A R C H E П а ч а т а к № 3 (37) - 2005
Пачатак  Цалкам 


3-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  АЛЯКСАНДАР ФРЫДМАН

Вокладка ARCHE 3-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Фрыдман
Краіна, дзе нельга быць радасным
Падарожжа ў Беларусь 1915 года


Пры канцы жнiўня 1915 года на тэрыторыю Беларусi ўвайшла нямецкая вайсковая групоўка генерал-фельдмаршала прынца Леапольда Баварскага. У лiпенi – першай палове жнiўня 1915 года гэтая групоўка паспяхова прасунулася з Лодзi ў Варшаву, а адтуль у напрамку Нова-Георгiеўска (сёння Модлiн).

У складзе адной з дывiзiй групоўкi прынца Леапольда Баварскага знаходзiўся публiцыст, гiсторык, палiтык Вiльгельм Фельдман (Wilhelm Feldmann). У лiпенi – вераснi 1915 года ён ствараў франтавыя нататкi, якiя былі потым надрукаваныя на старонках папулярнага берлінскага выдання «Berliner Tageblatt», а ў 1916 годзе выйшлi ў Мюнхене адмысловым выданнем пад назвай «Разам з вайсковай групоўкай прынца Леапольда Баварскага ўглыб Беларусi» («Mit der Heeresgruppe des Prinzen Leopold von Bayern nach Weißrußland hinein»).

Гэтыя нататкi нельга ахарактарызаваць як аб’ектыўныя. У іх бесперапынна ўсхваляецца мужнасць, высакароднасць i зычлiвасць нямецкiх салдатаў i афiцэраў і з русафобскіх пазіцый апiсваюцца злачынствы, што ўчынiла ў Беларусi расiйскае войска. Але ў поле зроку Фельдмана патрапiлi і іншыя тэмы: уцекачы, мясцовае насельнiцтва (беларусы, палякi, яўрэi), прырода (Белавежская пушча), клiмат i г. д. Дзякуючы ім запісы Фельдмана дазваляюць паглядзець на падзеi Першай сусветнай вайны ў Беларусi інакш і тым самым пераадолець уласцiвую афіцыйнай беларускай гiстарыяграфii расiйскацэнтрычную аднабокасць.

СЯМЯТЫЧЫ

Сямятычы (тады Гарадзенская губерня, сёння ў складзе Польшчы) былi першым вялiкiм беларускiм мястэчкам, якое акупавала дывiзiя, у склад якой уваходзiў Фельдман. Яно было такім жа брудным, як i ўсе іншыя гарады i мястэчкi, якiя ён ужо сустрэў на сваiм шляху на ўсход. Але Сямятычы мелі-такі сваю адметнасць. Немцы выратавалi мястэчка ў простым сэнсе гэтага слова. У той момант, калi дывiзiя ўваходзiла ў мястэчка, казакi спрабавалi падпалiць прылаўкi мясцовых гандляроў i рамеснiкаў на Рынкавай плошчы. Сутычка на плошчы скончылася тым, што казакi былi забiтыя, а пажар прадухiлены.

Гэтай парой у нямецкi палон трапляла шмат расiйскiх вайскоўцаў. Штодзень (раз-пораз нават некалькi разоў на дзень) праз Сямятычы праходзiлi групы ваеннапалонных, якiх змяшчалi на рынку для адпачынку і харчавання. Палонныя з радасцю вiталi адзiн аднаго.

Сярод іх апынулiся двое салдатаў, якiя перад адступленнем спрабавалi забiць аднаго з мясцовых яўрэяў. Але яго жонка кiнулася бараніць свайго мужа i засланiла яго ад куляў. Забойцаў судзілі. З лiку жыхароў мястэчка быў складзены суд прысяжных, як прысудзіў абодвух злачынцаў да смерці.

У Сямятычах была маленькая белая праваслаўная каплiца з зялёным дахам, што была ўзведзена расiйскiмi ўладамi ў гонар здушэння «нейкага польскага паўстання»; праваслаўная царква з зялёным дахам, што ўзвышалася на пагорку, а таксама могiлкi ў двары царквы, дзе былi пахаваны найбольш выдатныя праваслаўныя жыхары мястэчка; прыгожая каталiцкая царква i жаночы кляштар, манашкі якога знiклi (магчыма, адышлi разам з расiйскiм войскам); могiлкi ў паўночна-заходняй частцы мястэчка.

Вiльгельм Фельдман належаў да тых людзей, якiя з вялiкай цiкавасцю наведвалi могiлкi. Мясцовыя могiлкi ўразiлi яго сваiм «варварствам» i «дзiкай прыцягальнасцю». На iх хавалi адначасова i праваслаўных, i каталiкоў, i пратэстантаў. Іх большую частку займалi праваслаўныя – меншасць мясцовага насельнiцтва. Ля паўднёвай сцяны знаходзіліся каталiцкiя пахаваннi i драўляная каплiца, збудаваная ў пачатку XIX ст. Расiйскiя салдаты паадчынялi труны ў каплiцы, спадзеючыся знайсцi ў іх нешта каштоўнае.

У паўночна-заходняй частцы могiлак былі пахаваныя пратэстанты. Тут немцы пахавалi двух сваiх салдатаў.

НАСЕЛЬНIЦТВА

Сярод мясцовых жыхароў Фельдман вылучаў праваслаўных «сапраўдных расійцаў» («Echtrussen»), каталiкоў-палякаў, пратэстантаў – «расійскiх немцаў» i яўрэяў. Беларусаў для яго не iснавала. Усе без выключэння «сапраўдныя расійцы» пакiнулi Сямятычы разам з расiйскiм войскам, таму пасля наведання рынку i ўвогуле стваралася ўражанне, што апрача яўрэяў нікога ў Сямятычах больш няма.

У Сямятычах была кепская пiтная вада i пасцелі. Першую праблему немцы вырашылi, паставіўшы на рынку недалёка ад каплiцы т. зв. «Filtermaschine» – апарат фiльтраваць ваду. З пасцелямі было цяжэй. Калi ў Польшчы кожны афiцэр мог разлiчваць на прыстойны ложак, дык у Беларусi ён вымушаны быў спаць на чыстай саломе. На думку Фельдмана, разумны чалавек, хутчэй, выкарыстаў бы салому, чым мясцовыя пасцелi.

У БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ

Артыкул Фельдмана «У Белавежскай пушчы» («Im Bialowieszaforst») быў напiсаны ў вёсцы Хвалава (сёння Карэлiцкi раён Гарадзенскай вобласцi). Фельдман падрабязна спынiўся на дарозе, пракладзенай ад Бельску да царскага паляўнiчага палаца Белавеж, бо яна вылучалася добрай якасцю. Памiж Бельскам i Гайнаўкай ішлі кровапралiтныя баі, у вынiку якiх i расiйскае, i нямецкае войска панеслi вялiкiя страты. На тэрыторыi пушчы расiйцы адступiлi без значнага супрацiву, нават не спалiўшы мастоў, а толькi павалiўшы дрэвы, каб ускладнiць прасоўванне праціўніка.

Царскi палац акружалi квiтнеючыя вёскi. Напрыканцы жнiўня – у вераснi 1915 года расiйскiя войскi спалiлi iх, а жыхароў пагналі на ўсход. Пажар не закрануў толькi пары дамоў (магчыма, казакам заплацiлi, каб тыя не падпальвалi дамы). Фельдман сустрэў жанчыну, якая, сцiснуўшы кулакi i пазіраючы на папялішча сваёй хаты, паўтарала адзiнае слова: «Казакi! Казакi!».

Часткова пашкоджаная праваслаўная царква стаяла вельмі брудная і разрабаваная. Захаваўся дом святара, які знiк разам з расiйцамi, пакiнуўшы адну са сваiх блiскучых рызаў.

З «палаца царскiх егераў» у мястэчку Сточак (сёння ў Польшчы) расiйцы вывезлi мэблю, дываны i карцiны, пашкодзiлi газ, водаправод i электрычнасць. Немцам засталiся толькi брудная падлога i горы хламу.

Трагiчны лёс напаткаў новы паляўнiчы музей каля егерскага палаца. Расiйцы не паспелi эвакуяваць экспанаты музея i, адступаючы, спалiлi iх разам з будынкам.

У Белавежы расiйскае войска пакiнула царскi паляўнiчы замак разам са стайнямi, казармамi, псярнямi, службовымi памяшканнямi i г. д., а таксама будынак мясцовага вакзалу.

Царскі палац («безгустоўная пабудова ў псеўдагатычным стылi») Фельдману не спадабаўся. У пакоi царыцы расійцы падралi на шматкi шоўкавыя фіранкі, у шматлiкiх пакоях разбурылi падваконнiкi, выдралi шматкi са скураной абшыўкi сцяны i прывялi такiм чынам памяшканне ў надзвычайна брудны стан.

«У ЦЕСНАЦЕ БАЛОТАЎ»

Наступны артыкул Фельдмана мае назву «У цеснаце балотаў» («An den Sumpfengen», верасень 1915).

Разам з адступаючым расiйскiм войскам на ўсход рухалася i мясцовае насельнiцтва. Часам тутэйшыя беларусы апыналіся памiж расiйцамi, што хутка адступалi, i немцамi, якiя паспяхова наступалi.

Іх апiсанне вызначаецца спачуваннем iхняму лёсу і адначасна абразлiвым стаўленнем да іх. Беларусы тут – апранутыя ў брудныя кажухi мужыкі з доўгiмi валасамi i хударлявымi барадатымi тварамi. Калi немцы праязджалi мiма, яны з пужлiвым позiркам здымалi шапкi, кiдалi iх уверх, а пасля прыніжальна кланяліся. На тварах беларускіх жанчын адно зрэдку можна было пабачыць свежасць i хараство.

Беларусы ставіліся да немцаў досыць прыязна i з пэўным даверам. Напрыклад, аднойчы дывiзiя спынiлася ў адной з пустых вёсак i заняла ў яе ўсходняй частцы шэраг добрых драўляных хатаў з садамi i хлявамi (заходнюю частку казакi паспелi спалiць). Штаб уладкаваўся ў будынку мясцовай школы – будынку з прасторнымi класнымi пакоямi, партрэтамi расійскiх цароў на сценах i г. д. Неўзабаве ў вёску прыйшлi некалькiх тутэйшых жанчын i мужыкоў, каб высветлiць, цi можна вяртацца.

Убачанае задаволiла сялянаў, i тыя, хто хаваўся ў лесе, пачалi вяртацца. Канфлiкт узнiк, калi вяскоўцы пабачылi, што немцы занялi iхнiя хаты i не збiраюцца iх вызваляць. Яны паскардзiліся ў штаб. Сялянская прастадушнасць выклiкала ў Фельдмана iронiю. Ён занатаваў, што афiцэр-перакладчык (былы перакладчык нямецкай амбасады ў Санкт-Пецярбургу) цярплiва выслухаў «сялянскае глупства» i паспрабаваў супакоiць вяскоўцаў. У яго гэта, аднак, не выйшла: сяляне працягвалi настойваць на сваім, сцвярджаючы: «Мы цяпер вашыя. Вы павiнны дбаць пра нас». Фельдман асаблiва падкрэслiў, што гэтыя словы належалi праваслаўным беларусам.

КРАІНА, ДЗЕ НЕЛЬГА БЫЦЬ РАДАСНЫМ

Нарэшце дывiзiя пакiнула пушчу. Клiмат непрыемна змяніўся ад спякотнага да халоднага вiльготнага, што кепска адбiлася на вайскоўцах. Асаблiва непрыемным падаўся халодны вецер з балотаў.

На шляху дывiзii ляжалі пустыя палi i рэдкiя зараснiкi. Мясцовасць выклікала пачуццё смутку. Смутак ляжаў i на тварах мясцовых жыхароў, якiя так намучыліся ад хваробаў і іншых злыбедаў.

  (нар. у 1979 у Менску) – гісторык. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – агляд «Жыцьцё і сьмерць віленскага гета» (5/2003).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 3 (37) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/11/23