A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЯКСАНДАР ГРЫЦАНАЎ | ||||
Гарбачоў, убачаны з постмадэрну
на характер свалить или Волю Божью. Разве должно было быть иначе? Мы платили за всех, и не нужно сдачи. Іосіф Бродзкі У самым канцы 1980-х гг. многім у СССР і за яго межамі здавалася, што яшчэ зусім крыху, і краіна стане лібэральнай эўрапейскай дэмакратыяй. Але Гарбачоў ня даў рады выклікам, якія паўсталі ў часе рэформаў. Савецкі Саюз ня стаў дэмакратычнай дзяржавай, ня стаў і фрагмэнтам атлянтычнай лібэральнай супольнасьці. Больш за тое, дзяржава з такой назвай бясслаўна зьнікла з мапы сьвету. Свабода слова, некаторы час прысутная на прасторы канаючай камуністычнай імпэрыі, была імкліва згорнутая: ва ўсіх краінах, што захавалі піетэт да яе «слаўных традыцыяў», адноўлена жорсткая цэнзура. Эканоміка (як і сама дзяржава) працягвае заставацца ва ўласнасьці бюракратыі, карупцыя не перастае разьядаць самыя падмуркі дзяржаўнасьці былой імпэрыі. Захаваньне грамадзкай цікавасьці да лёсу і дзеяньняў апошняга савецкага рэфарматара не ў апошнюю чаргу абумоўлена вось гэтай нявырашанасьцю агучаных пры ім задачаў.Сам па сабе кар’ерны ўзьлёт М. Гарбачова, шмат у чым выпадковы (адыграў прынцып рыбы-прыліпалы пры Ю. Андропаву), яшчэ раз пацьвердзіў сумную практыку камуністычнага рэжыму: тут хто заўгодна можа стаць кім заўгодна. Калі падфарціць. Калі ня высунецца раней часу. Калі ад пачатку прыме ўсе правілы гульні навакольнага сьвету – нават самыя цынічныя. Былы памочнік камбайнэра стаў кіраўніком партыі і дзяржавы. І прывёў іх да гібелі. «Заўсёды і амаль ва ўсіх удаецца тое, чаго ніхто не жадаў», – пісаў Энгельс. Тут гэта ажыцьцявілася ў найвышэйшай ступені. Такой духоўнай вольніцы, як пры Гарбачову, Расея ня ведала ніколі: камуністычнай цэнзуры ўжо не было, бюракратычных абмежаваньняў яшчэ не было. Усім можна было ўсё: шараговы інжынэр аднекуль з Поўначы – дэпутат Абаленскі – удзельнічае ў гістарычных гонках за права быць афіцыйным лідэрам грамадзтва. Духоўныя айцы Прыбалтыкі прапануюць людзям падпісацца пад патрабаваньнем надаць тром дзяржавам Балтыі нацыянальны сувэрэнітэт. «Каапэратывы» пераплюнулі вайскова-прамысловы комплекс сваімі амбіцыямі і самаўпэўненасьцю. «Свабода прыходзіць аголеная», такой яна і явілася агаломшаным грамадзянам камуністычнай імпэрыі: яшчэ не было ні засільля спэцслужбаў, ні самадурства алігархаў, ні ангажаванасьці прадстаўнікоў правапарадку, ні крымінальнага бязьмежжа. Час Гарбачова ўскрыў амаль усе праблемы айчыннага «заўтра». Прыгадаем заклікі Шэварнадзэ быць пільнымі й гатовымі супрацьстаяць дыктатуры, прыгадаем незаслужана забытыя сюжэты «Взгляда», прыгадаем усё тое самае – толькі крыху больш стрыманае – у духоўнай атмасфэры нашай айчыны, Беларусі. На якую ж «гаспадарку» прыйшоў Гарбачоў і якую краіну ён спрабаваў сьпярша захаваць, а пазьней з палёгкай яе адрокся? «Эпоха» апошняга генэральнага сакратара ЦК КПСС – Гарбачова – па часе прасьціраецца болей за пэрыяд ягонага непасрэднага валоданьня вярхоўнай уладай у СССР (1985–1991 гг.). Яшчэ на працягу двух гадоў (1991–1993) Б. Ельцын працягваў (у «расстрэльным» фармаце) палітычную лінію Гарбачова на ліквідацыю ўсёпранікальнага ўплыву ў РФ артадаксальна-камуністычных і сілавых структураў, непадкантрольных цэнтру. Толькі па меры старту Вялікага Перадзелу Ўласнасьці (пасьля падзеяў кастрычніка 1993 г.) ельцынская сыстэма пачала бурліва разьвівацца, адштурхоўваючыся ўжо ад уласных палітычных установак і эканамічных прыярытэтаў. Задача ж цяперашняга пуцінскага кіраваньня – як гэта ўжо неаднойчы адзначалася, – «забясьпечыць непарушнасьць вынікаў вялікай прыватызацыі 1993–2000 гг. на кароткім гістарычным адрэзку часу, дастатковым для таго, каб выгоданабывальнікі прыватызацыі змаглі прадаць свае асноўныя актывы за рэальны рынкавы кошт і легалізаваць атрыманыя сродкі на бясьпечным і ўтульным Захадзе» (Станіслаў Бялкоўскі). Драматургія разьвіцьця сучаснай Расеі і шмат у чым – на жаль! – навакольнай прасторы СНД ёсьць наступствам двух этапаў уладных гульняў у Маскве: 1) «паўзучай» палітычнай рэвалюцыі Гарбачова і 2) «абвальнай» эканамічнай рэвалюцыі Ельцына. Найноўшая гісторыя цывілізаваных грамадзтваў эўрапейскага кшталту пішацца на базе жорстка выбудаванай, дастаткова аўтаномнай і прынятай усімі грамадзянамі сыстэмы захаваньня адпаведных сьведчаньняў. Яна ўлучае, да прыкладу, абавязковае стэнаграфаваньне ходу нарады ў прэзыдэнта ЗША, улік матэрыялаў незалежнай гаспадарчай статыстыкі і да т. п. У культуры Захаду, разам з гэтым, прысутнічае глябальная згода адносна герархіі сыстэмы каштоўнасьцяў, што зьмяшчаюцца ў падмурку гістарычных рэканструкцыяў. Уцямнае ж аднаўленьне сцэнароў эвалюцыі Савецкага Саюзу не ажыцьцявіць без папярэдняй выпрацоўкі тых ці іншых «кансэнсусных» дамоўленасьцяў: што лічыць «дабром» і «ліхам», «прагрэсам» і «рэгрэсам», а таксама «посьпехамі» для «краіны» і «дзяржавы». Немагчыма пераканаўча і вычарпальна адлюстраваць фэномэн Гарбачова – гэта будуць, у лепшым выпадку, творчыя ўдачы/няўдачы. Важна імкнуцца не паўтараць памылак тых, хто паверыў у яго, у яго высакамоўнасьць, у ягоную перакананасьць у ажыцьцяўленьні руху «камуністы за дэмакратыю» (альбо, дакладней, «ваўкі за вэгетарыянства»). Існуюць гістарычныя задачы, непад’ёмныя нават для геніяў ля трону. Першым сыстэмным напружаньнем у арганізацыі Саюзу ССР, якое спрабаваў, але ня змог пераадолець Гарбачоў, былі эканамічная і культурная неаднароднасьць розных тэрыторыяў дзяржавы. Як да ўмоваў Расейскай Імпэрыі, то тэарэтык анархізму М. Бакунін яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. празорліва адзначыў: «Для свайго захаваньня ў цяперашніх межах нашая дзяржава вымушана будзе заставацца самадзяржаўнай манархіяй». Непазьбежна ўласьцівая любой імпэрыі спакуса да бязьмежнага пашырэньня жыцьцёвай прасторы, калі рух вонкі замяняе ўнутранае разьвіцьцё, год ад году адсоўвала насьпелыя і перасьпелыя рэформы ўнутранага жыцьця і замінала грунтоўнаму ўладкаваньню цэнтральных губэрняў «мацерыка-мэтраполіі». Гэта асабліва адлюстравалася ў выраджэньні насельніцтва і прасторы «нечарназёмных вобласьцяў» Расеі. Бальшавікі – пасьля прыходу да ўлады – пагоршылі гэтую сытуацыю. Пацярпеўшы фіяска ва ўкараненьні ў Сярэдняй Азіі і Закаўказьзі масавага сьветагляду, фундаванага пралетарскай, клясавай асновай, ідэолягі бальшавізму зьдзейсьнілі кардынальны ідэалягічны паварот. Яны жорстка зьвязалі (упершыню ў сусьветнай гісторыі) нацыянальную ідэнтычнасьць з тэрытарыяльным топасам: нацыі ў СССР пачалі канструявацца ў якасьці тэрытарыяльных утварэньняў. У аспэкце ідэі аб непазбыўным канфлікце «культураў» і «цывілізацыяў» сэнс крывавай бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі можа быць інтэрпрэтаваны як сілавая замена руска-расейскай «культуры» касмапалітычнай камуністычнай «цывілізацыяй». Экстэнсіўнае тэрытарыяльнае разьвіцьцё, існаваньне ў складзе СССР рэгіёнаў, якія знаходзяцца на розных узроўнях і рэальна адносяцца да розных цывілізацыяў, пакінула ў спадчыну рэжыму Гарбачова выключную неаднароднасьць «савецкага народу» ў эканоміцы, якасьці сацыяльных адносінаў, культурных традыцыяў. Гетэрагеннасьць соцыякультурнай сфэры Савецкага Саюзу была, найперш, абумоўлена разьмяшчэньнем на яе тэрыторыі розных цывілізацыйных, этнакультурных, рэлігійных формаў. У канцы ХХ ст. (як і ў ягоным пачатку) у імпэрскіх уладаў Расеі – СССР «не было ні найменшага шанцу вырашыць нацыянальнае пытаньне. Яно перакрывала ўсе шляхі эвалюцыі рэжыму, бо лібэральная, дэмакратычная, прагрэсіўная альтэрнатыва, што ўяўляе сабой магчымае разьвязаньне іншых праблемаў, не дае рашэньня нацыянальнага пытаньня і ў выніку прыводзіць да распаду імпэрыі» (А. Бэзансон). Менавіта гэтая цывілізацыйная неаднароднасьць краіны саветаў садзейнічала правалу сацыялістычнага варыянту палітыкі перабудовы, якая праводзілася партыйным кіраўніцтвам на чале з Гарбачовым і выклікала моцнае ўнутранае напружаньне і ў постсавецкай Расеі. Гэтае напружаньне магло быць большае ці меншае, праяўляцца як у палітычных – легальных і негвалтоўных, – так і ў гвалтоўных – нелегітымных – формах. Але зь цягам часу неабходнасьць падтрыманьня фізычнага цела імпэрыі ва ўсё большай ступені абмяжоўвала эфэктыўнасьць, глыбіню і радыкальнасьць мадэрнізацыйных трансфармацыяў у рамках як імпэрскай, так і лібэральнай мадэлі. Імкнучыся мадэрнізаваць дзяржаўную машыну (з мэтамі захаваньня за СССР статусу вялікай дзяржавы), Гарбачоў быў вымушаны адмаўляцца ад лібэральна-рэфарматарскіх праграмаў. Апошнія ж, сапраўды, былі здольныя вырашыць усе сацыяльным праблемы – але коштам распаду імпэрыі. Усякае грамадзтва знаходзіцца ў адным з трох станаў: «разьвіцьцё», «стагнацыя», «крызіс». Пачатак стагнацыі ў СССР правамоцна датаваць мяжой 1960-х – 1970-х гг. Асваеньне новых нафтавых радовішчаў дазволіла ў пэўнай ступені кампэнсаваць неэфэктыўнасьць савецкай сыстэмы яшчэ на працягу прыблізна двух дзесяцігодзьдзяў. Акрамя палітыкі «лякальных рэпрэсіяў» і вялых касмэтычных паляпшэньняў асобных элемэнтаў дзяржаўнага мэханізму была заўважная патэнцыйная схільнасьць кіроўных колаў КПСС да ўзнаўленьня імпэрскай мадэрнізацыі. Усім стала відавочна, што ў фармаце стагнацыі адставаньне СССР ад разьвітых дзяржаваў Захаду толькі ўзрастала. Ю. Андропаў, пераемнікам якога хутка стаўся Гарбачоў, быў схільны да правядзеньня чарговага этапу мадэрнізацыі ў імя кансэрвацыі імпэрыі, але ў яго не засталося для гэтага часу: на пасадзе генэральнага сакратара ЦК КПСС ён быў каля году. У цэлым можна ахарактарызаваць палітыку кіраўніцтва СССР да 1985 г. як дастаткова кансэрватыўную, накіраваную на захаваньне існуючага стану рэчаў. Радыкальна адрозьніваецца ад гэтага пэрыяду бясчасься пэрыяд кіраваньня М. Гарбачова, які зрабіў апошнюю спробу ажывіць сыстэму, надаць ёй пэўную гнуткасьць і канкурэнтаздольнасьць у адносінах да тадышняга гістарычнага суперніка камунізму – заходняй цывілізацыі. Гэта была запозьненая і шмат у чым імправізацыйная спроба выкарыстаць лібэральную мадэль для працягу гістарычнага існаваньня савецкай сыстэмы. Аднак калі лібэральныя элемэнты, прыўнесеныя ў соцыякультурную сфэру жыцьця краіны, сталі фармавацца ў альтэрнатыўную сыстэму, сытуацыя выйшла з-пад кантролю ініцыятараў перабудовы. У сілу як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычынаў прагнілы савецкі рэжым рассыпаўся разам зь ягонымі рэфарматарамі, далейшыя радыкальныя зьмены былі непазьбежныя. Як прароча казаў М. Бярдзяеў: «Гіне Расейская імпэрыя. І гэтак жа загінуць усе імпэрыі, якія будуць калі-кольвек створаныя». Распад Савецкага Саюзу быў выкліканы ў большай меры прычынамі аб’ектыўнымі, суб’ектыўныя прычыны адыгрывалі, хутчэй, дапаможную ролю. Імпэрыі ня вечныя, распад СССР быў шмат у чым прадвызначаны яшчэ да падзеяў жніўня–сьнежня 1991 г., калі адбывалася ўсё большая радыкальная дэвальвацыя цэмэнтуючай дзяржаву камуністычнай ідэалёгіі. На жаль, трагізм крушэньня сфэры пражываньня «адзінай інтэрнацыянальнай еднасьці – савецкага народу» не рабіў разумнейшай расейскую інтэлігенцыю. Парадаксальна, але факт: духоўныя лідэры нацыянальных ускраін (ад Эстоніі да Грузіі з Казахстанам) дакладна адрэфлексавалі гістарычны вырак, вынесены гісторыяй апошняй імпэрыі ХХ ст. Фармат «малых» альбо «сярэдніх» дзяржаваў, якія не прэтэндуюць на ролю самадастатковых геапалітычных гульцоў, у ХХІ ст. зручны і выгадны. Не азадачылася дадзенай праблемай толькі фармальна самая прасунутая інтэлектуальная эліта – маскоўская чыноўніцкая бюракратыя і акадэмічна-вэнэушная прафэсура. Для публікі такога кшталту задача «адраджэньня велічы Расеі» непарыўна злучаная з аднаўленьнем чыста імпэрскіх стасункаў з бліжэйшымі і – у пэрспэктыве – аддаленымі суседзямі. «Черного кобеля не отмоешь до бела» – любы маскоўскі «аналітык» лічыць магчымым пры любым зручным выпадку заклікаць да аднаўленьня Расеяй уласнага статусу імпэрскай «мэтраполіі». На гэтым і зламаўся, і ня мог не зламацца Гарбачоў-рэфарматар. Іншы ж Гарбачоў – Гарбачоў-гаспадар – ужо відавочна адчуваў непрыдатнасьць чалавечага і тэхналягічнага патэнцыялу для працягу фармату канкурэнцыі з Захадам. Ініцыятары «перабудовы» хацелі застацца «вернымі» «сацыялістычнаму выбару» (М. Гарбачоў), але яшчэ больш яны жадалі застацца пры ўладзе. Таму нават абвясьціўшы аб пераходзе на пераважна эканамічныя мэтады кіраваньня прадпрыемствамі, а таксама прыняўшы закон, які гарантуе іх самастойнасьць, дзяржава захоўвалася як адміністрацыйна-камандная сыстэма на працягу ўсёй перабудовы. У гэтай сытуацыі рынкавыя мэханізмы, з агаворкамі дапушчаныя ў эканоміку, не маглі быць настолькі моцнымі, каб падняць эфэктыўнасьць эканомікі наагул, але яны, тым ня менш, працавалі супраць камандна-разьмеркавальнай сыстэмы, супраць сацыялістычнай дзяржавы, супраць яе фінансаў. Савецкая імпэрыя клясычнага (сталінскага) пэрыяду была краінай, дзе квазіфэадалізм разьвіваўся, паступова набываючы ўсё больш разьвітыя формы. У гэтым сэнсе КПСС была сапраўдным авангардам савецкага грамадзтва, паколькі ўвасабляла сабой найвышэйшую форму яго квазіфэадальнай самаарганізацыі. Імкнучыся ўстанавіць і захаваць кантроль над усімі сфэрамі жыцьця, КПСС «перакоўвала», перавыхоўвала дакапіталістычнага расейскага чалавека, якога яна атрымала ў спадчыну, упісвала яго ў герархічныя парадкі квазіфэадальнага паводле сваіх падмуркаў грамадзтва. КПСС апрабоўвала на сваіх членах і структурах і потым распаўсюджвала на ўсё грамадзтва адносіны і інстытуты, якія існавалі ўжо ў Эўропе ў час Сярэднявечча. Усё больш разьвітай, шматпрыступкавай станавілася сыстэма васалітэту, фармаваліся ўнутраныя кодэксы паводзінаў і карпаратыўная мараль, саслоўнае права, разьвіваліся формы фэадальнай рэнты, выпрацоўваліся формы гарманізацыі кланавых і агульнадзяржаўных каштоўнасьцяў і г. д. Галоўным у гэтым працэсе стала прагрэсіўнае зьмяншэньне з 1953 г. долі дзяржаўнага рабства, на якое стагодзьдзямі абапіралася імпэрская дзяржава. Фэадальна-прыгонныя інстытуцыі ў значнай частцы перажылі пераходны пэрыяд 1990-х гг. У прыватнасьці, лібэрал-рэфарматары, якія пэўны час былі ва ўладзе ў Расеі, фактычна не адважыліся адмяніць інстытут прапіскі, перайменаваўшы яго ў інстытут рэгістрацыі і захаваўшы практычна той самы аб’ём абмежаваньняў. Калі разглядаць інстытут прапіскі як нефункцыянальны атавізм савецкай эпохі, яго ня толькі фармальная, але і зьмястоўная адмена была б, хутчэй, справай часу. Але гэты інстытут зьяўляецца адной з асноўных формаў кантролю насельніцтва з боку Ўлады, ён садзейнічае падтрыманьню фэадальнага ладу. Дакладна такая сытуацыя паўтарылася ў Беларусі. Яшчэ вельмі важнай фэадальнай інстытуцыяй, што захоўваецца да цяперашняга часу ў РФ і РБ, зьяўляецца ўсеагульная вайсковая павіннасьць. З гледзішча вайсковай мэтазгоднасьці, захаваньне гэтай інстытуцыі ня толькі не патрэбнае, але і шкоднае, бо канкураваць з высокапрафэсійнымі ўзброенымі сіламі разьвітых дзяржаваў эпохі мадэрнасьці такому войску скрайне цяжка. Справа ў тым, што валоданьне мэтадамі вядзеньня вайны і прафэсійнае выкарыстаньне складаных сыстэмаў узбраеньня патрабуюць зусім ня меншага прафэсіяналізму, чым праца ў высокатэхналягічных галінах эканомікі. Працэс якаснай падрыхтоўкі вайсковага спэцыяліста павінен проста перакрываць усталяваны законам часавы інтэрвал вайковай службы па прызыве. У дадзеным выпадку рашэньне ўласна вайсковых задачаў зусім пэрыфэрыйнае, галоўны сэнс захаваньня ўсеагульнай вайсковай павіннасьці заключаецца ў масавай сацыялізацыі мужчынскага насельніцтва краіны, «перакоўцы» стыхійнага дадзяржаўнага чалавека. У палітычным пляне «перабудова» (выбарнасьць на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сфэрах, акрамя войска і спэцслужбаў, рост самастойнасьці нацыянальных утварэньняў) прывяла да росту апазыцыі дзяржаўнай машыне. Неабходнасьць стабілізуючых рашэньняў патрабавала ад ураду СССР усё большых сродкаў. Інакш перабудова магла скончыцца сацыяльным выбухам, расейскім бунтам, бессэнсоўным і бязьлітасным. Да 1990-га, калі большасьць саюзных рэспублік, уключаючы РСФСР, заявілі пра свой дзяржаўны сувэрэнітэт, стала зразумела, што палітычны правал «перабудовы» азначае распад СССР, што непазьбежна вядзе і да распаду адзінага народна-гаспадарчага комплексу краіны. Сацыялістычныя прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасьць новых незалежных дзяржаваў, кожная зь якіх абрала свой шлях пераадоленьня крызісу. Сумны лёс Гарбачова ў масавай сьвядомасьці цяперашняга расейскага грамадзтва тлумачыцца нязьменна сумным лёсам усіх расейска-савецкіх лідэраў. Аддаўшы лідэрам права на любы гвалт краіны падчас кіраваньня ёю, насельніцтва зарэзэрвавала за сабой прэрагатыву зьнішчаць любую цёплую памяць аб лідэрах, якія ўжо сышлі. Можна сказаць, што ў посткамуністычнай Расеі досьведу гісторыі не існавала. Яе замяняў «гумар на лесьвіцы» – францускі аналяг расейскай прымаўкі аб чалавеку, «который задним умом крепок». Вынікам ірацыяналістычнага антыгістарызму зьяўляецца пастаянна ўзнаўляны інфантылізм расейскай гістарычнай сьвядомасьці. У яе сыстэме каардынат гісторыя ня мае пераемнасьці, паколькі прыход да ўлады новага кіраўніка патэнцыйна нясе з сабой магчымасьць абнаўленьня космасу і быцьця. Нядаўняе мінулае перакрэсьліваецца, зь яго рэдка робяцца практычныя высновы, выкарыстаньне якіх на новым этапе магло б пазбавіць грамадзтва ад новых памылак і выпрабаваньняў. У той жа час былы лідэр, якога падвяргаюць афіцыйным ганеньням, выклікае ў носьбіта традыцыйнай сьвядомасьці жывое спачуваньне і падтрымку. Драматычны прыклад Гарбачова, хуткае зьнікненьне любові да яго ў народу і нават у маскоўскай інтэлігенцыі, пацьвердзілі агульнае руціннае правіла. Прыход новага кіраўніка, а ў апошняе дзесяцігодзьдзе гісторыі Расеі і абраньне новага складу органаў заканадаўчай улады, часта суправаджаецца масавымі ірацыянальнымі спадзяваньнямі на цудоўнае зьмяненьне (абнаўленьне) сьвету ці хаця б на неадкладнае паляпшэньне матэрыяльнага становішча людзей. Суаднясеньне гэтых гіпэртрафаваных спадзяваньняў з аб’ектыўнымі соцыякультурнымі рэаліямі шмат у чым недасяжнае для традыцыйнай сьвядомасьці. На пачатку свайго кіраваньня суб’ект Улады можа эсплюатаваць наяўнасьць у падданых ад пачатку завышаных, амаль сакральных чаканьняў, але з часам, згубіўшы веру ў яго здольнасьць пераўтварыць сьвет, сьвядомасьць традыцыяналіста можа зьдзейсьніць інвэрсію ў адносінах суб’екта Ўлады, перасоўваючы яго ў сваіх уяўленьнях з полюсу Дабрыні на супрацьлеглы полюс Зла. Для носьбіта традыцыйнай сьвядомасьці (што цалкам дастасоўна і да стаднага прыхільніка асобы А. Лукашэнкі) важна не зьмястоўная, праграмная частка уладнай прамовы, а пэрсаналія таго, хто яе прамаўляе. Менавіта таму чарговаму суб’екту Ўлады так важна сказаць шмат агульнага і мала прыватнага, каб не бянтэжыць, ня ўводзіць у спакусу малых сіх, даўшы ім тым самым магчымасьць аб’яднацца ў падтрымцы пэрсоны ўладара. Калі зь цягам часу суб’ект Улады губляе сваю сувязь з эманацыямі Ідэалу і Чаканьняў, ён аказваецца ў сфэры зямнога, Існага, пагружаецца ў сьвет адзінкавых, несапраўдных фактаў, а таксама сам набывае адценьне несапраўднасьці (У. Падгол). Арыентаваныя на абяцаньні руху да Ідэалу носьбіты традыцыйнай сьвядомасьці абвінавачваюць былых лідэраў ва ўсіх мажлівых грахах, але за гэтымі абвінавачваньнямі стаіць, як правіла, галоўнае – яны зьніжаюць узвышанае аблічча Ўлады, пераводзячы яе з сфэры сакральнага ў сфэру прафаннага. Няма ў народзе і асаблівай удзячнасьці царам і генсекам-вызваліцелям, бо яны, адпаўшы ад Ідэалу, упалі ў ерась Існага. Абліччы блізкіх па часе сучаснаму чалавеку М. Хрушчова і М. Гарбачова ў масавай сьвядомасьці афарбаваныя выразнымі адмоўнымі канатацыямі, зусім іначай успрымаецца вобраз кіраўніка, які вытрымлівае іспыт на адпаведнасьць Ідэалу – няхай нават зусім няўцямнаму простым людзям. У ім усе чалавечыя якасьці паступова элімінуюцца, суб’ект Улады ў пошуках Ідэалу – гэта ўжо, хутчэй, не чалавек і нават ня звышчалавек, але нейкая вышэйшая істота. Так, у 1977 г. у часопісе Саюзу пісьменьнікаў Беларускай ССР быў надрукаваны верш паэта з словамі аб тым, што сапраўдны савецкі чалавек заўсёды можа зьвярнуцца па параду і падтрымку да камуніста № 1 У. Леніна: «Имеем право мы: Буди! Имеем право мы: Звони!.. Не стерпишь ты, я не смолчу. Мы все позвоним Ильичу!». У гэтай сыстэме каардынатаў Лідэры ад Ідэалу выступаюць у якасьці «сьвятых» ад камуністычнай квазірэлігіі ў яе марксісцка-ленінскім варыянце, «сьвятых», да якіх можна зьвярнуцца з асабістай і калектыўнай скаргай, просьбай выправіць грамадзкае бязладзьдзе, адыход ад лініі, якая здаецца Ідэалам, «мошчаў», якім заўсёды можна пакланіцца і атрымаць падтрымку і суцяшэньне. Наколькі моцнай аказалася гэтая спайка, відаць на прыкладзе постсавецкага пэрыяду гісторыі, калі менавіта расейская інтэлігенцыя ў найбольшай ступені аплаквала Савецкі Саюз, пачынаючы зь сярэдзіны 1990-х гг. усё больш дрэйфуючы ў напрамку левага флянгу палітычнага спэктру. Аказалася, што савецкая інтэлігенцыя ўсё жыцьцё працавала на імпэрскую дзяржаву. І калі гэтай дзяржавы ня стала, з сумам выявілася, што ў новых для краіны ўмовах «кожная асоба абавязана павышаць сваю здольнасьць быць нанятым і пашыраць партфэль сваіх праектаў. Калі хтосьці зь нейкіх прычынаў няздольны да гэтага, ён хутка маргіналізуецца і выключаецца з сацыяльных сувязяў, перасоўваючыся ў пэўную страту, што зьніжае здольнасьць успрыняцьця новага і прапановаў праектаў» (Я. Келер). Калі ня стала савецкай імпэрскай дзяржавы, то ў постсавецкага інтэлігента ня стала ня толькі гарантаванай крыніцы матэрыяльнага існаваньня, але і зьнікла адчуваньне ўласнай значнасьці, далучанасьці да вялікіх будоўляў і іншых зьдзяйсьненьняў часу. Аказалася, што трэба зарабляць грошы, трэба сыходзіць з курылак НДІ, ад кульманаў канструктарскіх бюро, трэба прапаноўваць грамадзтву такі інтэлектуальны і матэрыяльны прадукт, які яно згоднае набыць. Ці ж гэта ня драма для расейскага інтэлігента? Бо ж так ня хочацца ўсяго гэтага бруду і мільгатні, лепш згаласіць да Ўлады: дайце замову на новую ідэалёгію, нацыянальную ідэю, хаця б якую-небудзь замову, толькі пазбаўце нас ад неабходнасьці самім зарабляць грошы, мы добрыя, мы болей ня будзем кепска казаць пра Вас на кухнях і тым больш у сродках масавай інфармацыі. А таму – няхай жыве КПРФ/Лукашэнка і/альбо нэаімпэрская ўлада, якая адна можа прыгалубіць і пашкадаваць, даць кавалак хлеба будзённага і паўзабытае ўжо адчуваньне ўласнай значнасьці. Частка постсавецкай інтэлігенцыі прагла новага/старога парадку, прычым гэты «парадак» часьцей спалучаецца са словамі «любой цаной». Адпаведна, такі парадак можна навесьці толькі «цьвёрдая рука, жорсткі, нязломны лідэр». Але калі так шчыра штосьці прасіць – можна і атрымаць тое, што шукаеш, і ўжо, здаецца, атрымалі. І ў Расеі, і ў Беларусі. Ня толькі ў частцы інтэлігенцыі, але і ў больш шырокай частцы постсавецкага грамадзтва ўзьнікла ўстойлівая дыхатамія, што прапануе выбар паміж свабодай, рэдукаванай да анархіі, і бясьпекай, якая ўспрымаецца як аўтарытарны парадак. Але расейска-савецкае грамадзтва ня вытрымала ня толькі выпрабаваньня свабодай. Яно – што нават больш прыкра – ня вытрымала і іншага выпрабаваньня гарбачоўскага пэрыяду, выпрабаваньня мірам. Згубіла статус імпэратыву ідэалёгія мабілізацыі жыцьцёвых сілаў дзяржавы і грамадзтва на абарону ад замежнай пагрозы, якая займала ў папярэдні пэрыяд дамінантнае становішча ў каштоўнаснай герархіі. Між тым, да выпрабаваньня свабодай і мірам дадалося выпрабаваньне дэідэалягізацыяй, адмовай ад глябальных праектаў, зьменай напрамку вэктару масавай сьвядомасьці ад мэсіянства «сусьветнай рэвалюцыі» ў бок прыватнай сфэры чалавечага быцьця. Пасьля заідэалягізаванага жыцьця пры Леніну–Сталіну–Хрушчову–Брэжневу такі стан быў нязвыклы. Улада паўстала перад пытаньнем, на якіх падставах можна захаваць хаця б мінімальны ўзровень інтэграванасьці соцыюму ва ўмовах адноснай свабоды, аўтаномнасьці асобы, дасягнутага ўзроўню гетэрагеннасьці каштоўнасьцяў, нормаў, жыцьцёвых стратэгіяў. І ўлада вярнулася да звыклага сродку – амаль непрыхаванага гвалту і беззаконьня. І сёньня на гістарычнай сцэне ў Беларусі і Расеі засталіся, у адпаведнасьці з уласнымі ідэаламі, дзьве супрацьлеглыя сілы: пакаленьне свабоды, якое сацыялізавалася ў канцы 1980-х і ў пачатку 1990-х, і прывід мёртвай імпэрыі, прасьцёрты над сваім душапрыказчыкам – прэзыдэнцкай Уладай. Рэфэрэнтныя прадстаўнікі сыстэмы на фізіялягічным узроўні адчуваюць, хто свой, а хто чужы, і тут не схаваесься. Можна колькі заўгодна каверкаць расейскую мову, як гэта было прынята ў савецкі пэрыяд у вышэйшых эшалёнах улады, рабіць па тры-чатыры-пяць памылак у выразе «интенсификация сельского хозяйства», – не дапамагала і не дапаможа. Ля трону выжываюць толькі тыя, для каго правіла «угадать–угодить–уцелеть» стала сэнсам і камэртонам асабістага быцьця. Эпоха Гарбачова–Ельцына выразна паказала, што ёсьць унутраная лёгіка разьвіцьця сыстэмы, пераламіць якую вельмі складана. Калі кажуць «А», далей ідзе «Б» – і так да канца альфабэту. Як нельга быць «крыху цяжарнай», так нельга захаваць элемэнты самой дэмакратыі ў яе «кіраваным» канструкце. Лёгіка фэдэральна-імпэрскай сыстэмы патрабуе ўваскрашэньня Ідэалу – Належнага і паэтапнага пераводу ўсіх дыскусіяў дзяржавы з грамадзтвам на мову сілы, мову спэцслужбаў і армейскага спэцназу. І «дыялёг» грамадзтва з уладай на такой мове ад пачатку пройгрышны, бо цывільныя людзі ўмеюць вучыць і лячыць дзяцей і дарослых, будаваць дамы, кіраваць бізнэс-структурамі, пісаць артыкулы, але ня ўмеюць супрацьстаяць «спэцназу ГРУ». Для грамадзтва «дыялёг» на такім полі згубны. І зьяўляецца толькі крайнім, адчайным сродкам: прыгадаем віленскі тэлецэнтар і многія іншыя кропкі «дыялёгу» ўлады і грамадзтва пры Гарбачову. Для ўлады такога кшталту дыялёг можа паказацца цалкам прымальным, сіла на яе баку. Але наколькі трывалай аказваецца створаная ў выніку правядзеньня шэрагу пасьпяховых дыскусіяў такога кшталту палітычная канструкцыя, – пытаньне, прынамсі, адкрытае. Спроба імпэрскай рэстаўрацыі, заснаваная на буйнамаштабным выкарыстаньні сілавых структураў ва ўмовах масавай карупцыі, ня можа быць дастаткова эфэктыўнай і даўгавечнай. Дзіва што на працягу ўсіх 1990-х гг. нябачным, але вызначальным для дзеяньняў улады заставаўся стары лёзунг: нам бы ноч прастаяць ды дзень пратрымацца. Гістарычны час спрасаваўся ў бясконцае цяперашняе, у несупынныя сэлектарныя закліканьні А. Лукашэнкі аб зусім звыклай «бітве за ўраджай». Можна сказаць, што эпоха Гарбачова канчаткова скончыцца толькі з распадам Расеі. І да таго ўсё ідзе. Для безумоўнай карысьці грамадзянаў яе асобных тэрыторыяў. Ельцын ня мог перайграць Гарбачова, не разваліўшы Саюз ССР. Расея здолее ўтаймаваць крамлёўскую бюракратыю, толькі калі яна фрагмэнтуецца. Да палёгкі таксама і ўсіх суседзяў.
З расейскай. |
філёзаф, публіцыст «Белорусской газеты». У сфэру ягоных зацікаўленьняў уваходзяць фiлязофiі постмадэрну, псыхааналiзу, марксізму; псыхалягiчная школа ў сацыялёгii, сацыялёгiя асобы i мiжнацыянальных зносiнаў, фiлязофская кампаратывiстыка. Рыхтуе «Словарь современной философии. Постмодернизм», які мае выйсьці друкам пры канцы 2005-га. Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» – «Разброд і хістаньні афіцыйнай навукі» ў № 4/2005. |
|