A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Мой спосаб чытаньня Напрыканцы рэцэнзэнт выводзіць у поле цяжкую артылерыю – цытуе Натальлю Арсеньневу (маўляў, павучыцеся ў клясыка!). Аднак Арсеньнева (і пра гэта ў рэцэнзіі няма згадак) пісала верш «Хто ён, паэт?» у Менску ў жудасным 1942 годзе, і ня цяжка здагадацца, да чаго яна заклікала літаратараў, якія пытаньні перад імі ставіла. Вось чаму цытаваць гэты верш маладым канкурсантам, патрабуючы, каб у іх сьветабачаньні адлюстраваліся эмоцыі часоў Другой сусьветнай вайны, часоў усеагульнай мабілізацыі, найвышэйшага напружаньня фізычных і духоўных сілаў – справа падлаватая. Як і падводзіць да думкі чытачоў «ЛіМу», што ў зборніку «12+1» – не Паэзія, і бяз гэтых дэбютантаў «мы б абышліся». Дарэчы, Андрэй Хадановіч, аўтар пасьлямовы да зборніка, самотна-ціхім голасам «з-пад коўдры» хораша сказаў пра настрой сучаснага паэта: «…бо нашто электронная пошта // калі проста так не ў пару // немавед пра што і навошта // немавед каму гавару». Вельмі шкада, што голасу гэтага, як і галасоў маладых канкурсантаў, не пачулі «лімаўцы».
У Лёндане вось ужо 12 гадоў запар аб’яўляюць намінантаў і ляўрэатаў самай непрэстыжнай літаратурнай прэміі году, заснаванай ангельскім часопісам «The Literary Review». Прэміяй «Bad Sex in Fiction» узнагароджваюцца пісьменьнікі за самае бяздарнае апісаньне сэксуальнага акту накшталт «ён лашчыў яе так, быццам шукаў ключы ад аўтамабіля» (Тама Янавіц) або «яна кончыла зь вясёлым гіканьнем зграі малпаў-рэзус, якія пакутавалі на задышку» (Род Лідлз). Тым самым арганізатары акцыі спадзяюцца прыцягнуць увагу да «грубага, безгустоўнага, нядбайнага і шматслоўнага апісаньня сэксу ў сучаснай літаратуры». Сёй-той з узнагароджаных крыўдуе. Так, ляўрэат «Bad Sex in Fiction»-2004 амэрыканскі пісьменьнік Том Вулф адмовіўся завітаць на цырымонію і атрымаць прэмію – статуэтку, падобную да «Оскару», і бутэльку шампанскага. Многія сучасныя беларускія пісьменьнікі маглі б прэтэндаваць на «Bad Sex in Fiction». Напрыклад, Мікола Захаранка за аповесьць «Забойства на вуліцах з прысадамі» (Дзеяслоў. 2002. № 1) («Вас трое, вы ня маеце права!» – прастагнала дзяўчына голасам ахвяры, якую гвалтуюць менавіта трое») ці Альгерд Бахарэвіч за апавяданьне «З вышыні» (ARCHE. 2004. № 1) («Сама разумееш чым», – рохкаю я, зрэшты, ужо падатлівы, як дзіцячы канструктар. Яніна рука, сымбіёз коткі й кобры, прасьлізгвае паміж маіх ног»). Цікава, ці зьявіліся б яны на ўзнагароджаньне?
У маёй хатняй бібліятэцы ёсьць том М. Салтыкова-Шчадрына, выдадзены ў 1905 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, з занатоўкамі на палёх, якія зрабіў алоўкам невядомы мне расейскамоўны чытач (назавём яго Н.). Ня цяжка было заўважыць, што ў кнізе Н. мэтанакіравана шукаў адказы на пытаньні, зьвязаныя зь верай і рэлігіяй, злачынствам і пакараньнем. Напрыклад, у «Губэрнскіх нарысах» насупраць слоў «Господи! неужели нужно, чтоб обстоятельства вечно гнели и покалывали человека, чтоб не дать заснуть в нем энергии, чтобы не дать замереть этой страстности стремлений, которая горит на дне души, поддерживаемая каким-то неугасаемым огнем? Ужели вечно нужны будут страдания, вечно вопли, вечно скорби, чтобы сохранить в человеке чистоту мысли, чистоту верования?» ён напісаў «да и нет», а насупраць фразы «Известно, что наказание разбойнику следует; однако, если человек сам свое прежнее непотребство восчувствовал, так навряд и палач его столь наказать может, сколь он сам себя изнурит и накажет» паставіў тлустую рысу. Нататкі Н. ілюструюць навуковы тэзіс, што спрадвечная культурна-гістарычная блізкасьць літаратуры і рэлігіі ў Расеі прывяла ў ХІХ стагодьдзі да канчатковага замяшчэньня філязофіі літаратурай. Вось чаму да літаратурна-мастацкага твору Н. ставіўся як да філязофскага – у прасторы літаратурацэнтрычнага тыпу культуры гэта цалкам дапушчальна. Зразумеўшы, якім быў спосаб чытаньня Н., адчуўшы сымпатыю да гэтага чалавека, які шукаў адказы на спрадвечныя пытаньні ў пісьменьніка, прызнаваў аўтарытэт кніжнага слова, я адкрыў гэта стогадовае выданьне і насупраць свайго ўлюбёнага дыялёгу з «Гісторыі аднаго гораду»:
– И тех из вас, которым ни до чего дела нет, я буду миловать; прочих же всех – казнить. – Так! – отвечали головотяпы. – А как не умели вы жить на своей воле и сами, глупые, пожелали себе кабалы, то называться вам впредь не головотяпами, а глуповцами. – Так! – отвечали головотяпы, –
асадкаю з чорным стрыжнем напісаў: «пра нас, беларусаў».
Калі б наша дзяржава забясьпечыла роўны доступ усіх патэнцыйных рэцыпіентаў да літаратурнай прадукцыі, не рэгулявала рынку збыту апошняй і зьняла б цэнзуру, дазволіла нармальна працаваць літаратурным агентам і выдаўцам, у тым ліку замежным, то ў краіне, у прыватнасьці, рэалізаваліся б шмат якія камэрцыйна пасьпяховыя беларускамоўныя праекты. Напрыклад, часопіс «ARCHE», падобна расейскаму часопісу «Иностранная литература», мог бы распрацаваць уласныя канцэптуальныя кніжныя сэрыі і выдаваць па-беларуску інтэлектуальную замежную літаратуру. Так, наколькі я ведаю, раман «Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі» (1997) культавага пісьменьніка Міхала Вівэга, які друкаваўся ў гэтым часопісе ў 2003 г., па-расейску не выходзіў, і таму, выдадзены асобнай кнігай, карыстаўся б попытам у нашага чытача. Ці яшчэ прыклад: калі б айчынным выдаўцам і перакладчыкам хапіла кемлівасьці і спрыту, то чарговы «Гары Потэр», выдадзены па-беларуску, апярэдзіў бы расейскамоўны пераклад, і сотні нашых тынэйджэраў, бясспрэчна, зьвярнулі б увагу менавіта на яго, бо тут закон адзіны: хто першым прачытаў бэстсэлер – той і малайчынка. У гэтых варунках збылося б і пажаданьне Максіма Гарэцкага, які (калі я дакладна цытую ягоныя словы) аднойчы ў роспачы напісаў: «Коміксаў, коміксаў, добрых, маляўнічых коміксаў беларускіх дайце нам!».
У славутай «Арэапагітыцы» (1644) – прамове аб свабодзе друку ад цэнзуры – ангелец Джон Мілтан, зьвяртаючыся да Парлямэнту, адзначыў: «Я не адмаўляю, што для царквы і дзяржавы вельмі важна сачыць за паводзінамі кніг, роўна як і за паводзінамі людзей, і ў выпадку, калі гэта неабходна, затрымліваць іх, кідаць у турму і строга судзіць як злачынцаў. […] Я ведаю, што кнігі настолькі ж жывучыя і пладавітыя, як і мітычныя зубы цмока, і я ведаю, што калі іх расьсеяць паўсюль, яны могуць паўстаць у выглядзе ўзброеных людзей». Мы ведаем, якія кнігі клясыка беларускай літаратуры Васіля Быкава цяпер сядзяць у турме («Мёртвым не баліць»), якія – пакуль вольныя, але за якімі пільна сочаць («Доўгая дарога дадому»), а якія – сышлі ў лясныя гушчары, дзе гартуюць волю («Пакахай мяне, салдацік», «Тры словы нямых», «Аўганец»). Прыйдзе час, і, расьсеяныя паўсюль, яны паўстануць у выглядзе ўзброеных людзей. |
літаратурны крытык. У апошнім нумары «Дзеяслова» (№ 13) надрукаваў артыкул «Місія – выхаваць нацыю. Літаратурная крытыка ў «Нашай Ніве» ў 1906–1910 гады». |