A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

   

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Плакат, праткнуты дзідай


«Ваенная хітрасць» сп. Дракахруста выклікала ў мяне мала пазітыўных пачуццяў. Але што спосаб, у які ён адрэагаваў на крытыку, што выказаныя ім новыя тэзісы падаліся вартымі ўвагі.

Каб палеміка не ператваралася ў дэзінфармацыю, лічу неабходным зрабіць наступныя ўдакладненні:

1. Наўрад ці хто лепш за мяне ведае мову маіх штодзённых зносінаў. Спекуляцыі на гэты конт (і пра варожае стаўленне да расейскае мовы таксама) недарэчныя, падмена ўжытага падчас апытання выразу «штодзённыя зносіны» «штодзённым побытам» яшчэ больш небяспечная для навуковае рэпутацыі сп. Дракахруста. Мае штодзённыя зносіны – збольшага праца, а не задушэўныя размовы з сябрамі-аднадумцамі і пісанне артыкулаў у «ARCHE». Што да жадання гаварыць па-беларуску часцей... Як адказаць на пытанне «Ці вы ўжываеце каньяк у штодзённым харчаванні»?

2. Я далёкі ад думкі, быццам расейскамоўнае жыхарства Беларусі «складаецца з ненавіснікаў беларушчыны і людзей, якія хочуць да яе (відаць, маецца на ўвазе беларушчына. – Аўт.) далучыцца», і нічога падобнага не сцвярджаў. Гэта толькі крайнія пазіцыі, хаця і не рарытэтныя, як здаецца сп. Дракахрусту. Моўнае пытанне лёгка абуджае эмоцыі – прыкладам гэтаму ягоныя ўласныя разважанні.

3. Пад «асіміляцыяй уласнабеларускае расейскамоўнае стыхіі» я разумею прыцягненне да працы на беларускамоўную аўдыторыю (у тым ліку і праз пераклады) творчаактыўных людзей, якія гэтую стыхію ўтвараюць. Мне шкада, што фармулёўка выявілася лішне правакацыйнай.

4. На мой погляд, сп. Дракахруст не абгрунтоўвае сцверджанняў, якія я «экстрагаваў» з ягонага тэксту, але будуе на іхнай падставе сваю логіку, ужываючы іх як аксіёмы.

5. Пачытаўшы мае артыкулы, сп. Дракахруст мог пераканацца, што я лічу беспадстаўнай і шкоднай палітычную рэпрэзентацыю беларускамоўных «ад імя самае маладое, дынамічнае, праеўрапейскае, антылукашэнкаўскае часткі грамадства».

Апанент палемізуе не са мною, а са сваімі ўяўленнямі пра мяне. Ён дакладна ведае, як я сябе паводжу, як размаўляю, што я маю на ўвазе. Грунтам здагадак з’яўляюцца не мае словы, а нешта, зачэрпанае з нялюбай сп. Дракахрусту «платонаўскай прасторы ідэяў». Тэкст жа, прысвечаны акурат блізкай праблематыцы (Зразумела і понятно. ARCHE. 2004. № 4), застаўся непрачытаным.

Можа, сапраўды, пісанні шаноўнага сацыёлага маюць на мэце ваенную хітрасць і выпрацоўку больш-менш цывілізаванага парадку ваенных дзеянняў? Мне, чалавеку двухмоўнаму, якому нечужая што беларуская, што расейская культура, даражэйшы мір (не магу ж я ваяваць сам з сабою), і даводзіцца бачыць у інтэлектуальных выбрыках і палемічным нельсанізме асаблівага кшталту непаразуменне.

Як яшчэ тлумачыць пасаж пра «вынайдзеныя сп. Жукоўскім моўныя прыхільнасьці»? Прыемна быць вынаходнікам, але няўжо для сацыёлага ёсць нешта новае ў тым, што ў чалавека могуць быць прыхільнасці? Ці з’яўляецца маім вынаходствам таксама прыхільнасць да пэўнага надвор’я, ежы, спосабаў баўлення часу, палітычных лозунгаў, колераў, музычных жанраў? Бягу афармляць патэнт.

Што незвычайнага ў тым, што не ўсе прыхільнасці чалавек у стане рэалізаваць у поўнай меры? Чэхаў любіў спаржу, але не мог сабе дазволіць яе на кожны дзень. Мой аднакурснік вельмі паважаў «Camel», але грошай хапала на адзін тыдзень у месяц, потым даводзілася смаліць «Беламор», які ён паважаў значна менш. Не бачу сенсацыі ў тым, што хочацца болей карыстацца пэўнай мовай, але няма магчымасці. Што засталося б сацыёлагам, калі б усе нашы прыхільнасці былі прадвызначаныя загадзя, а паводзіны вызначаліся спрадвеку зададзенай нормай? Бедакі мусілі б шукаць іншага хлеба, калі ўсё без таго зразумела.

Значна дакладнейшай за слова «норма» мне падаецца іншая фармулёўка майго апанента: прымус калектыўных уяўленняў. Больш праўды, але застаецца ананімнасць прымусу, нібытная аб’ектыўнасць з’явы. Колькі стагоддзяў таму ў Еўропе не было месца для атэістаў. Калектыўныя ўяўленні пазначалі іх як вырадкаў, якія не маюць права на існаванне. Паступова атэіст з кандыдата на вогнішча ператварыўся ў шараговую з’яву. Колісь яўрэйскае жыхарства Беларусі гаварыла амаль выключна на ідыш, а сёння гэта музейная з’ява.

Калектыўныя ўяўленні маюць уласцівасць змяняцца, бо ствараюць іх людзі, і не апошнім сродкам фармавання любае сп. Дракахрусту «нормы» з’яўляецца гвалт, і не толькі дзяржаўны. Паказальныя ў гэтым плане беспаспяховыя спробы замовіць беларускую песню на беларускіх жа FM-станцыях (Наша Ніва. 2004. 19 лістапада). Усё гэта, на мой погляд, відавочна і, маю такую думку, апісана ў таго самага Дзюркгайма.

Сюрпрызам сталася хваравітая рэакцыя сп. Дракахруста на «асіміляцыю ўласнабеларускае расейскамоўнае стыхіі». Заўзятар расейскамоўнае культуры павінен быў прыйсці ў стан захаплення, бо прапанаванае – чыстая жэнеўская канвенцыя: змаганне змаганнем, але культурныя каштоўнасці служаць усім. Падскочыць павінны былі б адданыя заўзятары беларушчыны, якім прапануецца прыгледзецца да расейскамоўных калег, пашукаць у іх вартае і выкарыстаць у беларускамоўнай культурнай прасторы.

Артыкулы на тэму расейска-беларускіх моўна-культурных дачыненняў пад прымусам калектыўных уяўленняў чытаюцца ў нас метадам ключавых словаў: сэнсу сказаў, тым больш абзацаў, ніхто не дашукваецца. Сп. Дракахруст пачуў слова «асіміляцыя», гукнуў «Ты сказаў!!!», ускочыў на белага каня і чым хутчэй ткнуў дзідай ненавіснага супарата. Уласнаручна намаляваны ім плакатны вобраз прагнага нацыяналіста-беларусіфікатара Жукоўскага нашмат больш кідкі ды адназначна варожы, чым тое, што можна выцягнуць з маіх тэкстаў, і апанент у ваярскім запале заатакаваў уласны твор. Нешта мне падказвае, што ягонае ваярства пакуль гэтым і абмяжуецца. Ён у згаданай вайне не на перадавой і не ў штабе. Кажучы па-расейску: так, погулять вышел, о конвенциях всяких побалагурить.

   

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25