A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Антычны дзёньнік


* * *

Гісторыя літаратуры захавала для нас імя францускага афіцэра Поля-Люі Кур’е, які дэзэрціраваў у часе ваенных дзеяньняў пад Ваграмам у ліпені 1809 году, каб поўнасьцю прысьвяціць сябе працы над перакладам рамана Лонга «Дафніс і Хлоя».

Сонечная, радасная антычная літаратура сама па сабе здольная пераканаць любога, нават афіцэра дзейнай арміі, у тым, што жыцьцё – вышэйшае за вайну. Акрамя таго, літаратары старажытнай Грэцыі і Рыму – краінаў, якія ўвесь час ваявалі на сушы і на моры, – сьвядома высьмейвалі бравых ваякаў і ўсё зь імі зьвязанае. Герой камэдыі Арыстафана «Мір» пасьля заканчэньня вайны прапаноўвае гандляру зброяй, бізнэсу якога прыйшоў канец, выкарыстоўваць вайсковыя панцыры ў якасьці стульчакоў.

Беларусь неаднаразова рабілася арэнай вайсковых дзеяньняў, а яе пісьменьнікі, у адрозьненьне ад Лонга і Арыстафана, мусілі браць зброю ў рукі. Але 16-гадовы Алесь Адамовіч, ідучы ў партызаны, вынуў з торбы матчын бохан хлеба і паклаў замест яго томік Пушкіна. Ён не зьбіраўся ваяваць бясконца і падобна Полю-Люі Кур’е верыў, што літаратура – найважнейшая справа.

* * *

Уладзімер Арлоў у эсэ «Мёртвыя не пацеюць» (Наша Ніва. 2004. № 21) кпіць з жыхароў старажытнай Эляды: «Адзінае, што табе недаспадобы ў антычным сьвеце, – ідыёцкая звычка старажытных грэкаў напалам разбаўляць віно вадою. Ты ўпэўнены, што калі б эліны спажывалі чысты прадукт, іх даробак у цывілізацыі быў бы, прынамсі, удвая значнейшы».

Сапраўды, грэкі віно разбаўлялі, і разбаўлялі бязбожна – дасьледчыкі мяркуюць, што вады дамешвалася на дзьве трэці, калі не на тры чвэрці. «Усе сышліся на тым, каб на сёньняшнім баляваньні дап’яна не напівацца, а піць проста так, дзеля свайго задавальненьня», – чытаем у «Чэсьці»(«Піры») Плятона. Каб не сапсаваць таго прыўкраснага задавальненьня, даўжэй пагушкацца на цёплых хвалях хмелю і не зьняславіць сябе, захрапеўшы падчас сяброўскай гаманы пра паэзію, калі чара нясьпешна перадаецца па крузе зьлева направа, і лілі грэкі шчодра ваду ў найлепшыя, найкаштоўнейшыя салодка-духмяныя напоі, дастаўленыя на мацярык з выспаў з чароўнымі назвамі: Радос, Самас, Лесбас, Хіёс. Але хоць і пазьбягалі жыхары Эляды «чыстага прадукту», разбаўляючы віно як апантаныя, неаднойчы яны моцна напіваліся і тым самым парушалі свае дамовы, падобныя той, што апісана ў Плятона. «Ты маеш рацыю, Паўсанію, што трэба ўсяляк рупіцца піць у меру. Я і сам учора перабраў», – кажа герой «Чэсьці», якому нясьцерпны боль галавы часьцяком замінаў думаць пра «даробак у цывілізацыі».

* * *

Болей
Ужо ніколі
Гусі не адратуюць
Рым
Ад разбурэньня.
Зьдзіўленьне
Стамілася назаўсім, –

напісаў чачэнскі паэт і палітык Зелімха Яндарбі, паэтычны зборнік якога «Сэрца майго сьвятыня» (2005) пераклаў на беларускую мову Рыгор Барадулін.

За мінулыя стагодзьдзі незьлічоная колькасьць прыхадняў вынішчала агнём і мячом наш край. Беларусы перасталі зьдзіўляцца іх ваяўнічасьці, лютасьці, нянавісьці, стаміліся ваяваць зь імі. Нашае «зьдзіўленьне стамілася назаўсім». Мы нават перасталі ўспрымаць іх як чужынцаў, гэтых людзей, якія спакойна ўваходзяць у расчыненыя брамы нашых гарадоў, мовячы на незразумелай мове. А нашы гусі спакойна скубуць траву.

* * *

Рымскі імпэратар Марк Аўрэлій вядомы найперш як філёзаф-стоік і літаратар, аўтар трактату «Да самога сябе», створанага ім на старажытнагрэцкай мове. Гэтаму мудраму кіраўніку дзяржавы належаць наступныя словы: «Яшчэ няшмат часу, і ты зьнікнеш, як і ўсё тое, што ты бачыш, як і ўсе тыя, хто жыве цяпер. Бо ўсё зьмяняецца, ператвараецца і зьнікае – каб, усьлед за ім, узьнікла іншае». У 178 годзе Марк Аўрэлій узначаліў паход супраць германскіх плямёнаў маркоманаў і квадаў і праз два гады сустрэў сваю сьмерць на берагох Дунаю ў Віндабоне (сучасная Вена) ад чумы, сустрэў яе спакойна, бо ўсё жыцьцё – праз заняткі філязофіяй і літаратурай – рыхтаваў сябе да гэтага.

Жыцьцёвы і духоўны подзьвіг Марка Аўрэлія, яго маральная чысьціня і сьціпласьць засталіся «нябачнымі» для родных імпэратара: яго жонка Фаўстына Малодшая, распусьніца, аб якой гідліва казаў увесь Рым, кахалася з матросамі, старэйшая дачка Анія Люцыла вызначалася непамернай пыхай і славалюбствам, сын Камод, асілак і вар’ят, жыў у казармах глядыятараў і выступіў на арэне супраць ільвоў і людзей 735 разоў, пакуль змоўнікі не закалолі яго, як вепрука.

Прыклад Марка Аўрэлія пераканаўча сьведчыць: калі ты займаешся філязофіяй, літаратурай, ты пераўтвараеш словам уласнае жыцьцё, прамаўляеш найперш да самога сябе.

І ў гэтым сэнсе назва кнігі імпэратара-філёзафа бездакорная.

* * *

У беларускай літаратуры шмат прыгожых паэтычных радкоў, напісаных мужчынамі пра каханьне, любоўную жарсьць, рэўнасьць да каханай жанчыны, расставаньне зь ёю, але ў большасьці гэтых вершаў жанчына паўстае толькі ідалам, сымбалем, вобразам, мэтафарай. Яна амаль заўсёды – Муза, Каханка і г. д. Нашыя паэты сёньня толькі могуць марыць аб той унутранай свабодзе, калі на знаёмую жанчыну (наколькі блізка знаёмую – гэта ўжо іншая справа) можна напісаць і агучыць эпіграму. Як гэта рабіў сучасьнік Нэрона паэт Люкілій:

Хлусяць, што свае валасы ты фарбуеш, Нікіла,
Чорныя, як яны ёсьць, у краме набыты яны.

І яшчэ:

Мёд набываеш ты з воскам, румяны, і косы, і зубы.
Дзешавей табе будзе адразу набыць увесь твар.

Дык сьмялей жа, беларускія паэты!

* * *

У творах антычных літаратараў шмат і з апэтытам ядуць. Узяць «Сатырыкон» Пятронія Арбітра. О бясконца-смачнае баляваньне ў доме Трымальхіёна! Намаляваць такую велічную сцэну мог толькі сапраўдны мастак-гастраном, які неаднойчы каштаваў розныя прысмакі і далікатэсы, накшталт жаранай соні, прыпраўленай макам і мёдам, дразда-пшанічніка, нашпігаванага арэхамі і разынкамі, ці сырыйскіх сьліваў.

Кнігі беларускага Пятронія – Уладзімера Караткевіча – распаляюць апэтыт, як усходнія спэцыі:

«…Хутка на маім блюдзе ляжала вялізная гусь з брусьнічным варэньнем, індыковая ножка зь яблыкамі, салёныя грыбы, дзясятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:

– А вось пампушкі з часнаком… А вось, пане, кавалачак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць.(…)

– А гэта што? – спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.

– Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еж, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі» («Дзікае паляваньне караля Стаха»).

На жаль, нацыянальная «гастранамічная» літаратурна-мастацкая традыцыя, якую пасьпяхова распрацоўваў Караткевіч, перарвалася з надыходам эпохі «чаркі і скваркі». Моду, у тым ліку кулінарную, ізноў дыктуе плебс.

Чакаючы, пакуль у Беларусі зьявіцца новая генэрацыя пісьменьнікаў-арыстакратаў, літаратараў-кулінараў, паспрабуйце штосьці прыгатаваць за рэцэптам Пятронія і Караткевіча.

Смачна есьці!

* * *

У лісьце консулу Созію Сэнэцыёну Пліній Малодшы радасна паведамляе пра «вялікі ўраджай паэтаў», дзякуючы якому ажывілася літаратурная дзейнасьць і павялічылася колькасьць публічных чытаньняў (рэцытацыяў). Аднак ніжэй Пліній засмучона заўважае: «Слухачы, аднак, зьбіраюцца зь лянотаю. Большасьць сядзіць у портыках, марнуе час на балбатню і неаднаразова загадвае паведаміць, ці ўвайшоў дэкляматар, ці прачытаў уступ, ці згарнуў ужо большую частку сувою. Толькі тады яны зьбіраюцца і павольна, з затрымкамі, сыходзяць, не чакаючы канца, – адны таемна і хаваючыся, а іншыя свабодна, не саромеючыся».

Што ж, на беларускіх рэцытацыях падобнае таксама ня дзіва. І хаця Андрэй Хадановіч слушна заўважае, што «500–600 чалавек у бітма набітай залі падчас вечарыны паэзіі для сёньняшняга Менску – далёка не мяжа» (Дзеяслоў. 2005. № 1), аднак псыхалёгія слухача – удзельніка імпрэзаў зь цягам стагодзьдзяў не зьмяняецца; шмат у ім і ляноты, і нудоты. Таму простае павелічэньне плошчы памяшканьняў, у якіх будуць адбывацца беларускамоўныя рэцытацыі і, адпаведна, колькасьці наведвальнікаў апошніх, нічога не дае. Галоўнае тут – знайсьці спосаб, як утрымаць слухача і ня проста ўтрымаць, а завалодаць ім да таго часу, калі сам паэт вырашыць прамовіць словы, якімі звычайна канчалі антычныя камэдыі, а менавіта «Пляскайце ў ладкі і бывайце!».

* * *

У іншым лісьце той жа Пліній Малодшы апавядае пра Тэрэнцыя Юніёра, які выправіўся жыць у правінцыю і да якога завітаў сам аўтар. Пліній згадвае, што калі ён пачаў размаўляць зь Юніёрам пра гаспадарчыя справы, той ветліва перапыніў яго і перавёў размову ў бок літаратуры. Глыбокія веды Юніёра адносна прыгожага пісьменства, ягоныя меркаваньні наконт прачытанага, а таксама веданьне ім некалькіх моваў і ягонае бездакорнае маўленьне моцна ўразілі Плінія, які адзначыў, што пра гэтага «чалавека сялянскага выгляду» можна падумаць, быццам ён насамрэч жыве ў Атэнах, а ня ў вёсцы.

Відаць, гэтак жа свабодна, нязмушана і арыстакратычна, быццам Тэрэнцый Юніёр у размове з Плініем Малодшым, пачувалася Ларыса Геніюш і яе муж Янка, калі ў правінцыйнай Зэльве іх наведвалі гарадзенскія, менскія, полацкія літаратары і навукоўцы. Аб гэтым, амаль па-плініеўску, згадвае літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч: «У абліччы Ларысы Геніюш было штосьці высакародна-прыгожае, нават артыстычнае. Па-сялянску мажная, прысадзістая постаць яе рухалася лёгка і зграбна. Уражвалі нязвыклыя інтанацыі голасу, позірк, жэсты. (…) Непрывычнай падавалася манера яе маўленьня – вытанчаная, трохі чульлівая, напоўненая шматлікімі эмацыянальнымі акцэнтамі, нібыта яна ня гутарку вяла, а чытала вершы. (…) Ня толькі падчас чытаньня вершаў, а і ў гаворцы з суразмоўцам Ларыса Геніюш неяк асабліва высакачола трымала галаву» (Дзеяслоў. 2005. № 1).

* * *

«Зайздрасьці і злосьці ў ім было ня менш, чым ганарлівасьці і лютасьці. Ён варагаваў ці не з усімі пакаленьнямі роду людзкога. Ён падумваў нават зьнішчыць паэмы Гамэра», – піша пра Калігулу ў «Жыцьці дванаццаці Цэзараў» Гай Сьвятоній Транквіл. Усяго некалькі штрыхоў да партрэту імпэратара, але якіх!

Кожны тыран зьяўляецца зброяй зла. А зло, паводле перакананьня Дзьмітрыя Ліхачова, заўсёды дзейнічае мэтанакіравана, і гэта сьведчыць пра наяўнасьць у зла сьвядомасьці. «Калі б сьвядомага пачатку ў зла не было, – разважае гэты расейскі вучоны ў артыкуле «Тры асновы эўрапейскай культуры і расейскі гістарычны досьвед» (1991), – яно павінна было б прарывацца толькі на слабых участках, тады як у нацыянальным характары, у нацыянальных культурах яно атакуе вяршыні». Такім чынам, зло абрала Калігулу для таго, каб зьнішчыць творы Гамэра, зраўнаваць зь зямлёю гэты Эвэрэст антычнай культуры.

У тым, што зло, маючы бездакорны эстэтычны густ, сьвядома і мэтанакіравана нішчыць шэдэўры старажытнага і сучаснага мастацтва рукамі зайздросьнікаў і ганарліўцаў рознай велічыні, нас пераконвае і беларуская рэчаіснасьць.

  сталы аўтар «ARCHE», у мінулым нумары было апублікавана яго эсэ «Мой спосаб чытаньня».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/23