A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Рэвалюцыя і антырэвалюцыя:
бэкграўнд антырэвалюцыйнага дзеяньня


30 чэрвеня – 1 ліпеня ў Маскве адбылося мерапрыемства, выключна важнае для разуменьня палітычных працэсаў, якія адбываюцца цяпер і будуць адбывацца ў бліжэйшыя гады у нашай частцы сьвету. Першы Міжнародны форум «Эўропа: вынікі году переменаў» (або, як яго называлі самі арганізатары, Эўрапейскі форум) дэкляраваў сваёй задачай «падтрымку і разьвіцьцё дэмакратычных асноваў расейскай палітыкі, спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі ў краінах постсавецкай прасторы». Але пераважная частка дыскусіяў на форуме была прысьвечаная падсумаваньню палітычных вынікаў украінскай Памаранчавай рэвалюцыі і іншых каляровых рэвалюцыяў, асэнсаваньню наступстваў гэтых працэсаў для самой Расеі і прарасейскіх сілаў на постсавецкай прасторы. Маскоўскі форум прадэманстраваў інтэлектуальны ўзровень палітычных сілаў, што аб’ядналіся супраць дэмакратычнага разьвіцьця на постсавецкай прасторы. Таксама ён засьведчыў той факт, што пасьля балючай паразы старых прарасейскіх праектаў у шэрагу краінаў-суседак для расейскай улады постсавецкае навакольле зноў прызнанае аб’ектам, вартым пільнага дасьледаваньня.

Натуральна, гэткі калектыўны аналіз ня мог мець выключна рэтраспэктыўную скіраванасьць, ён непазьбежна ўключаў у сябе ацэнку пэрспэктываў разьвіцьця рэвалюцыйнай хвалі і быў скіраваны на сынтэз новых палітычных стратэгіяў. У праекцыі на будучыню пераважная большасьць удзельнікаў форуму задавалася пытаньнем «Як не дапусьціць працягу рэвалюцыйнай хвалі?». Яны спрабавалі даць на яго практычны адказ зыходзячы з уласнага бачаньня становішча, з уласных палітычных зацікаўленасьцяў і наяўных рэсурсаў. Кожны казаў пра сваё, пра набалелае. У гэтыя адказы (што гучалі з украінскім, беларускім, цэнтральнаазіяцкім і нават прыбалтыйскім акцэнтам) прагна ўслухоўваліся арганізатары форуму, якія не хавалі сваёй набліжанасьці да кіроўнай у Расеі адміністрацыі, – чыноўнікі, палітыкі, паліттэхнолягі і аналітыкі. Няма сумневаў, што выкладзеныя на канфэрэнцыі меркаваньні стануць матэрыялам для аналізу, які будзе ляжаць у аснове будучых палітычных рашэньняў па палітыцы Расеі ў дачыненьні да сваіх бліжэйшых суседзяў.

Адметнасьцю Эўрапейскага форуму стала ягоная геаграфічная прадстаўнічасьць. Прысутнічалі ўдзельнікі з Расеі, СНД, Балтыі, Сэрбіі. Арганізатары не баяліся пачуць рэзкія выказваньні: на форуме гучалі і прыватныя, і прадузятыя меркаваньні і нават асабістыя крыўды на расейскую палітыку. У суме яны давалі каштоўны матэрыял для аб’ектыўнага аналізу сытуацыі ў поставецкай прасторы.

Натхняльнікам мерапрыемства быў кіраўнік Фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі. Расею на форуме прадстаўлялі прэзыдэнт Фонду «Палітыка» Вячаслаў Ніканаў, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Маркаў, старшыня грамадзкае Рады замежнай і абароннай палітыкі Сяргей Караганаў, рэдактар часопісу «Политический класс» Віталь Трацьцякоў, палітаглядальнік Канстанцін Крылоў, доктар палітычных навук Ігар Панарын, дырэктар Інстытуту краінаў СНД Канстанцін Затулін, начальнік упраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, адказны за сувязі з СНД, Мадэст Колераў, намесьнік старшыні Рады Фэдэрацыі Аляксандар Трошын і інш.

Сярод запрошаных ста пяцідзесяці палітыкаў і экспэртаў былі менавіта тыя людзі, якія маглі прапанаваць альтэрнатыву палітыцы, што ў апошнія гады ажыцьцяўлялася расейскім кіраўніцтвам на постсавецкай прасторы і якая, па меркаваньні замоўцаў Эўрапейскага форуму, і прывяла да нездавальняючага выніку ў выглядзе падзеньня шэрагу рэжымаў у былых савецкіх рэспубліках. Але адначасова форум стаў своеасаблівым кастынгам патэнцыйных антырэвалюцыйных сілаў з усёй постсавецкай прасторы. Функцыя ўдасканаленьня і узгадненьня антырэвалюцыйнай ідэалёгіі, відавочна, закладалася ў місію гэтага сымпозіюму разам з пошукам тых, хто будзе рэалізоўваць гэтую ідэалёгію на практыцы.

Пасьлярэвалюцыйная Ўкраіна была прадстаўленая асобамі, пераважна скептычна настроенымі ў дачыненьні да пасьлярэвалюцыйнага рэжыму, – лідэрам партыі «Братэрства» Зьмітром Карчынскім, лідэрамі партыі «Працоўная Ўкраіна» Валер’ем Канавалюком і Ўладзімерам Сіўковічам, старшынём руху «Спадкаемцы Багдана Хмяльніцкага» Леанідам Грачом.

З Казахстану прыбыў лідэр Дэмакратычнай партыі «Ак Жол» Аліхан Баймэнаў. З Латвіі – старшыня Партыі народнай згоды Яніс Урбановіч і старшыня Эўрапейскага камітэту сойму, адзін з самых уплывовых палітыкаў Оскарс Кастэнс. З Эстоніі – намесьнік старшыні Народнай партыі Анатоль Ягораў. З Азэрбайджану – загадчыца аддзелу гуманітарнай палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта Фаціма Абдула-задэ. З Армэніі – віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі па сувязях з грамадзкасьцю Армэн Сагаталян. Кыргызстан, апошняя на сёньня пасьпяховая кропка ў рэвалюцыйным ланцугу, быў прадстаўлены стракатай дэлегацыяй. Тут быў зрынуты ў выніку рэвалюцыйнага паўстаньня экс-прэзыдэнт Аскар Акаеў, прадстаўнік Эўрапейскага клюбу Аляксандар Каратэнка, віцэ-сьпікер парлямэнту Эркінбэк Алымбэкаў і шэраг іншых палітыкаў. З Малдовы, дзе рэвалюцыйную хвалю спрабавалі асядлаць і прарасейскія, і антырасейскія сілы, прыехаў лідэр апазыцыйнай парлямэнцкай фракцыі альянсу «Наша Малдова» Сэрафім Урэкян, прадстаўнік прарасейскіх сілаў на мінулых парлямэнцкіх выбарах. Кампанія Ўрэкяна была першай спробай скарыстацца тэхналёгіяй Памаранчавай рэвалюцыі, каб паставіць на чале краіны прарасейскага лідэра.

Такім чынам, удзельнікаў форуму можна падзяліць на дзьве катэгорыі: з тых краінаў, якія ўжо перажылі рэвалюцыйны крызіс з рознымі наступствамі, і зь мясьцінаў, дзе гэткі крызіс толькі сасьпявае. Да апошняй групы, відавочна, адносяцца Расея, Казахстан і, перадусім, Беларусь. Менавіта ў гэтых краінах будуць «абкатвацца» новыя антырэвалюцыйныя мэтодыкі.

Нашу краіну на форуме рэпрэзэнтавалі прэтэндэнты на ролю дэмакратычнага апанэнта дзейнае ўлады на выбарах 2006 г.: экс-рэктар БДУ, новы лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі, прафэсар Аляксандар Казулін, акадэмік Аляксандар Вайтовіч і лідэр Рады інтэлігенцыі Ўладзімер Колас. Таксама ў форуме бралі ўдзел рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў выгнаньні прафэсар Анатоль Міхайлаў і лідэр Лібэрал-дэмакратычнай партыі дэпутат Сяргей Гайдукевіч. Беларускі аналітычны корпус прэзэнтавалі публіцыст Андрэй Суздальцаў і дырэктар Цэнтру праблемаў эўрапейскай інтэграцыі ЭГУ Юры Шаўцоў. Згодна з чуткамі, у пачатковым сьпісе запрошаных быццам бы быў і Вікітар Шэйман – ягонае запрашэньне разам з апазыцыйнымі дзеячамі, аддаленымі ад фармалізаванай нацыянальнай апазыцыі, упісвалася ў канцэпцыю Эўрапейскага форуму, – аднак ён цалкам прадказальна не прысутнічаў на маскоўскім мерапрыемстве.

Пазьней Андрэй Суздальцаў у «Свободных новостях» у дачыненьні да гэтага сходу ўжыў выраз «расейскі гуманітарны Давос» – і з гэтым азначэньнем часткова варта пагадзіцца. Сапраўды, па ўзроўні інтэлектуальнага прадстаўніцтва сустрэча ня мела сабе роўных. Нават акадэмічныя званьні беларускіх удзельнікаў сьведчаць пра слушнасьць гэтай ацэнкі. Удзел шматлікіх экспэртаў і аналітыкаў з постсавецкай прасторы мусіў надаць мерапрыемству характар набліжанай да практыкі дыскусіі зацікаўленых экспэртаў, пазбавіць яго адценьня простай палітычнай сваркі і пазьбегнуць высьвятленьня, «хто вінаваты» ў правале расейскай палітыкі на постсавецкай прасторы. Але гэты «Давос» менавіта «расейскі». Ён адлюстроўваў, перш за ўсё, наяўныя рэальна і патэнцыйна прарасейскія сілы ў краінах былога СССР з прыцягненьнем пэрсонаў, чыя дзейнасьць аб’ектыўна выгадная гэтым сілам або можа быць скарыстаная імі. Напрыклад, у Беларусі ўвагу Паўлоўскага прыцягнулі тыя, хто не супрацоўнічае з аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыяй і прэзэнтуе ўласныя палітычныя праекты.

Паказальныя назвы насілі круглыя сталы й пленарныя пасяджэньні падчас Эўрапейскага форуму. Яны адлюстроўваюць сфэры ўвагі расейскіх антырэвалюцыянэраў унутры Расеі і на постсавецкай прасторы. Пленарнае пасяджэньне «Легітымнасьць, дэмакратыя і сувэрэнітэт на постсавецкай прасторы» мусіла задаць агульны настрой дыскусіяў, пазначыць праблемнае поле форуму, асэнсаваць ролю негвалтоўных рэвалюцыйных пераўтварэньняў, «імпартаванай» і эндагеннай дэмакратызацыі. Круглы стол «Эўразьвяз на Ўсходзе Эўропы» быў прысьвечаны абмеркаваньню ролі вонкавых, нерасейскіх гульцоў у рэгіянальнай палітыцы, у рэвалюцыйных працэсах, што адбыліся ці яшчэ адбудуцца. Удзельнікі панэляў «Дыялёг і палітычныя рэформы ў Цэнтральнай Азіі» і «Малдаўска-Прыднястроўскі вузел у кантэксьце праблемаў Чарнаморскага рэгіёну» аналізавалі спэцыфіку лякальных рэвалюцыйных выклікаў і задачы расейскай палітыкі ў гэтых рэгіёнах. Асобны круглы стол быў прысьвечаны каштоўнасьцям моладзі і моладзевай палітыцы – той праблеме, якая лічыцца ключавой у тэхналёгіі негвалтоўных зьменаў палітычных рэжымаў. Тэксты дакладаў, што гучалі на форуме, і іх абмеркаваньне – каштоўны матэрыял для дасьледнікаў сёньняшніх палітычных працэсаў і тых, хто займаецца прагнозамі грамадзкага разьвіцьця. Выкладзеныя падчас форуму меркаваньні безумоўна знойдуць сваё адлюстраваньне ў рэальных палітычных стратэгіях.

Выступоўцы (у тым ліку і тыя нешматлікія зь іх, хто з доляй сымпатыі ставіўся да каляровых рэвалюцыяў і з разуменьнем – да іх перадумоваў) альбо ведалі прычыны тых рэвалюцыяў, альбо ведалі, якія чыньнікі могуць перашкодзіць паўтарэньню падобнага разьвіцьця падзеяў. А вось саміх памаранчавых рэвалюцыянэраў не было на форуме – не запрасілі.

Нягледзячы на тое, што Беларусь не была зафіксаваная як асобны аб’ект аналізу, беларуская спэцыфіка і пэрспэктывы разьвіцьця нашай краіны займалі важнае месца падчас усіх дыскусіяў.

Выніковае пасяджэньне і брыфінг для прэсы павінны былі падвесьці «рэалістычныя вынікі «году рэвалюцыяў» і пэрспэктывы разьвіцьця Эўраўсходу ў наступным палітычным сэзоне». У гэтым парадку дня катэгорыя «Эўраўсход» павінна тлумачыцца не як геаграфічны тэрмін, а як эўфэмізм для вызначэньня таго, што ў больш празрыстых канцэпцыях расейскіх геапалітыкаў называецца сфэрай уплыву Расеі як рэгіянальнага лідэра, прасторай для пабудовы нэакаляніяльнай «лібэральнай імпэрыі» альбо нават Lebensraum расейскай дзяржавы.

1. АНТЫРЭВАЛЮЦЫЙНАЯ АНТАНТА

Ідэалягічна амаль усіх небеларускіх удзельнікаў форуму і, дакладна, усіх яго арганізатараў яднала тое, што ўсе яны – антырэвалюцыянэры (альбо контрарэвалюцыянэры – там, дзе адбылася рэвалюцыя). Нягледзячы на часам супрацьлеглыя сьветапогляды, іх яднае нэгатыўнае стаўленьне да актуальных негвалтоўных рэвалюцыяў як да сацыяльнай зьявы. Яны салідарныя ў імкненьні не дапусьціць працягу той нізкі народных паўстаньняў, якая пачалася ў Югаславіі ў 2000-м, была падхопленая грузінамі ў 2003-м, дасягнула фэнамэнальнага посьпеху ва Ўкраіне ды вылілася ў двухсэнсоўныя забурэньні ў цэнтральнаазіяцкім Кыргызстане. Гэтая палітычная плынь апраўдвае рэпрэсіі супраць праваабаронцаў ва Ўзбэкістане, прызнае неабходнасьцю існаваньне антынародных дыктатураў, дэманструе прыхільнасьць да маніпуляцыйных тэхналёгіяў ва ўнутранай палітыцы. Аднак пад гэтую змрочную і ня новую палітычную канцэпцыю падводзіцца новы ідэалягічны падмурак: інтэлектуальны антырэвалюцыянізм.

Беларускі бок можна аб’яднаць іншым выслоўем: усе беларускія ўдзельнікі – нерэвалюцыянэры. Мы далёкія ад думкі, што Казулін, Вайтовіч альбо Колас бачаць магчымасьць эвалюцыйнай зьмены рэжыму, аднак яны не інтэграваныя пакуль у нацыянальны рэвалюцыйны праект. Яны бачаць іншы, «уласны» варыянт разьвіцьця падзеяў у краіне і ў гэтым сэнсе былі цікавыя арганізатарам форуму. Зь Беларусі ў Маскву быў завезены кірмаш палітычных праектаў, якія могуць быць альтэрнатывай надыходзячай беларускай рэвалюцыі.

Беларускія ж антырэвалюцыянэры на чале зь дзейным прэзыдэнтам маюць іншыя каналы для шчыльных кантактаў з сваімі расейскімі калегамі і ня маюць патрэбы ў дадатковых сустрэчах. Іншая справа, што інтарэсы беларускага і расейскага антырэвалюцыянізмаў не заўжды супадаюць і патрабуюць дадатковага – негалоснага – узгадненьня. Калі водгалас гэтых узгадненьняў трапляе ў грамадзтва, узьнікаюць скандалы, накшталт таго, што адбыўся вакол патэнцыйнага пасла Аяцкава. Аднак пры ўсім пры тым расейскія антырэвалюцыянэры выдатна ладзяць зь беларускімі калегамі. Яны змагаюцца на два франты: супраць пагрозы рэвалюцыі ўнутры Расеі і супраць распаўсюджаньня «памаранчавай заразы» ў краінах СНД. Параза на ўкраінскім участку фронту балюча адбілася на пазыцыях рэакцыйных сілаў унутры Расеі. Трапна ўлавіў гэтую залежнасьць беларускі прэзыдэнт на нарадзе па пытаньнях унутранай і замежнай палітыкі: «Рэвалюцыя ў Беларусі – гэта рэвалюцыя ў Маскве». Сказана зь яўным разьлікам на замежную аўдыторыю: слухай, Крэмль! Гэта трохі разыходзіцца з гістэрычнымі выказваньнямі, адрасаванымі ўнутранай аўдыторыі: «Тут няма базы для рэвалюцыі», «Мы ведаем, што рабіць у выпадку інтэрвэнцыі» і г. д. Пераконваючы электарат і намэнклятуру ў немагчымасьці рэвалюцыйнага разьвіцьця падзеяў, Лукашэнка спрабуе шантажаваць Маскву пагрозай рэвалюцыі і… зацікаўлены прадаць свае антырэвалюцыйныя ноў-гаў на Ўсход. Правіцель выдатна разумее, што цяпер ягоны галоўны рэсурс – гэта ня проста жорсткая і бязьлітасная расправа з крыніцамі грамадзкай незадаволенасьці, а менавіта імідж уладара, які здольны на гэткую расправу, які ня спыніцца ні перад чым дзеля захаваньня неабмежаванай улады. Менавіта гэткі імідж дапамог бы прыцягнуць для сваёй падтрымкі і іншыя рэсурсы і пасьпяхова захаваць уладу. Па магчымасьці, бяскроўна.

Выкарыстоўваючы тэрмін «антырэвалюцыянэры», я кіруюся простай лёгікай. Там, дзе адбылася рэвалюцыя, мае месца контрарэвалюцыя як нэгатыўная рэакцыя на тое, што адбываецца альбо ўжо адбылося. Калі ж мы гаворым пра імкненьне не дапусьціць рэвалюцыі альбо паставіць яе пад кантроль, пра імкненьне ўрэгуляваць насьпелую рэвалюцыйную сытуацыю нерэвалюцыйным шляхам, арганізаваць «прыручаную» рэвалюцыю, бясьпечны квазірэвалюцыйны праект – такую ідэалягічную плынь я называю антырэвалюцыянізмам1. Ён уяўляе сабой сур’ёзную зьяву, за якой стаіць грунтоўны інтэлектуальны рэсурс, пэўная традыцыя і салідны корпус тэкстаў. Як ідэалягічная плынь антырэвалюцыянізм заслугоўвае пільнай увагі дасьледніка рэвалюцыйных працэсаў. У зьвязку з гэтым скажам колькі словаў пра агульныя прынцыпы ідэалягічнага разьвіцьця, зьвязанага з рэвалюцыйнымі пераўтварэньнямі.

  палітоляг, юрыст. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Менску. Сябра рэдакцыйнай рады часопісу «Палітычная сфера». Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» – артыкул «Вайна для народу» (2/2005).
   

2. РЭВАЛЮЦЫЯ І ДЫНАМІКА ІДЭЯЎ

Часам вялікія сацыяльныя ўзрушэньні, якія прыводзяць да палярызацыі грамадзтва, вядуць да парадаксальнага выніку ў ідэалягічнай сфэры. Той бок, які перамог у ходзе рэвалюцыйнай барацьбы, ня ў стане выкласьці аніякага цікавага мысьленьня, ня ў стане вырабіць новыя ідэалягічныя канцэпцыі – яго ідэалягічная і, шырэй, інтэлектуальная творчасьць як быццам бы прыпыняецца. Пераможную ідэалёгію не мяняюць, нават калі наступныя дзеяньні пераможцаў не адпавядаюць іх ранейшым ідэалягічным устаноўкам – зручней прыстасаваць пераможнае вучэньне пад будзённыя патрэбы, чым прыдумляць нешта новае. У стане пераможцаў дамінуе меркаваньне, што ўсё было сказана клясыкамі, гэтымі геніяльнымі тэарэтыкамі і непераўзыдзенымі практыкамі. Да таго ж, самі рэвалюцыянэры занадта занятыя практычным пераразьмеркаваньнем здабытага ў ходзе рэвалюцыі, будуюць новую дзяржаву і сварацца паміж сабой, займаюцца рэалізацыяй папярэдне распрацаваных канцэпцыяў, напрацаваных яшчэ да «часу Х». На выпрацоўку новых ідэяў папросту шкада марнаваць час, і ў асяродзьдзі новай кіраўнічай эліты не адбываецца канкурэнцыі стратэгіяў, а мае месца толькі барацьба тактык. Натуральна, дарэвалюцыйныя канцэпцыі часьцяком малапрыдатныя для пабудовы дзяржавы ў пасьлярэвалюцыйны пэрыяд, аднак да іх карэннай зьмены рукі не даходзяць, справа абмяжоўваецца іх нязначнай карэкціроўкай і прыстасаваньнем пад патрэбы практыкі. Новае тэарэтызаваньне і выпрацоўка іншых тэорыяў нават у межах пераможнай парадыгмы адбываецца зрэдку. Часам гэткая кансэрвацыя перадрэвалюцыйнай ідэалягічнай парадыгмы ў новапабудаванага рэжыму прыводзіць да сьмешных практык: у 1970-х забранзавелыя партыйныя бонзы на трыбуне Маўзалею ідэнтыфікавалі сябе правадырамі працоўных масаў рабочых і сялянаў ва ўсім сьвеце; дый цяпер гімн рафінаванай Пятай Рэспублікі ў Францыі ў вуснах ейнага прэзыдэнта гучыць іранічна. Які сэнс спадар Шырак можа ўкладаць у радкі «Да зброі, грамадзяне! Стварайце батальёны!»?

Наадварот, бок, які пацярпеў паразу і быў зрынуты ў выніку рэвалюцыйных пераўтварэньняў, робіцца актыўным вытворцам сацыяльнай думкі і новых ідэалягічных тэорыяў. Адбываецца выбух крэатыўнага мысьленьня. Так бы мовіць, важнасьць абгрунтаваньня перамогі меншая за важнасьць асэнсаваньня вынікаў паразы. Натуральна, што сярод накірункаў гэткага асэнсаваньня дамінуе палітычны: высьвятленьне прычынаў перажытага крызісу, выяўленьне вытокаў рэвалюцыйнай сытуацыі і абмеркаваньне зробленых уладамі памылак, вызначэньне сутнасьці сацыяльных пераўтварэньняў і наступстваў зьмены элітных груповак, а таксама разнастайныя ваенна-палітычныя, геастратэгічныя і псыхалягічныя інтэрпрэтацыі. Відавочна, што перад пераможаным лягерам стаяць складанейшыя і інтэлектуальна значна больш прыцягальныя задачы, чым перад новай уладай. Праблемнае поле, якое ляжыць перад уладамі, прыцягвае схільных да канфармізму і нясхільных да творчага падыходу тэарэтыкаў – там няма складаных сьветапоглядных альбо тэарэтычных праблемаў, а ёсьць толькі руцінная і арыентаваная на практыку будзённасьць. Лягер пераможцаў прыцягвае людзей больш практычнага і прадпрымальнага складу характару, ня схільных да абстрактнай рэфлексіі. А ў інтэлектуальным асяродзьдзі пераможаных утвараецца гэткі крытычны інтэлектуальны булён, які, урэшце, пераўтвараецца з контрарэвалюцыйных енкаў у праграму альтэрнатыўнага разьвіцьця. Калі новыя ідэалягічныя канцэпцыі сапраўды дзейсныя, неўзабаве можа адбыцца «помста пераможаных», і ўжо новае пакаленьне інтэлектуалаў робіцца ідэалягічнымі правадырамі новай рэвалюцыі. Такі колазварот ідэалягічных праграмаў ёсьць чыньнікам сацыяльнага прагрэсу альбо стварае яго бачнасьць. Ён штурхае грамадзтва да разьвіцьця, ці, прынамсі, забясьпечвае ў ім разьвіцьцё сацыяльных тэорыяў.

Калі зрынуты падчас рэвалюцыі рэжым меў жорсткі аўтарытарны характар і ўціскаў акадэмічную і інтэлектуальную супольнасьць (гаворка ня толькі пра рэпрэсіі й забароны, а аб простым інстынкце самазахаваньня ідэалёгіі), вызваленьне ад прыгнёту ўплывае на інтэлектуалаў былога прыўладнага боку, схільных да рэакцыі, удвая пазытыўна. Хібы старой ідэалягічнай праграмы для іх ужо відавочныя, бо яны былі выяўленыя падчас рэвалюцыйнага сутыкненьня ў рэальным жыцьці. І таму відавочная неабходнасьць працы над памылкамі. Вызваленыя ад адміністрацыйнага ціску і абавязку забясьпечваць бясспрэчную ідэалягічную падтрымку ўладаў, носьбіты старой ідэалягічнай праграмы вымушана актывізуюць сваю творчую дзейнасьць. У якасьці прыкладу можна назваць выбух манархічнага і кансэрватыўнага мысьленьня адразу пасьля 1905 г. і яшчэ большы пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расеі і надалей у эміграцыі.

Іншы суб’ектыўны чыньнік – крытычныя інтэлектуалы, больш схільныя ісьці насуперак пазыцыям істэблішмэнту, нават новапаўсталага істэблішмэнту, што яшчэ толькі фармуецца і заваёўвае свае пазыцыі. Яны схільныя выступаць супраць дамінуючай масы – на тое ж яны і крытычныя інтэлектуалы. Падчас паўстаньня масаў ня трэба доўга шукаць Артэга-і-Гасэта, які б усе свае інтэлектуальныя намаганьні прысьвяціў разьвянчаньню гэтых масаў і давядзеньню няслушнасьці іхных сьветапоглядных прынцыпаў.

Прыкладамі гэткага кшталту дынамікі ідэяў поўніцца гісторыя. Мы ўжо адзначалі варты жалю лёс тэарэтычнага марксізму пасьля перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі – савецкі марксізм і навуковы камунізм назаўжды застанецца помнікам бязглуздасьці, на якую здольнае чалавечае мысьленьне, які тым больш кантрастуе з росквітам інтэлектуальнай творчасьці і разнастайнасьці ў заходняй цывілізацыі. Значная частка інтэлектуальных высілкаў заходніх мысьляроў была скіраваная на палеміку з марксізмам, яны імкнуліся сфармуляваць прывабную альтэрнатыву камуністычнаму «раю» – і, у нейкім сэнсе, дасягнулі посьпеху.

Нацыянал-сацыялісты пасьля прыходу да ўлады ў Нямеччыне фактычна адракліся інтэлектуальнага асяродку, у якім нараджалася іх ідэалёгія і міталёгія: адбылася вульгарызацыя ідэяў Таварыства Туле і Карла Гаўсгофэра. Была абмежаваная, а пазьней і забароненая дзейнасьць Germanenorden, барон Зэботэндорф быў вымушаны пакінуць краіну, дый увогуле, уся ідэалёгія расізму і нацыянал-сацыялізму ў сутыкненьні з рэальным жыцьцём прадэманстравала сваю нікчэмнасьць. Нацысты ўвесь час адзначалі практычную скіраванасьць сваёй ірацыянальнай палітыкі («мысьліць канкрэтна, не займацца голым тэарэтызаваньнем, працаваць»), шукалі рацыянальнае вырашэньне ірацыянальных праблемаў і тым самым падсеклі ўласныя інтэлектуальныя карані.

У той самы час у лібэральным лягеры адбывалася актыўнае пераасэнсаваньне базавых канцэпцыяў лібэралізму і ствараліся канцэптуальныя творы, як «Шлях да рабства» Фрыдрыха фон Гаека альбо «Адкрытае грамадзтва» Карла Попэра – палымяная палеміка з усімі разнавіднасьцямі таталітарнай тэорыі – фашызмам, нацыянал-сацыялізмам і камунізмам. У сваю чаргу, падчас трыюмфу лібэралізму (дакладней, яго трыюмфу ў межах заходняй цывілізацыі), у часы, калі глябалізацыя і вэстэрнізацыя ў сваіх самых радыкальных формах ахапілі сьвет – у самым яго ўлоньні аформілася інтэлектуальнае ядро новых правых. Яно аформілася сьпярша менавіта як інтэлектуальная групоўка, але зь ясным усьведамленьнем сваіх палітычных задачаў і гістарычнай місіі творцаў новай ідэалягічнай альтэрнатывы. Новыя правыя як палітычная сіла – гэта вынік уплыву і сьвядомых дзеяньняў менавіта новых правых мысьляроў, нонканфармістаў і дысыдэнтаў у межах заходняга лібэральнага ладу, якія марылі менавіта пра рэвалюцыю. «Наша тэарэтычная канструкцыя – адкрытая сыстэма, ідэі – сродкі для дасягненьня мэты», – казалі гэтыя ідэолягі. Іхнае вучэньне набыло інтэрнацыянальны характар, дзіўным чынам спалучыўшыся з сваімі адпаведнікамі нават па-за межамі заходняй цывілізацыі.

Інтэлектуальны і ідэалягічны капітал Вялікай Францускай рэвалюцыі быў збольшага назапашаны да самой рэвалюцыі. А яе перамога выклікала фармаваньне і самаідэнтыфікацыю кансэрватыўнай плыні як у Францыі, так і за мяжой. Калі б не рэвалюцыя, ці атрымалі б кансэрватары палымяны маніфэст Жазэфа дэ Мэстра «Разважаньні пра Францускую рэвалюцыю» (1796), які пераконваў (і пераконвае) чытачоў у «сатанінскай» прыродзе рэвалюцыі ўвогуле і Францускай рэвалюцыі у прыватнасьці? Пытаньне рытарычнае – відавочна, што жахі рэвалюцыйнага рэжыму перадвызначылі самаідэнтыфікацыю кансэрватыўнай плыні францускай думкі, якая пасьля стварыла інтэлектуальную глебу для ўсталяваньня рэжыму Напалеона і пазьней Рэстаўрацыі. Паказальна, што гэткі ўплыў Францускай рэвалюцыі, мацеркі ўсіх лібэральных рэвалюцыяў, выйшаў за межы Францыі. Эдмунд Бёрк, пішучы свае «Развагі пра рэвалюцыю ў Францыі», адзін з асноўных тэкстаў клясычнага кансэрватыўнага мысьленьня, быў даволі мала дасьведчаны адносна рэальных падзеяў у тагачаснай Францыі, ягоная праца насіла выключна тэарэтычны, ідэалягічны характар. Такім чынам, рэвалюцыйныя зьмены ў адной з краінаў, дзе спачатку былі зьнішчаныя ідэалягічныя бастыёны пэўнага вучэньня, а пасьля ў ходзе рэвалюцыі адбылося і іх палітычнае зьнішчэньне, – гэтыя зьмены здольныя аказаць станоўчы ўплыў на разьвіцьцё адпаведнага накірунку мысьленьня ва ўсім рэгіёне. І гаворка, натуральна, ідзе не пра ўздым папулярнасьці пераможанай ідэалёгіі ў яе ранейшым выглядзе, а менавіта пра яе радыкальную рэвізію, разьвіцьцё і ўдасканаленьне.

Гэтая нізка «ідэйных фіяска» пераможцаў і прадуктыўнай працы пераможаных працягваецца і цяпер у нашым рэгіёне, у тым ліку і ў Беларусі. Напрыклад, творцы ідэалёгіі беларускай дзяржавы кожным сваім тэкстам пацьвярджаюць сваю няздольнасьць да вытворчасьці новых канцэпцыяў. Крэатыўная імпатэнцыя і тэарэтычнае жабрацтва пад навуковай маскай апанавалі афіцыёзнае беларускае грамадазнаўства. Ідэалягічнае крэда, сфармуляванае ў сярэдзіне 1990-х А. Лукашэнкам, сёньня фактычна збанкрутавала. Гэта ўжо болей не жывое рэвалюцыйнае вучэньне, а мёртвае паўтарэньне штампаў, асьвечанае акадэмічнай навукай. Можна прагназаваць, што толькі пасьля посьпеху беларускай рэвалюцыі ў тэарэтычнай сфэры лукашызм нарэшце зрушыцца зь мёртвай ідэалягічнай кропкі – на карысьць гэтага прамаўляе намаляваная вышэй ідэалягічная дынаміка.

Напэўна, будзе слушнай выснова, што намаляваны працэс ёсьць абавязковай прыкметай сапраўднай рэвалюцыі, якая азначае ня проста біцьцё вітрынаў на вуліцы ці замену пэрсоны ў галоўным кабінэце краіны, а біцьцё і руйнаваньне ідэалёгіяў, замену канцэпцыяў разьвіцьця нацыянальнай супольнасьці, радыкальную перабудову грамадзка-палітычнага ладу альбо нават зьмену вэктару разьвіцьця ў межах цэлага рэгіёну ці цывілізацыі. У барацьбе супраць пануючай ідэалёгіі перамагае новая ідэалягічная парадыгма, пасьля гэткай зьмены ў тэарэтычнай сфэры адбываецца рэвалюцыя ў палітычным вымярэньні, адбываецца захоп улады носьбітамі новай філязофіі. Калі мы назіраем такое разьвіцьцё ў ідэалягічнай сфэры – гэта азначае, што мы маем справу з сапраўднай рэвалюцыяй, а не з заменай адной элітнай групоўкі на іншую ў межах аднаго грамадзка-палітычнага ладу. Рэвалюцыя толькі тады можа называцца рэвалюцыяй, калі яна прыводзіць да ўлады носьбітаў новай ідэалёгіі і адхіляе ад улады прадстаўнікоў старой ідэалягічнай дактрыны.

Існуе небясьпека, што ідэалёгія лукашызму атрымала нарэшце рэальную глебу для разьвіцьця. Як Вялікая Француская рэвалюцыя ўскосным чынам спрыяла разьвіцьцю кансэрватызму за межамі Францыі, так і трыюмф памаранчавай ідэі можа пацягнуць узмацненьне антырэвалюцыйнай дактрыны ў ідэалёгіях нашых суседзяў.

3. ЗРАЗУМЕЦЬ, КАБ ПЕРАМАГЧЫ

У выкладзеным разуменьні Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне была сапраўднай рэвалюцыяй, бо суправаджалася ідэалягічным пераваротам. А вось пазьнейшыя падзеі ў Кыргызстане рэвалюцыяй не былі, хоць мелі вонкавае падабенства і адбываліся ў межах аднаго ланцуга так званых каляровых рэвалюцыяў на постсацыялістычнай прасторы. Каляровая рэвалюцыя як форма сацыяльнай дынамікі можа мець як сапраўды рэвалюцыйны зьмест, так і іншае напаўненьне – сама па сабе гэта ўсяго толькі форма. Як бы там ні было, каляровыя рэвалюцыі ў масавай сьвядомасьці і ў маўленьні палітычных аналітыкаў зьліліся ў адную плынь. Нягледзячы на відавочнае адрозьненьне свайго ідэалягічнага зьместу, яны ўспрымаюцца як частка адной дэмакратычнае хвалі, накшталт той, якую калісьці прадказваў Гантынгтан. Пераасэнсаваньне паразы аўтарытарных рэжымаў адбываецца як у лібэральна-дэмакратычным лягеры, так і ў кансэрватыўным ідэйным блёку.

Напярэдадні электаральнай рэвалюцыі рэвалюцыйны блёк патрабуе арганізацыйнага і ідэалягічнага адзінства. Існуе неабходнасьць узгадненьня інтарэсаў незадаволеных існым становішчам суб’ектаў – трэба аб’яднаць неаб’яднанае. Ужо лічыцца канонам каляровай рэвалюцыйнасьці, што на выбары апазыцыя мусіць ісьці адзінай калёнай. Функцыю яднальнага фактару выконвае ідэя, якая знаходзіць шлях да сваёй рэалізацыі ў рэвалюцыі. У выпадку каляровых рэвалюцыяў гэткай ідэяй зьяўляецца ідэя свабодных і справядлівых выбараў. Менавіта ідэалягічны фактар аб’ядноўвае каляровыя рэвалюцыі ў адну плынь – у той час як па клясава-сацыяльным характары чыньнікі рэвалюцыяў адрозьніваюцца. Тыя палітычныя сілы, якія не падзяляюць артыкуляванай рэвалюцыйным блёкам ідэі альбо зь нейкіх іншых прычынаў, напрыклад праз амбіцыі лідэраў, ня здольныя далучыцца да гэтага блёку, аб’ектыўна ператвараюцца ў саюзьнікаў антырэвалюцыйнага блёку. Але працэс увасабленьня гэтай простай ідэі ў канкрэтнай палітычнай стратэгіі патрабуе вялікіх творчых высілкаў – гэтая ідэя і прапанаваная стратэгія яе рэалізацыі мусяць ня толькі задаволіць усе складнікі рэвалюцыйнага палітычнага блёку, яны таксама мусяць запаліць народныя масы. Таму працэс фармуляваньня рэвалюцыйнай ідэі і стратэгіі яе рэалізацыі зьвязаны з вынаходзтвам прымальнага для грамадзтва палітыка-ідэалягічнага праекту з боку рэвалюцыянэраў.

Пасьля ж рэвалюцыі, як мы ўжо адзначалі, ранейшае разуменьне сутнасьці рэвалюцыі робіцца афіцыйным, яно не падлягае карэктыроўцы. Аднак заплюшчваць вочы на раней прыхаваныя супярэчнасьці далей ужо немагчыма. Сумленныя выбары адбыліся дзякуючы рэвалюцыйнаму паўстаньню народных масаў, але палітычныя інтарэсы складнікаў рэвалюцыйнага блёку не абмяжоўваліся толькі ідэяй справядлівасьці. Па-над ідэалягічным праектам паўстаюць розныя палітычныя інтарэсы. Калі справядлівыя выбары адбыліся і іх больш ніхто не спрабуе «скрасьці», то зьнікае аб’яднальны фактар для каляровых рэвалюцыянэраў. Цяжка знайсьці яму замену – калі толькі рэвалюцыйны правадыр не цэмэнтуе новага рэжыму і сілай уласнай харызмы не забясьпечвае ягонай трываласьці. Рэвалюцыянэры ўсё яшчэ робяць выгляд, што рэвалюцыя працягваецца, але дзейнічаюць яны ўжо па-за рамкамі перадрэвалюцыйнае ўгоды. Старыя законы ў новай сытуацыі больш ня дзейнічаюць, дакладней, дзейнічаюць супраць саміх рэвалюцыянэраў. Ад здольнасьці перастроіцца пад новую сытуацыю залежыць трываласьць новаўсталяванага рэжыму – у адваротным выпадку ён асуджаны на ідэалягічную паразу.

Антырэвалюцыйны лягер напярэдадні рэвалюцыі таксама выступае, прынамсі вонкава, аб’яднаным. Але ён аб’яднаны, хутчэй, арганізацыйна, чым ідэалягічна – і ў гэтым яго слабасьць. Прадстаўнікоў гэтай эліты яднае стратэгічная задача захаваньня ранейшых правілаў гульні, аднак жыцьцёвыя іх інтарэсы ёсьць няўзгодненымі, супярэчнасьці застаюцца, адзіная ідэалёгія не цэмэнтуе груповак унутры эліты. Кіроўную эліту аб’ядноўвае не ідэалёгія, а сама ўлада – магчымасьць карыстацца ёй, магчымасьць гуляць па тых правілах, якія гэтая сама эліта і ўсталявала, прыстасавала пад узгадненьне рознаскіраваных інтарэсаў у межах сваёй групоўкі (у грамадзтве цяпер не існуе кіроўных элітаў бяз рознаскіраваных інтарэсаў). У існым палітычным раскладзе кожны з складнікаў уладнай элітнай групоўкі бачыць магчымым дасягненьне сваёй мэты ў рамках дзейных законаў – аднак гэтыя мэты па сутнасьці розныя, часам несумяшчальныя, ня ўзгодненыя фармальна. Існуе толькі «дамоўленасьць» у дачыненьні да правілаў іх дасягненьня. Розныя складнікі эліты разьлічваюць на працяг існуючых тэндэнцыяў, разьлічваюць дасягаць сваіх мэтаў у межах адной карціны будучыні – аднак для кожнага з кланаў, груповак, хаўрусаў і лабісцкіх цэнтраў мэта, якую яны ў гэтай будучыні хочуць дасягнуць, застаецца сваёй. Яны ня бачаць патрэбы ў выпрацоўцы аб’яднаўчай ідэі. Маючы на сваім баку ўладу, сілу легітымнага дзяржаўнага гвалту, нашто яшчэ ідэі? З адсутнасьці ідэалягічнай творчасьці вынікае слабасьць ідэалягічных пазыцыяў эліты, няздольнасьць проціставіць агрэсіўнай рэвалюцыйнай ідэалёгіі прывабную альтэрнатыву. І ў той момант, калі ў грамадзтва з боку рэвалюцыянэраў будзе ўкінутая аб’яднаўчая ідэя, эліта ў разгубленасьці разумее, што ў ідэалягічным сэнсе яна нястанная. Перамога рэвалюцыянэраў на вуліцы магчымая толькі тады, калі грамадзтва прымае прапанаваную рэвалюцыянэрамі ідэю. Энэргетыка Майдану тлумачыцца тым, што гэтых людзей аб’ядноўвала адна ідэя. У выніку грамадзтва пачынае падпарадкоўвацца зусім іншым правілам гульні, ранейшыя правілы губляюць сваю легітымнасьць, і ранейшай эліце не застаецца нічога, як саступіць уладу. Элемэнт нечаканасьці ў такую схему можа ўнесьці толькі фактар харызматычнага лідэра. Толькі ягоны ўплыў можа прадухіліць асуджаную на фіяска ідэалягічна нястанную эліту. Ці можа гэты фактар быць апісаны ў тэхналягічным ключы? Ці можа палітычная тэхналёгія ў спалучэньні з сучаснымі сродкамі масавай камунікацыі штучна стварыць гэты фактар? На гэтае пытаньне складана адказаць адназначна, але свой адказ на яго дае кожнае рэвалюцыйнае сутыкненьне.

Пасьля ж рэвалюцыі сытуацыя мяняецца. Зрынутыя рэвалюцыяй сілы дробяцца. Распачынаецца апісаная вышэй контрарэвалюцыйная ідэалягічная творчасьць па выпрацоўцы альтэрнатывы рэвалюцыйнай мадэлі. У той час як пераможцы займаюцца ўнутранымі разборкамі, фармуюць стратэгію практычнага падзелу рэвалюцыйных здабыткаў, у стане пераможаных фармуецца група, якая ў межах новай сыстэмы выступае ў якасьці новай апазыцыі. У выніку выходзіць сытуацыя, калі асэнсаваньне прычынаў рэвалюцыі сярод прыхільнікаў старога парадку выводзіць іх на новы ідэалягічны ўзровень. Пагатоў што зь цягам часу ранейшая рэвалюцыйная ідэя пачынае працаваць супраць саміх рэвалюцыянэраў. Паколькі ўвасабленьне ідэі ў рэчаіснасьць ня можа адпавядаць палітычным інтарэсам усіх складнікаў рэвалюцыйнага блёку, гэты блёк развальваецца. Народ часткова расчароўваецца ў палітыцы рэвалюцыянэраў, бо любое ўвасабленьне ідэі ў рэчаіснасьці горшае за самую ідэю – і новая апазыцыя набірае на гэтым палітычныя балы. Рэвалюцыянэры падманулі, кажа апазыцыя, і ў пэўным сэнсе мае рацыю. Устанаўліваюцца пасьлярэвалюцыйныя правілы гульні, якія моцна розьняцца ад чаканьняў большасьці ўдзельнікаў рэвалюцыі. Справядлівыя выбары адбыліся, але яны не азначаюць абсалютнай справядлівасьці, якой прагне грамадзтва падчас рэвалюцыі. А няздольнасьць адкрыта прызнаць часовы і дэклярацыйны характар рэвалюцыйных лёзунгаў толькі грае на руку новай апазыцыі.

У адпаведнасьці з гэткай ідэалягічнай дынамікай адрозьніваецца і разуменьне самой рэвалюцыі антырэвалюцыянэрамі і рэвалюцыянэрамі да падзеі і пасьля яе. Тут варта прыгадаць словы Бярдзяева: «Рэвалюцыя ірацыянальная, яна сьведчыць пра панаваньне ірацыянальных сілаў у гісторыі… заўжды зьяўляецца сымптомам нарастаньня ірацыянальных сілаў. Менш за ўсё разумеюць сэнс рэвалюцыі рэвалюцыянэры і контрарэвалюцыянэры. Рэвалюцыянэры звычайна не разумеюць сэнсу рэвалюцыі».

Існуе і іншы накірунак аналізу драматычных рэвалюцыйных пераўтварэньняў. Гэты аналіз робіцца людзьмі, якія прынялі рэвалюцыю як зьяву і перажываюць яе, узвышаючыся над яе будзённасьцю. Для рэлігійнага філёзафа Бярдзяева ў дачыненьні да расейскай рэвалюцыі 1917 г. гэта быў пераважна аналіз апакаліптычны, з пазыцыяў хрысьціянскага пэсымізму. Аднак гэткі гістарыязофскі пагляд не адзіны магчымы і каляровыя рэвалюцыі ў нашых суседзяў – таму прыклад. І ўкраінскія падзеі, і візыты Пуціна да Януковіча, і зьнявага апошнім Лукашэнкі падчас сьвяткаваньня гадавіны вызваленьня Ўкраіны могуць быць разгледжаныя з пазыцыяў мэтафізычных, могуць быць тэмай для рэфлексіі пра сутнасьць рэвалюцыі.

4. ВЯЛІКАЯ ІДЭАЛЬНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Украінскі выпадак дае значна больш падставаў для гэткага аналізу ў параўнаньні з папярэднімі каляровымі рэвалюцыямі. Тут і цывілізацыйны канфлікт Усходу і Захаду, і барацьба дзьвюх імпэрыяў за кантроль над спрэчнай тэрыторыяй, і гістарычнае народнае паўстаньне, і выбар дэмакратыі супраць тыраніі, і спэктакль «фармаваньня нацыі» тут і цяпер, у гэтую хвіліну. Некаму ў падзеях на Майдане бачылася жахлівае паўстаньне масаў, а другія з задавальненьнем назіралі «рэвалюцыю няўрадавых арганізацыяў», некаму мроіліся змовы таемных лялькаводаў гісторыі, хтосьці абаслютызаваў сацыяльны чыньнік, іншыя апэлявалі да геапалітычных тлумачэньняў альбо зьвярталі ўвагу на мову, на якой размаўлялі бакі. Розныя вэрсіі, разныя бачаньні, розныя гледзішчы. У аналізе ўкраінскіх падзеяў, як у люстэрку, адбіліся ўсе балючыя праблемы сучаснасьці. Памаранчавая рэвалюцыя зрабілася фокусам ня толькі рэвалюцыйных тэхналёгіяў, але й стала палігонам да разуменьня грамадзтва ў сусьветным маштабе. Памаранчавая рэвалюцыя – гэта ўзорны прыклад сучасных рэвалюцыяў, найбольш блізкі да іх ідэальнага тыпу. А ўзорныя тыпы заўжды прывабліваюць увагу дасьледнікаў, зьяўляюцца зручнымі для тэарэтызаваньня нават пры наяўнасьці вялікага кола спрэчных пытаньняў.

У перамогі шмат бацькоў, а параза – заўжды сірата. Калісьці сем гарадоў Грэцыі спрачаліся за права называцца радзімай Гамэра. Цяпер адразу некалькі амэрыканскіх, славацкіх і сэрбскіх экспэртных цэнтраў цьвердзяць, што менавіта яны стаялі ля вытокаў украінскай рэвалюцыі, забываючы, што роля інтэлектуальнага руху ўнутры Ўкраіны была вызначальная – без ідэалягічнага падмурку ў грамадзтве немагчыма было б спадзявацца на падтрымку народу падчас барацьбы за сумленныя выбары. Ідэалягічнае асяродзьдзе, у якім магла здарыцца Памаранчавая рэвалюцыя, было створанае нацыянальнымі інтэлектуаламі2. Але створаны інтэлектуаламі ідэйны бэкграўнд ня быў тэхналягічным! Паводле ўсіх законаў, для высьпяваньня нацыі спатрэбіліся б яшчэ гады. Кажуць, што ўкраінскія гістарычныя раманы 1970-х, калі іх чытаць уважліва, былі сьведчаньнем таго, што нешта падобнае да Майдану рана ці позна абавязкова адбудзецца. Але навошта чакаць яшчэ 10–20 гадоў? Трэба хутчэй! І тут якраз прысьпелі заходнія тэхнолягі, інжынэры грамадзянскай супольнасьці і рэвалюцыйныя мэнэджары, а палітыкі распачалі чарговую бойку за перадзел уплыву сярод кланаў. Інтэлектуалы падкінулі грамадзтву ідэю, якая была падхопленая палітыкамі, увасобленая ў выглядзе палітычнай праграмы і рэалізаваная ў форме палітычнай рэвалюцыі дзякуючы намаганьням грамадзянскай супольнасьці.

  1 Сучаснаму расейскаму антырэвалюцыянізму прысьвечаны, напрыклад, адмысловы сайт «Антиреволюционер», які нарадзіўся з аднайменнага артыкулу расейскага публіцыста Віталя Іванова.

   
Глебу для рэвалюцыі стварыла шматгадовая руплівая праца ўкраінскага няўрадавага сэктару. Тысячы асьветніцкіх мерапрыемстваў і заходнія тэхналёгіі актывізацыі грамадзтва стварылі тую форму, напаўненьне якой ідэалёгіяй нацыяналізму і перадусім ідэяй вызваленьня ад карумпаванай улады прывяло да фармаваньня рэвалюцыйнай сытуацыі.

Увогуле, для Памаранчавай рэвалюцыі было характэрнае спалучэньне інтэлектуальных, палітычных і грамадзянскіх высілкаў. Акурат пасьпяховае запазычаньне гатовых тэхналёгіяў дзеля вырашэньня ўжо сасьпелай рэвалюцыйнай сытуацыі робіць украінскую рэвалюцыю ўзорным прыкладам каляровых рэвалюцыяў. Інтэлектуалы стварылі ідэалёгію вызваленьня, грамадзянская супольнасьць дала тэхналёгію вызваленьня, а палітыкі скарысталіся гэтай тэхналёгіяй. Калі «імпарт рэвалюцыі» і меў месца, ён адбыўся ў сваім найбольш прыстойным выглядзе. Менавіта таму памаранчавы ўзор стаў прыцягваць увагу замежных пасьлядоўнікаў, менавіта таму аранжавы колер зрабіўся колерам грамадзянскага супраціву несправядлівасьці на ўсім сьвеце і быў узьняты на штандары ў Румыніі, Расеі, Ізраілі і нават Гане і Зымбабвэ.

Памаранчавая рэвалюцыя канчаткова сфармавала канон сучаснай рэвалюцыі. Гэты канон быў прыняты і прыхільнікамі рэвалюцыі, і яе антырэвалюцыйнымі крытыкамі – розьніца палягала толькі ў ацэнцы тых фактаў, якія назіраліся падчас гэтага працэсу. А вось падзеі ў Кыргызстане не адпавядалі канону і зь цяжкасьцю ўпісваліся ва ўжо напрацаваную парадыгму. Рабаваньні на вуліцах, гвалтоўныя сутыкненьні, нязначная роля моладзевага пратэставага руху, адсутнасьць бясспрэчнага лідэра – усё гэта выбівалася з намаляванай схемы і патрабавала дадатковых тлумачэньняў. Таму кыргыскі выпадак у межах сучаснай рэвалюцыйнай тэорыі трэба ўспрымаць як эмпірычны факт, які не адпавядае агульнапрынятай парадыгме. Назапашваньне гэткіх фактаў падчас наступных крызісаў у іншых краінах павінна ўрэшце прывесьці да пераасэнсаваньня рэвалюцыйнай тэорыі, што падпарадкоўваецца законам разьвіцьця тэорыяў, пабудаваным у межах філязофіі навукі.

Аднак акрамя практычнага і рэфлексіўна-філязофскага тэарэтызаваньня на тэму рэвалюцыйных працэсаў магчымыя і ацэнкі рэвалюцыі зь іншых гледзішчаў. Да прыкладу, ацэнка аб’ектыўна-навуковая, якая імкнецца разгледзець у падзеях рацыянальны сэнс або нават пабачыць у іх фактар узьдзеяньня «аб’ектыўных законаў гістарычнага разьвіцьця». Гэты пункт гледжаньня займаюць людзі, якія імкнуцца пазнаць рэвалюцыю розумам, але пры гэтым самі ў ёй не бяруць удзелу. Гэта ня значыць, што іхнае разуменьне рэвалюцыі ня будзе ўзята на ўзбраеньне ўдзельнікамі палітычнага працэсу – у наш час распаўсюджанае меркаваньне пра магчымасьць сьвядомага кіраваньня і маніпуляцыі палітычнымі працэсамі і грамадзкімі настроямі, і няма лепшага сродку для сацыяльнай інжынэрыі, чым навуковая тэхналёгія. Менавіта таму такім попытам карыстаюцца разнастайныя палітычныя аналізы, прагнозы, магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў і паліталягічныя дасьледаваньні. Удзельнікі гульні падазраюць, што іхныя ірацыянальныя дзеяньні на самай справе падпарадкоўваюцца нейкім аб’ектыўным законам, якія можна зразумець, вытлумачыць і скарыстаць на сваю карысьць. Сацыялёгія рэвалюцыі ёсьць толькі самым відавочным прыкладам выкарыстаньня навуковых мэтадаў быццам бы рацыянальнага разуменьня дзеля ажыцьцяўленьня палітычных стратэгіяў узьдзеяньня на грамадзтва.

Народныя масы таксама ніколі не прызнаюць той ірацыянальнай глыбіні, якую яны падсьвядома адчуваюць падчас рэвалюцыйнага паўстаньня. Іх цешыць думка, што ўсё гэта тлумачыцца разумнымі чыньнікамі. Невытлумачальная радасьць «тварэньня гісторыі» падчас народнага ўзрушэньня проста мусіць быць сфармуляваная ў быццам бы лягічным лёзунгу альбо патрабаваньні. Мала хто скажа: «Мы робім рэвалюцыю дзеля таго, каб зрабіць рэвалюцыю». Гэткая тэза выклікае псыхалягічны дыскамфорт. Значна больш утульна сябе адчуваеш, кіруючыся тэзай «Мы робім рэвалюцыю дзеля Свабоды, Дэмакратыі, супраць падману і самадурства». Задача харызматычнага рэвалюцыянэра альбо ягонага памагатага, шамана-паліттэхноляга, у тым, каб сфармуляваць ірацыянальныя памкненьні масаў у разумнай форме і ўкласьці гэтую рацыянальную фармулёўку ў вусны правадыра.

Намаляваная намі карціна дазваляе па-іншаму паставіцца да некаторых праяваў антырэвалюцыйнай дзейнасьці ў Расеі і Беларусі. Адной з антырэвалюцыйных стратэгіяў можа быць фармуляваньне псэўдарэвалюцыйных лёзунгаў, як гэта робяць цяпер у Расеі архітэктары моладзевага руху «Наши». Гэта можа быць ня толькі спроба ўзяць пад кантроль моладзевы рух як такі, як гэта робіць БРСМ у Беларусі – для ўсіх, хто пабываў у прымусовых моладзевых арганізацыях зразумелая іх мізэрная і нават адваротная эфэктыўнасьць. Гэта значна большае – гэта спроба перахапіць права на фармуляваньне рацыянальнай абалонкі для ірацыянальных пратэстных настрояў у грамадзтве. І сапраўды, занадта ўжо часта й пераканаўча разважаюць лідэры «Наших» пра сваю апазыцыю да сёньняшняга палітычнага рэжыму ў Расеі. Іхная канцэпцыя скіраваная ў сэрца народу, які падманваюць: «Мы супраць сёньняшняй эліты. Мы хочам вярнуць харызматычны лад панаваньня ў краіну! Мы хочам вярнуць Расеі справядлівую ўладу!» – так трэба разумець іхны мэсыдж.

У межах намаляванай намі схемы эфэктыўна процідзейнічаць рэвалюцыі павінны таксама і тыя дзеяньні, якія дэманструюць бессэнсоўнасьць і неразумнасьць рэвалюцыйных дзеяньняў. Напрыклад, падчас выбуху пратэставых моладзевых рухаў у Расеі пры канцы 2004-га – на пачатку 2005-га гг. спосабы дэманстрацыі бессэнсоўнасьці рэвалюцыйнага праекту. «Наши» выходзілі на плошчы з «пратэставымі» лёзунгамі «Как-нибудь Так!», «Увы!», «Тяни одеяло, дели пироги!», «Мир! Труд! Майя!». Хто ж пасьля гэтага мог сур’ёзна паставіцца да дэманстрацыі пад дэвізам «Пора!», што адбывалася поруч? Гэтыя падобныя да памаранчавых лёзунгі, дарэчы, папраўдзе трапна выкрываюць пустэчу, якая нярэдка хаваецца за пратэставымі лёзунгамі. Тэхналёгіі кшталту «Поры» працуюць толькі ва ўмовах нарастаньня грамадзка-палітычнай напружанасьці. Тады скарыстацца імі можа кожны – на тое гэта і тэхналёгіі. Калі адзін бок скарыстаўся імі, то і іншы можа імі авалодаць.

5. МОЛАДЗЬ ЗМАГАЕЦЦА – САМА З САБОЙ

Распаўсюджана такое меркаваньне, што менавіта дзейнасьць моладзевых рухаў супраціву і ёсьць тым штуршком, які выклікае рэвалюцыйныя пераўтварэньні. Многія назіральнікі выказвалі думку, што якраз украінская «Пора», грузінская «Кхмара» і югаслаўскі «отпор» «зрабілі» рэвалюцыі ў сваіх краінах, выкарыстоўваючы тэхналёгію негвалтоўнага супраціву. Сама да гэтай праблематыкі скіраваная ўвага антырэвалюцыянэраў у Расеі. Кнігі Джына Шарпа «Негвалтоўная барацьба: найлепшы сродак вырашэньня вострых палітычных і этнічных канфліктаў?», «Палітыка негвалтоўных акцыяў» і «Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня» ўважліва штудыююцца як рэвалюцыянэрамі, так і іхнымі апанэнтамі. Зробленыя з гэтых тэкстаў высновы ўплываюць на палітычную сытуацыю. Як прызнавалі і ўдзельнікі Эўрапейскага форуму, менавіта моладзь можа быць асноўным носьбітам рэвалюцыйнай пагрозы, але таксама моладзь можа быць найлепшым сродкам прадухіленьня такой пагрозы.

Недзе да пачатку 2005 г. моладзевыя палітычныя рухі ў Расеі ўяўлялі вартае жалю відовішча. Кожная вялікая партыя мела сваё моладзевае крыло – гэта лічылася неабходным мінімумам, безь якога партыя ня можа разьлічваць на палітычны посьпех на фэдэральным узроўні. Аднак ані Саюз моладзі «За Родину», ані «Молодежное Яблоко», ані якія іншыя суполкі не маглі пахваліцца істотным посьпехам. Сяброў было вобмаль, дзейнасьць збольшага была фармальная, СМІ яе не заўважалі, а палітычныя праграмы пераважна ішлі ў фарватэры «дарослай» часткі партыі. Расейскія каляпартыйныя арганізацыі моладзі прываблівалі найбольш тых, хто разьлічваў зрабіць палітычную кар’еру – у моладзевым «СПС» ці камсамоле, а найлепш, вядома, у «Молодежном Единстве» і «Идущих вместе» з праўрадавай «Единой Россией». Такія моладзевыя аб’яднаньні не разглядаліся ў якасьці палітычнай сілы і не маглі быць падмуркам масавага пратэставага руху. Натуральна, пры гэтым кожная з гэтых партыяў мела свае асаблівасьці. «Соколы Жириновского» адрозьніваліся ад яблычнікаў, аднак прыкметы крызіснага стану былі супольныя. Аніякай уласнай палітычнай ролі ў нацыянальным маштабе моладзевыя палітычныя арганізацыі ня гралі. Нельга не пагадзіцца з ацэнкай, якую самакрытычна даў ЦК КПРФ Саюзу камуністычнай моладзі пры канцы 2003 г. у дачыненьні да выбарчых кампаніяў: «Мы назіраем слабы ўплыў моладзевых арганізацыяў… аб павелічэньні іх ролі падчас выбарчых працэсаў гаварыць не выпадае».

Крызіс назіраўся і ў асяродзьдзі непартыйных палітызаваных згуртаваньняў моладзі, хоць там ён праяўляўся па-іншаму. Нягледзячы на большую актыўнасьць і публічнасьць у параўнаньні з партыйнымі моладзевымі структурамі, тут таксама мела месца стагнацыя, зьвязаная з адсутнасьцю рэальнага ўплыву на палітычнае жыцьцё. На гэтым флянгу найбольш заўважнай была дзейнасьць Нацыянал-бальшавісцкай партыі Эдуарда Лімонава. Гэтая арганізацыя de jure не пазыцыянавала сабе як чыста моладзевую, аднак рэальна выконвала функцыю радыкальнай моладзевай апазыцыі. НБП канцэнтравалася на пазасыстэмнай дзейнасьці. Пікеты, захопы ўрадавых будынкаў, антыпутынскія пэрформансы, гучныя заявы і палітычныя зьняволеныя з шэрагу нацыянал-бальшавікоў замацавалі за імі імідж найбольш пасьлядоўнай альтэрнатывы пануючаму рэжыму Пуціна. Пачынаючы з 2000 г. на глебе антыпуцінскай праграмы НБП істотна пашырыла геаграфію сваіх аддзяленьняў, вырасла колькасна, атрымала досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях. Аднак яна была юрыдычна адрэзаная ад сапраўднай барацьбы за палітычную ўладу праз адсутнасьць адпаведнага статусу і ўплывовых саюзьнікаў (нават спробы пагадненьня з анпілаўцамі засталіся на паперы). Пакрысе НБП стала выконваць выключна функцыю каналізацыі моладзевага пратэсту без рэальнай барацьбы за ўладу. Яе актыўнасьць больш турбавала не палітыкаў, а дысыдэнтаў і праваабаронцаў. Такая экстрэмісцкая апазыцыя найбольш задавальняла пуцінскі рэжым. Акцыі лімонаўцаў былі гучнымі, але не ўяўлялі пагрозы для ладу, толькі палохалі сярэдняга грамадзяніна. Нацысцкі ж імідж такой апазыцыі рабіў магчымымі рэпрэсіі супраць актывістаў безь пярэчаньня з боку міжнароднай супольнасьці. Паступова НБП была адсунутая з поля публічнай палітыкі і маргіналізавалася.

Прыкладна такую ж ролю адыгрываў «Авангард красной молодежи», блізкі да партыі «Рабочая Россия». Стварэньне гэтай арганізацыі ў 2000 г. мела за мэту скарыстацца пратэставым настроем моладзі па прыкладзе НБП, аднак з большай ідэалягічнай нагрузкай. Калі ў нацболаў адсутнічае якая-кольвек ідэалягічная дактрына (сярод сяброў і кіраўнікоў партыі ёсьць і нацысты, і новыя левыя, і трацкісты), то «АКМ» пасьлядоўна трымаецца камуністычнай ідэалёгіі ў яе радыкальным варыянце. Зрэшты, ідэалягічны фактар ў моладзевых рухах ня грае вызначальнай ролі – у рэгіёнах вельмі часта структуры НБП, «АКМ» і іншых радыкальных груповак перакрыжоўваюцца, таксама як і іх мэтавыя групы. Урэшце, абодва згуртаваньні ў пэўны момант адчулі сабе годнымі заняць нішу масавага пратэставага руху моладзі напярэдадні блізкага рэвалюцыйнага крызісу – і падштурхнуў іх да гэтага ўсьведамленьня ўкраінскі прыклад.

Як ні дзіўна, да рэвалюцыйных падзеяў ва Ўкраіне і Кыргызстане расейцы не задумляліся пра моладзевую палітыку, а палітычныя дзеячы і іхныя дарадцы ня бачылі патрэбы ў інтэнсыфікацыі працы з моладзьдзю. Азначаны крызісны стан моладзевай палітыкі прызнаваўся ўсімі, аднак ён не лічыўся чымсьці небясьпечным у параўнаньні з агульным станам расейскага палітычнага ладу. Зразумела, рухі накшталт «Отпору» атрымалі пэўную вядомасьць, аднак пра магчымасьць стварэньня падобных структураў у Расеі ніхто ўсур’ёз не задумляўся. Гаворка пра расейскую «Кхмару» была, хутчэй, вытанчаным інтэлігенцкім сьцёбам. Палітычныя аналітыкі мала цікавіліся гэтым праблемным полем, пакуль моладзевыя «кулакі» пратэсту лічыліся праблемай выключна замежнай палітыкі. Але калі ўзімку 2004 г. памаранчавы карнавал пабачылі ў кожным расейскім доме, моладзь сама, незалежна ад дарослых палітыкаў, зразумела, што яна можа вырашаць лёс краіны. Калі гэта можа адбыцца ўва Ўкраіне, то чаму гэта немагчыма ў Расеі? Адначасова тая ж думка, вядома, пранізала й галовы крамлёўскіх паліттэхнолягаў, чыноўнікаў і журналістаў. Практыка паказала, што непартыйныя моладзевыя рухі, фінансаваныя за кошт грантаў і кіраваныя прынцыпамі негвалтоўнага супраціву ў духу Шарпа, здольныя прывабіць значную колькасьць маладых людзей.

Як гэта ня раз бывала ў мінулыя стагодзьдзі, новыя ідэі Расея зноў стала запазычваць з Украіны й Беларусі.

І пачалася рознаскіраваная актыўнасьць. Аналітычныя цэнтры пуцінскага рэжыму сталі ўважліва назіраць за разьвіцьцём падзеяў у асяродзьдзі моладзевых арганізацыяў і рабіць пэўныя крокі па кіраваньні гэтымі працэсамі. Самі ж моладзевыя структуры распачалі сапраўднае спаборніцтва: хто стане найлепшым расейскім адпаведнікам «Поры»? Ахвотных было столькі, што іх, здаецца, хапіла б, каб рэвалюцыянізаваць усе дыктатарскія рэжымы сьвету. Найлепшыя шанцы зрабіцца адзіным антыпуцінскім брэндам мела наваствораная арганізацыя «Оборона», блізкая да правацэнтрысцкага крыла традыцыйнай апазыцыі. Ядро «Обороны» склала моладзь СПС і «Яблока». Адзін з каардынатараў «Поры» Андрэй Юсаў адзначыў, што менавіта «Оборона» зьяўляецца найбольш жыцьцяздольнай моладзевай структурай у сучаснай Расеі, але пры гэтым з жалем дадаў: «Але ж іх да сьмешнага мала».

Аднак у час, калі кыргіскія маладзёны зь «Бірге!» і «Кель-Кель» зьдзівавана назіралі за нечаканым посьпехам уласнай рэвалюцыйнай праграмы, у Расеі поўным ходам ішоў і пошук субстытутаў гэтых рухаў негвалтоўнага супраціву.

6. ЦУКЕРКІ «КРАМЛЁЎСКІЯ»

Стратэгію расейскіх уладаў выпрацавалі паліттэхнолягі на чале з Паўлоўскім. Апошні, фрустраваны ганебным прафэсійным правалам ва Ўкраіне, задумаў два важныя крокі дзеля прадухіленьня расейскай моладзевай рэвалюцыі. Першы зь іх зыходзіў з наступнай лёгікі: калі няможна прадухіліць фармаваньне моладзевага пратэставага руху, трэба зрабіць так, каб гэты рух згубіўся сярод дзясяткаў кантраляваных Крамлём цэнтраў «пратэставай» актыўнасьці, каб не сфармаваўся адзіны рух пратэсту. Па камандзе з Крамля было створана некалькі «радыкальных моладзевых рухаў», якія мусілі адцягнуць на сябе частку радыкальнай моладзі. Зразумела, далёка ня ўсе зь іх былі простымі агентамі Крамля, аднак сама сытуацыя відавочна была вынікам маніпуляцыі пуцінскай адміністрацыі. У Расеі зьявілася адразу некалькі арганізацыяў з назвай «Пора» – проста «Пора», «Российская «Пора», «Оранжевая Москва-«Пора», «Красная «Пора». Фігураваў нават правакацыйны рух, у сымболіцы якога слова «пара» было арганічна сумешчанае з чорнай свастыкай. Яшчэ былі «ДА!», «Мы!», «Хватит!» і інш. Гэтыя арганізацыі распаўсюдзілі свае антыпуцінскія маніфэсты, стварылі сайты, аднак аніякай дзейнасьці практычна не ажыцьцяўлялі. На гэта наклалася барацьба паміж рэальнымі моладзевымі структурамі – напрыклад, моладзевая фракцыя партыі «Родина» перахапіла сабе назву «Ура!», пры партыйцы Ірыны Хакамады «Наш Выбор» быў створаны моладзевы рух «Стоп-кран». У выніку склалася становішча, калі ў адной прасторы функцыянавалі дзясяткі апазыцыйных брэндаў, іх дублі і фантомы, і склалася ўражаньне, што ніводны з гэтых рухаў нельга ўспрымаць усур’ёз.

Раскалоўшы такім чынам моладзевы рух, цэнтар Паўлоўскага стварыў умовы для наступнага кроку. Ён прадугледжваў стварэньне на моладзевым полі моцнага гульца, які быў бы цалкам падпарадкаваны пуцінскай адміністрацыі. Так нарадзіліся «Наши», ультрапатрыятычная прапуцінская арганізацыя. Кіраўніком новага руху стаў Васіль Якіменка, раней – стваральнік руху «Идущие вместе», заснаванага ў 2000 г. дзеля падтрымкі Пуціна.

Расейскі ўрад прыняў фэдэральную праграму «Патрыятычнае выхаваньне грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі ў 2006–2010 гг.». Згодна з гэтай праграмай, на прапаганду патрыятызму сярод моладзі выдзяляецца больш за 17 мільёнаў даляраў. Натуральна, большая чатка гэтых сродкаў будзе наўпрост альбо ўскосна накіраваная «Нашим». Паводле зьвестак сацыёлягаў з ВЦІОМ з сакавіка да ліпеня вядомасьць «Наших» сярод насельніцтва павялічылася з 4 % да 17 % ад усіх апытаных.

Сіла «Наших» і іхнае адрозьненьне ад савецкага тыпу арганізацый кшталту БРСМ у выкарыстаньні тэхналёгіяў, выпрацаваных «Отпорам» і падобнымі структурамі. Гэта сеткавы прынцып пабудовы арганізацыі, радыкальная рыторыка, паўваенная арганізацыйная фразэалёгія («камандзіры», «камісары»), настрой на перамены і прыцягненьне моладзі да беспасярэдняга ўплыву на палітычнае жыцьцё. «Наши» даюць расейскай моладзі тое, чаго ёй даўно бракавала і што ёй маглі б у будучыні прапанаваць рэвалюцыйныя моладзевыя рухі – адчуваньне ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны. Гэтая арганізацыя атрымала імідж «баявых атрадаў», якія павінны абараніць інтарэсы Расеі – аніякай ідэалягічнай пазыцыі, акрамя падтрымкі Пуціна, яны ня маюць. За антыфашысцкай рыторыкай «Наших» напраўдзе хаваюцца пляны расправы з прадстаўнікамі апазыцыі. «Наши» таксама гатовыя падтрымаць Крэмль на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама замяніць сваімі камісарамі цяперашнюю намэнклятуру як «прагнілую і інфікаваную паражэнствам». (Прыдумка піяршчыкаў: у рыторыцы «нашых» галоўнай мішэньню зьяўляюцца менавіта абстрактныя «паражэнцы».)

Расейскага дэмакратычнага кандыдата яшчэ ніхто ня бачыў, аднак моладзевы фронт супраць яго, антымайдан ужо створаны. Ёсьць падставы думаць, што гэтыя напрацоўкі Паўлоўскага скарыстае і беларускі рэжым, які сутыкнуўся з паважнымі выклікамі.

7. ДЗЯРЖАВА І АНТЫРЭВАЛЮЦЫЯ

Рэвалюцыйны палітычны праект у Беларусі імкнецца авалодаць прыхільнасьцямі грамадзтва. Натуральна, што ўлада валодае нашмат большымі палітычнымі і эканамічнымі рэсурсамі. На яе баку ўся моц дзяржаўнага апарату. Аднак у рэвалюцыйнага праекту ў Беларусі ёсьць бясспрэчны «джокер» – адчуваньне непазьбежнасьці рэвалюцыі, непазьбежнасьці пераменаў. Згодна з дадзенымі славацка-беларускага дасьледаваньня, распаўсюджанага браціслаўскім фондам «Понціс» увесну 2005 г., каля траціны насельніцтва незадаволеныя становішчам у Беларусі і выступаюць за перамены. 39 % беларусаў у той альбо іншай ступені падтрымліваюць асобаў, якія публічна пратэстуюць супраць дзеяньняў існага ў Беларусі рэжыму. Гэта высокі паказнік, які адпавядае аналягічнаму індэксу ва Ўкраіне напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Пры гэтым 49 % апытаных беларусаў ня вераць у справядлівасьць і сумленнасьць будучых выбараў. Такім чынам, апазыцыя разьлічвае, што ў краіне да будучых выбараў высьпее рэвалюцыйная сытуацыя.

Але сацыялёгія – гэта ўсяго толькі сацыялёгія. На вуліцы выходзяць стаяць не адсоткі – жывыя людзі. Апазыцыя апрыёры ідзе на рэвалюцыйны блеф – і яе праціўнік прымае гэтыя правілы гульні. Усе астатнія палітычныя праекты, якія не прымаюць гэткага раскладу, аб’ектыўна знаходзяцца па-за гульнёй. Яны функцыянуюць па-за межамі палітычнай пэрспэктывы і могуць фігураваць у намаляванай палітычнай прасторы толькі як элемэнт фундамэнтальнай рэвалюцыйнай або антырэвалюцыйнай стратэгіі.

Беларусь – асноўная мішэнь для антырэвалюцыянэраў менавіта праз тое, што рэвалюцыянэры дэкляруюць нашу краіну наступным пунктам прыкладаньня высілкаў міжнароднага рэвалюцыйна-дэмакратычнага інтэрнацыяналу. Толькі ў Беларусі палітычная апазыцыя адкрыта заяўляе пра немагчымасьць зьмяніць палітычны рэжым нерэвалюцыйным чынам. І, што яшчэ важней, гэты прынцып закладаецца ў падмурак стратэгіі прыходу апазыцыі да ўлады. Прэзыдэнцкія выбары 2006 г. разглядаюцца аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыяй не як электаральнае спаборніцтва, а як нагода для негвалтоўнай рэвалюцыі. Дарэчы, гэта не пастулявалася адкрыта ні камандай Каштуніцы, ні камандай Юшчанкі. Беларуская ж апазыцыя загадзя рыхтуецца да рэвалюцыі, паколькі ня верыць у самую магчымасьць свабоднага выяўленьня волі народу падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. Словы Лукашэнкі пра немагчымасьць рэвалюцыі ў Беларусі толькі лішні раз акцэнтуюць імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў. Беларускае рэвалюцыйнае лобі мае рэвалюцыйныя тэхналёгіі, распрацаваную палітычную стратэгію і ня цешыцца ілюзіямі што да характару сёньняшняга рэжыму. Мізэрнасьць фінансавага рэсурсу адрозьнівае беларускі рэвалюцыйны праект, аднак у каляровых рэвалюцыях ня ўсё вырашаюць грошы.

Антырэвалюцыйныя плыні ў Беларусі і Расеі маюць сваю спэцыфіку. Аднак нягледзячы на адрознасьці ў фразэалёгіі і мэтадах, на адчувальную розьніцу між палітычнымі рэжымамі і эканамічным ладам антырэвалюцыйныя плыні ў Расеі і Беларусі маюць адзіны ідэалягічны падмурак. Гэта прадэманстравалі і выступы расейскіх антырэвалюцыянэраў падчас Эўрапейскага форуму. Як і іх беларускія калегі, пад «разьвіцьцём дэмакратычных асноваў стабільнасьці» яны разумеюць перадусім удасканаленьне мэханізмаў маніпуляцыі грамадзкай думкай. Беларускі бок, праўда, дадае да гэтага забарону газэтаў і НДА, непразрыстыя мэханізмы падліку галасоў, зьняволеньне палітычных апанэнтаў і нават горшыя мэтады расправы зь імі. А мірны пратэст і негвалтоўны супраціў фальсыфікацыям называюцца «маніпуляцыйнымі тэхналёгіямі». Сам тэрмін «разьвіцьцё дэмакратыі» разумеецца антырэвалюцыянэрамі ў чыста інструмэнталісцкім ключы, як працэс, які без кіраваньня і абмежаваньня можа прывесьці да непажаданых наступстваў. І таму «спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі» – складаная задача, якая патрабуе глыбокага аналізу на глебе веданьня геапалітычных і геастратэгічных тэорыяў, нацыянальных інтарэсаў дзяржавы-лідэра, выкарыстаньня сучасных маніпуляцыйных тэхналёгіяў кіраваньня грамадзкай думкай і электаральнымі працэсамі. Карацей, надышоў час пераходзіць ад грубых тэхналёгіяў да вытанчаных мэтадаў пашырэньня кіраванай дэмакратыі. Калі беларуская антырэвалюцыя скіраваная на ўмацаваньне дыктатуры з пашырэньнем рэпрэсіяў, то расейскі шлях разам з абмежаваньнем свабодаў прадугледжвае выкарыстаньне больш гнуткіх спосабаў прадухіленьня рэвалюцыйнага крызісу. Перад беларускімі дэмакратамі ўзьнікае спакуса прыняцьця расейскага «мяккага праекту для Беларусі»: ён падаецца больш лібэральным за лукашэнкаўскі. Аднак у канчатковым пляне ён мае за мэту тую ж кансэрвацыю ранейшай сытуацыі.

Беларускія антырэвалюцыйныя сілы вынесьлі зь мінулых рэвалюцыяў гэткую навуку: рэвалюцыі адбываюцца там, дзе ўлада дэманструе слабасьць. Але беларуская антырэвалюцыя выкарыстоўвае ня толькі рэпрэсіі, яна яшчэ і абапіраецца на «дзяржаўную ідэалёгію». Стабільнасьць стала сьвятарнай каровай рэжыму ў Беларусі, разам зь лёзунгамі «апоры на ўласныя сілы» і рацыянальнымі доказамі абгрунтаванасьці пэрсанальнай дыктатуры Лукашэнкі. Пасьля рэвалюцыі ва Ўкраіне беларускі рэжым зрабіўся больш жорсткім да апазыцыі. Да таго ж, украінскія падзеі спрыялі рэанімацыі беларуска-расейскага інтэграцыйнага праекту. Цяпер гэта ўжо ня «газ у абмен на пацалункі», а хаўрус рэжымаў, якія адчуваюць супольную небясьпеку. У выніку Памаранчавай рэвалюцыі Расея зноў зацікавілася сваімі суседзямі, што стварыла, нягледзячы на двухсэнсоўнасьць Лукашэнкавай інтэграцыйнай рыторыкі, рэальную небясьпеку незалежнасьці Беларусі.

Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне стала і для Пуціна, і для Лукашэнкі добрым урокам, які яны выдатна засвоілі. Таму посьпех беларускай апазыцыі ў 2006 г. будзе залежаць толькі ад здольнасьці дзейнічаць уласнымі, новымі мэтадамі, абапірацца на нацыянальныя рэсурсы. Мэханічнае капіяваньне чужога досьведу, мэханічны перанос імпартных тэхналёгіяў прывядзе да жорсткае паразы. Толькі арыгінальнасьць дзеяньня здольная забясьпечыць посьпех. І тым самым унесьці новае ў тэорыю каляровых рэвалюцыяў.

  2 Не заўжды яны былі сьведамыя сваіх посьпехаў: рэпрэсіўная сыстэма стварае ілюзію поўнага кантролю над грамадзтвам, якая, аднак, на справе выяўляецца ілюзіяй. Многія ўкраінскія інтэлектуалы з пэсымізмам глядзелі на магчымасьць зьмены рэжыму ў выніку выбараў 2004 г. У якасьці прыкладу прывядзём львоўскі часопіс «Ї», які назваў перадвыбарны нумар «Мова нямое краіны». З друкарні ён выйшаў ужо пасьля рэвалюцыі, і выдаўцам не заставалася нічога, як скрэсьліць на вокладцы слова «нямое» і ператварыць слова рэдактара ў тлумачэньне ўласнага скепсісу: Готуючи номер журналу про мову ще на початку осени 2004, ми з гіркою внутрішньою переконаністю обрали назву «Мова німої країни». Тоді видавалося, що живемо серед німої громади, що українська мова, як зрештою і все українське, безнадійно витіснена з більшости публічних сфер суспільства – від спорту і розважально-відпочинкової індустрії до науки і бізнесу. Не берусь стверджувати, але так, чи майже так, думали і відчували більшість авторів цього числа».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/25