A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Быць жывым і бачыць сонца
Чэская літаратура, клясычная і сучасная, вызначаецца жыцьцёвасьцю, энэргіч- насьцю, вялікім інтэлектуальным досьведам. Іншыя літаратуры, у першую чаргу, славянскія, здавён пільна прыглядаліся да імпульсіўнага літаратурнага жыцьця Чэхіі, і пэўная доля зайздрасьці была ў тым позірку. Аналягічная сытуацыя захавалася і да сёньняшніх дзён, аб чым сьведчыць, напрыклад, спэцыяльны нумар расейскай «Иностранной литературы» (2005, № 3), прысьвечаны творчасьці Шкворацкага, Шабаха, Сайфэрта і іншых слынных чэскіх мастакоў слова. Патэнцыял мастацкай літаратуры Чэхіі невычарпальны, а новыя імёны зьяўляюцца ў ёй гэтак жа рэгулярна, як сонца на небе. Так, некалькі гадоў таму пабачыў сьвет дэбютны раман Ганы Андранікавай «Гук сонечнага гадзіньніка» (2001), за які тады 34-гадовая пісьменьніца атрымала прэстыжныя літаратурныя прэміі Кніжнага клюбу (найлепшая кніга году) і «Magnesia Litera» (адкрыцьцё году). Беларускі пераклад гэтай кнігі пабачыў сьвет сёлета – ім быў распачаты новы выдавецкі праект «Чэская калекцыя», творчы калектыў якога вырашыў ісьці ў авангардзе сучаснай перакладной прозы і, па словах куратара сэрыі, перакладчыка Сяргея Сматрычэнкі, «сэрвіраваць беларускаму чытачу самыя смачныя літаратурныя дэлікатэсы Чэхіі».
«Раман – гэта дзяржава, вялікая альбо маленькая. (…) У раману свае берагі, свае межы, свая вайна, свой мір і свой час…» – піша ў кнізе «Раман як дзяржава» сэрбскі пісьменьнік Міларад Павіч. Раман Андранікавай мае ўласныя берагі – гэта Канада, Чэхія, Індыя, краіны, у якіх разгортваюцца асноўныя падзеі кнігі (на геаграфічнай мапе раману пазначаныя гарады Дэнвэр, Прага, Зьлін, Бамбэй, Калькута і іншыя); мае сваю вайну – Другую сусьветную, якая адняла ў галоўных герояў найдаражэйшае – родных; свой час, дакладней, кропку адліку ў часе – Каляды 1989 г., калі ў Каларада Даніэль Кеплер выпадкова сустракаецца са сваёй зямлячкай Эн Ванье (у дзявоцтве – Анна Вайнштайн), што разам з Рахель, ягонай матуляю, трапіла ў канцлягер. Даніэль і Эн пачынаюць узводзіць масткі памяці, масткі, якія вядуць у мінулае, і што можа быць цяжэйшым за гэтую працу?.. «Мірная» тэрыторыя раману, на якой жонка, сыны і ўнук Даніэля весела бавяць час у пансіёне сярод засьнежаных горных вышыняў, мяжуе ў кнізе Андранікавай зь мёртвай прасторай, дзе зямля счарнела ад пажараў і людзкой нянавісьці, дзе блукаюць прывіды і ў неба над крэматорыямі падымаецца густы дым. Героям «Гуку сонечнага гадзіньніка» – сем’ям Кеплераў і Вайнштайн, у жылах якіх цячэ чэская, габрэйская і нямецкая кроў, – наканавана апынуцца ў пекле. Вайна ёсьць адной з галоўных нэрваў раману, і гэта дазваляе параўнаць яго зь іншымі раманамі-«дзяржавамі», у якіх ёсьць «свая вайна», напрыклад, з «Чытаньнем у цемры» ірляндца Шэймаса Дына ці «Алоўкам цесьляра» гішпанца Мануэля Рываса. Як здолела жанчына-прадпрымальніца, якая нарадзілася ў 1967 г., так праўдападобна, фактаграфічна і ў той жа час па-мастацку пераканаўча, са сваёй інтанацыяй увасобіць у літаратурных формах жахлівасьць вайны, пазьбегнуўшы штампаў, банальнасьцяў і мэлядраматызму? Чаму гэтую кнігу сапраўды цікава і неабходна чытаць у краіне, якая носіць у сабе вірус героя-пераможцы, захлынулася ў эўфарыі ад сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі? Чытаючы раман, кожны па-свойму будзе адказваць на гэтыя пытаньні, але відавочна адно: Гана Адранікава мае пісьменьніцкі талент і сваю цікавую гісторыю, якую чытач абавязкова даслухае да канца. (Да ліку найлепшых сцэнаў раману, у якой цалкам непрадказальна для чытача сыходзяцца дзьве трагічныя сюжэтныя лініі, можна аднесьці наступную: у нямецкай аўчарцы, якую трымае ля чорнага скуранога бота лягерны вартаўнік, Рахель пазнае Бэні – сабаку свайго сына. Даніэль гадаваў і трэніраваў яе, але потым мусіў аддаць на адмысловы, агульны для ўсіх загад немцаў – ужо пасьля таго, як тыя забралі ягоную маці. І вось – неспадзяваная сустрэча, якая назаўсёды засталася ў памяці Эн Ванье:
Яна шаптала, хвалі ціхага голасу прымусілі яго навастрыць вушы і вабілі яго бліжэй. (...) – Ты крышачку да некага падобны, ведаеш? Ты нагадваеш мне Бэні, – казала яна яму. Ён падпоўз яшчэ бліжэй. Дазволіў сябе пагладзіць. Уніформы з цыгарэтамі ў зубах нечакана павярнуліся.)
Выкарыстоўваючы тэрміналёгію такіх літаратурных крытыкаў, як Алесь Адамовіч, хочацца назваць гэты твор «шчырым дакумэнтам часу». Утрымаюся, памятаючы, што сама аўтарка папярэджвае: «гэты раман – фікцыя». Паспрабаваць у рэчышчы традыцыяў савецкай крытыкі адшукаць у «Гуку сонечнага гадзіньніка» ідэйнасьць і гераізм галоўных пэрсанажаў таксама не атрымліваецца.
Рахель спачатку спрабавала шукаць адказы. – Бо прасьцей стрэліць зь літасьці ў некага, хто ўжо не выглядае як чалавек, чым забіць самавітую чалавечую істоту, якая ведае сабе кошт. Яны [нацысты. – П. А.] ствараюць сабе алібі. Алібі свайму сумленьню. Зь цягам часу яна зразумела, што адказы нічога не вырашаюць. Быць інтэлігентам у Асьвенціме – забойчая камбінацыя. Яна шукала спосаб вызваліцца [вылучана мною. – П. А.].
|
крытык. Выкладае на журфаку БДУ. Яго апошняя публікацыя ў «ARCHE» называлася «Антычны дзёньнік» (3/2005). |
Эвалюцыя поглядаў Рахель на сваё знаходжаньне ў Асьвенціме – ад пасіўнага сузіраньня да дзеяньня дзеля самазахаваньня – адлюстроўвае эвалюцыю поглядаў на гераічнае, якая стала магчымай у літаратурах славянскага сьвету пасьля таго, як ператварыліся ў пыл Бэрлінскі мур, Варшаўскі пакт, іншыя камуністычныя артэфакты, пайшла з авансцэны старая намэнклятура, зьніклі тагачасныя палітычныя і сацыяльныя практыкі1. Бо ў полі зроку камуністычнага мастацтва быў не чалавек, але народ, а каштоўнасьць асобы актуалізоўвалася толькі тады, калі яна зьдзяйсьняла подзьвіг, ахвяравала сабою, сваім жыцьцём ізноў жа ў імя народу – ці то ў ваенны, ці то ў мірны час. І толькі вызваліўшыся з гэтага палону, чэская, польская, сэрбская і іншыя літаратуры пачынаюць глыбока пераасэнсоўваць прыроду гераічнага і адначасова – наноў вучыцца разумець і паважаць кожнае жыцьцё, індывідуальны досьвед асобы, больш ужо не патрабуючы ад яе пакут і ахвяраў2. Да гэтага заўсёды клікалі айчыннае пісьменства Кузьма Чорны і Васіль Быкаў3, але сэрвільная беларуская літаратура, якая выразна заявіла пра сябе пасьля стварэньня ў 2002 г. рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва», адчула смак самацэнзуры і творыць па старых шаблёнах, па-ранейшаму ідэалізуючы вобраз народу-пераможцы, заўсёды гатовага да (сама)забойства дзеля міру ўва ўсім сьвеце4. А ў гэты час, у іншым вымярэньні, на бясконцых перазовах у Асьвенціме, Рахель Кеплер, выкарыстоўваючы досьвед індыйскіх ёгаў, зь якімі яна пазнаёмілася ў час, калі яе муж будаваў у Індыі абутковыя фабрыкі, робіць дыхальную гімнастыку. «Пасьля гадзінаў стаяньня на марозе ў яе былі цёплыя рукі». Рахель хоча жыць. Яна жадае захаваць найвялікшы скарб, дараваны Ўсявышнім, – уласнае жыцьцё. І гэта тады, калі ўвесь сьвет абрынуўся ў бездань, калі поруч кожны дзень хтосьці канчае жыцьцё самагубствам, лёгка кранаючы пальцамі электрычны дрот, а агаломшаныя габрэйскія гандляры і краўцы, музыкі і літаратары пакорліва ўваходзяць у расчыненыя брамы крэматорыяў! Рахель – герой, які спрабуе ацалець. У гэтым заключаецца сутнасьць эўрапейскага погляду на гераічнае. Пройдуць гады, і Даніэль Кеплер, апавядаючы ўнуку міт-казку цэнтральнаамэрыканскіх індзейцаў пра кратка, які хоць і выратаваў сонца ад палону, але страціў зрок, адзначыць пра сябе:
Нік быў задаволены, краток нарэшце перамог. Ягоную дзіцячую душу не кранаў факт, што краток асьлеп. Захапляла яго краткова адвага і вытрымка, альтруістычны гераізм.
Беларуская «ваенная» літаратура адважна, гераічна, самазакахана бараніла сваю Перамогу і ўласныя эстэтычныя набыткі ад рэальных і ўяўных ворагаў і ў выніку страціла зрок. І ў гэтай цемры яна засталася на самоце – удалечыні ад свайго чытача і іншых літаратураў. Але самаізаляцыя і страта чытача, які ня можа больш мірыцца з глянцавасьцю вайны ў гэтых кнігах, зь іх няшчырасьцю, нецікавасьцю, мастацкай кволасьцю, – яшчэ палова бяды. Другая бачыцца ў тым, што ў многім дзякуючы высілкам ангажаванай «ваеннай» літаратуры, якая з 1950-х гг. і да сёньняшніх дзён застаецца ў Беларусі лякаматывам літаратурнага працэсу, мадэрнізаваць гераічнае ў нацыянальным мастацтве пачатку ХХІ ст. сталася немагчымым. І нават Быкаў пры канцы жыцьця не зьмяніў свайго стаўленьня да гераічнага: «аўганец» спачатку выказвае волю да подзьвігу і жаданьне ахвяраваць сабою дзеля сьвятой справы («Трэба яго стрэльнуць. А там будзь, што будзе»), але потым абірае жыцьцё, вырашае пачакаць з геройскім учынкам – і ўмомант робіцца здраднікам. Больш за тое, у аповесьці «Аўганец» Быкаў фактычна адмовіў беларусам у подзьвігу Нашы шляхі з эўрапейскім мастацтвам ізноў разышліся. І таму некаторыя сучасныя нацыянальныя літаратуразнаўцы дарэмна марнуюць сілы, калі ў прыхаванай палеміцы з прадстаўнікамі сэрвільнага мастацтва спрабуюць пераканаць апошніх у неабходнасьці гэтай мадэрнізацыі, якой ня здолелі ажыцьцявіць нават клясыкі5.
Успаміны, сны і міты, арганічна ўплеценыя Ганай Андранікавай у канву аповеду, дапамагаюць Кеплерам не губляць надзеі, жыць, набліжаючы доўгачаканую сустрэчу. Ці не найлепшыя старонкі раману, выпісаныя з псыхалягічнай дакладнасьцю і майстэрствам. Так, Даніэль быў апантаны салярнымі і люнарнымі мітамі, казкамі пра герояў і пераможцаў (частка вельмі складанай размовы пра гераічнае ў рамане), якія яму ў дзяцінстве расказвала маці. Ці ж мог Даніэль ведаць, што ў цяжкі час расстаньня гэтыя міты дапамогуць яму не захлынуцца ў роспачы, стануць найдаражэйшай згадкай пра матулю, а сама яна ў яго сьвядомасьці ператворыцца ў сонечную багіню? Міты ратуюць дзіцячую псыхіку:
Адыходзячы, яна сказала мне, што сонечныя промні – гэта вестуны сонечнага бога і што празь іх мы будзем пасылаць адно аднаму весткі. – Калі ты ўбачыш сонейка, адчуеш промні на твары, то будзеш ведаць, што гэта мае рукі, якія цябе гладзяць, што я побач. Месяц будзе расказваць табе перад сном казкі. (…) Памятай, што нікога з тых, каго сапраўды любіш, ты ніколі ня можаш страціць.
Стаўшы дарослым, Даніэль будзе апавядаць міты ўнуку, быццам перадаючы маленькаму Ніку найвялікшую каштоўнасьць сям’і Кеплераў, духоўны тастамэнт ягонай бабулі. Выратоўваюць міты і саму Рахель. Дачцэ габрэя, прафэсара гісторыі, у Асьвенціме давядзецца працаваць выхавацелькай у так званых дзявочых дамох. У часе працы і адпачынку яна апавядае сяброўкам міты (кожны дзень новыя, створаныя рознымі народамі), чытае сапраўдныя лекцыі, і міты, разам з асабістымі ўспамінамі і музыкай, не дапамагаюць забыцца, а саграваюць іхныя сэрцы і душы як цяпло вогнішча, вакол якога згушчаецца беспрасьветная цемра, пераконваюць у магчымасьці перамогі, неабходнасьці заставацца чалавекам, памятаць, верыць, кахаць, жыць. Жыць – гэта і значыць быць героем у Асьвенціме, недарма Рахель кажа Аньне Вайнштайн, што, паводле перакананьня індуістаў, скончыўшы жыцьцё самагубствам, чалавек не «аплачвае» кармічны рахунак. Прастора сноў «Гуку сонечнага гадзіньніка» – паэтычна-прароцкая, насычаная падзеямі, як у Міларада Павіча, а тэрыторыя ўспамінаў гэтага раману багатая гукамі, пахамі, фарбамі, галасамі, супастаўляльная зь «Іншымі берагамі» Ўладзімера Набокава. (Рэканструкцыя дзяцінства і юнацтва кожнага зь сям’і Кеплераў і Вайнштайнаў уражвае сваёй дэталёвай прапрацоўкай і мастацкай дасканаласьцю.) Дэталь – гэта бог, сказаў Вальтэр. Калі гэта так, то ў кнізе Ганы Андранікавай бог жыве на кожнай старонцы:
Заам Сінгх прынёс у наш дом яшчэ часьціну індыйскага духу і мноства п’янлівых пахаў. Каляндра, імберац, кардамон, куркума і чылі. Ён увесь час усьміхаўся і ўвадначас напяваў. Гэта гучала, як кантрабас. Турбан на галаве і вусы, дагледжаная барада, заплеценая ў коскі, якія на скронях зьнікалі ў валасах, як дзьве зьмейкі. (…) Заам лётаў па кухні, як белы кажан. Ягонае каралеўства было абсталяванае неабходным інструмэнтам, уключна з жорнамі, якія пераходзяць з пакаленьня ў пакаленьне. Sil nora. Я з маленства захапляўся гэтай штукай. Заамава рука сьціскае гладкі авальны камень і езьдзіць зь ім сюды-туды па пляскатым камені пяцікутнай формы, на якім ляжыць сачыўка ці што іншае.
Дарэчы, Індыя, у якой Кеплеры пражылі свае найлепшыя гады, намалявана ў рамане «Гук сонечнага гадзіньніка» зь вялікай ласкаю, і частка трапяткога пачуцьця Андранікавай да гэтай краіны, культуры, цывілізацыі міжвольна перадасца чытачам. Канечне, першапачаткова камусьці можа не спадабацца як быццам бы празьмерная ўвага аўтаркі ў пачатку раману да пахавальных рытуалаў індусаў (у прыватнасьці, спаленьне нябожчыкаў на берагох Гангу, якога ня могуць ня бачыць Кеплеры), аднак пазьней, калі паміж усходнім абрадам і спальваньнем габрэяў нацыстамі працягнуцца сотні нябачных нітак, да нас прыйдзе ўсьведамленьне таго, што ў сапраўдным мастацкім творы няма нічога лішняга. Але я б не хацеў, каб склалася ўражаньне, што раман Андранікавай – празьмерна сур’ёзная, суворая кніга, поўная антываеннага патасу. «Гук сонечнага гадзіньніка» – гэта найперш шчырае прызнаньне ў любові да радзімы, Прагі і Зьліну, гэта пяшчотная кніга пра радасьць дзяцінства і веліч каханьня. Калісьці такі раман зьявіцца і ў нас.
Я знайду цябе. У махагонавым змроку ў глыбінях скальных храмаў, на фрэсках, калісьці гарачых ад дотыкаў чалавечых целаў. Нас аддзяляюць тысячы гадоў. Мы ўвойдзем у іх з багацьцем уражаньняў і згадак пра людзей, якія паглынулі нас, як вада ў моры, пра месцы, якія адкрылі нам таямніцы далёкіх часоў, пра кароткія імгненьні, калі мы набліжаліся да багоў. Наша адзіная маёмасьць – гэта вера ў людзей, якіх мы любілі. Сьвятло тваіх вачэй праходзіць скрозь цемру і прыносіць сьвітаньне. Нарэшце днее. Я знайду цябе ў сонцы зьніклага сьвету, каб ты голымі рукамі аднёс мой попел рацэ. |
1 Што тычыцца чэскай літаратуры, то тут трэба зрабіць удакладненьне. Пасьпяховую спробу мадэрнізаваць гераічнае ўчыніў яшчэ Яраслаў Гашак: у ідыёту Швэйку камуністычныя крытыкі не разгледзелі вельмі небясьпечнага для таталітарнай і/альбо мілітарысцкай сыстэмы правакатара, які, па-першае, займаецца дэканструкцыяй традыцыйнага паняцьця «подзьвіг», а па-другое, насамрэч зусім не зьбіраецца ахвяраваць уласным жыцьцём дзеля абароны краіны і высокіх ідэалаў, быць паслухмянай марыянэткай у руках палітыкаў і генэралаў, хоць вонкава дэманструе ляяльнасьць і гатоўнасьць да гераічнага самаахвяраваньня. 2 «Новая культура, адмовіўшыся ад Адзінай Ісьціны, калі хочаце – страціўшы волю да яе пошукаў, стварыла тым самым заруку выжываньня. Чаму, напрыклад, не бывае войнаў паміж дэмакратычнымі краінамі?» – пытаецца Барыс Парамонаў, амэрыканскі літаратуразнаўца, публіцыст і журналіст. І сам адказвае: «Не таму, што ў іх не бывае канфліктаў, а проста таму, што ў сьветапоглядзе дэмакратычнага чалавека адсутны фанатызм: вера ўва ўласную праўду, рэпрэзэнтаваную Адзінай Ісьцінай. Дэмакратычны чалавек ведае, што няма такіх ісьцінаў, за якія варта паміраць, – бо сёньняшняя «вечная» ісьціна заўтра акажацца забабонам. Ён зьняверыўся ў словах, і гэта зробіла яго вольным. (…) Галоўнае ж – чалавек застаецца жывым (…)». 3 Але працаваць па-за межамі «эстэтычнага гета» не атрымлівалася нават у іх. І таму, напрыклад, у адной з найлепшых аповесьцяў В. Быкава, «Альпійскай балядзе», галоўны герой прыносіць сваё жыцьцё ў ахвяру, ратуючы жанчыну. 4 «Война Отечественная была Великая, потому что она была народная. Победа в сорок пятом тоже была Великая, потому что она была оплачена великой кровью народа. Великой она останется навсегда, потому что новые поколения живущих памяти погибших героев верны»: Савицкий А. Памяти павших верны // Нёман. 2005. № 5. с. 10; «Солдат козырнул на прощанье, // Пилотку поправил свою… // В сражениях трижды был ранен – // И все же остался в строю, // Шагая сквозь огненный ветер // Всю долгую эту войну – // И с этой дороги до смерти // Немыслимо было свернуть»: Приходько П. Дорога с войны домой // Там жа. с. 15. 5 «Зьберагчы сваіх блізкіх, суайчыньнікаў, зьберагчы самога сябе, чыё жыцьцё такое каштоўнае для Бацькаўшчыны, – ці ж гэта ня звышзадача, вартая ўхвалы і паэтызацыі?»: Васючэнка П. Пайсці і вярнуцца // Мастацтва. 2005. № 5. с. 9. |
|