A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
УЛАДЗІСЛАЎ БЕЛАВУСАЎ | ||||
Старыя і новыя польскія песьні
Europa Wschodnia – dekada transformacji. Białoruś/Pod red. Bernarda J. Albina i Walentego Baluka. – Wrocław, 2004. – 411 s.
Зборнік выйшаў у сэрыі «Ўсходняя Эўропа. Дзесяцігодзьдзе трансфармацыі», якая фінансуецца з сродкаў Інстытуту міжнародных дачыненьняў факультэту грамадзкіх навук Уроцлаўскага ўнівэрсытэту. Папярэднія зборнікі былі прысьвечаныя адпаведна Расеі й Украіне. Сёньня можна казаць, што ўва Ўроцлаве склаўся асяродак дасьледнікаў усходне-эўрапейскай праблематыкі. Яго душой і кіраўніком можна ўважаць дэкана факультэту грамадзкіх навук Бэрнарда Альбіна. Разам з Валентыем Балюкам – ад’юнктам Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Уроцлаўскага ўнівэрсытэту – яны зрэдагавалі зборнік, прысьвечаны Беларусі. Асяродак займаецца дасьледаваньнем палітычных праблемаў і міжнародных стасункаў у краінах Усходняй Эўропы з акцэнтам на польскай замежнай палітыцы. Паказальна, што ён супрацоўнічае зь Львоўскім унівэрсытэтам імя Івана Франка ды з унівэрсытэтамі ў Кіеве ды Санкт-Пецярбурзе, але ня мае афіцыйных кантактаў зь беларускімі вну (прынамсі, кідаецца адсутнасьць гэтага «Ўсходнеэўрапейскага зьвяна» ў апісаньні кантактаў аддзелу на сайце Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту). Распачынае зборнік прадмова рэдактараў, прысьвечаная структуры выданьня, сьцісламу гістарычнаму экскурсу ў праблематыку паўставаньня беларускай дзяржаўнасьці, дзе паміж іншага адзначаецца, што з улікам геапалітычнага знаходжаньня Беларусі наша краіна мае стратэгічнае значэньне для палітычных і гаспадарчых стасункаў на старым кантынэнце. А таму хада працэсаў дэмакратызацыі й трансфармацыі ў Беларусі надзвычай істотная для стабілізацыі ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. Гаворачы пра фэномэн беларускай ідэнтычнасьці, аўтары мяркуюць, што, не зважаючы на тое, што бальшыня беларускіх элітаў была засмучаная фактам набыцьця незалежнасьці ў апошняй дэкадзе XX ст. ды пэўныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя чыньнікі, якія ўскладняюць заканчэньне працэсу кшталтаваньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, «беларусам нельга адмовіць у праве быць нацыяй». Пытаньне, ці ёсьць беларусы нацыяй, на розных этапах гісторыі мела розныя адказы – працэс фармаваньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ў XX ст. ішоў сынусаідальна, і беларусы станавіліся нацыяй патроху. Структура зборніка падаецца даволі дзіўнай – яна складаецца з трох нібы адрозных частак: дасьледаваньні й артыкулы, матэрыялы ды дакумэнты, але другая частка (матэрыялы) зьмяшчае ўсяго адзін артыкул (дарэчы, адзіны няпольскамоўны) – кіраўніка Фонду імя Лява Сапегі Аляксандра Жучкова. Гэты расейскамоўны тэкст, па вялікім рахунку, нічым адметным не вылучаецца і ўяўляе кампіляцыю зь некалькіх беларускіх даведнікаў, прысьвечаных грамадзкім аб’яднаньням, у тым ліку палітычным партыям ды прафзьвязам. Цяжка зразумець, чым кіраваліся ўкладальнікі, вылучаючы гэта разьдзел ды прэзэнтуючы там артыкул статыстычна-даведкавага характару. Незразумела таксама, чаму ў якасьці адзінага «беларускага» тэксту падаецца расейскамоўны артыкул. Трэцяя частка складаецца з тэкстаў чатырох дакумэнтаў: «Новая ідэалягічная палітыка Беларусі» – фрагмэнты выступу А. Лукашэнкі 27 сакавіка 2003 г.; Закон Рэспублікі Беларусі «Аб палітычных партыях» ад 5 кастрычніка 2004 г., Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі ад 17 ліпеня 2001 г., Вайсковая дактрына Рэспублікі Беларусі ад 2 студзеня 2002 г. Найцікавейшы акурат першы найбуйнейшы разьдзел, які прадстаўлены дзесяцьма артыкуламі, аўтарства якіх збольшага належыць уроцлаўскім навукоўцам. Асобна аналізуюцца палітычна-адміністрацыйны лад Рэспублікі Беларусі, асабістыя й палітычныя правы й свабоды чалавека ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі; станаўленьне партыйнай сыстэмы; эканамічныя трансфармацыя; сацыяльная палітыка; эканамічная каапэрацыя Беларусі з Расеяй ды іншымі краінамі СНД; палітыка ў дачыненьні да меншасьцяў, польская нацыянальная мяншыня на фоне структуры й праўнага статусу нацыянальных мяншыняў Беларусі; мэдыйная палітыка; замежная палітыка й палітыка бясьпекі; абаронная палітыка. Усе зьвесткі прыводзяцца зь пярэдадня апошняга рэфэрэндуму, што відаць з зацема Валентыя Балюка ў артыкуле, прысьвечаным аналізу партыйнай сыстэмы: «…перад тым, як аддаць зборнік да друку, мы даведаліся пра афіцыйныя вынікі выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі (17.10.2004)» (прыводзяцца афіцыйныя лічбы вынікаў і дадзеныя Інстутыту Гелапа). Варта спыніцца на аўтару двух артыкулаў («Палітычна-адміністрацыйны лад Рэспублікі Беларусі – нарыс праблематыкі» ды «Польская нацыянальная мяншыня ў Рэспубліцы Беларусі на фоне структуры й праўнага статусу нацыянальных мяншыняў у Беларусі») Зьдзіслава Віньніцкага. Гэтая асоба здаўна займаецца вывучэньнем праблематыкі польска-беларускіх стасункаў ды палітычнай беларусістыкі, а ў 2003 г. выпусьціла цэлую кнігу, прысьвечаную Беларусі1. Па шчырасьці, артыкулы гэтыя выклікаюць дыямэтральна розныя ўражаньні.
|
выпускнік факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ, арганізатар інтэрнэт-рэсурсу praunik.org. Летась у «ARCHE» была надрукаваная яго рэцэнзія «Троху пра зьмены ў Лукалэндзе». |
Што да першага зь іх, то тут нельга ні адзначыць сыстэмнага й дэталёвага падыходу аўтара, які фактычна прэзэнтаваў польскаму чытачу кароткі курс з канстытуцыйнага права Беларусі – сьціслы, але грунтоўны й пасьлядоўны. (Дарэчы, аўтар чытае курс міжнароднага публічнага права ўва Ўроцлаўскім унівэрсытэце.) Аўтар сьцьвярджае, што сёньняшні беларускі лад можна акрэсьліць паняцьцем «рэспублікі аўтарытэту»2 – канстытуцыйная сыстэма была зацьверджаная на рэфэрэндуме бальшынёй грамадзянаў. На думку Віньніцкага, гэта было немагчыма без шматвекавой усходнеславянскай прызвычаенасьці «паважаць» моцную выканаўчую ўладу. Гэтая прызвычаенасьць паходзіць зь бізантыйска-расейскай традыцыі, якая ў савецкія часы выражалася ў паўсюднай павазе да кожнага новаабранага генсека камуністычнай партыі. Выбар на карысьць лукашэнкаўскай канстытуцыі апасродкавана ўвасобіў тую самую традыцыю ў цалкам адрознай палітычна-эканамічнай сытуацыі. Бальшыня грамадзянаў сёньняшняе беларускае дзяржавы вырасла ў савецкай сыстэме з усімі яе ідэйнымі ўстаноўкамі і ідэйна і псыхалягічна надалей жыве ў СССР. Дактрына гэтага грамадзтва фармулюецца праз ацэнку зьяваў – як гістарычных, так і сучасных – скрозь прызму савецкіх ідэалягічных паняткаў і «каштоўнасьцяў», прышчэпленых гэтаму грамадзтву ў школе, на працы, у войску, сацыяльных установах альбо праз прапагандысцкі апарат, да якога акрамя кінэматографу належала прэса й літаратура. Гэта мае свае наступствы й надалей (год 2004).
Няўдалыя спробы інтэграцыі з Расеяй пры адначасовым утрываленьні ў палітычнай сьвядомасьці сягоньняшніх беларусаў факту існаваньня незалежнае дзяржавы – Рэспублікі Беларусі – спрыяюць яе павольнай грамадзянскай аб’ектывацыі і ў неакрэсьленай будучыні могуць прывесьці да зрухаў у кірунку дэмакратызацыі. Але пытаньне, ці ня пойдзе гэты працэс у кірунку, вядомым з практыкі дэмакратычнага Захаду, альбо згодна з блізкай і лепей знанай у Беларусі расейскай мадэльлю, аўтар пакідае адкрытым. Адметна, што дасьледнік паўсюдна выкарыстоўвае назвы дзяржаўнага апарату ды канстытуцыйныя тэрміны Беларусі ў правільным беларускім лацінкавым напісаньні. На жаль, другі артыкул гэткіх дадатных эмоцыяў не пакідае. Яму ўласьцівыя перабольшаныя ацэнкі польскае прысутнасьці ў Беларусі, а таксама пэўныя пастуляты ды ідэалягемы, да крытыкі якіх мы яшчэ будзем вымушаныя вярнуцца пазьней пры аглядзе іншага тэксту, прысьвечанага той жа праблематыцы. У якасьці le sentiment du déja vue прывядзём толькі наступнае выказваньне:
На сёньняшні дзень у блізу дзесяцімільённай беларускай дзяржаве, Рэспубліцы Беларусі, акрамя беларусаў, расейцаў, украінцаў ды прадстаўнікоў мноства іншых народаў ды народнасьцяў жыве блізу 1 мільёна сьвядомых палякаў, а рыма-каталікоў, людзей, як там кажуць, польскай веры – амаль два мільёны. Палякі па сваёй колькасьці афіцыйна складаюць трэцюю нацыянальную групу, de facto будучы другой аўтахтоннай супольнасьцю – у адрозьненьне ад фармальна (паводле афіцыйных перапісаў) большай групы расейцаў. Яны жывуць на сваёй радзіме-бацькаўшчыне. Пра сёньняшнюю Польшчу кажуць – Маці.
(Нагадаем, што паводле апошняга перапісу ў Беларусі не набралася й паўмільёна палякаў.) Спэцыялістка з аховы правоў чалавека Ларыса Лешчанка прэзэнтуе даволі цікавы аналіз асабістых і палітычных правоў і свабодаў чалавека ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Яго выснова ў тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі зьяўляецца адно дэклярацыяй, а канстытуцыйныя гарантыі захаваньня асабістых і палітычных правоў ды свабодаў асобы, замацаваныя ў ёй, уяўляюць зь сябе ў вялікай ступені адно маніфэсты. Асаблівую пікантнасьць выданьню надае тэкст чалавека, які на той час шчэ быў усеагульна прызнаным старшынём Саюзу палякаў Беларусі (сёньня пра яго «неафіцыйнае старшынства» польская прэса адгукаецца фразамі кшталту «…Tadeusz Kruczkowski jest bardzo zajęty – wspólnie z KGB przygotowuje kolejny zjazd Związku Polaków na Białorusi»3).
|
1 Winnicki Z. J. Współczesna doktryna i historiografia Białoruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. – Wrocław, 2003. 2 Аўтар выкарыстоўвае тэрміналёгію Тэрэзы Янаш: мэтадалягічны панятак «улада аўтарытэту» ў адрозьненьне ад «аўтарытарных уладаў». |
У сёньняшніх варунках, калі прапаганда празь дзяржаўныя мэдыі (перадусім тэлевізію) навязвае тэзу, нібы польская мяншыня ў Беларусі цалкам абароненая ды жыве ў міры й шчасьці, а памагатыя Кручкоўскага па СПБ расплываюцца ў інтэрвію пра прыўкрасныя ўмовы для разьвіцьця пальшчызны, створаныя мудрым беларускім кіраўніцтвам, – асабліва дасьціпна выглядаюць выказаныя Кручкоўскім думкі, якія мы й дазволім сабе працытаваць у перакладзе:
Культурна-асьветніцкая дзейнасьць СПБ, якая да 1998 г. хоць часткова фінансавалася ўладамі, у апошнія гады зусім фінансава не падтрымліваецца. Дзяржава ня толькі фінансава не дапамагае ўтрымліваць Дамы польскай культуры, але й вымагае аплаты камунальных паслуг па тарыфах, вышэйшых, чымся для дзяржаўных дамоў культуры. Газэта СПБ «Głos z-nad Niemna» ў 2001 г. у якасьці падтрымкі ад беларускай дзяржавы атрымала толькі тону паперы. СПБ атрымліваў адмову на будоўлю (за ўласны кошт) польскамоўнай школы ў Вoранaўскім раёне, дзе нават афіцыйна палякі складаюць 83 % усяго насельніцтва. Цяжкая сытуацыя з падручнікамі для польскіх школаў: для старэйшых клясаў іх няма й не прадбачыцца ў бліжэйшым часе... А вяршыняй недарэчнасьці й выявай стаўленьня ўладаў была спроба абкласьці ў 2002 г. усю гуманітарную дапамогу, якую атрымлівае СПБ, падаткам у памеры 20 % з штрафнымі адсоткамі (310 %), хаця раней гэткай нормы не існавала. …Ані грамадзкія арганізацыі, ані палітычныя партыі ня могуць прадстаўляць інтарэсы сваіх нацыянальных мяншыняў. Статуты грамадзкіх арганізацыяў павінны дэкляраваць разьвіцьцё айчыннай культуры, асьветы, народных традыцыяў. …палякаў трымаюць у пэўнай дыстанцыі ад найвышэйшых пасадаў у грамадзка-палітычным жыцьці краіны. …Польскую мову ў розных формах вывучаюць сёньня 21 тыс. дзяцей… але для 400 тыс. палякаў гэта страшэнна мала. Для параўнаньня ў суседняй Летуве, дзе меней палякаў, дзейнічае 121 польская школа.
Тэкст гэты вылучаецца (1) падменай паняткаў ды наўмыснымі лягічнымі абмыламі:
Каталіцкі касьцёл, які заўжды быў тут апірышчам пальшчызны, служачы сваім вернікам Божым словам на польскай мове, бо гэтага ад яго чакалі, цяпер часткова пераходзіць на беларускую мову, якую бальшыня палякаў лепей разумее, чым польскую. Але ў штодзённым жыцьці, а не на набажэнстве ў касьцёле! Гэтая зьмена з часам прывядзе да сытуацыі, калі Касьцёл папросту страціць сваю традыцыйную базу – польскіх вернікаў. Беларусізацыя каталіцкага касьцёлу (падобная спроба была зьдзейсьненая царскімі ўладамі пасьля студзеньскага паўстаньня) з часам спросьціць русіфікацыю й палякаў, і беларусаў. А наагул, калі ўжо вядзецца пра мову, зразумелую для катэхізаваных дзяцей, то гэта расейская, а не беларуская. Сёньня беларускія дзеячы, якія націскаюць на касьцёл, каб ён ішоў у кірунку беларусізацыі (цалкам пакідаючы ў спакоі праваслаўную царкву, у якой пануе расейская мова), забываюцца на тое, што гэты касьцёл ды ягоныя вернікі палякі заўжды былі для іх абаронай ад русіфікацыі. А праваслаўная царква была й ёсьць у Беларусі аплотам палітыкі русіфікацыі.
– ад Касьцёла чакалі польскай мовы → а хто? Палякі? Беларусы? Ці гэтае сьцьверджаньне не патрабуе доказу, бо настолькі відавочнае, што сам пан Бог прадвызначыў касьцёлу быць польскім?
↓ – у штодзённым жыцьці бальшыня палякаў разумее лепш беларускую, чым польскую?
↓ – чаму, калі яны палякі?
↓ – чаму тады яны ўвесь час чакаюць, каб касьцёл быў апірышчам пальшчызны? – спробы русіфікацыю касьцёлу па студзеньскім паўстаньні = беларусізацыя??? (Паралягізм ці банальная падмена паняткаў?)
– беларусізацыя = шлях да русіфікацыі??? (На выкшталцоны сафізм таксама ня цягне.) – дзеці лепей разумеюць расейскую → а (1) русіфікацыя лепшая (натуральнейшая) за беларусізацыю → а (2) сп. Кручкоўскі супраць русіфікацыі? → а як ён сумяшчае дзьве гэтыя тэзы? (Ці правіла ўвядзеньня кан’юнкцыі паміж двума праўдзівымі выказваньнямі ў выпадку сп. Кручкоўскага не працуе?) – гэты касьцёл ды ягоныя вернікі палякі заўжды былі для іх абаронай ад русіфікацыі > у які спосаб? > палянізацыя = ратаваньне ад русіфікацыі?
(2) стварэньнем вобразу ворага зь незалежнай беларускай гістарыяграфіі ды пудзіла з нацыянальна арыентаванай часткі апазыцыі: …сярод беларускіх гісторыкаў нарастае іншая тэндэнцыя: спроба прадстаўленьня ВКЛ як беларускай дзяржавы, а палякаў на гэтых абшарах як спалянізаваных беларусаў... [Беларускія гісторыкі] кажуць, што [«беларускія палякі»] збольшага – беларускія каталікі альбо акаталічаныя беларусы... Адным словам, старыя (яшчэ царскія!) мэтады і аргумэнты. Паўтараецца сытуацыя, якая была яшчэ ў XIX ст., калі беларушчына расла коштам палякаў на абшарах сучаснае беларускае дзяржавы... Дайшло да таго, што Беларусь пад націскам БНФ падчас візыту міністра замежных справаў РП Скубішэўскага адмовілася ад падпісаньня міжнароднае дамовы на падставе таго, што паводле тагачаснага міністра замежных справаў Беларусі Краўчанкі пытаньне мяжы не было ўрэгулявана (справа прэтэнзіі на Беласточчыну)... Дзеячы БНФ выказвалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі амаль да ўсіх суседзяў: да Літвы – Віленшчына, да Расеі – Смаленская вобласьць, да Польшчы – Падляшша. Акурат таму на пачатку 1990-х гг. былі затарможаныя спробы СПБ разьвіваць польскія школы. Інакш і быць не магло. А рашэньне аб іх будове было прынятае ўжо ў сярэдзіне 1990-х дзякуючы ахвярным высілкам палякаў – бацькоў, дзеячаў СПБ у Горадні й Ваўкавыску, а таксама дамоваў на ўзроўні прэм’ераў Беларусі –Польшчы (на той час Чыгіра і Цімашэвіча). Пры агульнай стабілізацыі ў міжнародных стасунках як пэўныя маргіналіі грамадзкага жыцьця існуюць, аднак, экстрэмісцкія групы, варожа настроеныя ў дачыненьні да іншых нацыянальнасьцяў: беларускі «Зубр», філія расейскага РНЕ; здараюцца выпадкі ўгнюшаньня польскіх могілак (Ваўкавыск, Горадня), антыпольскіх надпісаў на сядзібе СПБ у Горадні… таксама рэгіструюцца шматлікія выпадкі вандалізму на жыдоўскіх могілках у Барысаве, Гомелі, Віцебску, Менску, Рэчыцы ды інш.
От жа, у мысьленьні сп. Кручкоўскага «Зубр» ды РНЕ – гэта блізкія па сутнасьці фашыстоўскія арганізацыі. Ці Лукашэнка яго прывучыў так думаць? (3) навязваньнем міту пра абсалютную тоеснасьць пальшчызны й каталіцтва ў Беларусі як сродак дыскрэдытацыі працэсаў беларусізацыі касьцёлу:
Вера падзяляла два сьветы: заходні (каталіцкі) ды ўсходні (бізантыйскі). Такі ўжо быў лёс альбо капрыз гісторыі, што продкі сучасных беларусаў прынялі праваслаўе й апынуліся ў іншай цывілізацыйнай сфэры. Гэты падзел прайшоў цераз абшар сёньняшнай Беларусі й захаваўся ў мэнтальнасьці народу, які падзяляе веру на польскую (каталіцкую) і рускую (праваслаўную). У 1991 г. лідэр БНФ З. Пазьняк напісаў ліст Папу з просьбай аб накіраваньні ў Беларусь ксяндзоў зь любых іншых краінаў за выняткам Польшчы. У тым самым годзе адбыўся ўстаноўчы зьезд Беларускай каталіцкай грамады, галоўнай мэтай якой сталася беларусізацыя касьцёлу. Адначасова посткамуністычныя ўлады, па сутнасьці сваёй атэісты і, як правіла, непрыхільныя да адраджэньня беларускасьці, публічна падтрымлівалі ўвядзеньне беларускае мовы ў каталіцкім касьцёле, бо бачылі ў гэтым «меншае ліха» ў параўнаньні з пашырэньнем пальшчызны. …праявамі гэтага канфлікту стаўся байкот некаторых ксяндзоў вернікамі ды націск цераз Саюз палякаў Беларусі на некаторых польскіх палітыкаў і на Польскі япіскапат з мэтай ажыцьцяўляць адбор прысыланых у Беларусь сьвятароў з гледзішча іхнай адданасьці патрэбам польскага народу. У 1998 г.е СПБ высунуў заклік да каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, каб той «застаўся польскім». Нядаўна кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзелу камітэту па справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў Ігар Папоў заявіў, што перавага польскай мовы ў касьцёлах Гарадзеншчыны зьяўляецца неабгрунтаванай. Дзяржаўную мову пачынаюць ужываць у Каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Горадні – а гэта ўжо рэч недаравальная…
І замест эпілёгу, які цудоўна характарызуе агульны стыль, скіраванасьць тэксту дый, з улікам апошніх падзеяў, партрэт аўтара:
…палітыка беларускіх уладаў дагэтуль ніколі напоўніцу не адпавядала эўрапейскім стандартам у дачыненьні да нацыянальных мяншыняў, хаця на пачатку 1990-х гг. былі зроблены вялізарныя крокі ў параўнаньні з савецкімі рэаліямі. І такіх праяваў стаўленьня афіцыйных уладаў да палякаў можна пералічыць вялікую колькасьць: афіцыйнае сьвяткаваньне 17 верасьня 1939 г., фальшаваньні падчас перапісу насельніцтва ў 1999 г.; адмова будоўлі школаў для нацыянальных мяншыняў; абмежаваньне мажлівасьці атрыманьня гуманітарнай дапамогі; адсутнасьць фінансавай падтрымкі арганізацыяў нацыянальных мяншыняў з боку ўлады і г. д. Апрача гэтага варта дадаць нацыяналістычную пазыцыю часткі беларускай апазыцыі.
Галоўнае – не забыцца зганіць нацыяналістычную пазыцыю часткі апазыцыі! Агульнае ўражаньне ад зборніка дваістае. Так, ён асьвятляе праблемы беларускага жыцьця. Зь іншага боку, нават калі заплюшчыць вочы на адыёзныя артыкулы, прысьвечаныя «палітыцы ў дачыненьні нацыянальных мяншыняў» ды адсутнасьці добрага аналізу сучаснай ідэнтычнасьці беларусаў, выданьне праігнаравала цэлыя аспэкты сучаснай беларускай палітычнай рэальнасьці – напрыклад, палітычную міталёгію рэжыму Лукашэнкі. У ім таксама адсутнічаюць прагнозы разьвіцьця беларускае сытуацыі. Апошняя не пазбаўлена дынамікі, і таму ўжо сёлета выданьне выглядае састарэлым. Для беларускага чытача яно наагул не ўяўляе ніякага інтарэсу. Пераважная бальшыня артыкулаў – дабротная кампіляцыя вядомых фактаў ды лічбаў. Але толькі ў самой Беларусі за апошнія гады выйшла некалькі падобных кніжак, у тым ліку й у перакладзе на ангельскую мову. Хаця хто ведае – мо інтарэс ды сур’ёзны падыход да факталягічнага матэрыялу з боку «ўроцлаўскага кола» і створыць некалі палітычную беларусістыку ў Польшчы. |
3 Lazarewicz Cezary. Groźny element. |
|