A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ВІКТАР КОРБУТ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віктар Корбут
Сыны і пасынкі ВКЛ


Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. I. – Мн., 2005. – 688 с.

Мы сёння ганарымся, што Вялікае Княства Літоўскае было «домам», так бы мовіць, нашых продкаў, што Беларусь была геаграфічным цэнтрам ВКЛ (замоўчваючы, што палітычным была ўласна Літва). Гэтае нашае сённяшняе ўспрыманне таго часу, вядома ж, не пазбаўлена рамантычнага ідэалізму. Усякае было ў ВКЛ – бо то быў не рай на зямлі, а адна з формаў існавання тутэйшага люду, як да ВКЛ такімі формамі былі рускія і нярускія княствы ў «пабалцкай» Паўночна-Усходняй Еўропе, невядомыя нам грамадскія формы «дарускай», далетапіснай, дагістарычнай Беларусі. Як і ўсякае было і пасля ВКЛ. Але з той гісторыі, што помніцца, з яе дзесяці, груба адмяраючы, вякоў, ВКЛ займае больш за палову. Дзесьці там шукаюцца вытокі беларускай ідэнтычнасці, мовы, высокай культуры. Нацыянальны гонар выводзіцца толькі з ВКЛ. Статут беларускай дзяржаўнасці – гэта Літоўскі Статут, бо ён – гэта ідэал Закону, узор кадыфікацыі мовы, Запавет для цэлага народу.

Якое ж месца нашых продкаў у ВКЛ? На гэтыя пытанні хацелася б знайсці адказы ў незвычайным для цяперашняга часу выданні – двухтамовай энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае». Першы яе том выйшаў у пару, калі дачыненні між Беларуссю і Літвою, маткаю і галоўнаю спадкаемніцаю ВКЛ, яго поўнаю цёзкаю, заставаліся досыць напружаныя. Аб’ект увагі кнігі – «старажытная Беларуска-Літоўская дзяржава». Чаму Беларусь і Літва доўга былі разам, але сёння яны паасобку? Адказ на гэтае пытанне чытач мае знайсці сам.

(Цікава было б уявіць, як магла б выглядаць такая ж энцыклапедыя пра Расійскую імперыю, якую, праўда, нават пры вялікім жаданні Беларуска-Расійскаю дзяржаваю не назавеш. Іначай кажучы, мы бачым парадаксальную карціну: у варунках яднання Беларусі і Расіі выходзіць кніга, што сведчыць пра больш арганічную лучнасць Беларусі з Літвою, а ў больш шырокім кантэксце – яшчэ і з Польшчаю, Украінаю, а ўвогуле – з рэштаю Еўропы, але ж зусім не з Расіяй!)

Ідэалагічнае значэнне кнігі відавочнае. Але важны, між тым, не кан’юнктурны падтэкст – «антырасійскі», а дакладней – непрарасійскі. Важна, што пастулюе кніга: і не звонку, а з сярэдзіны. Тое, што вокладка першага тому аздобленая акварэллю літоўскага мастака Юозапаса Камараўскаса1 з выяваю віленскай рэзідэнцыі вялікіх князёў, а не краявідам якога-небудзь беларускага (у сучасным разуменні) горада ў колішнім ВКЛ. Кніга «выслізнула» з-пад кан’юнктуры «ідэалогіі беларускай дзяржавы»2.

Але ці выслізнула з-пад ідэалагізацыі агулам? Возьмем артыкул Анатоля Грыцкевіча «Гісторыя» ва ўводнай, «манаграфічнай» частцы энцыклапедыі, дзе розныя аўтары характарызуюць агульныя заканамернасці развіцця ВКЛ, ад яго ўтварэння да скону, ад культуры да гаспадаркі.

  журналіст. Супрацоўнічае зь дзяржаўнымі і недзяржаўнымі выданьнямі. Апублікаваў летась у «ARCHE» агляд «Культура вайны».
   
«Ядром ВКЛ пры яго ўтварэнні ў сярэдзіне 13 ст. былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння і землі па верхнім цячэнні р. Віліі», – сцвярджае Анатоль Пятровіч. Калі б фраза была дапоўнена паясненнем: «паводле меркавання шэрагу беларускіх гісторыкаў, прыкл., М. Ермаловіча, А. Краўцэвіча», можна было б згадзіцца з гэтаю фармулёўкаю. Але ж чаканага ўдакладнення няма. Голы «факт». Такі ж «факт», як і тое, што «ўтварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х гг., калі па запрашэнні мясц. баяр тут стаў княжыць Міндоўг» (тамсама). Але літаральна праз старонку мы бачым досыць падрабязную карту «пад артыкул» А. Грыцкевіча – «Вялікае княства Літоўскае ў XIII – першай палове XIV ст.». Яе аўтар – вядомы даследнік палітычнай гісторыі ВКЛ Вячаслаў Насевіч. Беларускі навуковец, што істотна. Ён паказвае і «непасрэдныя ўладанні «старэйшай» літоўскай дынастыі – «Літоўскую зямлю» ў 1219–1245 гг.», якая ахоплівае ў асноўным сярэдняе і ніжняе цячэнне Вяллі (Нярыс) і часткова сярэдні Нёман (Нямунас), і «тэрыторыю, непасрэдна падуладную Міндоўгу каля 1250 г.» (г. зн. акрэсленая Літоўская зямля плюс далучаныя землі на поўдні – з Гораднам, Ваўкавыскам, Слонімам ды Новагародкам). В. Насевіч – прызнаны аўтарытэт: і як картограф, і як гісторык. Тое, што на ягоныя карты спасылаюцца і літоўскія гісторыкі, сведчыць пра іх грунтоўнасць і аб’ектыўнасць3.

Такім чынам, або мы маем справу з нейкімі двума аўтарытэтнымі меркаваннямі, або нехта – ці В. Насевіч, ці А. Грыцкевіч – памыляецца. Новагародак не фігуруе ў В. Насевіча як «сталіца» ВКЛ, пагатоў далучаны да Літоўскай зямлі ён быў толькі «каля 1250 г.» – значыць, каранацыя Міндаўга тут у 1240-я гг. сумнеўная, калі не сказаць немагчымая4. Што да лакалізацыі пачаткаў ВКЛ, то прыведзеныя цытаты паказваюць усю супярэчлівасць успрымання гэтай падзеі беларускімі гісторыкамі. І калі спецыялісты «разбяруцца», паспаліты чытач застанецца ў неўразуменні. Або хутчэй паверыць не складанай карце В. Насевіча, а простым словам А. Грыцкевіча.

А. Грыцкевіч – выдатны абагульняльнік, ён добра піша, умее адсейваць факты – асноўныя ад дробных, чым і можна вытлумачыць выбар яго як «аналітычнага розуму» ў якасці аднаго з аўтараў энцыклапедыі. Між тым А. Грыцкевіч – адзін з аўтараў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. I–VI, Менск, 1993–2003 гг.), вядомай сваім «нацыяналістычным» пафасам у асвятленні тэмаў, што тычацца літоўскага перыяду, асабліва ранняга, беларускай мінуўшчыны.

Між тым, акурат параўнанне ЭВКЛ з ЭГБ дазваляе сцвердзіць: першая перарасла другую. Вырасла пакаленне аўтараў, не абцяжаных псеўдапатрыятызмам. ЭВКЛ паказвае рост беларускай гістарыяграфіі ў агуле і ў прыватнасці. Сярод навуковых кансультантаў ЭВКЛ ёсць нават адзін літоўскі гісторык – Томас Баранаўскас5. Т. Баранаўскас напісаў шэраг артыкулаў, сярод іх – біяграфіі літоўскіх гісторыкаў (некаторыя непадпісаныя, але, магчыма, таксама яго аўтарства). Дарэчы, у беларускай энцыклапедыі ўпершыню так шырока прадстаўленыя постаці літоўскіх даследнікаў супольнай мінуўшчыны.

Калі ўжо гаварылася пра карты, то апрача В. Насевіча ў гэтую дзялянку важкі ўклад зрабіў В. Цемушаў – ягоныя мапы створаныя, відавочна, як на падставе напрацовак калегаў з суседніх краін, гэтак і на аснове ўласных знаходак. Гэта «Змены ўсходняй граніцы ВКЛ у канцы XV – першай трэці XVI ст.» (I, 369), «Вярхоўскія княствы ў канцы XIII – пачатку XVI ст.» (I, 477). Асабліва цікавая карта «Галіцка-Валынскае княства ў першай палове XIII ст.» (I, 484), што суадносіцца з разгляданаю кагадзе тут Насевічаваю мапаю ВКЛ таго ж перыяду.

Мы звыклі бачыць на айчынных картах тэрыторыю пазнейшай Заходняй Беларусі «падзеленаю» між Гарадзенскім, Новагародскім княствамі – незалежнымі або (нібыта) залежнымі ад Полацкага. Першая беларуская карта, што паказвае стан справаў у гэтым рэгіёне з пачатку XIII ст. (бо што было раней – цяжка пэўна ўявіць6), блізкі да рэальнасці, – цемушаўская. Мы бачым, што сучасная Гарадзенская вобл. у 1205 г. належала да дзяржавы Рамана Мсціславіча з Гарадзенскім, Новагародскім ды іншымі ўдзеламі (княствамі), а ў 1263 г., год смерці Міндаўга, да Літвы, а вось цяперашняя Берасцейская вобл. заставалася ў руках галіцка-валынскіх князёў яшчэ вельмі доўга, перш чым увайшла ў склад ВКЛ.

Артыкул пра Галіцка-Валынскае княства напісаў Валеры Пазднякоў. Адзін з яго найбольш цікавых і «гарачых» артыкулаў – «Вільня»7. Віленская тэматыка займае ў энцыклапедыі досыць значнае месца (I, 408–444) – так шырока яна дагэтуль у Беларусі не асвятлялася. Апрача відаў віленскіх помнікаў дойлідства варта адзначыць план Вільні канца XVI ст. работы В. Пазднякова з указаннем на ім «Рускага горада» места, святыняў і палацаў сталіцы часоў Скарыны.

Разам з Вільняю, дзе «побач з літоўцамі (...) жылі інш. народы», у энцыклапедыі разглядаюцца іншыя літоўскія (а таксама ўкраінскія і цяпер польскія, расійскія, латвійскія) гарады, што адпавядае канцэпцыі выдання – ахапіць усё ВКЛ, не толькі яго «беларускую» частку. Прычым напісанне тапонімаў выбрана паводле тых формаў, што існавалі ў часы ВКЛ і ўжываліся ў пісьмовых крыніцах на (старабела)рускай мове княства. Гэта досыць цікавы ход, эксперымент – нават так можна сказаць, бо мы не маем уласнай трывалай традыцыі менавання тых жа літоўскіх паселішчаў (за выняткам такіх вядомых, асабліва размешчаных у межах беларускай моўнай прасторы, як Вільня, Трокі, Меднікі, Салечнікі, Еўе, а таксама Коўна, Шаўлі ды інш.) па-беларуску. Наколькі ўдалая цяперашняя спроба – пакажа час. (У артыкуле «Ашмяны» выклікае сумнеў правільнасць напісання другаснай формы назвы гэтага паселішча – Ашмена (I, 269; на карце М. Спірыдонава «Ашмянскі павет у канцы XVI ст.» (I, 268) бачым тым часам Ашмяна). Як вядома, націск тут падае на апошні склад, таму больш адпаведным мясцоваму і гістарычнаму вымаўленню быў бы адменнік Ашмяна (< літ. Ašmena; традыцыйная беларуская форма дакладна паўтарае літоўскую).

У афармленні артыкулаў выяўляецца непаслядоўнасць: у адным выпадку загаловачным словам выступае «старое» – Гародня, а ў другім «новае» – Ашмяны, а не Гродна і Ашмяны або Горадна і Ашмяна. Першы, «карэктны», варыянт вымагаў бы тады пачынаць і «літоўскія» артыкулы формамі Вілкавішкіс і Вільнюс, а не Ваўкавышкі і Вільня. Маем Берасце, але Вілейка, чамусь Вендэн, але Вэвіс (I, 619), хоць паводле аўтэнтычнага вымаўлення мела б быць Вевіс і Вэндэн.

Тэкст В. Насевіча «Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел» энцыклапедычна сціслы і адначасова змястоўны. Асабліва каштоўныя ягоныя падлікі працэнтнага стасунку розных тэрыторый у складзе ВКЛ: пачаткова ВКЛ складалася з трох частак: зямлі Літоўскай (64 тыс. км2), Жамойцкай (27 тыс. км2) і Новагародскай (23 тыс. км2), чыста балцкая, або няруская, тэрыторыя займала 80 % дзяржавы. У сярэдзіне XIV ст. гэтыя землі разам складалі 38 % княства («палітычная Літва»), прычым балцкая частка дзяржавы складала менш за траціну ад агульнага яе абшару. Доля палітычнай і этнічнай Літвы няўхільна змяншалася. Прыкладам, у 20-я гг. XV ст. сучасная Літва займала 10 % ВКЛ, Беларусь – 30 % (у этнаграфічных межах XIX ст. – 38 %). Да пачатку XVI ст. на «Літву» прыпадала 14 %, на «Беларусь» – 45 %, у часы Рэчы Паспалітай – адпаведна 23 % і 77 %.

Зрэшты, вывады з гэтага можна рабіць толькі супастаўляючы гэтыя лічбы са звесткамі пра дэмаграфічную, эканамічную долю таго або іншага рэгіёну ў дзяржаве, палітычную ролю розных класаў і этнічных групаў. Некаторыя з гэтых пытанняў асвятляюцца яшчэ ў адным Насевічавым артыкуле – «Дэмаграфія, заселенасць».

Аналіз праблемы народаў і моваў ВКЛ зрабіў Уладзімір Свяжынскі. Разгляд этнічнай карты Беларусі і Літвы перыяду ўтварэння ВКЛ аўтар справядліва пачынае з ятвягаў, як найбольшага балцкага племя, што ўлілося ў склад беларускага этнасу на тэрыторыі, дзе паўставала княства. Беларускі навуковец салідарызуецца з літоўскім калегам Зігмасам Зінькявічусам: «размежаванне літ. і слав. арэалаў у ранні час існавання ВКЛ з-за складанай моўнай сітуацыі – даволі цяжкая задача: «усходняя мяжа тэрыторыі літоўскай мовы вельмі няясная». Паводле Ігара Чаквіна, старабеларуская мова была «афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ» (I, 303), выконваючы ролю сродка камунікацыі між поліэтнічным насельніцтвам дзяржавы. Аб такой ролі г. зв. старабеларускай мовы можна разважаць з пэўнымі агаворкамі, бо дыскусія на гэтую тэму працягваецца. Функцыянаванне рускай (не расейскай) мовы ў ВКЛ адбывалася паралельна з іншымі «мовамі культуры» – лацінаю, польскаю, нямецкаю, не кажучы ўжо пра гаворкі простага люду, у т. л. літоўскую8. Сцверджанне ў артыкуле «Народы і мовы», што «пачынаючы з 15 ст. носьбіты польскіх гаворак трыма міграцыйнымі патокамі перасяляліся на Палессе» (I, 63) нагадвае старыя тэорыі аб польскай каланізацыі Літвы і Беларусі, што мусілі былі вытлумачыць прысутнасць тут значнай польскай меншасці. Цяпер ужо не выклікае сумнення, што тутэйшыя палякі – гэта пераважна рэлігійная супольнасць.

  1 Вось толькі ў выданні нідзе не пазначана, чыя гэта гравюра і агулам што на ёй выяўлена. Бо на гравюры Ю. Камараўскаса адлюстравана ўсяго толькі ўяўляная вялікакняская рэзідэнцыя ў Вільні. Намаляваў графік сваю карціну 10 мая 1894 г. (паводле: Drėma V. Dingжs Vilnius. Vilnius, 1991. с. 110; тамсама гл. іншыя рэканструкцыі даўняй і адлюстраванні рэальнай Вільні аўтарства гэтага ды іншых мастакоў рознага часу), калі ні Ніжняга, ні Верхняга Замка «жывымі» ён не мог заспець. «Віды» Ю. Камараўскаса – гэта рэфлексіі над творамі папярэднікаў, што яшчэ бачылі тое-сёе з вялікакняжацкай старасветчыны жыўцом. Дарэчы, цяпер у Вільні актыўна адбудоўваецца Ніжні Замак, а таксама абмяркоўваецца ідэя рэканструкцыі Субачаўскай мескай брамы, разбуранай за царскай Расіяй.

2 І таму яшчэ больш дзіўна выглядае не толькі выхад кнігі ў дзяржаўным выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», але і – і найперш гэта ўражвае – тое, што «выпуск выдання ажыццёўлены па заказу і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь»! Міністэрства, што выконвае функцыі былога Глаўліта, дае «зялёнае святло» прадукту, не зусім адпаведнаму паноўнай ідэалогіі. Праўда, наклад – 3000 экз. – адразу абмяжоўвае чытацкую аўдыторыю ЭВКЛ – як у Беларусі, так і за мяжою.

3 Параўн., прыкл.: Baranauskas T. Lietuvos valstybės ištakos. Vilnius, 2000. с. 172. Насевічава карта пачаткаў ВКЛ відавочна дакладнейшая ад аналагічных літоўскіх, параўн.: Lietuvos istorijos atlasas. Vilnius, 2001. с. 12 («Mindaugo karalystė XIII a. II pusėje»), 14–15 («Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė XIII a. – XV a. viduryje»); Gudavičius E. Lietuvos istorija nuo seniausių laikų iki 1569 m. – Vilnius, 2001. Priedas. Žemėlapiai («Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė XIII a. – XV a. viduryje»).

4 Крытыку тэорыі «сталічнасці» Новагародку гл.: Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац. Баранавічы, 2002. с. 29–44; Баранаўскас Т. Месца каранацыі Міндоўга // Спадчына. 2002. № 5–6. с. 26–31.

5 На жаль, насуперак заяве, што ў стварэнні энцыклапедыі бяруць удзел не толькі «вядучыя вучоныя Беларусі», але і «навукоўцы з Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі» (I, 5), артыкулы апошніх амаль непрыкметныя на беларускім фоне. Апрача літоўца Т. Баранаўскаса замежжа ў рэдкалегіі прадстаўляе толькі Мікола Нікалаеў, беларус паводле нараджэння, з Санкт-Пецярбургу.

6 Прыблізны племянны падзел гэтай тэрыторыі да сярэдзіны XIII ст. гл.: Lietuvos istorijos atlasas. с. 10–11; параўн.: Дзермант А. Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс // Druvis. 2005. № 1. с. 20 (карта «Тэрыторыя рассялення полацка-смаленскіх ды пскоўскіх крывічоў (IX–XII стст.)»).

7 Суперпатрыятычнасць некаторых пасажаў аналагічнага артыкула ЭГБ (параўн. пачатковую гісторыю горада: Ткачоў М., Таляронак с., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. II. Мн., 1994. C. 292–293) кантрастуе з навуковай грунтоўнасцю ЭВКЛ.

   
У энцыклапедыі бракуе артыкула «Балты», да якога была б дарэчнаю і карта, што дала б магчымасць супаставіць граніцы рассялення даўніх балтаў у Беларусі і Літве і дазволіла б зрабіць выснову пра заканамернасць пашырэння літоўскай улады над значнымі абшарамі даўняй Русі, якая, у сваю чаргу, улучала вялікую частку старой Балтыі.

Надта «лёгкім» выйшаў у В. Пазднякова артыкул «Гуды» (I, 560), пры напісанні якога праігнараваныя некаторыя падставовыя работы, прысвечаныя гэтаму этноніму9. Аўтар мяркуе, што гуды паходзяць ад готаў, між тым сёння ёсць сур’ёзныя падставы бачыць вытокі гудаў на ўласна балцкай тэрыторыі, у т. л. на землях Беларусі, што паспрабаваў давесці літоўскі лінгвіст Сімас Каралюнас10.

У раздзеле «Шляхта» артыкула «Саслоўная структура» не выклікае даверу сцверджанне, што на пачатку XVI ст. «сярэднія і дробныя феадалы бел. паходжання складалі 80 % усіх феадалаў, 19 % – літ. паходжання» (I, 73). Якія феадалы «хаваюцца» за «страчаным» 1 %, што маецца на ўвазе пад «беларускімі» і «літоўскімі» арыстакратамі – склад іх крыві, тэрыторыя пражывання, уласныя сведчанні пра родную мову і нацыянальнасць? Попіс войска ВКЛ 1528 г., на які спасылаецца яго аўтар, дазваляе канстатаваць намнога большую вагу літоўскіх феадалаў (хаця б паводле прозвішчаў). Даследаванні польскіх гісторыкаў, між іншага Яна Якубоўскага і Генрыка Лаўмянскага, сведчаць пра большую шчыльнасць, а адпаведна і колькасць насельніцтва ў этнічнай Літве ва ўказаны перыяд. Колькасць коней, якіх выстаўляла літоўская шляхта ў параўнанні з рускаю, складала больш за 60 % ад агульнага ліку11. Дзеля таго, што беларускія даследнікі схільныя даваць лічбы адваротныя, праблема як быццам дагэтуль застаецца неразвязанай, прынамсі, што да айчыннай гістарыяграфіі12.

Раздзел «Харчаванне» ў артыкуле «Матэрыяльныя ўмовы жыцця», напісаны Алесем Белым, паказвае, што можна гаварыць пра існаванне адзінай беларуска-літоўскай кухні з яе рэгіянальнымі адметнасцямі, шчыльна звязанай супольнымі традыцыямі з польскай кулінарыяй (асабліва з XVI ст.; на жаль, пра традыцыі харчавання ранейшага часу ў пісьмовых крыніцах захавалася вельмі мала звестак, таму тэма разглядаецца пераважна ў храналагічных межах, што адпавядаюць часу існавання Рэчы Паспалітай).

Ірына Махоўская не здолела выявіць рэгіянальных адрозненняў у адзенні насельніцтва даўняй Літвы, прынамсі яна нічога не піша аб іх у адпаведным раздзеле артыкула «Матэрыяльныя ўмовы жыцця». Што да іншых сфераў мастацтва, то і тут аўтары засталіся пераважна ў нацыянальнай шкарлупіне (параўн. раздзелы артыкула «Мастацтва»: I, 136–151; аналагічная сітуацыя ў артыкулах слоўнікавай часткі ЭВКЛ, прысвечаных «глабальным тэмам»: «Адраджэнне», «Асветніцтва», «Барока» ды інш.).

Шмат карыснай інфармацыі дае агляд «Крыніцы гісторыі». Толькі насуперак сцверджанню яго аўтара (I, 155) сучаснае навуковае выданне Першага Літоўскага Статуту выйшла не адным томам заміж запланаваных пяці, а ў двух тамах (трох кнігах (частках)) у Вільні ў 1983, 1985 і 1991 гг. (праект не завершаны), а пасля і аднатомнікам у 2001 і 2004 гг.13. Шкада, што няма ў аглядзе згадкі пра адзін з найважнейшых зборнікаў дакументаў – «Chartularium Lithuaniae res gestas magni ducis Gedeminne illustrans = Gedimino laiškai» (Вільня, 2003 г.), хоць згадваецца ранейшая аналагічная публікацыя – «Gedimino laiškai = Послания Гедимина» (Вільня, 1966 г.) (I, 158), а на «Chartularium...» у артыкуле «Гедзімін» спасылаецца В. Насевіч (I, 520). Рэдактар В. Пазднякоў заявіў у прыватнай размове, што аўтарскія тэксты мінімальна падганяліся адзін да аднаго, а між тым узгадненне розных пазіцый і выпрацоўванне методыкі «згладжвання» відавочных супярэчнасцяў і недапрацовак дазволіла б узняць ЭВКЛ на вышэйшы ровень.

Здаецца, нашы навукоўцы ўсведамляюць многія праблемы. Як адзначаюць той жа г. Галенчанка і Ю. Бохан у артыкуле «Гістарыяграфія», «развіццю бел. гістарыяграфіі ВКЛ перашкаджае адсутнасць моцных гістарыяграфічных традыцый, нераспрацаванасць шмат якіх сфер і кірункаў айчыннай гісторыі (...), распаўсюджанасць спрошчаных гістарыяграфічных стэрэатыпаў і міфалагем у значнай частцы навук.-папулярнай літаратуры і падручнікаў» (I, 193). Пра творчасць М. Ермаловіча гаворыцца: «шмат якія аспекты яго прац заслугоўваюць увагі», але «яго канцэпцыя мае гіпатэтычны характар», канцэпцыя ж А. Краўцэвіча «патрабуе дадатковага абгрунтавання», а што да пачаткаў ВКЛ, то «больш рэалістычная выснова выкладзена ў працы Насевіча»14 (I, 175).

(Гістарыяграфічны агляд ЭВКЛ, дарэчы, толькі фрагментарна ахоплівае работы небеларускіх аўтараў. Да таго ж сёння ў Літве актыўна перавыдаюцца крыніцы нацыянальнай гісторыі ў арыгінале і ў перакладзе на літоўскую мову, у гэтым плане Беларусь аказваецца на інтэлектуальнай перыферыі, нягледзячы на некаторыя станоўчыя выняткі15.)

Калі Сямён Падокшын піша ў артыкуле «Адраджэнне» пра «станаўленне нацыянальных (бел., укр. і літ.) культур у складзе поліэтнічнай і рознарэлігійнай інтэграванай дзяржавы ва ўмовах незавершанага працэсу нац. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў» (I, 207), можна толькі здагадвацца, што хацеў ён сказаць. Як маглі афармляцца нацыянальныя культуры ў варунках незавершанага нацыягенезу, і агулам – ці маглі ў той час адбывацца хоць якія нацыянальныя працэсы, калі такая з’ява, як мадэрная нацыя, народзіцца толькі ў канцы XVIII ст.? Ці ведае аўтар розніцу між паняццямі нацыя, народ, люд? Гэта пытанне не да аднаго с. Падокшына. Ці мог «асветнік» Міхал Клеафас Агінскі, як цвердзіць Вячаслаў Шалькевіч, «прапаноўваць» «ідэю адраджэння бел. дзяржаўнасці, страчанай у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай» (I, 257)? Ці ведаў М. К. Агінскі пра такую дзяржаву, як Беларусь, ці мог ён яе хаця б сніць?..

Энцыклапедыя ВКЛ – гэта ўсё ж найперш унутраны беларускі праект, нягледзячы на ўдзел некаторых гісторыкаў з-за мяжы. Гэта беларускі погляд на Княства з усімі ўласцівымі яму супярэчнасцямі. Нічога заганнага ў гэтым няма. Але ёсць сэнс думаць над стварэннем усеагульнай энцыклапедыі пра ВКЛ – з рэальным удзелам гісторыкаў усіх краін-спадкаемцаў спадчыны даўняй Літвы, з міжнароднай рэдкалегіяй.

І ўсё ж, ЭВКЛ, бадай, – першая спроба ў беларускай гістарычнай навуцы разгляду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў яго поўных граніцах, а не толькі на беларускім, хай сабе і «цэнтральным» «лапіку»16. Праз энцыклапедыю беларускі чытач упершыню можа ўявіць сябе адным з мільёнаў спадкаемцаў культурнай і гістарычнай традыцыі ўсяго ВКЛ, адчуць сябе «сваім» не толькі ў Вільні, але і ў Коўне, і ў Луцку. Чаго варта «адкрыццё» для беларусаў замка Радзівілаў у валынскай Алыцы (Олика) або ў літоўскіх Біржах (Birћai) – не менш уражвальных за нясвіжскі (I, 220–221, 332).

А пакуль ёсць надзея, што беларускія гісторыкі зробяць усё, каб «уз’яднаць» часткі колішняга цэлага – Вялікага Княства – у жывы арганізм і разбіць тыя стэрэатыпы, што ўскладняюць дачыненні найперш між літоўцамі і беларусамі.

Сяргей Дубавец параўнаў ВКЛ з іржаваю калошаю, што адляжала на дне свае чыгунныя бакі: «Яна зноў хоча быць Залатым Караблём, усплысці з водаў зіхоткім еўрапейскім фрэгатам, абсыпаным зорамі»17. ЭВКЛ падняла залаты карабель нашай гісторыі яшчэ вышэй з глыбіняў, бліжэй да паверхні, дзе шумяць хвалі нашага сённяшняга жыцця. Паглядзім, ці стануць яго ветразі для нас добрым арыенцірам на даляглядзе.

  8 Вячаслаў Іванаў налічыў 23 мовы (не лічачы іх падмоваў, або дыялектаў), што функцыянавалі на тэрыторыі княства. Прыкладам, Стэфан Баторы ведаў толькі вугорскую і лаціну, апошняю карыстаўся як кайнэ, па-вугорску разумеўся з прыдворнымі. Пра літоўска-рускую ((стара)беларуска-ўкраінскую) моўную інтэрферэнцыю гл.: Miakiszew W. «Мовы» Великого княжества Литовского в единстве своих противоположностей // Hungarico-Balticoslavica: Abstracts = Тезисы [научных конференций «Grammatical Systems and Areal Typology in Focus – the Case of Baltic Languages» (Budapest, 5–6 April 2000); «Языки в Великом княжестве Литовском и странах современной Центральной и Восточной Европы: миграция слов, выражений и идей» (Будапешт, 6–7 апреля 2000 г.)]. Budapest, 2000. с. 93–94.

9 Агляд найважнейшых работ і шырокі кантэкст гл.: Топоров В. Прусский язык: Словарь. E–H. с. 323–327 ({*gud-}).

10 Каралюнас с. Из проблематики формирования балтийских и славянских этнонимов // Kalbotyra. T. XLVII (2). 1998. Slavistica Vilnensis. C. 7–28.

11 Параўн.: Jakubowski J. Studia nad stosunkami narodowościowymi przed unią lubelską. W-wa, 1912. C. 6–10; Łowmiański H. Popisy wojska Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI w. jako źródło do dziejów zaludnienia // Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983. C. 455–465.

12 Гл.: Перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 523. Кніга публічных спраў 1 / Падрыхт. А. Груша, М. Спірыдонаў, М. Вайтовіч. – Мінск, 2003.

13 Valikonytė I., Lazutka S., Gudavičius E. Pirmasis Lietuvos Statutas (1529 m.). – Vilnius, 2001; Лазутка с., Валиконите И., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут (1529 г.). – Vilnius, 2004.

14 Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. – Мн., 1993.

15 Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimoniis / Укл. А. Жлутка. – Менск, 2005. Гэты каштоўны зборнік дакументаў аб Міндаўгу мае адну істотную хібу: яго аўтар-складальнік прынцыпова пільнуецца антыгістарычнай канцэпцыі мінуўшчыны, спрабуючы «давесці» «нелітоўскі», нябалцкі характар даўняй Літвы, у гэтым ён абапіраецца на ўласныя этымалогіі імёнаў літоўскіх князёў, наймення Літва, ігнаруючы агульнапрынятыя ў навуцы падыходы. Таму «довады», выкладзеныя ў каментарах да зборніка (с. 100–115), з гледзішча лінгвістыкі выглядаюць вельмі спрэчнымі. Параўн. даробак літоўскіх гісторыкаў на тую ж, што і ў А. Жлуткі, тэму: Mindaugo knyga: Istorijos šaltiniai apie Lietuvos karalių / Parengė D. Antanavičius, D. Baronas, A. Dubonis, R. Petrauskas. – Vilnius, 2005. Літоўская «Міндаўгава кніга» ў параўнанні з беларускаю мае сваю хібу – дакументы прыведзены толькі ў перакладзе.

16 Параўн. адну з першых беларускіх работ, дзе разглядалася ўсё ВКЛ: Бохан Ю. Зброя Вялікага княства Літоўскага. 1385–1576 гг. – Менск, 2003. Тым часам у Літве рэдка якая салідная кніга ахоплівае толькі ўласныя этнічныя землі, звычайна літоўскі гісторык дае панараму жыцця ўсяго ВКЛ (як узорныя прывядзём знакавыя працы апошняга часу, дзе істотная часціна матэрыялу паходзіць з Беларусі: Rimša E. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės miestų antspaudai. – Vilnius, 1999 («старая» тэндэнцыя беларускай гістарычнай навукі – браць у абарот толькі сваё або сваё і прысвоенае выбіваецца ў «аналагічнай» Рымшавай беларускай кнізе: Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. – Мінск, 1998); Matušakaitė M. Apranga XVI–XVIII a. Lietuvoje. – Vilnius, 2003).

17 Дубавец с. ВКЛ // Дубавец с. Дзёньнік прыватнага чалавека. 1989–1998: Апавяданьні, імпрэсіі, эсэ. – Менск, 1998. с. 39.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/29