A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Колер падарожжа
Пітэр Акройд. «Лёндан. Біяграфія» У кожнай краіны – свой колер. У кожнага падарожжа – свая фарба. Гэта пацьвердзіць вандроўнік, які ўмее назіраць. Шкада толькі, што зь цягам часу фарбы, у тым ліку фарбы ўспамінаў аб нашых падарожжах, блякнуць. «Краскі, сьвежыя калісьці...» – пісаў паэт. Каб гэтага ніколі ня здарылася, трэба ўвесь час праводзіць у вандроўках і заўсёды занатоўваць свае ўражаньні ад чужых краінаў і краявідаў, як робіць гэта пісьменьнік і мастак Адам Глёбус. Ягоную кнігу падарожнай прозы «Сшыткі» будзе цікава прачытаць кожнаму, хто жадае навучыцца бачыць колер падарожжа, атрымліваць асалоду ад вандроўкі.Калі мэханічна падлічыць у 480-старонкавых «Сшытках» словы, якія азначаюць той ці іншы колер, атрымаецца, што найбольш сустракаюцца: «чорны» (99 разоў), «чырвоны» (95), «белы» (84), «ружовы» (51), «залаты» (50), «сіні» (48), «зялёны» (45), «жоўты» (42), «блакітны» (33), «шары» (29). Іншыя словы-колеры сустракацца радзей, так, «памаранчавы» ўжыты 16 разоў, «фіялетавы» – 11, руды – 8. Тут трэба зрабіць важнае ўдакладненьне: для мастака (і пісьменьніка таксама) не бывае чорнага альбо чырвонага, сіняга ці зялёнага колераў. Ён бачыць дзясяткі іх адценьняў1. Таму Глёбус звычайна кажа ня «жоўты», а «пяшчотна-жоўты», ці «жоўта-лякавы», ці «ліхтарна-жоўты» альбо «жоўта-блакітны», не «ружовы», а «ружова-бурштынавы», ня «белы», а «цукрова-белы» ці «імгліста-белы», «крыштальна-белы», не «зялёны», а «хімічна-зялёны», не «чырвоны», а «трывожна-чырвоны», ня «чорны», а «вугальна-чорны», не «памаранчавы», а «лімонна-памаранчавы» ці «шаўкавіста-памаранчавы» альбо «шурпата-памаранчавы». Палітра Глёбуса надзвычай багатая – не ў апошнюю чаргу дзякучы таму, што ён наведваў экзатычныя ўсходнія краіны. У «Сшытках» згадваецца брунатны колер, аліўкавы, смарагдавы, папяловы, іржавы, руды, лілёвы, маркоўны, малінавы, салатны, колер марской хвалі і колер конскай мачы, бурштынавы і цёмна-вішнёвы, вогненна-васковы і бірузовы. Усіх не пералічыш. Да таго ж пісьменьнік, апісваючы ў часе падарожжа колер чагосьці, часта ўжывае мэтафары: «зялёнае, што жабіна ікра», «чырвоны, як горкі перац», «ружовы, як парасячы лыч» альбо «ружовы, як мяса кансэрваванага кальмара».
«Сшыткі» складаюцца з 40 нарысаў. Аўтар падарожнічаў у Літву, Латвію, Украіну, Расею, Абхазію, Польшчу, Чэхію, Аўстрыю, Францыю, Італію, Гішпанію, Англію, Эгіпет, Індыю, Тайлянд. У 4 нарысах аповед вядзецца пра Беларусь, а дакладней пра Менск, Койданава, Ракаў. Глёбус пабачыў краіны і гарады, колеры і фарбы якіх вельмі адрозьніваюцца, утвараюць дзіўны кантраст. Так, пра Індыю ён кажа, што гэта «краіна чырвонага пылу», «край зялёнай вады, глухіх сьценаў і шэрых людзей»; Рым падарожнік называе «залатым горадам», Бадэн – «жоўтым»; колеры Каіру «вытанчаныя: срэбныя, залацістыя, блакітныя»; самая ж распаўсюджаная афарбоўка на паўвысьпе Крым, на ягонае перакананьне, – «колер марской хвалі з малаком». Вызначыўшы дамінуючы колер краіны, гораду пры дапамозе назіраньняў, сваёй інтуіцыі мастака, Глёбус лепш спасьцігае іх адметнасьць, прыгажосьць, іх патаемнае жыцьцё.
З гатэльнай высоткі ранішні, зацягнуты смугою шэры горад... Срэбна-шэры, зеленавата-шэры, маціцова-шэры, амаль белы, бясконца-шэры. Яны крохкія, парыскія краявіды, алюмінава-срэбна-блакітныя, нібыта зробленыя з лускі рыбы, яны поўныя паветра, вільгаці і суму. («Празрысты Парыж»)
У назвах нарысаў Глёбус знарок падкрэсьлівае індывідуальнасьць свайго досьведу пра тую ці іншую мясьціну: «Мой Рым», «Мая Вільня», «Свой Менск», «Сочы – горад падлеткаў», «Штурм Масквы». Сапраўды, кожнае падарожжа непаўторнае, кожны вандроўнік наноў адкрывае Рым ці Ракаў, «штурмуе» Барсэлёну ці Маскву. Да таго ж краіна, горад могуць, напрыклад, зьмяняцца (у тым ліку на досьвітку і золку), надзейна хаваць частку сябе, сваіх колераў ад вачэй надакучлівых падарожнікаў. І калі ваш сябра (альбо падарожнік, які напісаў кнігу) будзе апавядаць вам пра сваю вандроўку туды, дзе вы ўжо пабывалі, вы зможаце пераканацца, што вашыя зь ім уражаньні адрозьніваюцца, але ў нечым і супадаюць. Так і ў выпадку з аўтарам «Сшыткаў»: калі вы будзеце чытаць ягоныя «Каталёнскія ўражаньні», вы, хутэй, пагодзіцеся з Глёбусам у тым, што «Каталёнія, як мазаіка, выкладзена зь белых рэчаў». А патрапіўшы ў Дэлі, пабачыце, як і ён, «воблака фіялетавага смогу». Іншая рэч – ці здольныя вы бачыць у часе падарожжа ўсё багацьце спэктру, настолькі ж добра адрозьніваць дробныя адценьні і паўтоны, уважліва сачыць за зьменаю колераў, вызначаць іх дарэчнасьць, гарманічнасьць. Глёбус гэтай здольнасьцю валодае: «Вечаровае неба над залатымі слупамі каралеўскага палацу можа быць і чорнае, і белае, але сапраўдны ягоны колер – пурпуровы».
Ці вось такое назіраньне:
...калі зірнуць на гару Гедыміна, дык бачыцца незгарманізаванасьць літоўскага сьцяга – жоўты-зялёны-чырвоны. Вось у этыёпаў і тое больш правільна зроблена: зялёны-жоўты-чырвоны, як сьвятлафор перакулены. Затое, толькі ўяві, як бы цудоўна глядзеўся на вежы Гедыміна беларускі бел-чырвона-белы штандар! («Нататкі пра Вільню»)
Дарэчы, ланцужок «краіна – дзяржаўны сьцяг – колер» Глёбус куе на працягу ўсіх «Сшыткаў» і суправаджае яго цікавымі, слушнымі камэнтарамі. Так, паласаты памаранчава-чырвоны сьцяг Каталёніі ён трапна называе «сьпякотным», а сфатаграфаваўшы шыльду, на якой быў запэцканы ў чорнае гішпанскі сьцяг, робіць сумную філязофскую заўвагу: «Палітычная палітра ў майстроў графіці невялікая, але кантрасная, такія кантрасныя супольнасьці могуць пазабіваць адна адну».
Ня менш за гарады Глёбуса-падарожніка цікавяць іх насельнікі. Погляд ягоны фіксуе колеры і фарбы, якія абралі для сябе жыхары пэўнай краіны і якія дапамагаюць яму зазірнуць у душы і сэрцы апошніх: «У жылах каталёнцаў замест крыві цячэ ўрачыстая жалоба. Нават на карнавалах іх улюбёны колер – чорны». Любы вандроўнік заўсёды адчувае мяжу паміж сабою і месьцічам і спрабуе зразумець, наколькі тая мяжа непераадольная. Колер дапамагае вызначыць гэта. У нарысе «Паветра Літвы» Глёбус адзначае:
Зь першымі кроплямі летняга дажджу Вільня робіцца вельмі каляровай – разгортваюцца і ўздымаюцца парасоны самай неверагоднай афарбоўкі: празрыста-блакітныя, сьпела-чырвоныя, шчыльна-жоўтыя. (...) Яе вуліцы, вулкі, двары, дворыкі запоўнены памаранчыкавымі і лімоннымі дзецьмі, сінімі спадніцамі да пятаў, пятамі без шкарпэтак.
А вось якой бачыцца яму ў «Менскіх падарожжах» сталіца Беларусі:
Менчукі любяць, а можа, і ня любяць, але апранаюць шэрае і чорнае. (...) А калі ўбачыш на менскім праспэкце постаць у ліхтарна-жоўтай пуховай куртцы, пачынаеш сумнявацца: ці мянчук гэта ідзе? Менск, безумоўна, – горад чорна-шэрых апранах.
Апошні нарыс напісаны ў 1992 г. З таго часу, як наша краіна набыла незалежнасьць, беларусы пакутліва, але пазбаўляюцца ад савецкай спадчыны – чорна-шэрай гамы ў адзеньні, нягледзячы на супраціў нацыянальнай лёгкай прамысловасьці. Аднак ці хутка пабачым мы – як аўтар «Сшыткаў» у Лёндане – на вуліцах нашых гарадоў шасьцідзесяцігадовых бабуль, якія адзяваюць «выдзерывока-зялёны роварны шалом, каб пракаціцца на ровары па цэнтральнай гарадзкой вуліцы»? Відаць, не. Багацьце колераў у адзежы сьведчыць пра ступень унутранай свабоды асобы, яе раскаванасьць, адкрытасьць. Беларусы гэтым пахваліцца ня могуць. «Немазьлівы» – гэта наш колер. Але ж ёсьць яшчэ, так бы мовіць, прыродныя колеры. Даўшы партрэт міс Барсэлёны («У яе чорныя валасы, яна – каталёнка, і ў яе далікатна-смуглявая, залацістая, залатая скура»), Глёбус робіць выбар на карысьць беларусак: «А я займуся нашымі, белымі, блакітнавокімі, ружавашчокімі белабеларускамі». У гэтым сэнсе Глёбус-падарожнік – сапраўдны патрыёт2.
|
крытык літаратуры. Выкладае ў БДУ. Яго апошняя публікацыя ў «ARCHE» мела назву «Быць жывым і бачыць сонца».
1 Паводле Ван Гога, калі ён пісаў «Начную кавярню», то «... спрабаваў, сутыкнуўшы кантрасты пяшчотна-ружовага з крывава-чырвоным і вінна-чырвоным, пяшчотна-зялёнага і вэранэза з жоўта-зялёным і жорсткім сіне-зялёным, аднавіць атмасфэру пекла, колер бледнай серы, перадаць дэманічную моц шынка-пасткі». |
Падарожніка з усіх бакоў акаляюць рэчы. Ён разглядае іх, трымае ў руках, фатаграфуе, здымае на відэакамэру, набывае ў падарунак для сваякоў і сяброў. І абавязкова зьвяртае ўвагу на колер. «Іду праз пляц і ўпіраюся ў ангельскую краму, поўную ружовых анучак, падушак, сукенак. Набываю ружовы шаль. Ру-жо-вы-ру-жо-вы». Адам Глёбус у жыцьці надае належную ўвагу вопратцы. Ён заўсёды модна і прыгожа апранаецца. Для яго адзежа іншых – важная крыніца інфармацыі. Таму ня дзіўна, што ў сваіх вандроўках ён з асаблівай цікавасьцю разглядае ўбраньне мясцовых жыхароў, адзначае яго каляровую гаму.
Тоўсты сумнавокі вар’ят апрануўся па-сьвяточнаму. Звычайна на ім сінія зашмальцаваныя нагавіцы, блакітная кашуля і скураныя пантофлі, але дзеля карнавалу ён прыбраўся ў новы строй, на ім усё чыста-белае, толькі пас, шырокі і шаўковы, меў радыкальна-чорнае адценьне. (...) З мэрыі выходзіць карабінэр. Высокі, у зялёнай форме, у чорна-залатых акулярах... («Карнавал у Січазе»)
У «Сшытках» ёсьць нарыс, прысьвечаны падарожжу ў Тайлянд, у якім аўтар шмат разважае аб прадметах матэрыяльнай культуры – гэта «Каралеўства Буды». Адзначым, што для яго аўтар абраў форму, распрацаваную выдатнай прадстаўніцай японскай старажытнай літаратуры – Сэй Сёнагон. Свой раман «Нататкі ўва ўзгалоўі», створаны ў канцы Х ст., пісьменьніца арганізавала ў даны (разьдзельчыкі) з красамоўнымі назвамі і асаблівай унутранай пабудовай: «Тое, ад чаго сьціскаецца сэрца», «Тое, чаму можна пазайздросьціць», «Тое, што мусіць быць вялікім», «Тое, што чалавек звычайна не заўважае», «Тое, што здаецца бясконцым», «Тое, што выглядае на карціне лепей, чым у жыцьці». Некаторыя з назваў данаў «Каралеўства Буды» наўпрост перагукаюцца з «Нататкамі ўва ўзгалоўі». Напрыклад, «Тое, што нагадвае пра мінулае, але канчаткова страціла каштоўнасьць...», «Тое, што ўначы выглядае лепей, чым удзень...», «Цяжка вымавіць...». Але ніводны дан раману Сэй Сёнагон ня ўтрымлівае назвы колеру. У «Каралеўстве Буды» большасьць разьдзельчыкаў мае «афарбоўку»: «Белае...», «Жоўтае і залатое...», «Памаранчавае...», «Чырвонае...», «Ружовае...», «Пурпуровае...», «Фіялетавае...», «Сіняе...», «Блакітнае...», «Зялёнае – зялёна-блакітнае», «Чорнае...», «Шарае...» – яшчэ адно сьведчаньне таго, што колер для аўтара «Сшыткаў» мае выключнае значэньне. Колер дазваляе Глёбусу пазнаць сутнасьць рэчаў, іх прыроду:«Кепска, калі фіялетавы колер замяняецца ярка-чырвоным», – адзначыў Канфуцый. Нельга не пагадзіцца. Настаўнік чырвоным атрамантам выпраўляе памылкі, зробленыя атрамантам сінім і фіялетавым». У «Каралеўстве Буды» Глёбус апэлюе да нас найчасьцей як мастак: «Некалькі глазураваных плітак у ванным пакоі мусяць быць сінія. Усё можа мець белае, шарае, ружовае адценьне, але колькі плітак павінны зьзяць глыбока-сінім холадам». Некаторыя ягоныя «каляровыя» ўражаньні ад вандроўкі ў Тайлянд, занатаваныя ў «Сшытках», нагадваюць хайку: «...на рудаваты лоб сланіхі сядзе залацісты матылёк». Такое назіраньне здольны зрабіць толькі падарожнік-паэт. І гэта дае падставы параўнаць кнігу Глёбуса таксама зь «Лірычным дзёньнікам» славутага японца Басё.
За мяжой Глёбус наведвае музэі і мастацкія галерэі. Як і большасьць падарожнікаў. Але мастак глядзіць на карціны зусім па-іншаму, не як звычайны чалавек. Турыста-сноба і мастака-пачаткоўца турбуе праблема колеру на мастацкіх палотнах, сакрэт зьмяшэньня фарбаў вялікімі мастакамі. Яны жадаюць разгадаць гэтую таямніцу, наблізіць геніяў да сябе. Аднак тыя, хто займаецца выяўленчым мастацтвам доўгія гады, ужо адказалі на гэтае пытаньне – кожны па-свойму. Знайшоў словы для гэтага і Глёбус: «Леанарда цёмны, цьмяны... Мікелянджэлё нібыта пакрыты танюткім і празрыстым слоем золата...». У нарысе «Барса» Глёбус на некалькіх старонках пералічвае сюжэты карцінаў, якія ён пабачыў у Музэі каталёнскага мастацтва, але зусім няшмат (два-тры слоўцы) кажа пра іх колеры, фарбы. Ён успрымае карціны на іншым узроўні. Хутчэй, чытае, чым разглядае. Нездарма ён кажа, што «готыка – гэта чырвоны трылер».
Вандроўнік вымушаны сілкавацца. І таму да яго паслуг дзясяткі розных кавярняў і рэстарацыяў. Што тычыцца аўтара «Сшыткаў», то ён заўсёды прыдзірліва азірае інтэр’ер рэстарацыяў, уважліва аглядае іх наведнікаў і гаспадароў, перад тым як сесьці і нешта замовіць («Празрысты Парыж», «Варшаўскі дзёньнік»). Да таго ж Глёбус – гастраном, ён перакананы, што сэрвіраваньне стала дапамагае працы страўніка, а ежа павінна ня толькі наталяць, але й радаваць вока: «Сапраўдна-жоўты амлет, прыгатаваны зь цёмных сялянскіх яек, асабліва апэтытна выглядае на сіняй шкляной шырокай талерцы. Менавіта такіх талерак бракуе ў Тайляндзе». Як вядома, беларускі ўрад занепакоены сытуацыяй на рынку турыстычных паслуг (сёньня зь Беларусі выяжджае ў 17 разоў больш турыстаў, чым уяжджае) і таму паставіў сабе за мэту сьпешна разьвіць уязны турызм. Але разбэшчанаму паслугамі і прапановамі замежнаму турысту лепш ніколі не наведваць нашыя гарады і мястэчкі, такія як Ракаў, бо ён будзе шакаваны. Такой ежы, такіх гастранамічна-кулінарных колераў ня вытрымае ягоны далікатны страўнік: «О, кіслы дух местачковых крамаў! Не прадыхнуць. Водар іржавага селядца, духмянасьць гнілой заквашанай пяшчотна-шарай капусты... А трупы зялёных памідорных галовак у трохлітровіках?!»3.
|
2 Але, як і сярэднестатыстычны турыст, аўтар «Сшыткаў» ня толькі разглядае, але і «каштуе» замежных жанчын. «Яго вялікасьць» Колер і тут мае не апошнюю ролю: «Гадзіну я пакатаюся на чорнай жанчыне. Заглыблюся, наколькі можна, у кальмарава-ружовыя нетры» («Барса»).
|
Аўтар «Сшыткаў» – падарожнік іранічны. Ён аглядае гарады і пазірае на іх жыхароў зь лёгкай усьмешкай на вуснах. Найлепшыя старонкі кнігі тыя, дзе іронія памножана на нечаканы эфэкт, які дапамагае ствараць колеры.
Іду, а мяне пераймае Моцарт. Самы натуральны, у зялёным камзоле, белых панчохах і срэбным парыку. На чаравіках спражкі золатам гараць. Запыняе мяне Амадэй і дае запрашэньне ў опэру на «Чароўную флейту». Бяру. Доранаму каню ў дупу не зазіраюць. А ў твар? Твар у Моцарта чорны, як праскія вежы. І хто гэта прыдумаў пераапранаць мурынаў у Моцартаў? («Праскі шэм і койданаўскі трэф»)
Вандроўніка могуць чакаць ня толькі прыемныя ўражаньні, але і непрыемнасьці. Ён можа адчуваць радасьць, захапленьне, а можа – непакой, страх. Вядома ж, незнаёмы край! Вось што давялося перажыць Глёбусу ў часе наведваньня могілак у Карлавых Варах (эпізод вытрыманы пісьменьнікам у стылі «horror»; зьвярніце ўвагу на тое, як колеры, асьвятленьне дапамагаюць аўтару ўвасабляць пачуцьцё трывогі, небясьпекі):
Караскаўся, поўз, сунуўся і нарэшце пабачыў брудна-шэрага анёла за плотам. Прайшоў уздоўж паркана, праз маленечкія весьніцы накіраваўся да чорных мармуравых пліт. Цямнела. У гарах цямнее хутка. Нейкі будынак зь цёмнымі вокнамі, што стаяў на самым беразе кладоў, прыцягнуў маю ўвагу. Я зазірнуў у запыленую шыбу... («Чэскія неспадзяванкі і спакусы»)
Падарожжы гэтак моцна адбіваюцца ў душы чалавека, што нават у снох, каляровых снох, бачацца і перажываюцца зноў і зноў. І адбываецца гэта яшчэ задоўга да вяртаньня на радзіму: «Сьняцца вэнэцыянскія маскі: белыя, чырвоныя, залатыя». Іншым разам, у задушнай каталёнскай сьпёцы, бачацца кашмары, афарбаваныя ў злавесныя колеры: «...мой тата, нябожчык, пафарбаваў сівыя валасы ў вугальны колер і паступіў на першы курс унівэрсытэту разам з маёю дачкою». У сваіх падарожжах Глёбус часта згадвае Беларусь – адпраўную кропку на мапе, прыгадвае сваё дзяцінства, калі так свабодна і лёгка думаецца пра ўвесь сьвет, мрояцца рэчы, якія існуюць недзе там, далёка-далёка. І што з таго, што пазьней, калі дзяцінства незваротна мінае, тыя рэчы выяўляюцца памылковымі, насамрэч маюць іншы колер? «У дзяцінстве я думаў, што бамбук заўсёды жоўта-касьцяны, як вудзільны ў краме «Рыбак-паляўнічы», а ён сапраўды блакітна-зялёны, як і сам горад Сочы». Насамрэч аўтару «Сшыткаў» вельмі пашанцавала: у часе падарожжаў ён знайшоў тое, што гэтак любіў і цаніў у дзяцінстве. У нарысе «Чэскія неспадзяванкі і спакусы» Глёбус згадвае, як яго захаплялі ў маленстве «каляровыя шкельцы, аскепкі кафлі, бліскучыя каменьчыкі». Прайшлі гады, і ён пабачыў іх зноў... у Парыжы, у велічным саборы Нотр-Дам, у «недасяжных далячынях якога сьвяціліся каляровыя шкельцы». Можа быць, у гэтым і палягае сэнс таго, што сам пісьменьнік называе «выпраўленьнем да хараства»: «А я выбраўся да хараства, каб яно адбілася ўва мне...» («Неналежная Прага»). |
3 У кнізе падарожнай прозы «Адкусі галаву вароне» іншага беларускага пісьменьніка, Уладзімера Арлова, у нарысе, прысьвечаным падарожжу ў Магілёў («Два дні ў нязьдзейсьненай сталіцы»), чытаем: «...у безыменнай сталоўцы... цябе агорне сваёй утульнай аўраю абвестка «Ждите отстоя пива»... ты зможаш паставіць талерку на залітую ліпучым кісялём тацу «общепитовскую» талерку з тузінам хударлявых кілек; на касе табе прапануюць гарэлку пяці гатункаў і віно «Гранат»...». |
|