A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ТЫМАЦІ ГАРТАН ЭШ | ||||
Эўропа ці Амэрыка? Польская дылема, брытанская дылема Шаноўны спадару Рэктару, шаноўнае спадарства.
Мне сапраўды прыемна мець магчымасьць зьвярнуцца да вас якраз у гэтым месцы і якраз у гэтую хвіліну. Гэтае месца – Вялікую аўдыторыю – я жыва памятаю з нагоды іншых, драматычных падзеяў, што абуджалі надзею і засталіся ў польскай гісторыі. Я памятаю гэтую залю з часоў першае «Салідарнасьці», калі амаль чвэрць стагодзьдзя таму тут ішлі зацятыя дэбаты, і калі якраз тут, амаль пятнаццаць гадоў таму, у чэрвені 1989 году, сабраліся кагадзе абраныя ў парлямэнт прадстаўнікі «Салідарнасьці» на чале зь Лехам Валэнсам і сваім мудрым правадыром, прафэсарам Браніславам Герэмэкам. На гэтай сустрэчы, калі гарачыя дыскусіі ішлі наконт выбару назвы для новага парлямэнцкага клюбу, да мяне падсеў Анджэй Вайда і прашаптаў: «Ну, бачыце, зараз яны кінуцца адзін на аднаго з шаблямі, як тая шляхта на сойміках». Праўду гаварыў! (Праз пару гадоў мы мелі магчымасьць бачыць славутага «Пана Тадэвуша» ў ягонай рэжысэрскай пастаноўцы, як мне падалося, занадта суворы камэнтар да пэўных аспэктаў сёньняшняй польскай палітыкі.) Сёньня мы сустракаемся з вамі якраз тут – у менш драматычную хвіліну, якая, аднак, будзіць больш надзеі, што, можа, прасьцей зразумець замежнаму гісторыку, чымся таму, хто жыве тут, сярод усіх вашых штодзённых польскіх клопатаў. Прынамсі, я, гледзячы на апошнія два стагодзьдзі, ня бачу больш спрыяльнага моманту. На ўсходзе ў Польшчы ёсьць новыя суседзі, і, такім чынам, з фармальнага пункту гледжаньня і ў дыпляматычным сэнсе яна ўжо не ляжыць паміж Нямеччынай і Расеяй. Але і ў глыбейшым разуменьні палажэньне паміж Нямеччынай і Расеяй перастала быць для Польшчы вызначальным чыньнікам яе геапалітычнага становішча і так званых дзяржаўных інтарэсаў. Гэтаксама Польшча ўжо не ляжыць «паміж Усходам і Захадам». Што б не азначала ў розныя часы польскае гісторыі гэтая пераканаўчая і адначасна падманлівая формула, аднак з 1 траўня 2004 году Польшча сталася інтэгральнай часткай Захаду як паўнавартасны сябар Атлянтычнага пакту і Эўразьвязу. Альбо, прынамсі, таго, што нам засталося ад Захаду. Гэта так у той меры, у якой гэты новы Захад – альбо «пост-Захад» – азначае сябе ў апазыцыі да Ўсходу, якім, хутчэй, ёсьць не эўрапейскі Ўсход (Расея, Украіна, Беларусь), а арабскі Блізкі Ўсход. Калі 25 гадоў таму я пачаў прыяжджаць у Польшчу і апавядаў сваім новым сябром пра Ангельшчыну, яны ўздыхалі: «Дай нам, Божа, вашыя клопаты!» Ну, цяпер вы іх маеце. Аб адным з гэтых клопатаў, адным з найважнейшых, я і хацеў бы зараз распавесьці. Вялікая Брытанія і Польшча – гэта дзьве эўрапейскія краіны, што апошнія пару гадоў перажывалі сур’ёзную праблему, якой быў канфлікт ляяльнасьці паміж Эўропай ды Амэрыкай. Мы не былі ў гэтым самотныя. Гішпанія і Італія перажывалі падобны разрыў – зрэшты, кожная эўрапейская краіна ў большай ці меншай ступені пакутавала з гэтай прычыны. Аднак нашыя дзьве краіны, Вялікая Брытанія і Польшча, асабліва востра адчувалі гэтую дылему. Вядомыя ды ўплывовыя аўтары паабапал Атлянтыкі загадваюць нам выбіраць паміж Эўропай і Амэрыкай, а крыху больш канкрэтна, паміж Парыжам і Вашынгтонам. Заслужаны перамоўнік з Эўразьвязам ад імя Польшчы, прафэсар Ян Кулакоўскі, так апісвае нашыя адчуваньні: «У нас пытаюцца, ты за Амэрыку ці за Эўропу? Гэта ўсё адно, каб жа пыталіся, ты любіш тату ці маму?» Рыхтык тое ж самае сказаў бы Тоні Блэр. Аднак якраз гэтае блэраўскае адмаўленьне выбару было, прынамсі, у вачох некаторых галістаў, атаясамленае з дакладна акрэсьленым выбарам – акурат гэтым недарэчным. Падчас ірацкае крызы, пасьля Ліста васьмёх і дэклярацыі Віленскае дзясяткі, прэзыдэнт Шырак дазволіў сабе зласьлівы камэнтар. Ён абвесьціў, што краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія мерацца ўступіць у Эўразьвяз, аказаліся «pas très bien élevés» (ня надта добра выхаванымі) і «не змаглі сядзець ціха». Такім чынам, мы бачым новую вэрсію слыннага афарызму з «Фэрмы» Оруэла – нехта на просьбу сьвіньні, што мела мянушку (як памятаем) Напалеон, намаляваў на сьцяне стадолы лёзунг: «Усе эўрапейцы роўныя, а некаторыя раўнейшыя». Для мяне відавочна, што ўсе эўрапейцы маюць роўнае права на ўдзел у гэтых дэбатах: «Нічога пра нас бяз нас». Апераджаючы выснову гэтага выступу, скажу таксама, што мы ня можам, ня мусім і не павінны выбіраць паміж Эўропай і Амэрыкай. Гэта значыць, выбіраць паміж нашай новай старой Эўропай і той старой новай Эўропай з-за Атлянтыкі, бо, як некалі заўважыў швайцарскі гісторык Якаб Бурхарт, першым Эўразьвязам былі Злучаныя Штаты Амэрыкі. Сярод прычынаў зьявы, пра якую ідзецца, трэба, безумоўна, назваць місіянэрскі унілятэралізм (аднабаковыя дзеяньні) адміністрацыі Буша, асабліва ў адказ на тэрарыстычныя замахі 11 верасьня. Аднак варта таксама заўважыць іншыя, глыбейшыя прычыны. Пасьля заканчэньня халоднае вайны Эўропа ўжо не аб’яднаная з Амэрыкай наяўнасьцю відавочнага супольнага ворага, якім быў Савецкі Саюз і ягонае Чырвонае войска. (Колішні брытанскі міністар замежных справаў у размове з мной пажартаваў: «Ах, каб жа ў нас зноў быў Брэжнеў!») Гэта таксама азначае драматычную страту Эўропай першаплянавай ролі ў тэатры сусьветнай палітыкі. Як ні парадаксальна, але халодная вайна штучна ўмацоўвала цэнтральнае геапалітычнае становішча Эўропы. Сёньня гэтага ўжо няма. Злучаныя Штаты змагаюцца за права на сусьветнае першынство, як «новы Рым», «супэр-гіпэр-дзяржава», пуп «аднаполюснага сьвету», відаць, наймагутнейшая краіна ўва ўсёй гісторыі чалавецтва. Для шматлікіх вашынгтонскіх палітыкаў Эўропа сёньня – ужо толькі адным з многіх палітычных рэгіёнаў, больш за тое, рэгіён падзелены і здатны ствараць багата клопатаў. Асабліва пасьля 1 траўня 2004 году – па вялікім пашырэньні Эўразьвязу на ўсход, якое сталася магчымым дзякуючы заканчэньню халоднае вайны – эўрапейцы шукаюць больш глыбокага, эмацыйнага вязьма, якое магло б злучыць вялізную палітычную супольнасьць 25 такіх адрозных міжсобку краінаў. Традыцыйна такім вязьмом быў так званы «іншы», «the Other», у супрацьпастаўленьні якому мы маглі б самавызначыцца. «Іншага» ў асобе Саветаў ужо няма. Былі зробленыя пэўныя спробы рэанімаваць першапачатковага «іншага», якім у сярэднявеччы ў эўрапейцаў быў сьвет ісламу – спробы сьмешныя і нават самагубчыя ў Эўропе, якая становіцца домам для ўсё больш шматлікага, дзесяцімільённага мусульманскага насельніцтва. Пасьля 1945 году Эўропа акрэсьлівала сябе ў проціпастаўленьні своеасабліваму віртуальнаму «іншаму» – сваёй нядаўняй барбарскай мінуўшчыне, вайне, дыктатуры, генацыду. На маю думку, гэта вельмі грунтоўны й важкі шлях самаакрэсьленьня, асабліва ў сьвятле таго, што адбывалася цягам апошніх трынаццаці гадоў на Балканах. Аднак па меры згладжваньня сярод моладзі памяці пра вайну, слабне таксама матывацыйная дый аб’яднаўчая сіла закліку «Ніколі болей!». Што засталося? Амэрыка! Амэрыка як адзіны «іншы», супраць якога мы, эўрапейцы, можам нарэшце аб’яднацца… «У суботу, 15 лютага, на вуліцах нарадзілася новая нацыя. Гэта – эўрапейская нацыя». Гэткую выснову зрабіў колішні францускі міністар фінансаў Дамінік Строс-Кан з дэманстрацыяў, што адбыліся ў гэты дзень ува ўсёй Эўропе супраць плянаў адміністрацыі Буша наконт вайны з Іракам. Ходзячы па вуліцах сваіх местаў альбо гледзячы эўрапейскае кіно – пісаў Строс-Кан – эўрапейцы ўсьведамлялі, што жывуць у Эўропе. Кожны хворы, стары ці беспрацоўны цаніў тую сацыяльную бясьпеку, якую гарантавала эўрапейская мадэль, у адрозьненьне ад амэрыканскай, японскай, індыйскай ці кітайскай. Аднак гэта было нешта большае: «нараджэньне эўрапейскае нацыі. На адным кантынэнце, у адзін дзень людзі паўсталі з аднае і тае самае прычыны. Раптам мы зразумелі, што зьяўляемся адзіным народам». Мы таксама пераканаліся – але кім уласна ёсьць гэтыя «мы»? – «што эўрапейцаў яднае супольны погляд на тое, як павінен быць упарадкаваны сьвет, погляд, што моцна адрозьніваецца ад аднабаковых рашэньняў, прыманых у Авальным кабінэце, у адрозьненьне ад супольных рашэньняў, прыманых у рамках міжнародных органаў». Дамінік Строс-Кан тады кіраваў на запрашэньне старшыні Эўрапейскай камісіі пасяджэньнямі Круглага стала, на якім выбітныя эўрапейцы шукалі новае канцэпцыі альбо, як ён сам гэта назваў, «міту» заўтрашняе Эўропы. Пазамінулым летам многія эўрапейскія газэты надрукавалі зварот Жака Дэрыды й Юргена Габэрмаса, двух найбольш славутых сучасных эўрапейскіх філёзафаў, з заклікам да «адраджэньня Эўропы». Ува ўступе Дэрыда піша, што абодва яны палічылі за «пільную неабходнасьць», каб «нямецкія і францускія філёзафы разам узялі слова». Тэкст Габэрмасавага аўтарства пачынаецца рытарычным супастаўленьнем дзьвюх нядаўніх падзеяў. Першай была публікацыя ў шэрагу газэтаў ліста васьмёх праатлянтычных эўрапейскіх лідэраў, другой – 15 лютага 2003 году, «калі натоўпы дэманстравалі на вуліцах Лёндану і Рыму, Мадрыду й Барсэлёны, Бэрліна й Парыжу, рэагуючы на гэты нечаканую амэрыканскую агрэсію». Падобна Строс-Кану, Габэрмас таксама адзначае эўрапейскія падзелы, а таксама існаваньне шырока зразуметага Захаду, як пэўнага «духовага праекту». Ён цьвердзіць, што 15 лютага магло б стацца каталізатарам працэсу стварэньня эўрапейскай ідэнтычнасьці – калі б на тое была нашая, эўрапейцаў, воля. Мы можам фармаваць гэтую ідэнтычнасьць сьвядома, «робячы нашымі» адныя складнікі гістарычнае традыцыі і адкідаючы іншыя. Далей у тэксьце Габэрмас вылічыў шэсьць рысаў, якія складаюць эўрапейскую ідэнтычнасьць. Па-першае, аддзяленьне рэлігіі ад дзяржавы: «у нашым геаграфічным рэгіёне цяжка ўявіць прэзыдэнта, які пачынае дзень з публічнай малітвы і які зьвязвае свае важныя палітычныя рашэньні з Боскім наканаваньнем». Па-другое, вера ў «рэгуляцыйную сілу дзяржавы», што выпраўляе заганы й хібы рынку. Па-трэцяе, партыйная сыстэма, што бярэ свае пачаткі з францускае рэвалюцыі і складаецца з кансэрватараў, лібэралаў і сацыялістаў – якія пастаянна супрацьдзейнічаюць «сацыяпаталягічным наступствам капіталістычнае мадэрнізацыі». Па-чацьвёртае, спадчына працоўнага руху і ягоных хрысьціянска-сацыяльных традыцыяў, якой зьяўляецца дух салідарнасьці і ўпартае патрабаваньне «большае сацыяльнае справядлівасьці», што супрацьпастаўляецца «індывідуалістычнаму духу прадукцыйнасьці, які дапускае існаваньне рэзкай грамадзкай няроўнасьці». Па-пятае – я працягваю называць складнікі эўрапейскай ідэнтычнасьці паводле Габэрмаса, – маральная чульлівасьць, што вынікае з памяці пра таталітарызмы ХХ стагодзьдзя й галакост і адлюстроўваецца, «між іншым, у адмове ад сьмяротнага пакараньня, разгляданага як адна з умоваў уступленьня ў Раду Эўропы ды Эўразьвяз». Урэшце, па-шостае, спосаб, якім Эўропа пераадольвала сваю ваенную мінуўшчыну, крочачы шляхам наднацыянальнага супрацоўніцтва, узмацніў перакананьне эўрапейцаў, што «гэтаксама і на глябальным узроўні» забесьпячэньне цывілізаванага ўжываньня сілы з боку дзяржавы вымагае ўзаемнага абмежаваньня ўласнага сувэрэнітэту». Памятаючы пра ўздым і заняпад імпэрыяў, эўрапейцы могуць цяпер мець «Кантаву надзею на своеасаблівую сусьветную ўнутраную палітыку». Габэрмас з уласьцівай для філёзафа сьцісласьцю, а Строс-Кан з характэрнай для палітыка схільнасьцю да красамоўнага перабольшваньня пераконваюць, што Эўропа іншая, чым Злучаныя Штаты, што ў гэтай сваёй іншасьці яна зазвычай лепшая, а ейная ідэнтычнасьць можа і павінна быць збудаваная на гэтых самых адрозьненьнях альбо перавагах. Эўропа – гэта, карацей кажучы, не-Амэрыка. Тры гэтыя тэзы досыць папулярныя ў сёньняшняй Эўропе. Іх чуваць раз за разам, часьцяком у больш рэзкіх фармулёўках, заўсёды ў суправаджэньні нейкага з гэткіх вось матываў: салідарнасьць і сацыяльная справядлівасьць, дзяржава дабрабыту, аддзяленьне царквы ад дзяржавы, скасаваньне сьмяротнага пакараньня, ахова навакольнага асяродзьдзя і міжнароднае права, мірнае разьвязаньне канфліктаў і мультылятэралізм, абмежаваньне сувэрэнітэту, стварэньне процівагі ЗША. Ува ўнівэрсытэцкім дыскусійным клюбе «Oxford Union» адзін брытанскі студэнт зграбна падсумаваў перавагі быцьця эўрапейцам: «Менш верагоднасьці, што цябе падстрэляць. З гэтым парадак. А калі цябе падстрэляць, дык будзеш мець гарантаваны мэдычны догляд». Аргумэнты за Эўропу як не-Амэрыку ў Парыжы чуваць на кожным кроку, але яны прысутнічаюць і ў закліках такіх брытанскіх аўтараў, як Ўіл Гатан (Will Hutton), які жадаў бы, каб Вялікая Брытанія «выбрала Эўропу». Яшчэ да прыходу да ўлады Джорджа Буша, сур’ёзны і шанаваны нямецкі журналіст Кляўс Кох умаўляў Эўропу, каб яна зразумела «неабходнасьць прызнаць амэрыканскую імпэрыю ворагам». Больш вытанчаныя прыхільнікі канцэпцыі не-Амэрыкі, накшталт Габэрмаса, не адмаўляюць існаваньня шырока зразуметага Захаду. Але, як кажа найспрытнейшы дыялектык нямецкае замежнае палітыкі Эган Бар, існуюць два Захады: эўрапейскі Захад і амэрыканскі Захад. Адказваючы на гучную крытыку дзяржсакратара абароны ЗША Рамсфэлда на адрас Францыі і Нямеччыны, залічаных да «старой Эўропы», нямецкі філёзаф Пэтэр Слотэрдайк пісаў: «Старая Эўропа, годна прадстаўленая Францыяй і Нямеччынай, зьяўляецца найбольш разьвітай часткай Захаду, што, засвоіўшы ўрокі ХХ стагодзьдзя, перайшла да этапу постгераічнае культуры ды адпаведных палітычных мэтадаў. Злучаныя Штаты ж, наадварот, засталіся на гераічным этапе». Цікава й паказальна, што да ўсталяваньня ўяўленьня эўрапейцаў пра саміх сябе, якое афармляецца цяпер, спрычынілася і сама Амэрыка. На думку Робэрта Кагана, амэрыканцы працягваюць жыць у «анархічным Гобсавым сьвеце», дзе асобныя народы мусяць зьвяртацца да вайсковае сілы; Эўропа ж уступае ў сьвет «правоў, правілаў і міжнародных перамоваў […] у постгістарычны рай, у якім пануюць мір і адносны дабрабыт, у сьвет, які будзе зьдзяйсьненьнем Кантавага ідэалу «вечнага міру». Канцэпцыя, што стала вядомая ад тае пары як «тэза Кагана», зьявілася вельмі своечасова – у момант, калі Амэрыка рыхтавалася да вайны з Іракам, – ды сутыкнулася з шырокім водгукам у Эўропе. «Так!» – крычалі захопленыя эўрапейцы. – «Акурат імі мы і зьяўляемся – вучнямі Канта, што любяць мір!» (На Канта спасылаліся таксама Дэрыда і Габэрмас.) Той факт, што ідэя паходзіла ад прадстаўніка амэрыканскае правіцы – больш за тое, чальца легендарнае, дэманізаванае групоўкі «нэакансэрватараў» – падвоіў сілу яе ўзьдзеяньня. Гэта ўсё адно як бы д’ябал выдаваў сэртыфікаты прыналежнасьці да анёлаў. Эўрапейцы перанялі ў амэрыканцаў дзьве найважнейшыя палітычныя канцэпцыі пасьляхалоднаваеннага сьвету – я маю на ўвазе «канец гісторыі» Фрэнсіса Фукуямы і «сутыкненьне цывілізацыяў» Сэмюэля Гантынгтана. Як з Каганам, так і ў абодвух гэтых выпадках зыходным пунктам былі артыкулы ў часопісах з вострай, мэтанакіравана разьвітай тэзай. Пазьнейшыя спробы іх зьмякчэньня ў пашыраных кніжных выданьнях прайшлі амаль незаўважанымі. Але здарылася нешта большае. Бо эўрапейцы атрымалі ўласнае бачаньне саміх сябе, прадстаўленае ім амэрыканцамі ў паважным выданьні. Мы паходзім з розных плянэтаў! Эўрапейцы – з Вэнэры, амэрыканцы – з Марсу. І гэта павінна быць праўдай, бо гаворыць нам пра гэта амэрыканец… Аднак гэта відавочная няпраўда. Давайце цяпер уважліва паглядзім на чатыры галоўныя тэзы той школы палітычнага мысьленьня, якую я называю эўрагалісцкай. Па-першае, пра тое, што спосабы вырашэньня ўнутраных гаспадарчых, грамадзкіх і палітычных праблемаў у Эўропе іншыя, і ў цэлым лепшыя, чымся ў ЗША. Па-другое, што, маўляў, эўрапейцам уласьцівыя іншыя і ў цэлым лепшыя паводзіны ў сфэры міжнародных дачыненьняў. Па-трэцяе, што Эўропа мае свае ўласныя інтарэсы, якія фундамэнтальным чынам адрозьніваюцца ад амэрыканскіх – і яна павінна іх вызначыць і рэалізаваць. І ўрэшце, што для сьвету, і перш за ўсё для самой Эўропы, было б добра, калі б Эўразьвяз стаўся «сапраўды вялікай сусьветнай сілай», як сфармуляваў гэта Рамана Продзі, выступаючы з нагоды пашырэньня ЭЗ. «Сапраўды вялікая сусьветная сіла» – гэта значыць такая, якая магла б, як мы разумеем, зраўняцца з Злучанымі Штатамі і нават паспаборнічаць зь імі. Пачнём з грамадзкага і палітычнага ладу. Эўропу і Амэрыку разьдзяляюць выразныя і сур’ёзныя адрозьненьні. А як жа магло быць інакш? Найістотнейшыя зь іх засяроджаныя вакол шасьці пытаньняў: рэлігіі, ролі дзяржавы, пытаньня няроўнасьці ў грамадзтве, аховы навакольнага асяродзьдзя, дзяржаўнага сувэрэнітэту, і ўрэшце, што ня менш істотна, валоданьня зброяй і сьмяротнага пакараньня за яе выкарыстаньне. Амэрыканцы, як супольнасьць, значна больш рэлігійныя, чымся эўрапейцы. Пяцьдзясят восем адсоткаў зь іх сьцьвярджаюць, што толькі той, хто верыць у Бога, можа быць маральным чалавекам. Чацьвёра зь пяці вераць у жыцьцё па сьмерці, а кожны трэці ўважае, што Біблія – гэта «Слова Божае, даслоўная ісьціна». З гэтага пункту гледжаньня Амэрыка – вынятак сусьветнага маштабу, адзіная краіна, якая адначасова і заможная, і рэлігійная. Амэрыканцы таксама мяркуюць, што ўрад павінен забясьпечыць іх магчымасьцямі свабодна дабівацца абраных мэтаў, тады як эўрапейцы хочуць, каб іх урады гарантавалі ім, што ніхто ня будзе пакутаваць ад нястачы. У выніку, у Эўропе больш «апякунскай дзяржавы», чымся ў ЗША. Што датычыцца разьмеркаваньня маёмасьці й дабротаў, дык у Амэрыцы пануе большая няроўнасьць, чымся ў большасьці эўрапейскіх краінаў. Найбольш заможныя дзесяць адсоткаў насельніцтва зарабляюць амаль у шэсьць разоў болей, чым дзесяць адсоткаў самых бедных – у Нямеччыне і Францыі гэтыя суадносіны складаюць трохі больш чым тры да аднаго. У ЗША адзін адсотак найзаможнейшых распараджаецца амаль дзьвюма пятымі ўсіх рэсурсаў краіны. Амэрыканская сярэдняя кляса заціснутая паміж полюсам асуджанай на свой лёс галоты і полюсам супэрбагатыроў. Амэрыка гэтаксама адрозьніваецца ад іншых разьвітых краінаў неспатольным спажываньнем нафты, што ёсьць вынікам спэцыфічнага «American way of life», амэрыканскага ладу жыцьця. Большасьць амэрыканцаў больш патрыятычна настроеная, чым большасьць эўрапейцаў. Яшчэ перад выбухам пачуцьцяў, спрычыненым атакамі 11 верасьня, семдзесят два адсоткі зь іх сьцьвярджалі, што яны «вельмі ганарацца» сваёй краінай – гэткае ж перакананьне мелі, адпаведна, сорак дзевяць адсоткаў брытанцаў і сорак адсоткаў немцаў. Амэрыканцы, у адрозьненьне ад большасьці эўрапейцаў, часьцей набываюць зброю. У ЗША на дзесяць параў прыватных рук прыпадае дзевяць адзінак зброі – у Эўропе менш за дзьве. У ЗША ўзровень забойстваў у чатыры разы перавышае паказьнікі Вялікае Брытаніі, Францыі і Нямеччыны – і гэта нягледзячы на барбарскі, на думку многіх эўрапейцаў, мэтад запалохваньня, якім ёсьць сьмяротнае пакараньне. Так што Габэрмасаў пералік адрозьненьняў, што разьдзяляюць Эўропу і Амэрыку, ня ўзяўся зьніадкуль. Зь іншага боку Атлянтыкі сацыёляг Сэймур Марцін Ліпсэт падсумаваў іх паняткам «American Exceptionalism», амэрыканская выключнасьць. Аднак статыстычныя зьвесткі – гэта толькі частка карціны. Спытаем, напрыклад, пра якую Эўропу ідзецца? Абагульненьні Габэрмаса ў пэўнай меры стасуюцца шасьцёркі краінаў-заснавальніц Эўрапейскае супольнасьці. Але нават у групе Пятнаццаткі, зь якой, у момант, калі ён пісаў свой тэкст, складаўся Зьвяз, і з пэўнасьцю ў цяперашнім Зьвязе 25-ці, ня кажучы ўжо пра геаграфічную Эўропу, якая налічвае больш за сорак краінаў, існуюць велічэзныя адрозьненьні. Нельга, напрыклад, у эмпірычным сэнсе сур’ёзна гаварыць пра адзіную «эўрапейскую мадэль» дэмакратычнага капіталізму. Сур’ёзныя ўнівэрсытэцкія дасьледаваньні, прысьвечаныя параўнаньню «відаў капіталізму», вылучаюць два галоўныя тыпы капіталістычнай гаспадаркі: лібэральную рынкавую эканоміку і рэгуляваную рынкавую эканоміку. Да першай катэгорыі залічваюць Вялікую Брытанію, Ірляндыю, а таксама Амэрыку, да другой – Нямеччыну, Бэльгію, Галяндыю, а таксама скандынаўскія краіны. Аўтары гэтых дасьледаваньняў сьцьвярджаюць, што Францыя, Італія, Гішпанія, Партугалія і Грэцыя належаць да «прамежкавай групы», прадстаўляючы, магчыма, «чарговы варыянт капіталізму, азначаны некалі як «міжземнаморскі», з тыповым для яго магутным сэктарам сельскае гаспадаркі і нядаўняй традыцыяй шырокага дзяржаўнага інтэрвэнцыянізму». Усе гэтыя краіны адрозьніваюцца з пункту гледжаньня рынку працы, сацыяльнай палітыкі і падатковага цяжару. Вось гэта тры роды капіталізму сярод усяго толькі пятнаццаці краінаў ЭЗ, але ж мы яшчэ не зьвярнулі ўвагі на гэтаксама вельмі адрозныя новыя капіталістычныя эканомікі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, ня кажучы ўжо пра такія эўрапейскія краіны, як Беларусь, у якіх дагэтуль няма ані капіталізму, ані дэмакратыі і якія не імкнуцца да сяброўства ў ЭЗ. Жыцьцё адваката з Гамбургу больш нагадвае жыцьцё яго калегі па прафэсіі ў Кіеве ці ў Бостане? Мы адкажам, вядома, у Бостане. За прыкладам даўнейшых тэарэтыкаў сацыяльнага ладу, Габэрмас і іншыя прыпісваюць надзвычай разнастайнаму чалавечаму грамадзтву яшчэ неіснуючыя супольныя рысы з спадзяваньнем, што дзякуючы гэтаму тыя рысы зьявяцца. «Эўрапейская мадэль» – гэта пастулят, які маскуецца пад апісаньне. Гэтаксама і з паказьнікамі, якія найбольш выразна дэманструюць трансатлянтычныя адрозьненьні. Разыходжаньні ў іх у межах шырэйшае Эўропы могуць быць надзвычай значнымі. Возьмем, да прыкладу, патрыятызм. Трое з чатырох жыхароў Ірляндыі «вельмі ганарацца» сваім краем – гэта больш, чым у Злучаных Штатах. Палякі ганарацца сваім амаль у гэткай самай ступені. Але ўжо толькі адзін зь пяцёх галяндцаў прызнаецца ў такім старасьвецкім пачуцьці. Альбо возьмем рэлігію. Габэрмас кажа, што цяжка ўявіць сабе эўрапейскага прэзыдэнта, які пачынаў бы дзень з публічнай малітвы – але ж акурат так робіць брытанскі парлямэнт. У Злучаных Штатах ніколі не было дзяржаўнай царквы. У Вялікай Брытаніі яна існуе і надалей, а ў прагрэсіўнай Швэцыі лютэранская царква перастала быць дзяржаўнай толькі ў 2000 годзе. Гэтаксама і Польшча не пасуе да Габэрмасавай схемы. Кажучы наагул, эўрапейскія грамадзтвы, бясспрэчна, больш сэкулярызаваныя – у цэлым разрыў паміж рэлігіяй і палітыкай пашыраецца ў Эўропе і зьнікае ў Амэрыцы. Аднак спадчына хрысьціянства па-ранейшаму аказвае магутны ўплыў на эўрапейскую ідэнтычнасьць, як мы маглі выразна пераканацца падчас усяе спрэчкі наконт уступленьня Турэччыны ў ЭЗ. Абагульненьні ў дачыненьні да Амэрыкі здаюцца больш бясьпечнымі. Але і ў гэтым разе аналіз апытаньняў сьведчыць пра трывалыя і глыбокія адрозьненьні паміж двума Амэрыкамі. Яны досыць падманліва для эўрапейца акрэсьліваюцца як «блакітная Амэрыка» (больш лібэральныя штаты, перадусім усходняга й заходняга ўзьбярэжжаў) ды «чырвоная Амэрыка» (кансэрватыўныя цэнтар і поўдзень, што ўтвараюць літару «L»). Калі разгледзім іх паасобку, дык высьветліцца, што «блакітная Амэрыка» часьцяком бывае зусім эўрапейскай і ружовай. У многіх прынцыповых грамадзкіх пытаньнях, што мелі б сьведчыць пра эўрапейскасьць, амэрыканскія дэмакраты аказваюцца бліжэйшымі да эўрапейцаў, чым да рэспубліканцаў. Гэтая «блакітная Амэрыка» ня ёсьць сьціплай, забітай меншасьцю. Калі мы складзем галасы, аддадзеныя ў прэзыдэнцкіх выбарах 2000 году за дэмакрата Эла Гора і незалежнага левага кандыдата Ралфа Нэйдэра, дык высьветліцца, што іх было на тры мільёны больш, чым сабраў кансэрватыўны рэспубліканец Джордж Буш. Мора зброі сапраўды адрозьнівае Амэрыку ад Эўропы – калі абмінуць «Дзікі Ўсход» на Балканах і ў сучаснай Усходняй Эўропе (Украіна, Беларусь, Малдова), дзе па-ранейшаму няма праблемаў з набыцьцём агняпальнай зброі. Мы схільныя экстрапаляваць гэты амэрыканскі фэномэн – каўбоі ў сябе, каўбоі за мяжой. Амэрыканскі сатырык Майкл Мур паказвае гэта ў фільме «Боўлінг для Калюмбіны». Больш сур’ёзна гэты аргумэнт высоўвае Робэрт Каган: амэрыканцы і надалей гатовыя ўжываць вайсковую сілу ў нашым пагрозьлівым «гобсаўскім» сьвеце. Але не абмінуць той факт, што ад заканчэньня віетнамскае вайны і да тэрарыстычных нападаў 11 верасьня якраз Францыя і Вялікая Брытанія, а не ЗША, больш ахвотна высылалі сваіх жаўнераў у раён канфліктаў. Ніхто іншы, як Тоні Блэр, умаўляў амэрыканскага прэзыдэнта выслаць наземныя войскі ў Косава, а Францыя раз за разам выпраўляла свае аддзелы ў Афрыку. Амэрыканскія ўрады слупянелі пры выглядзе чарговых мяшкоў з трупамі сваіх жаўнераў, так званых body bags. З гэтага пункту гледжаньня дзьве найбольшыя вайсковыя сілы Эўропы – брытанцы й французы – былі лепшымі марсіянамі, чымся амэрыканцы. Пасьля 11 верасьня многія амэрыканцы прызналі, што на іх краіну напалі, і большасьць падтрымала войны ў Аўганістане ды Іраку. З часам мы даведаемся, наколькі ўстойлівай была гэтая зьмена поглядаў. 15 лютага 2003 году – у дзень народзінаў «эўрапейскае нацыі» – каля дзьвюхсот тысячаў чалавек у Сан-Францыска і сто тысячаў у Нью-Ёрку пратэставалі супраць плянаў Буша што да вайны з Іракам. Ці сталі яны эўрапейцамі? Калі зьмясьціць на гэтую мапу яшчэ Аўстралію, Канаду, Японію і іншыя разьвітыя краіны АЭСР (Арганізацыі эканамічнае супрацы і разьвіцьця), высьветліцца, што Амэрыка і Эўропа ніколі яшчэ не былі менш разьдзеленымі паміж сабой. Вы можаце спытацца: добра, а што ж з каштоўнасьцямі, якія ляжаць у аснове эўрапейскасьці? Хіба яны ня іншыя, чым амэрыканскія? Няпроста вымяраць каштоўнасьці, але існуе група прафэсійных спэцыялістаў у апытаньнях грамадзкай думкі і дасьледнікаў, што ўжо больш за дваццаць гадоў намагаюцца якраз гэта рабіць. Супастаўляючы і параўноўваючы адказы больш як ста дваццацёх тысячаў рэспандэнтаў з васьмідзесяці аднае краіны ў найноўшай публікацыі «World Values Survey», Роналд Інглехарт склаў «культурную мапу» сьвету, якая фармуецца вакол дзьвюх восяў. Не існуе аднаго згуртаванага эўрапейскага блёку, супрацьпастаўленага Амэрыцы. Хутчэй, існуюць асобныя, але сумежныя групоўкі: каталіцкая Эўропа, пратэстанцкая Эўропа, ангельскамоўныя краіны, посткамуністычныя краіны. На мапе Інглехарта Францыя ляжыць бліжэй да Аўстраліі, чым да Швэцыі, ня кажучы ўжо пра Баўгарыю. Эўрагалісты цьвердзяць, што Эўропа ня толькі іншая, але гэтаксама і лепшая (цяжка было б будаваць эўрапейскі патрыятызм вакол ідэі, што мы горшыя). У якім сэнсе гэта было б праўдай? Гісторыкі эканомікі ня могуць адназначна давесьці, што пэўны варыянт капіталізму паказаў сябе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве больш эфэктыўным, чым іншыя. Розныя мадэлі маюць розныя перавагі – і заганы. Напрыклад, лібэральная рынкавая эканоміка дае большай колькасьці людзей магчымасьць атрымаць аплачваную працу, тады як рэгуляваная рынкавая эканоміка зьмяншае адрозьненьні ў велічыні даходаў і гарантуе беспрацоўным лепшыя сацыяльныя выплаты. Аднак што лепш – мець добра аплачваную працу, як у Амэрыцы, ці крыху большую і даўжэй выплачваную дапамогу па беспрацоўі? Можна прытрымлівацца розных поглядаў наконт таго, што акажа на чалавека больш разбуральны ўплыў. Урэшце, сам Эўразьвяз замацаваў у сваёй хартыі правоў «права на працу». Тыя эўрапейцы, якім пашчасьціла атрымаць працу, зазвычай маюць больш высокі гарантаваны мінімальны заробак і большыя правы ў дачыненьні з працадаўцамі. Мы называем гэта «сацыяльнай» Эўропай – і гэта таксама выбар. Асабліва ў «міжземнаморскіх» грамадзтвах гэта дае больш часу на іншыя радасьці жыцьця, накшталт сям’і, сяброў, добрага харчаваньня, адпачынку, la dolce vita. Аднак за ўсё трэба плаціць – найбольш плацяць беспрацоўныя з доўгім «стажам», у іх ліку непрапарцыйна вялікая колькасьць моладзі, што належыць да супольнасьці імігрантаў-мусульманаў. Я мог бы працягнуць, зьвяртаючыся да прыкладаў зь іншых галінаў. Аднак сказанага, відаць, хопіць, каб зрабіць выснову, што пасьля бліжэйшага практычнага разгляду тэза Габэрмаса-Дэрыды аб унутранай згуртаванасьці, яднаньні, адметнасьці і вышэйшасьці сучаснае Эўропы, супрацьпастаўленай сучаснай Амэрыцы, рассыпаецца. Я гэтаксама згадваў ужо пра тое, што і тэза наконт адметнае палітычнае лініі ў міжнародных дачыненьнях павінна, прынамсі, суправаджацца агаворкамі. Аўтарамі найбольш праніклівай крытыкі унілятэралізму адміністрацыі Буша, ейнае пагарды да міжнародных арганізацыяў і стаўкі выключна на «цьвёрдую ўладу» (г. зн. вайсковую сілу) часта бываюць амэрыканцы, такія, як Джозаф Най (Joseph Nye) з Гарварду. Кандыдат ад дэмакратаў на прэзыдэнцкіх выбарах Джон Керы далучыўся да гэтай крытыкі, абвінаваціўшы адміністрацыю Буша ў тым, што яна сваімі дзеяньнямі настроіла супраць Амэрыкі яе сяброў на ўсім сьвеце (апрача, як некаторыя любяць думаць, Польшчы). У значнай меры з ініцыятывы амэрыканцаў пасьля 1945 году паўстаў увесь комплекс міжнароднага права і міжнародных арганізацыяў накшталт ААН. І ўрэшце, ці зьяўляецца такім ужо вартым перайманьня ўзорам неахвота альбо няздольнасьць Эўропы выкарыстоўваць цьвёрдую, вайсковую сілу ў мэтах прадухіленьня генацыду, падобнага басьнійскаму? Карацей кажучы, гэтыя аргумэнты ня столькі ясна й выразна аддзяляюць Эўропу ад Амэрыкі, колькі падзяляюць ўпоперак абодва кантынэнты. Можна сказаць, што ў палітычным сэнсе Атлянтыка праходзіць праз цэнтар Эўропы і цэнтар Амэрыкі. Застаюцца дзьве апошнія тэзы эўрагалізму: аб інтарэсах і аб магутнасьці. На канфэрэнцыі, прысьвечанай новаму геапалітычнаму становішчу Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, арганізаванай на мінулым тыдні Фондам імя Сьцяпана Батуры, я адкрыта запытаўся ў чатырох выбітных знаўцаў эўрапейскай замежнай палітыкі, ці існуюць якія-небудзь сур’ёзныя разыходжаньні інтарэсаў паміж Эўропай і Амэрыкай – паўтараю, ідзецца пра рэальныя сур’ёзныя інтарэсы, а не пра пункты погляду, уяўленьні ці падыходы да розных справаў. Я пачуў дзіўны адказ: не, ніякіх няма. Вядома інтарэсы Эўропы і Амэрыкі не зьяўляюцца ідэнтычнымі – і ня могуць быць такімі ў выпадку існаваньня дзьвюх розных палітычных супольнасьцяў. Аднак большасьць зь іх мае супольны характар, ці, прынамсі, яны ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго – тое ж, што ня ёсьць супольным альбо камплемэнтарным, можна неяк узгадніць. Гэта асабліва выразна бачна, калі разглядзець вялікія глябальныя выклікі нашага часу. Мірная мадэрнізацыі і ўрэшце дэмакратызацыя Блізкага Ўсходу. Гістарычны працэс разьвіцьця Кітаю ды іншых вялікіх азіяцкіх дзяржаваў, які азначае, што праз дваццаць гадоў Захад перастане быць рашаючай сілай, якая фармавала вобраз сьвету цягам апошніх пяціста гадоў, пачынаючы прыкладна з 1500 году. Бездань, што існуе паміж багатай Поўначчу і бедным Поўднем (дзе прыблізна тры мільярды людзей жывуць на менш чым два даляры ў дзень) і выклікае маральны супраціў. Урэшце ня менш небясьпечнае глябальнае пацяпленьне клімату ў выніку дзейнасьці чалавека – перш за ўсё, выкідаў дыяксіду вугляроду, – якое, калі мы не пачнём дзейнічаць проста цяпер, разбурыць экалягічную раўнавагу плянэты. Перад абліччам гэтых пагрозаў усе спрэчкі і штучныя разыходжаньні паміж Эўропай і Амэрыкай нагадваюць тое, што Зыгмунд Фройд назваў «нарцысізмам дробных адрозьненьняў». На фоне гэтых пагрозаў відаць, што Амэрыку лучаць з Эўропай сапраўды супольныя інтарэсы – і гэтыя пагрозы можна ўстараніць толькі (калі гэта наагул магчыма) у рамках эўраамэрыканскага супрацоўніцтва. Памкненьні да ролі супэрдзяржавы, жаданьне зраўняцца і нават супернічаць з Амэрыкай (альбо дагнаць і нават перагнаць Амэрыку) сапраўды шырока распаўсюджаныя ў сёньняшняй Эўропе. Паводле апытаньняў, пра гэта кажуць каля дзьвюх трацінаў рэспандэнтаў (у 25 краінах Зьвязу). Як я ўжо нагадваў, для старшыні Эўрапейскай Камісіі Рамана Продзі абгрунтаваньнем пашырэньня Эўразьвязу на ўсход была пэрспэктыва ператварэньня Эўропы ў «сапраўды вялікую сусьветную сілу». Гэткія амбіцыі настолькі ж сумнеўныя ў прынцыпе, наколькі і малазьдзяйсьняльныя на практыцы. Але, Эўропе патрэбна ўзмацніць свае сілы – так званую hard power (альбо вайсковую магутнасьць), эканамічны патэнцыял (яна ім ужо валодае, у дужых руках камісара ЭЗ па гандлі Паскаля Лям’і), а таксама так званую soft power, мяккую сілу. Сіла неабходная, каб бараніць нашы супольныя інтарэсы. Але гэтая сіла зьяўляецца сродкам, а ня мэтай самой па сабе. Амбіцыі Эўропы, накіраваныя на дасягненьне статусу сусьветнае сілы – Weltmacht – ня робяцца больш шляхетнымі толькі ад таго, што пра іх кажа супольнасьць нацыяў, а не як даўней Францыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына ці іншыя вялікія дзяржавы, што спаборнічалі паміж сабой. Па сутнасьці, ува ўсіх гэтых размовах пра эўрапейскую звышдзяржаву мы чуем рэха даўніх летуценьняў элітаў гэтых дзяржаваў. Усё адно што казалі б: паасобку ўжо не дамо рады стаць вялікімі дзяржавамі, але разам… Я цалкам згодны з Адамам Міхнікам, які, адказваючы на пытаньне францускага камэнтатара Бэрнара Гуці, ці не павінна Эўропа стаць магутнай, каб стварыць процівагу для Амэрыкі, парыраваў: «Магутнай – так, процівагай для ЗША – не». Гэткія памкненьні таксама нерэалістычныя – зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, як мы маглі пераканацца падчас ірацкае крызы, калі Эўропа хоча як звышдзяржава проціпаставіць сябе Вашынгтону, Злучаным Штатам стае сілаў, каб «падзяляць і ўладарыць» на ейным падворку, як тое рабіла брытанская імпэрыя ў ХІХ стагодзьдзі. Па-другое, дзьве траціны апытаных мо і жадаюць, каб Эўропа сталася звышдзяржавай, але калі мы спытаем у іх, ці гатовыя яны несьці неабходныя выдаткі на войска – палова адкажа «не». У меру старэньня нашых грамадзтваў і ўразаньня сацыяльных выдаткаў, спрычыненага вострай эканамічнай канкурэнцыяй з боку азіяцкіх краінаў, мы ня схільныя да значнага павялічваньня нашых вайсковых бюджэтаў. Прыклад Савецкага Саюзу даводзіць, што супэрдзяржава, якая існуе толькі ў адным вымярэньні – зьяўляецца супэр толькі ў адным, вайсковым сэнсе – доўга ня выстаіць. Але ніхто ніколі не бачыў супэрдзяржавы без магутнага войска. Карацей кажучы, эўрагалісцкая спроба канструяваньня Эўропы (ува ўсіх сэнсах слова «канструяваць») як альтэрнатыўнага варыянту і канкурэнта Амэрыкі зьяўляецца нерэалістычнай – з практычнага, эканамічнага, маральнага і нават палітычнага гледзішча. Адзіным слушным і рэалістычным шляхам ёсьць тое, што Вацлаў Гавэл называў эўраатлянтызмам, альбо сьвядомая пабудова Эўропы як партнэра Злучаных Штатаў. Гэткую ж пазыцыю займае і Тоні Блэр. Праніклівы баўгарскі камэнтатар Іван Крастэў уважае, што ў ірацкім канфлікце Сярэдняя і Ўсходняя Эўропы пайшлі ня столькі за Бушам, колькі за Блэрам. Эўраатлянтызм зьяўляецца сёньня поглядам, якога прытрымліваецца значная частка польскай і брытанскай грамадзкай думкі. Аднак Блэрава палітыка ператварэньня Вялікае Брытаніі ў, як ён гэта называў, трансатлянтычны «мост» не дасягнула эфэктных посьпехаў. Пазалетась ня толькі многія жыхары кантынэнту, але і брытанцы казалі – часам не без Schadenfreude (злараднасьці), – што мост Блэра абваліўся. Чаму Блэру было так цяжка ўтрымаць гэты мост? Сваю ролю адыграла, вядома, шмат прычынаў, у тым ліку меркаваньні брытанскай унутранай палітыкі, а таксама ўпарты унілятэралізм адміністрацыі Буша. Аднак была таксама і нейкая істотная канструкцыйная памылка. Мост Блэра павінен быў злучаць Эўропу з Амэрыкай. Але Вялікая Брытанія не ляжыць паміж Эўропай і Амэрыкай. Яна ляжыць у Эўропе, зьяўляецца чальцом Эўразьвязу і хаўрусьнікам Злучаных Штатаў. Мост Блэра абваліўся на эўрапейскі бок. Абваліўся, бо быў завузкі, выключна брытанскі. Абваліўся, бо не ўдалося пераканаць дастаткова вялікай колькасьці эўрапейцаў у тым, што эўраатлянтызм зьяўляецца адзіным рэалістычным выйсьцем для Эўропы, а эўрагалізм вядзе ў нікуды. Аднак, каб дасягнуць посьпеху, эўраатлянтызм павінен засвоіць і «зрабіць сваім» адзін фундамэнтальны і слушны прынцып эўрагалізму: амэрыканская гіпэрдзяржава можа разглядаць у якасьці сур’ёзнага партнэра толькі больш аб’яднаную Эўропу, якая імкнецца, калі толькі гэта магчыма, прамаўляць адным голасам. Дзеля Блэра і ягоных шасьцідзесяці мільёнаў брытанцаў адміністрацыя Буша, якая нават не зважала на іншых, была гатовая другі раз зьвярнуцца да ААН, рызыкуючы дыпляматычнай паразай, якой дэ-факта ўсё і скончылася. Наколькі ж больш гатовы быў бы зрабіць Вашынгтон для Эўразьвязу, што неўзабаве будзе налічваць чатырыста шэсьцьдзесят мільёнаў жыхароў, з ВУП, роўным амэрыканскаму, калі той прамовіць адзіным, спакойным і сталым голасам, абвяшчаючы сябе стратэгічным партнэрам ЗША? У гэтым палягаюць брытанскія стратэгічныя інтарэсы. У гэтым палягаюць стратэгічныя інтарэсы Эўропы. У гэтым палягаюць стратэгічныя інтарэсы ўсяго Захаду, альбо пост-Захаду. Наконт інтарэсаў Польшчы рашэньне павінны прыняць палякі. Аднак хацеў бы выказаць сваё меркаваньне, што гэта таксама і вашыя стратэгічныя інтарэсы. Шэсьць дзён таму я браў удзел у банкеце, дадзеным у гонар прэзыдэнта Квасьнеўскага ў Букінгемскім палацы. Калі каралеўскі аркестар граў «God Save the Queen» i «Jeszcze Polska nie zgineła», мне падумалася: неймаверна, што Польшча і Вялікая Брытанія сёньня раўнапраўныя партнэры ў рамках таго самага Атлянтычнага пакту і таго самага Эўразьвязу. Таму што, калі 25 гадоў таму я ўпершыню ўваходзіў у гэтую залю, мы належалі ў геапалітычным пляне да зусім розных сьветаў. Цяпер у нас супольная геапалітычная дылема. Мы разам у Эўропе, мы з Амэрыкай, а з 1 траўня ў Эўразьвязе і з Злучанымі Штатамі. У Польшчы зазвычай шмат кажуць пра «дзяржаўны інтарэс». І гэта якраз, на маю думку, і ёсьць сёньня новым польскім «дзяржаўным» інтарэсам. Дык давайце пагаворым – як эўрапеец з эўрапейцам – пра тое, як нам разам збудаваць патрэбны нам мост. Не брытанскі, ня польскі, але агульнаэўрапейскі мост цераз Атлянтыку – найбольшы мост сьвету, працягласьцю ў чатыры тысячы кілямэтраў, зь некалькімі палосамі руху.
Пераклаў з польскай з ласкавай згоды аўтара Сяргей Богдан паводле: Zeszyty Literackie. 2004. 3(87). |
брытанскі палітоляг і публіцыст. Яго апошняя кніга «Free World: America, Europe, and the Surprising Future of the West» (New York: Random House, 2004) была прааналізаваная ў мінулым нумары «ARCHE». «Эўропа ці Амэрыка?» – гэта лекцыя, якая была прачытаная 11.05.2004 г. у Варшаўскім унівэрсытэце. |
|