A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

  АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Анатоль Сідарэвіч
Антон Луцкевіч: ад краёвасьці да незалежніцтва (1916-1918)
Агляд крыніцаў


Калі мы чытаем пра значэньне Першае сусьветнае вайны для Беларусі, ня можа ня кінуцца ў вочы адсутнасьць грунтоўных дасьледаваньняў тут, у БССР і Рэспубліцы Беларусі, і ў дыяспары. Тутэйшым працам, апроч таго, бракуе грунтоўных высноваў. Гэта мы бачым у параграфе «Беларусь у час першай сусьветнай вайны» «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, Менск, 1994) і ў пункце «Нацыянальны рух у 1915 – пачатку 1917 г.» параграфу «Барацьба за нацыянальнае адраджэньне» тае ж кнігі. Няма генэральных высноваў і ў кнізе «Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002)» праф. Захара Шыбекі (Менск, 2003). У вучэбным дапаможніку «Гісторыя Беларусі» (Менск, 1996) сказана катэгарычна: «У гады вайны склаліся неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху». Панцеляймон Селіванаў, пішучы для ЭГБ (т. 5, 1999) артыкул «Першая сусьветная вайна» і згадваючы пра зьмены на палітычнай мапе сьвету як наступства вайны, не палічыў патрэбным хоць слова сказаць у гэтым кантэксьце пра Беларусь. Не ўлучае гісторыю Беларусі пэрыяду Першае сусьветнае вайны ў шырокі эўрапейскі і сусьветны кантэкст таксама і аўтар даволі цікавае працы «Час выбару: Праблема самавызначэньня Беларусі ў 1917 г.» (2001) дацэнт Станіслаў Рудовіч.

Асьвятліць пэрыяд 1914–1918 гг. у гісторыі Беларусі ў больш шырокім кантэксьце і зрабіць больш шырокія высновы спрабуюць д-р Юры Туронак і д-р Янка Запруднік. У сваёй працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (1989) д-р Ю. Туронак разглядае тэмы «Першая сусьветная вайна і самавызначэньне беларускага народу», «Беларусь і Нямеччына», а ў кнізе д-ра Я. Запрудніка «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» (1996), якая зьяўляецца нарысам гісторыі нашай краіны для далёкіх ад беларускае праблематыкі замежнікаў, адзначана, што ў 1916 г. «беларуская справа ўпершыню выйшла на міжнародную палітычную арэну». Пра тое ж пісаў нядаўна і с. Рудовіч1. Беларускае пытаньне ў міжнародных адносінах пэрыяду Першае сусьветнае вайны, Вэрсальскага ды Рыскага трактатаў пачаў вывучаць д-р Уладзімер Міхнюк, аднак ягоная праца засталася незавершанаю. Такім чынам, грунтоўныя дасьледаваньні на тэму «Першая сусьветная вайна і Беларусь» яшчэ наперадзе.

Між тым для нас каштоўнымі зьяўляюцца два тэзісы. Першы гучыць так: «Вайна 1914 году ломіць старыя рамкі жыцьця і пачынае новы пэрыяд гісторыі як Расеі, так і Беларусі». І належыць ён праф. Усеваладу Ігнатоўскаму. Другі тэзіс сфармуляваў у канцы 1918 г. праф. Фрыц Куршман, які пісаў, што беларусы калі-небудзь не без падставаў будуць з удзячнасьцю ўспамінаць нямецкую акупацыю 1915–1918 гг.2.

  (нар. 01.03.1948 на хутары Доўгі Лес, што на Піншчыне) – публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, адзін з заснавальнікаў адноўленае Сацыял-дэмакратычнай Грамады. Скончыў філязофскае аддзяленьне гістарычнага факультэту БДУ. Укладальнік кнігі выбраных твораў Антона Луцкевіча «Да гісторыі беларускага руху» (Менск, 2003).
   
Асьмелюся сьцьвердзіць, што бальшавіцкія гісторыкі мелі рацыю, калі адным з вынікаў Першае сусьветнае вайны і характэрнаю рысаю міжваеннага часу называлі крызіс каляніяльнае сыстэмы. Калі гаварыць пра Эўропу, дык распалася ня толькі Аўстра-Вугорская імпэрыя: страты панесьлі Нямеччына і Расея. На месцы старых імпэрыяў узьніклі новыя, пераважна поліэтнічныя ўтварэньні з паноўнымі, як у Польшчы і Югаславіі, або даміноўнымі3, як у Чэхаславакіі, нацыямі. Былая Расейская імпэрыя ўзяла псэўданім – Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Калі польскі, сэрбскі і чэскі народы ўжо вызваліліся, дык народам, над якімі яны панавалі/дамінавалі, яшчэ належала вызваліцца. Для Беларусі пэрыяд Першае сусьветнае вайны быў часам хуткага росту нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, узьнікненьня беларускага школьніцтва, ад пачатковых школаў пачынаючы і Менскім беларускім пэдагагічным інстытутам заканчваючы4, часам нацыянальнае рэвалюцыі, выхаду беларускае справы на міжнародную арэну, узьнікненьня ідэі дзяржаўнай незалежнасьці і спробы яе рэалізацыі ў форме БНР, пачатку ператварэньня Беларусі з аб’екту міжнароднае палітыкі ў яе суб’ект. Наступствам вайны стала і ўтварэньне БССР – непасрэднай папярэдніцы Рэспублікі Беларусі. У выніку Першае сусьветнае вайны і барацьбы польскага і бальшавіцкага імпэрыялізму наша краіна апынулася прыблізна ў такім самым становішчы, як Босьнія і Герцагавіна, Македонія, Славакія, Славенія, Украіна і Харватыя. Амаль адначасна зь імі яна стане незалежнаю.

Прыход немцаў на тэрыторыю Беларусі даў беларусам шанец. І гэта выдатна зразумелі браты Луцкевічы. Антон Луцкевіч адкрыта піша ў першых нумарох «Гоману» пра неабходнасьць «новага незалежнага быту»5, ён упэўнены, што Беларусь ужо ня вернецца ў склад Расеі. Але ён далёкі ад ідэі незалежнасьці Беларусі. Ім кіруе мара пра «вольны Беларуска-Літоўскі Край», які «ўжо ня вернецца ў старую няволю»6.

ларуская зямля дайшла вольнага бытаваньня»7, беларускія палітыкі бачаць нашу краіну як складовую частку новае поліэтнічнае дзяржавы, у якой народы жывуць як вольны з вольным, як роўны з роўным. Спачатку гэта ідэя Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, але з часам яна дапаўняецца ў творах А. Луцкевіча і ў плянах беларускіх палітыкаў ідэяю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

У свой час я друкаваў тэкст рэфэрату беларускае дэлегацыі на Лязанскай канфэрэнцыі народаў Расеі, у якім выкладзены пункт гледжаньня Беларускага Народнага Камітэту на гэтае пытаньне8. Але ў артыкуле «На зьезд у Лязане» А. Луцкевіч піша, што ідэя «бліжэйшага зьяднаньня народаў ад Балтыцкага да Чорнага мора» ўзьнікла ня раптам, што яна «здабыла першае мейсца» ў беларускіх палітычных колах «за апошні дзясятак гадоў» і злучыла «ўсе кірункі беларускай мысьлі – ад крайніх левых да клерыкалаў»9.

  1 Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак ХХ ст.). Мінск, 2005. с. 454.

2 Гл.: Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993. с. 24.

3 Словы «панаваць» і «дамінаваць» блізказначныя, але ў першым выпадку гаворка ідзе пра стасаваньне тэрору ў дачыненьні да іншых народаў, у тым ліку да больш разьвітых, чым паноўная нацыя (немцы і габрэі ў Польшчы, харваты і славенцы ў Югаславіі), у другім жа – пра відавочную эканамічную і культурную перавагу аднаго з народаў (чэхаў у Чэхаславакіі) і больш-менш цярпімае яго стаўленьне да слабейшых.

4 Фармальна пэдагагічны інстытут быў адчынены на базе Менскага настаўніцкага інстытуту ў канцы 1918 г., але падрыхтоўка да гэтае падзеі вялася пасьля вяртаньня апошняга з эвакуацыі ў верасьні таго ж году. Агульнавядома таксама, што Менскі настаўніцкі інстытут утрымліваўся на сродкі ўраду БНР і нямецкіх акупацыйных уладаў.

5 Homan. 1916. 26 траўня.

6 Homan. 1916. 14 красавіка.

7 Homan. 1916. 16 чэрвеня.

8 Гл.: Свабода. 1990. № 2.

   
Выказваючы жаданьне, каб «уся Бе Абгрунтаваньню ідэі Злучаных Штатаў (праўда, без ужываньня самога гэтага тэрміну) прысьвечаны шэраг артыкулаў А. Луцкевіча ў «Гомане». Неабходнасьць зьяднаньня беларускія дзеячы бачылі ў самім геаграфічным становішчы Беларусі, якая, знаходзячыся ў басэйнах Балтыйскага і Чорнага мораў, разам з тым ня мае выхаду да мора. «Для кожнага краю выхад да мора, – пісаў Луцкевіч у дні абмеркаваньня рэфэрату, – гэта найважнейшае пытаньне эканамічнага жыцьця. Мора – гэта шырокі, вольны гасьцінец для гандлю – для вывазу і прывозу ўсялякіх тавараў»10. Гэтую думку А. Луцкевіч неаднакроць паўторыць.

  9 Homan. 1916. 16 чэрвеня.

   
Мы ўжо ведаем, – і д-р Алесь Смалянчук гэта паказаў11, – што А. Луцкевіч зьяўляўся краёўцам. Незалежнікам ён быў у той ступені, у якой хацеў незалежнасьці Беларуска-Літоўскаму Краю (слова «край» ён часта піша зь вялікай літары), Латвіі ды Ўкраіне. Мы бачым, што ягонае краёўства мела патрыятычны і прагматычны характар: выступаючы за беларуска-літоўскую дзяржаўнасьць, за Злучаныя Штаты ад Балтыйскага да Чорнага мора, А. Луцкевіч меў на ўвазе дзьве мэты: 1) незалежнасьць ад Расеі ды Польшчы і 2) эканамічныя выгады для Беларусі.

З вышыні гістарычнага досьведу мы можам сказаць, што А. Луцкевіч перабольшваў значэньне мора для эканомікі краіны. Ён мог бачыць прынамсі дзьве краіны, чыя эканоміка знаходзілася ў добрым стане бяз выхаду да мора: Швайцарыя і Люксэмбург. Неўзабаве да іх далучацца Вугоршчына і Чэхаславакія. З другога боку, А. Луцкевіч недаацэньваў імкненьне Літвы, Латвіі і Ўкраіны да незалежнасьці. Калі, з пункту гледжаньня А. Луцкевіча, Беларусі патрэбная была еднасьць з суседзямі дзеля мора, дык суседзі патрэбы ў еднасьці зь Беларусьсю ня мелі.

З уласных паказаньняў А. Луцкевіча мы ведаем, што напачатку сакавіка ён зьдзейсьніў вялікую памылку. Знаходзячыся разам зь літоўскімі прадстаўнікамі ў Бэрліне, дзе іх меўся прыняць імпэрскі канцлер, Луцкевіч пакінуў сталіцу Нямеччыны, як толькі пачуў аб рэвалюцыі ў Расеі. Антанас Сьмятона, Юргіс Шаўліс і Сьцяпонас Кайрыс былі прынятыя канцлерам безь яго12. Я пакуль што ня ведаю, пра што дамовіліся літоўцы з канцлерам у сакавіку 1917 г., але дастаткова добра вядома, што ў ліпені яны ўручылі канцлеру мэмарандум з патрабаваньнем надаць Літве незалежнасьць. Неўзабаве яны дасягнулі згоды нямецкага ўраду на далучэньне да Літвы беларускіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Militär-Verwaltung Litauen, і на стварэньне прадстаўнічага органу гэтае тэрыторыі – Літоўскае Краёвае Рады (Тарыбы), у якой для беларусаў прадугледжвалася адно месца. Акрамя таго, палітыка літоўцаў была танчэйшая: прадчуваючы паражэньне Нямеччыны, асабліва пасьля ўступленьня ў вайну ЗША, яны дзеля дасягненьня незалежнасьці пачалі складаную гульню з запрашэньнем на пасад будучае літоўскае дзяржавы нямецкага прынца.

  10 Homan. 1916. 2 чэрвеня.

11 Гл.: Смалянчук А. Паміж краёвасьцю і нацыянальнай ідэяй: Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях, 1864 – люты 1917. 2-е выд., дапрац. – Санкт-Пецярбург, 2004.

   
Пра папярэднія дамоўленасьці літоўцаў з Бэрлінам часткова становіцца вядома толькі бліжэй да сярэдзіны верасьня 1917 г.

А напачатку верасьня адбываецца канфэрэнцыя Беларускага Народнага Камітэту, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Работніцкай Групы і Віленскага Камітэту БСГ. Унівэрсал гэтае канфэрэнцыі, апублікаваны ў свой час у «ЛіМе»13, пісаны праўдападобна Луцкевічам. У ім паўтараюцца ўжо вядомыя аргумэнты на карысьць Літоўска-Беларускае дзяржавы зь дзьвюма аўтаномнымі тэрыторыямі. Мажліва, упершыню выказваецца патрабаваньне аб скліканьні Ўстаноўчага Сойму Беларусі і Літвы. І няма ніякае трывогі наконт магчымых новых падзелаў Беларусі.

Ня выключана, што ў той самы дзень адбылася канфэрэнцыя беларускіх сацыялістаў, бо менавіта верасьнем 1917 г. датаваныя «Асновы праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады». Машынапіс гэтага дакумэнту зьберагаецца ў БДАМЛМ (ф. 3, воп. 1, адз. захав. 139, арк. 1514). У «Асновах праграмы...» выкладаецца погляд беларускіх сацыялістаў на дзяржаўны лад будучай Беларуска-Літоўскай незалежнай дэмакратычнай рэспублікі:

  12 Гл.: Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Менск, 2003. с. 192–193.

13 Гл.: Літаратура і мастацтва. 1990. 23 лістапада.

   

1) аддача ўсей уласьці ў рукі народу;

2) унутранае разгранічэньне аўтаномных Беларускай і Літоўскай зямель паводлуг матчынай мовы жыхароў;

3) роўныя правы для ўсіх нацыянальнасьцяў краю; нацыянальная аўтаномія для нацыянальных меншасьцяў;

4) прызнаньне ўрадовых правоў за ўсімі мясцовымі мовамі; забясьпечаньне школьнай навукі ў матчынай мове вучняў.

Гэтыя пункты амаль даслоўна паўтараюць напрацоўкі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага.

8 верасьня адбываецца паседжаньне Беларускага клюбу ў Вільні. 66 беларускіх актывістаў прымаюць рэзалюцыю, у якой падтрымліваюць рашэньні канфэрэнцыі БНК, БСДРГ і Віленскага камітэту БСГ, а таксама палажэньні асноваў праграмы БСГ адносна дзяржаўнага ладу будучай Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Рэзалюцыю, якая захоўваецца ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 87), пісаў А. Луцкевіч. Сьпіс удзельнікаў і гасьцей паседжаньня гл. на арк. 60.

У сувязі з тым, што Галоўная Камісія Райхстагу вырашыла ўжо ў час вайны ўвесьці пэўныя элемэнты мясцовага самакіраваньня на акупаванай тэрыторыі, удзельнікі паседжаньня ў Беларускім клюбе патрабавалі «абясьпечаньня беларусам належнага паводлуг іх чысьленасьці месца – з тым, каб усе землі Ober Ost станавілі пры дачэснай адміністрацыйнай арганізацыі суцэльны арганізм з разьдзелам на тры нацыянальныя округі: беларускі, літоўскі і латыскі – паводлуг матчынай мовы жыхароў».

Аднак неўзабаве стане вядома, што ў нямецкіх акупантаў і літоўскіх дзеячаў іншыя пляны. Ішла дзейсная падрыхтоўка Літоўскай нацыянальнай канфэрэнцыі і фармаваньня на ёй Тарыбы. Што Тарыба будзе распаўсюджваць сваю дзейнасьць і на беларускія землі, што беларусам, габрэям і палякам выдзелена ў ёй толькі па адным месцы, – пра тое, мабыць, нікому, апроч немцаў і літоўскіх правадыроў, яшчэ не было вядома. Але тое, што літоўцы вядуць сэпаратныя дзеяньні, не магло не ўстрывожыць беларусаў, і яны выступаюць ініцыятарамі правядзеньня мітынгу сацыялістычных і дэмакратычных арганізацыяў. Ува ўсякім разе накіды рэзалюцыі гэтага мітынгу пісаў А. Луцкевіч. Пісаў па-польску. Ягоныя накіды таксама захоўваюцца ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 84, 97). У тым жа пакеце маецца і чыставы тэкст рэзалюцыі (арк. 88).

16 верасьня адбыўся мітынг сацыялістычных і дэмакратычных арганізацыяў, пра які А. Луцкевіч пісаў ува ўспамінах «Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча»15. Адкрыў і вёў яго Пранас Эйдукявічус.

  14 Паколькі іншыя архіўныя дакумэнты захоўваюцца ў тым самым фондзе, далей будуць паказаныя толькі адзінка захаваньня і аркуш.

   
З рукапісаў можна зразумець, што і літоўцы, і габрэі, і палякі разглядалі тэрыторыю Обэр Осту як Літву і што толькі намаганьнямі беларускіх дзеячаў удалося ўставіць у яе словы пра беларуска-літоўскія землі. Удзельнікі мітынгу станоўча заявілі, што «разьвязаць пытаньне аб будучыні Літвы, аб яе ўнутраных парадках, яе адносінах да суседніх дзяржаў і асновах супольнага бытаваньня з сумежнымі краямі правамочан толькі ўстаноўчы сэйм Літвы, выбраны свабодна ўсім насяленьнем Літоўска-Беларускіх зямель», і пратэставалі «проці кожнай спробы захвату вярхоўных правоў прадстаўніцтва Краю – яго ўстаноўчага сэйму, скуль бы яна ні выходзіла».

18–23 верасьня, нягледзячы на пратэсты, адбылася Літоўская канфэрэнцыя і абрала Тарыбу.

28 верасьня ў артыкуле «Краёвая Рада Літвы» А. Луцкевіч зьвярнуў увагу, што на Літоўскай канфэрэнцыі прысутнічалі «адны толькі літвіны», да таго ж не абраныя насельніцтвам. Але галоўнае, на чым аўтар засяродзіў увагу, – гэта нямецка-літоўскі плян чарговага падзелу Беларусі. Вось што ён пісаў:

...той факт, што Літоўская канфэрэнцыя, выбраўшая кандыдатаў у Раду, засядала ў супольнай сталіцы Беларусі і Літвы, Вільні, навакол каторай жыве беларускае насяленьне, а таксама запаведзь князя Ізэнбурга, што да Рады маюць быць прызваны, між іншым, такжа і беларусы, – ясна паказваюць, што новая ўстанова мае абнімаць справы не літоўскага народу, а ўсяго таго абшару, каторы ўходзіць у склад Militär-Verwaltung Litauen. Вядома ж, што да гэтага складу ўходзіць ня толькі этнаграфічна літоўскі абшар, але і добры кусок Беларусі; гэтак беларускія землі акупацыі аказваюцца штучна разьдзеленымі, і пад той час, як меншая часьць іх аддаецца пад упраўленьне літвінаў, большая астаецца ў межах Verwaltung Biełastok–Hrodna пад упраўленьнем нямецкіх ураднікаў.

Аўтар працягваў:

Такі разьдзел Беларусі, і без таго разарванай на дзьве часьці ваенным фронтам, вызывае ў нас сур’ёзную трывогу: у межах «маленькай Літвы» беларусам, перажыўшым часы «пераварачываньня» ў маскалёў і палякаў, грозіць «пераварачываньне» ў літвінаў, аб чым кіраўнікі літоўскай палітыкі, засядаючыя цяпер у Радзе, апавесьцілі ўжо ў сваім мэмарыяле для нямецкага канцлера і ў выпушчанай нядаўна кніжцы з «этнаграфічнай» картай Літвы (P. Klimas. Lietuva, jos gyventojai ir Sienos. – Vilnius, 1917). Беларусы ня могуць спадзявацца пашаны сваіх правоў ад людзей, аб’явіўшых, што «хто каталік – той літвін», – а гэткім людзям даецца цяпер права ладжаньня і нашага жыцьця.

У новых абставінах перад беларускімі палітыкамі паўстаюць, здаецца, і новыя задачы: барацьба за незалежнасьць ад Польшчы, Расеі, а эвэнтуальна і ад Літвы. Аднак А. Луцкевіч стаіць на сваім: «Інтарэсы беларускага народу ў межах нямецкай акупацыі вымагаюць, каб устанаўленьнем Краёвай Рады Літвы беларусаў не дзялілі, а ўсіх іх злучылі б разам; каб у гэткай Радзе – не нацыянальна літоўскай, а папраўдзе агульнакраёвай – занялі б належнае месца ўсе нацыянальнасьці краю, а ў тым ліку беларусы; каб чысло прадстаўнікоў ад беларусаў адпавядала б чысьленасьці беларускага насяленьня ў межах акупацыі і каб беларускае грамадзянства атрымала магчымасьць паводлуг сваёй думкі і сваёй волі выбраць сваіх давераных людзей».

А. Луцкевіч не давярае Тарыбе, але і не адмаўляе, не адпрэчвае яе. Ён спадзяецца на кампраміс з Тарыбаю, на прапарцыйнае прадстаўніцтва ў ёй беларусаў і літоўцаў, на непадзельнасьць беларускіх абшараў Обэр-Осту, якія знаходзіліся пад уладаю вайсковых адміністрацыяў акруг Літва (Militär-Verwaltung Litauen) і Беласток–Горадня (Militär-Verwaltung Biełastok–Hrodna). Але літоўцам не патрэбная такая канфігурацыя, калі беларусы колькасна пераўзыходзяць іх.

Ці ўсьведамляў А. Луцкевіч марнасьць сваіх заклікаў і намаганьняў? Ня выключана, але, дбаючы пра нацыянальныя інтарэсы, ён імкнецца дасягнуць як мага большых выгадаў для свайго народу.

Разам з артыкулам «Краёвая Рада Літвы» А. Луцкевіч друкуе ў «Гомане» і артыкул «Вільня, 28 верасьня».

Аўтар ужо каторы раз сьцьвярджае:

Край бяз вольнага выхаду ў мора ў сваім матэрыяльным і духоўным разьвіцьці будзе заўсёды цягнуцца ззаду за ўсемі, а яркім прыкладам гэткага «вострава на сухапуцьці» служыць бедная, некультурная, слабая Сэрбія, каторай заўсёды кіравалі чужынцы і каторая шчэзла з карты Эўропы як ахвяра самагубнай палітыкі кааліцыі (маецца на ўвазе Антанта. – А. с.).

Луцкевіч не выключае, што пасьля падпісаньня міру Беларусь можа быць падзеленая на дзьве часткі: заходнюю і ўсходнюю. І зноў жа, гэтыя лініі франтоў, лініі падзелаў ён разглядае праз прызму эканамічных інтарэсаў Беларусі:

Празь Лібаву, Віндаву і Рыгу ішло за граніцу ўсё, што наш край меў дзеля прадажы на вываз і яго не сплаўляў па Нёмане. Рыга – гэта перш за ўсё натуральны порт усяго басэйну Дзьвіны, значыць, усей Зямлі Віцебскай і часьці Віленскай, а сыстэма чыгунак зьвязвае зь ей Магілёўшчыну і далёкую Смаленшчыну. Лібава – гэта порт ня толькі для Віленшчыны і Гродзеншчыны, але і для вялізарнага абшару зямлі Менскай. Гэтак ваенны фронт зусім адрэзаў ад мора пераважную часьць Беларусі, і калі б мір умацаваў гэты разьдзел нашай Бацькаўшчыны, дык сем мільёнаў беларусаў з таго боку фронту, а такжа даволі чысьлены элемэнт жыдоўскі і польскі ў Беларусі аказаліся б засуджанымі на вечную эканамічную няволю, на долю Сэрбіі.

Луцкевіч па-ранейшаму выказвае жаданьне, «каб наша Бацькаўшчына не была пабіта на кускі, а каб усе Беларускія землі разам з этнаграфічнай Літвой і ў найцясьнейшай лучнасьці з Курляндыяй станавілі б суцэльную і вольную дзяржаўную арганізацыю ў зьвязі з тымі дзяржавамі, з каторымі наш край злучаюць жыцьцёвыя інтарэсы».

Тут трэба агаварыцца: гэтае жаданьне аўтар абвяшчае як «жаданьне ўсіх сьвядомых беларусаў». Насамрэч гэта было ня так: на ўсходзе Беларусі ў той час высьпявалі іншыя канцэпцыі.

Паўтараю: з вышыні нашага гістарычнага досьведу, досьведу Швайцарыі такія погляды можна крытыкаваць. Але гэта былі погляды ўсё ж такі беларускага патрыёта і прагматыка.

І зноў трэба зрабіць маленькае адступленьне. Мае права на існаваньне і такая думка: тое, што А. Луцкевіч упарта трымаўся за праект Беларуска-Літоўскае дзяржавы, паказвае, што ён добра ўсьведамляў негатовасьць беларусаў да дзяржаўнае незалежнасьці (Беларусь падзелена, няма належнай колькасьці падрыхтаваных для кіраваньня краінаю людзей і г. д.). Можна выказаць меркаваньне, што да праекту Беларуска-Літоўскае дзяржавы ён падыходзіў і з гледзішча эканамічных інтарэсаў нашае краіны, і з гледзішча (скажам так) інкубатарнага: маючы аўтаномію ў супольнай зь літоўцамі дзяржаве, беларусы, якія адстаюць ад іх у культурным і арганізацыйным плянах, набіраюцца эканамічнае і, ня менш важна, культурнае ды арганізацыйнае моцы, каб у адзін добры дзень абвясьціць незалежнасьць сваёй краіны. Гэтак, ня выключана, бачыліся А. Луцкевічу будучыня ды аптымальнае разьвіцьцё падзеяў.

Нумар «Гоману», у якім зьмешчаныя артыкулы «Краёвая Рада Літвы» і «Вільня, 28 верасьня», выйшаў пад шапкаю «Беларусы, прыходзьце на сход у нядзелю».

30 верасьня, як і заклікаў «Гоман», у Вільні адбыўся беларускі мітынг, якім кіраваў І. Луцкевіч16. Удзельнікі мітынгу патрабавалі злучэньня «ў аднэй адміністрацыйнай арганізацыі Літвы» ўсіх беларускіх земляў акупацыі і прапарцыйнага прадстаўніцтва беларусаў у Краёвай Радзе Літвы. Тэкст гэтае рэзалюцыі таксама пісаў А. Луцкевіч. Ёсьць у рэзалюцыі і новае: удзельнікі мітынгу даручылі яго арганізатарам «учыніць патрэбныя крокі дзеля сазыву ў Вільні Беларускай Канфэрэнцыі з прадстаўнікоў усіх Беларускіх зямель акупацыі дзеля чыннага ўчасьця ў тымчасовай арганізацыі занятай немцамі часьці нашага Краю».

  15 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху... с. 98–99.

   
Рукапіс рэзалюцыі захоўваецца ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 74–75). Тамсама зьберагаецца і чарнавік перакладу рэзалюцыі на нямецкую мову, а таксама копія машынапісу гэтага перакладу, зробленага Эміліяй Мэнке (адз. захав. 134, арк. 4–6).

Пераклад быў патрэбны, каб прад’явіць яго начальніку Militär-Verwaltung Litauen князю фон Ізэнбургу-Бірштэйну.

4 кастрычніка прэзыдыюм беларускага мітынгу – Іван Луцкевіч, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Казімер Шафнагель, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Туркевіч, Язэп Ліцкевіч і Язэп Салавей – зьвяртаецца да князя з просьбаю «аб пазваленьні асобам, каторыя будуць намі дэлегаваны, аб’ехаць беларускія ваколіцы і запрасіць прадстаўнікоў беларусаў з правінцыі на супольную з намі нараду аб арганізацыі Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні».

У БДАМЛМ маецца чарнавік гэтага звароту (адз. захав. 271, арк. 18), а таксама яго перакладу на нямецкую (адз. захав. 140, арк. 4–5).

Недзе ў той час А. Луцкевіч складае «Плятформу Арганізацыйнага Камітэту дзеля сазыву Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні». У БДАМЛМ маецца копія машынапісу гэтага дакумэнту (адз. захав. 140, арк. 40).

Плятформа даволі кароткая. Галоўная мэта Камітэту – «злучыць у адно ўсе кругі і ўсе палітычныя кірункі беларускага грамадзянства дзеля агульнанацыянальнай справы: сазыву агульнабеларускай нацыянальнай Канфэрэнцыі ў Вільні». У другім пункце выкладаліся палітычныя лёзунгі, зь якімі беларусы ішлі на Канфэрэнцыю. Першы сярод іх – «незалежнасьць усіх Беларуска-Літоўскіх зямель акупацыі з далучэньнем закардоннай Беларусі». Незалежную Беларуска-Літоўскую дзяржаву меркавалася будаваць на наступных асновах: падзел яе на дзьве асноўныя аўтаномныя этнаграфічныя тэрыторыі – беларускую і літоўскую; забесьпячэньне роўных правоў усім нацыянальнасьцям і ўсім вызнаньням; забесьпячэньне правоў нацыянальных меншасьцяў; забесьпячэньне правоў беларускай мовы ва ўрадовых інстытуцыях, судзе, грамадзкіх установах, касьцёле, царкве і школе; увядзеньне выкладовай мовы ў школах паводле матчынай мовы вучняў.

16 кастрычніка беларускія актывісты пішуць да імпэрскага канцлера, які меўся прыехаць у Вільню (чарнавік: адз. захав. 140, арк. 47–51). Беларусы выказвалі трывогу ў сувязі з заплянаваным стварэньнем «у межах Verwaltung’а Litauen... літоўскай гасударственай арганізацыі». Падобную ж трывогу беларусы выказвалі і з прычыны намеру «кіраўнічых палітычных кругоў Польшчы» анэксаваць Беласток і Берасьце зь іх ваколіцамі. Ліст падпісалі 40 чалавек. Іх прозьвішчы можна прачытаць у асобным сьпісе (адз. захав. 140, арк. 59). Ліст гэты, або мэмарыял, быў пасланы канцлеру 19 кастрычніка. Аднак неўзабаве аўтары ліста зьвярталіся да кн. Ізэнбурга-Бірштэйна з просьбай пераслаць тэлеграфам імпэрскаму канцлеру «ніжэйпісаныя дамаганьні нашага народу ў справе палітычнай будучыны нашай Бацькаўшчыны пасьля вайны». У гэтым новым тэксьце мы сустракаем тыя ж патрабаваньні: Беларуска-Літоўская дзяржава зь дзьвюма аўтаномнымі тэрыторыямі, далучэньне да гэтае дзяржавы ўсходнебеларускіх земляў.

Рукапіс гэтага ліста, зноў-такі, зьберагаецца ў БДАМЛМ (адз. захав. 132, арк. 15–16). Маюцца і копіі машынапісу гэтага дакумэнту (адз. захав. 133, арк. 46–47), а таксама рукапіс перакладу на нямецкую, зробленага Э. Мэнке (адз. захав. 131, арк. 38–39). Тамсама (адз. захав. 131, арк. 37; адз. захав. 133, арк. 48) захоўваюцца і копіі машынапісу перакладу.

18 кастрычніка – праз два тыдні пасьля першага звароту да кн. Ізэнбурга-Бірштэйна – беларусы зноў зьвяртаюцца да яго. На гэты раз – з просьбаю зацьвердзіць «утвораны імі падгатавіцельны камітэт дзеля сазыву ў Вільні беларускай канфэрэнцыі з усіх Беларускіх зямель акупацыі ў зьвязку з будучай арганізацыяй нашага Краю».

Мы можам прачытаць чарнавік гэтага дакумэнту, які захоўваецца ў БДАМЛМ (адз. захав. 131, арк. 47), рукапіс перакладу гэтага дакумэнту на нямецкую, зробленага Юльянай Мэнке (адз. захав. 134, арк. 28), а таксама машынапісныя копіі гэтага перакладу (адз. захав. 134, арк. 27; адз. захав. 140, арк. 3).

На розныя ўзгадненьні зь немцамі пайшло ці не чатыры тыдні. За гэты час, магчыма, былі ўчыненыя і іншыя захады беларускіх дзеячаў, бо ўрэшце быў зацьверджаны не падрыхтоўчы, а арганізацыйны камітэт дзеля скліканьня Беларускае Канфэрэнцыі.

17 лістапада 1917 г. Аргкамітэт паведамляў аб сваім заснаваньні афіцыйна Жыдоўскаму Цэнтральнаму Камітэту ў Вільні. Захаваўся чарнавік гэтага паведамленьня (адз. захав. 140, арк. 54), а 20 лістапада «Гоман» пісаў, што «пытаньне аб Беларускай Канфэрэнцыі разьвязана памысна». 23 лістапада ў газэце быў апублікаваны пэрсанальны склад прэзыдыюму Арганізацыйнага Камітэту дзеля скліканьня Канфэрэнцыі, паведамлялася пра час і месца правядзеньня яго штодзённых паседжаньняў.

На мяжы 1917 і 1918 г. Арганізацыйны Камітэт зьвярнуўся да «сьвядомых і чынных беларусаў на ўсім абшары акупацыі з прызывам прыняць учасьце ў падгатавіцельнай рабоце дзеля сазыву Канфэрэнцыі». Ліст Арганізацыйнага Камітэту дзеля скліканьня Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні ўжо даўнавата апублікаваны ў «ЛіМе»17. Цяпер дакладна вядома, што яго аўтарам быў А. Луцкевіч, бо ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 41–46) захоўваецца чарнавік гэтага тэксту. Ён не датаваны. Наверсе першага аркуша напісана: Wilnia.....191... Гэта і дае падставу меркаваць, што дакумэнт быў складзены на мяжы 1917 і 1918 гг.

  16 Гл.: Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху... с. 98–99, 193.

   
Такім чынам, Аргкамітэт быў зацьверджаны, але яму дазволена было правесьці толькі падрыхтоўчую нараду, а не саму Беларускую Канфэрэнцыю.

25 студзеня 1918 г. нарада, як толькі яна сабралася, канстытуявалася ў Беларускую Канфэрэнцыю. Мы ня ведаем, ці гэта быў рэвалюцыйны крок кіраўнікоў беларускага руху, ці такое пераўтварэньне было ўзгоднена з акупацыйнаю ўладаю. Затое з матэрыялаў, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ, мы можам даведацца аб працы Канфэрэнцыі і прынятых ёю дакумэнтах.

Матэрыялы Канфэрэнцыі можна падзяліць на тры групы: 1) пратакольныя запісы Канфэрэнцыі; 2) праекты рэзалюцыяў і рэзалюцыі, аўтарам якіх зьяўляецца А. Луцкевіч; 3) праекты рэзалюцыяў і рэзалюцыі, аўтарства якіх не ўстаноўлена.

Пратакольныя запісы Канфэрэнцыі захоўваюцца ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 98–127). У тым самым канвэрце зьберагаюцца тэзісы рэфэрату А. Луцкевіча на Беларускай Канфэрэнцыі (арк. 90, 91) і накід рэзалюцыі ў культурна-нацыянальных справах (арк. 92).

Першы тэзіс рэфэрату ляканічны: «Дзеля забясьпечаньня правоў беларускага народу патрэбна незалежнасьць яго Краю». Аднак памыліцца той, хто падумае, што А. Луцкевіч адцураўся краёўства, бо ў другім тэзісе чытаем: «Беларускія і Літоўскія землі становяць адно цэлае і прыходзіцца гаварыць аб іх супольнай незалежнасьці з забясьпечаньнем аўтаномнасьці кожнай зь дзьвёх нацыянальных тэрыторый». Луцкевіч быў упэўнены, што «шанцы на незалежнасьць акупаванай Беларусі пераважываюць», а «ў Расеі жджэ беларусаў яшчэ вострая барацьба». Галоўнымі перашкодамі на шляху да незалежнасьці заходняе часткі Беларусі А. Луцкевіч лічыў Польшчу і Нямеччыну.

Рэзалюцыя Канфэрэнцыі ў культурна-нацыянальных пытаньнях, прынятая паводле накіду А. Луцкевіча (адз. захав. 140, арк. 92), пакуль што ня выяўлена. Затое ў тым самым канвэрце маецца другі накід рэзалюцыі ў культурна-нацыянальных справах (арк. 95). Вось гэты тэкст стаў асноваю рэзалюцыі, якая ня мае назвы і захоўваецца тамсама (арк. 83). Паводле праекту А. Луцкевіча (арк. 86) прынятая таксама рэзалюцыя «Аб беларускай мове ў Праваслаўнай Царкве», якая захоўваецца тамсама (арк. 82).

У БДАМЛМ маецца таксама чарнавік рэзалюцыі аб рэвіндыкацыі нацыянальнай маёмасьці, пісаны рукой А. Луцкевіча (адз. захав. 140, арк. 96).

Я ўпэўнены, што А. Луцкевіч зьяўляецца таксама аўтарам пяці галоўных рэзалюцыяў Канфэрэнцыі, аднак пакуль што ні рукапіс іх, ні чарнавік ня знойдзеныя. Маецца адно копія машынапісу, якая захоўваецца ў НАРБ (ф. 325, воп. 1, адз. захав. 16, арк. 16–17) і на якой фіялетавым алоўкам пазначана: «З арыгіналам згода. Рак-Міхайлоўскі».

Першая з галоўных рэзалюцыяў, у якой гаворка пра Беларуска-Літоўскую дзяржаву, друкавалася ў артыкулах А. Луцкевіча «Палітычныя лёзунгі беларускага руху»18 і «Зь беларускага палітычнага архіву»19.

  17 Гл.: Літаратура і мастацтва. 1990. 30 лістапада.

   
Другая галоўная рэзалюцыя трактуе аб роўных правох нацыянальнасьцяў, аўтаномных этнаграфічных тэрыторыях будучай Беларуска-Літоўскай дзяржавы ды аб забесьпячэньні правоў беларускай мовы ў публічным жыцьці і ў школах.

У трэцяй галоўнай рэзалюцыі Канфэрэнцыя канстатавала неабходнасьць «завязаць зносіны з адрэзанай ад нас ваенным фронтам часьцю Беларускага Народу» і зьвярталася да нямецкіх уладаў «з просьбай аб дапушчэньні гэткіх зносін».

Чацьвертая галоўная рэзалюцыя – «проці дамаганьня палякаў прылучыць да Польшчы Беларускія землі» – утрымліваецца ў артыкулах А. Луцкевіча «Беларусь за Познаншчыну»20 і «Аб Беласточчыну»21.

  18 Гл.: Зборнік «Наша Ніва»; Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху...

19 Гл.: Голас Беларуса. 1924. 23 сакавіка.

   
Пятая галоўная рэзалюцыя гаварыла «аб справе расейскіх і польскіх войск на Беларусі, што зьдзекуюцца цяпер над безабаронным Беларускім Народам». Яна ўтрымлівала таксама «гарачы пратэст проці разгону расейскім войскам у ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 г. Беларускага Кангрэсу».

У БДАМЛМ можна прачытаць рукапіс праекту рэзалюцыі ў справах Каталіцкага Касьцёлу з устаўкамі А. Луцкевіча (адз. захав. 134, арк. 51). Гэты праект быў прыняты як рэзалюцыя аб беларускай мове ў Каталіцкім Касьцёле ў Беларусі. Рукапіс рэзалюцыі захоўваецца ў іншым канвэрце: адз. захав. 138, арк. 8. Тэкст гэтага дакумэнту апублікаваны 12 красавіка 1918 г. у «Гомане».

Ня выяўлена рэзалюцыя аб беларускай школе. З артыкулу А. Луцкевіча «Аб беларускую гімназію» вядома, што Канфэрэнцыя «дала загад Беларускай Радзе: учыніць належныя крокі дзеля арганізацыі беларускай сярэдняй школы – беларускай гімназіі»22. Акрамя таго, на Канфэрэнцыі ўтворана Беларускае навуковае таварыства23.

  20 Гл.: Homan. 1918. 1 лютага.

21 Гл.: Homan. 1918. 5 сакавіка.

   
Як вынікае з пратакольных запісаў, прымалася і рэзалюцыя аб германізацыі.

Крыніцаю нашых ведаў аб Беларускай Канфэрэнцыі зьяўляецца і артыкул А. Луцкевіча «Пасьля Канфэрэнцыі». У ім збольшага пералічваюцца прынятыя рашэньні. Аўтар піша, што «агульны згодны кліч быў адзін: на ўсіх вустах было слова незалежнасьць». Але гэта ўсё яшчэ краёвая незалежнасьць: «Літоўска-беларускія землі, якія некалі станавілі незалежнае Вялікае Княства Літоўскае, павінны вярнуць свой утрачаны дзяржаўны быт, – і да незалежнага гасударственнага ядра, якое становяць землі акупацыі, павінна быць далучана і рэшта Беларускіх зямель, каторыя яшчэ астаюцца пад панаваньнем Расеі».

Канфэрэнцыя скончылася 27 студзеня, а артыкул «Пасьля Канфэрэнцыі» зьявіўся ў «Гомане» 5 лютага. Пачынаецца ён словамі: «Нягледзячы на нялічаныя перашкоды з розных старон, нягледзячы на незвычайныя труднасьці, Беларуская Канфэрэнцыя ў Вільні адбылася».

Перашкоды ў першую чаргу зыходзілі ад нямецкіх уладаў. Сярод матэрыялаў, якія зьберагаюцца ў БДАМЛМ, маецца рэзалюцыя, у якой выказваецца пратэст супроць недапушчэньня нямецкімі ўладамі на Канфэрэнцыю прадстаўнікоў Гарадзеншчыны і Беласточчыны (адз. захав. 140, арк. 124 адв.). З тае прычыны, што ад гэтага рэгіёну было мала дэлегатаў, Канфэрэнцыя даручыла Радзе кааптаваць у свой склад шэсьць прадстаўнікоў гэтага рэгіёну пазьней і давесьці такім чынам агульны лік сяброў Беларускае Рады ў Вільні да дваццаці.

Менавіта стварэньне Беларускае Рады ў Вільні (БРВ)24 зьяўляецца самым важным вынікам канфэрэнцыі.

  22 Homan. 1918. 15 лютага.

23 Гл.: Луцкевіч А. Пятнаццаць гадоў працы Беларускага навуковага таварыства // Гадавік Беларускага навуковага таварыства. Кніжка І. – Вільня, 1933.

   
Каштоўнаю крыніцаю аб працы БРВ зьяўляюцца пратаколы яе паседжаньняў, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ.

Этапным дакумэнтам у гісторыі нашай палітычнай думкі была «Рэзалюцыя Беларускай Рады на засяданьні 18 лютага 1918 г. у Вільні» (такая яе поўная назва). Арыгіналам рэзалюцыі з подпісамі сяброў Беларускае Рады ў Вільні валодае БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 36). З пратаколу паседжаньня БРВ ад 18 лютага (адз. захав. 140, арк. 25–27) вынікае, што ў ім бралі ўдзел А. Луцкевіч, кс. Уладзіслаў Талочка, а. Міхал Галянкевіч, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Ян Луцкевіч, Дамінік Сямашка, Вацлаў Ластоўкі, Язэп Салавей, Язэп Туркевіч, Казімер Фалькевіч, А. Дулька, Марка Пэрскі і Ян Станкевіч. З пратаколу вынікае таксама, што супроць рэзалюцыі галасаваў адзін Ластоўскі.

Рэзалюцыя пад загалоўкам «Пастанова Віленскай Беларускай Рады» была апублікаваная ў «Вольнай Беларусі» 28 красавіка 1918 г. Гэты тэкст з камэнтаром перадрукаваны ў «ARCHE» (2003, № 2). Трохі пазьней мне ўдалося высьветліць, што рэдактар «Вольнае Беларусі» Язэп Лёсік дазволіў сабе зрабіць у тэксьце рэзалюцыі лексычныя праўкі. З пэўнымі адступленьнямі ад арыгіналу рэзалюцыя друкавалася таксама ў кнізе Фёдара Турука «Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (Масква, 1921).

Маецца таксама (арк. 37) пераклад гэтае рэзалюцыі на нямецкую мову, падпісаны А. Луцкевічам, М. Галянкевічам, У. Талочкам, К. Фалькевічам, А. Дулькам, Д. Сямашкам, І. Луцкевічам, Я. Туркевічам, Я. Салаўём, М. Родзевічам, Я. Станкевічам і М. Пэрскім, а таксама рукапіс перакладу, зробленага Э. Мэнке (арк. 38–39).

Мы ведаем, што ў сярэдзіне лютага 1918 г. пачалося наступленьне нямецкай арміі на ўсход. Ужо 24 лютага на сваім пленуме Віленская Беларуская Рада вырашыла паслаць дэлегацыю ў Менск. У склад дэлегацыі былі абраныя браты Луцкевічы, Я. Туркевіч, Д. Сямашка і прысяжны павераны Павал Кіршэўскі. Пазьней П. Кіршэўскага ў дэлегацыі замяніў Я. Станкевіч. Пакуль ня высьветлена прычына і дата гэтае замены.

Амаль цэлы месяц пайшоў на тое, каб дабіцца ад нямецкіх уладаў дазволу дэлегацыі на паездку ў Менск. Цяпер можна дакладна сказаць, што дэлегацыя БРВ прыехала ў Менск 22 сакавіка, а не 23-га, як я пісаў раней.

Месяц, што прыйшоў ад часу прыняцьця рэзалюцыі БРВ 18 лютага, быў багаты на падзеі. І ўсё ж галоўная зь іх здарылася па прыезьдзе дэлегацыі БРВ у Менск: 23 сакавіка кайзэр прызнаў незалежнасьць Літвы. Луцкевічаўская канцэпцыя беларуска-літоўскае фэдэрацыі страціла актуальнасьць (пазьней гэтую ідэю на свой капыл часова рэалізуюць бальшавікі). 25 сакавіка Антон Луцкевіч напіша свой галоўны твор – Трэцюю Ўстаўную Грамату Рады БНР.

Знаёмства з крыніцамі, агляд якіх зроблены тут, дае магчымасьць атрымаць уяўленьне пра эвалюцыю беларускай незалежніцкай думкі на захадзе нашай краіны ў 1916–1918 гг. Цяпер дасьледчыкам варта было б засяродзіцца на пошуку дакумэнтаў, якія дасылаліся ў Бэрлін і прадстаўнікам акупацыйных уладаў, у нямецкіх архівах. У нямецкіх архівах трэба шукаць таксама перапіску ў беларускім пытаньні паміж нямецкімі уўладамі на тэрыторыі Обэр Осту ды паміж Обэр Остам і Бэрлінам. І ўсё ж, ужо сёньня мы маем нябедную дакумэнтальную базу для напісаньня гісторыі беларускага руху 1916 – пачатку 1918 гг. На жаль, с. Рудовіч, пішучы свой «Час выбару» і адпаведную главу ў 6-тамовай «Гісторыі Беларусі», пра пошук аптымальнай канцэпцыі самавызначэньня Беларусі ў заходняй частцы нашай краіны напісаў вельмі сьцісла. Адсутнічае ў літаратуры і параўнаньне канцэпцыяў самавызначэньня, што выпрацоўваліся ў заходняй і ўсходняй частцы Беларусі, арганізацыйных формаў руху. Крыніцы, агляд якіх зроблены тут, дазваляюць у пэўнай меры выправіць гэты недахоп.

У заключэньне магу сказаць, што амаль усе дакумэнты, пра якія тут ішла гаворка, ужо набраныя на кампутары і ўключаныя ў кнігу выбраных твораў Антона Луцкевіча, якую абяцае выдаць «Беларускі кнігазбор».

  24 У літаратуры яе называюць таксама Віленскаю Беларускаю Радаю (ВБР).

   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/05