A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Як выжыць падчас рэвалюцыі


Колесников, Андрей. Первый украинский. Записки с передовой. – Киев: Вагриус, Национальный Книжный Проект, 2005. – 416 с.

«Оранжевая революция»: версии, хроника, документы / Сост. М. Погребинский. – Киев: Оптима, 2005. – 416 с.

Оранжевая революция. Украинская версия: Сборник статей. – Москва: Европа, 2005. – 463 с.

На самай справе ў гэтым нарысе аглядаюцца ня тры, а два выданьні. Кніга расейскага журналіста Андрэя Калесьнікава «Першы Ўкраінскі. Запіскі зь перадавой» была выдадзеная на расейскай мове ў Расеі і Ўкраіне пад адной назвай адным і тым жа выдавецтвам, зьмест гэтых двух варыянтаў супадае, як і назва. А вось расейскамоўны зборнік аналітычных артыкулаў, выпушчаны таксама ў дзьвюх краінах адначасова, мае шыльду двух розных выдаўцоў, а таксама адрозьніваецца прадмовамі, вокладкамі і назвай. Таму хоць фармальна аб’ектам гэтай рэцэнзіі зьяўляюцца тры выдавецкія адзінкі, надалей мы будзем, за рэдкім выняткам, весьці размову пра дзьве кнігі.

Гэтыя дзьве кніжкі маюць шмат супольнага. Прысьвечаныя падзеям, якія атрымалі агульнапрынятую назву «Памаранчавая рэвалюцыя», яны ў пэўнай ступені эксплюатуюць неспатоленую цікавасьць да гэтай тэматыкі ў шырокага чытача. Абедзьве прэтэндуюць на інфармаваньне чытача пра тое, што адбывалася ва Ўкраіне падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і ўсяго, што іх суправаджала. Два выданьні зьявіліся па гарачых сьлядох – успаміны пра рэвалюцыю былі яшчэ сьвежыя, уражаньні і эмоцыі былі яркія, а асэнсаваньне фэномэну адбывалася на падставе тых пазыцыяў, якія суб’екты займалі падчас саміх рэвалюцыйных працэсаў. І гэтае падабенства толькі робіць больш выразным разыходжаньне ва ўзроўнях інтэрпрэтацыі прадмету.

Спадар Калесьнікаў піша ў жанры разгорнутага рэпартажу, піша як эмацыйны назіральнік, набліжаны да цэнтраў прыняцьця рашэньняў, піша з аб’ектыўнай пазыцыі журналіста, які не хавае ўласных перакананьняў і не адмаўляецца ад сваіх сымпатыяў, але пры гэтым не дазваляе ім засьціць фактаў, не дазваляе сабе ўмешвацца ў рэальнасьць, падрабляць яе дзеля спэкуляцыйнага пацьвярджэньня ўласнай пазыцыі. Дзякуючы такому стылю апісаньне робіцца максымальна «ўключаным» у падзеі, аднак пры гэтым не губляе каштоўнай аб’ектыўнасьці. Тэкст Калесьнікава – гэта тэкст чалавека, які перажыў рэвалюцыю, бачыў яе на ўласныя вочы, удзельнічаў у ёй і ўспрыняў яе сэрцам. Гэта найвышэйшы пілятаж журналісцкага майстэрства – матэрыял падаецца ва ўспрыняцьці асобы аўтара з максымальным акцэнтаваньнем асабістых уражаньняў удзельнікаў падзеяў. І дзякуючы гэтаму акцэнту на асабістым факты робяцца больш відавочныя і падаюцца максымальна непрадузята. Гэта як альбом толькі надрукаваных фатаздымкаў з Майдану, які аўтар гартае і пры гэтым згадвае, камэнтуе, спрабуючы аднавіць у памяці свае пачуцьці, сьмяецца са сваіх першапачатковых уражаньняў. У такім аповедзе рэвалюцыя паўстае перад намі як падзея агромністага асабістага значэньня – такой яна была для многіх яе ўдзельнікаў, менавіта як такая яна запомніцца ім. Для многіх Майдан стаў пунктам у асабістай біяграфіі – для ўсіх рэвалюцыя стала эмацыйным узрушэньнем, выпрабаваньнем сілы прынцыпаў і трываласьці каштоўнасьцяў.

Зборнік жа артыкулаў вядомых украінскіх, расейскіх і заходнеэўрапейскіх палітолягаў мае іншую мадэль інтэрпрэтацыі прадмету, таксама каштоўную, але іншым. Інтэлектуалы дасьледуюць прадмет пры дапамозе іншай мэтадалёгіі – яны імкнуцца па ўсіх традыцыях акадэмічнай навукі растлумачыць, што ж адбылося на самай справе. У адрозьненьне ад журналісцкай інтэрпрэтацыйнай мадэлі («адбылося тое і тое, я ў той час рабіў гэта і размаўляў з тым, а мае суразмоўцы тады адчувалі і думалі наступным чынам...»), тут мы знаходзім максымум тлумачэньняў, гіпотэзаў і сьмелых меркаваньняў («дзеяньні палітыка N былі выкліканыя тым, што...», «народ адрэагаваў на гэтыя дзеяньні...», «рэакцыя замежных актараў прымусіла...», «сапраўднай прычынай было...»). У прынцыпе, любая палітычная аналітыка рызыкуе патрапіць у бездань кансьпіралёгіі – спробы выбудовы рацыянальных інтэрпрэтацыяў падзеяў, шырэйшых за магчымасьці чалавечага ўспрыняцьця, заўжды рызыкуюць прывесьці да таго, што інтэлектуальныя канструкцыі зробяцца субстытутам багацьцю жыцьця, а сухія плады рэфлексіі заменяць сабой сакавіты яблык непрадказальнай рэчаіснасьці. Усіх інтэлектуалаў-разумнікаў папярэджвае Жыль Дэлёз: «І невядома, ці толькі сон розуму спараджае пачвараў. Робіць гэта і ягоная нядрэмнасьць, бяссоньне мысьлі» («Différence et Repetition», 1969). Ніхто з думаньнікаў-аўтараў зборніка не знайшоў у сабе сьмеласьці расьпісацца ва ўласнай прафэсійнай паразе перад абліччам невытлумачальнага паўстаньня нацыі там, дзе яго ніхто не чакаў – і некалькі мудрагелістых «пачвараў» бяссоньня мысьлі сапраўды знайшлі сабе месца на старонках інфармацыйна-аналітычнага выданьня. Спрыяла гэтаму таксама і тое, што сярод аўтараў зборніка, як адзначала Юлія Цімашэнка ў прадмове да ягонай украінскай вэрсіі, былі і рашучыя прыхільнікі паўстанцкага Майдану, і ягоныя перакананыя праціўнікі. Радасьць першых спалучаецца на старонках кніжкі з страхам другіх – страхам перад народам, які запатрабаваў рэалізацыі сваіх правоў, страхам, пакуль не прыпраўленым зласьлівымі кпінамі з нагоды няўдачаў пасьлярэвалюцыйнага рэжыму. Апошняя група матэрыялаў ёсьць ня чым іншым, як праявай esprit de l’escalier* амаль у літаральным сэнсе – намаганьнямі некаторых даказаць уласную абазнанасьць і розум тады, калі дзьверы за імі ўжо зачыніліся. Разам фармуецца дастаткова стракатая нізка інтэрпрэтацыяў, аб’яднаных толькі імкненьнем патлумачыць прадмет розумам, патлумачыць яго рацыянальна, вывесьці ягоную генэалёгію, законы разьвіцьця і магчымыя наступствы.

  палітоляг, юрыст. Нарадзіўся ў 1978 г. у Менску. Сябра рэдакцыйнай рады часопісу «Палітычная сфера». Ягоныя апошнія публікацыі ў «ARCHE» – агляды «Вайна для народу» (2/2005) і «Рэвалюцыя і антырэвалюцыя: бэкграўнд антырэвалюцыйнага дзеяньня» (5/2005).
   
Такім чынам, два гэтыя выданьні даюць прыклады дзьвюх магчымых мадэляў успрыняцьця і інтэрпрэтацыі рэвалюцыі – той, якая была, але таксама і той, якая будзе альбо можа быць. Для адных рэвалюцыя ёсьць экзыстэнцыйнай падзеяй, якую трэба перажыць, прапусьціць праз сэрца, якая адбываецца ў сфэры ідэальнага і эмацыйнага, у нематэрыяльнай сфэры. Сродкам інтэрпрэтацыі ў гэтым выпадку робяцца пачуцьці, асабісты досьвед, які суадносіцца з каштоўнасьцямі і індывідуальным сьветаадчуваньнем – і выпрабоўваюцца праз іронію і гумар. Для іншых рэвалюцыя ёсьць рацыянальнай зьявай, якую трэба зразумець, вытлумачыць і зьвесьці да рацыянальнага кораня – зь невыносна сур’ёзным выразам твару. Для гэтых сродкам інтэрпрэтацыі зьяўляецца розум, норма і, урэшце, аб’ектыўны закон грамадзкага разьвіцьця.

Дзьве прапанаваныя мадэлі могуць быць скарыстаныя ня толькі для тых маштабных грамадзкіх пераўтварэньняў, што ўжо адбыліся, але і для будучых падзеяў. У тым ліку інтэрпрэтацыя праз пачуцьці ды каштоўнасьці разам з інтэрпрэтацыямі праз розум і навуку могуць быць сродкамі прадказаньня, плянаваньня і вытлумачэньня той рэвалюцыі, якая можа ў будучым годзе адбыцца ў нас, у Беларусі.

РЭВАЛЮЦЫЯ ЯК ГУЛЬНЯ: ДЗЯКУЙ БОГУ, НЕ МАНАГРАФІЯ

Кожнаму журналісту хочацца стаць пісьменьнікам. Для паважаных зуброў савецкай журналістыкі выслоўе «Кіну ўсё і засяду пісаць раман» было правераным сродкам шантажаваньня калегаў, узьняцьця ўласнай самаацэнкі і сродкам выбіцьця лепшых ганарараў – але таксама гэта было праявай патаемнай мары пра ляўры сапраўднага прыгожага пісьменства. Час зьмяніўся – і вось ужо стандарты заходняй журналістыкі прыйшлі на нашу частку сушы. Цяпер ужо той альбо іншы журналіст паміж зацемкамі, рэпартажамі і фэльетонамі возьме дый ціскане том уласнага «выбранага», зноў жа фэльетоннага альбо апісальнага характару. Журналісты пішуць кнігі, зацьмяваючы публічных палітолягаў, і робяцца «ўладарамі думак», фаварытамі выдаўцоў у Расеі. Аднак кніжка Калесьнікава незвычайная ў гэтым шэрагу.

Андрэй Калесьнікаў – выбітная постаць на расейскім журналісцкім пэйзажы. Палітычны аглядальнік выдавецкага дому «Камэрсант», ляўрэат узнагародаў «Прэс-эліта» і «Залатое пяро Расеі», намінант прэміі імя Андрэя Сахарава за цыкль артыкулаў пра захоп закладнікаў у школе ў Бэслане, Калесьнікаў уваходзіць у гэтак званы «крамлёўскі пул», а гэта значыць, мае вышэйшы дазвол на асьвятленьне жыцьця пуцінскага «двара». Дзякуючы гэтай акалічнасьці ён атрымаў магчымасьць напісаць дылёгію «Я Пуціна бачыў» і «Мяне Пуцін бачыў», якая прынесла яму шырокую вядомасьць. Надалей спрытны журналіст новай фармацыі разьвіў камэрцыйны посьпех, хуценька выдаўшы працяг гэтак званых «крамлёўскіх хронік» – кнігі «Ўладзімер Пуцін: паміж Эўропай і Азіяй», «Уладзімер Пуцін: скутыя адным ланцугом», «Уладзімер Пуцін: элітнае падразьдзяленьне» і «Роўнааддаленьне алігархаў». На сёньня апошнім томам сэрыялу бэстсэлераў зьяўляецца тоўсты зборнік-омнібус дакумэнтальных нарысаў «Пабачыць Пуціна і памерці». У нізку крамлёўскіх хронік чытач уключаецца, як у мыльны сэрыял на тэлебачаньні, захапляючыся тонкімі назіраньнямі і іранічным поглядам аўтара.

За гратэскным капіяваньнем назваў папулярных кніжных сэрыялаў гэты цыкль заклаў асновы сучаснага аналітычнага дыскурсу ў Расеі. Менавіта Калесьнікаў разам з шэрагам іншых журналістаў сфармаваў канон расейскай палітычнай журналістыкі пачатку ХХІ ст., у якой псяюга па мянушцы Коні мае ўплыў ня меншы за прэм’ераў, дзе Лукашэнка ўспрымаецца ў катэгорыях падкрэсьлена асабістых і мянуецца амаль выключна як «бацька», дзе зьмена інтэр’еру ў кабінэце кіраўніка дзяржавы ёсьць падзеяй больш значнай, чым абуральная адмена сацыяльных ільготаў для чвэрці насельніцтва краіны і «газавая вайна» зь Беларусьсю. Парадаксальна, але частка беларускіх аглядальнікаў з задавальненьнем капіюе гэты стыль апісаньня палітычнай рэчаіснасьці, калі гаворка вядзецца пра беларуска-расейскія адносіны. Нястача інфармацыі па праблеме прымушае зьвяртацца да расейскіх крыніцаў, і гэта нармальна, аднак капіяваньне пры гэтым зусім недарэчнай мэтадалёгіі ня робіць гонару нашым аналітыкам.

Падчас Памаранчавай рэвалюцыі Калесьнікаў паехаў у Кіеў, некалькі тыдняў працаваў там, быў у гушчы падзеяў, сустракаўся з удзельнікамі і правадырамі Майдану. Да рэвалюцыі, дзякуючы набліжанасьці да Крамля, ён быў відавочцам разьвіцьця ўкраінскага сцэнара падчас сустрэчаў лідэраў СНД. Пасьля рэвалюцыі журналіст зрабіў шэраг працяглых інтэрвію з асноўнымі пэрсанажамі ўкраінскай палітычнай сцэны, уключна з прэзыдэнтам Юшчанкам. Шматлікія ягоныя артыкулы друкавала «Україньска правда». Такім чынам, пасьля расповедаў пра тое, як Калесьнікаў з Пуціным бачылі адзін аднаго, Калесьнікаў нарадзіў шэдэўр іншага жанру – як Калесьнікаў бачыў рэвалюцыю. Замест хронікі нэаімпэрскага жыцьця расейскае палітычнае клясы выйшаў шэдэўр разгорнутага рэпартажу, вельмі асабістага, аднак, адначасова, вельмі маштабнага. Падзея была настолькі велічная, што самы сьціслы выклад уражаньняў відавочцы, а тым больш далучанага да палітычных «кухонных кабінэтаў» журналіста, дазваляе запоўніць старонкі надзвычай цікавымі нататкамі.

«Першы Ўкраінскі. Нататкі зь перадавой» прэзэнтаваліся ў Расеі і Ўкраіне як першая кніга пра Памаранчавую рэвалюцыю. Дзеля бібліяграфічнай справядлівасьці заўважым, што першым кніжным выданьнем пра рэвалюцыю была ўсё ж кніга Міхала Слабашпіцкага «Пэйзаж для Памаранчавай рэвалюцыі» . Кніжка ўкраінскага пісьменьніка таксама блізкая да жанру разгорнутага рэпартажу, аднак літаратурнай падзеяй альбо бэстсэлерам яна не зрабілася нават у межах Украіны. А вось твор Калесьнікава зь ягонымі інтэрвію з усімі выбітнымі асобамі тагачаснай палітычнай сцэны, а таксама назіраньнямі за павадкамі прэзыдэнтаў краінаў СНД аказаўся прывабным і для аматараў «смажанага», і для знаўца палітычнай мэмуарыстыкі, і для прыхільніка «рабіць высновы па першакрыніцах».

Асноўнай задачай аўтара было «паказаць, што я бачыў». Ён не будуе гіпотэзаў і працуе ў жанры рэпартажу, які не прадугледжвае «глыбокай аналітыкі», а хутчэй працягвае тыя тысячы інфармацыйных паведамленьняў і артыкулаў, якія зьяўляліся ў газэтах усяго сьвету падчас Памаранчавай рэвалюцыі.

Кніжку Калесьнікава вылучае найперш стыль. Гэта іронія маленькага чалавека, які апынуўся ў віхуры гістарычных падзеяў – Калесьнікаў, зразумела, зусім не «маленькі чалавек», але таленавіта грае гэтую ролю, нават пры расповедзе аб сустрэчах і сутыкненьнях з кіраўнікамі дзяржаваў. Зрэшты, любы чалавек на тле гістарычных падзеяў робіцца маленькім – а калі ня робіцца, калі яго перапаўняе адчуваньне велічы моманту, адчуваньне творцы гісторыі, то ягоную постаць можа лёгка зьніштожыць зьедлівая іронія. Так, на старонках «Першага Ўкраінскага» зьнішчаюцца ня толькі ўпалы Кучма і «двойчы несудзімы» Януковіч разам са старшынямі выбарчых камісіяў на ўсходзе Ўкраіны, што занадта старанна фальсыфікавалі вынікі выбараў. У іранічным ключы запісаныя і размовы з жыхарамі намётавага мястэчка на Майдане, з правадырамі рэвалюцыі, з асноўным суразмоўцам аўтара Пятром Парашэнкам, з «багіняй рэвалюцыі» Юліяй Цімашэнкай (заўвагі пра касу – sine qua non для кавалку тэксту, што быў апублікаваны раней у часопісе «ELLE»), і нават з самім прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам. У абодвух выпадках гэтая іронія нязлая, поўная трапных назіраньняў. Гэта – стратэгія ўспрыняцьця таго, што адбываецца падчас рэвалюцыі, успрыняцьця праз гумар.

Гаворачы пра «нязлобную» іронію ў кніжцы Калесьнікава, мы сьцьвярджаем, што ў тэксьце дамінуе не «рытарычная іронія», пакліканая пераканаць чытача. Тут мы маем справу зь іншым відам іранічнага тэксту – іроніяй гульнёвай, праектальнай. У гэтым матэрыяле іронія грае ролю ня сродку перакананьня, а сродку дэманстрацыі агульнай хаатычнасьці і неўпарадкаванасьці падзеяў, сродкам захаваньня зьвязнасьці сюжэту пры адсутнасьці трывалай сюжэтнай лініі ў віхуры драматычных палітычных пераўтварэньняў. Сюжэт рэвалюцыі, такі зьвязны ў навукова-гістарычнай афіцыйна санкцыянаванай інтэрпрэтацыі, на індывідуальным, нізавым узроўні непазьбежна набывае рысы абсурду і можа быць адэкватна апісаны толькі пры дапамозе іранічных мэтадаў. У гэтым сэнсе кніжка Калесьнікава дае больш поўную, хоць і неадназначную і выключна індывідуальную веду пра рэвалюцыю з рознаўзроўневасьцю яе падзеяў, чым усёабдымныя канцэпцыі з навуковага зборніка.

Іронія – гэта тое, чаго так не стае беларускаму палітычнаму дыскурсу. Ён цяпер занадта сур’ёзны, на дзіва сур’ёзны, калі ўлічваць рэальнае стаўленьне беларусаў да ўлады і апазыцыі. Злой рытарычнай іроніяй прасякнутыя выступы Лукашэнкі – носьбіты палітычнай альтэрнатывы адказваюць яму тым самым.

У «Першым украінскім» перад намі разгортваецца як бы нізка карцінак, падобная да гераічнага коміксу. Хтосьці перамагае, хтосьці апынуўся зьнізу, але зьбірае сілы і зноў паўстае да змаганьня. Карцінкі зьмяняюць адна адну. Вось, здаецца, Юшчанка пераламіў неспрыяльную для яго сытуацыю падчас перадвыбарнай гонкі. Вось Лукашэнка першы сярод эсэнгоўскіх прэзыдэнтаў, як Піфія, прадракае Ўкраіне рэвалюцыю (Калесьнікаў сьцьвярджае, што менавіта беларускі правіцель першым вымавіў гэтае слова публічна!). Вось Лукашэнку выстаўляюць са сьвяткаваньня гадавіны вызваленьня Ўкраіны ў Кіеве, бо там ён перашкаджае ўсім. Вось Юлія Цімашэнка робіць дзёрзкую вылазку ў сэрца «апанэнта», у Данбас. Вось камэдыя перадвыбарнай кампаніі «прыбраць» Януковіча. Вось Януковіч падае, «забіты» кінутым у яго яйкам – ён думаў, што гэта той самы сплянаваны «замах на жыцьцё» кандыдата, які мусіў узьняць ягоны рэйтынг. Сьцяг Перамогі вязуць ва Ўкраіну для выкарыстаньня ў мэтах агітацыі – і здаюць яго ў багажнае аддзяленьне. Пуцін на прапанову наведаць Украіну другі раз паміж першым і другім турамі чухае патыліцу: «Нахабства, вядома. Але давайце паспрабуем». Вось салдацікі ходзяць грэцца ў будынак, захоплены пратэстоўцамі. Іншыя коміксавыя будні Майдану. Вясёлае жыцьцё журналістаў у перадвыбарным прэс-клюбе, прыгоды ў пошуках навінаў, калі навінаў няма (было падчас доўгага стаяньня на Майдане і такое!). Вось аўтар выпадкова трапляе на «тайную вячэру» ў лягеры Віктара Януковіча – там яго прымаюць ці то за дробнага партбоса Партыі Рэгіёнаў, ці то за расейскага паліттэхноляга, ці то за «мэнэджара па каве». Кантрасныя назіраньні за бытам двух штабоў і ўражаньні ад вуліцаў рэвалюцыйнага Кіева. Сустрэчы з шараговымі ўдзельнікамі рэвалюцыі перамяжаюцца інтэрвію зь яе правадырамі і важнымі палітычнымі суб’ектамі.

Але труцяць Юшчанку – і чытачу робіцца папросту страшна, нягледзячы на перадачу падзеяў словамі з паведамленьняў прэсы. І сярод цытатаў з навінавай стужкі – словы самога Юшчанкі:

Такога болю не было ніколі. Я ня мог спаць. ...Але нельга было нічога адмяняць. Адзін чалавек звоніць: «Заўтра зьбіраем агромны мітынг у Кіеве...» На мяне ціснулі – ты мусіш быць там. Яны ня ведалі майго стану. Тэлефануе Парашэнка: «Ты што, жартуеш? Выбарчая кампанія ж ідзе! Колькі ты яшчэ там будзеш ляжаць?» Трэ было вяртацца.

Чалавек пад ціскам абставінаў, пад ціскам палітычнага абавязку – таксама «малы чалавек». І ўражаньні відавочцаў:

Ірына Герашчанка, прэс-сакратарка прэзыдэнта Ўкраіны:

– Я вас пабачыла, калі вы вярталіся зь Вены, раней за іншых. Іду, сьлёзы цякуць па твары. Падыходжу да нашых на мітынгу. Яны кажуць: «Ну чаго ты плачаш?» «Бо Віктара Андрэевіча пабачыла...» – «Ды кінься, усё будзе добра!» А пасьля, калі вы сышлі са сцэны пасьля мітынгу, бачу – у іх ва ўсіх сьлёзы на шчаках.

Гэта падобна на тое, як Умбэрта Эка апісвае гістарычныя падзеі часоў крыжовых паходаў. У прынцыпе, відавочцы часта пішуць у гэткім ключы. Веліч моманту яны памятаюць, ды вось асабістыя адчуваньні яе засьцяць – і ў гэтым каштоўнасьць гэткіх замалёвак. Праца памяці – гэта ня толькі працэс сэлекцыі падзеяў і дэталяў, але і іх пэўнае канструяваньне, сюжэтнае альбо ацэначнае. Падчас гэтага працэсу адбываецца схаваная падробка падзеяў, іх падгонка пад створаную схему і інтэрпрэтацыя. Гэта справядліва для любога гістарычнага аповеду. Аднак успаміны відавочцаў па гарачых сьлядох застаюцца ў гэтым сэнсе найбольш шчырай мадэльлю інтэрпрэтацыі гістарычнага, але пакуль яшчэ не аддаленага ў часе мінулага. Агульнапрынятыя, калектыўныя, грамадзкія ўяўленьні пра рэвалюцыю непазьбежна ёсьць вынікам кагнітыўнага кампрамісу, у той час як прыватныя ўспаміны пра яе як асабіста перажытае ёсьць больш цэльным і зручным для індывідуальнага спажываньня сродкам здабыцьця веды. У гэтым палягае прычына посьпеху гістарычнай мэмуарыстыкі – у гэтым каштоўнасьць і кніжкі Калесьнікава. На жаль, яна непазьбежна сыдзе ў нябыт пад націскам інтэрпрэтацыяў-узгадненьняў, інтэрпрэтацыяў-тлумачэньняў, навуковападобных і палітычна карэктных канструяваньняў гісторыі. Лёс бэстсэлеру відавочны – яго забудуць, як забываецца ўсё сэнсацыйнае і злабадзённае пісьменства. А недзе празь пяцьдзясят гадоў – зноў адкрыюць, перавыдадуць разам з навуковым камэнтаром і прэзэнтуюць як незаангажаваны і індывідуальны расповед пра тое, што адбывалася, як сьведчаньне відавочцы.

Выданьне карыснае для ўсіх беларусаў – і прыхільнікаў і праціўнікаў будучай беларускай рэвалюцыі. Яно дае прыклад таго, як з найменшымі маральнымі выдаткамі сустрэць той дзень, калі сьвет побач з табой рушыцца і на волю выходзіць нешта такое, пра што ніхто ня думаў і што ня мроілася ані наймітам-паліттэхнолягам, ані актывістам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Расслабцеся – рэвалюцыйныя дэманы прыйдуць нечакана і ня будуць падобныя да сваёй папярэдняй выявы. Беларусь – не Ўкраіна. І не Кыргызстан, на шчасьце.

Кніжка Калесьнікава стала бэстсэлерам, выдатна прадавалася ў Расеі і Ўкраіне. У Беларусі – калі-нікалі траплялася на кніжных развалах, зрэдку была ў непадкантрольных Міхаілу Арду прыватных распаўсюднікаў і зусім не патрапіла ў гандаль нацыянальнага маштабу. Пра магчымасьць беларускага выданьня казаць залішне. Нічога – праз колькі месяцаў спрытны Калесьнікаў, напэўна, без асаблівых цяжкасьцяў напіша «Другі Беларускі – імпэрыя наносіць удар у адказ». Ад нас залежыць, які будзе сюжэт у будучай кніжкі пра беларускую рэвалюцыю 2006 г. – першыя падразьдзелы гэтай дакумэнтальнай аповесьці ўжо напісаныя, працяг будзе.

Скручаны ў рольку гіганцкі плякат з выявай аднаго з кандыдатаў, ад якога пратаганіст «Першага Ўкраінскага» імкнецца пазбавіцца, – сымбалічны вобраз. Ён годны таго, каб быць візуалізаваным ня толькі як сымбаль абсурду любой рэвалюцыі, але і як сымбаль невядомасьці, якую для нас рыхтуе будучая рэвалюцыя. Мы так і не даведваемся, які зь Віктараў намаляваны на скручаным плякаце.

АД ДАКУМЭНТАЎ ДА ВЭРСІЯЎ, ПРАЗ СТРАХ І ЗАХАПЛЕНЬНЕ

«Аранжавая рэвалюцыя: вэрсіі, хроніка, дакумэнты» была першай спробай грунтоўнага аналізу, першай сур’ёзнай кнігай пра той самы прадмет. Зборнік укладзены вядомым палітолягам, дырэктарам кіеўскага Інстытуту палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхайлам Паграбінскім, які шмат часу працаваў палітычным кансультантам шэрагу дзяржаўных інстытуцыяў падчас праўленьня Кучмы.

Калесьнікаў, як спрытны журналіст, апярэдзіў сур’ёзных знаўцаў палітычных раскладаў і гадальнікаў на кававай гушчы роўна на месяц. Але й аналітыкі рванулі як на стомэтроўку – падрыхтаваны за тры месяцы аналітычны кампэндыюм сьведчыць ня толькі пра нечуваную значнасьць і злабадзённасьць тэмы, але і пра імкненьне аналітыкаў да самаапраўданьня. Як заўжды, палітыкааналітыкі аказаліся няздольныя прадказаць тое, што па сваіх памерах перавышае ўсё, з чым яны сутыкаліся раней. Як крэмлязнаўцы ня здолелі прадбачыць перабудову (хоць і разглядалі ў мікраскоп перамяшчэньні набліжаных да чарговага генсека партайгеносэ на трыбуне Маўзалею), так і знаўцы постсавецкай палітычнай прыбіральні не прагназавалі падзеі, што ўскалыхнула ўсю постсавецкую прастору. Як ранейшыя экстрапаляцыі грузінскай Рэвалюцыі ружаў зусім не прадвызначылі эвэнтуальную «каштанавую рэвалюцыю» (хто ўжо памятае цяпер гэты выраз?), так і спробы перанесьці памаранчавы досьвед ня будуць пасьпяховыя. Хатняе заданьне для палітолягаў: не прадказваць, куды перанясецца ветрам «памаранчавы вірус», а вынайсьці законы, паводле якіх гэтая зьява паўстае ў той альбо іншай краіне. У гэтым зборніку выкладзеныя супярэчлівыя вэрсіі па гэтай праблеме.

Але хопіць кпінаў на адрас палітаналітыкаў і тэхнолягаў. Яны памыляюцца не часьцей за мэдыкаў – аднак, на шчасьце, іх памылкі ня цягнуць за сабою такіх цяжкіх наступстваў.

Накладам тысяча асобнікаў ва Ўкраіне і тры тысячы ў Расеі, аздоблены прадмовай Глеба Паўлоўскага з самаапраўданьнем і крыўдамі на неразумных украінскіх замоўцаў, выйшаў гэты зборнік тлумачэньняў і апалёгіяў уласных няспраўджаных прагнозаў. Кніга сталася першай спробай спакойна разабрацца, чым жа была рэвалюцыя, як яе асэнсаваць і ўбудаваць у тэорыі разьвіцьця пераходнага грамадзтва. Яна сталася знакам уваскрашэньня транзыталёгіі – тэорыі, пахаваньне якой было ўрачыста зьдзейсьненае напачатку гэтага стагодзьдзя. Кніга каштоўная як зборнік вэрсіяў – менавіта слова «вэрсіі» зьяўляецца ключавым у назьве ўкраінскага выданьня. Гэтае слова падкрэсьлівае неадназначнасьць, кантравэрсійнасьць меркаваньняў палітолягаў і ўкраінскага грамадзтва па праблеме. У расейскім жа варыянце кніжка кажа толькі пра адну «вэрсію», украінскую, у той час як на самай справе на яе старонках пераважаюць менавіта расейскія аўтары. Мяркуючы па зьмесьце прадмовы да расейскага выданьня, прыдворныя расейскія палітолягі рыхтавалі гэты том як нешта ў кшталце зборніку «Крытыка буржуазных тэорыяў палітычнай эканоміі», зборніка аблудаў ва ўмовах, калі афіцыйная пазыцыя зьяўляецца адзіна магчымай і адзіна правільнай. Таму дыскусіі расейскіх палітолягаў-публіцыстаў і іхная какетлівая цікаўнасьць да носьбітаў палітычнай альтэрнатывы (у тым ліку ў Беларусі) не схаваюць ад нас відавочнага – ні пра якую карэкцыю мэтаў расейскай эліты не вядзецца нават гаворкі. Зьмена тактыкі, мэтадаў магчымая – аднак мэта павелічэньня расейскага ўплыву і адбудовы імпэрыі застаецца нязьменнай. Для расейцаў дасьледаваньне і пільная ўвага да рэвалюцыйных працэсаў – спроба не дапусьціць паўтарэньня іх на падкантрольнай тэрыторыі, паводле прынцыпу «вучымся на чужых памылках».

Як мы казалі, зборнік быў выдадзены адначасова ў Расеі (выдавецтва «Эўропа») і Ўкраіне (выдавецтва «Оптыма»). Маскоўскі выдавец, блізкі да Фонду эфэктыўнай палітыкі, стала выказвае цікавасьць да «рэвалюцыйнай» літаратуры, выдае кніжкі кшталту «Рэвалюцыя.com: Асновы пратэстнай інжынэрыі». Аднак «Аранжавая рэвалюцыя: вэрсіі, хроніка, дакумэнты» была зьмешчаная ў межах серыі «Эўраўсход» адразу пасьля зборніка артыкулаў «Расея і «санітарны кардон». А наступнае выданьне ў гэтай сэрыі – кніга нашага суайчыньніка Юр’я Шаўцова «Аб’яднаная нацыя: Фэномэн Беларусі» з аналізам «зусім не рэвалюцыйнай Беларусі». Цікавая пасьлядоўнасьць рэдактараў сэрыі з двухсэнсоўным назовам «Эўраўсход» застаўляе прызадумацца – ці то развагі Шаўцова ляжаць у адным рэчышчы з памылкамі маскоўскіх экспэртаў, ці то Масква проста нарэшце зацікавілася, што там адбываецца ў белай пляме паміж Масквой і Бэрлінам. А раптам акурат там, у палескіх балотах, вынайшлі лекі ад памаранчавай заразы. Прадмовы Паўлоўскага да абедзьвюх кніг ствараюць уражаньне, што той цяпер ужо прааналізаваў памылкі ўкраінскай кампаніі і... разьлічвае цяпер не дапусьціць іх больш нідзе на постсавецкай прасторы. У тым ліку празь перайманьне лукашэнкаўскай мэтодыкі.

Усім удзельнікам зборніка было прапанавана адказаць на наступныя пытаньні: прычыны палітычнага крызісу ва Ўкраіне і падставы для масавых выступаў; пабуджальныя матывы ўдзельнікаў масавых акцыяў; мэты і мэтады арганізатараў Памаранчавай рэвалюцыі; легітымнасьць дзеяньняў бакоў у канфлікце; уплыў вонкавых фактараў на ўкраінскія падзеі; ці зьяўляецца Памаранчавая рэвалюцыя палітычнай рэвалюцыяй у клясычным разуменьні гэтага слова; у чым падабенства яе з аксамітнымі рэвалюцыямі 1980–1990-х і ў чым адрозьненьне; папярэднія вынікі рэвалюцыі і магчымыя наступствы для краінаў былога Савецкага Саюзу.

Няма сэнсу пераказваць адказы паважаных аўтараў. Яны збольшага трымаюцца «залатой сярэдзіны», будуючы тэорыі наконт прычынаў мінуўшчыны і асьцярожна выказваючыся наконт будучыні. Так, расейскія аўтары (А. Мігранян, А. Мошэс, с. Маркаў ды іншыя) ставяцца да рэвалюцыі хутчэй скептычна. Занадта яны ў яе ўвязаліся, каб забыцца на паразу так хутка. «Рэвалюцыі своечасова не далі ў морду», – з абурэньнем цытуе кіеўская «Критика» словы Глеба Паўлоўскага. Але гэта экстрэмальная пазыцыя – большасьць расейскіх аўтараў дэманструе пазыцыю «над схваткай», скептычна назіраючы за рэвалюцыяй і ляніва адзначаючы непрадказальнасьць ейных наступстваў. Прэзыдэнт фонду «Палітыка» Вячаслаў Ніканаў:

Ці сапраўдная гэта рэвалюцыя, мы даведаемся ўжо хутка, па тым, ці пачне яна, як кожная сапраўдная рэвалюцыя, паглынаць уласных дзяцей. Напрыклад, ці ня стане Юлія Цімашэнка чымсьці нагадваць таварыша Троцкага?

Іхныя ўкраінскія апанэнты (М. Паграбінскі, А. Літвіненка, В. Малінковіч, А. Папоў, М. Стрыха) таксама не дэманструюць аптымізму наконт пэрспэктываў рэвалюцыйнага дзяржаўнага будаўніцтва. Гэта тлумачыцца тым, што да працы над зборнікам з украінскага боку былі запрошаныя пераважна тыя, хто не спрычыніўся да Майдану. Аднак і гэтыя назіральнікі, незалежна ад іхных палітычных перакананьняў, ня могуць не прызнаць вызначальнага характару тых падзеяў для фармаваньня ўкраінскай нацыі. Для іх відавочна выключна важнае значэньне рэвалюцыі для сьвядомасьці ўкраінскага народу нават без увагі на яе палітычныя наступствы. Яны таксама менш схільныя абсалютызаваць ролю палітычных тэхналёгіяў у рэвалюцыі і выступаюць супраць перабольшваньня значэньня замежных фактараў. Максім Стрыха, адзін зь лідэраў Украінскай рэспубліканскай партыі «Сабор», піша:

Мае спадзяваньні зьвязаны, перш за ўсё, з тым, што «Памаранчавая рэвалюцыя» паказала: украінскі народ зьяўляецца больш мудрым, больш ахвярным і адважным, чым усе мы маглі меркаваць яшчэ тры месяцы таму. А паколькі прэса, урэшце, стала свабаднейшая, суды – справядлівейшыя, а палітыкі – чалавечнейшыя, гэты народ абавязкова будзе мець лепшую будучыню.

Вось так: папросту эліта памылялася ў сваім народзе, звычайная гісторыя. А народ выправіў гэтую памылку – частка эліты была гэтым пакрыўджаная, аднак не прызнаць магутнага мабілізацыйнага фактару народнага пратэсту і яго ўплыву на станаўленьне нацыі ня ў стане нават гэтая частка эліты. Чамусьці мне гэтая вэрсія (сапраўды «ўкраінская вэрсія») падабаецца болей, чым змрочныя кансьпіралягічныя выкрыцьці, тэорыі пра бойку мільянэраў супраць мільярдэраў альбо двубой перадвыбарных бюджэтаў і паліттэхнолягаў.

Недарэчна было б крытыкаваць тэорыі, выкладзеныя ў зборніку. Яны збольшага грунтоўна сфармуляваныя, унутрана несупярэчлівыя, аднак тлумачаць толькі праявы рэвалюцыі, не даючы адэкватнага тлумачэньня самой яе сутнасьці. Тым, хто цікавіцца сутнасьцю, лепш зьвярнуцца да кніжкі Калесьнікава, дзе абсурд і веліч моманту адлюстраваныя найлепшым чынам. А ў паліталягічным зборніку найбольш каштоўны матэрыял – падрабязная храналёгія падзеяў, вынікі трох тураў галасаваньня з разьбіўкай па абласьцях, эканамічная статыстыка, матэрыялы Цэнтральнай выбарчай камісіі, Вярхоўнага суду, Вярхоўнай рады, дэкрэты Камітэту нацыянальнага паратунку, дамоўленасьці круглых сталоў і перамоваў з удзелам замежных пасярэднікаў, пастановы органаў мясцовага самакіраваньня, заявы партыяў, штабоў і прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, мэмарандумы назіральнікаў за выбарамі. У гэтых тэкстах можна знайсьці шмат цікавага – і таксама актуальнага для тых, хто задумаў правярнуць нешта падобнае ў Беларусі. Для гэтых людзей гэтыя фактычныя матэрыялы будуць карысьнейшыя, чым артыкулы, разьмешчаныя ў зборніку.

НАПЕРАД, ДА ПЕРШАГА БЕЛАРУСКАГА?

І адна, і другая кніга сталі бэстсэлерамі – кожная ў сваім жанры. І абодва гэтыя пасьпяховыя выдавецкія праекты недаступныя шырокаму беларускаму чытачу. Аднак яны цікавыя для беларусаў – ня ў меншай ступені, чым для расейцаў. Досыць сказаць, што на рэвалюцыйным Майдане было больш беларусаў і больш беларускіх сьцягоў, чым нават на значных акцыях у беларускай сталіцы. Спэцыфіка Беларусі ў кантэксьце хвалі каляровых рэвалюцыяў прымушае нас цікавіцца працэсамі ў межах гэтай хвалі, параўноўваць Беларусь з суседзямі і... разумець уласнае непадабенства да іх.

Тое, што для ўкраінцаў ужо адбылося і патрабуе вытлумачэньня з мэтай пераадоленьня пераносу з падзеяў парадку дня ў шуфляду «найноўшай гісторыі» – тое для беларусаў уяўляецца бліжэйшай будучыняй, якая, магчыма, пойдзе, а магчыма, і ня пойдзе па «памаранчавым сцэнары». Капіяваньне і сымуляцыя падзеяў у суседніх краінах і шырэй, пастаноўка беларускага ў залежнасьць ад вонкавых фактараў – магчыма, адна з галоўных хібаў нашага палітычнага жыцьця. Гэтая хіба – звычайная для новых малых нацыяў «хвароба росту». Аднак толькі ў пераадоленьні гэтай хваробы, у асэнсаваньні і ўсьведамленьні ўласнай суб’ектнасьці палягае і здабыцьцё гэтай самай суб’ектнасьці ў гістарычным маштабе. Кепска, што непадабенства і вызначэньне ўласна беларускага шляху цяпер, хутчэй, ёсьць уласьцівасьцю дзейнай беларускай улады, а не дэмакратычнай альтэрнатывы. У гэтым можа быць прычына анталягічнай непрымальнасьці будучай спробы каляровай рэвалюцыі для беларускага народу. Альбо наадварот, вызначэньне беларускай суб’ектнасьці і будзе беларускай рэвалюцыяй.

Для расейцаў таксама будучая рэвалюцыя ўяўляецца рэальнасьцю. Аднак перад імі не стаіць пытаньне таго, як ставіцца да гэтай пэрспэктывы. Гісторыя Расеі ведае шмат рэвалюцыяў пасьпяховых і правальных. Расейцам не прывыкаць да бунтаў і паўстаньняў – пагатоў, нацыянальныя ўскраіны імпэрыі заўжды дымяцца пратэстам, які звыкла разгортваецца па гвалтоўным сцэнары. Сярод расейскіх рэвалюцыянэраў і антырэвалюцыянэраў няма адзінства ні па адным з пытаньняў стаўленьня да будучага рэвалюцыйнага крызісу. Але і першыя, і другія, у прынцыпе, усьведамляюць, што расейская рэвалюцыя – гэта заўжды кроў і распад імпэрыі на дымныя аскепкі. Таму для расейцаў і неактуальныя рэфлексіі па пытаньні будучага стаўленьня да рэвалюцыйнай спробы – усе яны разумеюць, што расейская негвалтоўная рэвалюцыя стане пралёгам да будучай грамадзянскай вайны, так ужо збудаваны расейскі сьвет. Беларусь жа да сёньня ня ведала ўласнай, нацыянальнай рэвалюцыі – і менавіта яна цяпер грукаецца ў дзьверы.

Беларусы бачаць рэвалюцыйную пэрспэктыву, чуюць пра яе з тэлевізара, ад кіраўніка дзяржавы, ад спадарожнікаў у грамадзкім транспарце і калегаў на працы, чытаюць на старонках афіцыйнай і апазыцыйнай прэсы. Але стаўленьня да гэтага выпрацаваць ня могуць: яны, у прынцыпе, незадаволеныя тым, якая атмасфэра пануе ў грамадзтве... але выходзіць супраць улады на плошчу ня хочуць. Яны, у прынцыпе, і ня супраць зьмены ўлады... але задаюць пытаньне «А хто замест яго?». Яны, у прынцыпе, нэгатыўна ставяцца да рэвалюцыі... але ня супраць, калі нехта скіне Лукашэнку. У адным няма сумневаў – нашая рэвалюцыя ня будзе «Другім Украінскім» – гэта будзе беларускі шлях. І неабавязкова гэты шлях будзе сфармуляваны ў межах таго рэвалюцыйнага праекту, што разгортваецца цяпер у межах электаральнай кампаніі.

Існуюць два аспэкты рэвалюцыйнасьці – замкнуўшыся ў межах рацыянальнай мадэлі, заплюшчыўшы вочы на пытаньні пачуцьцяў, эмоцыяў і каштоўнасьцяў, рэвалюцыянэры могуць патрапіць у пастку першага працоўнага году пасьля студэнцкага навучаньня: здаецца, усё робіш, як напісана ў падручніку, згодна з рэцэптамі – але плёну гэта не дае. Індывідуальныя фактары і пытаньні рэвалюцыйнага духу не бываюць на апошнім месцы ў пасьпяховых рэвалюцыйных стратэгіях і плянах. Пытаньні лягістыкі («колькі тонаў улётак варта даставіць у аддалены райцэнтар Y») важныя, але ж ня менш важныя і праблемы стварэньня эмацыйнай рэвалюцыйнай сытуацыі, фармуляваньня рэвалюцыйных каштоўнасьцяў.

Цяпер відавочна, што падзеі ва Ўкраіне аказалі значны ўплыў на Беларусь – і збольшага гэты ўплыў ня быў пазытыўным. Мы далёкія ад думкі, што працэс закручваньня гаек у Беларусі абумоўлены толькі Памаранчавай рэвалюцыяй. Аднак яна надала гэтаму працэсу новую ступень легітымнасьці як унутры краіны, так і звонку. Ніхто не апраўдвае палітычных рэпрэсіяў у Беларусі – аднак іх ужо звыкла тлумачаць: «Ну, Лукашэнка ж змагаецца супраць рэвалюцыйнай пагрозы, ратуе сябе, ганяе рэвалюцыянэраў...» І гэтая інтэрпрэтацыя разьвязвае рукі для ўсё больш жорсткіх рэпрэсіўных захадаў і забясьпечвае падтрымку з Усходу для любых выбрыкаў.

Іншага кшталту нэгатыўны ўплыў рэвалюцыя аказала на беларускую палітычную апазыцыю. Канстатуючы немагчымасьць зьмены ўлады праз выбары, беларуская апазыцыя ўчапілася за варыянт разгортваньня падзеяў па ўкраінскім сцэнары як за мадэль для перайманьня. Аднак пераймаючы сам падыход, ня варта забывацца, што ў Беларусі вырашаецца задача зьмяненьня зусім іншага рэжыму. Таму мэта дасягнуць падобнага да папярэдніх рэвалюцыяў эфэкту вымагае зусім іншых сродкаў яе дасягненьня. І гаворка ня толькі пра тэхналёгіі і крыніцы фінансаваньня намётавых гарадкоў – гаворка пра саму рэвалюцыйную ідэю і пра магчымасьці актывізацыі грамадзтва. Дасягненьне рэвалюцыйнага духу і фармаваньне ідэалягічнага падмурку рэвалюцыі – вось складаныя задачы для сёньняшніх рэвалюцыянэраў. А ўжо ў рэвалюцыйных тэхналёгіях і дэфіцыту няма.

Мы мусім самі вырашаць лёс сваёй краіны, і беларуская рэвалюцыя будзе эндагенным працэсам, няхай сабе і абумоўленым агульным разьвіцьцём палітычнай сытуацыі ў рэгіёне. Украінскі ўрок мусіць быць засвоены крытычна – не як прыклад да перайманьня альбо капіяваньня, а як прыклад таго, што можа быць зроблена народам. І тады праз год маскоўскія палітолягі будуць тлумачыць неабходнасьць рэвізіі ўласнай антырэвалюцыйнай стратэгіі праз паразу ў «братняй Беларусі», а нехта з расейскіх журналістаў прадасьць выдаўцам некалькі соцень старонак пра тое, як ён езьдзіў «на рэвалюцыю» ў Менск, каб падыхаць вольным паветрам беларускай свабоды.

  * Задняга розуму (фр).

   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/15