A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Карані і метады постсавецкай віртуальнасці


Што рабіць, калі губляць уладу не хочацца, але трэба, каб была дэмакратыя? Усё проста: здымі кіно пра выбары са сваёй перамогай у канцы, запрасі народ у масоўку, каб ён патусаваўся, пакажы па тэлебачанні і праводзь чарговую інаўгурацыю. Эндру Уілсан напісаў кнігу пра тое, што за фасадам нібыта канкурэнтнай электаральнай палітыкі, нейкіх выбараў, кааліцый, скандалаў, парламенцкіх дэбатаў і г. д. працуе велізарная індустрыя падману. Па вялікім рахунку, постсавецкая палітыка, якую мы назіраем – гэта ўсяго толькі віртуальная рэчаіснасць, якая існуе на блакітных экранах і, магчыма, на старонках газет ды ў Інтэрнэце – але не ў жыцці.

Віртуальная палітыка – гэта нават не фальсіфікацыя выбарцаў, а фальсіфікацыя гульцоў на выбарах. Гэта рэаліі, у якіх, напрыклад, Зюганаў з Глазьевым альбо Сіманенка з Вітрэнкай – гэта лялькі, спадары Паўлоўскі альбо Гельман – лялькаводы, а спадары Суркоў, Беразоўскі ці Медвядчук – лялькаводы тых лялькаводаў. Гэта працэс, які шчыльна рэгулюецца адміністрацыйным рэсурсам. Гэта барацьба, якая зводзіцца да серыі дызайнерскіх праектаў і не мае нічога супольнага з рэальнай канкурэнцыяй ці адказнасцю. Гэта драматургія, у якой гульцы і сюжэт выдумваюцца пад канкрэтнага кліента. Гэта «рэчаіснасць», якая ствараецца пад замову і за вялікія грошы, але якую грамадства ў сваёй большасці і ў большасці выпадкаў атаясамлівае ці мусіць атаясамліваць з сапраўднасцю. Віртуальная палітыка толькі прыкрывае сапраўдныя працэсы размеркавання і рэалізацыі ўлады, якія ажыццяўляюцца ва ўсяго некалькіх калідорах і офісах. Ці была перамога партыі Уладзіміра Жырыноўскага на парламенцкіх выбарах 1993 г. нашэсцем карычневай чумы? Ці сапраўдным было змаганне расійскіх камуністаў за ўладу ў 1996 г. (альбо ўкраінскіх у 1999 г.)? У чым сутнасць канфлікту на думскіх выбарах у 1999 г. альбо 2003 г.? Чаму самыя ідэалагічна незамірэнчыя ворагі капіталізму так шчыльна зрасліся з гэтым самым капіталізмам? Чаму грамадству паведамілі пра такое зрастанне толькі ў пэўны момант? Чым былі насамрэч кандыдатуры генерала Лебедзя ў Расіі і Наталлі Вітрэнкі ва Украіне, чым былі партыі кшталту «Родины» ды ўкраінскага «Яблука», прагрэсіўных сацыялістаў альбо незлічоных партый пенсіянераў, жанчын, бясконцых камуністычных і нацыяналістычных рухаў?

Сёння мы ведаем адказы на ўсе гэтыя пытанні. Аднак калі звесці ўсе факты ў сістэму, можна прыйсці, як Уілсан, да простай высновы. Нават там, дзе калісьці існаваў фасад дэмакратыі (перш за ўсё ў Расеі), ніколі не было нармальнага дэмакратычнага палітычнага працэсу. Ён быў падменены піярам, і піяршчыкі, якія ствараюць ілюзію барацьбы, а не партыі ці кандыдаты, якія быццам бы мусілі весці барацьбу, сталі галоўнымі акторамі на так званых выбарах. І ўвесь гэты піяр, уся быццам бы барацьба кіравалася і накіроўвалася тымі, хто трымаў ключы ад сапраўднай улады – палітычнай, адміністрацыйнай, фінансавай.

Піяр і віртуальная палітыка – гэта, канечне, не чыста постсавецкі феномен. Скажам, як нейкая дзесьці Партыя Жыцця і Адраджэння чагосьці, галоўныя амерыканскія партыі, рэспубліканцы і дэмакраты, не маюць сяброўскіх білетаў і нават офісаў, акрамя, можа, галаўнога. Тоны лабістаў і піяршчыкаў на Кей-стрыт у Вашынгтоне спецыялізуюцца на стварэнні «народных» рухаў за нешта, якія насамрэч падтрымліваюцца буйнымі карпарацыямі. У ЗША менеджэры перадвыбарных кампаній – таксама наёмнікі, а не партыйныя актывісты. Якая-небудзь Нікола М вельмі добра чулася б на Кей-стрыт.

Але ж постсавецкая віртуальная палітыка розніцца ад амерыканскай адным аспектам – роляй дзяржавы. У канкурэнтнай дэмакратыі піяр і тэхналогіі, падстаўкі і правакацыі, фальшывыя партыі і кандыдаты-лялькі – гэта ўсё ж прыватны бізнес. У Расеі (і да нядаўняга часу ва Украіне), напрыклад, гэты бізнес ужо цалкам нацыяналізаваны. Крэмль цалкам кантралюе тэлебачанне – галоўны інструмент віртуальнай палітыкі. Піяршчыкі наўпрост перайшлі на службу ў Крэмль, а тыя, хто не перайшоў, папросту зніклі з бізнесу – асабліва пасля таго, як губернатараў сталі прызначаць, а думскія выбары сталі занадта прадказальнымі.

Уілсан дасціпна дакументуе і апавядае ў дэталях пра аўтараў і выканаўцаў постсавецкай віртуальнасці, пра іх метады і тэхналогіі. Аднак, акрамя гэтага, ён імкнецца і аналізаваць прыроду з’явы.

КАРАНІ ВІРТУАЛЬНАЙ ПАЛІТЫКІ

Віртуальная палітыка мае некалькі ўдзельнікаў і назіральнікаў. Па-першае, гэта эліты, якія перакананыя ў тым, што ўся палітыка можа рабіцца толькі «на вярхах», а народам можна маніпуляваць як заўгодна. Па-другое, гэта сродкі масавай інфармацыі, якія знаходзяцца пад поўным кантролем гэтых эліт. Па-трэцяе – гэта цэлая кагорта цынікаў, якія гатовыя дапамагаць элітам у маніпуляцыі грамадскай думкай і свядомасцю сродкамі мас-медыяў, так званыя паліттэхнолагі ці, у ангельскамоўнай інтэрпрэтацыі, spin doctors (майстры падману). І, нарэшце, па-чацвёртае, гэта сам народ: апатычны, пазбаўлены веры ў тое, што палітыка можа неяк паўплываць, тым больш станоўча, на іх жыццё, закормлены ідэалогіяй і такім чынам расчараваны ў ідэалах, і гэткім чынам звыклы глядзець на палітыку і нават у шырэйшым сэнсе на навіны і любую інфармацыю проста як на шоў, штосьці сярэдняе паміж фільмамі жахаў і мыльнымі операмі. Феномен віртуальнай палітыкі ўзнікае тады, калі ўсе вышэйпералічаныя гульцы існуюць у адзін час і на адным палітычным і інфармацыйным полі. Тады палітыка знікае як такая, і ёй на змену прыходзяць тэхналогіі, якія падмяняюць сабой і палітыку, і навіны, і інфармацыю, і нават саму рэчаіснасць.

Віртуальная палітыка найперш мае глыбокія карані ў расійскай палітычнай культуры, якая за часы існавання Расійскай ды савецкай імперый транслявалася і на іншыя народы былога СССР. Асноўныя яе рысы – гэта патрыярхальнасць, адсутнасць традыцый грамадзянскай супольнасці і ўдзелу, падпарадкаванасць чалавека ўладзе і як вынік – адсутнасць у вялікай часткі насельніцтва нават жадання фармуляваць уласную думку аб палітычных падзеях. Дадайце да гэтага схільнасць да ірацыянальнасці і веру ў «Іванаў-дурняў», традыцыйны скептыцызм у дачыненні да ўлады, усведамленне вечнага падзелу на «паноў» ды «мужыкоў» і як вынік – цынічнае стаўленне да палітыкі, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Цынізм, патрыярхальнасць і схільнасць да ірацыянальнасці ствараюць спрыяльную глебу для сенсацыйных выкрыццяў, войнаў кампрамату, чорнага піяру і віртуальных герояў-выратавальнікаў. Акрамя гэтага, Уілсан падкрэслівае і такую гістарычную перадумову для віртуальнай палітыкі, як імперская традыцыя, а значыць – і несфармаванасць нацыянальнай самасвядомасці ў Расеі, дзе існыя формы самаідэнтыфікацыі завязаныя на ўладу і паноўны рэжым, а не на супольнасць суродзічаў і грамадзянаў. Пра гэта, дарэчы, наўпрост заявіў прынц сучаснай віртуальнай палітыкі Глеб Паўлоўскі, чыю цытату прыводзіць Уілсан:

Расійская ўлада ніколі не была і не будзе нацыянальнай, гэта значыць, чымсьці, што ажыццяўляецца людзьмі. Мы, расійцы, прымітыўныя (mediocre) славяне і скіфы. Нашу ідэнтычнасць вызначае наша камунікацыя, а наша камунікацыя – гэта ўлада, унутры ўлады, пра ўладу, – тайную і помслівую.

Паўлоўскі таксама цытуе філосафа Міхаіла Гефлера: «Гэта (Расія) не проста грамадства ўлады. Мы таксама этас улады». Як вынік несфармаванасці нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці – атамізацыя грамадства, адсутнасць гарызантальных каналаў камунікацыі і ўсведамлення супольнага дабра, што цягне за сабой немагчымасць палітыкі ў традыцыйным сэнсе, якая амаль па азначэнні падмяняецца віртуальнымі, элітнымі праектамі.

Цынізм эліт і ўсведамленне іх усёўладнасці таксама мае на постсавецкай прасторы даволі доўгую традыцыю. Уілсан прасочвае яе карані аж да імперскіх часоў і ў нейкім сэнсе бачыць вытокі віртуальнай палітыкі яшчэ ў дапятроўскай Русі (пачынаючы аж з цара Ілжэдзмітрыя). У больш блізкім гістарычным часе прыкладамі віртуалізацыі палітыкі былі аперацыі царскай ахранкі па стварэнні ілжэрэвалюцыйных арганізацый дзеля расколу і разбурэння рэальных (нагадаем такіх гістарычных персанажаў, як Азэф і поп Гапон); арганізацыя інтэлектуальных правакацый для стварэння выгаднага ўладам ідэалагічнага фону і сацыяльнага клімату (найбольш вядомы прыклад – стварэнне і распаўсюджванне сумнавядомых «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў») альбо прамоцыя ультрарадыкальных элементаў дзеля стварэння іміджу рэжыму як найменшага зла (напрыклад, актыўнае спрыянне Саюзу Архангела Міхаіла Уладзіміра Пурышкевіча).

За савецкім часам, з канструяваннем таталітарнай улады і надыходам эры «электронных медыяў» (спачатку толькі радыё), віртуальная палітыка набыла новыя, оруэлаўскія рысы і памеры. Якраз-такі оруэлаўская віртуальнасць (вайна – гэта мір, няведанне – сіла і г. д.) і сталася візітоўкай савецкай прапагандысцкай машыны, якая, паводле словаў аднаго даследчыка, «стварыла глыбокія скажэнні якога-кольвек адчування часу, прычын ці наступстваў». За сталінскім часам віртуалізацыя жыцця з паказальнымі працэсамі, канвеернай распрацоўкай змоваў і іх выкрыццё дасягнулі свайго піку.

Прапагандысцкі канвеер, які яе абслугоўвае, фактычна працягвае рэпрадукавацца ў сучасных палітычных тэхналогіях. Яшчэ адна інстытуцыя, якая захавала і перадала традыцыі савецкай віртуалізацыі ў постсавецкі час – гэта КГБ з яго традыцыямі правакацый, кампрамату, шантажу, ідэалагічных войнаў, вонкавай прапаганды, прамоцыі міфічных «нацыянальна-вызваленчых рухаў», расколу дысідэнцкіх рухаў і нацыяналістычнага андэграўнду (мяркую, што нагадваць пра ролю КГБ і яго нашчадкаў, як на арганізацыйным, так і асабістым узроўні, у постсавецкай палітыцы не варта). Традыцыі віртуальнасці і інфармацыйнай драматургіі працягнуліся і за часам перабудовы. Уілсан нагадвае пра спробы стрымлівання сілаў і працэсаў, якія яны разгарнулі, праз шматлікія праекты, што нараджаліся Крамлём і КГБ. У асноўным гэта былі праекты, якія мусілі альбо падмяніць, альбо аслабіць тыя сілы, што перабудова падштурхнула да жыцця і якія паноўная наменклатура не магла стрымаць, як гаворыцца, чыстымі рукамі. Такімі праектамі былі ЛДП Жырыноўскага, шматлікія сурагаты сапраўдных апазіцыйных партый і народных франтоў, гэтаксама як ультранацыяналістычныя і радыкальныя камуністычныя арганізацыі, што быццам бы ствараліся, каб прадставіць паноўную наменклатуру і асабіста генсека Гарбачова альбо гарантам стабільнасці, альбо меншым злом. Уілсан адносіць да такіх віртуальных праектаў, напрыклад, і вядомую ў свой час змагарку за справу Сталіна Ніну Андрэеву (чый антыгарбачоўскі артыкул 1988 г. «Не магу адступацца ад прынцыпаў» нібыта насамрэч быў арганізаваны гарбачоўцамі дзеля кампраметацыі непажаданых канкурэнтаў у Палітбюро як «ястрабаў»), і нават жнівеньскі путч 1991 г., які нібыта пачаўся як спроба Гарбачова зарганізаваць цудоўнае выратаванне краіны ад дыктатуры пад сваім мудрым кіраўніцтвам (дадамо, што чуткі пра датычнасць Гарбачова да путчу ў свой час сапраўды хадзілі, але яны ніколі не пацвердзіліся).

ВІРТУАЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА Ў ПОСТСАВЕЦКІ ЧАС

Чаму ў выніку палітычных зменаў на постсавецкай прасторы ў такіх краінах, як Расія ці Украіна, замацавалася віртуальная, а не рэальная палітыка? Тут з кнігі Уілсана можна вывесці тры адказы на пытанне. Па-першае, у гэтых краінах вельмі рана сфармаваўся «стары новы» паноўны клас, легітымнасць улады і капіталаў якога была вельмі сумнеўнай, і таму рэальнай палітычнай канкурэнцыі ён сабе проста не мог дазволіць. Па-другое, з шэрагу прычын гэтаму паноўнаму класу быў патрэбны імідж дэмакратыі (хутчэй для вонкавага, а не ўнутранага карыстання). Дарэчы, пры адсутнасці гэтых двух чыннікаў (як гэта было ў Беларусі) асаблівай патрэбы ў віртуалізацыі палітыкі проста няма – як і самой палітыкі. Ну і, па-трэцяе, адыграла ролю тое, што дзевяностыя гады ў сацыяльным аспекце ў чымсьці былі працягам гадоў сямідзесятых-васьмідзесятых, калі савецкі яшчэ народ шчыльна назіраў за цынічнымі паводзінамі (сумессю прапагандысцкай ахінеі і амаль не хаванага паказнога спажывання) з боку старога паноўнага класа. Таму злоўжыванні, крадзеж і карупцыя постсавецкіх гадоў толькі пацвердзілі папулярны стэрэатып пра тое, што «ўсе яны такія». Для простага чалавека палітыка страціла актуальнасць. Да таго ж тэлевізар застаўся асноўнай крыніцай інфармацыі, якую гэты просты чалавек мог сабе дазволіць. Усе чыннікі для віртуальнай палітыкі склаліся.

Асноўная частка кнігі Уілсана прысвечана каралям чорнага піяру і палітычных падставак ды іх метадам. Першы, больш цывільны метад – даволі простае па тэхніцы іміджмейкерства («зрабіце мне прыгожа»). Другі, больш складаны і варты аналізу метад – гэта маскаванне кліента пад цэлую віртуальную драму, якая спецыяльна ствараецца дзеля забеспячэння пэўнага палітычнага ці электаральнага выніку, гэтак званая «інфармацыйная драматургія». Яе сэнс – у штучным стварэнні зусім новых, канечне віртуальных, кантэкстаў, канфліктаў і пагроз, якія прымушаюць грамадства згадзіцца з выбарам (кандыдата ці, скажам, кірунку руху), ужо зробленым за яго элітамі і пра які яшчэ некалькі месяцаў ці тыдняў таму ніхто ў цвярозым розуме і падумаць не мог.

Найбольш распаўсюджанымі прыёмамі інфармацыйнай драматургіі ёсць, напрыклад, «перавод стрэлак» (пошук новых ворагаў, вінаватых у тым ці іншым няшчасці, альбо пошук новага няшчасця, дзеля таго, каб адцягнуць увагу ад існуючых праблем, за якія відавочна нясуць адказнасць цяперашнія ўлады). Класічны прыклад пераводу стрэлак – гэта стварэнне віртуальных пагроз, напрыклад фашысцкіх, камуністычных ці алігархічных, напярэдадні выбараў (скажам, у 1995 г. у Беларусі праз сумнавядомую прадукцыю «Нянавісць. Дзеці ілжы»; правакацыя расійскага паліттэхнолага Станіслава Бялкоўскага пра змову алігархаў у 2003 г., якая забяспечыла прыкрыццё канчатковай цэнтралізацыі ўлады Пуціным; альбо, меней удалы прыклад, у 2004 г. ва Украіне праз раздзіманне міфа аб нашэсці бандэраўскага нацыяналізму. Можна сказаць, што першы сапраўды паспяховы віртуальны праект на постсавецкай прасторы – гэта «змаганне з карупцыяй» дэпутата Вярхоўнага савета РБ 12-га склікання Аляксандра Лукашэнкі). Іншы метад, так званая «зялёная брама», наўмысная і штучная палярызацыя выбару (тут класічныя прыклады – драматургія прэзідэнцкіх выбараў 1996 г. у Расіі і 1999 г. ва Украіне). Альтэрнатыўна выбар можа быць наўмысна размыты стварэннем ледзь не дзесяткаў дробных і дробненькіх партый ці кандыдатаў, якія затушоўваюць сутнасць «галоўнага» супрацьстаяння (так званая тактыка «шматслойнага пірага», якая да апошняга часу заўжды ўжывалася на парламенцкіх выбарах у Расіі і ва Украіне: уладныя эліты, калі яны былі няздольныя стварыць адзіную і моцную партыю ўлады, былі вымушаныя намагацца, каб існавала як мага больш дробных партый). Нарэшце, больш дарагі прыклад інфармацыйнай драматургіі – гэта «віртуальная вайна» (згадваецца ўшэсце на расійскі пасад прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў 1999 г.).

Адзін аспект даследавання Уілсана сам сабою дае даволі добрае ўяўленне пра характар віртуальнай палітыкі на постсавецкай прасторы, перш за ўсё ў Расіі і ва Украіне. Амаль палова кнігі прысвечана тэорыі і практыцы стварэння падкантрольнай апазіцыі. У гэтым ёсць свой сэнс. «Мяккая» аўтарытарная ўлада, у якой найвышэйшая патрэба ў віртуалізацыі і ў тым, каб «усё выглядала прыгожа», сама сабою не вельмі спрытная для стварэння прывабнага і – галоўнае – вартага даверу дэмакратычнага фасаду, які б схаваў сапраўдныя механізмы і адносіны ўлады (бюракратычныя і алігархічныя кланы і г. д.). Таму неабходным чыннікам выжывання для такіх рэжымаў было стварэнне цалкам кантраляванай, прадказальнай і бяспечнай апазіцыі.

Першы этап канструявання кантраляванай апазіцыі – разбурэнне сапраўдных груповак, якія ўсур’ёз намагаліся змагацца за ўладу, перш за ўсё дэмакратычных рухаў і па-за Расіяй, Народных франтоў, што паўсталі яшчэ напрыканцы савецкай эпохі. Калі не хапала простых адміністрацыйных мераў (разгрому альбо забароны) ці інфармацыйнага кілерства а-ля Азаронак, у ход ішлі складанейшыя прыёмы, такія, як стварэнне «мух» (партый ці індывідаў, што спецыялізаваліся на атаках і дэфармацыі) альбо «двайнікоў» (якія, наадварот, былі дублёрамі і выклікалі непаразуменні). Наступны крок – гэта стварэнне цалкам кантраляванай апазіцыі: віртуальных камуністаў – радыкалаў, лібералаў, «зялёных» (чыста эколагаў, якіх з сапраўднымі лучыць толькі колер амерыканскага долара). Тут, бадай, некалькіх старонак не хопіць, каб пералічыць усе магчымыя і немагчымыя віртуальныя апазіцыйныя праекты нават у Расіі і ва Украіне – пачынаючы з «ліберал-дэмакратаў» Жырыноўскага і «прагрэсіўных сацыялістаў» Вітрэнкі ва Украіне (праект стрымлівання камуністаў і сапраўдных некантраляваных сацыялістаў Мароза), фальшывых лібералаў (украінская «Каманда Азімага Пакалення»), безлічы нацыяналістычных і ультранацыяналістычных праектаў у Расіі (ад «Святой Русі» праз «Партыю Сапраўдных Патрыётаў» да «За Русь Святую») і ва Украіне (прамоцыя УНА-УНСО для дыскрэдытацыі цывільных правых сілаў), а таксама міфічных «функцыянальных» праектаў (партыі жанчын, пенсіянераў і г. д.). Стварэнне кантраляванай апазіцыі мае ўжо новую мэту – гэта прэзентацыя ілюзіі інтрыгі, спаборніцтва, непрадказальнасці. Нарэшце, апошні крок у працэсе апанавання апазіцыяй – гэта прыватызацыя альбо разбурэнне апошніх рэальна існуючых палітычных суб’ектаў, як правіла – камуністаў, якія выявіліся найбольш здольнымі да самастойнага палітычнага існавання ў постсавецкую эпоху.

Прыручэнне камуністаў ажыццяўляецца ў некалькі этапаў. Першы – гэта іх ператварэнне ў частку новага класа, так сказаць, «абуржуазніванне». Пасля таго, як яны перасядаюць на дарагія «мерседэсы» і пераязджаюць у асабнякі, абзаводзяцца бізнесамі і спонсарамі, настае перыяд дыскрэдытацыі («ату, камуністы здрадзілі і пабраталіся з буржуямі!»). На трэцім этапе здыскрэдытаваныя і аслабленыя камуністы робяцца паслухмянымі ўдзельнікамі віртуальных праектаў – дзеля выжывання ды захавання «буржуазных прывілеяў».

На гэтым апошнім этапе віртуальная палітыка амаль вычэрпвае сябе, як яна вычарпала сябе ў Расіі пасля парламенцкіх выбараў 2003 г. Пасля таго, як усё апынаецца пад кантролем, ужо немагчымая драматургія ўнутранага палітычнага канфлікту, стварэнне ілюзіі непрадказальнасці і спаборніцтва. Застаецца толькі драматургія вайны, пастаяннае раздзіманне міфа пра варожае атачэнне і вонкавыя пагрозы. Настае эра Суркова. Альбо, альтэрнатыўна, віртуальная рэчаіснасць бурыцца і саступае месца сапраўднай палітычнай барацьбе, як гэта адбылося ва Украіне. Дык чаму дзве краіны, дзе існавалі гэтак падобныя палітычныя і эканамічныя рэаліі, так разышліся ў сваіх шляхах?

ДЗЕ МЕЖЫ ВІРТУАЛЬНАСЦІ?

Уілсан не дае дакладнага адказу – кніга пайшла ў друк перад падзеямі ў Кіеве ў лістападзе 2004 г., але ў ягоным аналізе можна знайсці некалькі намёкаў. Перад гэтым, аднак, засяродзім увагу на абмежаванасцях і недарэчнасцях яго аргументацыі.

Аўтар яўна «зарапартаваўся» ва ўжыванні аналітычнай схемы, якую ён выпрацаваў на прыкладах Расіі і Украіны, да ўсёй постсавецкай прасторы. Ён забыўся, што імкненне да таго, каб усё выглядала прыгожа, перш за ўсё ўласціва слабым аўтарытарным рэжымам, якія не могуць сабе дазволіць больш жорсткіх актыўных мераў, што зводзяцца да інфармацыйнага, арганізацыйнага і нават фізічнага знішчэння апазіцыі задоўга да ўсялякіх выбараў. У гэтам сэнсе ягоныя намаганні знайсці, напрыклад, доказы маніпулявання апазіцыйным асяроддзем з боку лукашэнкаўскай улады ў Беларусі выглядаюць проста камічна. А дзе нават выгляд палітычнай канкурэнцыі, дзеля якой патрэбна такая маніпуляцыя? Як вынік, аўтарам проста выдуманыя падзеі, якіх не было. Ну, напрыклад, ён сцвярджае, што «фракцыя Вячоркі і Хадыкі» ў БНФ прасоўвалася ўладамі дзеля нейтралізацыі Пазняка. І дзеля доказу – проста хлуслівае сцвярджэнне пра тое, што «фракцыя Вячоркі–Хадыкі» ўдзельнічала ў выбарах у лукашэнкаўскі парламент у 2000 г. Магчыма, гэтую інфармацыю хтосьці падкінуў аўтару для падстаўкі. Як чалавек, які трошкі дапамагаў аўтару ў зборы інфармацыі, афіцыйна заяўляю – гэта быў не я. Таксама недарэчныя сцвярджэнні аўтара пра тое, што нібыта на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. Лукашэнку было патрэбна як мага больш кандыдатаў (тыповы стэрэатып пад уплывам Расіі і Украіны 1990-х гг.: Лукашэнка настолькі апанаваў уладу, што яму былі патрэбныя выбары ў адзін тур, а гэта значыць – як мага меней канкурэнтаў). Альбо залічэнне Мікалая Статкевіча і Міхаіла Марыніча ў шэраг віртуальных праектаў расколу апазіцыі – заўважым, што кніга пісалася да таго, як абодва апынуліся за кратамі, але аўтар рэцэнзіі персанальна папярэджваў спадара Уілсана не рабіць такіх высноў.

Таксама час ад часу выклікаюць пытанне крыніцы, якімі карыстаецца аўтар. Прывяду прыклад: у разважаннях пра расійскі ўплыў часу прэзідэнцкай кампаніі 1994 г. у Беларусі аўтар прыводзіць дзве крыніцы: «Нашэсце» Уладзіміра Мацкевіча і... прыватную гутарку з Віталём Сіліцкім. Ну, я сапраўды казаў спадару Уілсану, што лічу, што пэўныя колы ў Маскве дапамагалі Лукашэнку. Але як, даруйце, на час той кампаніі студэнт апошняга курсу БДУ мог быць аўтарытэтным экспертам у такіх пытаннях?

Час ад часу аўтар выдае даволі гіпатэтычныя сцвярджэнні за стопрацэнтныя факты, прыводзячы ў якасці крыніц думкі некалькіх паліттэхнолагаў. Напрыклад, ён падае як дадзенае тое, што прэзідэнцкія выбары 1996 г. у Расіі выйграў насамрэч Зюганаў, а не Ельцын. Так, гэта магчыма; тое, што тыя выбары былі ў значнай ступені сфальсіфікаваныя – відавочна, але тое, што іх насамрэч выйграў іншы – далёка не факт, і жалезных доказаў такой тэорыі Уілсан не прывёў. Але ён на аснове гэтага сцвярджэння робіць далёкасяжныя высновы пра расійскую палітыку. Пры гэтым Уілсан значна больш асцярожны ў абыходжанні з іншымі гіпотэзамі, у пацверджанні якіх можна знайсці нашмат болей доказаў: напрыклад, пра тое, што другая чачэнская вайна была насамрэч часткай праекту замены Ельцына Пуціным. Тут, кажа Уілсан, «высвятленне таго, ці праўда гэта, можа каштаваць задорага». Дык што, проста ляжачага біць можна?

Нарэшце, у сваёй аргументацыі, што ўсё ў постсавецкай палітыцы, так сказаць, «схоплена», Уілсан час ад часу абапіраецца на зусім не ключавыя падзеі і з’явы. Напрыклад, апісваючы кіроўную ролю КПСС і КГБ у стварэнні палітычнай апазіцыі за гарбачоўскім часам, Уілсан засяроджвае ўвагу на персонах Жырыноўскага ці Льва Убожкі (тагачасны гарадскі вар’ят, чыя роля прыкладна адпавядала прозвішчу) і ігнаруе такія з’явы, як, скажам, «Дэмакратычная Расія» ці прыбалтыйскія і закаўказскія Народныя франты. У шырэйшым сэнсе, Уілсан не імкнецца правесці мяжу паміж тым, што задумвалася, і тым, што атрымалася. Так, уся перабудова была віртуальным праектам, але ці быў распад СССР планаванай падзеяй???

Вяртаемся да межаў віртуальнасці. Уілсан прызнае, што не ўся постсавецкая палітыка віртуальная, і не ўся віртуальнасць можа быць схаваная ад вачэй. Часам гэта адбываецца, калі рэчаіснасць усё ж такі немагчыма схаваць за іміджам на тэлебачанні. Вядомы выпадак (пра яго апавядаюць былыя карэспандэнты «Washington Post» Пітэр Бейкер і Сюзан Глэйсіер у сваёй кнізе «Узмацненне Крамля» («Kremlin Rising. Vladimir Putin’s Russia and The End of Revolution»), калі прэзідэнт Пуцін выклікаў «на дыван» сумнавядомага медыя-кілера Сяргея Дарэнку, тады яшчэ гаворачую галаву ОРТ, і ўжо апальнага алігарха Барыса Беразоўскага пасля таго, як у праграме ОРТ, лямантуючы, жанчыны казалі ўсё, што думалі пра Пуціна і дзяржаву ўвогуле. «Дзе ты знайшоў гэтых шлюх?!» – крычаў на Дарэнку Пуцін. «Гэта ж жонкі падводнікаў», – толькі і адказаў той. Паводле ягонага трапнага вызначэння, «для Пуціна не існуе рэчаіснасці – для яго існуюць толькі інфармацыйныя тэхналогіі». Безумоўна, калі рэчаіснасць нельга звесці да тэлекарцінкі, тэхналогіі пачынаюць сыпацца. У Расіі гэта ў нейкай ступені адбылося пасля падзей у Беслане і пратэстаў з нагоды змяншэння льготаў, якія нанеслі балючы ўдар па іміджы моцнай і стабільнай пуцінскай улады. У нейкім сэнсе тое, што такая фігура, як Глеб Паўлоўскі, сама мусіла ператварыцца ў гаворачую галаву і такім чынам перавесці працэс прапаганды ў рэжым ручнога кіравання, кажа пра нейкі стан роспачы, які быў толькі пабольшаны поўным крахам расійскіх майстроў падману ва Украіне. Аднак відавочна, што з віртуальнай рэчаіснасці, як з той Матрыцы, расійскае грамадства, нават пасля пэўнага псіхалагічнага запалохвання, не вырвалася. Бадай, таму што базавыя адносіны да сябе, дзяржавы і палітыкі не змяніліся.

А што тады здарылася ва Украіне? Чаму там пракалоўся ўвесь адміністрацыйны рэсурс і афіцыйная прапаганда? На жаль, кніга была ўжо амаль у друку, калі адбывалася Памаранчавая рэвалюцыя. У сваім кароткім аналізе Уілсан знаходзіць прычыны паразы партыі ўлады перш за ўсё ў нізкай тэхналагічнасці кампаніі Януковіча (напрыклад, ён верыць у тое, што выкарыстанне некаторых стандартных тэхналогій, напрыклад раскрутка «трэцяй сілы» паводле метаду генерала Лебедзя, дапамагла б перамагчы ўладам больш чыста). Аднак можна знайсці і больш глыбокія прычыны. Уілсан прыводзіць сведчанні некаторых расійскіх паліттэхнолагаў яшчэ з кампаніі 2002 г. З чым яны тады сутыкнуліся ва Украіне, гэта тое, што для багатай часткі насельніцтва нават слова «паліттэхнолаг» стала чымсьці накшталт лаянкі. Яно выклікала асацыяцыі з такімі тэрмінамі, як улада, карупцыя, хлусня, а таксама Расія. Іншымі словамі – сама з’ява палітычных тэхналогій стала ўспрымацца як ашуканства, а таксама нешта чужынскае, неўласцівае мясцовай культуры.

Тут згадаем фундаментальную тэзу Уілсана пра тое, што падставай для віртуальнай палітыкі ёсць грамадства, пазбаўленнае каштоўнасцяў і самасвядомасці. Дык ці не ў гэтым корань правалу віртуальнай палітыкі ва Украіне? Відавочна, што Памаранчавая рэвалюцыя, як і іншыя дэмакратычныя рэвалюцыі, была найперш нацыянальным паўстаннем. Толькі пачуццё адказнасці перад краінай і народам, адчуванне супольнага лёсу магло прымусіць людзей сядзець тыднямі ў снезе. Толькі яны маглі стварыць устойлівае непрыманне пачварнага падману і падставак у медыях. Толькі пры існаванні незалежнай ад скрыні з блакітным экранам сістэмы каштоўнасцяў магло прыйсці пачуццё персанальнай адказнасці за супольную справу.

Уілсан (дарэчы, вядомы даследчык украінскага нацыяналізму) даў дастаткова матэрыялу для развагі аб прычынах краху віртуальнай палітыкі ва Украіне, але, можа, з прычыны недахопу часу сам гэты аргумент, як кажуць, «не раскруціў». У выніку яго даследаванне ўжо стала прадметам маніпуляцый з боку лявацкіх плыняў на Захадзе, якія ўспрынялі яго аналіз (напрыклад «Times Literary Supplement») як пацверджанне тэзы пра тое, што Памаранчавая рэвалюцыя – гэта частка сусветнай неакансерватыўнай змовы. Для рэцэнзенткі Кейт Браўн «Times Literary Supplement» аналіз Уілсана абяліў крытыкаў Памаранчавай рэвалюцыі з брытанскай газеты «Guardian» і амерыканскага часопісу «Nation», якія дагэтуль адкрыта смуткуюць па паразе Расіі ў халоднай вайне. Абсурдныя і часцяком камічныя заявы аўтараў гэтых выданняў ужо сталі здабыткам гісторыі: напрыклад, вядомы гісторык Стывен Коэн абвінаваціў заходнія медыі ў развязванні новай халоднай вайны з Расіяй проста за тое, што яны крытыкавалі паводзіны Крамля і яго падтрымку фальшавання выбараў. А Джонатан Стыл, аўтар абодвух выданняў, выклаў тэорыю, што рэвалюцыя ва Украіне здзейснілася дзякуючы ўмяшальніцтву ЗША, якое пераўзышло ўсё, што рабіла Расія. Паколькі фактамі падобныя высновы ніяк нельга пацвердзіць (асабліва калі высветлілася, што Расія на Януковіча выдаткавала больш, чым уся карпаратыўная Амерыка на Буша падчас амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў 2004 г.), прыйшлося вычварацца і прыдумляць дзіўныя тлумачэнні. Напрыклад, паводле версіі Стыла, сапраўдны ўплыў ЗША ва Украіне быў не ў фінансавай, а ў інтэлектуальнай сферы. Іншымі словамі, украінскія рэвалюцыянеры з падачы заакіянскіх спонсараў скарысталі больш эфектыўныя лозунгі і дзякуючы імпартаваным тэхналогіям (у тым ліку тэхналогіі здзяйснення рэвалюцыі) перамаглі менавіта ў віртуальнай барацьбе. Абсурднасць падобнага аргумента можна прадэманстраваць адным пытаннем: чаму амерыканцы выявіліся больш эфектыўнымі тэхнолагамі, чым расійцы? Як магло адбыцца, што яны лепш за Паўлоўскага ці Гельмана зразумелі «ўкраінскі менталітэт»? Калі наследаваць логіцы амерыканскіх і брытанскіх левакоў, гэта магло адбыцца толькі таму, што ўкраінцы былі загадзя «прамытыя» заходняй прапагандай, так што расійцы аказаліся бездапаможныя. Тут, аднак, узнікае больш глыбокае пытанне: чаму расійскія тэхналогіі не спрацавалі? Магчыма, адказ крыецца ў аналізе падстаў для віртуальнай палітыкі, што прыведзены вышэй. Нагадаем, адна з іх – гэта слабасць нацыянальнай ідэнтыфікацыі і нявера ў саму ідэю калектыўнага дабра. Ці не тут пракалоліся і Паўлоўскі з Пуціным, і «Nation»? Ці не мацаванне ўкраінскай самасвядомасці прывяло да таго, што большасць грамадства не толькі перастала ўспрымаць расійскія культурныя стэрэатыпы, што трансляваліся тэхналогіямі, але і ўзнялася супраць саміх тэхналогій, саміх спробаў маніпуляцыі, успрыняўшы іх як нешта абразлівае і чужынскае?

Дарэчы, тут мы закранаем і шэраг пытанняў, звязаных і з беларускімі рэаліямі. Для пэўнай часткі альтэрнатыўнай беларускай інтэлектуальнай эліты пытанне выбару паміж нацыянальнай свядомасцю і «тэхналогіямі» ў барацьбе за дэмакратыю канчаткова вырашана на карысць апошніх. Наагул, паводле трапнай заўвагі Андрэя Казакевіча ў яго аналізе «Беларуская сістэма: марфалогія, фізіялогія, генеалогія» («ARCHE», 4/2004), амаль усе развагі пра супрацьстаянне Лукашэнку зводзяцца да пошуку «тэхналогій». Тыя, хто не зацыклены на піяры, расцэньваюцца як ідэалісты фармацыі канца 1980-х – пачатку 1990-х гг., якія пазбаўленыя прагматызму і не разумеюць беларускай рэчаіснасці. Аднак першае і не апошняе (чытайце «ARCHE»!) пытанне да прагматыкаў: палітычныя тэхналогіі па азначэнні – гэта інструмент улады, а не апазіцыі. Гэта інструмент дэмабілізацыі, тое, што прыкоўвае абывацеля да тэлевізара і прымушае яго згадзіцца з выбарам, які за яго ўжо зрабілі эліты. Дык ці можа нават самая прыгожая віртуальная рэчаіснасць, нават калі вы яе створыце, матываваць чалавека на тое, каб рызыкаваць здароўем, становішчам, і нават жыццём?

  палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». Сёлета ініцыяваў шырокую грамадзкую дыскусію з нагоды расейскамоўнага вяшчаньня на Беларусь нямецкай радыёстанцыі «Deutsche Welle».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/24