A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  АЛЯКСАНДАР БАТУРА

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Батура
Тры памаранчавыя высновы


Пітэр Урвін, які ў 1980-я гады працаваў паслом Вялікай Брытаніі ў сацыялістычнай Вугоршчыне, 28 лістапада 2004 году напісаў у брытанскай газэце «Independent»: «…мы павінны (у дачыненьні да Ўкраіны) узяць пад увагу патрэбы міжнароднай стабільнасьці, стабільнасьці, якая забясьпечвае павагу да інтарэсаў апанэнта ў такой самай ступені, як і да інтарэсаў уласных». Што мела на ўвазе Ягонае Высокаправасхадзіцельства пад стабільнасьцю і каго – пад апанэнтам? А вось каго. «Ці хочам мы дабіцца сутыкненьня Эўразьвязу з варожасьцю Расеі, варожасьцю, выкліканай тым, што мы лазім па яе падворках?» Якім чынам? Імкнучыся забясьпечыць сумленны падлік галасоў на ўкраінскіх выбарах.

15 гадоў таму падобныя рэчы мы чулі ад тых самых, у прынцыпе, саветолягаў наконт тадышніх савецкіх сатэлітаў з Цэнтральнай Эўропы. Замест Вугоршчыны, Чэхіі і Польшчы цяпер гаворка ідзе пра Ўкраіну, Беларусь, Малдову. Новыя краіны Эўразьвязу таксама некалі «пагражалі міжнароднай стабільнасьці», як цяпер – Украіна.

У перамогу ўкраінскай рэвалюцыі мала хто верыў. Кантроль Расеі над Украінай лічылі неўнікнёнай рэальнасьцю. Але – сталася! Пасьля трыюмфальнага для Віктара Юшчанкі 26 сьнежня застаецца правесьці аналіз і зрабіць высновы.

ВЫСНОВА ПЕРШАЯ: РЭВАЛЮЦЫЮ НЕМАГЧЫМА ПРАДКАЗАЦЬ

Сёньня, аглядаючыся назад, можна прааналізаваць сытуацыю і сказаць: «тое і тое было прычынай рэвалюцыі». Але як можна было прадказаць рэвалюцыю? Як вызначыць, што на самай справе думаюць людзі, як яны бачаць палітычную сытуацыю, ці гатовыя яны да актыўнага дзеяньня, і галоўнае, як доўга яны гатовыя актыўна дзейнічаць?

Існавалі пэўныя арганізацыі (напрыклад, «Пара»), здольныя вывесьці на вуліцы некалькі тысяч чалавек. Было вядома, што выбары прызначаны на лістапад, калі становіцца холадна. Было вядома таксама, што ніякія гранты не прымусяць людзей стаяць на плошчы тыдзень на марозе. Як аніякія гранты (50–100 баксаў за адзін «трып» з Данецку ў Кіеў на камфартабэльных цягніках і самалётах) не прымусілі людзей ехаць у Кіеў бараніць кандыдата, які прайграў.

Асабліва складана прадказваць палітычныя паводзіны ў выбарных аўтакратыях постсавецкага тыпу, да «мяккага» варыянту якіх належала і Ўкраіна. Вонкава грамадзяне могуць падтрымліваць існуючы палітычны і эканамічны стан, але што яны кажуць на сваіх кухнях? Вонкавы выраз сваіх поглядаў (грамадзкая думка) адрозьніваецца ад поглядаў сапраўдных, не абавязкова выражаных вонкава (прыватная думка). Нават у заходніх дэмакратыях дзьве гэтыя думкі не супадаюць. Калі грамадзкая думка лічыць, што падтрымліваць радыкальна правыя партыі палітычна некарэктна і амаральна, ніводны чалавек не прызнаецца, што на мінулых выбарах ён галасаваў за Лё Пэна і Нацыянальны фронт. Але ягонае прыватнае меркаваньне – што Лё Пэн палітык, здольны абараніць інтарэсы гэтага грамадзяніна. Калі ў Беларусі 1990-х было кепскім тонам прызнавацца, што ты падтрымліваеш Лукашэнку (хоць яго і падтрымлівала большасьць), то ў Беларусі 2004-га сытуацыя зьмянілася да наадварот: у той час як большасьць яго прыватна не падтрымлівае (на кухнях), то на людзях – так. Калі ты ў Рыме, паводзь сябе як рымлянін.

Грамадзкая думка неабходная для ўтрыманьня палітычнай улады, для функцыянаваньня яе інстытутаў. Прыватная думка неабходная для палітычнай стабільнасьці. Калі большасьць грамадзянаў прыватна не падтрымліваюць палітыка і толькі чакаюць спрыяльнага моманту, каб выказаць свае прыватныя погляды, то такая сыстэма ня можа лічыцца стабільнай. Асабліва калі гэта немагчыма зрабіць праз выбары. Цікавыя рэчы адбываюцца, калі раптам, як здавалася, паслухмяная маса мяняе свае погляды і «рэгіструе» свае прыватныя думкі праз паўмільённую дэманстрацыю. Пры гэтым гаворка ідзе не пра перавод дзесяці працэнтаў з прыватнай у грамадзкую думку, часьцей за ўсё адбываецца эфэкт «сьнежнага камяка». Ува Ўсходняй Нямеччыне падчас «аксамітнай рэвалюцыі» спачатку пратэставала некалькі соцень, пасьля некалькі тысяч, пасьля некалькі дзясяткаў тысяч, а потым на вуліцы выйшла амаль уся Ўсходняя Нямеччына. Выратаваць рэжым было запозна – нямецкія герантакраты зьдзіўлена ўбачылі, што ўся Ўсходняя Нямеччына на «кухнях» была супраць іхнага рэжыму.

Нешта падобнае адбылося трохі пазьней у Сэрбіі, Грузіі, цяпер – ва Ўкраіне. Немагчыма спрагназаваць, ці пойдуць людзі «рэгістраваць» свае прыватныя прэфэрэнцыі «публічна». Гэтага ня можа прадбачыць ані апазыцыя, ані рэжым. Колькі ні аналізаваў Кучма падзеяў у Грузіі ці Сэрбіі, карцінка з Майдану Незалежнасьці сталася для яго шокам. Таксама немагчыма спрагназаваць, што ёсьць той апошняй кропляй, якая перапаўняе келіх людзкога цярпеньня. Чаму акцыя «Ўкраіна бяз Кучмы» тры гады таму зьбірала дваццаць тысячаў чалавек, а ў лістападзе 2004-га выйшла ў 10 разоў болей?

Пільная жонка Януковіча праславілася тым, што разгледзела на Майдане амэрыканскія валёнкі і наколатыя апэльсыны. А што ж на самой справе змусіла ўкраінцаў выйсьці на вуліцы і стаяць на марозе? Чаму раптам Вышэйшы Суд, які «не заўважыў аніякіх парушэньняў» пасьля першага туру, раптам заўважыў іх пасьля другога?

Каб уявіць, як можа выглядаць прыватная думка, збудуем простую мадэль. Уявім сабе, што жыве 10 выбарцаў (Любамір, Барыс, Вова, Галя, Дзіма, Алена, Алесь, Зіна, Іван, Каця). Некаторыя зь іх – незадаволеныя сытуацыяй (Любамір, Барыс), некаторыя задаволеныя (Алесь, Зіна, Іван, Каця), ёсьць такія, хто незадаволены, але гэтага не паказваюць (Вова, Галя), нарэшце, ёсьць і такія, якія пойдуць за большасьцю (Дзіма, Алена). Перад выбарамі, здаецца, болей тых, хто разам з Кучмам–Януковічам. Але ці ўсе яны застануцца зь Януковічам да канца, ці ўсе яны прыватна задаволеныя такім кандыдатам?

Для кожнага чалавека існуе нейкі парог, пераступіўшы які, ён можа сказаць, што на самай справе думае, іншымі словамі, перавесьці свае прыватныя думкі з узроўню кухні на грамадзкі ўзровень. Гэткім парогам можа быць пэўная колькасьць людзей, якія думаюць, як і ён. Калі на дэманстрацыю ідзе пяць тысяч, Вова, хоць і падтрымлівае гэтую дэманстрацыю, застанецца дома, бо ў яго парог вышэйшы за гэтыя пяць тысяч. Апазыцыянэр Любамір пойдзе на дэманстрацыю ў любым разе, у яго ніякага парогу зусім няма, яму так усё абрыдла, што ён пойдзе, нават калі ў дэманстрацыі будзе ўдзельнічаць толькі тысяча чалавек. А Вова пойдзе, толькі калі народу будзе шмат – 50, 100, а можа 200 тысяч. Калі ж будзе больш за 200 тысяч, дык пойдзе і Галя, якой ня вельмі добра, але і ня вельмі дрэнна, а калі 500 тысяч, то можа і Дзіма далучыцца, хоць ён дагэтуль рабіў на тэлевізіі выкрываўчыя сюжэты пра апазыцыю. Але ў яго ў шафе ёсьць памаранчавы капялюш; бо ён таксама ў душы яшчэ які апазыцыянэр. Але як уся гэтая маса можа прыйсьці ў рух і якія ў кожнага парогі?

Возьмем нашых дзесяць украінцаў. Лічба пасьля імя азначае парог, пасьля якога чалавек далучаецца да апазыцыі. Першы, Любамір, мае 0 – ён апазыцыянэр-дысыдэнт, ён у любым разе ходзіць на дэманстрацыі, яго ўсе і так ведаюць, зь ім вітаецца АМАП. Барыс таксама мае 0, ён таксама перакананы прыхільнік апазыцыі. А вось Вова, хоць яму і не падабаецца ўлада, мае стабільную працу і баіцца яе страціць. Вова далучыцца да дэманстрантаў, толькі калі іх будзе як мінімум 30 %. Але іх усяго 20 %, таму ён сядзіць на кухні і скардзіцца жонцы.

У цэлым наша Ўкраіна выглядае так:

Любамір (0), Барыс (0), Вова (30), Галя (30), Дзіма (40), Алена (50), Алесь (70), Зіна (90), Іван (100), Каця (100).

Любамір і Барыс апазыцыянэры, баба Зіна, дзед Іван і дырэктарка школы Каця падтрымліваюць рэжым, а ўсе пасярэдзіне – гэта людзі, чыя «хата скраю», яны чакаюць, што будзе адбывацца. Хоць работнік прыватнага сэктару Вова надзвычай блізкі да апазыцыі, апазыцыі не стае 10 %, каб ён да яе далучыўся. Але раптам нешта адбываецца. Магчыма, Вова глядзеў тэлебачаньне і там Януковіч абазваў яго «казлом». Магчыма, пасьля першага туру выбараў Вова ўбачыў, што ўладзе перамагчы не ўдалося, і што такіх праціўнікаў улады, як ён, намнога больш, чым яму здавалася. Магчыма, прыйшоў дырэктар і, абазваўшы «казлом», змушаў Вову галасаваць за Януковіча. Хто ведае. І Вова плюнуў, надзеў памаранчавую куртку і далучыўся да апазыцыі. Цяпер апазыцыі стала больш – 30 % (Любамір, Барыс, Вова). У Галі быў парог 30 %, пасьля таго як Вова далучыўся, Галя таксама набіла кішэні аранжыкамі і пайшла на Майдан. Цяпер апазыцыі ўжо 40 %. Якраз 40 % было патрэбна нерашучаму Дзіму, пасьля далучэньня якога іх стала 50 %, што было патрэбна Алене, якая трымае нос на ветры і глядзіць, за каго большасьць. Дык мо і Алесю выйсьці? Даміно пасыпалася, і пасьля некалькіх дзён апазыцыя трымае паўмільённы мітынг на Майдане і бачыць, што яе большасьць. Ніхто ўжо нічога не баіцца, Януковіч у шоку – супраць яго 60 %, калі ён думаў, што толькі 20 %!

Лёгка можа быць, што судзьдзі Вярхоўнага Суду, які пасьля першага туру выбараў не заўважыў аніякіх парушэньняў, але раптам заўважыў іх пасьля другога туру, – гэта Алены ці Алесі. Заўважце, што Зіна, Іван і Каця па-ранейшаму падтрымліваюць Януковіча, нягледзячы на тое, колькі ў яго апанэнтаў. Зіна, Іван і Каця любяць Януковіча, жывуць на ўсходзе Ўкраіны, ён ім падняў заробкі і пэнсіі, а апазыцыі яны не давяраюць. Зрэшты, хвіліну таму яны самі ператварыліся ў апазыцыю. Якая іронія лёсу.

Нейкая такая ланцуговая рэакцыя адбылася ва Ўкраіне. Рэвалюцыя не забрала ў Януковіча ягонай электаральнай базы, і ён атрымаў у трэцім туры выбараў свае 44 % галасоў. Менавіта факт, што Зіна, Іван і Каця засталіся паплечнікамі Януковіча, дарма што іх цяпер меншасьць, можа растлумачыць, чаму Юшчанка пайшоў на канстытуцыйную рэформу і зьбіў тэмп рэвалюцыі. У гэтым асноўнае адрозьненьне ўкраінскай сытуацыі ад сэрбскай ці грузінскай, бо там, калі «сьнежны камяк» пакаціўся, на тым баку нікога не засталося, усе далучыліся да апазыцыі. Іншымі словамі, у апошніх трох-чатырох асобаў у Грузіі і Сэрбіі парогі былі ў 70 % – і яны пасьпяшаліся далучыцца да большасьці, калі ўбачылі, што супраць іх – большасьць. А Юшчанку трэба будзе яшчэ аб’ядноўваць і прыміраць краіну пасьля перамогі.

Як кажа Юлія Цімашэнка:

Чыноўнікі сталі іншымі – міліцыянты, салдаты, афіцэры прыходзілі на плошчу і прысягалі на вернасьць народу. У Вярхоўнай Радзе распачаліся працэсы, пра якія да таго ніхто нават ня мроіў. Калі палітыкі, якія былі даверанымі асобамі Януковіча, захацелі перайсьці да Юшчанкі. А калі Вярхоўны Суд, на аб’ектыўнасьць якога сёй-той ужо даўно перастаў спадзявацца, – зрабіўся іншым і выйшаў на ўзровень вяршэнства права, ухваліў унікальнае рашэньне пра непрызнаньне вынікаў выбараў – гэта было проста неверагодным.

Аднак сытуацыя магла б разьвівацца інакш, калі б парог актывізацыі шэрагу выбарцаў быў, скажам: 0, 0, 30, 50, 50, 50, 50, 80, 100, 100. Пры такой раскладцы нават пасьля далучэньня трэцяга чалавека камяк прыпыніўся б, бо чацьвертаму трэба было б 50 %, каб прызнацца, што ён пра ўсё гэта думае на самай справе. Або сытуацыя магла б быць такой: 0, 30, 30, 30, 30, 40, 40, 50, 80, 100. Нягледзячы на тое, што 80 % «пакаціла» б да апазыцыі, сыстэма захавала б стабільнасьць, бо для далучэньня да апазыцыі другому ў шэрагу патрэбны штуршок у выглядзе актыўнасьці трыццаці працэнтаў атачэньня, а такога ніколі ня будзе, калі толькі эканоміка раптам ня лясьнецца. Пры гэтай апошняй сытуацыі ўсе незадаволеныя, усе глядзяць адзін на аднаго, але ніхто ня робіць першага кроку, бо не хапае крытычнае масы. Магчыма, такая сытуацыя існуе цяпер у Беларусі, калі ўсё вельмі стабільна і ўсе ківаюць адзін на аднаго. А магчыма, сытуацыя нагадвае ўкраінскую, калі трэба толькі пальцам пхнуць. Гэтага аніякае апытаньне грамадзкай думкі ня вызначыць, гэта можна будзе акрэсьліць эмпірычна толькі пастфактум.

ВЫСНОВА ДРУГАЯ: ЭЎРОПА ЗМУШАНАЯ ЎКЛЮЧЫЦЦА

Многім заходнеэўрапейцам, асабліва «левага толку», сытых па горла ірацкай авантурай Злучаных Штатаў, Амэрыка здаецца цяпер галоўнай пагрозай для Эўропы. Што б ні рабіла Амэрыка – гэта зло. Згодна з такой лёгікай, калі Амэрыка некага падтрымлівае, то, паводле аналітыкаў «Guardian» і «Independent», гэта a priori нешта падазронае і кепскае. Калі Амэрыка супраць постсавецкіх «супэрпрэзыдэнтаў», то «Guardian» за іх, а мільёны ўкраінцаў «пагражаюць эўрапейскай бясьпецы і стабільнасьці».

Параўнайце першую рэакцыю Эўразьвязу і Амэрыкі на падзеі ўва Ўкраіне. Колін Паўэл кажа, што найважнейшае для Амэрыкі – каб галасы ўкраінцаў былі сумленна падлічаныя, каб народ меў магчымасьць выбраць сваю ўладу. Першай рэакцыяй Хаўера Саланы было, цытую: «Перш за ўсё мы павінны забясьпечыць стабільнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны…». І толькі пасьля ён пачынае гаварыць пра выбарчыя фальсыфікацыі і сумленны падлік галасоў. Прыярытэты відавочныя.

Парадаксальна – украінская рэвалюцыя адбываецца пры пэўнай дапамозе амэрыканскіх рэсурсаў, але ідэалягічным рухавіком рэвалюцыі зьяўляецца арыентацыя на эўрапейскія ідэалы. Украінцы мараць пра заможнае жыцьцё, эфэктыўную і абмежаваную ўладу і... сяброўства ў Эўразьвязе! Украінцы праводзяць паралелі з польскай «Салідарнасьцю» і падзеямі 1989 году. Украінцы хочуць, каб Эўразьвяз быў актыўным удзельнікам працэсу дэмакратызацыі іхнай краіны. І неістотна, хоча Эўразьвяз быць дэмакратызатарам, ці не. Ён аказваецца дэмакратызатарам міжволі. Аднак калі Эўразьвяз мае намер быць сапраўдным гульцом на сусьветнай арэне, а не загародкай ад імігрантаў, ён павінен паказаць, як ён мае будаваць альтэрнатыўныя Амэрыцы міжнародныя праекты. Інтэграцыю былых савецкіх сатэлітаў у Эўразьвяз можна разглядаць і як альтэрнатыўны амэрыканскаму працэс дэмакратызацыі і эканамічнай глябалізацыі. Эўропа крытыкуе Амэрыку за яе актыўную замежную палітыку, асабліва на Блізкім Усходзе, прапануючы ўзамен больш «мяккія варыянты» паступовай дэмакратызацыі. Калі ласка, трымайце Ўкраіну. Хоча Эўропа ці не, яна цяпер змушаная ўключыцца ў працэс нацыятварэньня ва Ўкраіне, прыкладам, у якасьці альтэрнатывы амэрыканскаму праекту пад назвай Ірак. Ва Ўкраіне гэта будзе лягчэй. Не вытрымлівае крытыкі аргумэнт, што Эўропе спачатку трэба ператравіць новых усходнеэўрапейскіх чальцоў, перш чым разглядаць новыя кандыдатуры на далучэньне. Што там ператраўляць, там і так усё нармальна. Ніякіх праблемаў новая хваля пашырэньня не прынесла – ні нашэсьця імігрантаў, ні эканамічнага крызісу. Вось калі нічога не рабіць з Украінай, чакайце і нашэсьця імігрантаў, і эканамічных стратаў.

Галяндзкі палітык Валькенстайн у сваёй кніжцы «The Limits of Europe» з трымценьнем у голасе засьцерагае: калі ж калі мы зараз прымем Турцыю, то ў нас ня будзе падставаў, каб не прыняць пасьля і Ўкраіну. Ай-яй-яй! У лістападзе Ўкраіна сама сябе прыняла.

ВЫСНОВА ТРЭЦЯЯ: РАСЕЯ БОЛЬШ НАМ НЕ СУДЗЬДЗЯ

Дэзінтэграцыя Ўкраіны – гэта міт, створаны Кучмам, каб падштурхнуць украінцаў прыняць правілы яго гульні, зьбіць тэмп рэвалюцыі і правесьці канстытуцыйную рэформу. Нешта ўдалося, нешта не, гэта стане відавочна трохі пазьней, бо шмат чаго адбываецца за замкнёнымі дзьвярамі. Міт Усходу-Захаду падхапілі расейскія і заходнія мэдыі. Але Ўкраіна дзеліцца не на Захад і Ўсход, а на тых людзей, якія імкнуцца да зьменаў, і тых, якія зьменаў баяцца, іншымі словамі, на тых, якія пагражаюць «стабільнасьці», і тых, якія да яе імкнуцца. З другога боку, Усход (нармальныя пацаны) сапраўды падтрымлівае Януковіча, а Захад (бандэраўцы) і Цэнтар (казлы, якія зажэрліся) – Юшчанку. Пэўны падзел існуе – гэта факт, але ён не такі «цьвёрды», каб гаварыць пра нейкую дэзінтэграцыю. Яднае ўкраінцаў Захаду і Ўсходу больш, чым разьядноўвае. Усход галасаваў за Януковіча, бо не меў альтэрнатывы, ня бачыў яе ў СМІ, а за «фашыстаў» і «бандэраўцаў» галасаваць не хацеў. Некаторыя беларусы таксама лічаць, што ў Беларусі людзям жывецца лепей, як у Польшчы, але ці будуць яны так лічыць, калі на БТ пакажуць іншую карцінку ці, тым больш, выпіўшы кавы ў Кракаве? Цяжка сказаць, колькі зь іх перадумае, але частка перадумае напэўна , праўда, можа, дзеля гэтага спатрэбіцца іх звазіць яшчэ і ў Познань. Тое самае на ўсходзе Ўкраіны.

Толькі лянівы не пісаў наконт пазыцыі Расеі і Захаду ва Ўкраіне. Расея наракае, што супраць прарасейскага кандыдата былі выкарыстаны «брудныя» тэхналёгіі, што ўсё было праплачана амэрыканцамі, што іх «бок» (Януковіч) удзельнічаў у выбарах, а іх апанэнты рыхтаваліся да рэвалюцыі, і рэвалюцыі «не дали вовремя в морду». Маскоўскія паліттэхнолягі чамусьці забываюцца, што заходняя падтрымка Юшчанкі не ішла ў параўнаньне з падтрымкай Януковіча Расеяй і алігархічнымі кланамі. У абсалютных лічбах на кампанію Януковіча было вытрачана у пяць разоў больш грошай, чым на кампанію Юшчанкі. І калі ва Ўкраіне не было інстытуцыяналізавана фінансаваньне палітыкі і палітычныя праекты не маглі падтрымлівацца легальнымі спосабамі, дык толькі таму, што менавіта такая сытуацыя былы выгадная кучмістам. Нарэшце, я не заўважыў Буша на трыбуне разам зь Юшчанкам. У адрозьненьне ад Пуціна зь Януковічам. Асабліва цынічнымі выглядаюць закіды, што апазыцыя парушыла канстытуцыйны працэс і выбарчае заканадаўства Ўкраіны. І гэта кажуць людзі, якія скралі галасы людзей і пляваць хацелі на законы!

Украіна, да якой у Расеі ставіліся як да меншага брата, хахлоў, радзімы сала, паказала, што яна на парадак абагнала Расею паводле разьвіцьця палітыкі і грамадзянскай супольнасьці. Расея не разумее, што, пакуль яна не навядзе парадку ў сябе, ёй вельмі складана будзе нешта прапанаваць за мяжой, акрамя трубы.

Пуцін увязаўся ў авантуру, ад якой рэпутацыя Расеі папросту абвалілася. Паводле псыхалягічных наступстваў, падзеі 2004 году ва Ўкраіне можна параўнаць з падзеямі 1989 году ва Ўсходняй Эўропе.

А што з усяго гэтага Беларусі? Яна, нарэшце, эмансыпавалася. Зараз Расеі ня будуць баяцца ані Лукашэнка, ані апазыцыя. Вядома, наіўна было б сьцьвярджаць, што Расея больш ня будзе адыгрываць ніякай ролі ў беларускай палітыцы. Але ў Беларусі адбылася пэўная рэвалюцыя ў мазгах: пераацэнка магчымасьцяў Расеі ў галовах палітычных актораў. Калі раньні Лукашэнка глядзеў, як «бюракратычная вэртыкальная машына» гарызантальна рэагуе на выказваньні ці дзеяньні прэзыдэнта Расеі, калі раней апазыцыя «езьдзіла дамаўляцца ў Расею», цяпер гэта ўжо не абавязкова. Што б ні адбывалася цяпер, гэта будзе ўнутранай справай Беларусі.

  палітычны аналітык. Яго апошні аналіз у «ARCHE» называўся «Ці ёсьць у Беларусі нацыянальныя інтарэсы?»
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25