A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  УЛАДЗІМЕР МАЦКЕВІЧ

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Уладзімер Мацкевіч
Базіс і сьвядомасьць. Дыялектыка Шаўцова


Чытаю кнігу Юр’я Шаўцова і спрабую зразумець, ці трэба яе чытаць. Што новага я магу знайсьці ў гэтай кнізе? Пра што гэтая кніга? Каму яна прызначаная? Але разуменьне – разуменьнем, чытаньне кнігі суправаджаецца яшчэ й нейкім цьмяным адчуваньнем нечага вельмі знаёмага, што толькі ўгадваецца ў кожнай главе, на кожнай старонцы, але пра што ні слова не гаворыцца. Не адразу я разабраўся з гэтым адчуваньнем, але ўжо калі разабраўся, усё стала больш зразумелае, простае, банальнае. Так, усё стала проста банальнае. І гэта мяне расчаравала, бо сам Юры Шаўцоў не ўяўляецца мне банальным, наадварот, я лічу яго даволі арыгінальным чалавекам. Таму гэтая рэцэнзія будзе і пра кнігу, і пра аўтара.

Але сьпярша пра адчуваньне, якое да сярэдзіны прачытанай кнігі ператварылася ў разуменьне. Я зразумеў, што чырвонай ніткай праз усю кнігу ідзе адна думка – «быцьцё вызначае сьвядомасьць»! Гэтая фундамэнтальная ідэя дыялектычнага марксізму дапаўняецца ня менш фундамэнтальным прынцыпам гістарычнага матэрыялізму – «базіс вызначае надбудову». Уласна пра гэта ўся кніга. Без прыдумак.

Чаму Беларусь праводзіць такую палітыку? – Бо такая эканамічная сытуацыя.

Чаму беларусы галасуюць так, а не іначай? – Бо чарнобыльская аварыя.

Чаму беларусы такія рэлігійныя? – Бо такая прырода і геаграфічнае становішча Палесься.

Чаму ў беларускага прэзыдэнта сварлівы характар? – Бо такая эканамічная сытуацыя.

А чаму такая эканамічная сытуацыя? – Ну, так склалася гістарычна. Пасьля таго ідзе кароткая гістарычная даведка, як гэта ўсё склалася.

Гэта можа падацца ўтрыраваньнем. Ані. Як вам такое пытаньне ў загалоўку аднаго з параграфаў кнігі: «Прэзыдэнт – спараджэньне аварыі?» (с. 172)? Альбо сьцьверджаньне: «Сёньняшняя духоўная самаізаляцыя Беларусі ад усёй Эўропы ў значнай ступені тлумачыцца чарнобыльскім фактарам» (с. 178).

Наагул, Чарнобыль для Шаўцова – гэткая палачка-выручалачка, гэткі «deus ex machina», калі штосьці немагчыма патлумачыць эканамічнымі заканамернасьцямі – выкарыстоўваецца фактар Чарнобылю. Але давайце ад пачатку.

Такім чынам, гісторыя Беларусі, якая разглядаецца Шаўцовым у першай главе кнігі, патрэбна дзеля абгрунтаваньня адной простай ідэі, якая нават стала назвай параграфу: «Беларусы – ёсьць» (с. 35). У самім параграфе пра тое, што «беларусы – ёсьць», распавядаецца пра вынікі перапісу 1999 г., у іх няма нічога асаблівага. Усё важнае сказана крыху раней як вынік гістарычнага экскурсу – беларусы не расейцы. Ёсьць некалькі важных адрозьненьняў беларусаў ад расейцаў, адно зь якіх падкрэсьліваецца асабліва – схільнасьць беларусаў да уніяў, хаўрусаў, аб’яднаньняў. Такая асаблівасьць беларускай сьвядомасьці, канечне ж, павінна мець тлумачэньне ў беларускім быцьці. Для гэтага і распавядаецца гісторыя ад асыміляцыі балтаў славянамі тысячу гадоў таму да зьмены генэрацыяў чынавенства ў паваеннай БССР. Сама гісторыя распавядаецца з падкрэсьліваньнем геаграфічнага дэтэрмінізму. Паколькі геаграфія апісвае больш фундамэнтальнае быцьцё, чым гісторыя, то выбудоўваецца выразны прычынна-выніковы ланцужок: сучасны стан рэчаў тлумачыцца гістарычнымі працэсамі і падзеямі, гістарычныя ж працэсы і падзеі тлумачацца геаграфічным становішчам. Таму сучаснае становішча справаў ЗАКАНАМЕРНА, яно такое, якое ёсьць, і ніякім іншым быць ня можа.

Ну сапраўды, хто ж будзе з гэтым спрачацца? Гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу.

Таксама варта заўважыць, што для беларуса ў першым падразьдзеле няма нічога новага. Увесь ён відавочна разьлічаны на замежнага спажыўца, на расейскага найперш. Нават разьдзел «Канфэсійныя тэндэнцыі», які, пэўна, адзіны з усёй кнігі нясе нешта новае для беларускага чытача. Да слова, Юры Шаўцоў быў першым зь беларускіх аналітыкаў, які зьвярнуў увагу на своеасаблівасьць канфэсійных тэндэнцыяў і на тыя магчымыя наступствы, якія зь іх вынікаюць. Але пра гэта крыху пазьней.

Такім чынам, цікавая пабудова першай главы «Культура і ідэнтычнасьць», якая ўлучае чатыры разьдзелы: «Тэрыторыя і насельніцтва», «Нацыянальныя асаблівасьці», «Канфэсійныя тэндэнцыі», «Фэномэн «беларускасьці».

Першыя два разьдзелы малаінфармацыйныя.

Зьмест трэцяга разьдзелу зьяўляецца ўнёскам Шаўцова ў сучаснае беларусазнаўства. Важна зацеміць, што Шаўцоў рэзка супрацьпастаўляецца афіцыйнаму погляду на канфэсійную сытуацыю. Афіцыёз увесь час падкрэсьлівае праваслаўны характар беларусаў, як у гісторыі, так і цяпер. Гэта робіцца ўсімі даступнымі сродкамі, праз слоўнікі і даведнікі, дзе гаворыцца пра 80 % праваслаўных, і праз архітэктуру – на ўсіх бачных месцах, гарадзкіх пустках і пры скрыжаваньнях галоўных дарог ставяцца псэўдарасейскія храмы, амаль заўсёды пустыя, дзеля адзінай функцыі – меціць тэрыторыю. Шаўцоў жа падкрэсьлівае шматканфэсійны характар Беларусі, немаскоўскія асаблівасьці праваслаўя і рост пратэстантызму, прагназуе ў будучыні карэнныя зьмены канфэсійнай структуры беларускага грамадзтва.

Больш за тое, канфэсійныя зьмены разглядаюцца як адзін з складнікаў фэномэну «беларускасьці» ў чацьвертым разьдзеле першай главы. Цікавыя іншыя складнікі: «унійнасьць» і «эўрапейскасьць». Першы складнік, пазначаны нэалягізмам «унійнасьць», адносіцца да палітычнай культуры беларусаў, а «эўрапейскасьць» характарызуе сталы сацыяльна-культурны фон. Наагул жа фэномэн «беларускасьці» задаецца таўталягічна – як тутэйшасьць. («У гэтым сэнсе беларус – гэта «тутэйшы», беларусам можна быць, наагул, толькі ў рэгіёне Беларусі» (с. 72)). Гэта традыцыйна, зразумела, нават банальна. Але вось трактоўка беларускасьці як ТЭХНАЛЁГІІ жыцьця і выжываньня магла б прыцягнуць увагу і зацікавіць сваёй арыгінальнасьцю. Аднак усе развагі зьвялі ТЭХНАЛЁГІЮ да адаптацыі, што зусім сумна, як з дасьледніцкага, так і зь філязофскага пункту гледжаньня.

Праўда, філязофія не цікавіць Шаўцова. Іначай яго самога пачало б адварочваць ад уласнага дыямату і дэтэрмінізму. З усёй філязофіі яму блізкая толькі лёгіка, прычым самая простая і прагматычная: прычына – вынік. Быцьцё – заўсёды прычына, заўсёды базіс. Базіс – гэта геаграфія, прырода і эканоміка. А палітыка, мэнталітэт, рэлігія, нацыянальныя асаблівасьці – вынік з прычынаў. Нават калі гэта зусім ня так. Напрыклад, Шаўцову вядомыя фэномэны, якія не выводзяцца з геаграфіі і эканомікі. Іх яму падкідвае філязофская інтуіцыя. Вось адзін з такіх прыкладаў: «Сапраўды, расейскім чалавекам у Беларусі быць нельга. Звычайныя, самыя нявінныя філязофскія развагі ў расейскім духу ставяць чалавека ў Беларусі перад пагрозай поўнай неадэкватнасьці» (с. 70). Філязофскімі развагамі ў «расейскім духу» ён называе ідэакратычнасьць і імпэрскасьць, вечнасьць і ўсёадзінства.

Цікава, як гэтая тэза стасуецца з існаваньнем расейскай імпэрскай адміністрацыі ў Беларусі канца XVIII ст.? Ці значыць гэта, што ўсе прысланыя імпэрскія чыноўнікі ўлучна з сумнавядомымі Мураўёвым, Замяталіным ды Латыпавым рабіліся тут беларусамі? Гэта нязручны момант для Шаўцова, таму ён прыдумляе канцэпцыю зьмены кіраўнічых генэрацыяў у паваеннай БССР. Ён сьцьвярджае, што падчас вайны загінула ўся кіраўнічая кляса ў Беларусі. Маюцца на ўвазе лідэры, сярод якіх амаль немагчыма было сустрэць тутэйшых беларусаў, палякаў ці габрэяў, усе прысланыя (Кнорын, Мясьнікян, Пятроўскі, Цанава, Гай і г. д.). І пасьля вайны да ўлады ў БССР прыйшлі былыя партызаны і падпольшчыкі, якія толькі ў 1980–1990-я гг. зьмяніліся больш маладымі гаспадарнікамі. Сапраўды, і Мазураў, і Машэраў былі з таго ваеннага пакаленьня і былі беларусы. Але такая была «ўстаноўка», што першымі сакратарамі ў саюзных рэспубліках былі мясцовыя кадры, а вось расейцы ці проста прысланыя зь іншых правінцыяў кадры займалі ўсе ключавыя месцы ад другога сакратара рэспубліканскай кампартыі да КГБ. Спроба вытлумачыць «мэнталітэт і сьвядомасьць» кіраўнічай эліты БССР мясцовымі «быцьцём і базісам» відавочна неадэкватная. Таму і патрэбная тэза пра неадэкватнасьць «філязофскіх разваг у расейскім духу». Цікава, а ўзарваная Фара Вітаўта ў Горадні – гэта ў чыім духу? Расейскім ці беларускім? А машэраўская русіфікацыя? Хаця культура ў яго – гэта толькі надбудова над эканамічным базісам, таму ў Шаўцова самастойнага значэньня ня мае.

Ну ды хай сабе. Але вось што цікава, апошні параграф у першай главе і ў разьдзеле «Фэномэн «беларускасьці» называецца «Стан рэчаў». Прычым у самім параграфе гаворка ідзе пра канфэсійныя пытаньні, якія павінны былі б быць абмеркаваныя ў папярэднім разьдзеле. У гэтым палягае амаль фрайдысцкі фэномэн. Бо ўсе развагі пра насельніцтва, рэлігію, культуру і гісторыю патрэбныя Шаўцову толькі для характарыстыкі СТАНУ РЭЧАЎ. І гэтае становішча рэчаў заканамернае. Заканамернае двойчы. Першы раз яно тлумачыцца гісторыяй і геаграфіяй – той самай асновай быцьця, якая ня ставіцца пад сумнеў у дыямаце. Другі раз усё гэта тлумачыцца ў другой главе, якая называецца «Эканоміка. Звышындустрыялізацыя». У зьмесьце кнігі ў другім падразьдзеле толькі адзін разьдзел пазначаны – «Структура эканомікі».

Я б наагул ня стаў разглядаць гэтага падразьдзелу, паколькі ўсё яго прызначэньне – патлумачыць яшчэ раз той самы «стан рэчаў», які ўжо патлумачаны ў першым падразьдзеле. Я б абмежаваўся толькі некалькімі заўвагамі. У выкладаньні Шаўцова эканоміка не зусім эканоміка, гэта, хутчэй, эканамічная геаграфія. І структура эканомікі зусім не эканамічная, а менавіта эканомгеаграфічная.

Разглядаючы структуру эканомікі, Шаўцоў практычна нічога ня кажа пра банкі і фінансы, пра цэнавую канкурэнцыю, рэнтабэльнасьць, выдаткі. Структура эканомікі для Шаўцова – гэта галіны і раянаваньне. Але ня ўласнасьць, не эканамічныя праграмы і палітыка, кіраваньне і разьвіцьцё. Гэта нават не палітэканомія. У эканамічных развагах Шаўцоў адыходзіць ад савецкай мэтадалёгіі дасьледаваньняў, для якой палітэканамічныя пытаньні ўласнасьці зьяўляюцца першаснымі. Калі б я чытаў толькі гэтую кнігу Шаўцова, то гэтыя абставіны маглі б выклікаць непаразуменьне. Але ведаючы пра ягоныя мінулыя захапленьні Гантынгтанам і геапалітыкай, гэта лёгка зразумець.

Такім чынам, геапалітыка і эканомгеаграфія – той самы базіс, тое самае быцьцё, якое вызначае сучасную беларускую палітыку, дзяржаўны лад, аўтарытарызм першага прэзыдэнта, цэнтралізаваную вэртыкаль. А таксама бясконцую ў часе інтэграцыю з Расеяй і канфлікт з Эўропай і ЗША.

«Няўжо ж сапраўды тлумачыць?» – спытаецца чытач «ARCHE». Няўжо ж усё так заканамерна і ажыцьцяўляецца з жалезнай заканамернасьцю? Хіба няма ва ўсім гэтым яшчэ і суб’ектыўных фактараў? Няўжо ніхто не вінаваты ў нашых праблемах, палітычных злачынствах, дыпляматычных няўдачах? Няўжо ж усё так блага? І мы аніяк ня здолеем на гэта паўплываць, напрыклад, праз выбары?

Кніга Шаўцова адказвае на гэтыя пытаньні. Адказвае так, каб у чытачоў «ARCHE» не заставалася ніякіх спадзяваньняў і ілюзіяў. Першая частка адказу ёсьць у трэцім падразьдзеле, а другая частка – у чацьвертым.

Трэці называецца «Чарнобыльская катастрофа. Чарнобыльскі соцыюм». А першая частка адказу можа быць сфармулявана так: канечне, сучасны стан справаў у Беларусі мае і суб’ектыўныя прычыны. Але ня думайце, што гэтыя прычыны можна апісаць як нястачу адукацыі ў людзей, якія кіруюць нашай краінай. І тым больш ня думайце, што гэтыя прычыны можна патлумачыць злой воляй нейкіх людзей. Не, суб’ектыўныя прычыны хаваюцца ў мэнталітэце чарнобыльскага соцыюму.

«Галоўным наступствам катастрофы, што адбылася амаль 20 гадоў таму, можна лічыць, відавочна, зьяўленьне жывой чарнобыльскай культуры і цэлага соцыюму чарнобыльцаў. Гэты соцыюм валодае ўласным патэнцыялам уплыву на эўрапейскую і глябальную культуры і ўласнай суб’ектнасьцю. У некаторым сэнсе ўсе беларусы зрабіліся чарнобыльцамі. Можна казаць пра трансфармацыю ўсёй постсавецкай культуры ў чарнобыльскую і нават пра распусканьне беларускай культуры ў чарнобыльскай культуры» (с. 138).

Адцемлю адразу, што Юры Шаўцоў, сам закрануты чарнобыльскай катастрофай, зьяўляецца адным з самых глыбокіх аналітыкаў наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Ён вельмі добра валодае матэрыялам, разглядае сытуацыю з розных бакоў, улічвае гаспадарчыя, арганізацыйныя, мэдычныя, псыхалягічныя, сацыяльныя і філязофскія аспэкты чарнобыльскага фэномэну. Ён мог бы стаць самым аўтарытэтным (хаця ён такі і ёсьць) экспэртам у гэтай праблеме, калі б не некаторая тэндэнцыйнасьць у выкарыстаньні чарнобыльскіх наступстваў для апалягетыкі сучаснага стану рэчаў.

Шаўцоў ня проста цьвердзіць пра існаваньне асобнага чарнобыльскага соцыюму і чарнобыльскай суб’ектнасьці. Ён сьцьвярджае, што «чарнобыльскі соцыюм у любой форме ёсьць крыніцай нестабільнасьці на тэрыторыі Беларусі» (с. 173). І пастулюе «негатовасьць сьвету да чарнобыльскай суб’ектнасьці» (с. 176).

То бок Чарнобыль прыцягваецца як тлумачэньне ўсіх асаблівасьцяў і дзівосаў беларускай палітыкі, дзяржаўнага ладу, эканамічнай структурнай архаікі, якія ня могуць быць вытлумачаныя праз спрошчаную схему базісу і надбудовы. Усе народы і нацыі асаблівыя. Але беларусы асаблівыя асабліва. Чаго гэта раптам? Тут і самому Шаўцову зразумела, што няма ніякіх эканамічных падставаў для нелягічных паводзінаў беларускіх уладаў і кіраўніка дзяржавы найперш. Вось тут і прыгадваецца Чарнобыль, чарнобыльскі соцыюм і чарнобыльская суб’ектнасьць. Ёсьць у тэксьце вельмі характэрная фраза: «Палітычныя паводзіны пэўнай асобнай культурнай групы зусім неабавязкова адэкватныя яе рэальным патрэбам. У гісторыі гэта ня рэдкасьць» (с. 145). Вось так. Калі штосьці нелягічна ці абсурдна, то гэта таму, што дзяржава дзейнічае ва ўмовах неадэкватнага соцыюму.

Дзіўная штука. Калі факты не адпавядаюць тэорыі, то тым горш для фактаў. Шаўцоў шмат кажа пра грамадзкую самаарганізацыю чарнобыльцаў, пра шматлікія фонды і грамадзкія арганізацыі, створаныя альбо самімі чарнобыльцамі, альбо для абароны іх інтарэсаў. Але забывае распавесьці пра тое, як улада сьвядома душыла іх дзейнасьць, вымушала іх да карупцыі і да таго, каб губляць час на самавыжываньне і самаабарону замест выкананьня асноўных функцыяў – аздараўленьня і абароны інтарэсаў і правоў чарнобыльцаў.

Калі чарнобыльцы часта галасуюць супраць сваіх жа інтарэсаў (гэта Шаўцоў прызнае), што парушае прынцып «быцьцё вызначае сьвядомасьць», то Шаўцову прасьцей прызнаць іх паводзіны неадэкватнымі, чым тое, што такія паводзіны вызначаюцца іншай сьвядомасьцю, чужой і варожай воляй. Шаўцоў кажа: «Аднак у любым разе чарнобыльцы – гэта нечы электарат, і заваяваць ягоную падтрымку можна толькі тады, калі падыходзіць да іх як да асобнай групы насельніцтва са спэцыфічнымі праблемамі, якія дапаўняюць агульныя, уласьцівыя для ўсяго грамадзтва» (с. 145).

У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. чарнобыльцы былі электаратам БНФ (але чаму тады не было ніводнага дэпутата ад БНФ з чарнобыльскіх раёнаў?), а цяпер галасуюць за Лукашэнку, піша Шаўцоў. Гэта Шаўцоў ведае. Ён ведае таксама і тое, што эканамічная палітыка лукашызму знаходзіла дадатковыя інвэстыцыйныя сродкі за кошт згортваньня чарнобыльскіх праграмаў. Альбо папросту чыноўнікі рабавалі чарнобыльскія фонды, пускалі ў камэрцыйнае абарачэньне чарнобыльскія грошы, у продаж – гуманітарную дапамогу.

Што замінае Шаўцову іначай паглядзець на чарнобыльскія наступствы? Я ведаю, што многія з тых, хто чытаў кнігі і артыкулы Шаўцова, тлумачаць гэта апалягетычнай устаноўкай аўтара. Я ня схільны адмаўляць у яго наяўнасьць такой устаноўкі. Але я бачу яе вытокі ў іншым, ня ў тым, што Шаўцоў абслугоўвае рэжым, а ў тым, што ён нерэфлексіўны адносна свайго пазнавальнага мэтаду. Дарэчы, гэта зыходная бяда ўсяго дыямату з часу ўзьнікненьня гэтай філязофіі. Дыямат быў прыдуманы для таго, каб адмовіцца ад адзінаццатай тэзы пра Фаербаха самога Маркса, якая гаворыць, што задача філязофіі палягае ня ў тым, каб тлумачыць сьвет, а ў тым, каб яго перарабляць. Маркс так і кажа, што памылка ўсіх папярэдніх філёзафаў у тым, што яны толькі тлумачылі сьвет. Але ж Шаўцоў толькі гэтым і займаецца. Значыць, паводле Маркса, ён памыляецца. І я тут згодны з Марксам, а не з дыялектычным макрсістам Шаўцовым.

Дарэчы, прыгадваецца, што першы ў сьвеце падручнік па дыялектычным матэрыялізьме быў напісаны Вольфсанам менавіта ў Менску. Якім быцьцём патлумачыць такі выкрут беларускай сьвядомасьці? Можа быць, не заўсёды быцьцё вызначае сьвядомасьць, а бывае часам і наадварот: сьвядомасьць вызначае быцьцё. І дасягненьні сьвядомасьці, і заганы яе.

Так глупствы беларускага палітычнага жыцьця вызначаюць канфлікты Беларусі з Эўропай і Амэрыкай. Абмежаванасьць кіраўніка дзяржавы і ягонага бліжэйшага атачэньня, а зусім не геаграфічнае становішча.

І ня звышындустрыялізацыя замінае праводзіць структурныя рэформы ў эканоміцы, а толькі недальнабачнасьць, неадукаванасьць і бязвольнасьць ураду. То бок гэта ўсё тлумачыцца не аб’ектыўнымі прычынамі, а выключна суб’ектыўнымі. І гэтая суб’ектыўнасьць, гэтая сьвядомасьць вызначае нашае супольнае быцьцё.

Шаўцоў надае вялікую ўвагу эканамічным посьпехам сучаснай Беларусі. Пра гэта ўвесь чацьверты падразьдзел. Пра агульныя посьпехі і асобныя праблемы. Праблемы таксама ў базісе, напрыклад, у дэмаграфіі. Дэмаграфія – гэта базіс, а вось напрамкі міграцыйных плыняў – ужо зьява надбудовы. У цэлым схема застаецца той самай. І так можна працягваць да бясконцасьці. Уласна ў сваім заключэньні, дакладней, у разьдзеле «Замест заключэньня», аўтар і накідвае такую бясконцую гісторыю, прадказваючы каляпс беларускай эканомікі пад узьдзеяньнем аб’екыўных прычынаў гадоў праз 10, але, адначасова, прадбачачы ўзьнікненьне ў Беларусі нэапратэстанцкага соцыюму, які, канечне ж, дасьць рады ўсім праблемам.

Дыялектыка, аднак.

Вось такую кнігу напісаў Юры Шаўцоў, ён жа актыўны інтэрнэт-аўтар Юры Гуралюк. Асоба, безумоўна, цікавая. Чалавек, які мае ўзнагароду Літоўскай Рэспублікі за ўдзел у абароне будынку Вярхоўнай Рады ў 1991 г. Чалавек, які рызыкаваў жыцьцём за ідэалы дэмакратыі, тым самым спрыяў развалу СССР і які сёньня зьяўляецца адным з самых таленавітых апалягетаў цяперашняга стану рэчаў і які лічыць усіх нязгодных з гэтым «суіцыдальнай апазыцыяй». Супрацоўнік закрытага рэжымам і выгнанага з краіны ЭГУ, які даў інтэрвію галоўнаму прапагандысту гэтага рэжыму Зімоўскаму. Аўтар патрыятычнай кнігі, па-свойму нацыяналістычнай, якая па-свойму падкрэсьлівае ў некалькіх парамэтрах перавагі Беларусі над Расеяй, які выдаў яе з прымітыўна-фанабэрыстай расейскацэнтрычнай прадмовай г. Паўлоўскага.

Дыялектыка! Вельмі супярэчлівая асоба – гэты Юры Шаўцоў.

Ён і сам добра ўсьведамляе гэтую сваю супярэчлівасьць, але не надае ёй значэньня. Ён у большай ступені ўсьведамляе сваё інтэлектуальнае першынство.

Як вы мяркуеце, чытачы «ARCHE», што думае пра сябе аўтар, які выдаў кнігу без адзінай спасылкі на іншых аўтараў, нават бязь сьпісу літаратуры? Адкуль аўтар бярэ свае ідэі – зразумела: ён самадастатковы. Але вось адкуль ён бярэ матэрыял, статыстыку, інфармацыю? Ці можна верыць усёй гэтай інфармацыі, на якой грунтуюцца высновы і меркаваньні Юр’я Шаўцова, калі іх немагчыма праверыць? Адзінае ўказаньне на крыніцу інфармацыі – гэта ўказаньне інтэрнэт-адрасу афіцыйнага сайту прэзыдэнта пад некаторымі табліцамі.

Мяне раней вельмі займала пытаньне аб праўдзівасьці беларускай статыстыкі. Зь некаторага часу перастала займаць. Яна неправяральная – значыць, непраўдзівая. Пэўныя эканамічныя вынікі я магу бачыць у рэальным спажывецкім кошыку, але лічбы 15–20 % эканамічнага росту я не магу лічыць рэальнымі, пакуль бачу спажывецкія кошыкі ня толькі ў Менску, але і ў Вільні, Варшаве, Рызе. Гэта суб’ектыўна, скажаце вы мне! Вядома! Але ня больш, чым уся кніга Шаўцова. Ці яе варта прызнаць усяго толькі публіцыстычным нарысам для даверлівых расейцаў, ці яна не вытрымлівае крытыкі проста праз сваё аснашчэньне, праз адсутнасьць спасылак, сьпісу крыніцаў, навуковага апарату ў выглядзе вызначэньня аўтарам апэрацыйных паняткаў і катэгорыяў. Мне падабаюцца многія меркаваньні Шаўцова, але гэта не дазваляе мне давяраць ім. Кніга Шаўцова аўтычная – ён і Беларусь. Дык можа, гэтая Беларусь існуе толькі ў сьвядомасьці самога Шаўцова? І ўсялякае супадзеньне Беларусі ягонай сьвядомасьці з рэальнай Беларусьсю – чыстая выпадковасьць?

І апошняе, пра наіўных расейцаў, якім прызначаная гэтая кніга. Я не магу аднесьці да наіўных свайго даўняга знаёмца Вячаслава Леанідавіча Глазычава, які напісаў пасьлямову да кнігі Шаўцова і зьяўляецца ініцыятарам усёй сэрыі, у якой яна выдадзена. Ведаю і люблю кнігі самога Глазычава па архітэктуры, горадабудаўніцтве, пра бізантыйскае мастацтва і іншыя. Шырыня інтарэсаў Глазычава спалучаецца з навуковай сумленнасьцю і карэктнасьцю, што да выкарыстоўванага матэрыялу. Ягоныя кнігі заўсёды маюць неабходны апарат, я магу ўсё лёгка праверыць, у маёй кніжнай шафе стаіць некалькі ягоных кніг. Вось чытаў вельмі станоўчы водгук і думаю, ці той гэта Глазычаў, якога я ведаю. На жаль, той. Гэта найяскравейшы прыклад таго, як расейскі інтэлігент забываецца на прынцыпы дзеля расейскага архетыпу. Кніга Шаўцова ня проста прызначаная для расейцаў. Яна трапляе ў «дзясятку» расейскіх чаканьняў адносна Беларусі. Расейскія інтэлігенты ўжо даўно расчараваныя тым, куды і як рухаецца Расея, іх увагу ўсё больш і больш прыцягвае Лукашэнка і Беларусь. Не рэальная, а як нейкая ідэальная карцінка. Кніга Шаўцова цалкам адпавядае іх чаканьням, так што можна заплюшчыць вочы на яе асобныя хібы. Якія хібы могуць быць у ідэалу?

І гэта слушна. Не быцьцё вызначае сьвядомасьць, а ідэалы і каштоўнасьці вызначаюць нашае жыцьцё і тое, што мы пра гэтае жыцьцё думаем. У мяне і ў Юр’я Шаўцова розныя каштоўнасьці. Таму і стан рэчаў у нашай супольнай Беларусі мы ацэньваем па-рознаму.

  палітоляг, мэтадоляг, аўтар кніг «Белорусская демократия: вопреки очевидности» (1996), «Вопиющее молчание» (2001). Уладальнік пэрсанальнай вэб-старонкі worvik.com. Ягоны апошні артыкул у «ARCHE» (супольна з Андрэем Ягоравым) выйшаў пад назвай «Перамога над рэжымам або сьмерць нацыі: дылема будучых прэзыдэнцкіх выбараў» (4/2005).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/24