A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Асаблівасці каланіяльнае сацыялізацыі


Кнігі, якія аглядаюцца ў артыкуле:

С. Букчин. Польский дневник. Минск: Энциклопедикс, 2002. – 492 с.

С. Букчин. Тайная свобода. Минск: Энциклопедикс, 2004. – 520 с.

Цяжка прайсці безуважна каля трапнага выразу, і я, прачытаўшы артыкул В. Булгакава (ARCHE. 2004. № 5), паддаўся чарам чужога красамоўства. Добра, што і рэцэнзаваны аўтар, што відаць з назваў, таксама не вольны ад гэтага граху.

Доўгі час я барукаўся з пытаннем, чаму шмат у чым выдатная «Тайная свабода» не прылягае да беларускае культурнае сітуацыі. Чаму? – думаў я, перачытваючы цудоўны нарыс пра апошнія публічныя выступы Уласа Дарашэвіча, які здолеў крытыку бальшавіцкага рэжыму выкласці пад маскаю лекцый пра газетчыкаў Вялікае французскае рэвалюцыі. Чаму? – здзіўляўся, зноў прабягаючы вокам па тэкстах, прысвечаных Лізавеце Паўлоўскай, Генадзю Кісялёву і аўтарам вядомых ананімных паэм.

Не прынеслі адказу і пранікнёныя радкі пра Васіля Быкава, Сяргея Пясецкага, Навума Кісліка, Тадэвуша Касцюшку, Ігара Герменчука. Шукаў, зноў і зноў перабіраючы змест, узіраючыся ў беларускія эпізоды з біяграфій расейскіх знакамітасцяў... Шукаў і не знаходзіў тлумачэння ў букчынскім аналізе польска-беларускіх, расейска-польскіх, яўрэйска-польскіх, беларуска-яўрэйскіх ды яўрэйска-расейскіх стасункаў – дарэмна.

Адказ быў прапісаны на вокладцы. Пушкінска-блокаўская тайная свобода – не з беларускага лексікону. Для расейскае культуры гэта стрыжнявы панятак. У ім – дачыненні творчае асобы і палітычнага рэжыму, пачэсная (бо ёсць і іншыя) роля інтэлектуала ў расейскім грамадстве. Але ў ягонага беларускага калегі тае спецыфічнае свабоды ў заўважальнае колькасці ніколі не было. Пахваляцца перад ім прыхаванаю свабодаю – што хлебам перад галодным.

Бо прыхаваная свабода, пра якую гаварылася ў славутай прамове, – не знакаміты беларускі кукіш у кішэні. Гэта дзіўны стан раўнавагі, калі ўлада не можа заткнуць непакорліваму творцу рот цалкам. Расейская культура існавала ў гэткім стане стагоддзі.

Метафара лёсу сумленнага расейскага грамадзяніна – турма, нарыс пра гэта закрывае першы раздзел кнігі – «Даследаванні». «Тайная свабода» адлюстроўвае заняволенасць чалавека, але без неўнікнёнае пагрозы фізічнаму існаванню: прымус, як сказаў бы спадар Дракахруст, калектыўных уяўленняў у выкананні магутнага дзяржаўнага апарату. Лёс адукаванага свядомага беларуса лепш апісваецца іншай метафарай, якую, як тое не дзіўна, цягам ці не ўсёй савецкае і паслясавецкае гісторыі бязлітасна эксплуатуе афіцыйная плынь мастацтва.

Метафара гэтая – жыццё пад акупацыяй. Жудасны стан выбару паміж горшым і найгоршым у імя малаверагоднага выжывання. Сумняюся, каб Францішак Аляхновіч меў нешта супраць прыхаванае свабоды, але неяк не атрымлівалася.

На памяць прыходзяць імёны тых, хто «абраў» для сябе нешта накшталт патаемнае свабоды. У гісторыі беларускае культуры яны выглядаюць па-рабінзонаўску. Язэп Драздовіч: амаль поўная адасобленасць ад культурнага працэсу, бадзянне па вёсках, жыццё ў чужых хатах. Мікола Ермаловіч: напрыканцы жыцця выдаў-ткі плён шматгадовае працы і меў нават магчымасць пабачыць яе ўплыў на грамадства. Ермаловіч – вынятак, Драздовіч – закон прыроды.

Кніга спадара Букчына, паўтаруся, добрая. Бліскучая крытыка танных папулярызатарскіх прыёмаў Кісялёва цешыць сэрца спалучэннем прынцыповасці і спачувальнасці. Нарысы пра беларускіх карэспандэнтаў Чэхава ды выступ Дарашэвіча радуюць багаццем старанна адабранага фактычнага матэрыялу, успаміны пра сучаснікаў кранаюць павагай і эмацыйным стаўленнем да выведзеных у іх людзей. Россып артыкулаў на размаітыя – ад геапалітыкі да бібліяфіліі – тэмы дамалёўвае партрэт культурнага чалавека, нашага, хай гэта банальна гучыць, інтэлігентнага сучасніка.

Адно што неяк цяжкавата называць яго нашым суайчыннікам. Нібыта і трэба (асабліва ўлічыўшы насычаны актуальнаю беларускаю праблематыкай «Польскі дзённік»), але шукаеш іншыя словы. Сямён Букчын – сужыхар нашае з ім Беларусі, суграмадзянін – бо гэта пытанне юрыдычнае. Але не аднадумца. Праблема ў свядомасці: у кнігах спадар Букчын выглядае жыхаром расейскае ўскраіны, грамадзянінам (нібы па кантрасце з Чэславам Мілашам) Северо-Западного Края.

Ён шматкроць цытуе словы Пушкіна пра беларусаў: «народ, издревле нам родной», і кожны раз ягонае я – дзе прыкметна, дзе непрыкметна – зліваецца з пушкінскім. Гэта пра расейскую культуру ён нязмушана, ад чыстага сэрца кажа «ў нас» – і якраз-такі ў сувязі з тэмаю прыхаванае свабоды: «Пераадоленне турмы, фізічнай і духоўнай, разраслося ў нас у… велізарную інтэлектуальную з’яву…».

Букчын трымаецца класічнага расейскага падыходу, які добра ілюструе прытча пра індыйскага ўладара, які прымусіў мудрацоў даць адказ на пытанне: «Хто большы – я ці Бог?» Мудрацы выкруціліся, абвесціўшы: «Несумненна Ты, пане, бо можаш выкінуць нас са свайго царства, а Бог не можа – Ён паўсюль і сысці ад Яго немагчыма».

Вось жа, калі казаць пра расейскую турму і ейнае пераадоленне, то беларусам не чужая думка, што сысці з гэтае турмы можна і трэба, а пераадольваць яе расейцы і без нас могуць. Нямала пра гэта напісана: ад Ластоўскага да Дынька. Беларусам (прынамсі, некаторым) у гэткім выйсці бачыцца альтэрнатыва прыхаванай свабодзе, свабода сапраўдная і поўная. Можна спрачацца, колькі ў гэтым ідэалізму, колькі рэалізму, але відавочна, што для расейца гэта ерась. Яму няма куды сыходзіць. Таму і паўстала «велізарная інтэлектуальная з’ява».

Варта, як той сказаў бы, адцеміць, што для беларускага інтэлектуала стан прыхаванае свабоды недасяжны яшчэ і таму, што для ягонай рэалізацыі патрэбная мацнейшая інтэлектуальная традыцыя, большая незалежнасць творцы, трывалейшае ўсведамленне грамадствам важнасці ягонага слова.

У выніку беларускі інтэлектуал і «не можа», і «не хоча» прыхаванае свабоды. Яна, як любіў трыумфальна абвяшчаць Сяргей Дубавец, НЕ НАША. З сумам даводзіцца пагадзіцца. Можа, крыху пазней, калі паспяхова будзе працягваць сваю дзейнасць Валянцін Акудовіч, уразяць геніяльнымі творамі найноўшыя эмігранты, тады патаемная свабода народзіцца і ў беларускай культурнай прасторы. Імпартаваць яе туды з расейскае немагчыма, бо ў Расеі ейны грунт – патрыятызм, перакананне, што вялікая і прыўкрасная Расея не намі пачатая, не намі павінна скончыцца.

Для беларусаў такое кансерватыўнае стаўленне пакуль неактуальнае. Нам трэба не падтрымліваць існаванне, а будаваць сваю краіну, не пераадольваць, а перарабляць асяроддзе, палягаючы больш не на моц традыцыі і назапашаныя продкамі культурныя скарбы, а на творчы патэнцыял і нявыкарыстаныя магчымасці развіцця. З сумам мушу зазначыць: пра гэта ў цудоўнай кнізе сп. Букчына я не знайшоў ані слова, ані намёку.

* * *

Несупадзенне пазіцый сп. Букчына з беларускаю інтэлектуальнаю традыцыяй адраджэнцка-незалежніцкага кшталту спрычынілася, як мне падаецца, да поспеху, па ягоным уласным выразе, «раману з Польшчаю». Формы інтэлектуальнага жыцця, ступень развіцця культурнае традыцыі нашых заходніх суседзяў, метады грамадскае рэфлексіі нашмат бліжэйшыя да расейскіх (асабліва ў іх маскоўска-пецярбургскім экспартным варыянце).

Гаварыць з палякамі сп. Букчыну лёгка, і ён з задавальненнем абмяркоўвае самыя розныя пытанні, не ў апошнюю чаргу – беларускія, уважліва і неабыякава сочыць за развіццём міждзяржаўных і міжнацыянальных кантактаў. Асаблівую ўвагу публіцыста (кнігу складаюць артыкулы для газет і часопісаў) прыцягвае досвед жыцця беларускіх эмігрантаў і гастарбайтэраў у Польшчы, тое, як жыццё ў польскім асяроддзі ўплывае на іхнія погляды і звычкі. Шмат старонак аддадзена пад аналіз польскага палітычнага досведу апошніх дзесяцігоддзяў.

Перад намі культурны суразмоўца, уважлівы назіральнік, праніклівы аналітык. Выклікае сапраўднае захапленне, як сп. Букчын пазбягае дыдактычна-ментарскага тону. Што праўда, пэўную ролю адыгрывае гістарычная дыстанцыя. Калі я ўпершыню пазнаёміўся з інтэрв’ю з Сакратам Яновічам «Грамадзянін Крынак», ягоная вальяжная нетаропкасць, спакойная няўважлівасць да надзённых тады дробязяў выклікала не толькі станоўчыя эмоцыі. За тры з лішкам гады ўсе падрабязнасці падзабыліся, і цяпер увага засяроджваецца на прагнастычных тэзісах, для якіх нарасла немалая база параўнання. І хаця яны не ўражваюць сенсацыйнымі прадбачаннямі, але і не вярэдзяць душу няспраўджанымі прароцтвамі.

У «Польскім дзённіку» вельмі выразны празаходні настрой аўтара. Ён круціць раман не толькі з Польшчаю, але і бярэ ўдзел у польскім рамане з Захадам, адначасна асцярожна (улічыўшы палітычную сітуацыю, навошта спяшацца) прымяраючы польскі варыянт да Беларусі. Яму цікавыя ўсе аспекты несавецкага жыцця: ад працоўных адносін і прафсаюзнага руху да мастацтва і палітыкі. У полі зроку не толькі Польшча, але – праз прэсу – увесь абшар на захад ад Берасця і Горадні.

Апынуўшыся на адлегласці ад Беларусі, сп. Букчын нарэшце заняў пазіцыю, якая з беларусацэнтрычнага гледзішча найбольш адпавядае ягонай паставе. Зменшылася да незаўважальнасці неадпаведнасць паміж ягонай нутранай аддаленасцю ад духоўнага жыцця нацыі і прафесійнай уцягненасцю ў яго. Выйшла на першы план непадробнае жаданне дабра і поспеху Беларусі і беларусам. Адпала патрэба шукаць няіснага кампрамісу ў адначаснай прыналежнасці (паводле ўзроўню ўсвядомленых абавязкаў гэта можна параўнаць з грамадзянствам) да расейскае культуры і да беларускага грамадства. Засталася прышчэпленая творамі Чэхава і Талстога павага да думкі і прыхільнасць да высокіх этычных стандартаў.

Немалую ролю адыгрывае і захапленне Польшчаю. Не ўсё ў гэтай краіне цудоўна, але пяро Букчына засяроджваецца на тым, што можа служыць узорам для беларусаў, тым, з чаго жыхары нашае краіны могуць выцягнуць для сябе параду і прыклад. Нават апісваючы цяжкую для палякаў тэму разні ў Ядвабне, дзе ў Другую сусветную вайну адбылося масавае забойства палякамі сваіх суседзяў па мястэчку – яўрэяў (яўрэйская тэма заўсёды ў полі ўвагі публіцыста, але не замінае, як гэта часам здараецца, развіццю іншых), Сямён Букчын робіць націск на цывілізаваны характар дыскусіі, на здольнасць і прагу палякаў вырашаць складаныя праблемы нацыянальнага сумлення.

Памыліцца аднак той, хто пабачыць у адрознасці паміж «Тайнай свабодай» і «Польскім дзённікам» эвалюцыю поглядаў аўтара. Эвалюцыя, магчыма, ёсць, але не настолькі простая. Дзве гэтыя кнігі хутчэй як дзве праекцыі на чарцяжы: кожная паасобку не ў стане перадаць усе асаблівасці канструкцыі (часам і трох праекцый недастаткова, у ход ідуць разрэзы, вынаскі ды іншыя хітрыкі).

Нутраны свет Сямёна Букчына ані ў якім разе нельга характарызаваць словам «прымітыўны». Тут не толькі ягоны дваісты патрыятызм і спалучаныя з гэтым культурныя і этычныя дылемы. На першым месцы – высокі ўзровень асабістае культуры, які не дазваляе задавольвацца недасканалымі рашэннямі, непадробная прага культуры, якая супраціўляецца ўсялякім штучным абмежаванням.

Не было б у спадара Букчына патрабавальнасці да сябе як навукоўца, ён лёгка мог бы зрабіцца бесклапотным прадаўжальнікам лініі Абэцэдарскага. Не прасякнуўся б ён ідэаламі, прапагандаванымі светачамі расейскае культуры, – цалкам мог бы стаць побач з апантанымі інтэгратарамі-антызаходнікамі. Меў бы слабейшую культуралагічную падрыхтоўку – сам сабою апынуўся б у шэрагах настальгоўцаў па савецкім мастацтве.

Але лёгкія шляхі маюць відавочныя для чалавека ягонага ўзроўню пасткі, і, агледзеўшыся, ён пачынае блукаць і балансаваць, спрабуе палагодзіць супрацьлегласці. Букчын не хоча адмаўляцца ад беларускіх (яўрэйскіх, польскіх) кампанентаў свайго ўнутранага свету, бо расейская культура навучыла яго, што даражэйшага за гэты свет у чалавека нічога няма. Ён імкнецца да дасканалага вырашэння, і хай дасканаласць ніколі не асягаецца, справаздача аб працэсе пошукаў мае пэўную каштоўнасць для вонкавага назіральніка (у дадзеным выпадку – чытача) незалежна ад таго, у якой ступені ён падзяляе думкі і каштоўнасці аўтара.

  начальнік цэху гарадзенскага шклозаводу. У вольны ад працы час піша крытыку для «ARCHE» і «Нашай Нівы».
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25