A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  АКСАНА БЯЗЛЕПКІНА

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аксана Бязлепкіна
Дакторка Югася,
альбо Як здабыць літаратурную нішу


Каляда Югася. Галоўная памылка Афанасія. – Менск: Мастацкая літаратура, 2005. – 206 с.

«Або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс», – зацята паўтарала Муза, прыдуманая Югасяй Калядой. Зрэшты, гэта і сапраўды не найгоршы творчы сцэнар: разбуральнае ўздзеянне рэальнага жыцця трансфармаваць у стваральны акт творчасці. Гэта так жыццесцвярджальна: з хаосу сваіх пачуццяў і думак стварыць мікракосм мастацкага твора. І калі я дацягну свой смутак дадому, я паспрабую ператапіць яго ў натхненне.

У трылогіі «Лета» смутак пераплятаецца эмоцыямі і пачуццямі, і чытач нібы прысутнічае пры іранічнай споведзі, калі прапануецца толькі адна версія падзей, магчыма – праўдзівая, магчыма – не, але ў кожным разе чытанне перацякае ў квазісяброўскае камунікаванне: размова выходзіць такой, якой часта і бывае ў рэальным жыцці – маналагічнай, нястрымнай і мазаічнай.

Калі ў стылёвай плыні трылогіі «Лета» ўстаўныя сюжэтныя аповеды выглядаюць своеасаблівымі выспамі і іх прыхільнікамі стануць чытачы, для якіх важней, як напісаны твор, то аповесць «Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія» задаволіць густы аматараў сюжэтнай прозы. Неідэальныя гераіні густоўна, прыстойна, далікатна, вытанчана спрабуюць адпомсціць за нешчаслівае каханне адной з іх праз напісанне апавядання (хаця складана вызначыць, у чым палягала віна хлопца: ці то ў ягонай нячуласці, ці то ў тым, што ён стаў аб’ектам неўзаемнага пачуцця). А вось напісанае імі апавяданне, героем якога і стаў Афанасій, прасякнута монтэ-крыстаўскім матывам справядлівай помсты: мужчына атрымлівае заслужаную кару за выкарыстанне напрацаваных тэхналогій у такой нерацыянальнай сферы, як каханне, уласна кажучы, за няздольнасць кахаць. Адпомсцілі дзяўчаты ўсё ж недалікатна, на што як аўтаркі мелі права: літаратар мае магчымасць адчуць сябе дэміургам для сваіх герояў, цалкам усведамляючы раённасць маштабаў свайго сусвету:

– Божа! – нячутна ўзмаліўся ён. <…> – Нашто ты стварыў мяне? <…>

Які ты дурны, Афанасі. <…> Гэта я стварыла цябе.

Гераіні Югасі Каляды (і з трылогіі, і з аповесці) выбіраюць для сябе не папулярныя пасіўныя ўцёкі ад жыцця праз чытанне чужых раманаў, але актыўны эскейпізм першага ўзроўню. Нават не эскейпізм, бо гэта ж зусім не ўцёкі. Гэта атака! Амаль аперацыйнае ўмяшальніцтва ў жыццё.

Усе мае наступныя візіты ў Кантору ператварыліся ў суцэльнае нерваванне ды калаценне рук, сэрца і каленяў: сустрэну ці не сустрэну? <…> Ну натуральна, што не сустракала – ён рэдка выходзіў з кабінета. І мой спачатку добры настрой змяніўся нечым, вельмі падобным да псіхозу. <…> Мне такі расклад не падабаўся. Я была сабой вельмі незадаволеная. Ёлкі-палкі, ну колькі можна! <…> Я пачала з гэтым змагацца. Я завяла дзённік, дзе штовечара прагназавала наступны дзень. Я здзекавалася ды смяялася сама з сябе, бязлітасна апісваючы ўсе мае пачуцці ў залежнасці ад меркаваных падзеяў наступнага дня. <…> Я прэпаравала свае эмоцыі, як патолагаанатам. Я малявала схемы ды графікі. Праз месяц я ўжо мела ўсе стэрэатыпы маіх пачуццяў ды паводзін. Я складала іх у табліцы: «Стандартны дзень без паездкі ў Кантору», «Нервовы дзень з паездкай у Кантору без сустрэчы з Рэвізорам», «Звышнервовы дзень майго сутыкнення з Рэвізорам у бухгалтэрыі», «Супернервовы дзень майго беспасярэдняга сутыкнення з Рэвізорам з нагоды пералічэння рахунку. Здараецца раз на месяц». Праз два месяцы я адчула, што нешта змяняецца.

Гераіні Югасі Каляды – асобы звышэмацыянальныя, для якіх творчасць – гэта спосаб выпускання пары, спосаб накіроўвання лішняй энергіі ў сацыяльна прымальнае рэчышча. Фантазіяванне на паперы для іх – як пусканне крыві, што некалі практыкавалася дактарамі, і «творапусканне» ратуе гераіняў кнігі ад жыцця і адначасова вяртае іх у жыццё.

«Я адчуваю сябе багіняй», – кажа гераіня Югасі Каляды пасля акту творчасці. «Для чалавека творчасць – спроба пабыць Богам», – пацвердзіла Югася Каляда на прэзентацыі кнігі.

Хай сабе гэта не адкрыццё, але напраўду выратавальная пазіцыя для чалавека, які верыць, што народжаны для шчасця, ды чамусьці адчувае сябе няшчасным. У літаратурнай творчасці Сусвет няспраўджаных жаданняў перараджаецца ў прастору, дзе ўсё магчыма. Гераіні кнігі (як і рэальныя чытачкі) не могуць змусіць сябе закахацца альбо змусіць некага закахацца ў іх, іхняя актыўнасць не сягае так далёка, каб даць выспятка таму, хто меў неасцярожнасць іх пакрыўдзіць. Але – фантазія плюс папера і асадка (як варыянт – камп’ютэр) – і вось ужо крыўдзіцель складваецца напалам ад удару ботам. Навідавоку тэрапеўтычная функцыя літаратуры – і для аўтара, і для чытача.

На сайце Litara.net ішло вельмі актыўнае і вельмі страснае (аж да пераходу на асобы) абмеркаванне кнігі «Галоўная памылка Афанасія». Адна з удзельніц дыскусіі адзначыла інфантыльнасць гераіняў, маўляў, у 20 гадоў паненкі мусяць быць іншымі. Іх неўтаймоўная экзальтаванасць сапраўды можа здавацца недарэчнай альбо нават смешнай. Ды варта толькі азірнуцца – і лёгка заўважыць, што ў школах, універсітэтах, у кавярнях і на канцэртах нас атачаюць іх браты і сёстры па эмоцыях. Тыя, хто штовечара спавядаюцца ў сваіх папяровых ці віртуальных дзённіках. Найноўшыя тэхналогіі далі магчымасць кожнаму, хто мае патрэбу, спраўджвацца ў сеціве. Я не кажу, што аматары пачуццяў без адчуванняў і ёсць героі нашага часу, але яны ёсць.

Вызначаць адпаведнасць людзей іх узросту – клопат псіхолагаў, але гэтая згадка пра інфантыльнасць падштурхнула мяне да наступнага пытання: хто яны, чытачы кнігі Югасі Каляды? У мяне адказ выйшаў такі: гэта маладыя людзі альбо людзі, якія памятаюць сябе маладымі (і больш верагодна, што гэта дзяўчаты, бо як напісаў мне ў эсэмэсцы знаёмы хлопец, адзін з чытачоў кнігі «Галоўная памылка Афанасія»: «Я з цяжкасцю пераношу жаночыя развагі»).

Ва ўсіх людзей бываюць узроставыя праблемы, якія на момант свайго ўзнікнення падаюцца невырашальнымі. А праз дваццаць год будзе смешна, што фізкультура – галоўны прадмет ва універсітэце і што нейкі там хлопец не пазваніў. Хтосьці памятае тыя свае перажыванні ці, прынамсі, разумее іх – гэта чытачы Югасі Каляды. А хтось грэбліва паглядае з вышыні ўзросту і забытага досведу – гэта чытачы іншых кніжак.

Для маладога пісьменніка, які піша не псеўдафіласафічныя нататкі, а творы пра сябе і сваіх раўналеткаў, самым небяспечным з’яўляецца ўзроставы снабізм дарослых ці тых, хто сябе такімі лічыць. «Што новага яна мне адкрые?» і «Пісаць прозу да трыццаці год бессэнсоўна». А чытаць? Што чытаць падлеткам і моладзі? Ка-рат-ке-ві-ча? Яго якраз чытаюць і без нашых парад. Хіба што зацяты фанат творчасці класіка праглыне ўсе ягоныя раманы і аповесці за год максімум. Прыхільнікі гістарычнай прозы знойдуць сабе чытанкі яшчэ гадоў на пяць. А потым? А калі не аматары гістарычнага? Калі ўлічыць, што літаратурныя густы людзей на працягу жыцця кардынальна не мяняюцца, то робіцца відавочным, што беларуская літаратура можа цалкам задаволіць чытацкія патрэбы толькі аматараў вясковай і ваеннай прозы: каб на ўсё жыццё хапіла чытаць з улюбёнага.

Ганна Кісліцына ў адным з інтэрв’ю аднесла кнігу Югасі Каляды (як, дарэчы, і маю «Ляўшу на тэнісным корце») да падлеткавай літаратуры (як кажуць у такіх выпадках – «для старэйшага школьнага і малодшага студэнцкага ўзростаў»). З гэтай нагоды народ у беларускамоўным сеціве пачаў пакепліваць. А дарма: ніша вольная. Дзяцінства сённяшняй моладзі прыпала на беларусізацыю, многія з шаснаццаці-дваццацігадовых проста прагнуць беларускіх кніжак. Беларускамоўных кніжак наогул – не маючы права на пераборлівасць і дагаджэнне ўласным густам.

Напраўду, што можна прапанаваць пачытаць «няіснаму сярэднестатыстычнаму» падлетку падлеткавага – рамантычнага, вясёлага, прыгодніцкага? Маладому чалавеку наогул? За апошняе трыццацігоддзе наша «моладзевая літаратура» прыдбала «Бацьку ў калаўроце» Рыгора Семашкевіча, «Гісторыю хваробы» Андрэя Федарэнкі, «Белы мурашнік» Пятра Васючэнкі, «Ноч пацалункаў незалежнасці» Алеся Наварыча і некаторыя іншыя. Складана сказаць, чаму тады, напрыканцы 1980-х, не заснавалі серыю літаратуры для моладзі. Верагодна, паўторыцца сітуацыя, якая адбылася з дэтэктыўнай літаратурай: серыю заснавалі не тады, калі ў ёй была пільная патрэба і калі з’явіліся першыя тэксты беларускіх аўтараў, а ў 2004 г., у часы перанасычанасці рынку расійскамоўнымі дэтэктывамі.

Чаму наш літаратурны працэс такі грувастка-павольны? Фантастыка Андрэя Паўлухіна прабівалася ў друк з неверагоднымі цяжкасцямі і ўрэшце пабачыла свет у расійскамоўным варыянце. У іншай літаратуры Алена Брава напісала б пра кубінскую спёку і жарсць не адзін твор, а шэраг: пакуль не вычарпала б дарэшты чытацкую цікавасць. Нумары «Маладосці» з раздзеламі «Тэолага» Максіма Клімковіча і Уладзіміра Сцяпана немагчыма набыць – разбіраюць. А «Тэолаг-2» выйдзе ў друк толькі ў 2006 г. А як жа «касі, каса, пакуль раса»?

У незапоўненай нішы моладзевай літаратуры ў «Галоўнай памылкі Афанасія» Югасі Каляды ёсць усе шанцы стаць настольнай кнігай для тых чытачак, якім у чаканні тэлефоннага званка ад каханага патрэбна падтрымка ў выглядзе аптымістычнай гісторыі пра недарэчнага і ленаватага анёла-ахоўніка.

  літаратурны крытык. Дэбютавала таголета ў «ARCHE» сваім эсэ «Амбітная літаратура». Мае ў даробку кнігу прозы «Ляўша на тэнісным корце» і кнігу крытыкі «Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/29