A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  ДЗЬМІТРЫ ШЫРОКІ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзмiтры Шырокi
Стагодзьдзе спрэчак:
Да сiстэмнасцi ў беларускім правапісе

1. ПУНКТ АДЛІКУ

Дастаткова пагартаць старонкі гэтага нумару «ARCHE» — ці нават паглядзець на розныя часткі вось гэтай адной старонкі — каб у чарговы раз упэўніцца: адзiнай агульнаўжывальнай арфаграфiчнай сiстэмы беларускай мовы не існуе. Спрэчкi памiж аматарамi «тарашкевiцы» i прыхiльнiкамi «наркамаўкi», памiж прапагандыстамi лацiнкi i апалагетамi кiрылiчнага алфавiту доўжацца ці не ад пачатку ХХ ст. і не сцiхаюць нават сёння, праз колькi ўжо гадоў пасля аднаўлення незалежнасцi. Трэба думаць, спрэчкі гэтыя нiяк не спрыяюць ані пашырэнню сфераў ужытку беларускай мовы ў грамадстве, анi падвышэнню ейнага прэстыжу, а вядуць хутчэй да «арфаграфiчнай трасянкі» i маўленчага разнабою. Зацятасць і бясплённасць гэтах спрэчак тлумачацца, відаць, тым, што мала хто, на жаль, акцэнтуе метадалагiчны бок крытыкi пабудовы арфаграфiчных сiстэм, i выбар на карысць аднаго з варыянтаў напiсання робiцца звычайна на падставе цьмяных, iрацыянальных меркаванняў цi нават палiтычных перакананняў1.

У гэтым невялiчкiм нарысе мы паспрабуем унiкнуць гэтай хiбнай завядзёнкi і перавесці дыскусію з плоскасці палітыкі ў прастору логікі. Дамовiўшыся адразу аб кiрылiчнай аснове нашага алфавiту — бо аргументацыя «лацінізатараў» наўрад ці выглядае пераканаўча і таму яна малацікавая для палемікі, — будзем кiравацца пры разборы iсных сёння, альтэрнатыўных адзiн адному варыянтаў беларускага правапiсу па магчымасцi «iмперсанальнымi» аргументамi: агульным прынцыпам мiнiмалiзму i двума добра знанымi ў лiнгвiстыцы прынцыпамi пабудовы алфавiтнага пiсьма, а менавiта фанетызмам i марфемнай iнерцыйнасцю. Пры гэтым, зважаючы на традыцыйна моцныя пазiцыi фанетычнага прынцыпу ў беларускай арфаграфii, мы запрапануем адмысловую яго тыпалагiзацыю, якая дазволiць правесці дакладную фармальную мяжу памiж пэўнымi арфаграфiчнымi асаблiвасцямi «тарашкевiцы» i «наркамаўкi». Запрапануем мы i некалькi наспелых удакладненняў нашай арфаграфii, робячы нацiск, аднак, на высвятленнi сiстэмнасцi таго цi iншага варыянту напiсання ў святле згаданых прынцыпаў i пакiдаючы ўкладанне канчатковых зводаў арфаграфiчных правiл iншым, кампетэнтным у гэтым аўтарам.

2. ТЫПАЛОГIЯ ФАНЕТЫЗМУ

Непасрэднай i першаснай задачай якой-кольвек арфаграфiчнай сiстэмы алфавiтнага пiсьма — у адрозненне ад пiсьма iдэаграфiчнага або сiмвальна-матэматычнага — ёсць як найлепей перадаваць жывую вусную гаворку, г. зн. акуратна транскрыбаваць уласцiвыя мове сэнсаадрозныя гукi. Гэтая задача мае натуральным увасабленнем т. зв. прынцып фанетызму, або фанаграфiчны прынцып арфаграфii, якi мы сфармулюем наступным чынам: мусiць ужывацца гэткая сукупнасць графем (лiтар, дыякрытычных знакаў etc.) i правiл iх прачытання, якая б iзаморфна адлюстроўвала сукупнасць характэрных фанем разгляданай мовы.

Словазлучэнне «i правіл iх прачытання» ў гэтай фармулёўцы пакiдае шырокую прастору для разважанняў. Так, калi гэтыя «правiлы прачытання» тычацца набору з асобных графем, дастатковага для перадачы вуснай мовы шляхам «адытыўнага», «аналiтычнага» iх чытання, мы маем iдэалiзаваны чысты фанетычны прынцып, фактычна скарыстаны, бадай, толькі ў навуковых сiстэмах транскрыпцыi ды архаiчных сiлабарыях. Далей, назавем фанетычны прынцып спалучальным, калi на прачытанне лiтары могуць вядомым чынам уплываць сумежныя з ёй графемы. Гэты адыход ад чыстага фанетызму, характэрны ці не для ўсiх моваў з алфавiтным правапiсам, дазваляе рэзерваваць пэўныя спалучэннi лiтар (як трыграф sch у нямецкай, дыграф сh у польскай або спалучэнне зычнай з мяккiм знакам ці памякчальнай галоснай у беларускай ды ўкраiнскай арфаграфiі), фiксуючы iх прачытанне, што iстотна скарачае колькасць неабходных для перадачы гаворкi лiтар алфавiту. Нарэшце, арфаграфiю, правiлы якой ставяць прачытанне графем у залежнасць не толькi ад iх пазiцыi, але i ад марфалогii або этымалогii чытанай словаформы i iншых «надграфiчных» умоваў, бу­дзем лiчыць адпаведнай умоўнаму фанетычнаму прынцыпу. Найпершы прыклад тут дае ангельская пiсьмовая традыцыя засваення iншамоўных словаў — на памяць адразу прыходзіць вядомы досцiп са словам ghoti, утвораным Бернардам Шоў з gh ад laugh, o ад women i ti ад nation i прачытаным iм як fish. Трапляе сюды і недарэчная «наркамаўская» дзесятка, як і не быў процi ляснога.

Умоўны фанетычны прынцып разбурае дух фанетызму i фактычна наблiжае нас да iдэаграфiчных стандартаў. Дык цi апраўдана гэтая «ўмоўнасць», прыкладам, у ангельскай арфаграфii? Магчыма, у ангельскай — так, бо ангельская мова, як ці ніводная іншая еўрапейская, зведала надзвычай моцны і сувымерны ўплыў шэрагу моваў з лацiнiчнымi алфавiтамi, але рознымі традыцыямі чытання; бо аналiтызм ангельскай граматыкі дазваляе ўжываць замежныя словы «гатоўкаю», як больш-менш аўтаномныя цагліны, не размякчаючы іх суфіксамі-прэфіксамі-канчаткамі; бо беспрэцэдэнтная распаўсюджанасць ангельскай мовы, тая роля lingua franca, якую выпала ёй выконваць у свеце, вядзе да неадназначнасці ангельскага маўлення, і пэўна таму шматлікія праекты рэфармавання ангельскай арфаграфіі дасюль застаюцца і яшчэ доўга будуць заставацца праектамі. З iншага боку, якiя могуць быць высунутыя аргументы на карысць умоўнасцi фанетычнага прынцыпу ў мове беларускай?

Пакiнуўшы гэтае пытанне ў якасці рытарычнага, пяройдзем да глыбейшай тыпалагiзацыi арфаграфiчных правіл у межах спалучальнага прынцыпу, якi здаецца найбольш адэкватным беларускай правапіснай традыцыi.

3. СТУПЕНI ЛАКАЛЬНАСЦI

Натуральным крокам будзе ўдакладнiць спалучальны прынцып праз прынцып лакальнасцi пiсьма, якi можа быць сфармуляваны як (а) моцны: прачытанне лiтары вызначаецца гэтай самай лiтарай i найблiжэйшымi — сумежнымi з ёй (калi iх не аддзяляе знак прыпынку); так, мяккасць гука [c’] пры напісанні мяккасьць пазначаецца непасрэдна мяккім знакам пасля літары с; i (б) слабы: прачытанне лiтары вызначаецца гэтай самай лiтарай i прачытаннем найблiжэйшых — сумежных з ёй (калi iх не аддзяляе знак прыпынку); так, мяккасць таго ж [c’] перадаецца ў «наркамаўскай» мяккасці апасродкавана, праз мяккі [ц’]. Наследаванне моцнаму альбо слабому прынцыпу лакальнасцi (а менавіта ў гэтым, як бачым, палягае мяжа паміж «наркамаўкай» і «тарашкевiцай») вызначае на практыцы колькасць літар, якiя трэба адначасова трымаць у полi зроку, каб правiльна чытаць, або ў хуткай памяцi, каб правiльна пiсаць.

  нарадзіўся ў 1981 г. у Менску. Скончыў фізычны факультэт БДУ, спэцыялізаваўся ў тэарэтычнай фізыцы. Ляўрэат Рэспубліканскага конкурсу 2003 г. на найлепшую навуковую працу па гуманітарных, сацыяльна-эканамічных, прыродазнаўчых і тэхнічных навуках сярод студэнтаў ВНУ Беларусі. Зь верасьня 2004 г. - супрацоўнік Дасьледчага цэнтру СОМ (Соmmunications, Optics, Materials) і асьпірант Дацкага тэхнічнага ўнівэрсытэту.













1 Аб "экстралiнгвiстычных" рухавiках моўных рэформаў гл.: Лыч Л. Рэформа беларускага правапiсу 1933 года: iдэалагiчны аспект. - Менск: Навука i тэхнiка, 1993; Аняменне. З кронiкi знiшчэння беларускай мовы. - Вiльня: Gudas, 2000. У тых варунках заканамерным быў кансерватызм эмiграцыi: Баршчэўская Н. Беларуская эмiграцыя - абаронца роднае мовы. - Варшава: Варшаўскi Ўнiвэрсытэт, 2004. Але гiстарычна-палiтычная рыторыка пераважае сярод нармалiзатараў правапiсу дасюль: Вячорка В. Правапiс. Спроба сучаснае нармалiзацыi // Спадчына. 1995. № 5; Шчур М. Нетыповы народ // litara.net, 2002; Пазняк К. Правапiс трохi абеларусiцца // naviny.by, 27.12.2002; Цi добра ўчынiлi адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысьць тарашкевiцы? // ARCHE. 2003. № 3; Тарашкевiца-наркамаўка: складанае зблiжэньне // ARCHE. 2003. № 4; Аксак В. Тарашкевiца, наркамаўка, "таракамаўка", трасянка - калi ж беларусы дамовяцца пра правапiс? // svaboda.org, 20.09.2004. Цiкавыя паралелi: Скапненка А. Кадыфiкацыйныя тэндэнцыi ў беларускай i ўкраiнскай лiтаратурных мовах XX ст.: тыпалогiя i спецыфiка // Беларуская мова: шляхi развiцця, кантакты, перспектывы. - Мiнск: Беларускi кнiгазбор, 2001. С. 123-131.
   

Праблема лёгкасцi засваення правапісу, тэхнік чытання і пісання ёсць на Захадзе — асабліва ў ангельскамоўных краінах — актуальнай i дыскусiйнай2. Актуальнай, хоць і не дыскусійнай пакуль, уяўляецца мне гэтая праблема і для Беларусі. У гэтым рэчышчы варта заўважыць, што слабы прынцып лакальнасцi лепш прыстасаваны для чытання, а моцны, наадварот, зручны пры пiсаннi: пiшам бо па лiтарах, а чытаем, хутчэй, словамі; і таму выбар на карысць моцнага прынцыпу «тарашкевiцы» быў бы значнай палёгкай навучэнцам і... пісьменнікам — хаця трэба ўсведамляць, што слабы прынцып «нар­камаўкi» таксама не выводзiць нас па-за межы правапіснага фанетызму (закіданыя кімсьці «непаслядоўнасці» кшталту кімсьці, барацьбiт, пiсьменнiк, супрацьлеглы натуральна тлумачацца марфалагiчнай iнерцыйнасцю, параўн.: кімсь, барацьба, пiсьмо, супраць).

Закрануўшы напiсанне збегаў мяккiх зычных, немагчыма абмiнуць i перадачу мяккiх падоўжаных зычных на пiсьме праз падваенне літар: вецце, стагоддзе ў «наркамаўцы» vs. вецьце, стагодзьдзе ў «тарашкевiцы». Дасюль публiчнымi абаронцамi «тарашкевiцы» iгнараваная, фанаграфiчная недарэчнасць апошняй пары прыкладаў палягае ў тым, што, скажам, афрыката [ц] ёсць складаным гукам кшталту [ts], i ейнае падоўжанне — гэта не простая сума [цц] = [tsts], а хутчэй [t^ts], i вось yжо гэты складаны гук мусiць памякчацца або не памякчацца. Таму напiсанне стагодзьдзе не толькi супярэчыць прынцыпу лакальнасцi i, увогуле, эканомii пiсьма — маскуючыся псеўдафанетычным тут мяккiм знакам, а фактычна знаходзячыся па-за сiстэмай у астатнiм лакальнай арфаграфii, яно можа адмоўна ўплываць на арфаэпiю мовы, сiмулюючы i тым стымулюючы ў маўленчай практыцы падвоенасць афрыкаты замест падоўжанасцi.

Наступная мая заўвага тычыцца графічнага адлюстравання такой вядомай i тыповай для лiтаратурнага беларускага маўлення з’явы, як «дзеканне». Прынятая сёння традыцыя пазначэння мяккага [дз’] праз дыграф дз i наступную за iм памякчальную галосную або мяккi знак адпавядае слабому прынцыпу лакальнасцi: дайшоўшы вачыма пры чытаннi да д і ўбачыўшы далeй з, мы мусiм глянуць i на наступную за з лiтару, у адпаведнасцi з каторай давядзецца прачытаць дз мякка альбо цвёрда. Гэткае напісанне, такім чынам, ёсць несумяшчальным з правапiсам, якi, у духу «тарашкевiцы» (але датычна гэтага пункту — у адрозненне ад «тарашкевiцы» icнай), грунтаваўся б на лакальнасцi моцнай. Больш за тое, у сучасным правапiсе лiтара д увогуле не сустракаецца ў пазiцыi перад мяккiм знакам альбо памякчальнымi галоснымi — замест яе заўсёды пiшуць у гэтых выпадках дз; аўтаматызм гэтага правiла азначае збыткоўнасць лiтары з, другой лiтары дыграфу, у гэтай пазiцыi.

  2 Гл., напрыклад, свежы зборнік: Theoretical Models and Processes of Reading / Eds. R. B. Ruddell, N. J. Unrau. - Newark, DE: International Reading Association, 2004.
   

Дарэчы, падобныя разважанні знаходзім ужо ў В. Ластоўскага3, калі той прапаноў­ваў скасаваць лiтары ў i й, дамовіўшыся аб адпаведным прачытанні у i i пасля галосных — што мне, аднак, здаецца няслушным як мінімум з той прычыны, што пераходы уў i iй у беларускай мове не унiверсалiзаваныя і, я спадзяюся, універсалізаванымі не будуць. Пераход жа д у дз перад мяккімі не мае выключэнняў, бо адлюстроўвае тыповую рысу нашага маўлення; але ад нас залежыць, якое фанетычнае значэнне надаць таму ці іншаму напісанню, таму слушным будзе, на мой погляд, адмовiцца ад ужывання дз для мяккага гуку [дз’], пакiнуўшы гэты дыграф для цвёрдага [дз] — у пары з «зацвярдзелым» дж для [дж]; тымчасам [дз’] мусiць перадавацца праз спалучэнне лiтары д з мяккiм знакам або памякчальнай галоснай — у адпаведнасцi з агульным прынцыпам мiнiмалiзму, cфармуляваным вышэй моцным прынцыпам лакальнасцi, а таксама прынцыпам графiчнай iнерцыйнасцi, які мы неўзабаве патлумачым.

4. IНЕРЦЫЙНАСЦЬ У ЧАСЕ I Ў МОЎНАЙ ПРАСТОРЫ

Сённяшнім рэфарматарам беларускай арфаграфіі пашанцавала з тым, што арфаграфiя старабеларуская — а ў нас няма аніякіх падстаў адкінуць прынцып традыцыйнасцi, якi сцвярджае пераемнасць сучаснай графiчнай сiстэмы з традыцыйна ўжыванай у рэчышчы ранейшай пiсьмовай традыцыi, — паслядоўней за сучасную пiльнавалася марфемнай iнерцыйнасцi, што патрабуе як найболей устойлiвага напiсання марфем пры словазмяненнi, таму павяртанне ўва ўлонне старабеларускай традыцыi ў пэўнай ступенi цягне за сабой i меншую марфемную зменлівасць. Напрыклад, вышэй прапанаванае спрашчэнне дзьдь сталася б крокам i да ранейшай традыцыi, i да больш паслядоўных нормаў словазмянення: ваяводаваяводе. Прыемна, што крок гэты адначасна ўзмацніў бы таксама і лакальнасць фанетызму нашага правапiсу.

 

3 Ластоўскі В. У справе рэформы кiрылаўскае азбукi // Крывiч. 1927. № 12.
   

Цi з’яўляецца мая прапанова радыкальнай, рэвалюцыйнай з гледзішча новабеларускай традыцыі? Вядома, што не — наконт пажаданай раўнавагi памiж фанетызмам i графiчнай iнерцыйнасцю пiсаў у сваёй «Граматыцы» i сам Б. Тарашкевiч4: «Галocныя пiшyцца так, як вымаўляюцца (гyкавая абo фoнэтычная аcнoва)... зычныя, наадваpoт, пiшyцца глeдзячы на паxoджаньнe (этымoлёгiю) cлoва». Гэткi баланс памiж фанетычным i марфемным прынцыпамi назiраем фактычна ўжо ў старабеларускiх тэкстах, ненарматыўнае гiпер-оканне ў якiх адлюстроўвала рэальнае фанетычнае аканне беларусаў5. Таму вяртанне да нормаў напiсання дь, ть замест цяперашнiх дзь, ць (з нарматыўным наданнем адпаведнага фанетычнага значэння новым-старым спалучэнням) — лагiчны i з усiх бакоў паслядоўны крок.

Але ўсё ж чаму, у той час як у старабеларускiх помнiках практычна немагчыма знайсці дз перад мяккiм знакам альбо перад памякчальнымi галоснымi, у новабеларускiх тэкстах у тых самых пазiцыях паўсюдна стаiць гэты дыграф? Здаецца, тлумачэнне ляжыць у палiтычнай сферы: калі ў Высокiм сярэднявеччы беларусы мелi развiтую пiсьмовую культуру i не рупiлiся аб тым, каб пiсаць як мага адрознейшым ад усходнiх суседзяў правапiсам, бо самi заўважна ўплывалi на мову тых усходнiх суседзяў, дык у ХIХ—ХХ стст. iстотна змянiлiся палiтычныя i культурныя варункi, i першыя беларускiя «адра­джэнцы», поруч з «западноруссистами», змушаныя былi лiтарамi расейскага алфавiту i грунтуючыся на расейскай традыцыi iх чытання як мага дакладней — а гэта значыць, кантрастыўна — перадаваць асаблiвасцi беларускай гаворкi, сцвярджаючы тым самым, свядома цi не, другаснасць i «масквацэнтрызм» новабеларускай арфаграфii. Цi варта трымацца гэтай прымальнай тактычна, але стратэгiчна разбуральнай лiнii кантрастыўнай пабудовы арфаграфii і сёння — пытанне, здаецца, iзноў рытарычнае.

Не выклiкае ў мяне сумненняў i неабходнасць вяртання ўва ўжытак сiстэматычна ўжыванага ў старабеларускiх помнiках дыграфу кг для пазначэння выбухнога гукy [ґ], якi суiснуе i сёння ў жывой народнай мове (кганак) поруч з [г] фрыкатыўным. Крытыка графiчнага афармлення гэтага факту мовы зводзiцца, па сутнасцi, да пункту аб тым, што гук не нясе сэнсаадрознай функцыi i таму без вялiкiх стратаў, дзеля спрашчэння правапiсу, можа быць рэдукаваны да фрыкатыўнага. Гэтую крытыку не засмучае тое, што мова — вялiзны пласт не заўсёды рацыянальнай культуры i нясе, апрача камунiкацыйнай, таксама i эстэтычную, выяўленчую функцыi; што фанетычны правапiс мусiць як мага дакладней перадаваць гэтую мову, бо сам хоцькi-няхоцькi фармуе яе арфаэпiю; што дбанне аб спрашчэннi правапiсу можа i значна далей нас завесцi, бо для перадачы iнфармацыi — якой заўгодна iнфармацыi ў гэтым свеце — выдатна прыстасаваны i бiнарны код — алфавiт (0,1). Нарэшце, супярэчыць уніфікатарскім разважанням і моўная практыка іншых краін: нiхто не збiраецца атаесамляць, прыкладам, гукі [θ] i [ð] y ангельскай мове (якія ў стараангельскай арфаграфii эквiвалентна перадавалiся праз th, ð i торн þ рунiчнага алфавiта) на падставе іх «ізафанемнасці», але наадварот, здаўна чуваць прапановы замацаваць адрознасць гэтых гукаў графiчна — напрыклад, праз th для [θ] i dh для [ð]6, стандартнае і даўняе правіла для брытанскай картаграфіі7.

  4 Тарашкевiч Б. Беларуская граматыка для школ. - Вiльня, 1929. - 5-е выд., § 73.

5 Гл.: Гурло Н. Да пытання станаўлення беларускай арфаграфiчнай сiстэмы (па матэрыялах заходнярускай пiсьменнасцi XIV-XV стст.) // Уч. зап. Гродн. гос. пед. ин-та. Вып. VI (сер. гуманитарная). - Минск, 1960. С. 82.
   

Канатацыi кганку, аднак, падводзяць нас неўпрыкмет да яшчэ адной, вынесенай у асобны раздзел i асаблiва «гарачай» тэмы — правапiсу запазычанняў.

5. ЗАПАЗЫЧАННI: СВАЁ ЦI ЧУЖОЕ?

Правапiс запазычанняў — адно з найбольш палемiчных пытанняў цяперашняга «арфаграфiчнага дыскурсу» i закранае праблему выпрацоўкi маўленчых правіл, фанетычных стандартаў мовы per se, што сягае за межы нашага артыкула. Заўважым, аднак, што выключна няўдалай з метадалагiчнага гледзiшча бачыцца пастаноўка задачы аб нармалiзацыi напiсання асобнага корпусу словаў, аднесеных кiмсьцi па тых цi iншых прыкметах — пакiнем убаку штучнасць вылучэння такiх прыкмет — да запазычанняў; ужо сама семантыка запазычання не-свайго вядзе нас па сцяжыне выкарыстання лексем замiж засваення. Але цяперашняе абвастрэнне пытання правапiсу запазычанняў сведчыць, як мне здаецца, аб небяспечным абвастрэннi значна глыбейшага канфлiкту: канфлiкту свой—чужы сярод нашай культурнай элiты; канфлiкту, якi сiлкуе нашыя нацыянальныя фобii i комплексы; канфлiкту, якi магчыма эфектыўна пераадолець, дасягнуць нарэшце нутраной цэльнасцi i ладу праз простую дамову аб тым, што нацыянальная культура — гэта не створанае колiшнiмi «прадстаўнiкамi» дадзенай нацыi, а засвоенае цяперашнiмi.

Набыткi лiтаратурнай крытыкi другой паловы ХХ стагоддзя, а менавiта вядомыя канцэпцыі «смерцi аўтара» (Р. Барт), «адкрытага тэксту» i «транстэкстуалiзму» (Ж. Жэ­не) робяць вiдавочнай штучнасць правядзення якiх-кольвек дэмаркацыйных лiнiй памiж нацыянальнымi лiтаратурамi i, шырэй, памiж нацыянальнымi культурамi ў традыцыйным разуменнi, вымагаючы канструктыўнага (пера)азначэння паняцця «нацыянальная культура» як такога. Дзеля гэтага абгрунтаваным здаецца размежаваць культуру-як-створанае, як сукупнасць iдэй, вобразаў, тэкстаў па-за пытаннем аб iх засвоенасцi («культура-для-нас»), i культуру-як-засвоенае, «культуру-ў-нас», і засяродзіць увагу на гэтай апошняй. Фактычна гэта будзе сацыяльнай праекцыяй агалошанага структуралістамі пераносу акцэнтаў крытыкі з рэляцыi аўтар—твор на рэляцыю твор—чытач.

Вiдавочна, што для грамадства мае вагу толькi культура-як-засвоенае, толькi ў гэтым разуменнi культура паўстае рэальнасцю сацыяльнага жыцця. Менавiта ўспрынятае, засвоенае грамадзянамi ўтварае тое, што варта было б называць «нацыянальнай культурай» — культурай, якая натуральна прасцiраецца сёння значна далей за створанае ейнымi носьбiтамi ў цяперашнiм часе або ў часе мiнулым. Адпаведная дэмаркацыя нацыянальных лiтаратур, моваў, мiфаў прадухiляе ўсе «памежныя спрэчкi»: i а-ля чый Адам Мiцкевiч, i ў адпаведнасцi з якой традыцыяй, «нямецка-лацiнскай» або «ўсходне-вiзантыйскай», мы мусiм пiсаць чужынскiя словы. Чужынскiя словы бо пераўтвараюцца ў свае, i ўжываць iх застаецца адно паводле сваёй, беларускай традыцыi, беручы пад увагу (1) наяўнасць yласнабеларускiх адпаведнiкаў, (2) натуральнасць гучання, (3) этымалагiчную абгрунтаванасць напiсання, (4) практыку засваення. Фантасмагарычны фiлёляг, напрыклад, не вытрымлiвае крытыкi анi па адным з першых трох пунктаў, што натуральна адбiваецца i на статыстыцы ўжывання: так, пошук па Google процi 197 фiлолагаў дае 76 фiлёлягаў. Гэткiм жа чынам парламентаў знойдзем 64, парлямэнтаў — 127, а парлямантаў — 16. Колькасць жа спасылак на словы матар’ял i матэрыял суадносiцца як 212 да 15 900!

6. ВЫСНОВЫ

У гэтым артыкуле зроблена спроба параўнаць арфаграфiчныя нормы суiснуючых сёння беларускiх правапiсных традыцый, «наркамаўкi» i «тарашкевiцы», з гледзішча ступені іх адпаведнасці (а) вылучанаму вышэй спалучальнаму фанетычнаму прынцыпу — альбо моцнай, альбо слабой лакальнасцi, і (б) прынцыпу марфемнай iнерцыйнасцi, якi, дзякуючы гiстарычным асаблiвасцям развiцця беларускай мовы, сугучны з агульным моўным i правапiсным традыцыяналiзмам. Прапанаваная тыпалагiзацыя фанетычнага прынцыпу на аснове крытэрыя лакальнасцi дазваляе фармалiзаваць лiнiю па­дзелу памiж «тарашкевiцай» i «наркамаўкай» як двума правапiсамi з перавагай лягчэйшага пiсання або лягчэйшага чытання. Пэўныя ж захады па паглыбленнi фанетызму абедзвюх гэтых правапiсных сiстэм — адмова ад атавiстычнага дз на карысць д перад мяккiмi etc. — не супярэчаць, а цалкам сугучныя з пунктам (б). Гэтая дзіўная простасць, з якой здаецца магчымым аптымiзаваць цяперашнюю арфаграфiю і адначасова ўзмацніць ейны гістарызм, канечне, проста сведчыць аб параўнальна высокiм развiццi арфаграфii старабеларускай.

  6 Гл. (не зважаючы на iнiцыялы): Hinds J. I. D. A New Orthography // Science. 1893. № 22.

7 A System of Orthography for Native Names and Places // Science. 1887. № 9.
   
Тут цяжка — як кажуць звычайна дзеля надання ўласным словам патрэбнай вагi, — цяжка не пагадзiцца са сп. Пацюпам, якi заклiкае8: «Даўно пара наўсьлед за Ф. Багушэвiчам ды Я. Станкевiчам не рабiць штучнага разьмежаваньня памiж старабеларускаю моваю i сучаснаю; такiя помнiкi, як «Статут» (1588), для папулярных выданьняў варта друкаваць сучасным правапiсам». Адзiнае ўдакладненне хацелася б зрабiць: «сучасным правапiсам» зусiм не значыць «iсным», адным з ужываных на бягучы момант у новабеларускай традыцыi, але — абгрунтавана, сiстэмна ўпарадкаваным i сапраўды сучасным правапiсам новай беларускай традыцыi, якой прыспела ўжо даўно пара. Так цi не?

  8 Пацюпа Ю. Занядбаная старонка правапiсу: прапановы пiсаньня прыназоўнiка у/ў перад словамi, што пачынаюцца з галоснай // ARCHE. 2003. № 6.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14