A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
МІКОЛА КАЦУК | ||||
«...Калі ж ён злачынца, дык насамперш трэба крычаць: «Ратуйце!» І калі ў мяне ўзнікне жаданне забіць майго суперніка – а гэта надараецца нават з сацыёлагамі – я мушу «забіць» яго, аргументуючы адпаведным чынам (сацыялагічнымі аргументамі для сацыёлагаў). Гэта – просты паказчык ступені аўтаноміі той ці іншай дысцыпліны. П’ер Бурд’ё
Калі я пісаў свой артыкул, я кіраваўся заклікам Алега Манаева да дыялога і звяртаўся менавіта да яго.
«Ва ўмовах пераходнага грамадства, у якім усе гэтыя рэальнасці не толькі «перамяшаныя», але і «пераменлівыя», «барацьба за рэальнасць» становіцца выключна складаным, часам няўдзячным і нават небяспечным заданнем. Але нехта мусіць гэта рабіць. Мы спадзяёмся, што выданне гэтай кнігі паслужыць пачаткам сур’ёзнай размове, што сацыяльныя навукі ў нашай краіне рана ці позна будуць іграць такую ж важную ролю ў прафесійным і грамадскім жыцці, якую яны іграюць у цывілізаваным свеце»1. Таму адказ спадара Дракахруста быў для мяне нечаканы. Яшчэ болей мяне ўразіла стылістыка ягонага адказу, нібыта пазычаная з тых часоў, калі амаль кожная газета мела рубрыку «фельетон». У тыя часы я толькі вучыўся чытаць, але ж успаміны з дзяцінства засталіся. Адметнай рысай тых фельетонаў, як падаецца, было тое, што ад сапраўдных учынкаў «фігуранта справы» ўвогуле нічога не залежала, у той жа час аўтары фельетонаў лічылі сябе адмыслоўцамі ў самых разнастайных галінах. Таму ў мяне ўзнікла праблема, як на ўсё гэта рэагаваць. Зразумела, што не «апраўдвацца». Яшчэ раз тлумачыць сутнасць ужытага метаду і пераказваць згаданы падручнік? Але ж гэта лепей рабіць на лекцыях і семінарах, тым больш што немагчыма перакласці мову дыскрымінантнага аналізу на мову табліц перакрыжаванага размеркаваньня. Ужыццё прафесійнай тэрміналогіі таксама не дасягне мэты. Веды пра тое, што панятак «карэляцыі» не мае дачынення да прычынных сувязяў і што яго нельга выкарыстоўваць для апісання сувязі паміж пераменнымі ў намінальных шкалах, – неабходныя толькі сацыёлагам2. Але адказваць трэба, бо «мае месца прымус хаця і ўскосны, але не менш дзейсны». Паспрабую разгледзець гэтую сітуацыю з сацыялагічнага пункту гледжання і прадэманстраваць іншыя магчымасці выкарыстання свайго артыкула. Перадусім, гэтая сітуацыя, выбачайце за Бурд’ё, ёсць сітуацыяй сімвалічнай барацьбы3, якая адбываецца адразу ў трох вымярэннях – прасторы часопіса «ARCHE», прасторы сацыялогіі і прасторы беларускага грамадства.
|
(нар. у 1977 г. у Менску) – сацыёляг, навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі. Працуе над тэмай «Сацыякультурныя стратэгіі дзеяньня: базавыя каштоўнасьці, сацыяльна значныя рэсурсы, ідэнтычнасьці». |
Тое і было напісана ў маім артыкуле: «...стратэгічна практыкі саміх сацыёлагаў накіраваны на павелічэнне альбо нават агрэгаванне розных тыпаў капіталаў; кожнае дзеянне агента накіравана на іх пераразмеркаванне, а значыць і трансфармацыю структуры поля; у канчатковым выніку барацьба вядзецца за права легітымна выступаць ад імя беларускай сацыялогіі». У гэтым выпадку – перад чытачамі часопіса, сацыёлагамі і грамадствам.
У адрозненне ад выключна навуковай дыскусіі, дзе кожны крок агента абмежаваны толькі логікай навуковай вытворчасці, тут маюць месца абмежаванні і поля СМІ – «для таго, каб быць апублікаваным, тэкст павінен адпавядаць палітыцы рэдакцыі, быць па магчымасці сенсацыйны ці, сама меней, злабадзённы, а таксама ён павінен быць зразумелы пастаяннай аўдыторыі. Як правіла, гэта прыводзіла да непазбежных стратаў у змесце». Адсюль і я, і мой апанент вымушаны неяк прыстасавацца да гэтых патрабаванняў – я гэта раблю за кошт самацытавання; спадар Дракахруст, на маю думку, выкарыстоўваючы свае журналісцкія здольнасці.
|
1 Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность. - Новосибирск, 2004. 2 Гл.: Терещенко О. В. Корреляция // Социология: Энциклопедия. - Минск, 2003. 3 Больш падрабязна гл.: Бурдье П. Социальное пространство и символическая власть // Бурдье П. Начала. Choses dites. - Mосква, 1994.
|
Рэдакцыя, вядома ж, зацікаўлена ў тым, каб зрабіць гэтую спрэчку як мага больш напружанай і працяглай, як тая, што «трывае ўжо з год»4 У дыскусіях такога кшталту цяжка прытрымлівацца выключна навуковых аргументаў, бо яны робяць палеміку маруднай і нецікавай, і таму спадзявацца на тое, што па яе выніках адбудзецца пераразмеркаванне навуковага симвалічнага капіталу – прызнання калегаў – не мае сэнсу. Колькі сацыёлагаў чытае «ARCHE»?
З іншага боку, на прасторы Беларусі амаль не засталося месцаў, дзе гэта можна рабіць. Поле веды хутка сціскаецца. Калісьці, на пачатку 1990-х, адбыўся выбух сімвалічнай вытворчасці, узніклі новыя магчымасці і лакуны, якія трэба было напоўніць, каб адказаць на заклікі часу – трэба было, літаральна, стаць «су-часным». А савецкая сістэма адукацыі, прынамсі ў сферы гуманітарыстыкі, рыхтавала зусім для іншага. Можна правесці наступную аналогію. Калі ўзнікаюць рынкавыя адносіны, а эканамічная адукацыя ім не адпавядае, то бізнесоўцамі становяцца не тыя, каго да гэтага рыхтавалі, а тыя, хто наўпрост здольны ў іхных варунках выжыць, кіруючыся нейкім практычным пачуццём. Больш за тое, у гэтых умовах зарабіць мільёны было значна прасцей, чым, напрыклад, на Захадзе, дзе поле ўсталявана і існуе вялікая канкурэнцыя. Гэтак адбылося і ў сацыяльных навуках. Галоўнымі капіталамі, з якіх пачынаюць будавацца новыя правілы (номас) прадукавання веды, становяцца веданне замежных моваў (што дае магчымасць чытаць у арыгінале найноўшыя публікацыі, іх перакладаць, робячы сябе больш прасунутым у вачах калегаў, і ўвогуле ведаць, куды дзьме вецер) і палітычная актыўнасць (што таксама дазваляе трымаць руку на пульсе часу і мець карысныя знаёмствы). Калі да гэтага дадаецца навуковая ступень, нават калі яна не мае ніякага дачынення да новай сферы інтарэсаў, – усё, капітал створаны, пазіцыі дамінацыі ў полі занятыя. Потым, са з’яўленнем замежных фондаў, навуковыя капіталы ўзмацняюцца адміністрацыйнымі, і як грыбы пасля дажджу ўзнікаюць усялякія цэнтры, праекты, інстытуты. Яшчэ некалькі гадоў, і можна б было весці размову аб стварэнні навуковай традыцыі, навуковых школаў і г. д. Але гэтага не адбылося, і вядома чаму – іншая ўлада мае патрэбу ў іншых сродках прадукавання веды. Трансфармацыі, якія ўжо адбыліся ў эканоміцы, толькі цяпер – апошнія пяць гадоў – пачалі адбывацца ў сімвалічным полі. Мэтанакіравана ствараецца норма «сацыяльна арыентаванай сімвалічнай вытворчасці» – хай кожны будзе заняты, хай кожны робіць усё, што заўгодна, абы не было вайны. Сітуацыя ўскладняецца тым, што тэрмін пятнаццаці гадоў – гэта тэрмін актыўнай дзейнасці адной генерацыі; пасля на актыўныя пазіцыі выходзіць іншая. Дарэчы, усё гэта ў выглядзе «ўнутраных адрозненняў» таксама было пазначана ў маім тэксце. Толькі, калі ласка, зразумейце мяне дакладна. Я не сцвярджаю, што сацыялогіяй павінен займацца толькі той, хто атрымаў сацыялагічную адукацыю. Не, і трэба выказаць падзяку, што сацыялогія ў сучасных умовах увогуле існуе – спадару Дракахрусту таксама, бо ў гэтым ёсць і ягоны ўнёсак. Тады аб чым гаворка? А гаворка аб тым, якое ўяўленне пра сацыялогію складаецца ў грамадстве. Сацыялогія – гэта тое, што робіцца сацыёлагамі. А рабіць сацыялогію можна па-рознаму. З майго пункту гледжання, «самастойнага значэння лічбы рэйтынгу не маюць», з пункту гледжання спадара Дракахруста – наадварот, галоўнае «параўнаць свае дадзеныя з пераможнымі рэляцыямі дзяржаўнай прапаганды». Я лічу, што ў гэтым выпадку, сацыялогія ператвараецца ў тэхналогію агітацыі і абмяжоўваецца абслугоўваннем вонкавых запатрабаванняў. На мой погляд, справа вельмі небяспечная. У гэтай сацыялогіі ў мяне няма месца. Бо пытанне «ты за каго?» – гэта пытанне да грамадзяніна. Сацыёлаг павінен пытацца «як ты гэтыя дадзеныя атрымаў?», «як ты прыйшоў да гэтай высновы?». Натуральна, трэба мець і грамадзянскую годнасць (саматоеснасць грамадзяніна, грамадзянскую ідэнтычнасць), і прафесійную (паводле мяне – рабіць аўтаномную сацыялогію), але ж не трэба іх блытаць, бо інакш не будзе ні сацыялогіі, ні грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым аўтаномія сацыялогіі не ёсць яе зачыненасцю ў «вежы са слановай косткі», аўтаномія – гэта адзіная магчымасць захаваць яе саматоеснасць, што дазваляе ёй адказваць на заклікі часу сацыялагічна, кіруючыся сацыялагічнымі нормамі. Нормы, калі ласка, давайце абмяркоўваць. Але ж менавіта нормы, а калі ў гуманітарных ведах паўстае аномія – што абмяркоўваць? Каб давесці гэтую думку, звярну ўвагу на сітуацыю вакол паважанага гісторыка Андрэя Кіштымава. На мой погляд, яна пазначае вельмі небяспечную тэндэнцыю. Справа не столькі ў факце звальнення, колькі ў абвінавачаннях у «заалагічнай нянавісці да савецкай і сучаснай уладаў, суцэльным панегірыку прыватнай уласнасці, Захаду». Гэтыя абвінавачанні зроблены чалавекам, які лічыць сябе гісторыкам. А ці магчыма гэта абвергнуць? І хто павінен гэта абвяргаць – сацыёлаг, філосаф, літаратар? Не – толькі гісторык. А да чаго апеляваць гісторыку, калі галоўным аргументам будзе тое, што я так бачу і што я таксама навуковец? Калі б існавала аўтаномія гістарычнай навукі, навуковая супольнасць, незалежна ад палітычных поглядаў, абараняла б не столькі гісторыка, колькі гістарычную навуку. Таму праблема аўтаноміі ёсць агульнай праблемай. Кожная сацыяльна-гуманітарная веда, каб застацца ведай, павінна мець уласныя крытэры развіцця. Калі ў яе трапляе вонкавая міфалогія, дык усялякія намаганні навукоўцаў па «выкрыцці міфаў» ці «барацьбе за рэчаіснасць» – увогуле па ўплыве на грамадства – робяцца бессэнсоўнымі і безгрунтоўнымі, як вынік – нулявымі. Між тым я не лічу сваёй памылкай размяшчэнне ў тэксце артыкула звестак дыскрымінантнага аналізу. Але ж пры гэтым выдатна разумею, што ўсё абмеркаванне зместу было зведзена да пытання, ці насамрэч жанчыны галасуюць за, ці не. Але ж гэта ўсё роўна – міф, які ў Ралана Барта толькі «прэтэндуе на трансфармацыю ў сістэму фактаў», а ў сітуацыі Беларусі ўжо з’яўляецца фактам. Які відавочны, але ж «міф нічога не хавае; яго функцыя палягае ў дэфармаванні, але не ў прытойваньні»5. Які атаесамляе ўяўленні і рэчаіснасць, ператварае гісторыю ў прыроду: ці існуюць жанчыны, якія галасуюць за Лукашэнку? Ну, натуральна ж, існуюць.
|
4 Юры Пацюпа. Богу ці жывату? // АRCHE, 2005. - № 5 (39). |
Як усё дакладна: «У міфе рэчы страчваюць памяць аб сваім прадукаванні» (Барт).
Небяспечнасць міфа ў тым, што«ён пераўтварае сэнс у форму, іншымі словамі, выкрадае мову. Вобраз афрыканскага жаўнера, бела-карычневая басконская хатка, сезоннае зніжэнне цэнаў на садавіну і гародніну выкрадаюцца міфам не для таго, каб выкарыстаць іх у якасці прыкладаў ці сімвалаў, а для таго, каб з іх дапамогай натуралізаваць Французскую імперыю, захапленне ўсім басконскім, Урад» (Барт). Яшчэ дадам – і мысленне, і асэнсаваную дзейнасць. Што можна зрабіць з тым, што жанчыны галасуюць за? Напэўна, агітаваць жанчын галасаваць супраць ці шукаць палітыка сэкс-сімвала. Што выдатна і робіцца апошнія гады. Што будзе, калі скласці рэйтынгі асобных палітыкаў? Праект «Адзіны кандыдат». А што рабіць з тым, што людзі ў Беларусі хочуць перамен? Напэўна, трэба ўзначаліць рух прыхільнікаў перамен. Толькі рэч у тым, што большасць гэтых прыхільнікаў аднолькава кепска ставяцца і да прэзідэнта, і да апазіцыі. У выніку маецца тыповай сітуацыя кшталту: – Галасуй за мяне! – З якой нагоды? – Я прыхільнік перамен. – Ну... – Я за дэмакратыю. – Ну... – Я за лепшае жыццё. – Слухай, я ж таксама за ўсё гэта, ты мне толькі патлумач, з якой нагоды я павінен галасаваць за цябе? – Ты – дурань, нічога не разумееш. У сучасных умовах застаецца толькі адзіны рэсурс, які можа ўраўнаважыць рэсурсы ўлады. Гэта веды. Не тыя веды, што друкуюцца ў падручніках, бо яны састарэлі яшчэ да таго, як гэты падручнік надрукуюць. І не тыя, што ўзніклі ва ўласным досведзе: маўляў, я езджу па рэгіёнах, я ведаю свой народ. Але тыя, што атрыманы па метадзе і тычацца таго, як. Гэта і ёсць know-how – веда пра тое, як рабіць і як мысліць. Да прыкладу, мадэлі, якія, падкрэсліваю, «не прызначаліся для вычарпальнага апісання рэчаіснасці» і таму могуць быць ужытыя толькі ў якасці ўзору, былі адабраныя пераменныя «рэгіён», «узрост», «адукацыя» і дзве альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі: «Інтэрнэт» і «тэлебачанне». З гэтага вынікае, што, каб атрымаць высокі давер, варта займацца вёскай; дамовіўшыся з састарэлымі, рэсурсы накіраваць на моладзь, якая пакуль супраць; сапсаваць вышэйшую адукацыю, а неадукаваных зрабіць кіраўнікамі; абмежаваць Інтэрнэт і захапіць тэлевізію. Спадарства, так ён жа гэта і робіць! Выснова нават банальная. Толькі адкажыце мне на пытанне: хто здзяйсняе адваротную, люстэркавую стратэгію? * * * Напрыканцы трэба засяродзіць увагу на тым, што тычыцца не толькі майго артыкула. Спадар Дракахруст піша: «...у адрозненне ад дадзеных НІСЭПД і The Gallup organization/Baltic Surveys, гэтых дадзеных Інстытуту сацыялогіі НАН РБ не знойдзеш у газетах ці часопісах». Гэта хлусня. Але ж пачынаў я з закліка Алега Манаева. Мне карцела, каб ён адказаў мне публічна. Гэтага пакуль не адбылося, ды на сайце НІСЭПД з’явілася прафесійнае і карэктнае апісанне дадзеных па вераснёўскім апытанні. І гэта таксама адказ, у якім – мне прыемна так лічыць – ёсць і мой маленькі ўнёсак. |
5 Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика, - Москва, 1989. с. 86.
|
|