A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЮРЫ ПАЦЮПА | ||||
Богу ці жывату?
– Ня Богу, Міканор, а жывату свайму! Ці мо’ і жывот – Бог таксамо?.. Іван Мележ «Людзі на балоце»
Відаць, нездарма спрэчка, справакаваная на старонках «ARCHE» (2004. № 3) сацыёлягам, кандыдатам фізыка-матэматычных навук Юр’ем Дракахрустам, трывае ўжо з год. Надта ж балючыя праблемы яна закранае. Што да мяне, дык перш чым улучыцца ў палеміку, хацеў бы крыху салідарызавацца з сп. Дракахрустам, пацьвердзіць у нейкай ступені ягоныя выракі і фобіі. Многія апанэнты сацыёляга, а мае аднадумцы палемізавалі, даводзячы шчырую лібэральнасьць беларускага нацыяналізму. Як беларускі нацыяналіст, я з гэтым не магу пагадзіцца напоўніцу. Хоць спэктар палітычных упадабаньняў беларускамоўных беларусаў досыць шырокі, усё ж праўдападобна, што лібэральныя ідэі сярод нас менш папулярныя, чым у асяродку расейскамоўных. Ня раз назіраў абурэньне, маўляў, чаму мы гаворым пра беларусізацыю замест таго, каб гаварыць пра вэстэрнізацыю. Але быць нелібэралам – гэта ня значыць быць людаедам, галасаваць за цяперашні рэжым і ў брацкім экстазе хацець паяднацца з Расеяю або, наадварот, прагнуць дыскрымінацыі ўсіх расейскамоўных. У даным кантэксьце – гэта значыць быць проста кансэрватарам. Ня трэба забывацца, што дрэва дэмакратыі ня голы, гладкі дубец, як хацелася б думаць зачараваным сучаснасьцю адэптам эгалітарызму, яно мае шмат, і можа мець яшчэ больш, галінаў ды парасткаў. Усё залежыць ад нашых з вамі розуму, волі. Галоўнае, кажучы словамі Карла Попэра, адрозьніваць сацыяльную інжынэрыю ад утапічнае сацыяльнае інжынэрыі. Лібэральная ж мадэль дэмакратыі (толькі адна з многіх!) мне падаецца занадта прымітыўнаю, наіўнаю і небясьпечнаю для будучыні чалавечае культуры, што на беларускім прыкладзе бліскуча пацьвярджае сп. Дракахруст.
Крытыку свайго апанэнта я хацеў бы пачаць зь ягонага мэтаду. А дзеля гэтага ўспомню апавяданьне Гілбэрта Чэстэртана «Прарочы сабака». Там адзін з герояў шчыра верыць, што жывёлы здольныя бачыць тое, што простаму чалавечаму ўспрыняцьцю недаступна. Каталіцкі сьвятар, а воляю лёсу – дэтэктыў, а. Браўн зьняпраўджвае гэтую наіўноту:
– Вас чапіла пляга, якая ў наш час усё шырыцца і шырыцца. Яна імкліква авалодала галовамі. Я знаходжу яе і ў газэтавых сэнсацыях, і ў модных слоўцах. (...) Людзі страцілі цьвярозы глузд і ня бачаць сьвет такім, які ён ёсьць. Цяпер варта сказаць: «О, гэта ня так проста!» – і фантазія разыходзіцца ўшчэрць, як у страшным сьне. Тут і сабака нешта варожыць, і сьвіньня прыносіць шчасьце, а кот – бяду, і жук – ня проста жук, а скарабей. Адным словам, адрадзіўся ўвесь зьвярынец даўнейшага політэізму, – і сабака Анубіс, і зеленавокая Баст, і быкі басанскія. Так вы коціцеся назад, да багомленьня жывёлаў, вяртаючыся да сьвятых сланоў, кракадзілаў і гадаў...
Здаецца, пры чым тут Дракахруст? А пры тым, што ён багоміць мёртвую лічбу статыстыкі з тым жа запалам балванахвальца, што й герой апавяданьня прарочых жывёлаў. Ці не становіць сёньня сьляпая вера ў матэматычныя падлікі на кампутары сур’ёзную пагрозу для навукі і здаровага розуму? (Хто ня ведае славутага перапісваньня гісторыі матэматыка Фаменкі!) Статыстыка – усяго толькі спосаб, а кампутар – прылада. Яны здольныя даць нам тое, што мы ад іх хочам, і ня больш. Сустрэўшы тыя лічбы, якія паказвае ў сваім артыкуле сацыёляг, я б парадаваўся за беларускую мову. Мне і ў галаву не прыйшло б рабіць такія высновы, якія робіць мой апанэнт. Лічбы паказваюць, што працэс беларусізацыі даўно зрушыўся зь мёртвага пункту і працягваецца – насуперак, а часамі нават дзякуючы, усім «ворагам Беларушчыны». Нацыяналізм расейскамоўных беларусаў – гэта толькі пачатковы этап нашага адраджэньня (не пабаюся гэтага высокага і крыху заежджанага слова). Далей павінны рабіць сваю работу тыя моўныя прыхільнасьці, «вынайдзеныя» Жукоўскім, калі іх не глушыць «у час». Аднак, відаць, некаму ўсё ж выгадна браць факты статычна і сьведама ня бачыць іх дынамікі. Калі мы ўжываем такія паняткі як небеларусы, беларусы, беларускамоўныя беларусы, расейскамоўныя беларусы, дык забываемся, што да гэтых бінарных апазыцыяў ня зводзіцца ўся складанасьць тутэйшых нацыятворчых працэсаў. Мы забываемся на куды істотнейшыя ў данай сытуацыі рэчы. Падабаецца нам гэта ці не, але ж шчырая праўда (і – таксама факт!), што тыя самыя беларускамоўныя беларусы маюць нутраны падзел на тых, хто «ўжо беларусы», і тых, хто «яшчэ беларусы». Для першых іх беларускасьць як «горб», а для другіх – як свабодны выбар. Расейскамоўныя якраз стаяць пасярэдзіне, што моцна ўскладняе саму праблему. Ігнараваць гэта – значыць спрашчаць сытуацыю, сьведама ці нясьведама падманваць і сябе і іншых. Калі мне сп. Дракахруст пачне даводзіць, дзей зробленыя ім высновы дыктуюцца сацыялягічнаю мэтадалёгіяй, што ж... тым горш для сацыялёгіі... Я пэўна ведаю, што навука ня зводзіцца да маніпуляваньня тымі ці іншымі данымі. Дзе няма розуму – там няма навукі, якімі б аўтарытэтамі накшталт Дзюркгайма гэта ні прыкрывалася. Дарэчы, наконт апошняга: на клясыкаў навукі спасылацца варта, але заразом не забывацца, што ўсе клясыкі – дзеці свайго часу. Дзюркгайм жыў у залатую пару пазытывізму, і ягоны мэтад, ягоныя пасылы застарэлі ў той меры, у якой застарэў пазытывізм. Я б гэтага, можа, і не казаў, каб на кожным кроку ня бачыў у Дракахруста дагматычнае веры ў факт і яго адназначнае прачытаньне.
Дзеля аспрэчаньня апошняга возьмем просты факт: беларускія тэлевізійныя каналы я амаль што не гляджу. Найперш з прычыны іх татальнае прарасейскасьці ды расейскамоўнасьці. І ўжо ў апошнюю чаргу – з прычыны іх неінфармацыйнасьці. Выходзячы з данага факту, без уліку матывацыі, мяне можна зьвінаваціць у антыбеларускасьці, а з улікам матывацыі – у расеяфобіі. Выснова яшчэ раз пераменіцца, калі я дадам, што з ахвотаю гляджу расейскія каналы. Цяпер мне няцяжка прыпісаць антыпатрыятызм. Але й гэта лухта. Проста расейскасьць на расейскіх каналах – рэч натуральная, а расейскасьць на беларускіх – скрайне агідная. (І, як бы ні сарамаціў мяне сп. Дракахруст – нічога не магу парабіць з такім пачуцьцём. «Розум кажа: суха, а сэрца – вільготна, / А што кажа розум, дык сэрцу маркотна», – пісаў Гальляш Леўчык.) Як бачым, факт можна варочаць па-ўсялякаму, тлумачыць, сутыкаць зь іншым фактам. І, калі статыстыка ня здольная ўлічваць падобных «дробязяў» – гэта яе праблемы.
Але крытыка мэтадалёгіі – рэч другасная. Куды важней высьветліць анталягічны статус тутэйшых лібэралаў і лібэралізму наагул, бо гэта якраз той бастыён, адкуль белым сьцягам махае сп. Дракахруст. Пачнём дазнаньне з рэчаў прыватных, «тутэйшых». Мяне ніколі не пакідала пытаньне: чаму мае суайчыньнікі, проста знаёмыя, у штодзённым жыцьці карыстаюцца расейскаю моваю? Што ім замінае перайсьці на беларускую? Да гэтае пары я мучаюся пытаньнем і не знаходжу канчатковага адказу. Лёс, нібы выпрабоўваючы, даваў мне таксама розныя падставы для выбару. І да беларускасьці ніхто мяне не прынявольваў, нават школу я канчаў расейскую, а не беларускую. Адзінае, у чым не магу паскардзіцца на лёс – гэта хутаранскае маленства. Дзедаў хутар падараваў мне такое глыбокае веданьне мовы, якога ня здольныя даць усе ўнівэрсытэты разам узятыя. Ды каб нават ня гэта, хіба ж я не гаварыў бы на мове свае бацькаўшчыны? Чаму ж я ды частка маіх сяброў гаворым па-беларуску, а іншая частка – не? Чаму знаходзяцца беларусаеды сама шырокага спэктру? Жаданьне асыміляваць беларусаў мае ўсяго дзьве падставы: нізкую культуру і незычлівасьць. Нізкая культура бывае рознай прыроды. Асыміляцыі іншых народаў прагнуць зазвычай людзі грубыя, прымітыўныя, гэткія душэўныя матэрыялісты, якія наагул не разумеюць каштоўнасьці слова культура. Але тая прымітыўнасьць можа быць і адноснаю, не кранаць душы асобы. Інакш кажучы, гэта звычайная неінфармаванасьць, недасьведчанасьць. Апошняя, сваім парадкам, можа таксама быць вынікам старэньня і закасьцяненьня асобы, што выліваецца ў дагматычнае нежаданьне ведаць і ўспрымаць нешта новае. Возьмем, прыкладам, Салжаніцына як «цывілізаваны» ўзор расейскага шавініста. Чалавекам нізкай культуры яго ніяк не назавеш, але як асоба ён сфармаваўся вельмі даўно і не заўсёды на найлепшых жаролах. Як па-дзеля мяне, дык менавіта недасьведчанасьцю тлумачыцца яго шавінізм поглядаў што да беларусаў ды ўкраінцаў. Але пакінем без разгляду абыякавасьць тых ці іншых замежнікаў да лёсу нашай культуры. Таксама ня будзем чапаць недасьведчаных, з абодвух бакоў, бо апошняе папраўляецца проста: асьветаю. А прыгледзімся да тых, хто сам ёсьць беларусам ды мае заразом усе падставы спрыяць беларускай культуры, у прыватнасьці беларускай мове, але ня робіць гэтага, або стоячы ўбаку, або сьведама шкодзячы. Што імі рухае? Тое, што я далей напішу – гэта толькі гіпотэза, мая асабістая і нават асабовая, здагадка, для якой, на жаль, не знаходжу альтэрнатывы. Я прыйшоў да высновы, і прыйшоў ня ў ходзе дыскусіі, а вельмі даўно (дыскусія толькі нагода выказацца), што ўсім гэтым людзям бракуе свайго роду спачуваньня. Ім абсалютна дастаткова іх расейскамоўнай Беларусі, сьвету пераважнай большасьці, вельмі трапна і дарэчы падказвае мне сп. Дракахруст. Нашто ім адрывацца ад цёплых, наседжаных крэслаў, ісьці да паліцы ды браць у рукі слоўнік, напружвацца? «Для беларуса, які сур’ёзна чытаў Францішка Багушэвіча, пісаць не на роднай мове – азначае мучыць сябе згрызотамі сумленьня», – пярэчыць Валер Булгакаў. Аднак, каб не даймала сумленьне, знаходзяцца лібэральныя сацыёлягі, якія пад звычайную чалавечую ляноту падводзяць ідэалягічную базу. Ляноту я яшчэ гатоў зразумець і мушу зь ёй лічыцца, а вось тэарэтыкаў ляноты разам зь іх сафістыкай... прабачце... Асабліва цікавай адменаю духовай ляноты ёсьць жаданьне далучыцца да культуры мацнейшай. Спрыяць беларускай мове цяжка, клопатна, а часамі проста непрэстыжна. Затое кожная няздарыца, якая далучаецца да культурных прадуктаў Вялікай імпэрыі, адразу ўзрастае ў сваіх вачох. Такая ня стане Натальляй Арсеньневай і не паедзе, як лорд Байран, змагацца за свабоду паняволеных народаў. Такая будзе сядзець у крэсьле і разважаць... І тут мне ўспамінаецца яшчэ адзін сабака, на гэты раз з аповесьці Міхаіла Булгакава:
...а сабака Шарык, прываліўшыся, ляжаў на каберцы каля скураной канапы... «Так пашэнціла мне, так пашэнціла, – думаў ён, задрэмваючы, – не расказаць як пашэнціла. Укараніўся я ў гэтай кватэры. Урэшце я ўпэўніўся, што ў маім паходжаньні нячыста. Тут не без вадалаза. Цягачка была мая бабка, зямля ёй пухам, старой. Праўда, галаву ўсю пашахалі чамусьці, але гэта пакуль жаніцца загаіцца. Нам на гэта ня варта зважаць.
Магія мацнейшай культуры – гэта той грунт, на якім паядноўваюцца лібэралы і крайнія шавіністы. Лібэралы ў палеміцы з шавіністамі любяць успамінаць выказваньне Лява Талстоя пра патрыятызм як апошні прытулак нягодніка. Чаму нягодніку так утульна ў патрыятызьме (я б удакладніў: у патрыятызьме вялікай культуры)? Бо гэта вялікая выгода, як той казаў, эканомія душэўных сілаў. Беларускі ж патрыятызм дае вельмі мала дывідэнтаў. Гэтая, кажучы словамі Хлестакова, «лёгкасьць надзвычайная» і паядноўвае скрайнасьці. Я ўжо даўно заўважыў няўлоўнасьць, эфэмэрнасьць пераходу паміж тутэйшым лібэралізмам і расейскім шавінізмам беларускага гатунку. Але вернемся да галоўнай лініі разваг, да лібэралізму наагул. Правы грамадзяніна вышэйшыя за інтарэсы дзяржавы або нацыі (Злотнікаў). Вось слова-ключ! Больш нічога казаць ня трэба. У гэтай фразе, соткі разоў прамоўленай, соткі разоў чутай, замыкаюцца і вытокі лібэралізму, і наступнасьці, якія зь яго вынікаюць. А таксама яго плюсы і мінусы. Бздура! – крычыць Злотнікаву Ігар Хаменка. Ведама... Каб жа гэтая «бздура» не была яшчэ сымбалем веры для плоймы ідэолягаў, дык і была б яна ўсяго толькі бздураю. А так... Гэта ня бздура. Гэта прынцып, максыма, можна сказаць, сьвятая карова... Хто не паважае такіх рэчаў – рызыкуе абярнуцца цямрэжнікам, добра, калі невукам, горай – фашыстам. Бо, на жаль, людзі, якія вызнаюць той ці іншы прынцып, маюць схільнасьць, ці мімаходзь, ці пасьлядоўна, ператвараць яго ў закон. Я разумею эўрыстычную каштоўнасьць прынцыпу перавагі асобы над калектывам. Гэта адзіны спосаб абараніць ад першабытнага камунізму наш нутраны сьвет, нашую асабовасьць, тую заваёву, якую дало нам эўрапейскае Асьветніцтва. Каб абярнуць унявеч гэтую заваёву і выдумваюцца ўсялякія «праваслаўныя саборнасьці» (праваслаўе тут ні пры чым), усялякія «савецкія калектывізмы» і да т. п. Але ўявім хоць на хвілінку, што мы гэты прынцып абвясьцілі ўсеагульным законам! Або – зрабілі яго альгарытмам штодзённае практыкі. Ніводная пастанова парлямэнту ня зможа быць прынятая. На кожным кроку мы спаткаем абсурд, корань квадратны з адмоўных лічбаў. Так! І не пагодзіцца з гэтым хіба толькі дарэшты зашораны, замбаваны ды абмежаваны дагматык ад лібэралізму. Такім парадкам, прынцыпы трэба адрозьніваць ад законаў. Але бяда ў тым, як я ўжо зазначаў, што ўсе прынцыпы маюць схільнасьць да абсалютызацыі і дагматызацыі. А таму ўсе канцэпцыі грамадзтва, усе ідэалёгіі маюць сваю ахілесаву пяту – той падступны мэханізм, які й вядзе іх да выраджэньня ды няўхільнае ратацыі. Калі запыніць ратацыю ідэалёгіяў, дык найгуманьнейшая зь іх стане пачвараю, «драконам» з казкі Шварца. У грунце лібэралізму, менавіта ў узвышэньні адзінкі, тоіцца адумысны «дракон» – анталягічны эгаізм. Калісьці Канстанцін Лявонцьеў назваў хрысьціянства зь яго асабістым збавеньнем «трансцэндэнтным эгаізмам». Вось жа, тэрмін анталягічны эгаізм я прапаноўваю паводле аналёгіі. Сэнс яго палягае ў завужанай рэдакцыі славутага выразу Пратагора: Чалавек – мера ўсіх рэчаў. Для лібэрала гэты выраз мусіў бы гучаць так: Індывід – мера ўсіх рэчаў. Для лібэрала найважнейшае ягонае «я». Ужо з самой абсалютызацыі індывіда лягічна вынікае некрытычнае стаўленьне да зьместу гэтага «я». Інакш кажучы, каштоўнасьць індывідуальнага эга пастулюецца апрыёры. А раз так, дык няма такой культурнай каштоўнасьці, якая не магла быць ускладзеная на ахвярнік ненажэрнага, самаўлюбёнага эга. Ці яно ўбогае насамрэч, ці не, але плён цэлых пакаленьняў геніяў і «нягеніяў» становіцца вартым у той меры, у якой яго прымае «сьвятое» эга. Цікава, што плён гэтага эга, сваім парадкам, можа (і мусіць) быць пажэрты чарадою наступных эга. Ясна, на такой глебе культуры не пабудуеш ніколі. Каб будаваць культуру, патрэбныя інстытуты для рэгуляваньня індывідуальных памкненьняў. А на грунце голага індывідуалізму можна будаваць цывілізацыю, што заўгодна, толькі не культуру. Самаўлюбёны індывід перш-наперш цэніць уласны камфорт, а ўжо тады – духовыя каштоўнасьці. Высокая культура для яго – толькі частка камфорту. Аднак абмыла ўсіх крытыкаў анталягічнага эгаізму ў тым, што яны не выходзяць за абсягі апазыцыі адзінка – калектыў. Нападам падпадае не эгаізм, а індывідуалізм, які насамрэч ёсьць каштоўнасьцю і вялікім здабыткам людзтва. Адпаведна, ухваляецца калектывізм, найагіднейшы апэндыкс дзікасьці, за якім не праглядваецца сур’ёзных каштоўнасьцяў. Таму далей я мяркую крытыку індывідуалізму толькі ў адным, спэцыфічным, ракурсе – анталягічнага эгаізму. Замест простае апазыцыі індывідуалізм – калектывізм я прапаную апазыцыю парадаксальную: індывідуалізм – культуралізм. З прыроды чалавек вылучаецца тым, што стварае культуру. Але культура – толькі прадукт, вонкавая праява багацьця душы. Калі мы кажам, што кожны чалавек – гэта цэлы сьвет, дык перш-наперш цэнім у біялягічным індывідзе асобу, індывіда культурнага. Ведама, біялягічны індывід не вымыкаецца з асобы, бо ёсьць матэрыяльнаю базаю для яе. Ці не падмяняе лібэралізм чалавека як культурную асобу чалавекам як індывідам? Такая падмена вядзе да свавольства чалавека біялягічнага. Што да калектывізму, дык гэта – наш учорашні дзень. Тэрміты, мурашы, пчолы, аб’яднаўшыся ў калектывы, дасягнулі вялікіх посьпехаў, але менавіта індывідуалізм зрабіў людзей людзьмі. Можна сказаць так: індывідуалізм – гэта найвышэйшая, асабовая форма калектывізму. Індывідуалізм не разбурае калектывізму, а ўзбуйняе яго, памнажае ў бясконцай прагрэсіі. Калі мы ня хочам вярнуцца ў стадыю тэрмітаў, дык павінны ахоўваць свой індывідуалізм. І ўсё ж... без культуралізму ён нішто. Індывідуалізм і культуралізм – гэта судапаўняльныя супраціўнасьці. Калі індывідуалізм ахоўвае генія ад замахаў натоўпу (не замінаючы кожнаму з натоўпу ўзвысіцца і таксама стаць геніем), дык культуралізм, наадварот, ахоўвае супольны плён ад замахаў індывідаў, ня здольных ацаніць яго вартасьцяў. Чалавек індывідуальны без культуры падобны да рысі, чалавек калектыўны і таксама без культуры – да ваўка. Я ня бачу паміж імі вялікай розьніцы. Назіраючы за манерамі цывілізаваных, цалком рэспэктабэльных людзей, мяне час ад часу не пакідае дзіўнае адчуваньне, што перада мною «крыху жывёлы». Тое, што для цябе гарачае – для іх халоднае. Пакуль ты сэнс свайго жыцьця зводзіш да пытаньня, выжыве ці ня выжыве беларуская мова, яны тым часам спакойна разважаюць: «выжыве ці ня выжыве». Не – значыць «не», так – значыць «так». Для адных лепей «так», для іншых лепей «не». Гэтае адрозьненьне не прынцыповае. А ты для іх з сваёй палкасьцю, мала сказаць – «дзівак», «вар’ят», ты для іх – іншаплянэтнік. Яны паглядзяць на цябе ды плячыма паціснуць... Існуе думка, што перад абліччам глябальных катастрофаў мы на гвалт мусім захаваць чалавека як від. У мяне на гэты конт адразу ўзьнікае заўвага, а ці варты чалавек адумыснае апекі, раз ён ня ўмее захоўваць сваёй жа культуры? У чым яго перавага супраць павукоў і гадаў? Душа? Дык культура і ёсьць выразьнікам душы! Чаму наяўнасьць душы бярэцца апрыёры, а не даводзіцца самым жыцьцём людзтва? Я тут не кажу, што існуюць вечныя прадукты культуры, але чаго вартыя нашыя стварэньні, якія не імкнуцца стаць вечнымі? Чым геніяльная паэма лепшая за скрутак ружовай, пахнай туалетнай паперы? Думаю, інгрыдыентам вечнасьці, які ў ёй закладзены! Чым жа яшчэ! Вось жа, паміж правам выбіраць ежу і правам выбіраць мову існуе прынцыповая розьніца. Гэта прадмет экалёгіі культуры, а не ўцісканьня правоў чалавека, як гэта імкнуцца падаваць (Мацкевіч). Аднак тая лібэральная тэорыя, што багоміць індывіда, ужо самой сваёй лёгікай разбурае гэтую розьніцу і становіць пагрозу для культуры. Я б сказаў так: гэта звычайная жывёльнасьць, якая апранаецца ў тогу гуманізму. Можа, я завастраю вуглы, але падобная інтуіцыя і адпаведная лёгіка – не маё вынаходніцтва. Яшчэ Максім Багдановіч стараўся падаць страту беларускае мовы як страту ўсяго людзтва. Аднак за апошнія дзесяцігодзьдзі ў адзінцы беларускага нацыянальнага руху стварыўся пэўны супраціў гэтым антыкультурным уплывам, піша ён ў адной з сваіх працаў. Разьвіцьцё памянёнага руху дае спадзеў, што яшчэ адзін народ не зьвядзецца зь сьвету, не расточыцца бязь сьледу, аграмадная духовая праца шматлікіх пакаленьняў, і беларуская культура – твор гэтае працы, – выстаіць супраць напору іншых сілаў і плыняў. Свабода выбару – гэта толькі прынцып. Няма свабоды хадзіць голымі па вуліцах. Няма свабоды выпаражняцца пад плотам. Няма нават свабоды ня мець сярэдняй адукацыі. Некалі ў савецкіх школах паасобных вучняў вызвалялі ад вывучэньня беларускае мовы, а я дзівіўся: чаму ніхто не вызваляе ад матэматыкі, ад геаграфіі, ад фізыкі і біялёгіі, нават ад замежнае мовы? Чым беларуская мова так не дагадзіла, што ад яе можна вызваліцца на беларускай зямлі? Нехта запытаецца: а чаму ёсьць свабода вывучэньня шумэрскае мовы? Бо няма шумэрскае дзяржаўнасьці, шумэрскага патрыятызму, шумэрскае моўнае палітыкі. Яны ўжо нікога ня рупяць. І калі хто прагне свабоды вывучэньня беларускае мовы, сам таго ня думаючы, ураўноўвае яе ў правох з шумэрскаю. Сам факт існаваньня такіх людзей мяне не зьдзіўляе. Аднак я зусім ня бачу розьніцы паміж тымі, хто дабіваецца свабоды вывучэньня беларускае мовы дзеля яе паступовага зьнікненьня, і тым, хто проста дабіваецца свабоды яе вывучэньня дзеля «гуманнага» сьвербу. Я ня бачу практычнае розьніцы паміж Дракахрустам і Лукашэнкам.
Анкетаваньне, праведзенае «ARCHE», дало зусім не найгоршыя вынікі. Як выяўляецца, далёка ня ўсе з апытаных – заўзятыя прыхільнікі дзьвюхмоўя. Нехта досыць упэўнена заяўляе: Дзяржаўная мова Беларусі мусіць быць адна – беларуская (Букчын); Я пакінуў бы дзяржаўнай толькі адну беларускую мову (Мацкевіч). Нехта яшчэ вагаецца: Мне б хацелася, каб былі дзьве раўнапраўныя мовы (Алексіевіч), на пераходны пэрыяд, магчыма, і назаўсёды... (Алексіевіч), з паступовым ростам прэваляваньня беларускай (Панькоўскі). Бачым, што ваганьні ўжо даюць трэшчыну: галоўнай мовай павінна быць беларуская (Панькоўскі). Здаюцца нават сама цьвёрдыя русафілы: Цалкам расейскамоўнай Беларусі ня прагне, бадай, ніхто (Дракахруст). От дзякуй! Хоць гэтым пацешыў! Вельмі слушныя і дарэчныя заўвагі, што з увядзеньнем беларускай мовы ня трэба сьпяшацца (Мацкевіч) і ўводзіць яе паступова, акуратна (Марцаў). Але калі даходзіць да беларусізацыі, дык гучаць нейкія вялыя прапановы наконт прэстыжных навучальных установаў зь беларускй мовай навучаньня і разнастайных формаў матэрыяльнага стымуляваньня (Багданкевіч); здаваньня экзамэну на веданьне дзьвюх дзяржаўных моваў (Фядута) і да т. п. Мова адразу ж аддаецца стыхіі індывідуалізму: паводле прынцыпу добраахвотнасьці (Фядута); каб... выбіралі бацькі (Сасноў); добраахвотны выбар бацькоў (Багданкевіч); прынцып добраахвотнасьці (Злотнікаў); вольнае навучаньне (Заіка); паводле волевыяўленьня грамадзянаў (Марцаў). У апытанцаў не разьвітае стратэгічнае бачаньне, адсюль скразны матыў: у цяперашняй моўнай сытуацыі (Дракахруст); у цяперашніх умовах (Багданкевіч); у гэтай сытуацыі, у гэты канкрэтны гістарычны пэрыяд (Марцаў). Для сучаснасьці ў іх не існуе альтэрнатывы: Я думаю, гэты шанец – быць асобна ад Расеі ў Эўропе – мы прапусьцілі (Алексіевіч); Эўропа ўжо даўно саступіла Беларусь Расеі як зону ўплыву. (Алексіевіч); Я б таксама вітаў, каб беларуская мова была пануючай у нашым грамадзтве. Але гэта сёньня немагчыма (Сасноў). Зьдзіўляе нявольніцкая абачлівасьць: гэта адразу прывядзе да ўскладненьняў адносінаў з Расеяй; гэта нявыгадна Эўрапейскаму Зьвязу (Фядута). Я асабіста супраць выцясьненьня адной лінгвістычнай сыстэмы празь іншую, заяўляе Заіка. Між іншым, пры чым тут сыстэма? Мова – сыстэма, але выштурхоўваецца яна не як сыстэма, а як рэч, як дадзенасьць, а сыстэма нават у мёртвых моваў жыве. Часамі гэтая ж ідэя гучыць пад выглядам сьвятой наіўноты: Чаму сьвядомыя беларусы так змагаюцца за адну дзяржаўную мову? – пытаецца Сасноў. Чытаеш такое – і злосьць бярэ: няўжо людзі ня ведаюць, што дзьвюхмоўе – гэта скрайне няўстойлівая моўная сытуацыя, якая рана ці позна абяртаецца аднамоўем! Толькі вось пытаньне: якім? Дзьвюхмоўе – тэорыя для «чайнікаў» і «лохаў», якою прыкрываецца пераход да аднамоўя. Калі яе прапагандуюць, думаеш: ці людзям патрэбен лікбез, ці ім проста выгадна ўдаваць зь сябе прасьцячкоў? Ну што рабіць зь «беларускім комплексам», які вагаецца паміж «пануючай мовай» і «экзотыкай»? – іранізуе Букчын: ...ня будзе гэтых штучных падыходаў, «прымерак» да флямандзкай ці ірляндзкай. І акурат пападае ў свайго, бо менавіта Дракахруст першы загаварыў пра Бэльгію. Насамрэч памянёныя ваганьні задаюцца не «прымітыўнымі» нацыяналістамі, а самім жыцьцём. Нехта, каб знайсьці апраўданьне, прымерваецца да Швайцарыі, нехта да Аўстрыі, нехта да Бэльгіі, нехта да Ірляндыі, нехта да Канады... Аднак існуюць простыя лінгвістычныя законы: дыглясія – адносна ўстойлівая сытуацыя, а дзьвюхмоўе – наадварот. Калі пры дзьвюхмоўі мінарытарную мову адумысна не бараніць – яе заступае мажарытарная. Мультылінгвізм у абсягах аднаго гаспадарства захоўваецца пры тэрытарыяльным распадзеле ці калі сілкуецца моцнаю культурнаю мэтраполіяй. Вось збольшага і ўсё. Асыміляцыя – гэта роўнасьць? ...ці прызнае ён, у парадку роўнасьці, права «стыхіі» асыміляваць яго самога? – гуманна абураецца Дракахруст. Пазьней выявілася: гэтае палкае пытаньне, адрасаванае Жукоўскаму, узьнікла зь непаразуменьня. Але такой бяды... Я прымаю яго на сябе. І пасылаю ў пекла такую роўнасьць. Прабачце за прастату: я ня веру, што асобы, у якіх не баліць сэрца за культуру, здольныя «хварэць» за людзей. Якую трэба мець мэфістофэльскую падступнасьць, халодную абыякавасьць да беларускае мовы, каб гаварыць пра роўнасьць! У расейскае мовы за плячыма ёсьць Расея, а ў беларускае няма нічога апрача Беларусі. (Затое ў беларускамоўных беларусаў ёсьць якая-ніякая свая культура, а ў расейскамоўных – транты «с барского плеча».) Што да асыміляцыі і «стыхіі», дык пытаньне рытарычнае. «Стыхія» цэлы век мяне асымілюе, не пытаючыся ў запісных гуманістаў дазволу, праўда, пакуль што бяз посьпеху... Беларусізацыя запраўды пагражае пэўным дыскамфортам расейскамоўным. І гэты дыскамфорт трэба на гвалт мінімалізаваць, каб ня шкодзіць справе. (Сабатажнае беларусізацыі мы ўжо наеліся!) Але гуманізм камфорту – гэта якраз тое, супраць чаго я выказваўся вышэй. Вага такога гуманізму ня большая, чым эстэтычная вартасьць рэклямнае паэзіі. Калі спадары гуманісты супраць асыміляцыі ці беларусізацыі расейскамоўных беларусаў, дык дзе выйсьце? Адкуль узяць беларускамоўных? Зь месяца? Выгадаваць у прабірках? Падвысіць нараджальнасьць сабе падобных? А тым часам «стыхія» ня дрэмле і не пытаецца... Тым часам акупацыйны (ці «крэольскі»?) рэжым і падступныя суседзі ня сьпяць у шапку. Ці, можа, сп. Дракахруста задавальняе сучаснае становішча беларускае мовы, і ён хоча яго «замарозіць»? Найлепшым дасягальным варыянтам у моўнай, культурнай сфэры ёсьць той, які склаўся ў сфэры канфэсійнай, голасам сырэны заваблівае Дракахруст. Першае: у рэлігійнай сфэры сытуацыя вельмі далёкая ад згоды і паразуменьня, куды больш ваяўнічая, чым у моўнай. Другое: шматканфэсійнасьць – гэта таксама ідэфікс. Якую яна шкоду прынесла беларусам за ўсю гісторыю – ня трэба казаць. Мала таго, свабода веравызнаньня можа быць розная. І ў сваім скрайнім, закончаным выглядзе выгадная хіба толькі атэістам: калі ўсе рэлігіі роўныя, дык няма ніякае! (Але гэта ўжо асобная тэма.) Трэцяе: трэба быць надта непрафэсійным сацыёлягам, каб ня ведаць, што моўныя, рэлігійныя, эстэтычныя і інш. сыстэмы маюць розную ступень татальнасьці і, адпаведна, функцыянуюць паводле розных законаў. Усякае перайманьне – гэта дактрынэрства чыстай вады, утапічная сацыяльная інжынэрыя! Пад выглядам слыннае роўнасьці прапануюцца скрайне сумнеўныя ўтопіі: Клясычны падыход (NB!!!), хітруе Марціновіч, тэхнічныя навукі... па-расейску... гуманітарныя – па-беларуску. Я думаю, што ўсё гэта тая прастата, пра якую расейцы кажуць «хуже воровства». А вось яшчэ адна яго хітрасьць: Можна, дарэчы, сфармуляваць зусім амбіцыйны праект для будучай дэмакратычнай Беларусі: прывесьці з сабой у Эўропу свайго няўрымсьлівага і непрадказальнага «старэйшага брата». Гэта называецца: як ня ў дзьверы, дык праз акно! Мне глыбока ўсё роўна, дзе Расея, у Эўропе ці Азіі, гэта яе нутраная справа, абы ў Беларусь не мяшалася. Для нас жа, не зважаючы на ўсе заганы сучаснае Эўропы, іншыя альтэрнатывы куды горшыя. Колькі б ні баялі расейскія нацыяналісты пра «эўразійскі рай», яны ня здатныя ні на што лепшае, як толькі змалпаваць тую самую Эўропу ці Амэрыку. А ня выйдзе – узяць ды з роспачы пазакручваць гайкі на азіяцкі капыл. (Працэс, дарэчы, пайшоў!) Вось і ўся загадка расейскае душы. Так, шлях у Эўропу пралягае менавіта праз Маскву. Але... з часоў падзелу Рэчы Паспалітае. Хіба радавацца гэтаму? Ці мо’ пагадзіцца з гэтым? Калі гэта не каляніялізм, дык што тады каляніялізм? Гісторыя паказвае: на Ўсходзе нас чакае толькі адно – братняе паляпваньне па плячы і поўная асыміляцыя. Іншых ластавак адтуль не прылятала. Мае зьвінавачваньні Дракахруста ў сафістыцы не галаслоўныя. Улюбёнае прыймо лібэралаў: тонкая эўрыстыка з прысмакам маралізму. Пачну здалёку, у сярэдзіне 1990-х адна выкладніца расейскае літаратуры, якая да ўсяго беларускага ставілася неяк паблажліва, з гэткім зычлівым снабізмам, уласьцівым каляніяльнай інтэлігенцыі, але ніяк не варожа, нечакана прызналася: «Я наконец поняла: это стыдно, что мы до сих пор не умеем говорить по-белорусски». А вось Дракахрусту за ЭГУ ня сорамна. І няхай сабе! Аднак замест таго, каб гаварыць аб справе, ён выкручваецца з дапамогаю ўсякага кшталту сафізмаў, вось, маўляў, вам парытэт: «ARCHE» друкуецца па-беларуску, а ў ЭГУ выкладаюць па-расейску. Некарэктнае параўнаньне. А галоўнае – не пра тое ў Жукоўскага! Ідзецца аб тым, што вартасьць той беларускай навучальнай установы, выпускнікі якой не валодаюць (валодаць і карыстацца – розныя рэчы) моваю тытульнай нацыі, апрыёры паніжаецца. Тут ніхто ні на чые правы не пасягае, а ўсяго толькі зьняпраўджваецца вера ў Дракахруставу ўтопію (ці ідылію) дзьвюхмоўнай Беларусі. Што ж, дапусьцім, быццам можна ствараць культуру на чужой мове, быць г. зв. «расейскамоўным беларусам». Хай сабе, калі гэта так... Але гэта ня так! Гаварыць пра расейскамоўных беларусаў менавіта як пра беларусаў – неяк няшчыра, ці, прынамсі, нелягічна. Беларуская расейскамоўная культура – у лепшым разе – яшчэ толькі ствараецца. У горшым – яе няма і, баюся, ніколі ня будзе. А раз так – мне цікава даведацца, як павінны жыць і пачувацца людзі, якія ўважаюць сябе за беларусаў, але ня маюць уласнай культуры, традыцыі, якія вымушаныя жывіцца крохамі з суседзкага стала? Яны ня хочуць спажываць беларускамоўнай прадукцыі і ня маюць паўнавартай сваёй, расейскамоўнай. Што ім, бедным, рабіць? Можа, адзін асобна ўзяты індывід неяк і перабудзе гэткую нязручнасьць, а што рабіць нацыі? Ці можа гэта мінуцца без наступнасьцяў для яе духовага здароўя? Баюся, што без усялякіх комплексаў – правінцыйных, імпэрскіх, манкуртаўскіх і да т. п. – тут не абыдзесься. Такое становішча, пры вонкавай адукаванасьці, начытанасьці, а хоць бы нават максымальнай, ня можа не ствараць інтэлектуальнага аўтсайдэрства, зоны духовай галечы, паняверкі. Найгорай жа тое, што гэтая культурная пустэльня можа расьцягнуцца на гады, на стагодзьдзі, паволі перажоўваючы лёсы цэлых пакаленьняў, перарабляючы іх на мякіну правінцыйнасьці і мяшчанскасьці. Культуры расейскамоўных беларусаў у нас папросту няма, ёсьць толькі апалягеты жывата. Людзі ж, каб як найхутчэй ухіліцца ад абдымкаў пустэльні, маюць усяго два выйсьці: далучыцца да мэтраполіі ці адрадзіць уласную традыцыю. Вось дзеля чаго беларусізацыя! Яна мусова патрэбная ня толькі дзеля экалёгіі культуры, але й з погляду на здароўе культурнае супольнасьці, нацыі. Грамадзяне, узрослыя на імпартаванай культуры, якія ведаюць, што сьмятанка, вяршкі – ТАМ, а ТУТ – сыроватка, ня могуць быць гаспадарамі свайго становішча. Яны могуць быць выканаўцамі, спажыўцамі, кім заўгодна, толькі ня творцамі. Калі нехта любіць капацца ў «мэнтальнасьці», дык ці ня тут «сабака закапаны»? Адныя нас вучаць, быццам «славяне» (слова па-оруэлаўску хітрае, непадатлівае варожаму выкарыстаньню) ня маюць досьведу дэмакратыі, другія, наадварот, складаюць сагі пра вялікія традыцыі дэмакратыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, а тая мэнтальнасьць – уся на паверхні, у нашым няпэўным становішчы, якое хаця-нехаця прыніжае чалавечую годнасьць. Носьбіту расейскамоўнай культуры можна жыць бяз комплексу правінцыйнасьці і ў Волагдзе, і ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, а вось у Менску – ня могуць не пачацца праблемы. Як павінен пачувацца тут чалавек, які імпартуе Пушкіна зусім не ад шырыні сваіх інтарэсаў, а таму, што не разумее мовы, на якой пісаў Купала? Гэта ж трагедыя асабовасьці! Якая тут можа быць незалежніцкая палітыка? Аўтсайдэру наагул не да палітыкі. Тым часам рэжыму непатрэбная ні беларуская, ні расейская культура. Росквіт папсы, славянскія базары, дажынкі, хакеі, лыжы – апасродкаваны, але натуральны вынік існага становішча. Такім парадкам, патрэбная не канвэнцыя для захаваньня status quo, а спакойнае, негвалтоўнае і, у той жа час, настойлівае, неадкладнае разьвязваньне моўнага пытаньня, прытым – на карысьць беларускай мовы, бо ў іншы бок яно й без намаганьняў разьвяжацца. Некалі Сьпіноза вучыў, што гаспадарства мусіць так кіраваць сваімі грамадзянамі, каб яны самі таго не заўважалі. За гэтую ідэю я страшэнна не залюбіў Сьпінозы. Гэта вяршыня цынізму, антыўтопія ў адной фразе! Але калі дадаць, што вольныя грамадзяне свабодна кантралююць такое кіраваньне, дык нічога цынічнага тут няма. Гэта якраз той ідэал, да якога павінна імкнуцца беларусізацыя.
Пісаў я свае заўвагі і думаў: ці не занадта я бескампрамісны? Ці заўжды беларускамоўныя слушна кажуць? А прачытаўшы «Ліст да спадара Данілы Жукоўскага» Гэніка Лойкі, пераканаўся: не заўжды. Сп. Лойка ўпікае Жукоўскага за расейскую мову на працы і, як адмоўны прыклад, успамінае свайго знаёмага, які знаёміўся зь дзяўчынаю па-расейску. Сам ён даводзіць такое credo: беларусу на расейскую мову варта пераходзіць адно тады, калі існуе пагроза сьмерці. Але, маўляў, у жыцьці такіх сытуацыяў не бывае... Вось нацыяналізм, які мяне раздражняе ня менш за лібэралізм! Такім зацятым беларусам я звычайна кажу: раман Лява Талстоя «Вайна і мір» пачынаецца з доўгага францускага пасажу і далей такіх пасажаў утрымвае нямала, але ад гэтага не перастае быць расейскім раманам. «Бальшавіцкая» бескампраміснасьць нікому не прынесла карысьці. Трэба запраўды быць вельмі «далёкім ад народу», каб не разумець, што праца ў негуманітарных асяродках зусім не такая простая для нацыянальнага пазыцыяваньня, як падаецца сп. Лойку. Адна мая знаёмая, якая ўсё жыцьцё прапрацавала ў беларускай атмасфэры, выгадавала беларускамоўнага сына, патрапіла, урэшце, на «звычайную вытворчасьць» і... мусіла загаварыць па-расейску. Аднак усё роўна, за адну толькі прыхільнасьць да беларускасьці яна ўспрымаецца там як «нацыяналістка». Думаю, куды плёньней нязмушана «гуляць» сваёй беларускамоўнасьцю, дзе трэба яе ўзмацняючы, а дзе трэба аслабляючы, чым упарта «ўпірацца рогам». А ці падумаў сп. Лойка, колькі людзей ён адштурхнуў ад беларускасьці сваёй бескампраміснасьцю? Між іншым, той хлопец, які зьвярнуўся да дзяўчыны па-расейску, зрабіў у пэўным сэнсе слушна. Іншае пытаньне, як ён далей сябе павядзе, ці не пераможа яго дзяўчына? І, наадварот, пераходзіць на расейшчыну толькі дзеля самавыратаваньня ня надта прыгожа, хоць тут цяжка што раіць... У жыцьці, дарэчы, бываюць усялякія дзівосы... Некалі, яшчэ ў 1980-я, у парку сярод белага дня за беларускую мову мне пабілі фізіяномію. Каб ухіліцца ад непрыемнасьці, варта было перайсьці на расейскую мову, але я не зрабіў гэтага. Затое зь незнаёмымі жанчынамі я заўжды пачынаю гутарку па-расейску. Жанчыны – рэч тонкая... А мова, як паветра, павінна не заўважацца, быць празрыстаю. Эфэкт ад гаварэньня на нязвыклай мове такі самы, які мог бы быць ад каляровага паветра. Увага канцэнтруецца на мове, а не на табе, успрыняцьце цябе самога робіцца аднабаковым. Аднак я ніколі не хаваю сваіх беларускіх прыхільнасьцяў. А пераходжу на беларускую мову тады, калі жанчына прывыкае да мяне. Неяк з адной жанчынай я доўга не пераходзіў на беларускую мову. А калі загаварыў пра беларускасьць – яна прызналася, дзей ня любіць беларускае мовы, на што я адрэагаваў: – Ведаеш, я гаварыў з табою па-расейску дзеля павагі да цябе і, пры патрэбе, гатоў з кожным так гаварыць, але май на ўвазе, той, хто ня любіць беларускае мовы – мой асабісты вораг... |
паэт, дасьледнік літаратуры. Выкладае ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы. У 1999 годзе гарадзенскае выдавецтва «Віт» выдала пад яго рэдакцыяй «Падручныя нарысы для журналістаў «Гармонія беларускага слова». Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – рытмалягічны трактат «Страла Зянона» (5/2004). |
|