A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЗЬМІЦЕР СЕРАБРАКОЎ | ||||
Нарцысізм ідэалёгіі Севярынец, Павал. Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі. – Рыга, 2005. Дубавец, Сяргей. Вострая Брама. – Бібліятэка радыё «Свабода», 2005. У разьдзеле рэкамэндаванай для абавязковага прачытаньня літаратуры да «Асноваў дзяржаўнай ідэалёгіі», выдадзеных Акадэміяй кіраваньня, пазначаная «Геніяльнасьць і вар’яцтва» Чэзарэ Лямбразо. Хто гэта растлумачыць і як гэта разумець? Геній у нас адзін, дакладней Адзіны, – гэта тое, што мусяць ведаць дзеці ў школах і дзіцячых садкох. Аднак у кніжцы італьянскага псыхіятра XIX стагодзьдзя Лямбразо ўсё ня так: дзе геній, там і вар’яцтва. Дык што гэта за намінкі? Хто кіруе намі? Падручнік не дае адказу на пытаньне, у ніводным з разьдзелаў няма згадак пра клінічнага дасьледніка геніяльнасьці. Альбо гэта прыхаваны знак для тых, хто любіць шукаць сэнс між радкоў, альбо промах укладальнікаў, якія не знайшлі лепшага аўтара для ілюстраваньня беларускай ідэалёгіі, чым вышпамянёны доктар. Але ж і Лямбразо далёка не адзіны адважны дасьледнік псыхічных хваробаў індывідуальнай і грамадзкай душы. Фройд цешыў сябе надзеяй, што ягоны псыхааналіз дапаможа габрэйскаму народу пазбавіцца архетыпу-комплексу віны за забойства прарокаў. Амэрыканскія соцыяпсыхолягі ставяць амэрыканскаму грамадзтву дыягназ «нарцысізм», як, напрыклад, прафэсар гісторыі Рочэстэрскага ўнівэрсытэту Крыстофэр Лэш у кнізе «Культура нарцысiзму». Дэмакратычны і вытрымана ідэалягічна левы рэжысэр Майкл Мур у лялечным анімэ Трэя Паркера «Каманда Амэрыка» самазадаволена нарцысічны ня менш за эратычных лялек-камандас і лялек амэрыканскага прэзыдэнта. Драматург Артур Мілер за некалькі гадоў да сьмерці ў эсэ «Тэатар і палітыка» акрэсьліў здольнасьці апошніх двух прэзыдэнтаў ЗША як актораў і палітыкаў: Рэйган быў благім акторам, бо сваю ролю на палітычнай сцэне ўспрымаў надта сур’ёзна, а Клінтан – той наадварот: актор быў лепшы, бо адчуваў дыстанцыю між сабою й сваёй роляй. Гэтым самым тлумачыцца посьпех акторскага таленту Жырыноўскага і Лукашэнкі. У гуру маскоўскіх анархістаў Зьмітра Кастэнкі на стале партрэт Лукашэнкі, на палічках – аўтабіяграфія Кім Ір Сэна ў васьмі тамох. «Корейца Костенко любит по долгу лектора, а белоруса за то, что «он безбашенный совершенно» («Ночь длинных ножей», «Огонек», № 45, 2001). Застаецца пажадаць, каб сюжэт пра куміра антыглябалістаў ЛукаЧЭнку закупіў Дыснэй, тады тутэйшыя амэрыканафілы абавязкова палюбяць «дыктатара». Масавы герой – аб’ект жаданьня, праекцыя патаемных прагненьняў і памкненьняў прыгнечаных сацыяфобіяй аднамерных чалавечкаў. У «Асновах ідэалёгіі» неспадзеўкі зьяўляецца згадка пра «нацыяналістычнае самалюбаваньне» як пра практыку, зь якой карыстаюць апазыцыйныя дзейснай уладзе нацыяналісты, практыку, ад якой ідэолягі адмовіліся як ад несумяшчальнай з тутэйшай мэнтальнасьцяй. Аляксей Маковец (вядомы як адзін з аўтараў кніжкі «Беларусь: сцэнары рэформаў» і аўтар «ARCHE» А. Екадумаў) на старонках газэты «Згода» заўважае гэтую рысу ў дзяржаўных СМІ – радыё, тэлевізія й газэта «Советская Белоруссия» запэўніваюць грамадзянаў у бясьпецы, даючы той ідэнтыфікацыйны код, да якога яны прызвычаіліся (усё іншае – ідэалягічныя інсынуацыі). Бясплоднасьць выкарыстаньня такога ўнівэрсальнага пайма, як «нарцысічнае самалюбаваньне», у якасьці абвінавачаньня навідавоку: ніводны сацыяльны арганізм, які б не адлюстроўваўся ў чарадзейным люстэрку «хто на сьвеце найпрыгажэйшы?», ня здолеў бы праіснаваць. Славой Жыжак не дачакае адказу на сваё рытарычнае пытаньне «ці знойдзецца нацыя, гатовая прызнаць сваю другаснасьць?». Доўгачаканы культурны прадукт – дзяржаўную ідэалёгію, ці, у іншай рэдакцыі, нацыянальную ідэю, выклікала зь небыцьця менавіта жаданьне падабацца самім сабе, «у-сьвеце». Ідэалёгія прапаноўвае, па сутнасьці, адказ на пытаньне «Хто мы?» – заўважым, адрозна ад пытаньня «Хто Я?», якое, насамрэч, азначае ўсё тое ж «хто на сьвеце найпрыгажэйшы» і не прадугледжвае адмоўнага адказу. Нацыянальная ідэя ў выданьні Паўла Севярынца таксама адказвае на пэўнае «запатрабаваньне». Патрыёт – гэта чалавек, які любіць краіну, але ня любіць яе насельніцтва. Севярынцаў этнацэнтрызм у аснове сваёй мае Любоў да краіны і да народу – а любіць народ і не любіць урад не ўяўляецца магчымым з гледзішча лёгікі і здаровага сэнсу. Любоў увогуле рэч нерацыянальная і злая, таму любоў Севярынца разьмяркоўваецца наступным чынам: на першым месцы ў яго зямля, сажалкі, жывёлы і расьліны, на другім – культура і гісторыя, гістарычныя й культурныя постаці, а пасьля – прамысловасьць і спорт. Недзе ў разьдзеле пра прэзыдэнта-алімпійца Павал аддае належнае і кіраўніку краіны – здаровы мужчына, які прапагандуе спорт і здаровы лад жыцьця, за што ён падабаецца жанчынам. Герой «Вострай Брамы» Сяргея Дубаўца (перадача «Пасаджэньне на кол») яшчэ належыць таму сьвету – сьвету дыхатаміі, процістаянньня, маніхейскага падзелу на чорнае і белае. Лукашэнка прэзэнтаваны як нашчадак казакоў, якіх лавілі і катавалі бязь сьледзтва шляхетныя прадстаўнікі магнацкай эліты. «Нацыянальная ідэя» ў рэдакцыі Паўла Севярынца раўнае пратэстанта Сымона Буднага і дзеячаў Контрарэфармацыі. Можна параўнаць Севярынца з Дубаўцом яшчэ паводле адной неверагодна знакавай для Беларусі асобы – паэта і гісторыка Ўладзімера Караткевіча, які ў «Вострай Браме» выступае як «загадка». У чым «загадка» Караткевіча? Загадка ў яго паэзіі, у паэтызаваньні Беларусі такой, якой яна магла б быць, і такой, якая ёсьць, мроя паэта-рамантыка – містычная Белая Дама, зачараваная сурочым вокам Чарнакніжніка. У Дубаўца Караткевіч-паэт засланяе Караткевіча-гісторыка, які выкідвае з труны чэрап князя-крывасмока, які кідае войска Мужыцкага Хрыста на княскіх рыцараў і перамагае, бо адзінае, што было дазволена ў савецкі час гістарычнаму беларусу – гэта ўдзел у антыфэадальных паўстаньнях. Замілаваньне Дубаўца вялікакняскімі элітамі заносіць яго ў лягер праціўнікаў сялянскіх бунтаў, тых, каму Караткевіч прыпісаў парадыйны верш-эпіграму: «І люба бачыць мне, як раб, што здуру кінуўся ў баі, бяжыць і кідае свой скарб, а войска гоніцца за ім!» Караткевіч у пантэоне Паўла Севярынца – адзін з многіх, роўны сярод роўных, у сьпісе культурных герояў пасьля князя-ваўкалака Ўсяслава Чарадзея ідзе Станіслаў Шушкевіч (ёсьць месца і Машэраву). Калгас і шляхецкі засьценак упісваюцца ў адзіную гісторыю краіны. Гісторыя Дубаўца – гісторыя канфлікту, які яшчэ ня скончыўся, такая ж, як і гісторыя Беларусі ў рэдакцыі аўтараў «Асноваў ідэалёгіі». Візія Севярынца – не зусім эўрапейская ў традыцыйным сэнсе, ягоны іканастас моцна тхне капішчамі індыйскіх божышчаў, дзе паміж Вішну і Крышнам можна знайсьці выявы Хрыста і Марыі, прынесеныя руплівымі місіянэрамі. Справа Дубаўца – разьдзяляць, Севярынец яднае. Ідэалёгія Дубаўца – фэнтэзі на тэму контрарэфармацыйнага Срэбнага веку, ідэалёгія Севярынца – Нью Эйдж з будысцкай нірванай канца гісторыі. Дзяржаўныя і недзяржаўныя ідэолягі так ці іначай выявілі прыхільнасьць да кансэрватызму ці якога навамоднага яго гатунку. Ключом да айчынных сцэнароў ідэалягічных маскарадаў можа быць спадчына рэфарматараў эўрапейскай думкі, гэтак званых «новых правых», францускіх інтэлектуалаў, якім пашчасьціла трапіць нават у «Асновы беларускай ідэалёгіі» ў якасьці «нэакансэрватараў». Прывабная на тле ідэалягічнага вакуўму назва «Новыя кансэрватары» знайшла сваё ўвасабленьне як у дзяржаўных ідэолягаў, так і ў апазыцыйных існай дзяржаўнасьці соцыяканструктывістаў. Ален дэ Бэнуа, рэдактар «Элемэнтаў» і «Крызісу» напачатку 1990-х гадоў, асаблівую ўвагу зьвяртаў на расейскіх «чырвона-карычневых», якіх ён менаваў «бела-чырвонымі», што імкнуліся адрадзіць занядбаную бальшавікамі расейскую спадчыну ў спалучэньні з шырокай сацыяльнай праграмай. Расейцам імпанаваў дэкляраваны дэ Бэнуа «навуковы» расізм і рацыянальны антысэмітызм – аўтар «Як можна быць язычнікам» прапаноўвае новую Эўропу, пазбаўленую юдэйска-хрысьціянскай спадчыны, лічыць паганства супольнай плятформай для задзіночанай Эўропы. Цяпер, калі ў канстытуцыю Эўразьвязу не запісалі цьверджаньня пра хрысьціянскія карані Эўропы, «новыя правыя» выглядаюць прынамсі злавеснымі прарокамі. Беларусь Вастрабрамская праграмна контрарэфармацыйна-каталіцкая; Сяргей Дубавец праводзіць культурную «зачыстку» беларускай гісторыі ад уплываў расейска-бальшавіцкай спадчыны: але канфэсія, як падаецца, ня мае для яго вялікага значэньня, галоўнае – шляхецкае паходжаньне. У адной зь перадачаў падкрэсьліваецца, што кальвіністам Радзівілам было даручана апякунства над праваслаўнай собскасьцю – царквой і брацтвам Пятра і Паўла, што, на думку аўтара, азначала вяршэнства факту шляхецкага паходжаньня над міжканфэсійнымі бар’ерамі. Але хутчэй гэта сьведчыць пра рэлігійную індыфэрэнтнасьць шляхты, якая ў пару так званага Залатога веку цягам аднаго пакаленьня здатная была тройчы мяняць веравызнаньне, пераходзячы з праваслаўя (веры бацькоў) у кальвінізм, а пасьля ў каталіцызм; калі б да турак было бліжэй, як у Сэрбіі, сытуацыя была б такой, як яе апісвае раман Вука Драшкавіча «Нож». Тут, безумоўна, прыдалася б спасылка на доктара Лямбразо – так любага аўтарамі з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту. Яны не адмаўляюцца ад рэлігіі, паколькі праваслаўе надалей у большай часткі насельніцтва атаясамліваецца са структурамі ўлады, а нетрадыцыйныя канфэсіі традыцыйна палохаюць тую ж большасьць сваімі таталітарнымі памкненьнямі. Паганская па сутнасьці сваёй Беларусь на чале з прэзыдэнтам-алімпійцам фармальна будзе заставацца хрысьціянскай краінай, зрэшты, як і ўся астатняя Эўропа. Павал Севярынец, які абвяшчаў крыжовыя паходы супраць піва «Балтыка», таксама запраграмаваны хрысьціянскі respecto, безумоўна, на карнэгіянскія тэхналёгіі. Дэмаркацыйная лінія пад назовам «Антыамэрыканізм» разьдзеліць дзьве амаль аднолькавыя паловы згаданых ідэолягаў: «Новыя Правыя» выступаюць за Эўропу без Макдоналдcаў і Мікі Маўсаў, беларускія ідэолягі паводле савецкай звычкі яшчэ пабрэхваюць на амэрыкосаў: ім далёка да дубаўцоўскай апалягетыкі ЗША як апірышча дэмакратыі. Амэрыка – не імпэрыя, яна «змагаецца супраць імпэрыяў, каб у кожнай краіне была свая дэмакратыя». Але гэтае цьверджаньне, абсалютна прымальнае для ўпэўненых у слушнасьці дзеяньняў Кангрэсу ЗША журналістаў радыё «Свабода», ёсьць балючай праблемай для заходніх інтэлектуалаў:
Аднойчы ранкам Прынцэса Леа і Люк Скайўокер прачхнуліся і сказалі: «Мы больш не Рэспубліка. Мы – Імпэрыя. Мы – крутыя хлопцы і дзяўчаты…» Славой Жыжак, «Revenge of Global Finance» Розьніца паміж «правымі» і «левымі» з 1993 году пасьля прынароднага выступу Алена дэ Бэнуа, які сказаў, што няма правых і левых, а ёсьць цэнтар і пэрыфэрыя, застаецца размытай амаль да заціраньня. «Новыя правыя», якія на мяно «правых» не прэтэндуюць, галоўным ворагам называюць постасьветніцкі эгалітарызм. Іх слоган сфармуляваў Люі Павэль: жыць як да 1789 году і як пасьля 2100-га. Амэрыканізм Дыснэйлэнду паводле Алена дэ Бэнуа азначае колькасны эгалітарызм, дзе мера ўсяго – грашовая азнака супраць элітарызму якасьці. Сьвет Дыснэйўорлду – гэта праекцыя «амэрыканскай» сьвядомасьці, інфантылізаванага спажыўца на спакойны і мірны сусьвет-супэрмаркет. Радыкальныя высновы францускіх інтэлектуалаў узмацняе Эржбэта Салаі, вугорскі эканаміст і сацыёляг. У сваёй працы «Post-Socialism and Globalization» (Budapest, 1999), абапёртай на аналізе сучасных працэсаў капіталізацыі і глябалізацыі ў Вугоршчыне, яна адзначае факт разбурэньня індывідуальнасьці пры капіталізьме насуперак штампу, які склаўся ў постсавецкіх краінах, што менавіта сацыялістычная сыстэма задушыла ў людзёх усё творчае, асабістае, індывідуальнае, ператварыла ў шрубочкі і шасьцяронкі. На яе думку, сёньняшні гэтак званы «новы капіталізм», канцэнтраваны і глябалізаваны, і ёсьць беспасярэдняй пагрозай асобе і творчасьці, бо за адсутнасьцю асобы свабода і творчасьць ператвараюцца ў фікцыю, асоба ня мае ідэнтычнасьці, якая разбураецца пад націскам працэсаў глябалізацыі, што пад лёзунгам індывідуалізацыі прапаноўвае хутчэй атамізацыю і адчужанасьць. Сацыяльная структура, што склалася ў новых капіталістычных краёх, характарызуецца няроўнасьцю, перадусім няроўнасьцю магчымасьцяў, больш за тое, гэта няроўнасьць мае спадкаемны характар. Узьнікае заблякаванае грамадзтва – тое, дзе практычна адсутнічае альбо мае вельмі нізкую роўню вэртыкальная сацыяльная дынаміка, дзе значная частка насельнікаў знаходзіцца па-за межамі сацыяльнай інтэграцыі. «Асновы ідэалёгіі» прэзэнтуюць дыскурс рэальнай улады, левы, эклектычна-зьменлівы і здрадлівы. У іх Беларусь пакуль адна ўва ўсёй Усходняй Эўропе назірае за правалам палітыкі падаткаабкладаньня фінансавага капіталу, падзеньнем рэальнага кошту заработнай платы, скарачэньнем працоўных месцаў, адыходам ад прагрэсіўнай шкалы падаткаабкладаньня, паскарэньнем рэформаў прыватызацыі сацыяльнай сфэры (адукацыя, ахова здароўя) – усяго, што адпавядае інтарэсам і нават патрабаваньням глябальнага капіталу. Эстэтычныя гісторыясафізмы Дубаўца і нацыянальная ідэя Севярынца застануцца інтэлектуальным экспэрымэнтам, прадметам вывучэньня вузкага кола адмыслоўцаў. Сама ж ідэалёгія і надалей працягне жыць у форме адчужанай культурнай спадчыны, што не дае духовых сілаў, а наадварот, спрычыняе раздражненьне й агіду атамізаванага індывіда, прададзенага культурнымі, эканамічнымі, бюракратычнымі і ўсімі іншымі элітамі. |
левы інтэлектуал. Выпускнік факультэту філязофіі Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – нарыс «Дванаццаты год Лукашэнкіяны» (6/2005). |
|