуецца да сённяшніх дачыненняў у моўнай сферы;

— расейскамоўныя беларусы асягнулі выдатных поспехаў на ніве беларускай культуры;

— гэтыя дасягненні ігнаруюцца і дыскрымінуюцца выключна з прычыны іхняй расейскамоўнасці.

Апошнія два тэзісы – голас расейскамоўных культурнікаў Беларусі. Як прыклады згадваюцца творчасць Святланы Алексіевіч і ЕГУ. Непрыхільнасць да беларускай мовы істотна абясцэньвае акадэмічны ўзровень згаданай установы, але калі хто публічна называе сябе беларускім пісьменнікам, не застаецца нічога іншага, як пагадзіцца, хай сабе чалавек піша на фарсі. Натуральней беларускаму пісьменніку пісаць па-беларуску, але выбар за творцам, калі ж творы вартыя, будзе праца перакладчыкам.

Пагроза, што беларуская культура не палічыць такога аўтара за свайго, сапраўды рэальная. Алеся Адамовіча з задавальненнем папракалі касмапалітызмам, бо з гістарычных прычынаў беларуская літаратура насцярожана, амаль што хваравіта ставіцца да найлягчэйшых праяваў касмапалітызму ў беларускіх творцаў. Нават больш: у барацьбе за выжыванне (у вайне культураў) паўстала сістэма недарэчных, звонку гледзячы, жанравых і тэматычных абмежаванняў. Няма нейкага асаблівага стаўлення да расейскамоўных творцаў – гэта вынік адчування літаратураю (і культураю ў цэлым) сваёй слабасці: боязь змагання на роўных аднолькава перашкаджае лічыць паўнавартымі творцамі што аўтараў дэтэктываў, што расейскамоўных творцаў. Згаданая Святлана Алексіевіч магла б моцна спрычыніцца да разбурэння гэтых штучных абмежаванняў – і ейны ўплыў быў бы непараўнальна большы, калі б рэвалюцыя адбывалася знутры, калі б яна пісала па-беларуску.

Ёсць, аднак, і іншы бок праблемы, калі для вызначэння маштабу дасягненняў прыцягваюцца замежныя меркаванні. Расейскамоўнаму аўтару лягчэй прыцягнуць да сябе ўвагу шырэйшых колаў. На мой густ, «Адзінец» Яраслава Пархуты – твор не менш глыбокі і выдатны, удзячны для інтэрпрэтацыі, чым кнігі Святланы Алексіевіч, і ў тым жа жанры non-fiction, але хто пра яго чуў у Парыжы і Берліне? Не толькі ў коле беларускамоўных творы на розных мовах сустракаюць па-рознаму, для расейскамоўнай аўдыторыі гэта ўласціва ў яшчэ большай ступені.

Паводле маіх назіранняў, дзейнасць беларускіх пісьменнікаў незнаёмая расейскамоўнай частцы насельніцтва нават на ўзроўні імёнаў. Хто па-за межамі чытальнікаў па-беларуску ведае Мудрова ці Глобуса, Разанава ці Булыку? Прычына ў адсутнасці (ці скрайняй малалікасці) кола расейскамоўных беларусафілаў. Калі б гэтае звяно функцыянавала як належыць, немагчымаю была б добрая настаўніца расейскай літаратуры, якая чуць не чула пра «Сказ пра Лысую гару» нават пасля апошніх скандальных разборак паміж Гілевічам і Аўрамчыкам.

Цяжэй давалася б і ўзаемная дэманізацыя, якая аднолькава шкодзіць абодвум бакам. Нельга не пагадзіцца са спадаром Дракахрустам, што ўва ўмовах дэмакратыі яна можа спарадзіць доўгую серыю разбуральных рэваншаў пра- і анты-беларускіх сілаў, і не толькі на вузкім моўным полі. Калі хочаш пераадолець гэтую тэндэнцыю, крытыкуй хутчэй не супраціўны бок, а свой. Паколькі спадар Дракахруст можа разглядацца сваім абодвума бакамі, варта адзначыць, што для свядомых беларусаў ён зрабіў добрую справу. Цяпер мо’ дапаможа расейскамоўным братам?

На гэтым можна было б і спыніцца, але сфакусаванасць на мове (для адных – фетыш, для іншых – пудзіла) збрыдзела мне не менш, чым спадару апаненту. Мова – не сродак будаўніцтва «беларускай Беларусі», гэта згаданая Беларусь – месца ўтульнага пражывання мовы. Нам залежыць, каб мове было ўтульна, бо мы любім і паважаем яе, яна (як тая гісторыя, якую, паводле сацыёлагаў, гэтак шануюць расейскамоўныя беларусы) не з нас пачалася і не намі павінна скончыцца.

Мове не падабаецца існаваць кансервай. Мова любіць, калі ёю карыстаюцца. Але спачатку мусіць з’явіцца адпаведная Беларусь, толькі потым у ёй, будзем спадзявацца, «запануе» беларуская мова. Шансы на тое «запанаванне» будуць толькі тады, калі мова прынясе з сабою нешта яшчэ акрамя граматыкі і лексікі, напрыклад добрую літаратуру, сучасную філасофскую і культуралагічную думку і г. д. Гэтага пакуль што... малавата. Аніхто, акрамя беларускамоўных (у шырокім сэнсе) беларусаў, гэтага для мовы не зробіць. Анічога не выйдзе, пакуль расейскамоўныя (таксама ў шырокім сэнсе) беларусы гэтага не заакцэнтуюць і не спапулярызуюць. Дзе тут вайна культураў? Ёй няма месца. Не Жэнеўскай канвенцыі трэба беларусам, а міру і супрацоўніцтва.

Вайна культураў, якую бачыць на гарызонце спадар Дракахруст, вялася (і сёння вядзецца) адміністрацыйна-эканамічнымі сродкамі, і культура тут толькі ў назве. Вастрыня канфлікту вызначаецца перадусім палітычнымі паводзінамі мацнейшага боку. Калі ў належны час расейскамоўная большасць будзе дастаткова разумнаю, каб не пашкадаваць грамадскіх і дзяржаўных сродкаў на частковае збеларушванне асобных бакоў масавай культуры (дубляж фільмаў, літаратурныя пераклады, СМІ, справаводства), значная частка назапашанай у беларускамоўным коле агрэсіўнасці будзе нейтралізаваная, пераважная частка небагатых людскіх рэсурсаў – задзейнічаная на гэтыя мэты. Ваяваць не будзе каму.

Але на гэтыя саступкі давядзецца пагадзіцца – як раней на ВКЛ, БНР і інш., без чаго сёння ўжо цяжка ўявіць беларускую самасвядомасць. Пагадзіцца ў імя любых сэрцу сучасных еўрапейскіх каштоўнасцяў, каб не ціснуць беларускамоўнага суседа, бы каменная пліта, а займацца чымсьці больш прыемным і карысным. І як ні круці, першы крок да згоды давядзецца зрабіць большасці. Бо калі бакі шукаюць міру, першым павінен спыніцца той, хто наступае, а не той, хто бароніць апошнія рубяжы.

        Ад рэдакцыі
        Сп-ру Дракахрусту была дадзеная магчымасьць адказаць на ўсе крытыкі ягонага артыкулу, апублікаваныя ў гэтым нумары «ARCHE», г.зн. на тэксты Валера Булгакава, Данілы Жукоўскага і Пятра Садоўскага. Юры Дракахруст напісаў адказ толькі на артыкул Данілы Жукоўскага, які быў дасланы яму першым. Наконт двух другіх тэкстаў ён выказаў меркаваньне, што адказваючы на ўсе тры крытыкі ў адным нумары, дзе да таго ж апублікаваны і ягоны адказ на пытаньне анкеты, ён выглядаў бы крыху сьмешна, гэткім «правадыром расейскамоўных», якім ён не зьяўляецца.

  эсэіст. Аўтар перакладаў з польскай мовы.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (34) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/3/10