A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  АНДРАНІК АНТАНЯН

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андранік Антанян
Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы


Turonek Jerzy. Książka Białoruska w II Rzeczy Pospolitej. 1921–1939. – Warszawa: Slawistyczny Ośrodek Wydawniczy (Prace Slawistyczne; 109), 2000. – 79 s.


Гісторыя беларускага друку ў міжваеннай Рэчы Паспалітай да сёньня зьяўляецца ці ня самай белай плямай на старонках беларускай рэтраспэктыўнай бібліяграфіі. Да сярэдзіны 1980-х гг. не магло быць і гаворкі пра вядзеньне падобнай працы ў СССР (выхад у 1949 г. у Вільні бібліяграфічнага даведніка В. Абрамавічуса «Библиография белорусских периодических изданий: 1861–1944», відавочна, трэба трактаваць як цуд зь мінімальнай верагоднасьцю паўтарэньня). Напэўна, менавіта з гэтай прычыны праца віленскага бібліёграфа так і не ўвайшла ў сталы навуковы абарот дасьледнікаў гісторыі беларускага друку. Як ні парадаксальна, але разам зь неаднаразовай зьменай цэнзурных, ідэалягічных і іншых умоваў існаваньня беларускай навукі, гэтае становішча не было выпраўленае.

Біябібліяграфічы слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» (1992–1995) уражвае сваёй манумэнтальнасьцю, але ўсё ж ня мае права прэтэндаваць на статус грунтоўнага выданьня. Дастаткова заўважыць, што ў ім былі амаль абыдзеныя ўвагай публікацыі, якія пабачылі сьвет на тэрыторыях, акупаваных Нямеччынай падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта тычыцца ня толькі прыжыцьцёвых публікацыяў аўтараў, чыя рэпутацыя магла быць падмочаная ўяўным «калябарацыянізмам», але і тых пісьменьнікаў, якія ў часе вайны ўжо былі ў лепшым сьвеце і ніякім чынам не маглі паўплываць на лёс сваіх твораў. Аднак асноўныя хібы гэтага выданьня выкліканыя ня толькі і ня столькі ідэалягічнымі бар’ерамі, пра якія падрабязна апавядае ў сваіх успамінах Адам Мальдзіс1 , але тым, што ў працы над слоўнікам бралі ўдзел аўтары зь вельмі розным узроўнем кваліфікацыі, эрудыцыі, урэшце, культуры. З пазыцыяў сёньняшняга дня гэтае выданьне можа трактавацца хіба як помнік. Але помнік не беларускай літаратуры ці беларускай кнізе, а помнік беларускаму савецкаму літаратуразнаўству. Толькі гэтым можна і растлумачыць той факт, што па выхадзе гэтага выданьня ані Інстытут беларускай літаратуры, ані выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» не былі заўважаныя ў выпуску бібліяграфічных даведнікаў ці дасьледаваньняў у галіне гісторыі беларускай кнігі. Самыя грунтоўныя кнігі ў галіне рэтраспэктыўнай бібліяграфіі, якія былі выдадзеныя на працягу апошніх гадоў (за выключэньнем, хіба, бібліяграфічнага паказальніка «Газеты Беларусі, 1776–1975»2, падрыхтаванага нацыянальнай Кніжнай Палатай), былі створаныя па-за межамі інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук РБ і кабінэтаў выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя»3.

  журналіст, эсэіст, дасьледнік літаратуры. Магістар філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. Дэбютаваў у «ARCHE» пазалетась эсэ «Зьніклая Вільня»;.
   
Таму выхад дасьледаваньня Юр’я Туронка ў выдавецтве Інстытуту славістыкі польскай Акадэміі навук, а таксама той факт, што яно так і не дачакалася грунтоўнай рэцэнзіі, зусім не выбіваюццца ані з кантэксту, ані з традыцыі вывучэньня гісторыі беларускай кнігі.

Аб’ектам дасьледаваньня Юры Туронак абраў беларускія выдавецтвы, якія працавалі ў міжваеннай Польшчы. У прадмове аўтар адмыслова абгаворвае адсутнасьць у каталёгу пэрыёдыкаў (часопісаў, гадавікоў, календароў), улётак, унутраных выданьняў грамадзкіх арганізацыяў, рэклямных каталёгаў беларускіх кнігарняў (с. 10–11).

У аналітычнай частцы працы разглядаюцца наступныя аспэкты гісторыі беларускай кнігі: панарама выдаўцоў, тэматычная структура выданьняў, аб’ёмы і наклады кніг, канфіскаты, чытацкая аўдыторыя, прыводзіцца сьпіс псэўданімаў і крыптанімаў, а таксама кароткая гісторыя агоніі беларускай выдавецкай дзейнасьці ў Вільні. У дадатку прыведзены сабраны аўтарам кнігасьпіс, у якім, на вялікі жаль, выходныя зьвесткі пададзеныя ў польскай транскрыпцыі, з асобным пазначэньнем альфабэту, якім была надрукаваная тая ці іншая кніга. У выпадку з кірыліцай – cyr, для «лацінкі» – lat. Гэта стварае пэўныя нязручнасьці пры карыстаньні.

У кнізе відавочны несыстэмны падыход да фіксаваньня псэўданімаў. У зборным каталёгу кнігі Канстанціна Міцкевіча, выдадзеныя за подпісам «Тарас Гушча», фігуруюць пад яго найбольш вядомым псэўданімам «Якуб Колас» (с. 60, 66), «Areљиycha» трапіла стаць «Ożeszko» (с. 68), што не зусім карэктна. Кнігі, выдадзеныя без пазначэньня аўтарства, хоць стваральнік іх вядомы, у кнігасьпісе, тым ня менш, ніяк не пазначаюцца. Так адбылося з кнігай Сяргея Паўловіча4 «Пазашкольная асьветная і культурная праца Таварыства Беларускай Школы» (с. 67), а аўтарам рамансу «Лугам, лугам зеляненькім» (с. 66) зьяўляецца віленскі кампазытар Канстанцін Галкоўскі.

  1 Мальдзіс А. Асэнсаванні. / Новы Час. 2003. № 9 (14).

2 Газеты Беларусі, 1776–1975: Рэтрасп. бібліягр. паказ. / Нац. кн. палата Беларусі. [Склад. Л. М. Няхайчык і інш.; навук. рэд. В. У. Скалабан]. – Мінск: НКП Беларусі, 2003. – 316 с.

3 Гл., напр.: Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). – Менск, 2002. – 144 с.; Кіпель З., Кіпель В. Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе: Бібліяграфія. – Нью Ёрк – Менск: БІНіМ, 2003. – 584 с.; Кіпель В., Саўка З. Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі: Бібліяграфія. – Нью Ёрк – Менск: БІНіМ, 2001. – 570 с.

   
Найбольшую цікавасьць выклікае зроблены аўтарам статыстычны аналіз беларускай выдавецкай справы ў міжваеннай Польшчы і ступень распаўсюджанасьці беларускай кнігі сярод чытачоў у Заходняй Беларусі (с. 43–46, 49–51). Сухая мова лічбаў ня можа не шакаваць чытача, слаба знаёмага з заходнебеларускай спэцыфікай. Паводле аўтарскіх падлікаў, на працягу 1921–1939 гг. было выпушчана каля 500 тыс. асобнікаў кніг на беларускай мове, і, адпаведна, на кожнага беларуса прыпадала ад 1/4 да 1/2 экзэмпляра за ўвесь без малога дваццацігадовы пэрыяд.

Wilno (14K) Разумеючы прыблізнасьць такіх падлікаў, тым ня менш, мушу адзначыць, што яна магла быць крыху больш адпаведнай рэчаіснасьці, калі б у распараджэньні аўтара былі ня толькі беларускія кнігазборы ў Польскай Рэспубліцы і прыватных калекцыянэраў (відаць, таксама з Польшчы) (с. 10). Зводны кнігасьпіс, сабраны Юр’ем Туронкам, далёкі да паўнаты, але назваць гэта «заганай» у мяне не падымецца рука, бо добра разумею, што размовы пра «поўную бібліяграфію» маюць тое самае паходжаньне, што і разважаньні пра Рай на Зямлі.

Міма дасьледніка таксама прайшоў той факт, што, прынамсі, у сярэдзіне 1920-х гг. на беларускім кніжным рынку Заходняй Беларусі была даволі шырока прадстаўленая прадукцыя замежных выдавецтваў. Напрыклад, у рэклямным каталёгу Беларускага выдавецкага таварыства, выдадзеным, верагодна, напрыканцы 1924 г., з 183 прадстаўленых кніг – 83 (амаль 45 %!) былі прадукцыяй выдавецтваў БССР і Літоўскай Рэспублікі5. Яшчэ цікавейшая сытуацыя была з часопісамі: з 14 анансаваных тытулаў толькі 5 мелі заходнебеларускае «паходжаньне»6.

  4 Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. Кн. I. – Вільня, 1933. с. 209.

   
Беларуская кніга з другой Рэчы Паспалітай таксама мела даволі шырокі распаўсюд на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі. А таксама тое, што прадукцыя беларускіх выдавецтваў Латвіі адносна бесьперашкодна трапляла ў Заходнюю Беларусь. Наагул, аспэкт цыркуляваньня на тэрыторыі Польшчы беларускіх кніг замежных выдавецтваў разгледжаны аўтарам слаба.

Яшчэ больш няясная сытуацыя з выданьнямі, якія выходзілі ў міжваеннай Літве з пазначэньнем фальшывых выходных зьвестак. У сваім дасьледаваньні Юры Туронак падае, што такіх кніг на працягу 1921–1922 гг. выйшла 20 (с. 11). Цяжка сказаць, адкуль узялася гэтая лічба, але выглядае, што беларускія кнігі зь фіктыўнымі выходнымі зьвесткамі выдаваліся ў Літоўскай Рэспубліцы і ў 1923 г., а затым яны выходзілі ў другой палове 1930-х гг.

Канечне, у міжваеннай Польшчы рэгістрацыйная бібліяграфія была пастаўленая не на самым высокім узроўні, а адзіная грамадзкая арганізацыя ў Заходняй Беларусі, якая магла б узяць гэтую ношу, – Беларускае навуковае таварыства ў Вільні – ня мела ні магчымасьцяў, ні кваліфікаваных кадраў, ані хоць бы энтузіястаў для сталага выкананьня падобнай працы. Гэтыя акалічнасьці, вядома, не спрыялі працы дасьледніка, аднак толькі гэтым не патлумачыш тое, што ў зборны сьпіс (с. 58–79) ня трапіла кніга Ўладзімера Дубоўкі «І пурпуровых ветразей узьвівы», выдадзеная рэдакцыяй часопісу «Калосьсе», якая ня толькі добра вядомая беларускім дасьледнікам гісторыі кнігі7, але і анансавалася ў тагачасным пэрыядычным друку.

  5 Каталёг Беларускае Кнігарні (Беларускага Выдавецкага Таварыства). Выданьні 1922–1924. – Вільня, б. г. – 15 с.

6 Ibid. с. 14–15.

   
Арытмэтычнае параўнаньне колькасьці выдадзеных кніг на беларускай мове на працягу 1921–1939 гг. у Заходняй Беларусі і ў БССР наўрад ці можна назваць удалым. У Заходняй Беларусі гэтая сфэра дзейнасьці была ачолена грамадзкімі арганізацыямі, якія звычайна мелі абмежаваныя фінансавыя магчымасьці, вельмі сьціплы (у параўнаньні зь дзяржаўным) уплыў на насельніцтва рэгіёну, да таго ж у сваёй дзейнасьці яны цярпелі ўціск як з боку дзяржаўных, так і недзяржаўных установаў. Нягледзячы на кароткачасовасьць гэтак званай «беларусізацыі» ў БССР, пэўны час беларуская мова абслугоўвала ці ня ўсе сфэры грамадзкага жыцьця – з аднаго боку, з другога боку – дзяржава мела даволі шырокія каналы дзеля распаўсюду кнігі і актыўна зь іх карысталася, асабліва не зважаючы на рэнтабэльнасьць выдавецтваў. У міжваеннай Польшчы беларуская мова, нягледзячы на ўсе прыгожыя праекты часоў станаўленьня Польскай дзяржавы, была брутальна выштурхнута на ўзбочыну грамадзкага жыцьця і, адпаведна, абслугоўвала вельмі вузкія яго сфэры, што адмоўна паўплывала і на колькасьць чытачоў, і на актыўнасьць беларускай інтэлігенцыі ў кнігавыдавецкай сфэры.

Wilno_sw_Anna (37K) Таксама ня трэба абыходзіць увагай тое, што кніга сама сабой (у тым ліку і беларуская) у Беларусі першай паловы XX ст. не трактавалася ані чытачамі, ані выдаўцамі як нейкая самадастатковая каштоўнасьць, рэч, уладаньне якой можа падкрэсьліць твой сацыяльнай статус (як было ў часы гэтак званага савецкага «кніжнага буму» 1960-х – 1980-х гг. XX ст., які захапіў і Беларусь). Рэч нават не ў татальным браку грошай у беларускай вёсцы і ў беднасьці гарадзкога насельніцтва нашага рэгіёну. Кніга разглядалася перадусім як мэтадычны сродак у школьнай і грамадзкай працы. І пашырэньне трактавалася як непазьбежны спадарожнік актыўнасьці грамадзка-палітычных і культурніцкіх арганізацыяў . Кажучы простымі словамі, калі ў вёсцы не было свайго харавога гуртка, то й пільнай патрэбы ў рэпэртуарнай літаратуры таксама не магло ўзьнікнуць. Калі беларускае школьніцтва Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. было зьведзена да стану экзатычнага дзівацтва, то на мэтадычную літаратуру таксама не магло ўзьнікнуць сталага попыту. Сьведчаньні гэтага мы можам знайсьці ў табліцы на с. 25–26, у якой пададзеныя зьвесткі паводле колькасьці тытулаў на год. Найбольшая кнігавыдавецкая актыўнасьць назіраецца ў 1921 г. (34 тытулы), зьвязана гэта найперш з актыўнасьцю на школьным фронце, другі ўсплёск прыпадае на 1926–1929 гг., на ўздым Грамады і культурніцкіх арганізацыяў. Беларуская кніга, у адрозьненьне ад пэрыядычнага друку, ня мела ў паўсядзённым жыцьці (ня важна, гарадзкім ці вясковым) вялікага ўтылітарнага значэньня, і яе распаўсюджанасьць можа сьведчыць адно пра становішча беларускіх культурніцкіх ці палітычных арганізацыяў. Таму гэтыя лічбы хіба толькі ўскосна адлюстроўваюць пашыранасьць беларускага друкаванага слова ў міжваеннай Польшчы. Ускоснае пацьверджаньне гэтага тэзісу мы знойдзем і ў мэмуарах Янкі Багдановіча, які на працягу доўгага часу працаваў у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны, дзе даволі падрабязна расьпісаная праца над пэрыёдыкамі і асабліва адрыўнымі календарамі (якія, дарэчы, выходзілі статысячнымі накладамі), а кнігі ўзгаданыя адным абзацам8.

  7 Гл., напр.: Беларускія пісьменнікі: 1917–1990. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. с. 185–186.

   
Ня варта забывацца й на тое, што беларускія кніжкі вельмі рэдка зьмяшчалі абсалютна невядомы альбо новы для чытача зьмест. Тэксты, якія выходзілі асобнымі выданьнямі, звычайна ўжо былі добра вядомыя праз публікацыі ў пэрыядычным друку, якія, як правіла, адбываліся літаральна напярэдадні зьяўленьня асобнага выданьня. Усё ж варта прызнаць, што ў 1920-я – 1930-я гг. у Заходняй Беларусі асноўным і адзіным рэгулярным каналам пашырэньня беларускага слова служыў пэрыядычны друк, а роля кнігі была і трактавалася сучасьнікамі як дапаможная.

Прыблізна такія самыя тэндэнцыі можна прасачыць, аналізуючы статыстыку літоўскага друку ў міжваеннай Польшчы, чые ўмовы існаваньня ў пэўнай ступені супадалі зь беларускімі. Калі штомесячна на Віленшчыне выкуплялася блізу 23 тысячаў асобнікаў пэрыёдыкаў на літоўскай мове9 (шляхам нескладаных арытмэтычных апэрацыяў можна параўнаць гэтыя лічбы зь сёньняшнімі накладамі незалежных выданьняў на беларускай мове ў Рэспубліцы Беларусі, і параўнаньне ня будзе на нашу карысьць). Але, у той жа час, колькасьць кніжных тытулаў, выдадзеных на літоўскай мове ў міжваеннай Польшчы (малаверагодна, што іх наклады значна пераўзыходзілі беларускія), не перавышала і двух дзясяткаў на год10.

  8 Багдановіч Я. На жыццёвым шляху. – Мінск, 1992. с. 93.

9 Kairiūkštytė N. Vilniaus Vadavimo Sąjunga. 1925.04.26 – 1938.11.25: Istorinė apybraiža. – Vilnius, 2001. P. 198.

   
Аналізуючы зьвесткі, прыведзеныя ў дадатку да гэтай рэцэнзіі, адразу кідаецца ў вочы, што найбольшыя прагалы ў прыведзенай у працы Ю. Туронка бібліяграфіі прыпадаюць на пачатак 1920-х гг., а найбольш «пацярпелымі» тэматычнымі групамі сталі грамадзка-палітычныя выданьні і школьная мэтадычная літаратура. Зьвязана гэта, у першую чаргу, з тым, што школьная дапаможная літаратура даволі часта перавыдавалася з той прычыны, што «тэрмін жыцьця» кніг дадзенай катэгорыі ў разы меншы, чым у астатніх выданьняў, якія пабачылі сьвет у абраным дасьледнікам гістарычным пэрыядзе, таму прасачыць кожнае перавыданьне таго ці іншага падручніка на сёньня задача складаная. Тым больш, што сучасьнікамі факт перавыданьня таго ці іншага падручніка не трактаваўся як падзея, вартая ўзгадкі на старонках пэрыядычнага друку. Таксама ня трэба забывацца на тое, што ў 1930-х гг. частка друкаў, прызначаных для Віленскай беларускай гімназіі, множылася літаграфічным спосабам невялікімі накладамі і выпускалася з грыфам «на правох рукапісу», таму і не трапляла ў афіцыйны бібліяграфічны ўлік.

Другая «пацярпелая» катэгорыя – актуальная і прапапагандысцкая палітычная літаратура. Кнігі гэтай тэматычнай групы выходзілі часта, у абсалютнай большасьці выпадкаў яны былі забясьпечаныя фінансаваньнем (ня важна, ці гэта прыватныя ашчаджэньні паслоў сойму, дзяржаўны бюджэт ці грошы замежных структураў). Асобныя выданьні прамоваў соймавых беларускіх паслоў зьяўляліся часта, распаўсюджваліся безь якіх-кольвек абмежаваньняў, бо былі абаронены статусам афіцыйнай стэнаграмы паседжаньня сойму, аднак адначасова яны мала цікавілі як рэцэнзэнтаў, так і складальнікаў бягучай бібліяграфіі. Зрэшты, і кніжных калекцыянэраў таксама.

Усе пералічаныя заўвагі ня могуць перакрэсьліць таго факту, што праца Ю. Туронка ёсьць першым грунтоўным дасьледаваньнем гісторыі беларускай кнігі ў міжваеннай Польшчы, і яна можа і павінна стаць каштоўным дапаможнікам для дасьледніка гісторыі гэтага пэрыяду. А таксама тое, што кніга гэтая заслугоўвае беларускага выданьня, папраўленага і дапоўненага.

ДАДАТАК

1921

Лёсік Я. Нашая крыніца. – Вільня: I, Беларуская школьная рада, Друкарня «Віленскага выдавецтва», 1921. – 107 с.

Краўцоў М. Рада Беларускай народнай Рэспублікі. – Вільня: V, «Беларускі Звон», Друкарня Б. Клецкіна, 1921. – 32 с.

Краўцоў М. Усебеларускі Зьезд 1917 г. – Вільня: «Беларускі звон». Друкарня Б. Клецкіна, 1921. – 32 с.

1922

Смоліч Аркадзь. Географія. ч. II. Выд. 2-е. – Вільня: Віленскае беларускае выдавецтва Б. Клецкіна, 1922. – 367 с.

1923

Манцэвіч М. Як залажыць спажывецкі коопэратыў. – Вільня: Друк Я. Левіна, [пасьля 1923]. – 14 с.

1926

Stankievič A. Pramova Pasła ks. Ad. Stankieviča u Sojmie 24.IX.26. – [Вільня]: V, Biełaruskaja drukarnia imia Skaryny, 1936. – 16 s.

Гарэцкая Л. Родны Край. Першая пасьля лемантара кніжка да чытаньня. Выд. 4-е. – Вільня: Беларускае Выдавецкае таварыства, Беларуская друкарня імя Францішка Скарыны, 1926. – 95 с.

Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускае сялянска-работніцкае грамады. – Вільня: Друкарня Левін і сын, 1926. – 83 с.

Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускае сялянска-работніцкае грамады. Друкарня «Левін і сын», 1926. – 50 с.

1927

Гарэцкая Л. Родны Край. Трэцяя і чацьвертая пасьля лемантара кніжка да чытаньня. – Вільня: Таварыства Беларускае Школы, Друкарня Клецкіна, 1927. – 208 с.

Закон аб выбарах да гмінных самаўрадаў. – Вільня: Цэнтральны Беларускі Нацыянальны Выбарны камітэт на Віленшчыну і Наваградчыну, Друкарня Яна Баеўскага, 1927. – 16 с.

1928

Катэхізм для сяброў Царквы Мэтадыстаў, зьмяшчаючы збор хрысьціянскіх дактрынаў. – Вільня: Місія мэтадыстаў, Друк Я. Левіна, 1928. – 120 с.

1929

Беларускія (крывіцкія) казкі / Я. Станкевіч. – Вільня: Друкарня «Lux», 1929. – 48 с.

Biełaruskija relihijnyja pieśni. Выданы на правох рукапісу. – Вільня: Беларуская друкарня імя Ф. Скарыны, 1929. – 23 с.

Мэморыял Беларускага Пасольскага клюбу ў Лігу Народаў. – Вільня: Беларускі пасольскі клюб, Беларуская друкарня імя Ф. Скарыны, 1929. – 8 с.

1930

Наваградшчына у 1926–1930 гг. – Наваградак: Безпарцейны Блёк спаўпрацы з Урадам, Друкарня Wydziału Powiatowego w Nowogródku, 1930. – 14 с.

Рай на зямлі. – Наваградак: Безпарцейны Блёк спаўпрацы з Урадам, Друкарня Wydziału Powiatowego w Nowogródku, 1930. – 24 с.

1933

Машара М. Вось тут і зразумей. Драматычны абразок у 2-х адслонах. – Вільня: Таварыства Беларускай Асьветы, Друк Я. Левіна, 1933. – 29 с.

1934

Маршалак Язэп Пілсудскі ў Вільні й на Віленшчыне. – Вільня: Выдавец «Dzieńnik Urządowy», Друк Я. Левіна, 1934. – 96 с.

1935

Хвялоўскі З., Шайер В., Тарскі А. Геомэтрыя. Падручнік для ІІІ клясы гімназіяў / Пер. Р. Астроўскага, (на правох рукапісу). – Вільня: Выданьне беларускай філіі дзяржаўнае гімназіі імя Ю. Славацкага, 1935. – 164 с.

Зыдлер. І. Геомэтрыя. Падручнік II клясы гімназіяў. – Вільня: Выданьне беларускай філіі дзяржаўнае гімназіі імя Ю. Славацкага, 1935. – 62 с.

1936

Аўэрбах М. і Дамброўскі К. Слоўнік да Disce Latine. Падручнік для ІІ кл. гімназіяў /Пер. Анцукевіча М., (на правох рукапісу). Вільня: Выданьне беларускай філіі дзяржаўнае гімназіі імя Ю. Славацкага, 1936. – 44 с.

Кіта Б. Трыгонамэтрыя. Падручнік для VII і VIII клясаў гімназіі. Компіляцыя па Златчынскаму і Войнову. – Вільня: Выданьне беларускай філіі дзяржаўнае гімназіі імя Ю. Славацкага, 1936. – 119 с.

1937

Našaja praca. Padručnaja knižka dla trejciaje klasy pačatkovych škołaŭ. – [Львоў]: Państwowe wydawnictwo książek, Druk Towarzystwa Naukowego im. Szewczenki, 1937. – 160 s.

Śpieŭnik biełaruskich narodnych pieśniaŭ. – Wilnia: Narodnaja Knižnica, I, 1937. – 32 s.

1939

Дубоўка У. І пурпуровых ветразей узьвівы. – Вільня: Калосьсе, Беларуская друкарня ім. Ф. Скарыны, 1939. – 31 с.

Інж. В. Б. Сакрэт Ураджаю, або якім насеньнем засяваць і як яго на сяўбу загатаўляць / Пер. А. К. – Вільня: Выданьне «Самапомачы», 1939. – 46 с.

  10 Makauskas B. Vilniojos Lietuviai 1920–1939 metais. – Vilnius, 1991. P. 10
   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/05