A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Пісьменнік і Пустэча


Пятровіч (Сачанка) Барыс. Шчасьце быць... Трыпціх, аповесьці, апавяданьні, мроі. Менск: Тэхнапрынт, 2004.

З уласнае ініцыятывы я не стаў бы чытаць «Шчасце быць...», але ў нядаўнім апытанні «Нашай Нівы» кніга выйшла на другое месца. Гэта выклікала цікавасць, падмацаваную міні-рэцэнзіяй Анатоля Івашчанкі:

У творчасьці Барыса Пятровіча – гісторыя пакаленьня літаратараў, што сталіся сьведкамі самаразбурэньня імпэрыі падчас росквіту сваіх творчых сіл. Савецкая рэчаіснасьць, выяўленая найлепшымі прадстаўнікамі гэтага пакаленьня, побач з абсурднасьцю «Залюстроўя» можа набываць адзнакі чароўнасьці. (...) У час, калі большасьць аўтараў у чарговы раз займаліся сьцьвярджэньнем даволі абстрактных ідэалаў «нацыянальнае ідэі», Барыс Пятровіч ствараў свае абстракцыі, намагаючыся выцягнуць белсаўліт-ру на якасна іншы ровень. (...) Для тых, хто шукаў выйсьце праз комін ці акно, ён паказаў дзьверы.

Адразу пасля знаёмства з кнігаю мне хацелася распачаць рэцэнзію на шматстаронкавы том «Шчасця...» гэтак:

Ці ведае шаноўны чытач, як упрыгожваюць іншы раз кнігу тэксты, што дзеля аўтарскае волі засталіся па-за яе межамі? Адсутнасць карацелек і зацемак кшталту вядомых «Піліпікаў» – намер патрабавальнага аўтара выявіцца ў жанрах традыцыйнае аповесці, эсэ ці апавядання, выключэнне «Мрояў» – спроба крытычнага падсумавання ўласнага творчага даробку, адрынутыя «Фрэскі»... На жаль, усе гэтыя тэксты, а таксама шэраг іншых, у разгляданым выданні прысутнічаюць.

Гэта было б эмацыйна, але недарэчна: падбухторванне да перачытвання супярэчыць уражанням.

Можна, зайшоўшы з іншага боку, распачаць пошукі, каму рэкамендаваць кнігу. Але тыя, хто цікавіцца беларускаю літаратураю, хутчэй за ўсё, ужо вызначыліся, пачаткоўцам жа лепш пачынаць з іншых аўтараў. Лепш ужо адкінуць спробы выглядаць першаадкрывальнікам і звярнуцца да тых, хто прачытаў: «А ці заўважылі вы?..»

1

Эстэтычныя пазіцыі аўтара – кідкая, нават найвыразнейшая рыса прадстаўленых тэкстаў. «Шчасце быць...» чытаецца як маніфест уплывовае літаратурнае «партыі», мэта выдання – не толькі пазнаёміць чытача з творамі, а сцвердзіць слушную з гледзішча аўтара пазіцыю. Перад намі ўказальнік: «Гэткай дарогаю рушце, таварышы!» Трапна ўгледзеў А. Івашчанка. На ўказальніку лагічна шукаць пазначэнне кірунку, і рэцэнзент чытае герогліф Б. Пятровіча як «дзверы». Мне падаецца дакладнейшым Сюды! – бо спалучае агітацыйны пафас з недакладнасцю.

Б. Пятровіч па-маякоўску заўзята агітуе за пэўны кшталт літаратуры. Нішто акрамя агітацыйнага імпэту не можа апраўдаць змяшчэнне ў кнізе тэкстаў, відавочна не абцяжараных якім-небудзь іншым зместавым ладункам. У «Фрэсках», «Мроях», нават у «Трызненнях» не знойдзеш запамінальных гістарычных рэаліяў, свежых сюжэтаў, адметных характараў, цікавых партрэтаў. Нават арыгінальнага погляду на жыццё там не знойдзеш. Затое цяжка не заўважыць пераканання аўтара пра першарухавік літаратуры – непазбыўнае імкненне выказацца (або мякчэй – абавязак рэалізаваць свае творчыя памкненні).

Заканамерным вынікам абранае пазіцыі – жорстка абсечаная фізіка існавання герояў і персанажаў. Для персанажаў са старонак «Шчасця быць...» некалькі небагатых на падзеі абзацаў – знакамітае імгненне між мінулым і будучым, усё іхняе быццё. Вобразы існуюць выключна каб праілюстраваць, агучыць канкрэтную думку аўтара. Перагарні, чытач, балонку і забудзься на іхнія адметнасці, бо гэта не людзі, а фантомы, форма мыслення і спосаб выказвання, цені тэзісаў і мэтафары абстракцыяў.

Чалавечыя постаці ў «Шчасці быць...» (выключэннем ёсць хіба героі «ўстаўной навелы» пра Сёмку-Геца) у большасці невыразныя, ролі персанажаў занадта службовыя, каб ацэньваць іх як асобы: няма клёку, каб пратрываць па-за межамі адведзенай старонкі, сфакусаваць на сабе чытацкія пачуцці – абыякава, захапленне ці агіду. Пра герояў Б. Пятровіча не скажаш, што яны, быццам конан-дойлеўскі Шэрлак Холмс, выйшлі з-пад кантролю стваральніка і жывуць уласным жыццём. Не жылі, не жывуць і жыць не будуць. Яны ў лепшым выпадку партрэты («Вера», «Віна») або плакаты, а ў большасці – чалавекападобныя інтэлектуальныя канструкцыі, і ў гэтым сэнсе нашмат бліжэйшыя да Жабы з каляіны, Лісы ці Вароны. Але ў адрозненне ад персанажаў баек героі Б. Пятровіча не ілюструюць нейкі тэзіс, а вымаўляюць яго. Іхняя роля, сэнс існавання ў тэксце – надаць аўтарскаму выказванню фармальна дакладную літаратурную форму.

Шмат якія творы ў «Шчасці быць...» напісаныя, як падаецца, перш за ўсё, з-за цёплых пачуццяў да канкрэтнае літаратурнае «штучкі». Аўтар зачараваны разнастайнасцю і прыхаванаю моццу майстэрства/мастацтва пісання, дасканаласцю, прыгажосцю, магчымасцямі «маўлення на паперы». Ён з асалодаю выпрабоўвае здабыткі стагоддзяў пісьмовай культуры ў мастацкім афармленні свайго маналогу. «Пуціна» або «Мроі» паўсталі ці не выключна дзеля жадання надаць яшчэ адну слоўную абалонку спрытным літаратурным вынаходкам, «Чаканне або зацемкі 1995-га года» можна інтэрпрэтаваць як імкненне ўвесці ў свой рэпертуар сюжэтную схему з добрай радаслоўнай.

Да аднаго з найстаражытнейшых літаратурных інструментаў пісьменнік мае асаблівую любасць. Размовы з містычнымі істотамі дзеля сваёй іманентнай несапраўднасці ёсць цудоўнай нагодаю выказвацца – з захаваннем вытанчанай формы. У выніку, сустрэчаў з прывідамі і дыялогаў з духамі ў кнізе шмат. Можа нават зашмат. Але яны дадаюць прыемнай разнастайнасці да грувасткіх нутраных маналогаў адцягнена-філасофскага зместу, якія аўтар ужывае там, дзе вырашыў абмежавацца матэрыяльным.

2

Час, нарэшце, звярнуць увагу на тое, што, уласна кажучы, Б. Пятровіч гаворыць. Хай сабе гэта не галоўнае для аўтара, і ў жыццёвай філасофіі «Шчасця быць...» няма тае непахіснае вызначанасці, якой характарызуецца эстэтычная пазіцыя, але, тым не менш, пэўны лад светабачання выяўлены з дастатковай падрабязнасцю, глыбінёй і паслядоўнасцю.

Звяртае на сябе ўвагу постаць апавядальніка: сваім нібыта адстаронена-расчараваным поглядам на з’явы жыцця яна прыводзіць на думку вобраз мужчыны сярэдняга веку, які шчэ не пазбавіўся жадання ўзяць ад жыцця найлепшае, але ўжо зразумеў моц абмежаванняў на гэтым шляху і незваротна зняверыўся ў моцы ўласных пачуццяў. Са старонак «Шчасця быць...» да нас не звернецца ані малады летуценнік, ані рамантык-ідэаліст, ані прагматычны цынік.

«Wiek męski wie klęski», пісаў паэта. З гэтага гледзішча лірычны герой, якому наканавана «шчасце быць» – стоадсоткавы macho. Ён выразна адчуў, што чара мае дно, не настолькі эмацыйны і непасрэдны, каб адрэагаваць на што-кольвек бурай пачуццяў, але і няздольны цалкам узняцца па-над адвечнай несправядлівасцю жыцця. Твор за творам разгортваецца перад чытачом панарама жыццёвай Паразы. Гэта не параза дзеянняў, а прэвентыўная, свядомая адмова ад змагання надта прадбачлівага розуму, які загадзя адмаўляецца ад высільвання, бо разлічыў, што шанцаў на перамогу няма.

Захоўваючы, аднак, уласцівае ўсім людзям імкненне да шчасця, чалавек вынаходзіць шчасце, якое нельга страціць. Калі распадуцца ўсе ілюзіі і памруць усе ідэалы, ляснуць усе задумы, спрахнуць апошнія праекты і не застанецца анічога, дзеля чаго варта адарвацца ад сузірання ўласнага пупка, калі ўсе сацыяльныя ролі будуць выпрабаваныя з аднолькава правальным вынікам, захоўваецца адна роля: быць. І шчасце годна граць гэтую ролю – ШЧАСЦЕ БЫЦЬ. На шматлікіх старонках разгортваецца абгрунтаванне паўнавартасці гэткага шчасця, а «Піліпікі» выглядаюць нават спробаю надаць светапогляду статус нацыянальнага характару, парадкуючы сітуацыі, калі герой выяўляе сваё «шчасцебыццё» на падабенства каталога.

Дзеля мэтаў абагульнення да нацыянальных ці агульначалавечых маштабаў Б. Пятровіч смела ўжывае сумнавядомы камбітлушч беларускай літаратурнай кухні – неразбаўлены лірызм. Рэчаіснасць інтэнсіўна «набывае адзнакі чароўнасці», замілаванне тоўстым слоем пакрывае сцэну і дэкарацыі, дзейсна спрычыняючыся да таго, што элементы твора губляюць выразнасць і непаўторнасць кшталтаў. Замест летапісу душы ці аналізу псіхічных станаў з грудзей апавядальніка раз за разам вырываецца замілаваны ўздых, які мае слабую повязь з канкрэтыкай сітуацыі. Тэкст змястоўнасцю пачынае нагадваць дыялог Хлестакова з Пушкіным.

Наймацнейшыя прыклады лірычнае хваробы знаходзім у «Фрэсках-2», дзе саладжавыя ўздыхі сплятаюцца ў дасканалай гармоніі з шаблоннай павярхоўнасцю побытавых замалёвак. Але нават там, дзе Б. Пятровіч дэманструе здольнасць да тонкіх псіхалагічных назіранняў і дакладнага фармулявання думак, д’ябал пераканаўчасці і дэман займальнасці хаваецца ў дэталях.

Калі чытач «сам» вызваляе сітуацыю з жыццёвых падрабязнасцяў, ён верыць у прыдатнасць і каштоўнасць абагульнення, нават калі логіка асэнсавання накінутая аўтарам і чытачу чужая: крыжаванка цікавая, пакуль ніхто яе не разгадаў, і мала хто крыўдуе, калі складальнік пакідае дасціпныя падказкі для лянівых і нецярплівых. Калі ж усе словы ўпісаныя ў клеткі, верагоднасць, што плён пісьменніцкае працы падасца сухой сумнеўнай схемай, імкліва набліжаецца да максімуму. Замест таго, каб стварыць адпаведную нагоду для чытацкіх глуздоў, сп. Пятровіч раз-пораз абірае кароткі пераказ падзеі з шырокімі каментарамі ад уласнай асобы ці праз нутраны маналог героя. Замест таго, каб даць чытачу агледзецца і вызначыцца «самому», ён агрэсіўна прапануе свае эмоцыі, густа здобрыўшы лірызмам у спадзяванні выклікаць пачуццё свойскае цеплыні і агульнага досведу.

Не, сапраўды няварта чакаць прапаноў выходзіць праз вокны. Але цалкам натуральна было б сустрэць у «Шчасці быць...» даследаванне, асэнсаванне, духоўнае ды інтэлектуальнае пераадоленне тае рэчаіснасці, якой лёс прызначыў быць сведкам. Але калі ў колішнім «ЛіМе» Б. Пятровіч бліскуча рэалізоўваў гэтую канцэпцыю ў знакамітых каментарах да падзеяў тыдня, у мастацкай плашчыні гэткая задача ім або не ставілася, або не рэалізавалася. Вастрыё ўвагі і аналітычныя здольнасці пісьменніка сканцэнтраваліся на несацыяльным вымярэнні.

Свядома адрынуўшы шматлікія магчымасці, якія прапануе вывучэнне дачыненняў з наваколлем, самавыяўленне чалавека ў кантэксце канкрэтнай гістарычнай сітуацыі пісьменнік не асягнуў псіхічных глыбіняў, якія апраўдвалі б гэткую адмову. Калі ж ён праяўляе цікавасць да жыццёвай канкрэтыкі («Вера») і гістарычнай эмпірыкі («Віна», апавяданні пра журналіста Максіма), выяўляецца адсутнасць звычкі сумяшчаць уласныя задумы са «знешнім» кантэкстам. І тым не менш менавіта гэтыя тэксты запамінаюцца. Бо ёсць за што зачапіцца думцы.

3

Але нельга лічыць Б. Пятровіча, намесніка старшыні СБП, стваральніка незалежнага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў» і прочая і прочая прыкладам, аматарам ці заўзятарам спосабу існавання, дзе адзінаю ўцехаю было б «шчасце быць». Падаецца, стан прымірэння з жыццёвай паразай трапіў у фокус ягонай прозы ў пэўным сэнсе выпадкова. Бясконца мілы яму працэс выказвання запатрабаваў фармулявання тэзісаў, у прынцыпе, неабавязковых па змесце, але неабходных дзеля рэалізацыі формы: вынік пераканання, быццам жадання выказацца дастаткова для стварэння вартаснага тэксту.

Прыгожа сказаць можна, маючы нешта на ўвазе. Байкападобныя канструкты персанажаў уцелясняюць шляхетныя спосабы выказвання, але змест іхніх маналогаў і дыялогаў цікавіць аўтара значна менш, чым дасканаласць структуры. Другарадная роля абумоўлівае выбар па прынцыпе найменшага высільвання, і апалогія малога высільвання робіцца стрыжнявою, а сітуацыя элегічнага прымірэння з перашкодай – галоўным аб’ектам апісання. Але няварта пераймацца! Для аўтара галоўнае не пра што, а як прыгожа, дасканала, разнастайна і стылёва ажыццяўляецца выказванне.

Робіцца зразумелай дзіўнаватая заўвага А. Івашчанкі наконт абстракцыяў нацыянальнай ідэі (з тэкстаў выразна відаць, што нацыянальныя каштоўнасці аўтару зусім не чужыя). Больш: непатрэбнай абстракцыяй выглядае якое заўгодна аб’яднанне людзей. Узнесенае ў вышыні творчае Я апынаецца па-над нявартымі яго акалічнасцямі ў пустаце і самоце. Бо абсалютызуецца выказванне, абсалютызуецца і той, хто выказваецца. Вакол распасціраецца незаселеная платонаўская Пустэча – геніяў мала, а прастора – бясконцая.

Аўтар выказаўся, напісаўшы больш за паўтысячы старонак. Але што ён перадаў чытачу? Цьмянае пачуццё пагарды да рэчаіснасці? Эгацэнтрызм эстэта? Снабізм гуманітарыя? Пачуццё адсутнасці цвёрдай апоры, уласцівае творцу, які піша на мове з незайздросным лёсам? Адчуванне нутранай самадастатковасці працы са словам? Нават бліскучая форма не перавесіць слабасці матэрыялу і амаль эгаістычнай абмежаванасці задумы. Вынік назіранняў пісьменніка за жыццём прэзентуецца, мякка кажучы, сціпла. Самы заўзяты апалагет, пазнаёміўшыся са «Шчасцем быць...» не навесіць сп. Пятровічу біркі летапісца эпохі: ён выглядае нашмат больш пераканаўча як прыхільнік пэўнай літаратурнай традыцыі, чымся як носьбіт цікавага жыццёвага досведу. Ён валодае словам і піша тое, што хоча напісаць. Але подых Пустэчы адчуваецца ў фінале ці не кожнага тэксту са «Шчасця быць...».

Якія ж дзверы прапанаваў Б. Пятровіч, і ў якія вокны спрабавалі выйсці іншыя? Калі лічыць савецкі літаратурны працэс у Беларусі хатаю, шмат хто падчас і пасля крушэння СССР шукаў з яе выйсця. Барыс Пятровіч сапраўды паказаў дзверы: традыцыі асобных плыняў заходняга прыгожага пісьменства. Працягваючы метафару, разумнейшымі выглядаюць дзівакі, якія, згодна з візіяй А. Івашчанкі, адраджаюць «абстрактныя ідэалы» нацыянальнае ідэі і не спяшаюцца выходзіць у дзверы еўрапеізацыі. Выйсці ў прапанаваным кірунку яны могуць, але рызыкуюць застацца сам-насам з Пустэчаю. Народу (а гэта ўсё ж і крыніца творчасці, і легітымацыя існавання і, што б хто ні казаў, аўдыторыя) да прапанаваных каштоўнасцяў трэ’ ісці нейкім іншым шляхам, і гэты кірунак не згадваецца ў «Шчасці быць...».

  крытык літаратуры, публіцыст. Яго апошняя вялікая публікацыя ў «ARCHE» называлася «Асаблівасьці каляніяльнай сацыялізацыі» (1/2005).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07