A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Бацюкоў
Уся праўда пра горад Бобер
Апавяданьне


2005-ты год, вясна, ціхмяны ўсходнебеларускі гарадок пад сінім-сінім не- бам, і – стрэл з «Вальтэра», кроў на драўлянай падлозе. Ад удару кулі цела ўздрыгвае ў крэсьле і мякка асядае. Аслабелая рука выпускае фатаздымкі. Агаломшаны хлапком ад стрэлу, я бачу гэта, яшчэ нічога не ўсьведамляючы, таму і дзірка ў кашулі, і кроў зь яе, і асяданьне забітага – у першыя імгненьні, не абцяжараныя ніякім сэнсам, падобныя да спэктаклю. Застаючыся недзе па-за сьвядомасьцю яшчэ сэкунду пасьля стрэлу, я азіраюся. Прабітае куляй акно трэснула павуцінкай, твар забойцы ня бачны. Толькі цяпер першыя кроплі крыві зрываюцца з набрынялага крэсла на падлогу. Спачатку цяжкія, густыя ўдары вільгаці аб дрэва, затым вільгаць люпае ў вільгаць. Цёмна-карычневыя пырскі прыцерушылі верхні фатаздымак.

Я паглядзеў спачатку на здымак. Затым на апэратара. Затым назад на картачку і толькі цяпер пачаў разумець усё няяснае, зашыфраванае дагэтуль. Вузел распусьціўся сам сабой амаль без майго ўдзелу, бо дзеля таго, каб разьвязаць яго раней, трэба было ня быць часткай гэтага вузла. А я быў.

Пачыналася ўсё досыць будзённа, наколькі будзённаю можа быць рэальнасьць тэлежурналіста. Выезд у далёкі, на мяжы з Расеяй гарадок. Наша задача – зьняць прызямленьне паветранага шара. Рэпартаж мусіць быць жалезна – пазыцыя рэдакцыі непахісная. У нас такога яшчэ не было. Два старыя бразыльцы паветрам перасякаюць Эўропу і не абмінаюць Беларусі. «Чаму менавіта ў Боберы яны сядуць?» – пытаюся начальніка аддзелу. Той адказвае шчыра і ёміста, але я ня ў моцы перадаць яго словы.

Акрамя пералётчыкаў, нам у плечы сунулі тэму «Вызваленьне Боберу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» для аналітычнай праграмы «Рэгіён». У ліхаманцы веснавых юбілейных сьвятаў ім трэ было забіць этэр ваеннай рубрыкай. Адказны рэдактар, прабягаючы паўзь мяне ў калідоры, паведаміў сутнасьць – успаміны вэтэранаў, даты і лічбы, ура-нашым-патэтыка. «Толькі пішы так, – дадаў ён мне потым, прабягаючы ў адваротны бок, – каб шэсьць-сем тэлегледачоў дзіка кончылі ад твайго рэпартажу».

У дарозе мне было даволі цяжка, увесь час пражыла піць і ніяк не маглося заснуць. На нейкі момант высьветлілася, што мы едзем ня той дарогай, бо праехалі гарады, зусім ня злучаныя міжсобку нашай шашой. Аднак нягледзячы на гэта, хутка нам сустрэўся ўказальнік «Бобер». У прыдарожнай краме я купіў кефіру. Беленькая старая прадавачка зрабіла цішэй магнітафон – шыпеньне заглынула «Модэрн Токінг» амаль па горла, – паказала на халадзільнік каля ўваходу. Яна прапанавала мне ўзяць пакет самому і прысела на крэсла за прылаўкам, адначасова выкручваючы Дытэра Болена на паверхню з бурбалак радыёстракаты.

На нашай «Волзе» на дзьвярах кіраўніцтва здагадалася вывесьці вялікія сінія літары «тэлеканал М-1». Так што пакуль я вяртаўся да машыны, побач зь ёй ужо чакаў мяне высокі бялявы мужчына ў пінжаку наверх на швэдрык. На другім баку дарогі стаяў яго службовы джып з танаваным шклом.

– Добры дзень! – першым пачаў я, разумеючы ўжо, што, як і паўсюль пры такіх сустрэчах на сяле, ён акажацца мясцовым начальнікам якога-небудзь упраўленьня і пачне распытваць, што мы здымаем.

– Добры дзень, я начальнік упраўленьня ідэалёгіі райвыканкаму! – рука мяккая, а поціск усё роўна моцны. Я пастараўся сьціснуць далонь так, каб крыху храбуснулі касьцяшкі ягоных пальцаў. Размаўляў ён па-расейску, але з рэзкім акцэнтам задняпроўскіх беларусаў. Цьвёрды «ч», цьвёрды «г» і самы разнастайны «р».

– Слухаю вас.

Адразу пасьля стрэлу за павуціньнем расколін, я чамусьці нейкі час уяўляў сабе менавіта гэтага начальніка ўпраўленьня. Мая сьвядомасьць у тое імгненьне ўпершыню спрацавала на стрэл, і я думаў яшчэ не пра забойства і сьмерць, а жахаўся толькі, што ў момант нашай першай сустрэчы тут, каля крамы, ён ужо трымаў пісталет у бардачку машыны.

– Менавіта пра паветраны шар?

Цень тады яшчэ толькі-толькі напаўзаў на ягоны твар.

– Не. Яшчэ нам трэба зьняць рэпартаж пра вызваленьне вашага гораду. – Ён працягваў уважліва слухаць. – Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Баі, апэрацыя па вызваленьні, успаміны вэтэранаў.

Вось цяпер цень напоўз увесь, але тады яшчэ досыць бяскрыўдны.

– Ведаеце што, – крыху ненатуральна засьмяяўся ён. – Тут ёсьць некаторыя праблемы. Я сам боберскі, адсюль перайшоў у раённае ўпраўленьне. Я мог бы дапамагчы адшукаць матэрыял і людзей. Ёсьць вэтэраны, яны заўсёды выступаюць у нас. Але вы разумееце, яны вельмі старыя людзі. Што яны вам скажуць? І яшчэ ў нас няма музэю.

– Нават пры школках?

– Гэта наша недапрацоўка, я разумею.

Хутка гэтая фраза стане ключавой у нашых адносінах. Аднак першым часам самае страшнае, у чым я падазраваў мясцовых краязнаўцаў – што прадалі ўсе нямецкія каскі і вэтэранскія ордэны калекцыянэрам у Маскву. Пытаюся:

– А дзе ў вас маглі б захавацца якія фатаздымкі?

– Я думаю, што знайду вам стары нумар раёнкі. І вэтэрана. Ён заўсёды выступае.

У гэтыя самыя хвіліны за фіранкай аднаго з дамоў насупраць крамы стаяў чалавек, сэрца і розум якога рыпелі ад сьмяротнай, затаптанай у дзесяцігодзьдзі пылу й сну, нуды. Ён узіраўся, мусіць, у адзін толькі надпіс на нашай машыне, ня бачачы больш нічога ў цэлым сусьвеце. Але гэта не сусьвет звузіўся, проста ў ім дадаўся новы элемэнт, настолькі вабны й навязьлівы, хлусьлівы й выкрывальны, скандальны й патэтычны, настолькі рэальны й ілюзорны, што чалавек зьнямеў і некалькі хвілінаў адно спрабаваў глыбока, зь сіпеньнем удыхаць у сябе смурод свайго старэчага жытла, пыл і водар гарбаты на стале. Пад скронямі біліся й лопаліся пухіры пачуцьцяў, увушшу то рваліся снарады, то падступала ціша, нібыта дзірка ў суквецьці ўсіх магчымых касьмічных гукаў. Прыкладна так стаяў гэты чалавек, пазіраючы на нашу машыну празь фіранку, чытаючы надпіс са студыйным нумарам. Толькі церазь некалькі хвілінаў ягоная рука, яшчэ дрогкая ад усіх думак, ад апошняга двубою рашучасьці й страху, намацае тэлефон.

У той час, калі тэлефонны сыгнал пабяжыць па дратах над нашымі галовамі, на цэнтральную боберскую падстанцыю, затым, па магістральнай лініі, у абласны цэнтар, наша апэратарская група, кіруючы за джыпам галоўнага раённага ідэоляга, рушыла на другі канец гораду. Там, у паўзе перад прылётам паветранага шару мы запішам інтэрвію вэтэрана, «які заўсёды выступае».

Ну, тут, на другім канцы гораду мы з сваім інтэрвію сталі міжвольнымі ўдзельнікамі аднаго з эпізодаў глыбокай чалавечай трагедыі. Скручаная ў вузел праўда вырывалася праз вочы, праз асяданьне голасу, праз правалы ў памяці й блытаніну ў словах, праз рухі, паварот галавы, праз саму постаць гэтага галоўнага героя трагедыі, але мы не заўважылі трагедыі і тут, бо галоўны герой быў і галоўным акторам, і галоўным гледачом, і галоўным рэжысэрам, а больш у цесны змрок ягонай сцэны ніколі не пранікаў ніхто. Вэтэрана, у якога мы бралі інтэрвію, мы з апэратарам Толем першым часам палічылі за старога маразматыка. Ужо ў машыне, па вяртаньні з дому вэтэрана, Толя загуў: «Ну, мляха, ну, яго маць», – ад бясьсільнай злобы пасьля гэткага нечаканага ступару суразмоўцы. Цяпер толькі я ўсьведамляю, з чым канкрэтна мы сутыкнуліся тады, і тое павярхоўна. А калі ўлічыць яшчэ каханьне? Усё ішло супраць нас – падумаў я сьпярша, вось у мяне й выйшла найгоршае інтэрвію за ўсю працу на тэлебачаньні. Па-першае, замінала прысутнасьць ідэоляга – яго, дарэчы, звалі Юр’ем Аляксандравічам Лісіцыным. Па-другое, супраць нас была ўся атмасфэра сустрэчы ад пачатку да канца.

Ідэоляг першым прайшоў на двор, спыніўся ў калідорчыку паміж двума рэдзенькімі платамі, што вёў да дзьвярэй. Вецер дзьмуў цёплы, нічога дзіўнага, што дзьверы былі расхінутымі. Уткнуўшы рукамі ў бакі, Лісіцын паволі азірнуў гаспадарку. Гародзік вэтэрана шырокай падковай ахінаў дом з хляўкамі. Справа, у цяньку пад голымі яшчэ яблынямі завіхалася жанчына. Лісіцын ня клікаў яе, пачакаў, пакуль яна заўважыць нас, падымецца ў поўны рост. Стоячы ззаду за ідэолягам, я заўважыў толькі, як ён лёгка павёў галавой, варухнуўшы губамі. Жанчына так жа лёгка, нават грэбліва кіўнула ўбок, і зноўку апусьцілася на кукішкі. Ідэоляг перавёў позірк у кірунку, паказаным жанчынай, і заўважыў каля сьцяны хляўка, на лаўцы, ссутуленага старога. Сьціснуўшы калені, той падносіў да раскрытага ззаду будзільніка адвёртку і нешта слабенька пакручваў.

– Барыс Пятровіч! – гучна паклікаў Лісіцын і адразу дадаў нам цераз плячо: – Глухаваты. Інтэрвію трэба даць!

Ідэоляг паказаў пальцам на нас, узяў у мяне з рукі мікрафон і патрос ім у паветры. Моўчкі, не зьмяніўшы выразу твару, Барыс Пятровіч кіўнуў. Не чакаючы ад яго іншых рэакцыяў, Лісіцын першым пайшоў у хату. Слухаючы, як ён тупае па пакоях, мы чакалі дзеда на ўваходзе. Барыс Пятровіч паявіўся хутка, абцёр рукі аб штаны і прайшоў міма нас.

– Добры дзень! – пракрычалі мы з Толем яму над вухам.

Дзед крыху прысеў, азірнуўся на нас і кіўнуў у адказ. У залі нас ужо чакаў Лісіцын, закінуўшы нагу за нагу, разглядаючы бліскучы насок свайго правага чаравіка. Толя скамандаваў, каму дзе сесьці, я прымусіў вэтэрана адшукаць у шафе кіцель з мэдалямі. Мэдалі былі адно юбілейныя, ордэн Айчыннай вайны другой ступені на правым баку кіцеля з усіх бакоў абступілі значкі ўдарніка сацыялістычнай працы, ГТО і 250-годзьдзя райцэнтру.

– Назавіце, калі ласка, сваё імя і прозьвішча!

Зноўку крыху спалохана скрывіўшыся, вэтэран спакойна адазваўся Барысом Пятровічам Карацеевым. Пытаньні на трэцім я зразумеў, што чуе ён цудоўна для старога, а глухаватасьць у яго, хутчэй, абарона ад навакольля.

– Я быў прызваны на фронт увосень 44-га году, вадзіцелем у мэхчасьць 602-га гаўбічнага артылерыйскага палка 172-й стралковай дывізіі.

– А калі быў вызвалены ваш горад? – я азірнуўся на Лісіцына.

Той уважліва паглядзеў на мяне і на старога, чакаючы, што адкажа ён. Стары маўчаў, Лісіцын нарэшце выдаў:

– 23 чэрвеня 44-га году.

– Ага, – я мякка, каб не спалохаць дзеда рэзкімі рухамі, выкрасьліў з блякнота фразу «ўдзельнік вызваленьня». – Вы прызываліся адсюль?

– Не, з сваёй вёскі, я нарадзіўся пад Смаленскам. А сюды прыехаў у 58-м годзе, калі ажаніўся з сваёй… жонкай – апошняе слова ён вымавіў неяк няўклюдна.

– Дык вы не былі сьведкам вызваленьня гораду?

– Не, ня быў. Я ваяваў на Прыбалтыйскім фронце, мы вызвалялі Кёнігсбэрг.

– Добра, значыць, можа, раскажыце, што расказвалі вам тутэйшыя жыхары пра вызваленьне гораду?

Пакуты пачаліся адсюль. Марнуючы стужку і дзедавы нэрвы, я выпытваў у яго, як тут што было ў час вызваленьня. Дзед адказваў гучна і блытана, раптоўна змаўкаючы, пераходзячы на лірыку, але шторазу – выключна сьвядома. Лісіцын нечакана спыняў яго: «Раскажыце, як вы юшку варылі». «Пры чым тут ён? – вырвалася ў Толі. – Мы пра горад здымаем».

– Ну хоць штосьці вам вядома пра баі за Бобер, пра вызваленьне?! – нечакана ўзгадваў я пра ягоную глухату і крычаў зноў.

– Да, эта былі шэсьцьдзесят вялікіх лет, – згаджаўся з сабой Барыс Пятровіч.

– Можа, мы возьмем інтэрвію ў вашай жонкі?

Лісіцын абыякава хітае галавой. Дзед паціскае плячмі.

– Яна нічога ня памятае, ёй было гады тры. Я старэйшы за яе.

Беручы на сябе гэтую дробную хлусьню, ён, па сутнасьці, абараняў яе ад таго, на што з такім болем ішоў сам. Магчыма, яна не адчувала б тых жа эмоцыяў, як ён, але гэтага не разумеў ён. Пакутуючы, ён не разумеў, як можна не пакутаваць.

З вэтэрана нарэшце вырвалася абстрактная і зручная фраза: нам было цяжка ўсе тры першыя гады вайны, але немцам у 44-м стала цяжка ўтрая.

– Што ён табе расказаў? Ну што ён табе такога расказаў? – празь дзесяць хвілінаў крычаў на мяне ў машыне Толя, плюючыся ад злосьці.

– Тое, што расказвае заўсёды, – вочы старога дакрычаліся тады да мяне, я не злаваўся на яго, як Толя, а неяк неўсьвядомлена яшчэ шкадаваў.

– Ну, ты хоць бы спытаў штосьці такое, ну я ня ведаю!

Падчас усяго нашага інтэрвію на мой мабільны тэлефон ірваўся іншы крык адной асьмялелай душы. Ужо калі працавала камэра, тэлефон зьвягнуў першы раз. Барыс Пятровіч спыніўся, я похапкам скінуў званок і адключыў трубку. Хвілін дзесяць пасьля гэтага, сэкунда за сэкундай, званкі разьбіваліся аб маўчаньне. Стомленая старая рука ў доме насупраць крамы адпускала дыск і зноўку ўгрызалася ў яго, як толькі з трубкі грала гітара – прабачце, абанэнт часова недасягальны. Нарэшце чалавек за фіранкай адклаў апарат на крэсла, абняў спатнелы лоб далоньмі.

Паветра зноўку не хапала. Каб разарваць смурод рэчаіснасьці, ён у першы раз дастаў фатаздымкі. Ад чорна-белых, дакладней, ад картак, пакрытых усімі пераходамі карычневага ў жоўты, жоўклы – палілося лета 1944-га. Квецень, музыка, крокі, далёкая кананада, водар травы і крыху яшчэ халоднай зямлі. Як моцна хацелася выжыць! Як моцна хацелася жыць! Гэтымі словамі ён сустрэне мяне потым, за некалькі хвілінаў да сьмерці. Проста так, прахрыпіць некуды ўніз, ведучы ў пакой. Апраўдваючыся і апраўдваючы.

На двары, пасьля інтэрвію з вэтэранам, я прыціснуў Лісіцына да сьцяны. Знайдзіце мне старажыла, яшчэ якога вэтэрана. Цяпер. Лісіцын зноўку прамармытаў пра стары нумар раёнкі і нагадаў, што мы павінны сустрэць паветраны шар.

– Заўважце, якім блакітным ёсьць неба, – заўважыў Лісіцын на пасадачным полі праз паўгадзіны.

Гэтым разам у яго вельмі ўдала выйшла па-беларуску, а ад аднаго толькі «ёсьць» хацелася прымружыцца ў асалодзе.

Мы стаялі ўтрох, Толя праціраў аб’ектыў камэры. Машыны засталіся на краі поля, там жа ў засені дрэваў сядзелі школьнікі і некалькі чыноўнікаў. Да мяне не адразу дайшлі ягоныя словы, я ўсё пракручваў «рамштайнаўскае» «Ду, ду хаст міх» – яно раўло ад суседзяў вэтэрана на ўсю вуліцу. У адчыненым акне суседзяў паблісквалі высокія калёнкі, а побач жанчына гадоў сарака палівала кветкі і хістала галавой у такт музыкі. На словы Лісіцына я міжволі адказаў Гайдэгерам:

– Сапраўды, Himmel ist blau. Blauhimmel тут не падыходзіць. Нават мы з вамі залежым ад гэтага неба і ад таго, што яно блакітнае. Яно для нас ёсьць.

– Вы вучылі нямецкую мову?

– Не, ангельскую. І філязофію.

Пастаяўшы хвілінаў пяць, аглядзеўшы магчымыя ракурсы, я пайшоў назад у машыну.

У гэты самы час стары чалавек з фатаздымкамі нарэшце закрываў сваю каробку назад у шафу. Ён хацеў толькі знайсьці іх, каб потым не шукаць, а адарваўся ад здымкаў хіба праз гадзіну. Ён хацеў толькі яшчэ раз іх знайсьці, бо апошнім часам не праходзіла дня, каб ён не раскрываў гэтай каробкі зноў і зноў. Вечарам, часьцей за ўсё вечарам. Так было не заўсёды, і нават не адразу пасьля сьмерці жонкі. Проста пры ёй ён бы ніколі іх не дастаў, і нават не прызнаўся б, што яны ёсьць. І што маглі б быць.

Хаваючы каробку ў шафу, ён ужо без былога энтузіязму яшчэ раз пазваніў мне, пасьля першых акордаў гітары кінуў слухаўку.

Валяючыся ў машыне, высунуўшы нагу ў раскрытую дзьверку, я выпадкам намацаў рукой тэлефон у кішэні і ўключыў.

За хмызамі, кроках у дзесяці ад нас адзін з чыноўнікаў ціха і пагрозьліва нешта загергетаў на школьнікаў. Яны яму крыкнулі ў адказ штосьці пра рускіх і засьмяяліся. З-за хмызоў паявіліся два твары мужчынаў у гадах, на выгляд дырэктары мясцовых школаў. Краем вока я заўважыў, як адзін зь іх папіхнуў яшчэ дваіх чыноўнікаў, якія ляжалі на траве побач і ціха апавядалі адзін адному пра сябе.

Спачатку мне падалося, што гэта сонца зайшло за неспадзяваную хмару, аднак тут жа закрычалі дзеці, а з поля мне засьвістаў Толя. Наш кіроўца Міша падскочыў у сваім крэсьле і прыліп да лабавога шкла: «Да-а-а! Нішто сабе штуковіна!»

Агромністая паласатая кропля праплыла над полем, скінутая з каша вяроўка крыху не дасягала зямлі. Адзін з чыноўнікаў, сярэдняга ўзросту пузан у касьцюме, першым дабег да яе, ускрыкнуў, падскочыў і завіс. Тут жа вяроўку падхапілі другія, трэція рукі.

Пакуль шар асядаў на траву, з валтузьнёй, крыкамі, школьнікі выстраіліся роўненькай лінейкай зьлева ад нашай камэры, збоку ад іх сталі дзяўчаты з кветкамі і незанятыя вяроўкай чыноўнікі.

У кашы сядзелі двое, старая сямейная пара. Я ведаў, што гэта пэнсіянэры, вандроўнікі з Канады. Іхны пералёт Райн–Волга ні да чога не прымяркоўваўся і павінен быў толькі засьведчыць маладосьць душаў.

Пасьля сустрэчы вандроўнікаў, як мы і дамовіліся, Лісіцын павёз нас да сябе дахаты паказаць старыя газэты. Канадзкіх пэнсіянэраў у гэты час павінны былі накарміць і прывесьці ў клюб.

Газэта, якую вынес нам Лісіцын, была выпушчаная яшчэ да трыццацігодзьдзя Перамогі. «Чырвоная зара над Проняй», друкаваны орган райкаму партыі. Партрэт Брэжнева на першай старонцы, зьлева і зьверху – адносна невялікі, хоць пад ім заставалася багата месца. Як я ведаў, у рэдакцыях быў адмысловы загад, каб партрэт Брэжнева не ламаўся выгінам газэты. Артыкул «Як вызвалялі Бобер» завяршаў нумар. Я коратка прабег палосы вачмі. Тут жа разанула – успаміны Барыса Пятровіча Карацеева, вэтэрана. Чорт ведае што такое. «Мы гналі іх і гналі на Захад!» Піянэры заўсёды з удзячнасьцю слухаюць вэтэрана. Затым узгадвае настаўнік нямецкай мовы Боберскай школы. «Бой за горад быў вельмі імклівы, нямецка-фашысцкія захопнікі не пасьпелі арганізаваць доўгатэрміновай абароны, пагэтаму горад не падвяргаўся бамбардзіроўкам і захаваў свае даваенныя помнікі архітэктуры, напрыклад, будынак школы-васьмілеткі».

Фатаздымак на гэтай жа паласе падаўся мне знаёмым – Т-34 з салдатамі на брані. Такі вісеў у абласным музэі, мы амаль на кожны ваенны рэпартаж давалі яго.

Пакуль Толя прыстройваў газэціну на капот машыны, каб зьняць, я адышоў убок, адказваючы на нечаканы тэлефонны званок. Тады, напэўна, Лісіцын і пачуў мой ускрык – «фатаздымкі?»

Сьпешна разьвітваемся з ідэолягам, у машыне крычу «А-га-га! Будзе матэрыял! Толькі што дазваніўся адзін дзед, знайшоў нас цераз абласную студыю. У яго захаваліся ваенныя фатаздымкі. Абяцаў шмат расказаць».

Далёка пасьля стрэлу, мы з Толем глуха зваліліся на падлогу. Рука адчула вільгаць, адпаўзла ад крэсла. Напэўна, ад нашага руху цела дзеда асела зноў і нарэшце папаўзло, нахілілася, і, падаючы галавой уніз, накрыла Толевы ногі. Я інстынктыўна згроб фатаздымкі сабе пад грудзі, задам адпаўзаючы пад ложак ля акна. Толя вытаргнуў ногі з-пад цела і маланкай кінуўся пад стол. У гэтае імгненьне зь дзедавага пінжака нешта грукнула аб падлогу, і з-пад ягоных грудзей бліснула рукаятка пісталету. Страсаючы кроў з картачак, я выцягнуў нагу і паспрабаваў дастаць яго, вылаяўся, дастаў рукой. Мэтал быў цёплы, пісталет прыемна адцягнуў руку. Крутануўшыся на сьпіну, падпоўз пад самае акно.

Тым часам Толя запікаў тэлефонам. Гаварыў, прыкрываючы трубку рукой.

– Алё, міліцыя, тут чалавека забілі! Так, мы сьведкі! Які адрас? – ён азірнуўся на мяне. Я павёў плячыма. – Насупраць прадуктовага магазыну, як заяжджаеш у горад. Як яго звалі? – зноўку да мяне. Я асьцярожна ўспаўзаў па сьцене. Справа была прабітая шыба, зьлева цэлая. Я пакруціў галавой. – Мы не пасьпелі спытацца. Ён стары фатограф. А, вы яго ведаеце?

У левым акне хісталася гольле, крыху жартаўліва прыцярушанае першым лісьцем. Далей плот, сьляды ботаў на кветніку. Магчыма, угледзеўшыся, я пабачыў бы і гільзу.

– Яны зараз прыедуць, – Толя ўжо расслаблена ляжаў, абапіраючыся на адзін локаць.

Я ня мог яму адказаць нічога, бо ў маёй галаве ў гэты час разрываліся некалькі выбухаў, гэта ўсё адно, як даведацца што ваша жонка была зь іншым, гэта складаецца з тысячы дробязяў, і вы ўжо зьлёгку ўсё ведаеце, да ўсяго гатовыя, але раптам вы застаяце іх разам, і тады вы пэўны час глядзіце на гэта ўсё, а галава міжволі пракручвае: ага, у той вечар яна паехала нібыта на рынак, але нічога не купіла і ні на што не папрасіла грошай. А ў гэты вечар у госьці да мамы яна надушылася, а мне яшчэ стала так прыемна ад яе водару. Гледзячы ў акно я перажываў нешта падобнае, і як падмануты муж, абвінавачваў яшчэ і сябе. Так захапіўшыся тэмай вызваленьня Боберу, я прапусьціў асноўнае. Я нават гатовы ўжо быў сам апавесьці тому вэтэрану, як вызвалялі Бобер. Напэўна, бачачы выраз майго твару і як бязвольна апусьцілася мая рука зь пісталетам, Толя зусім спакойна ўстаў і таксама паглядзеў у акно.

Дзесьці праз хвіліну я адышоў і стаў зьбіраць з падлогі фатаздымкі. У вушах зноўку загучалі дзедавы словы. «Я быў зь беларусаў, немцы не трымалі нас за людзей, аднак мая прафэсія ім падабалася, пагэтаму ў сваю эвакуацыю, як яны называлі, яны чамусьці ўзялі і мяне. Гэта потым там паявіліся іншыя нашы людзі, пасьля вайны. Вось той жа вэтэран закахаўся, вы ўжо сустракаліся зь ім? Ён тут як блазан. А сказаць нічога ня можа. Адчувае сам усё, зразумеў сытуацыю ён яшчэ гадах у шэсьцьдзясятых. І ўцякаў, і піў, потым прыпаўзаў да яе, сам бачыў, не магу, кажа, ты мая душа».

– Яны што, нашага Колю ўзялі?

Якія мэханізмы круціліся цяпер у Толевай галаве, я магу адно здагадвацца, аднак, пабачыўшы тое, што бачыў я, ён заўважыў толькі Колю з рукамі за галавой, схіленага і ўткнутага лбом у дзьверцы машыны.

Гэты фатаздымак, зь якога дзед меркаваў пачаць свой расказ, найбольш адліваў бісэрам чырвоных кропляў.

– Толя, нам пі..а, – ціха сказаў я. – У мяне пісталет ёсьць, а ты сабе шукай.

Якім прыгожым здаўся мне Бобер, і як прадказальна я адчуў яго чужым! «Вы заўважылі наш магістрат? – не ўтрымаўся тады, на полі падчас сустрэчы вандроўнікаў, ідэоляг. – Гэта наш самы прыгожы будынак». Ён не дадаў толькі, хто быў у гэтым магістраце бурмістрам. А гэтае «неба ёсьць блакітным»?! А я яшчэ спачатку падумаў, што ён проста па-беларуску няверна падбірае словы! А дзядзькі, што не-не дый гаварылі самі сабе?!

Міліцэйскі козьлік віскнуў каля магазыну. Двое ў бронекамізэльках і з тупа абрэзанымі аўтаматамі падышлі да мужчыны з аўтаматам. Яшчэ некалькі чалавек у цывільным залеглі праз кожныя дваццаць крокаў, я бачыў, як з-за дрэваў ці бардзюру тырчаць іх бялявыя чубы і енчаць па зямлі ногі. Чалавек, які трымаў на мушцы нашага кіроўцу Колю, ня быў бачны адсюль, але можна было назіраць, як перамінаецца з нагі на нагу ягоны цень.

Мужчына з аўтаматам завёў міліцыянэраў за іх машыну, прыгнуўся сам, каб не тырчэла галава, і нешта коратка расказаў. Міліцыянэры паківалі галовамі, паглядзелі ў наш бок праз шкло сваёй машыны.

Расказваючы мне пра вызваленьне Боберу, Лісіцын вельмі неакуратна карыстаўся лічбамі. Пра тое, што наша 173-я дывізія яшчэ летам 1941-га ўся лягла на Мсьціслаўшчыне, я ведаў даўно. Спачатку гэта выглядала звычайнай неадукаванасьцю. А вось дата 30 сакавіка 1944-га – нібыта ў гэты дзень актывізаваліся падпольшчыкі, каб дапамагчы вызваліцелям – ужо насьцярожыла. Бобер, горад адразу за Проняй, уваходзіў у трыццацікілямэтровую паласу поўнага высяленьня карэнных жыхароў падчас зацішша на франтах паміж восеньню 1943-га і летам 1944-га.

Адскочыўшы ад сьцяны, я выцягнуў пісталет і знайшоў у пляшцы рулі адзіную гарызанталь зь цёмнай плямай за акном. Н-на! Дзед нават загадзя зьняў яго з засьцерагальніка, ясна ж, ведаў, чым рызыкуе з сваім інтэрвію.

Пісталет кульнуўся тройчы, пасьля трэцяга стрэлу я паваліўся на падлогу і зноўку адкаціўся да сьцяны. Толя ў гэты час хаваўся за шафай.

Некалькі стрэлаў з вуліцы, у адным месцы куля прашыла сьцяну і ўпілася ў самы кут печы.

Загаварыў мэгафон. Пракашляўшыся, чалавек заявіў:

– Эй, вы, рускія, перастаньце супраціўляцца альбо будзеце забітыя.

Нашы не здаюцца. Гэта раптам сказаў Толя, у ім прачнулася нарэшце злосьць. Я крыкнуў, што мы ня рускія, і яшчэ раз стрэліў у акно, наўздагад.

– У іх наш Коля.

Я цяпер толькі заўважыў, што Толік знайшоў у шафе паляўнічае ружжо, а пад яго нагамі ляжала каробка з патронамі.

– За мной.

Мы праскочылі ў іншы пакой на сэкунду раней, чым закашляў кулямёт. З стала побач рыкашэтам падняло нейкі лісток. Ён трапятнуўся і сплыў на падлогу. Яны прастрэльваюць увесь дом – мільганула ў галаве. Толя зразумеў гэта таксама і трымаўся печы, пакуль я хапаў з-за стала крэсла і кідаў ім у шыбу. Гэтае акно выходзіла ў сад. Рама зьехала вонкі разам зь фіранкамі. Далёка зьлева ў садзе мільганулі два сылюэты.

Толя выскачыў першы, рыбкай нырнуўшы ў акно. Прыкрываючы яго, я спачатку сунуўся пісталетам, потым кульнуўся ўніз. Той чалавек, які павінен быў нас забіць, сядзеў за смародай. Я не заўважыў тады нават яго постаці. Шэрае на шэрым, ён глядзеў на нас бясколернымі вачыма, – чалавек, якому даверылі прыкрыць задняе акно. Праважаючы нас позіркам, ён мякка вёў пальцам па спускавым кручку сваёй вінтоўкі і нясьпешна жаваў губамі запалку. Вінтоўка не пусьціла. Потым Лісіцын раскажа мне пра яго.

Страляем па сылюэтах. Сад завяршаецца ярком. Зьбіваючы ногі, ляцім уніз. Хмызы прыкрываюць нас уздоўж усяго пагорку. Імчымся, не разьбіраючы бадай нічога, проста там, наперадзе, канчаюцца дамы. Стрэлаў ззаду больш не чуваць, за хрыпам у грудзях не чуваць крыкаў.

– Толя, яны немцы. Яны ўсе немцы, – крычу яму ў вуха, а ён думае, што я хачу зачапіцца за яго, каб лягчэй было бегчы, і адпіхвае. – Іх ніхто не вызваляў, іх не вызвалілі. Яны немцы, Толя!

Яр расплываецца ў бакі, мы ўжо бяжым ускрайкам поля, і раптам наперадзе, блізу купінкі дрэў я бачу людзей.

– Хутчэй!

Толя таксама заўважае паветраны шар і паддае хады. Нарэшце, азіраючыся, знаходжу вачыма тых са зброяй. Некалькі чалавек толькі цяпер зьбягалі з пагорку.

Дзеці, настаўніцы, некалькі чыноўнікаў. Кветкі ў руках старой вандроўніцы. Яшчэ бачачы нас здалёк, уся разьвітальная працэсія нямее, нарэшце жанчыны пачынаюць хаваць за сабой дзяцей і ўцякаць за дрэвы. Старыя вандроўнікі, заўважыўшы ў Толевых руках ружжо, а ў маіх пісталет, дапамагаючы адно аднаму, пакараскаліся ў кош. Нам было да іх мэтраў дваццаць, але ніхто з чыноўнікаў не застаўся каля шара, і ён так і боўтаўся, прывязаны вяроўкамі.

– Ноў, ноў! – старыя махалі рукамі, пакуль мы ўзлазілі да іх.

– Донт ворі! Фрэндшып! – хрыпеў Толя, адбіваючыся ад бабулькі, што ўчапілася ў мяне.

Стрэліўшы па даганятых, я змусіў іх легчы. У адказ яны не стралялі, аднак надзіва жвава паўзьлі.

Канаты мацавалі кош з трох бакоў, і якраз у пісталеце мусіла застацца тры патроны.

Куды мяне і як яны ўкалолі, я ня памятаю і ня ведаю. Памятаю толькі, як прачнуўся ў боберскай паліклініцы. Зрэшты, гэтае абуджэньне яшчэ з гадзіну здавалася працягам палёту, а белая столя – палонам хмар.

Другі раз мяне абудзіў Лісіцын. Ён сказаў, што мы можам ні за што не хвалявацца, ён дамовіўся з сваімі, нас выпусьцяць з гораду. Я рвануўся з ложку, але толькі абадраў плячо аб рэмень.

Нараніцу мы зь ім, з Толем і Міколам сядзелі ў рэстаране адны. Жанчына за барнай стойкай, хударлявая вастратварая бляндынка несупынна назірала за кожным нашым рухам. Толя курыў, не падымаючы вачэй. Мікола непрыемна выскаляўся, але маўчаў. Я слухаў.

– Гэта было ў 43-м. Бобер быў адзіным горадам, які трапіў у зону адсяленьня. Дакладней, нават, ня горадам. І тады, і цяпер – да тысячы чалавек. Калі штаб дванаццатай спэцчасьці SS прыбыў, усе дамы былі пустымі. Толькі пасьля вайны самы старшы з афіцэраў, маёр Дорндарф распарадзіўся знайсьці карэнных жыхароў, і пошукавы атрад знайшоў брацкую магілу. Гэта пастараліся ваякі. Рэгулярныя часьці арміі ляглі летам 44-га на берагох Проні, і шлях на горад аказаўся свабодным. У Боберы на той час жылі толькі некалькі дзясяткаў афіцэраў, большасьць зь сем’ямі. Прадбачачы канец вайны, да іх з радзімы прыяжджалі жонкі, некаторыя нават зь дзецьмі. У спэцчасьці заўсёды быў адметны дух, расказваў мне дзед, – душачы цыгарэту, уздыхнуў Лісіцын. – Ён быў фэльчарам. Фуш, Карл Фуш. Адсюль і Лісіцын. Пасьля пасьпяховай атакі воіны Чырвонай Арміі без адзінага стрэлу ўвайшлі ў горад. На загад Дорндарфа ім кідалі кветкі. Дзяўчаты, якія збольшага ведалі па-беларуску, дзякавалі. А на галоўнай плошчы рускія знайшлі цыстэрну са сьпіртам. Цераз два дні фронт быў ужо на Дняпры, ім прыйшлося даганяць сваіх, асабліва не азіраючыся на тое, што яны пакінулі за сьпінай.

Ён узяў у рукі адзін фатаздымак.

– Тут якраз сустрэча рускіх. Бачыце, на заднім пляне, у дзьвярах дому Дорндарф. Ён настолькі добра ўсё разьлічыў і быў упэўнены, што ня зьняў формы. Пасьля якога здымку вы ўсё зразумелі?

Я моўчкі выбраў той, з крывёй.

– А, тут ужо 48-мы год. Дорндарф нарэшце паставіў мясцовае начальства перад фактам. Ня ўсіх, двух-трох чалавек. Як я вас цяпер. Пагадненьне было больш чым міравым. Нам пакінулі права проста жыць, а большага мы не жадалі. Дорндарф тут, бачыце, яшчэ ў фуражцы. Вось гэты савецкі афіцэр потым забярэ ўсю форму войскаў SS у нашых салдатаў і сам уласна спаліць. Чаму Віктару Майсееву дазволілі здымаць і гэта, я не магу і здагадвацца.

Пасьля задушлівай, гнятлівай паўзы ён закурыў ізноў, і гэта быў ужо наступны пачак цыгарэт.

– Вядома ж, вам цяжка гэта ўсё ўявіць. Для вас вайна праходзіла па адной схеме. А вось давайце падумаем, цяпер вы ўсім усё расказваеце. Людзі даведваюцца праўду. Што зробяць з намі? Тых вэтэранаў, хто ваяваў, у нас ужо сапраўды амаль няма. Я не пра таго, беларуса. Ён няшчасны чалавек. Ваяваць і пражыць шэсьцьдзесят гадоў сярод немцаў. Я пра нашых. Іх засталося ўсяго чацьвёра, з Майсеевым было пяцёра. Ніхто ня можа папракнуць, што мы забыліся пра іх. – Тут ён своечасова спыніўся. – Паверце, паступова межы паміж намі і вамі размываюцца. У нас амаль ніхто зь дзяцей не размаўляе міжсобку па-нямецку. Зрэшты, гэта мы іх прывучылі, каб не выдзяляліся, і каб у санаторыі можна было адпраўляць. Яны любяць расейскую папсу. Яны людзі іншага пакаленьня, і магчыма, яшчэ праз шэсьцьдзесят гадоў ніхто ня ўспомніць ні пра тое, што быў Дорндарф, ні пра тое, хто мы ёсьць.

Нарэшце ўступіў Толя.

– Вы стралялі па нас.

– Толькі пасьля вас.

– Вы забілі гэтага дзеда, Майсеева. Хто за гэта адкажа?

– Вы ня ведаеце, але падчас перастрэлкі з вамі быў сьмяротна паранены адзін з нашых. А з Майсеевым мне сапраўды шкада. Я любіў яго, ён яшчэ ў дзяцінстве вучыў мяне здымаць. І цяпер мы шмат размаўлялі зь ім. Да вас. А вы прыехалі, ня вытрымаў дзед, сарваўся. Што мы па вас стралялі, вы маеце рацыю. Лішне было. Але сярод нас ёсьць розныя людзі, ёсьць агрэсіўныя, у іх рукі чэшуцца паўтарыць дзедаўскія баталіі. Мне цяжка было спыніць іх.

– Скажыце, – я адсунуў фатаздымкі ад сябе, – гэтыя бабуля з дзядулем, хто яны?

Тут Лісіцын засьмяяўся зь яўным гонарам.

– Пляменьнік Дорндарфа і ягоная жонка. Пасьля акупацыі Ўсходняй Германіі рускімі ўцяклі на амэрыканскі кантынэнт. Сувязь аднавілі ўжо мы зь імі, у васьмідзясятыя. І не хвалюйцеся, яны ўсыпілі вас абсалютна бясшкодным прэпаратам.

Па дарозе назад мы маўчалі. Я лёг, зрабіў выгляд, што сплю. Толя піў піва.

На касэце, якую нам вярнулі, усё пасьля паветранага шару было сьцёрта. Таму рэпартаж пра вызваленьне Боберу прыйшлося перакрываць адной хронікай. У канцы я паставіў сынхрон вэтэрана пра тое, як, калі і каму было цяжка. Напісаць пасьпеў да суботы, якраз праз два дні выйшаў сюжэт. Назаўтра мне пазваніў Лісіцын. Падзякаваў, папрасіў перапісаць сюжэт на касэту. Ім спатрэбіцца, у наступным годзе яны зьбіраюцца зрабіць музэй.

  філёзаф, тэлежурналіст. Яго апошні крытычны аналіз у «ARCHE» меў назву «Як вы ставіцеся да крывавай Мэры?». Апавяданьне «Ўся праўда пра горад Бобер» заснаванае на рэальных падзеях, адбытых на ўсходзе краіны.
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/12