A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ТЫМАЦІ ГАРТАН ЭШ | ||||
Памаранчавая рэвалюцыя
Леташняй восенню Украіна ўпершыню за сваю гісторыю зрабіла глыбокае ўражанне на палітычную свядомасць людзей усяго свету. Падчас таго, што ахрысцілі «памаранчавай рэвалюцыяй», велізарныя натоўпы людзей з аранжавымі шалікамі збіраліся на кіеўскай Плошчы Незалежнасці і патрабавалі сумленных прэзідэнцкіх выбараў, не сыходзячы нават пры мінусавой тэмпературы. Яны перамаглі. З новым прэзідэнтам, Віктарам Юшчанкам, як спадзяецца ён сам і яго паплечнікі, Украіна зможа прыйсці да эфектыўнай дэмакратыі, рынкавай эканомікі, вяршэнства права, а таксама дабіцца членства ў Еўрапейскім Саюзе.
Назіральнікі паставілі памаранчавую рэвалюцыю ў адзін шэраг з мірнымі дэмакратычнымі рэвалюцыямі – ад «аксамітных рэвалюцый» 1989 г. у Цэнтральнай Еўропе і да грузінскай «рэвалюцыі ружаў» 2003 г. і ліванскай, якую ўжо празвалі «кедравай». Многія ўкраінцы, зразумела, цешацца з гэтага прывабнага іміджу, гэтак адрознага ад таго негатыўнага ці «ніякага», які іх краіна мела раней. Трэба зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю, каб убачыць, як і чаму адбыліся змены і якімі могуць быць іхнія наступствы.
Украіне не ўдалося набыць незалежнасці ў 1918 г. Спробы ўкраінцаў заснаваць дзяржаву былі спынены бальшавіцкімі і польскімі сіламі. Вудра Уілсан не лічыў Украіну нацыяй, а заходнія дзяржавы ўступілі ўкраінскія землі расійскай Белай арміі, спадзеючыся, што тая пераможа бальшавізм. У 1941 г. сталінскі рэжым змяніўся нацысцкім. Сотні тысяч жаўнераў-украінцаў памерлі з голаду ў нямецкіх лагерах. Бацька Віктара Юшчанкі, які перажыў Асвенцім, быў адным з рэдкіх шчасліўцаў. Савецкая ўлада аслабіла або знішчыла ўва Украіне тыя элементы грамадзянскай супольнасці – прыватныя гаспадаркі, цэрквы, інтэлігенцыю – якія дапамаглі падрыхтоўцы аксамітных рэвалюцый у вальнейшых суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Чэхаславакіі. І ўсё ж, калі ў 1991 г. знік СССР, ува Украіны было імя, сталіца, месца на карце. Аднак дзяржаўная незалежнасць прыйшла без выразнага народнага руху ў яе падтрымку («Рух», які прэтэндаваў на гэтую ролю ў 1991 г., не здолеў выйграць выбараў). Падмурак незалежнасці быў хісткі. Многія ў Расіі адмаўляліся прызнаць яе рэальнасць.
Цягам 1990-х гг. Украіна была электаральнай дэмакратыяй, якая паволі пераходзіла да постсавецкай версіі капіталізму. Паміж 1994 і 2004 гг. рэжым Леаніда Кучмы, пры якім прэзідэнт сам прызначаў усіх больш-менш значных функцыянераў, станавіўся ўсё больш карумпаваным, а яго метады кіравання – усё больш грубымі і недэмакратычнымі. Кучму належыць аўтарства таго, што паслей празвалі «шантажысцкай дзяржавай». Дарма што адміністрацыя Кучмы сама насаджала карупцыю, яна шантажавала чыноўнікаў і прыватных асоб, пагражаючы абнародаваць сабраныя спецслужбамі звесткі аб іхніх праступках – так званы «кампрамат». Кучма таксама падтрымліваў блізкія адносіны з шэрагам новых прамысловых баронаў Украіны, дазваляючы ім прыбіраць да сваіх рук дзяржаўныя актывы (вугаль, сталь, прыродны газ) ды даючы ім іншыя прэферэнцыі ў абмен на палітычную падтрымку. Здавалася, сістэма працуе. Пасля Першай сусветнай вайны ўкраінскі кансерватар Вячаслаў Ліпінскі выказаў аптымістычную думку: нават карумпаваная ўкраінская дзяржава, калі толькі яна будзе існаваць, здолее стварыць украінскую нацыю. Багатыры прыстасуюцца да законаў і будуць шукаць сувязяў з дзяржаўным апаратам. Тыя, хто не меў культурнай лучнасці з Украінай, стануць грамадзянамі ўкраінскай дзяржавы, калі зробяць стаўку на яе інстытуты. 1990-я сталіся часам выпрабавання гэтых ідэй. Спрытныя бізнесоўцы прысабечылі былыя дзяржаўныя актывы, стварылі і пачалі нажывацца на манаполіях, зрабілі высокадаходныя інвестыцыі. На крайнім усходзе Украіны сын шахцёра Рынат Ахметаў з’яўляецца ўладальнікам капіталу, які ацэньваецца больш як на 3 мільярды долараў. Ён пачынаў якраз з вугалю і сталі. Гэтыя пераважна расійскамоўныя алігархі з усходу дзякуючы фінансаванню палітычных партый увайшлі ў парламент. Многія з іх пераехалі ў Кіеў і зблізіліся з прэзідэнтам Кучмам. Адзін з іх, Віктар Пінчук, ажаніўся з яго дачкой. Гэтыя алігархі былі, зразумела, па-шкурніцку зацікаўлены ў выжыванні самастойнай Украіны. У расшыранай Расіі або адноўленым Савецкім Саюзе яны ператварыліся б у пешкі на вялікай дошцы, а іх сувязі адразу страцілі б каштоўнасць. Украіна за Кучмам развівала інстытуты і сімвалы незалежнай дзяржаўнасці, мела пасольствы, армію, міліцыю. Нацыянальны гімн часоў Украінскай народнай рэспублікі быў адноўлены ў 1992 г. і дапоўнены ў 2003 г. Штовечар па тэлебачанні народ бачыў геаграфічныя абрысы сваёй краіны на мапе надвор’я. Украінская мова захавала статус дзяржаўнай. Замежных журналістаў прасілі карыстацца словам «Kyiv», а не «Kiev». Настаўнікі ў элітных школах выкладалі па-ўкраінску, на ўкраінскай вялося справаводства, прымаліся экзамены ва ўніверсітэтах. Хаця многія з палітыкаў працягвалі ў прыватных размовах ужываць расійскую мову, публічнае ўжыванне імі ўкраінскай стала знакам таго, што дзяржава адбылася. Сам Кучма выпусціў кнігу пад назвай «Украіна – не Расія». У 2004 г. сістэма Кучмы пераўзышла сябе. Віктар Пінчук і Рынат Ахметаў набылі Крыварожскі металургічны камбінат за цану, якая была на 800 мільёнаў долараў ніжэйшай, чым прапанаваная кансорцыюмам пад кіраўніцтвам «US Steel». Як кажуць, паслуга – за паслугу: Ахметаў фінансаваў прэзідэнцкую кампанію прэм’ер-міністра Віктара Януковіча, выбранага Кучмам пераемнікам. Калі б Януковіч стаў прэзідэнтам, Украіна засталася б незалежнай, але яе рэсурсы перайшлі б пад яшчэ больш цесны кантроль купкі алігархаў. Аднак Кучмава сістэма мела два істотныя недахопы. Па-першае, украінцы мелі права галасаваць на выбарах. І рэжым Кучмы, і яго кандыдат, у найвышэйшай ступені нехарызматычная асоба з дзвюма судзімасцямі, не карысталіся папулярнасцю. Па-другое, не ўсе людзі, якія валодалі грашыма і палітычнымі рэсурсамі, былі ім задаволеныя. Напрыклад, пакрыўджанай алігархесай была Юлія Цімашэнка. Эканамістка з Днепрапятроўску, яна зарабіла грошы на спекуляцыях прыродным газам, карыстаючыся пралазамі, што дазвалялі дзяржаўным прадпрыемствам расплачвацца за энергію не грашыма, а таварамі, якія можна было перапрадаць. Гэткім шляхам пасярэднікі (і пасярэдніцы) зараблялі ўласныя капіталы. Цімашэнку празвалі «газавай прынцэсай». Пазней, быўшы ў 1999–2001 гг. міністаркай, яна закрыла гэныя пралазы, прымусіўшы энергетычны сектар адмовіцца ад бартэру. Разам з былым кіраўніком Цэнтрабанка Віктарам Юшчанкам, які потым стаў прэм’ер-міністрам, яна працавала ў імя рэфармавання ўкраінскай эканомікі. Кучма абаіх адправіў у адстаўку, а Цімашэнку пасадзіў у турму. Яе смеласць і няўрымслівасць ператварылі яе ледзь не ў народную гераіню. Неўзабаве яе вызвалілі. Аднак найбольш папулярным палітыкам ва Украіне стаў усё-такі Юшчанка. Ён здолеў прывабіць тых прадпрымальнікаў, якія хацелі зарабляць грошы ў такой эканоміцы, дзе вяршэнства права важыць больш, чым сувязі з рэжымам.
У лістападзе 2000 г. у лесе пад Кіевам быў знойдзены абезгалоўлены труп Георгія Гангадзэ, журналіста, вядомага ягонай крытыкай Кучмы. На аўдыёстужках, запісаных адным з ахоўнікаў Кучмы, голасам, падобным да голасу прэзідэнта, было загадана пакончыць з Гангадзэ. Некалькі месяцаў украінцы выходзілі на вуліцы, патрабуючы «Украіны без Кучмы». Студэнты-пратэстоўцы пабудавалі тады ў Кіеве палатачны гарадок і, хаця іх ініцыятывы не далі вынікаў, народная мабілізацыя сталася новым досведам для тысяч украінцаў. Праз тры гады Віктар Юшчанка ўзначаліў працэсію з запаленымі свечкамі ў памяць аб мільёнах ахвяр галадамору 1932–1933 гг. Прэзідэнцкая кампанія была ўжо ў разгары, і многім украінцам спадабалася, як Юшчанка спакойна папрасіў людзей помніць пра нацыянальную мінуўшчыну. Яго асноўны супернік, прэм’ер-міністр Віктар Януковіч, забяспечыў сабе падтрымку Кучмы, фінансавыя рэсурсы алігархаў, неабмежаваны час на тэлебачанні. Маючы мала магчымасцяў выступаць па тэлебачанні, падчас кампаніі Юшчанка мусіў паўсюль выступаць асабіста. Тэлевізійным атакам ён проціставіў асабістыя наведванні вёсак, пацісканні рук, дэманстрацыю свайго твару. У верасні 2004 г., за некалькі тыдняў да выбараў, ён быў атручаны дыяксінам. Першыя сімптомы з’явіліся пасля таго, як ён паабедаў з кіраўнікамі спецслужбаў, хаця сувязь паміж абедам і атручваннем дагэтуль канчаткова не ўстаноўлена. Ён вярнуўся ў перадвыбарную кампанію з тварам, усыпаным жахлівымі пухірамі і шнарамі. Пра свой выгляд Юшчанка казаў так: «Гэта твар сённяшняй Украіны». Адміністрацыя Кучмы таемна намаўляла тэлевізійныя каналы называць сцвярджэнні аб наўмысным атручванні «бессаромнай хлуснёй» і перадвыбарным трукам. Тэлеканал, які належаў Віктару Медзведчуку, алігарху, блізкаму да Кучмы, намякаў, што хвароба Юшчанкі была выклікана яго сумнеўнымі асабістымі сувязямі. Нягледзячы на ўсе перашкоды, у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 31 кастрычніка сярод мноства кандыдатаў Юшчанка заняў першае месца. У нядзелю 21 лістапада, калі праходзіў другі тур, рэжым Кучмы наладзіў кампанію фальсіфікацыі вынікаў выбараў. У той вечар была абвешчана перамога Януковіча з адрывам 3 працэнты галасоў. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін паспяшаўся павіншаваць Януковіча. Тым не менш, незалежныя, а таксама прафінансаваныя Захадам экзіт-полы засведчылі, што Юшчанка атрымаў пераканаўчую перамогу.
|
буйны брытанскі інтэлектуал, вялікі знаўца Ўсходняй Эўропы. Апошняя кніга – «Free World: America, Europe, and the Surprising Future of the West» разгледжаная ў мінулым нумары «ARCHE».
ТЫМАЦІ СНАЙДЭР
Гэтае эсэ ўпершыню пабачыла сьвет сёлета 28 красавіка ў «New York Review of Books». Друкуецца ў скарачэньні. |
Памаранчавая рэвалюцыя паўстала з пратэстаў супраць скрадзеных выбараў. Паколькі рэжым Кучмы жорстка кантраляваў тэлебачанне, студэнцкі рух «Пора»1 скарыстоўваў Інтэрнет, шырока распаўсюджваючы інфармацыю аб тым, як былі арганізаваны іншыя пратэстныя рухі – ад Славакіі да Грузіі. Выкарыстанне сеціва стала новай старонкай у гісторыі ўсходнееўрапейскіх аксамітных рэвалюцый. «Я не дзіця Інтэрнету, – гаварыў адзін са студэнтаў-дэманстрантаў у Бялградзе 1997 г., – але я хацеў бы ім быць». Калі ўкраінскія студэнты ў першыя гадзіны панядзелка пачалі ставіць палаткі на галоўнай вуліцы сталіцы, іх вебсайт адразу ж паведаміў пра гэты факт свету на англійскай мове – у 2 гадзіны 33 хвіліны 11 секундаў. Пазней яны патлумачылі, што чакалі ад рэжыму фальсіфікацый вынікаў другога тура і таму падрыхтавалі свае крокі ў адказ задоўга да падзей. У той жа панядзелак многія ўкраінскія дыпламаты, як у Кіеве, так і за мяжой, абвясцілі аб сваёй «поўнай і безагаворачнай падтрымцы» Юшчанкі. Іх заява была разаслана электроннай поштай па ўсім свеце.
Аднак сітуацыю цалкам пераламіла рэакцыя звычайных людзей. Спачатку ў Кіеве дэманстравалі тысячы грамадзянаў, потым сотні тысяч: неўзабаве людзі з іншых частак Украіны адгукнуліся на заклік прыехаць у Кіеў. Грэючыся ля вогнішча ў адну з маразяных зімовых начэй, Станіслаў Смолін, дзябёлы мужчына з блядым тварам, патлумачыў аднаму з аўтараў гэтага артыкула, як ён дайшоў да жыцця ў імправізаваным «палатачным горадзе», пакінуўшы сваю звычайную працу (вымярэнне ўзроўню радыяцыі ў чарнобыльскай зоне). У той панядзелак, увечары, з перадачы адзінага апазіцыйнага тэлеканала ён даведаўся, што тысячы людзей збіраюцца ў сталіцы, каб апратэставаць «скрадзеныя» вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў. Ён сказаў жонцы: «Мне таксама трэба туды». Васіль Кархуда з прыкарпацкай вёскі (там ён кіруе невялікім турагенцтвам) прыняў гэткае самае спантаннае рашэнне. Падобным чынам дзейнічала і Алена Маярчук, прывабная маладая жанчына ў футры і абавязковым на той момант аранжавым шаліку, уласніца салона прыгажосці ў заходнеўкраінскім мястэчку. Звычайныя людзі рабілі незвычайныя рэчы. Назіральнікам не маглі не прыйсці да галавы аналогіі з Прагай 1989 г. ці Польшчай 1980–1981 гг., часоў узнікнення «Салідарнасці». Але ў Польшчы чвэрць стагоддзя таму ў авангардзе руху ішлі рабочыя ды сяляне, а ўва Украіне на пярэдні план выступіў кагадзе народжаны сярэдні клас: студэнты, турагенты, уладальніца салону прыгажосці. Цягам рэвалюцыйных дзён позняй восенню 2004 г., Юшчанка і Цімашэнка звычайна разам з’яўляліся на сцэне Майдану Незалежнасці: высокая, салідная, унушальная постаць палітыка з усыпаным воспінамі тварам, што сталі стыгматамі нацыянальнага героя, і маленькая, эмацыйная жанчына, часта апранутая ў нацыянальную сукенку, з афарбаванымі ў радыкальны белы колер валасамі, заплеценымі ў псеўдасялянскім стылі. «Газавая прынцэса» стала «багіняй рэвалюцыі», хаця ўвесь час выглядала, бадай, як Марыя-Антуанета. Першым запаветам «памаранчавых рэвалюцыянераў» было «ніколі не ўжываць гвалту». Гэта як нішто іншае адрознівае аксамітныя рэвалюцыі ад якабінскай і бальшавіцкай 1789 і 1917 гг. Як і ў некаторых іншых выпадках, пачынаючы з 1989 г. (і ў пазнейшы перыяд), супрацоўнікі сілаў бяспекі спыніліся за крок ад ужывання сілы супраць пратэстоўцаў. Юшчанка, Цімашэнка і іх паплечнікі трымалі поўны Майдан Незалежнасці людзей, праводзілі мірную блакаду ўрадавых будынкаў і чакалі магчымасцяў для перамоў. Вярхоўны суд забараніў цэнтральнай выбарчай камісіі абвяшчаць аб чыёй-небудзь перамозе да разгляду справы аб выбарчых фальсіфікацыях. 3 снежня Вярхоўны суд выявіў, што фальсіфікацыі сапраўды мелі месца, і пастанавіў, што другі тур выбараў будзе паўторна праведзены 26 снежня. Пакуль справа разглядалася, Юшчанка, якому дапамагалі міжнародныя пасярэднікі, у выніку шэрагу круглых сталоў дабіўся здзелкі з сыходзячым у адстаўку прэзідэнтам Леанідам Кучмам. Апошні пагадзіўся адысці ўбок і перастаць падтрымліваць Януковіча. У сваю чаргу, Юшчанка пагадзіўся на абмежаванне прэзідэнцкай улады. Парламент прыняў адпаведныя папраўкі да Канстытуцыі 8 снежня. Такім чынам, нават калі ўжо ішла рэвалюцыя, намеціліся абрысы здаровага падзелу ўладаў: судовая ўлада выканала кантрольную функцыю, выканаўчая была абмежавана, а заканадаўчая павялічыла вагу. Юшчанка выйграў паўторнае галасаванне 26 снежня і ў студзені заступіў на пасаду прэзідэнта. 4 лютага Цімашэнка была зацверджана прэм’ер-міністрам. Іх новы ўрад спрабуе наблізіць Украіну да заходнееўрапейскіх эканамічных і палітычных стандартаў. Вярнуўшы некаторыя незаконна прыватызаваныя кампаніі пад дзяржаўны кантроль і наноў выставіўшы іх на продаж, новы ўрад стараецца лепш забяспечыць права на ўласнасць. Юшчанка прапанаваў амністыю людзям, якія набылі капіталы сумнеўным чынам, спадзеючыся, што пасля яе яны будуць лепш плаціць падаткі. У еўрапейскай эканоміцы з найбольшымі тэмпамі росту (прырост ВУП на 9,6 % у 2003 г. і, мяркуецца, на 12 % у 2004 г.) дабра хопіць усім. Алігархі, якія спярша процістаялі новаабраным лідэрам, здаецца, пачынаюць, хай сабе і неахвотна, прымаць новы парадак. Размаўляючы з адным з аўтараў на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ў студзені 2005 г., Пінчук сказаў, што падтрымае новае кіраўніцтва, калі яно не будзе парушаць права. Ён меркаваў, што Рынат Ахметаў, найбагацейшы алігарх усходняй Украіны, зробіць тое самае. Усё, чаго яны просяць, паўтарыў Пінчук, гэта павагі да закона. Для тых, хто ведае іх працоўную біяграфію, такая заява можа падацца прытворствам, але гэта карыснае прытворства.
Многа словаў было сказана пра нібыта рэзкі рэлігійны, гістарычны і моўны падзел паміж «украінскай», заходняй часткай краіны, і «расійскай», усходняй. Рэальнасць значна больш складаная. Украіна – краіна некалькіх рэлігій, улучна са значнай колькасцю грэка-католікаў. Аднак праваслаўныя складаюць пераважную большасць, і іх галасы размеркаваліся паміж абодвума кандыдатамі. Культура і гісторыя ўплываюць на сучасныя палітычныя працэсы, аднак не абумоўліваюць іх зусім – насуперак довадам Сэмюэля Гантынгтана, прыведзеным у «Сутыкненні цывілізацый». Адзін украінскі гісторык заўважыў, што пасля распаду Савецкага Саюза назіралася такая тэндэнцыя: чым даўжэй частка Украіны калісьці належала Польшчы, тым больш выбарцаў з гэтага рэгіёну галасавала за кандыдата, які ішоў пад лозунгамі ўкраінскага патрыятызму. На першых прэзідэнцкіх выбарах у 1991 г. кандыдат ад «Руху» выйграў у рэгіёнах, што ўваходзілі ў Польшчу на працягу пяці соцень гадоў. У 2004 г. Юшчанка «далучыў» да іх тыя вобласці, што былі пад Польшчай усяго сотню гадоў2. Межы заходняй Украіны адсоўваюцца ўсё далей на ўсход.
|
1 «Пора» – алюзія на шырока вядомы радок паэта Івана Франка «Пара пажыць для Ўкраіны!». Аднак вокліч «пора!» ужываўся таксама ў Бялградзе ў 2000 г. і ў Празе ў 1989 г. |
«Уся краіна гаворыць па-расійску!» – выгукнуў раздражнёны прэзідэнт Пуцін у часе памаранчавай рэвалюцыі. Насамрэч, краіна гаворыць на дзвюх мовах. Савецкая палітыка насаджала сярод адукаваных украінцаў расійскую мову. Сёння ў заходняй Украіне ёсць моладзь, якая не ўмее гаварыць па-расійску, і ёсць жыхары поўдня і ўсходу краіны, якія ніколі не гавораць па-ўкраінску. Але большасць украінцаў гавораць на абедзвюх мовах, прычым многія з іх пераходзяць з адной мовы на другую ў залежнасці ад настрою ці абставінаў – часта нават спыняючыся на паўслове. Вынік украінскіх выбараў абумовілі палітычныя погляды, а не моўны фактар. Юшчанка здабыў пераканаўчую перавагу ў рэгіёнах, дзе расійская з’яўляецца галоўным сродкам камунікацыі: у Чарнігаве ён заваяваў 71 % галасоў, у Палтаве – 66 %, у Сумах – 79 %, у Кіеве – 78 %.
Кіеў – расійскамоўны горад, дзе людзі ўмеюць, калі трэба, гаварыць па-ўкраінску. Кіяўляне заўсёды называюць галоўную плошчу «Майданам Незалежнасці», нават калі гутарка ідзе на расійскай мове. У часе кампаніі Юшчанка і Цімашэнка на публіцы карысталіся ўкраінскай мовай. Абвяшчаючы перамогу рэвалюцыі 8 снежня, Юшчанка вёў рэй, спяваючы нацыянальны гімн з рукой, пакладзенай на сэрца – нядаўна засвоены жэст, верагодна, падгледжаны ў амерыканскіх прэзідэнтаў. На ўсёй плошчы расійскамоўныя кіяўляне паклалі рукі на сэрца і таксама спявалі па-ўкраінску – ці, прынамсі, спрабавалі спяваць: «Ще не вмерла України і слава, і воля, / Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля. / Згинуть наші воріженьки, як роса на сонці. / Запануєм і ми, браття, у своїй сторонці…» Юшчанка і Цімашэнка лепш валодаюць украінскай мовай, чым Кучма і Януковіч. Да таго ж, яны лепш валодаюць і расійскай. Абое яны родам з усходу Украіны, што даказвае: украінская ідэнтычнасць не абмяжоўваецца «захадам». Новыя лідэры ведаюць, што павінны патлумачыць свае мэты і задачы шахцёрам і металургам з усходніх абласцёў. Адразу пасля рэвалюцыі і Юшчанка, і Цімашэнка наведалі Данецк, усходні бастыён Ахметава, каб сустрэцца з прыхільнікамі Януковіча. «Багіня рэвалюцыі» выступіла на тэлеканале, што належыць Ахметаву. Яна годна адказала на каверзныя пытанні на расійскай мове. «Уся краіна гаворыць па-расійску!» – гэтыя словы могуць быць зусім не такімі зручнымі для прэзідэнта Пуціна, як яму здавалася.
Урад Пуціна выступіў з рэзкімі абвінавачваннямі на адрас Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Саюза ў навязванні «памаранчавай рэвалюцыі» з-за мяжы. Амаль штодня нідэрландскі міністр замежных справаў – Нідэрланды ў той перыяд згодна з прынцыпам ратацыі старшынявалі ў Еўрапейскім Саюзе – атрымліваў сярдзітыя тэлефонныя званкі ад свайго расійскага калегі. Няма ніякіх сумневаў, што Юшчанка хоча, каб яго краіна была часткай Еўропы. На Майдане Незалежнасці ён сказаў: «Свет убачыў, што Украіну ўжо можна назваць еўрапейскай дзяржавай». А ў Давосе патлумачыў: «Мы мяркуем падаць заяўку на членства ў ЕС у бліжэйшай будучыні». ЕС спрыяў рэвалюцыі проста сваёй прывабнасцю, будучы клубам, у які многія хацелі б уступіць. Для пасляваеннай еўрапейскай сітуацыі гэта характэрная рыса: яшчэ ў 1950-я гг. Конрад Адэнаўэр, айцец-заснавальнік Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, разважаў аб «магнетычным прыцягненні Еўропы». Украінскія актывісты адзначылі некаторых членаў ЕС – Вялікабрытанію і Нідэрланды – за значную і простую падтрымку назіранню за выбарамі, а таксама ўкраінскім студэнтам, навукоўцам і іншым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці. У маі 2004 г. у ЕС увайшлі восем цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краін, уключна з Польшчай і краінамі Балтыі, якія разам з Украінай да 1991 г. былі савецкімі рэспублікамі. Такім чынам, магніт наблізіўся да ўкраінскай мяжы. У часе старшынства Нідэрландаў ЕС з беспрэцэдэнтнай жорсткасцю асудзіў лістападаўскія выбарчыя махінацыі. Хаўер Салана, Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы (пасада, ад якой застаўся толькі крок да еўрапейскага міністра замежных справаў) адыграў тады вядучую ролю ў перамовах з украінскімі лідэрамі за круглым сталом у Кіеве. За тым сталом сядзеў і літоўскі прэзідэнт. І ўсё ж нефармальным кіраўніком перамоўнага працэсу быў Аляксандр Квасьнеўскі, прэзідэнт Польшчы, краіны, у якой у 1989 г. перамовы за круглым сталом былі апрабаваныя ў якасці метаду змены рэжыму. Палякі рана далучыліся да рэвалюцыі. Вялікая польская дэлегацыя прыбыла на Майдан Незалежнасці ў першы тыдзень падзей і гучна вітала ўдзельнікаў, разгарнуўшы як чырвона-белы польскі сцяг, так і – што важна – сцяг Еўрапейскага Саюза з жоўтымі зоркамі на сінім фоне. Польская прысутнасць у Кіеве засведчыла, між іншага, што ў гэтай краіны была паслядоўная стратэгія ўзаемаадносін з суседзямі. У 1970-я гг., калі Польшча яшчэ была савецкім сатэлітам, уплывовы эмігранцкі месячнік «Kultura» (Парыж) прапанаваў новую палітыку для Польшчы пасля заканчэння эры камунізму. Палякі мусілі пагадзіцца на пасляваенныя ўсходнія межы, нават не зважаючы на тое, што Сталін захапіў палову іх краіны. Калі б палякі прынялілі гэтыя межы загадзя, не патрабуючы вяртання сваіх былых земляў, ім удалося б, паводле «Kultury», наладзіць паспяховае супрацоўніцтва з дэмакратычнымі апазіцыйнымі рухамі ў Літоўскай, Беларускай і Украінскай ССР і ўстанавіць з суседнімі краінамі прыязныя адносіны пасля распаду Савецкага Саюза. У 1980-я гг. гэтыя падыходы прыняла антыкамуністычная польская апазіцыя, а пасля 1989 г. яны сталі падставай замежнай палітыкі ўрадаў «Салідарнасці». Варшава трактавала Украіну як незалежную дзяржаву нават да распаду Савецкага Саюза ў 1991 г. Пасля Польшча хуценька падпісала з незалежнай Украінай дагавор аб прызнанні сучасных межаў і абароне нацыянальных меншасцяў у абедзвюх краінах. Пасля 1995 г. прэзідэнт Польшчы, экс-камуніст Аляксандр Квасьнеўскі, пераняў стратэгію, ініцыяваную антыкамуністычным эмігранцкім часопісам і ажыццёўленую «Салідарнасцю». Разам з прэзідэнтам Кучмам Квасьнеўскі браў удзел у сумесным адзначэнні ўгодак нацыянальных трагедый палякаў і ўкраінцаў. Тое, што ён устанавіў цесныя кантакты з Кучмам, было адной з прычын, з якой якраз Квасьнеўскі стаў пасярэднікам паміж двума бакамі ў найбольш крытычныя моманты рэвалюцыі. Польшча пастаянна лабіравала адмысловы падыход ЕС да Украіны. Але апрача нежадання некаторых старэйшых членаў ЕС прымаць у саюз адносна бедныя ўсходнееўрапейскія краіны, галоўнай праблемай заставаўся рэжым Кучмы. Пасля рэвалюцыі Квасьнеўскі загаварыў аб Украіне з большым імпэтам. Будучы разам з Юшчанкам на Давоскім форуме, ён натхнёна заклікаў прыняць «гэтую цудоўную краіну… велічную нацыю з вялікімі лідэрамі» ў члены ЕС. Што можна сказаць аб амерыканскім уплыве на выбары? Урад Злучаных Штатаў – і прыватныя амерыканскія донары – зрабілі для падтрымкі ўкраінскіх дэмакратаў больш, чым Заходняя Еўропа. Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што за апошнія два гады выдаткаваў на Украіну 65 мільёнаў долараў. Фонд Сораса ва Украіне – Міжнародны фонд «Відродження» – 20 кастрычніка 2004 г. абвясціў, што выдзеліў 1 201 904 долары для няўрадавых аб’яднанняў на «праекты, звязаныя з выбарамі». Большасць гэтых амерыканскіх долараў (як і заходне- і цэнтральнаеўрапейскіх грошай) пайшлі на развіццё НДА, уключна з навучаннем студэнцкіх актывістаў, падтрымкай незалежнай прэсы ды тэлебачання, арганізацыяй назірання за выбарамі, двума незалежнымі экзіт-поламі. Як мы адзначылі вышэй, гэтыя экзіт-полы адыгралі важную ролю ў пачатку рэвалюцыі. Ці была ўся гэтая дзейнасць «умяшаннем ва ўнутраныя справы», як сказалі б у Савецкім Саюзе? Безумоўна, была. Гэтаксама як выдзяленне велізарных сумаў на кампанію Януковіча расійскімі спонсарамі – у расійскай прэсе яны ацэньваюцца ў 300 мільёнаў долараў. Гэтаксама як паслугі расійскіх паліттэхнолагаў, якія развязалі брудную кампанію супраць Юшчанкі. Як выпісаная расійскімі ўладамі позва Юліі Цімашэнцы ў суд, якую вінавацілі ў крымінальных злачынствах (яна адказала: «Калі ласка, не замінайце вызваленчай барацьбе ўкраінскай нацыі»). Як і два з’яўленні Пуціна ва Украіне ў часе выбарчай кампаніі: ён прыязджаў, каб падтрымаць Януковіча. Расследаванне справы аб атручанні Юшчанкі працягваецца, і ёсць падазрэнні, што атрута была дастаўлена з Расіі. Некаторыя замежныя «ўмяшанні» трэба лічыць апраўданымі, некаторыя – відавочна, не. Патрэбна адкрытая дыскусія аб базавых правілах вонкавага, галоўным чынам фінансавага ўмяшання ў імя падтрымкі дэмакратыі – аналагічная ўжо распачатай няпростай дыскусіі аб крытэрах ваеннай інтэрвенцыі з гуманітарных або іншых меркаванняў. Аднак умяшанне амерыканцаў і еўрапейцаў ва ўкраінскія справы нават не наблізілася да межаў, за якімі пачынаецца маральнае асуджэнне. Памаранчавая рэвалюцыя не была зроблена ў Вашынгтоне ці навязана Бруселем. Захад дапамог грамадзянам Украіны здзейсніць тое, што яны хацелі здзейсніць самі.
Пасля свайго абрання Віктар Юшчанка з Міхаілам Саакашвілі, які ў студзені 2004 г. стаў прэзідэнтам Грузіі ў выніку «ружовай рэвалюцыі», на выходныя выправіўся ў Карпаты. Абодва падпісалі Карпацкую дэкларацыю, з энтузіязмам трактуючы змены ў сваіх краінах як пачатак «новай хвалі вызвалення Еўропы, якая прывядзе да канчатковай перамогі свабоды і дэмакратыі на еўрапейскім кантыненце». У артыкуле, апублікаваным у «Financial Times», прэзідэнт Саакашвілі патлумачыў, што гэтая «трэцяя і апошняя хваля еўрапейскага вызвалення» павінна ахапіць «увесь постсавецкі рэгіён». Ці выдаваў ён жаданае за сапраўднае? Магчыма. Аднак нават некаторыя кансерватары ў Маскве, здаецца, пагаджаюцца з канцэпцыяй «трэцяй хвалі». У часе ўкраінскіх падзей блізкая да Крамля «Российская газета» пісала:
Нельга дапусціць паразы Расіі ў бітве за Украіну. Гэтая параза, апрача ўсяго іншага, будзе азначаць, што ў бліжэйшыя два гады аксамітныя рэвалюцыі (цяпер ужо паводле ўкраінскага сцэнару) адбудуцца ў Беларусі, Малдове, Казахстане, Кіргізіі і, магчыма, Арменіі.
У часе напісання артыкула ў Кіргізіі пасля сфальшаваных парламенцкіх выбараў адбываліся хваляванні. Адзін малады кіргіз сказаў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі: «Мы хочам быць больш падобнымі да Еўропы». 25 сакавіка беларускія студэнты выйшлі на вуліцы пад сцягамі ЕС, кінуўшы выклік свайму дыктатару. Украінская «памаранчавая рэвалюцыя» будзе таксама аказваць непасрэднае ўздзеянне на пуцінскі рэжым, які становіцца ўсё менш дэмакратычным. Нават само па сабе існаванне свабоднай прэсы і тэлебачання ў вялізнай расійскамоўнай краіне-суседцы будзе пагражаць кантролю Пуціна за інфармацыйным полем. У даследаванні, праведзеным расійскай службай навін, у расіянаў спыталі: «Ці лічыце вы, што палітычны крызіс, падобны да ўкраінскага, можа мець месца ў Расіі?» Каля 42 % адказалі «ніколі», 35 % – «так, але не цяпер», 17 % – «так, і хутка ён здарыцца»3. Падчас нашай размовы з Віктарам Пінчуком у студзені 2005 г. ён сказаў, што яго расійскія партнёры па бізнесу, калегі-алігархі, зайздросцяць той павазе, якую аказваюць у свеце ўкраінскім бізнесоўцам. Ён прыпомніў і жарт, пачуты ў Маскве: «Леанід Кучма напісаў кнігу «Украіна – не Расія». Цяпер Пуцін піша кнігу «Расія – не Украіна».
|
2 Тут мы з пэўнымі карэктывамі пераказваем Яраслава Грыцака. |
30 сакавіка 2005 г.
Пераклаў з англійскай В. Р. з ласкавай згоды абодвух аўтараў і рэдакцыі часопісу «New York Review of Books» |
3 RBC News, 10–11 студзеня 2005 г., 6130 рэспандэнтаў. |
|