A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ЮРЫ ЛІХТАРОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Ліхтаровіч
Росквіт і сьмерць польскага камунізму


Grabowska Mirosława. Podział postkomunistyczny. Społeczne podstawy polityki w Polsce po roku 1989. – Warszawa: Wydawnictwo Naukowe Scholar, 2004 – 403 s.

Нашы высокія ідэалы, якія мы так цэнім, на самай справе паўстаюць як супрацьвага ці адмаўленьне іншых ідэалаў, якія для кагосьці гэтаксама каштоўныя, як нашы для нас. Ці то задаволены жыцьцём прыхільнік славянскіх каштоўнасьцяў і моцнай улады, ці то барацьбіт за беларускую дэмакратыю расплюшчваюць вочы на вонкавы сьвет толькі пад уплывам якіхсьці неадназначных і вялікіх падзеяў: вайны ў Іраку, рэвалюцыі ўва Ўкраіне ці Кіргізіі. Адзін пачынае радавацца стабільнасьці яго «малога ўтульнага» дому, другі чакае з надзеяй, калі падобная хваля дакоціцца нарэшце да Беларусі. Абодва гэтыя погляды – неадпаведныя ў сёньняшняй посткамуністычный рэчаіснасьці. Дзякуючы ім нельга ўбачыць і зразумець зьмены ў грамадзтве і ў дзяржаве, якія па вызначэньні ня ёсьць чымсьці статычным. А здольнасьць да распазнаваньня зьменаў і адэкватнага прыстасаваньня да іх – важны элемэнт сучаснай глябальнай палітыкі, які ўплывае на пасьпяховасьць і моц дзяржаваў і народаў.

Акурат пра гэта гаворыцца ў кнізе, выдадзенай у 2004 г. Міраславай Грабоўскай1 і прысьвечанай аналізу польскай палітыкі на працягу апошніх 15 гадоў, а таксама ўзаемазалежнасьцям паміж камуністычным мінулым, сучаснасьцю і будучыняй. Палітычныя падзеі ў ёй разглядаюцца праз прызму перакананьняў, што пануюць у грамадзтве.

Пасьля 1989 г. у Польшчы і іншых краінах Сярэдняй Эўропы слова палітыка стала шматзначным. Для кагосьці гэтае слова азначала новыя мысьленчыя гарызонты і новыя магчымасьці для дзейнасьці: унутры краіны стала магчыма і прэстыжна займацца палітыкай для вялікай колькасьці людзей, а ня толькі для вузкага і выбранага кола. Людзі зразумелі, што іх голас вырашае, у якім кірунку будзе разьвівацца дзяржава і які будзе пэрсанальны склад ураду ці парлямэнту. Хтосьці, наадварот, успрыняў палітызацыю грамадзкага жыцьця як небясьпечную зьяву, зьвязаную з карупцыяй і інтрыгамі.

М. Грабоўская падае агульную канцэпцыю, каб вытлумачыць на польскім прыкладзе, чым ёсьць палітыка і як яна ўплывае на жыцьцё грамадзтва. Для гэтага з пэрспэктывы сацыялёгіі і сацыяльнай псыхалёгіі аналізуюцца грамадзкія ідэнтычнасьці, з дапамогай сацыялёгіі і паліталёгіі робіцца аналіз выбарчых паводзінаў, асаблівасьцяў электаратаў і сацыяльных інстытуцыяў (палітычных партыяў і ролі касьцёлу). Першы ўзровень аналізу – тэарэтычны: абмяркоўваецца канцэпцыя «падзелаў», распрацаваная амэрыканскімі дасьледчыкамі с. Ліпсэтам і с. Раканам (камунізм выклікаў падзел у грамадзтве на дзьве групы: посткамуністаў і антыкамуністаў). Другі ўзровень – аналіз сацыяльных ідэнтычнасьцяў, выбарчых прэфэрэнцыяў, партыйнай сыстэмы і партыйных структураў – сьведчыць пра наяўнасьць гэтага падзелу і цяпер.

У аснову канцэпцыі Ліпсэта-Ракана пакладзена ідэя гістарычных і сацыяльных мэханізмаў фармаваньня палітычных партыяў і асаблівасьцяў іх функцыянаваньня ў Заходняй Эўропе. Згодна зь ёй, палітычныя партыі зьявіліся як адлюстраваньне падзелаў у грамадзтве пад уплывам важных гістарычных працэсаў, якія вызначалі эўрапейскую палітыку з XVI ст. Структура грамадзкіх падзелаў і, як вынік, віды палітычных партыяў былі вызначаны Рэфармацыяй, нацыянальна-дэмакратычнымі рэвалюцыямі і прамысловай рэвалюцыяй.

Рэфармацыя спрычынілася да канчатковага аддзяленьня царквы ад дзяржавы і да большай рэлігійнай разнастайнасьці Эўропы, а таксама да зьяўленьня канфлікту інтарэсаў і каштоўнасьцяў паміж гарадзкой буржуазіяй і зямельнай арыстакратыяй, і, адпаведна, да першага падзелу, дзякуючы якому ўзьніклі першыя палітычныя партыі: кансэрватыўныя, лібэральныя і каталіцкія.

У працэсе нацыянальна-дэмакратычных рэвалюцыяў у Эўропе (кан. ХVIII – XIX ст.) умацаваўся другі падзел па лініі цэнтар/пэрыфэрыя, адбылося пашырэньне палітычных правоў і фармаваньне панятку «грамадзянства». Зьяўленьне нацыянальных дзяржаваў патрабавала цэнтралізаванай і стандартызаванай нацыянальнай культуры, якая б забясьпечвала мабілізацыю насельніцтва на ўзроўні ўсёй краіны супраць асобных правінцыйных ці пэрыфэрыйных групаў, адрозных паводле этнічнай, моўнай ці рэлігійнай прыкметы, а таксама супраць прывілеяў і дамінуючай ролі царквы. Гэты працэс не прыводзіў аўтаматычна да зьяўленьня новых палітычных партыяў – умацоўваліся партыі існуючыя, адбывалася іх дыфэрэнцыяцыя ў залежнасьці ад спэцыфікі краіны і партыйнага кіраўніцтва.

Калі два папярэднія працэсы паспрыялі росту разнароднасьці Заходняй Эўропы, то прамысловая рэвалюцыя ўмацавала аднастайнасьць Эўропы, ствараючы падзел паміж уласьнікамі, працадаўцамі і наёмнымі працаўнікамі. Рост наёмнай працоўнай сілы і ейная высокая канцэнтрацыя сталіся ўмовамі зьяўленьня прафсаюзаў і масавых рабочых партыяў.

Паміж посткамуністычнымі і заходнеэўрапейскімі грамадзтвамі існуе вялікая розьніца. У краінах Сярэдняй Эўропы няма такой моцнай залежнасьці паміж асаблівасьцямі грамадзкага разьвіцьця і характарам палітычных партыяў. Апошнія тут ствараліся «зьверху», як прадукт імпарту пэўных ідэяў і канцэпцыяў, а не ў працэсе зьменаў і эвалюцыі грамадзтва. Камуністычны рэжым зьнішчаў тканку арганізацыяў-пасярэдніцаў паміж уладай і грамадзтвам (тое, што сёньня называюць грамадзянскай супольнасьцю), а таксама зьмяняў індывідуальныя ідэнтычнасьці і формы паводзінаў. Навязваньне грамадзтву ідэі «парадку і стабільнасьці» ў якасьці галоўнай каштоўнасьці, немагчымасьць сказаць «не» (за гэта перасьледавалі), маніпуляваньне маральлю спрычынілася да пасіўнасьці і да таго, што г. Арэнт назвала «разбурэньнем грамадзтва і разбурэньнем асобы».

Уплыў камуністычнай сыстэмы на грамадзтва быў настолькі моцны і доўгатэрміновы, што сфармаваны ў ім падзел на камуністаў/посткамуністаў і антыкамуністаў перажыў яе заняпад. З аднаго боку, сыстэма была вельмі пасьпяховай у прыцягваньні новых прыхільнікаў. Першай прапановай камуністаў было працаўладкаваньне для шырокіх масаў, бо эканоміка была нацыяналізавана, а растучы дзяржаўны і партыйны апарат паглынаў новыя і новыя кадры. Ужо ў 1947 г. у апараце польскай службы бясьпекі працавала каля 100 тыс. чалавек, вялікімі тэмпамі расла колькасьць членаў партыі: восень 1946 г. – 400 тыс., восень 1947 г. – 800 тыс., сьнежань 1948 г. – больш за 1 млн 400 тыс. чалавек. Напрыканцы 1980-х гг. ПАРП налічвала каля 2 млн сяброў. Праграма рэформаў і абяцаная пабудова грамадзтва ўсеагульнай справядлівасьці атрымалі падтрымку тых, хто хацеў стабільнасьці і спакою пасьля вайны.

З другога боку, камуністычная сыстэма была пабудавана ў Сярэдняй Эўропе сілком, на штыхах Чырвонай Арміі і пры падтрымцы спэцслужбаў. Да 1947 г. у Польшчы яшчэ адбываліся ўзброеныя сутычкі паміж падпольшчыкамі і камуністамі. Колькасьць ахвяраў ацэньваецца ў 2 тыс. забітых і каля 95 тыс. зьняволеных. Апазыцыя, прадстаўленая Польскай сялянскай партыяй (ПСЛ), перасьледавалася, вынікі рэфэрэндуму і выбараў фальсыфікаваліся. Так, падчас рэфэрэндуму 30 чэрвеня 1946 г. 73,1 % насельніцтва галасавалі за прапановы ПСЛ ці супраць прапановаў камуністаў, толькі 26,9 % падтрымалі прапановы апошніх, але афіцыйна былі пададзены адваротныя лічбы. Падобная сытуацыя паўтарылася падчас выбараў у студзені 1947 г. Згодна з ПСЛ, партыя атрымала 69 % галасоў, а афіцыйна ёй адпісалі 10,3 %, а 80,3 % – камуністычнаму Дэмакратычнаму блёку.

На працягу свайго існаваньня польскі камунізм, змагаючыся з ворагамі, выпіхваючы людзей з сыстэмы, нішчачы легальныя магчымасьці выказаць незадавальненьне ці нязгоду ў яе рамках, выклікаў незадаволенасьць і антыкамуністычныя настроі. Увесь гэты час у Польшчы існавала апазыцыя, што ўзмацняла падзел у грамадзтве. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказвалі, што «разрыў» існуе паміж першасным і найважнейшым узроўнем ідэнтыфікацыі індывіда – сям’ёй – і другім узроўнем ідэнтыфікацыі – нацыяй, нацыянальнай супольнасьцю. Прамежкавыя інстытуты (у тым ліку партыя), якія існавалі ў камуністычнай Польшчы, успрымаліся як чужыя, варожыя, як «яны», з чым людзі не ідэнтыфікуюцца, нават калі самі працуюць у іх. Такое падвойнае існаваньне было магчыма дзякуючы сыстэме знаёмстваў, «кланаў» і дамоўленасьцяў. Па-другое, у прыватным жыцьці людзі арыентаваліся на адныя каштоўнасьці, а ў публічным жыцьці – на іншыя. Грамадзтва ў адказ на спробы цэнтральных уладаў кантраляваць публічную сфэру з дапамогай прымусу, афіцыйнай мовы і ідэалёгіі толькі фармальна прымала «ідэалягічную рэчаіснасьць» і ўцякала ў прыватную сфэру, дзе дамінавалі нацыянальныя каштоўнасьці і міты (напрыклад, вызвольных паўстаньняў) пры апірышчы на традыцыю каталіцкасьці, якая была зьнітавана з народнай культурай.

Разам з тым, сацыялягічныя апытаньні паказвалі яскравае адрозьненьне паміж каштоўнасьцямі і поглядамі сяброў ПАРП і тымі, хто не належаў да партыі або ўваходзіў у «Салідарнасьць». Сябры партыі лепш ацэньвалі ўласнае матэрыяльнае становішча, верылі ў здольнасьць уладаў хутка вырашыць крызісы, лічылі ПНР дэмакратычнай краінай, меркавалі, што ўлада мае права абмяжоўваць грамадзкія свабоды ў імя «вышэйшай мэты», а Касьцёл ня мае права мяшацца ў палітыку.

У рэгіёнах, дзе канцэнтрацыя сяброў партыі была вышэйшая, чымся па краіне, выявілася большая падтрымка «народнага» (камуністычнага) сьпісу падчас выбараў 1989 г., У. Цімашэвіча на прэзыдэнцкіх выбарах 1990 г., сацыял-дэмакратаў (былых камуністаў) у 1991 і 1993 гг. Адваротная сытуацыя назіралася ў рэгіёнах, дзе была вышэйшая канцэнтрацыя ксяндзоў.

Сёньня посткамуністычную/антыкамуністычную ідэнтычнасьць выбіраюць каля 1/3 дарослага насельніцтва і 1/4 моладзі Польшчы (тоеснасьць «дэмакрат» выбірае 24 % і 38 %, «апанэнт камунізму» – 34 % і 24 %, а «чалавек ПНР» – 29 % і 15 %). Адзіным найбольш дакладным крытэрам, паводле якога можна вызначыць, хто выбірае тую ці іншую тоеснасьць, зьяўляецца ўзрост.

Выбар ідэнтычнасьці пост- ці антікамуніста праяўляецца ў палітычных поглядах, выбарчых сымпатыях і партыйнай прыналежнасьці. Так, посткамуніст лічыць, што з канцом камунізму Польшча больш страціла, чым набыла. Ён выступае супраць забароны займаць кіраўнічыя пасады для былых высокіх партыйных чыноўнікаў. На выбарах 1989–1995 гг. ён радзей галасаваў за «Салідарнасьць» і ейных кандыдатаў, на прэзыдэнцкіх выбарах 2000 г. галасаваў за А. Квасьнеўскага, а на парлямэнцкіх выбарах 2001 г. – за кааліцыю СЛД–УП (Саюз лявіцы дэмакратычнай і Унія Працы). Малады посткамуніст мякчэй ацэньвае камунізм, лічыць, што «для такіх людзей, як я, ня важна, ці ўрад дэмакратычны, ці не», і галасуе за СЛД–УП.

Антыкамуніст раней рэгулярна слухаў радыё «Вольная Эўропа» і ўваходзіў у «Салідарнасьць» у 1981 г. Ён лічыць, што Польшча шмат здабыла з заняпаду камунізму, выступае за забарону займаць кіраўнічыя пасады для былых высокіх партыйных чыноўнікаў, лічыць, што дэмакратыя мае перавагу над усімі іншымі формамі кіраваньня. Ён хінецца да правых партыяў. На выбарах 1989 г. ён галасаваў за «Салідарнасьць» ці яе хаўрусьнікаў, у 1995 г. не зьбіраўся галасаваць – за Валэнсу ці іншых кандыдатаў. Падобна выглядае малады антыкамуніст. Ён нэгатыўна ацэньвае камунізм, лічыць, што дэмакратыя мае перавагу над усімі іншымі формамі кіраваньня, у 2001 г. галасаваў за правыя партыі.

Такая ўвага да польскіх выбараў 1989 г. невыпадковая. Яны мелі вельмі важнае значэньне, бо паказалі грамадзкі падзел і вызначылі хаду пазьнейшых выбараў: з аднаго боку – посткамуністы, з другога – партыі з радаводам ад «Салідарнасьці». Падчас наступных выбараў заўважаецца стабільны электаральны падзел. Тыя, хто галасаваў за левыя партыі на першых выбарах, збольшага галасуе за «левых» і на наступных. Падобная сытуацыя назіраецца і сярод «правага» электарату. Да 2003 г. «левы бок» быў у лепшай сытуацыі – дзякуючы доўгатрываласьці і моцы галоўнай партыі СЛД. Што да правага спэктру, то тут заўважаецца высокая зьменлівасьць, якая тлумачыцца нестабільнасьцю партыйных кааліцыяў і частымі распадамі правых партыяў.

Слабасьць правых палітычных партыяў тлумачыцца асаблівасьцямі іхнага ўзьнікненьня. Гэта збольшага невялікія партыі бяз моцных сувязяў з грамадзтвам, створаныя «зьверху» якойсьці групай, аб’яднанай супольнай ідэяй ці каштоўнасьцямі, без рэсурсаў і досьведу партыйнага будаўніцтва. У выніку яны характарызуюцца слабой дысцыплінай, недахопам кадраў і схільнасьцю да падзелаў. Посткамуністычныя партыі, асабліва СЛД, якая стала пераемніцай былой кіраўнічай партыі, здолела захаваць большую колькасьць структураў на месцах, засталася масавай (каля 80 тыс. чальцоў у 1998 г.), мае неабходны партыйны досьвед і рэсурсы.

Аднак, нягледзячы на няўстойлівасьць правых партыяў, польская палітычная сцэна мае яскравы і стабільны падзел на правы і левы бакі. З 1989 г. не назіралася спробаў стварыць кааліцыю з прадстаўнікамі супрацьлеглага боку, таксама быў вельмі малы працэнт пераходаў палітыкаў з аднаго лягеру ў іншы. Да таго ж застаецца вельмі стабільны электарат абодвух бакоў. Левыя партыі (перадусім СЛД) прадстаўляюць гарадзкіх і лепш адукаваных выбарцаў. У асноўным, гэта левая інтэлігенцыя, чыноўнікі, былыя партыйцы. Правыя партыі таксама прадстаўляюць гарадзкіх і лепш адукаваных выбарцаў, праўда, гэта, хутчэй, бізнэсоўцы, клеркі, мэнэджары (так званыя «спэцыялісты») і былыя антыкамуністы. Вясковы і менш адукаваны электарат прадстаўляюць радыкальныя папулісцкія партыі, такія, як «Самаабарона», больш рэлігійную і нацыяналістычную частку – «Ліга Польскіх сем’яў» (ЛПС).

З 2002 г. у польскім грамадзтве адбываецца аслабленьне падзелу на посткамуністаў і антыкамуністаў, якое робіцца менш прывязаным да свайго мінулага. Людзей пачынаюць цікавіць праблемы эканамічнага росту і эфэктыўнасьці дзяржаўных інстытутаў, забесьпячэньня сацыяльных стандартаў. Пры гэтым сфармаваны і закасьцянелы падзел палітычнай сцэны як неадпаведны чаканьням выбарцаў выклікае недавер грамадзянаў да палітыкі і палітыкаў увогуле.

Хіба працы Грабоўскай у тым, што прапанаваная канцэпцыя падзелаў не правераная на матэрыялах іншых посткамуністычных краінаў, а яе аўтарка лічыць, што былыя рэспублікі СССР наагул пад яе не падпадаюць. Паводле яе лёгікі, у адрозьненьне ад краінаў Цэнтральнай Эўропы, якія «будавалі камунізм» толькі 45 гадоў, былыя рэспублікі СССР пры камунізьме жылі даўжэй і таму тут посткамуністычны падзел мае быць мацнейшы. Сучасныя дасьледаваньні гэтага не паказваюць.

Галоўная ж выснова з кнігі для беларускіх палітолягаў – неабходна больш увагі зьвяртаць на «мясцовыя» ці «народныя» ляндшафты, то бок на працэсы, што ідуць у грамадзтве, а не займацца выключна ідэалёгіяй – зборам абстрактных, шмат у чым дактрынальных ідэалаў.

  (нар. у 1978 годзе ў г. Маладзечне) – выпускнік факультэту палітычных і адміністрацыйных навук Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту, дактарант Школы прыкладных гуманітарных навук пры Інстытуце сацыялёгіі і філязофіі Польскай акадэміі навук. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – аналіз «Навукоўцы ў люстэрку ідэалёгіі» (3/2005).





























1 Міраслава Грабоўская (Mirosława Grabowska), доктар сацыялёгіі, выкладчыца Інстытуту Сацыялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, сябра-заснавальніца Інстытуту дасьледаваньняў асноваў дэмакратыі (Instytut Badań nad Podstawami Demokracji) Варшаўскага ўнівэрсытэту, супрацоўніца Інстытуту палітычных навук Польскай Акадэміі навук.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/14