A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


крытыка

  АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Пашкевіч
Галасы забытых людзей

Казлоўскі М. Галасы разбуджаных птушак: Гістарычна-біяграфічныя нарысы, роздумы над кнігамі, літаратурныя партрэты.Менск: Логвінаў, 2006. – 334 с.: іл.

Восеньскім ранкам 1991 г. на адзін з падворкаў у Маладэчне выйшлі два чалавекі: адзін стары і невылечна хворы, а другі яшчэ малады, поўны сілаў і энэргіі. Прадчуваючы, што гэтая сустрэча – апошняя, стары (а гэта быў беларускі літаратар Пятро Бітэль) на разьвітаньне сказаў наступныя словы: «Трымайце Беларусь, усімі рукамі трымайце Беларусь, Міша, ня дайце ёй прапасьці. І хай вам дапамагае ў гэтым Бог!»

Бітэлю тады заставалася жыць усяго каля трох тыдняў. За ягонымі плячыма было вельмі няпростае жыцьцё, падчас якога яму напоўніцу давялося спазнаць усе тыя пакуты, празь якія мусілі прайсьці большасьць беларускіх патрыётаў у ХХ ст. Ягоны запавет маладэчанскаму краязнаўцу Міхасю Казлоўскаму (а маладым суразмоўцам Бітэля быў менавіта ён) быў вельмі сымбалічны, асабліва калі ўлічваць тагачасную палітычную сытуацыю. Толькі што ў Маскве правалілася спроба дзяржаўнага перавароту, пасьля якой сумны лёс камуністычнае імпэрыі фактычна быў перадвырашаны, і для ўсіх народаў, якія воляй лёсу былі ейнымі насельнікамі, распачынаўся новы, больш сьветлы і аптымістычны этап гісторыі. На долю беларускіх адраджэнцаў з пакаленьня Пятра Бітэля выпала цяжкая гістарычная місія: ня даць цалкам загаснуць кволаму агеньчыку беларушчыны ў амаль безнадзейных абставінах. І яны яе, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і супярэчнасьці, выканалі, ахвярным служэньнем нацыянальнай ідэі забясьпечыўшы саму магчымасьць падобнай сымбалічнай перадачы эстафэты наступнікам.

Гэтую эстафэту Бітэль перадаў у дастойныя рукі. Міхась Казлоўскі, які распачаў актыўную дзейнасьць на нацыянальнай ніве яшчэ ў пачатку 1980-х гг., ня здраджвае ўласным ідэалам і запаветам сваіх духоўных бацькоў і да гэтай пары, хоць жыцьцё краязнаўца, ды і проста сьведамага чалавека, у беларускай правінцыі па-ранейшаму не бесклапотнае. Такія людзі ў нашых умовах мусяць быць перш за ўсё самаахвярнымі энтузіястамі, і яны, дзякуй Богу, пакуль ня зводзяцца.

Міхась Казлоўскі нават сярод гэтай своеасаблівай катэгорыі актыўных і апантаных людзей вылучаецца сваёй актыўнасьцю і апантанасьцю. Дзякуючы менавіта ягоным намаганьням у Маладэчне з 2000 г. больш-менш рэгулярна выходзіць краязнаўчы часопіс «Куфэрак Віленшчыны» – ці не найлепшае выданьне такога кшталту ў Беларусі. У кожным зь ягоных нумароў (а іх выйшла ўжо дзесяць) зьмяшчаюцца ўнікальныя матэрыялы, многія зь якіх цалкам прыдатныя да выкарыстаньня і ў акадэмічнай гістарычнай навуцы. Часьцяком гэтыя матэрыялы належаць пяру самога рэдактара і выдаўца часопісу – Міхася Казлоўскага. Акрамя гэтага, створаная кніжная сэрыя «Куфэрка Віленшчыны». Ды і ў іншых беларускіх выданьнях час ад часу зьяўляюцца матэрыялы аўтарства Казлоўскага.

У выніку такой напружанай працы Міхасём Казлоўскім была створаная даволі значная колькасьць добрых тэкстаў, якія дасьледнік палічыў мэтазгодным нарэшце выдаць пад адной вокладкай і такім чынам падвесьці рысу пад пэўным этапам сваёй творчай дзейнасьці. Практычным увасабленьнем гэтага стала кніга з паэтычнай назвай «Галасы разбуджаных птушак», жанр якой акрэсьлены самім аўтарам як «гістарычна-біяграфічныя нарысы, роздумы над кнігамі, літаратурныя партрэты».

Кніга структурна падзяляецца на тры часткі, неаднолькавыя паводле аб’ёму. У першую зь іх, пад назвай «Покліч роднай зямлі», уключаныя шэсьць нарысаў, агульнай тэмай якіх зьяўляецца разьвіцьцё адукацыі на тэрыторыі беларускай часткі былой Віленшчыны, у першую чаргу ў Маладэчне. У нарысах пачаргова вядзецца расповед пра Маладэчанскае павятовае шляхецкае вучылішча (дзейнічала ў 1811–1857 гг.), Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю (1864–1915), Маладэчанскую польскую гімназію імя Тамаша Зана (1922–1939), Маладэчанскую гандлёва-адміністрацыйную сярэднюю школу (1942–1944) і Маладэчанскі настаўніцкі інстытут (1947–1955), Радашкавіцкую беларускую гімназію (1921–1929), Вялейскую беларускую настаўніцкую сэмінарыю (1942–1944). Да нарысаў у гэтай частцы далучаныя два дакумэнтальныя дадаткі. Адзін зь іх уключае матэрыялы, датычныя жыцьця і дзейнасьці заснавальніка Радашкавіцкай гімназіі Аляксандра Ўласава (с. 73–84), а другі – лісты да сям’і з савецкага лягеру былога дырэктара Вялейскай беларускай настаўніцкай сэмінарыі Мікалая Грышкевіча (с. 92–98).

Важным элемэнтам першае часткі выданьня зьяўляюцца кароткія, але інфармацыйна ёмістыя біяграмы на тых людзей, якія ў свой час працавалі і вучыліся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, Радашкавіцкай беларускай гімназіі і пасьля гэтага ў той ці іншай ступені бралі ўдзел у беларускім нацыянальным руху. Вядома, падобныя зьвесткі зьмешчаныя далёка не пра ўсіх такіх выпускнікоў і настаўнікаў, а толькі пра тых, пра каго аўтар меў дакладныя зьвесткі. Праўда, мэтазгоднасьць уключэньня ў сьпіс некаторых асобаў (калі браць за асноўны крытэр, як дэкляруе аўтар, іх удзел у беларускім нацыянальным руху) выклікае сумневы. Так, у біяграме на выпускніка Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі Макара Ігнатоўскага зьвестак пра якую б то ні было беларускую дзейнасьць апошняга няма. Казлоўскі залічыў яго ў беларускія дзеячы на аснове адзінага факту зь ягонай біяграфіі: у 1888 г. у сям’і Макара Ігнатоўскага нарадзіўся сын Усевалад, якому было суджана адыграць немалую ролю ў разьвіцьці беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ ст. Але тое, што Ігнатоўскі стаў беларускім патрыётам, зусім ня значыць, што такім быў і ягоны бацька. Усё ж і тады, і цяпер сьведамымі беларусамі ў нас звычайна не нараджаюцца, а становяцца, прытым часта насуперак жаданьням уласных бацькоў.

У сьпісе выпускнікоў Радашкавіцкае беларускае гімназіі ў Казлоўскага фігуруе Мікола Абрамчык, вядомы тым, што ўжо пасьля Другой сусьветнай вайны быў прэзыдэнтам Рады БНР. У прынцыпе, гэта правільна, бо Абрамчык сапраўды адзін час значыўся ў сьпісе вучняў гімназіі. Але аўтару варта было адзначыць, што вучнем насамрэч гэты дзеяч ня быў, а толькі лічыўся, бо да гэтага часу ўжо сам некаторы час працаваў, і не бяз посьпеху, настаўнікам на Ашмяншчыне. У Радашкавічы ж ён, як сьведчыў ягоны блізкі сябар Лявон Рыдлеўскі, прыехаў выключна дзеля таго, каб займацца «нацыянальна-рэвалюцыйнай працай». Запіс вучнем 7-й клясы гімназіі быў патрэбен яму толькі дзеля «закансьпіраваньня свайго побыту ў Радашкавічах», да таго ж, маючы вучнёўскі білет, Абрамчык меў магчымасьць «гібка паварачвацца па сваім павеце і нават пабываць некалькі разоў у галоўным беларускім паўстанцкім штабе, які знаходзіўся ў Летуве»1.

  гісторык, сталы аўтара «ARCHE». Апошняя публікацыя ў часопісе – агляд «Цаглінка ў даволі саліднай гістарыяграфіі» (6/2006).
   
Наагул жа біяграфічныя дадаткі М.Казлоўскага да нарысаў з гісторыі адукацыі ў рэгіёне маюць вялікае навуковае значэньне. Яны ў значнай ступені датычаць тых людзей, пра якіх няма згадак у наяўных энцыкляпэдыях, даведніках і біяграфічных слоўніках. Дзеля гэтага нават адмыслоўцы-гісторыкі часьцяком ня маюць пра гэтых людзей аніякай інфармацыі, хоць іх прозьвішчы нярэдка фігуруюць у архіўных крыніцах. Думаецца, што пры жаданьні М. Казлоўскі ў будучыні мог бы падрыхтаваць і грунтоўны біяграфічны даведнік дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія нарадзіліся ці дзейнічалі ў рэгіёне, тым больш што апісаньне асноўных этапаў жыцьця і дзейнасьці яшчэ шэрагу малавядомых асобаў часта практыкуецца аўтарам і непасрэдна ў тэкстах нарысаў. Несумненна, што ў кнізе зьмешчана далёка ня ўся інфармацыя такога кшталту, якой ён валодае.

Другая частка кнігі М. Казлоўскага – «Зь верай і любоўю» – складаецца зь дзесяці літаратуразнаўчых артыкулаў: водгукаў на кніжкі і асобныя вершы як больш-менш вядомых беларускіх аўтараў, так і літаратараў-пачаткоўцаў. Акрамя таго, тут зьмешчаныя прадмовы, напісаныя ў свой час аўтарам да тых кніжак, якія выходзілі ў бібліятэцы «Куфэрка Віленшчыны».

Урэшце, трэцяя і самая вялікая аб’ёмам (ледзьве ня дзьве траціны ўсяе кнігі) частка «Забытае рэха вяртаю» – гэта дваццаць розных з аб’ёму і структуры жыцьцяпісаў беларускіх нацыянальных дзеячаў розных пакаленьняў, жыцьцё і дзейнасьць якіх трывала зьвязаныя з роднымі для аўтара мясьцінамі – гістарычнай Віленшчынай, частка якой і сёньня ўваходзіць у склад Беларусі. Гэтая зямля па праве лічыцца своеасаблівай кузьняй кадраў для беларускага нацыянальнага адраджэньня. Дастаткова згадаць, што адсюль паходзяць такія знакавыя для беларускага руху дзеячы, як Адам і Янка Станкевічы, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Тамаш Грыб і іншыя. Але асноўным аб’ектам увагі аўтара сталі ў першую чаргу ня гэтыя асобы, пэрыпэтыі жыцьцёвых лёсаў якіх вядомыя хоць бы ў агульных рысах, а тыя дзеячы, якія звычайна знаходзіліся на другасных ролях і пра большасьць якіх у даступнай нам на сёньняшні дзень гістарычнай літаратуры мы можам знайсьці ў лепшым выпадку эпізадычныя згадкі. Такі падыход – невыпадковы. Міхась Казлоўскі лічыць надзвычай важным дасьледаваньне жыцьця і дзейнасьці «тых, на кім, па сутнасьці, трымалася ды і трымаецца руцінная штодзённая шараговая праца, а кажучы глыбей, нацыянальная ідэя ды і лёс роднай Беларусі» (с. 278).

«Нераскручанасьць» большасьці герояў нарысаў вымагала ад аўтара шматгадовай карпатлівай працы ў зборы, як правіла, расьцярушаных і ўрыўкавых зьвестак пра іх. Матэрыялы для сваіх нарысаў Казлоўскі чэрпаў з розных крыніцаў. Перш за ўсё, як вынікае з грунтоўнага сьпісу літаратуры, які падаецца ў канцы кнігі на с. 325–331, аўтар даволі добра знаёмы са старымі беларускімі выданьнямі і ўважліва сочыць за выхадам новых. Акрамя таго, ім выкарыстоўваліся матэрыялы са збораў Менскага абласнога краязнаўчага музэю, Вялейскага краязнаўчага музэю, Віленскага беларускага музэю. Але найбольш арыгінальныя крыніцы, выкарыстаныя Міхасём Казлоўскім, тыя помнікі жыцьця і дзейнасьці цікавых аўтару асобаў, якія ў свой час ня трапілі ў архіўныя ці музэйныя фонды, а захоўваліся недзе ў сваякоў ці наагул у зусім выпадковым месцы. Акрамя таго, аўтару ўдалося сабраць вусныя сьведчаньні ад некаторых непасрэдных сьведкаў эпохі. Увядзеньне ў навуковы ўжытак такіх матэрыялаў – безумоўная заслуга аўтара, і гэта значна павялічвае агульную каштоўнасьць працы, надаючы ёй непаўторнасьць і арыгінальнасьць. Некаторыя матэрыялы з прыватных архіваў аўтар палічыў патрэбным апублікаваць у разгляданай кнізе цалкам, і трэба прызнаць, што і згаданыя ўжо вышэй лягерныя лісты Мікалая Грышкевіча, і дзёньнікавыя нататкі за 1942 г. былога навучэнца Віленскай беларускай настаўніцкай сэмінарыі Віктара Казлоўскага (с. 148–154) таго вартыя.

Падобныя матэрыялы не заўсёды трапляюць дасьледніку ў рукі без праблемаў. Сам працэс пошуку з усімі ягонымі асаблівасьцямі даволі падрабязна апісваецца аўтарам у нарысе, прысьвечаным жыцьцю і дзейнасьці вядомага калісьці ў Заходняй Беларусі (але, як звычайна вядзецца, дашчэнту забытага ў Беларусі сёньняшняй) дзеяча Тодара Куніцкага. У гэтым выпадку краязнаўцу нібыта і пашанцавала: захавалася старая (яшчэ ХІХ ст.) хата ў вёсцы Повязынь на Маладэчаншчыне, дзе гэты дзеяч жыў, а ў той хаце (дакладней, у паветцы пры ёй) – тое-сёе з фатакартак і партрэт Куніцкага, выкананы самадзейным мастаком. Удача для дасьледніка – надзвычайная і нават неверагодная, але ва ўмовах Беларусі ўсё набывае сваю «нацыянальную спэцыфіку». На жаль, нярэдка сустракаецца ў нас сытуацыя, калі жывыя сёньня родзічы таго ці іншага дзеяча, апантанага ў свой час беларускай ідэяй, ягоных поглядаў не падзяляюць і нават баяцца, што колішняя «нацыяналістычная» дзейнасьць неасьцярожнага продка можа прынесьці непатрэбныя праблемы ім, зусім «звычайным» людзям. Падобныя меркаваньні робяцца прычынаю таго, што нават і цяпер, у час «міру і стабільнасьці», унікальныя матэрыялы, якія калісьці клапатліва кімсьці зьбіраліся, перажылі войны і стыхійныя катастрофы, могуць стаць ахвярай людзкога бяспамяцтва.

Менавіта бяспамяцтва, абыякавасьць, а часам і звычайны страх – галоўныя хібы сучаснага беларускага грамадзтва, зь якімі Казлоўскі лічыць патрэбным змагацца. У адным з нарысаў аўтар з сумам канстатуе, што «мы ўнікальная нацыя хоць бы ў тым, што заўсёды і ва ўсім спазьняемся. Спазьняемся выдаваць патрэбныя кнігі, не сьпяшаемся аднаўляць свае помнікі гісторыі і культуры, вяртаць родную мову ў штодзённы ўжытак, шанаваць сваіх герояў, геніяў і прарокаў» (с. 189). Падобнай думкай прасякнутая ўся кніга, і само ейнае выданьне – своеасаблівая спроба гэтым нэгатыўным праявам супрацьстаяць.

Кніга Міхася Казлоўскага – выданьне навукова-папулярнае, разьлічанае на масавага чытача. Чытаецца яна сапраўды цікава і захапляльна, і з гэтага, па вялікім рахунку, няма чаго дзівіцца: аўтар укладае ў свае нарысы душу. Іхных герояў (зь некаторымі аўтар быў блізка знаёмы асабіста) М. Казлоўскі ня толькі паважае, але ўпрост захапляецца імі. І нельга не пагадзіцца, што героі кнігі сапраўды гэтага вартыя. Аднак часам занадта эмацыйнае стаўленьне да той ці іншай асобы замінае аўтару зірнуць на ейнае жыцьцё і дзейнасьць у больш шырокім кантэксьце і даць ім бесстароньнюю і аб’ектыўную ацэнку. У большасьці выпадкаў, праўда, гэта нельга лічыць вялікай хібай – усё ж такі праца не прэтэндуе на статус навуковай манаграфіі. Аднак жа некаторыя гіпотэзы аўтара, выказаныя ў катэгарычнай форме, маюць шанцы замацавацца і ў акадэмічнай навуцы, хоць далёка не заўсёды на гэта ёсьць рэальныя падставы.

У якасьці прыкладу тут можна згадаць спробу ідэнтыфікацыі М. Казлоўскім асобы ўладальніка псэўданіму «А. Незалежнік», які выкарыстоўваўся кімсьці з заходнебеларускіх публіцыстаў у 1920-х гг. У 1997 г. у часопісе «Спадчына» быў перадрукаваны артыкул гэтага аўтара «Тры шляхі» зь віленскага выданьня 1928 г. «З роднае нівы», і публікатары прыпісалі псэўданім ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму. У сваю чаргу Міхась Казлоўскі пры падрыхтоўцы нарысу «Адам» (с. 171–180), прысьвечанага жыцьцю і дзейнасьці ўплывовага заходнебеларускага дзеяча адзначанага вышэй пэрыяду Адама Більдзюкевіча, паставіў такое вырашэньне пытаньня пад сумнеў і настойвае на тым, што «А. Незалежнік» – гэта більдзюкевіцкі псэўданім. У падтрымку гэтай вэрсіі прыводзяцца наступныя аргумэнты:

[Більдзюкевіч] пісаў як пад сваім уласным прозьвішчам, так і пад псэўданімамі: А. Саюзьнік, А. Культурнік, А. Незалежнік і крыптанімамі А. Б. і Б. А. Праўда, псэўданім А. Незалежнік чамусьці ў наш час прыпісалі а. Вікенцію Гадлеўскаму (гл. «Спадчына», № 3, 1997, с. 11–15, арт. «Тры шляхі»), хоць ніякай аргумэнтацыі пры гэтым не прыводзіцца. Але чаму так атрымалася – можна здагадвацца. Рэч у тым, што ў кнізе «З роднае нівы» (Вільня, 1928), адкуль той артыкул узяты, якраз на адной са старонак, дзе ён надрукаваны, быў зьмешчаны партрэт а. Вікенція. І гэтага, я думаю, стала дастаткова, каб прыпісаць яго Гадлеўскаму (хоць там амаль на кожнай старонцы чыйсьці здымак). Але, калі разважаць лягічна, то можна заўважыць, што першая загалоўная літара «А» лёгка расчытваецца як «Адам», а сам псэўданім вельмі лёгка характарызуе палітычна-культурны напрамак дзейнасьці аўтара. Па-другое, калі пераглядзець газэту «Сялянская ніва» за 1926–1928 гг. (пік актыўнасьці А. Більдзюкевіча), то кідаецца ў вочы, што ўсе перадавіцы ў гэтым выданьні пісаліся адным чалавекам, які падпісваўся як прозьвішчам А. Більдзюкевіч, так і вядомымі нам псэўданімамі: А. Незалежнік, А. Саюзьнік, А. Культурнік. І тады ўзьнікае заканамернае пытаньне: навошта было Вікенцію Гадлеўскаму, лідэру другой палітычнай сілы (Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі. – А. П.), хоць і блізкай ідэалягічна, пісаць пра слушнасьць палітыкі Беларускага сялянскага саюзу і яе кіраўнікоў, усялякім чынам рэклямаваць яго дзейнасьць, паказваць ледзьве не адзінай рэальнай палітычнай сілай беларускага народу? Пры гэтым маючы сваё пэрыядычнае выданьне, якім зьяўлялася газэта «Беларуская крыніца»? Я ўжо не кажу пра саму стылістыку пісьма, яе граматычны лад, напрамак думкі, якая належыць аднаму аўтару. У нашым выпадку, безумоўна, Адаму Більдзюкевічу (с. 175).

Патрэбна адзначыць, што гэтыя аргумэнты М. Казлоўскага на карысьць сваёй вэрсіі – далёка не бездакорныя. Адзінае, у чым ён тут мае рацыю несумненна, дык гэта ў тым, што нельга схаваных пад псэўданімамі і крыптанімамі аўтараў тэкстаў з вышэй згаданага выданьня «З роднае нівы» ідэнтыфікаваць толькі паводле зьмешчаных на адных старонках зь імі фатакартак беларускіх дзеячаў. Напрыклад, на старонках з артыкулам пра Беларускі сялянскі саюз (падпісаным псэўданімам «А. Саюзьнік») зьмяшчаюцца фатакарткі двух ягоных лідэраў: Васіля Рагулі і Фабіяна Ярэміча, а матэрыял пра Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю аздабляецца адразу шасьцю партрэтамі выбітных беларускіх хадэкаў: Адама Станкевіча, Паўла Карузы, Альбіна Стэповіча, Янкі Шутовіча, Язэпа Жука і Браніслава Грабінскага (аўтарам артыкулу зьяўляецца «Ал. С.» – хутчэй за ўсё, Альбін Стэповіч). Партрэт Гадлеўскага, праўда, у артыкуле «Тры шляхі» адзіны, але таксама адзіны ў артыкуле «Беларускі нацыянальны камітэт» партрэт тагачаснага старшыні гэтае інстытуцыі Вячаслава Багдановіча – а матэрыял падпісаны «П. К-за» (несумненна, Павал Каруза).

Сьцьверджаньне ж М. Казлоўскага пра тое, што першая літара «А» ў шэрагу псэўданімаў адназначна расчытваецца як «Адам», і калі так, то гэта несумненна псэўданімы Адама Більдзюкевіча – непераканаўчае. Калі зыходзіць з гэтае самае лёгікі, то тады мы мусім зь яшчэ большымі падставамі прыпісаць таму ж Більдзюкевічу і псэўданім «Адам Асьветны», пад якім у № 28 газэты «Сялянская ніва» за 9 верасьня 1926 г. была надрукаваная перадавіца пад назвай «Беларуская школа». Між тым, як відаць са стылістыкі і асабліва мовы, гэты артыкул безумоўна належыць пяру вядомага беларускага дзеяча Янкі Станкевіча (у тэксьце сустракаюцца такія актыўна прапагандаваныя гэтым вядомым мовазнаўцам-наватарам у тыя і ў пазьнейшыя часы наватворы, як «на ўвеце» (на ўвазе), «ходацца» (змагацца), «косы» (прамяні) і г. д.).

  1 Рыдлеўскі Л. З жыцця і дзейнасці М. Абрамчыка // З гісторыяй на «Вы»: Артыкулы, дакументы, успаміны / Укл. і ўводнае слова Я. Запрудніка. Мінск, 1994. С. 122–123.

   
Далёка не бясспрэчным выглядае таксама іншае сьцьверджаньне М. Казлоўскага: «...навошта было Вікенцію Гадлеўскаму, лідэру другой палітычнай сілы, хоць і блізкай ідэалягічна, пісаць пра слушнасьць палітыкі Беларускага сялянскага саюзу і яе кіраўнікоў, усялякім чынам рэклямаваць яго дзейнасьць, паказваць ледзьве не адзінай рэальнай палітычнай сілай беларускага народу? Пры гэтым маючы сваё пэрыядычнае выданьне, якім зьяўлялася газэта «Беларуская крыніца»?». Калі глядзець на праблему толькі з гледзішча абстрагаванае лёгікі, то рацыя аўтара – несумненная. Але тут нельга забывацца на спэцыфіку беларускага палітычнага жыцьця ў міжваеннай Польшчы, асабліва ў 1920-я гг. Адзін зь лідэраў Беларускага сялянскага саюзу (БСС), Васіль Рагуля, у сваіх пазьнейшых успамінах колькі разоў выказваў слушную думку: «Народ, які ня мае матэрыяльнай базы, ня можа пасьпяхова весьці палітычнае змаганьне»2. А ў Польшчы сярэдзіны 1920-х гг. толькі тры беларускія палітычныя арганізацыі мелі сталыя крыніцы фінансаваньня і, значыць, мелі хоць бы патэнцыйныя магчымасьці праводзіць больш-менш сур’ёзную дзейнасьць. Першай з гэтых арганізацыяў была Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая стваралася з удзелам камуністаў і атрымлівала значную фінансавую падтрымку зь Менску (ці нават з Масквы). Другой такой арганізацыяй была Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (БХД). Праўда, замежных чыньнікаў, зацікаўленых у функцыянаваньні гэтай партыі, да сярэдзіны 1920-х гг. практычна не засталося, аднак сярод сяброў арганізацыі было даволі шмат каталіцкіх ксяндзоў (якія ўсе былі людзьмі адносна заможнымі), на складкі і ахвяраваньні якіх партыя ў асноўным і жыла. Урэшце, выразна палянафільская Беларуская часовая (пасьля – нацыянальная) рада Арсеня Паўлюкевіча і іншыя падобныя ёй арганізацыі існавалі на субсыдыі цэнтральных і мясцовых польскіх уладаў, а таксама польскіх спэцслужбаў. Беларускаму ж сялянскаму саюзу самастойных крыніцаў фінансаваньня знайсьці ўжо не было як: такіх проста не існавала. Адзіным больш-менш сталым грашовым прыбыткам для партыі маглі быць адлічэньні з пасольскіх пэнсіяў Фабіяна Ярэміча і Васіля Рагулі, але гэтага, нягледзячы на тое, што паслы польскага сойму ў той час атрымлівалі за выкананьне сваіх абавязкаў вельмі вялікія грошы, было відавочна недастаткова для разгортваньня шырокай дзейнасьці.

Такім чынам, адзіны выхад для БСС зь ягонай незалежніцкай ідэалёгіяй быў у заключэньні пагадненьня з БХД, відавочна, у такіх умовах не зусім раўнапраўнага. БХД, такім чынам, аказвала БСС ня толькі маральную, але перш за ўсё матэрыяльную падтрымку, за што, зразумела, магла разьлічваць на выкарыстаньне структураў гэтай арганізацыі ў сваіх мэтах. Зрэшты, нават ідэя стварэньня падобнай партыі была ўпершыню выказаная на старонках друкаванага органу БХД «Krynica» яшчэ ў траўні 1925 г.3. Пры сёньняшнім стане дасьледаваньня пытаньня, праўда, цяжка сказаць, засноўвалі Ярэміч і Рагуля БСС адразу зь ведама хадэцкіх лідэраў ці проста перахапілі іхную ідэю. Але далейшая прысутнасьць у кіраўніцтве БСС дзеячаў, што перад гэтым былі ў БХД ці выказвалі да яго сымпатыі (у першую чаргу гаворка пра Браніслава Туронка і Янку Станкевіча) сьведчыць пра тое, што Беларускі сялянскі саюз лучылі з хрысьціянскімі дэмакратамі ня толькі чыста саюзьніцкія сувязі. Таму тое, што лідэры БХД маглі друкавацца (вядома, пад псэўданімамі) і ў партыйнай прэсе БСС, ня толькі не выглядае неверагодным, але падаецца зусім рэальным.

Але няўжо каталіцкім ксяндзам з БХД насамрэч не хапала для прапаганды сваіх поглядаў старонак уласнай газэты «Беларуская крыніца», якая выходзіла дастаткова рэгулярна, прытым даволі вялікімі аб’ёмам і накладам? Трэба пагадзіцца, што ў гэтым выданьні яны сапраўды маглі друкавацца неабмежавана, чым, несумненна, і карысталіся. Але М. Казлоўскі не бярэ пад увагу аднаго вельмі важнага фактару. «Беларуская крыніца» (калі быць абсалютна дакладным, то трэба пісаць «Biełaruskaja krynica») выходзіла лацінкай і мела ў заходнебеларускім грамадзтве трывалую рэпутацыю газэты для каталікоў, якую выдаюць ксяндзы. Канфэсійная ж прыналежнасьць у тагачасных умовах мела вялікае значэньне, асабліва для простага люду. А лідэры беларускіх хадэкаў (як, дарэчы, і ўсе іншыя беларускія дзеячы) ніколі ня думалі абмяжоўвацца працай выключна сярод беларусаў-каталікоў, яны заўсёды мысьлілі катэгорыямі ўсяго беларускага народу бяз розьніцы ў веравызнаньні. З імкненьня пашырыць свае ўплывы і на праваслаўную частку насельніцтва (калі не наўпрост, то апасродкавана) і вынікала падтрымка беларускімі каталіцкімі ксяндзамі Беларускага сялянскага саюзу і ягонай кірылічнай газэты «Сялянская ніва».

Акрамя таго, нельга сказаць, каб пры азнаямленьні з падшыўкай «Сялянскай нівы» асабліва кідалася ў вочы, «што ўсе перадавіцы ў гэтым выданьні пісаліся адным чалавекам, які падпісваўся як прозьвішчам А. Більдзюкевіч, так і вядомымі нам псэўданімамі: А. Незалежнік, А. Саюзьнік, А. Культурнік». Нават калі браць толькі падшыўку за 1927 г. (якая адна толькі ёсьць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, пра што сам аўтар згадвае ў нарысе пра Тодара Куніцкага на с. 294), то і тады відаць, што вялікая колькасьць перадавіцаў – 40 у 96 нумарах (некалькі нумароў, праўда, былі сканфіскаваныя паліцыяй і таму адсутнічаюць у падшыўцы) – наагул друкаваліся бяз подпісу, а многія з астатніх – пад псэўданімамі, але ня толькі пад пералічанымі М. Казлоўскім. Гэтак, былі псэўданімы А. Змагар, Антон Муха, Скарга, Ст. Рубель, Піліп Нікель, Рыгор Булат, А. Дэмакрат, А. Замежны і інш. Усе гэтыя псэўданімы таксама належалі Адаму Більдзюкевічу? Вельмі сумнеўна, хоць бы таму, што М. Казлоўскі, шчыра захапляючыся асобай А. Більдзюкевіча і падымаючы яго ажно да ўзроўню «ідэоляга ня толькі Беларускага сялянскага саюзу, але даволі значнага спэктру беларускага незалежніцкага лягеру» (с. 176), абсалютна выпусьціў з-пад увагі тое, што, акрамя А. Більдзюкевіча, у кіраўніцтва БСС уваходзілі вядомыя беларускія дзеячы, соймавыя паслы Фабіян Ярэміч і Васіль Рагуля. Што яны, нічога не пісалі ў газэту, якую самі ў свой час заснавалі? А калі не пісалі, то чаму? Ня ўмелі ці не хацелі? Але, напрыклад, у той жа «Сялянскай ніве» часам зьяўляліся іхныя артыкулы, падпісаныя ўласнымі прозьвішчамі, якія нічым ня горшыя за ананімныя ці падпісаныя псэўданімамі. Васіль Рагуля пасьля на эміграцыі напісаў успаміны, да зьместу якіх можна і трэба ставіцца крытычна, але тое, што іхны аўтар меў пэўныя літаратурныя здольнасьці – несумненна. Урэшце, абодва паслы дастаткова часта выступалі з зусім ня дрэннымі прамовамі ў сойме і пры гэтым звычайна не маглі карыстацца падрыхтаваным кімсьці тэкстам – гэта забаранялася польскімі законамі. Таму апрыёрнае выключэньне Ф. Ярэміча і В. Рагулі (дарэчы, нават безь ніякага абгрунтаваньня) зь ліку магчымых уладальнікаў псэўданіму «А. Незалежнік» і ўсіх іншых пералічаных М. Казлоўскім падаецца прынамсі дзіўным.

Адносна ж таго, што ўсе артыкулы мелі «адзін напрамак думкі» – гэта зусім ня значыць, што яны належалі аднаму аўтару. Усе беларускія выданьні ў Заходняй Беларусі (і «Сялянская ніва» тут зусім не выключэньне) арыентаваліся на пэўную аўдыторыю – сялянства. Гэтая катэгорыя насельніцтва не вылучалася высокім узроўнем адукацыі, палітычнай культуры і да т. п. Многія былі наагул абсалютна непісьменныя. Да таго ж характэрнай рысай сялянскай псыхалёгіі, і ня толькі ў той час, заўсёды быў давер да друкаванага слова. Таму, каб заваяваць прыхільнасьць сялянства і паўплываць на ягоны сьветапогляд, сялянская газэта мусіла цьвёрда трымацца вызначанай лініі, і ўсе матэрыялы мусілі калі ўжо не дапаўняць, то прынамсі не супярэчыць адзін аднаму. Плюралізм думак на старонках аднаго і таго ж выданьня ва ўмовах працы сярод грамадзтва зь некрытычным складам мысьленьня быў проста немагчымы. Гэта тычыцца, дарэчы, ня толькі беларускіх, але і польскіх газэтаў, разьлічаных на сялянскую аўдыторыю.

Вернемся, аднак, да псэўданіму «А. Незалежнік» і разгледзім яго больш падрабязна. Карыстаўся ім яго ўладальнік адносна нячаста: за 1926–1927 гг., калі газэта «Сялянская ніва» выходзіла рэгулярна кожныя тры-чатыры дні, усяго ў сямі яе нумарах перадавіца была падпісаная менавіта такім імем (прытым у адным з гэтых выпадкаў – як «А. Незалежны», а ў яшчэ адным – як проста «Незалежнік»). Тэматыка гэтых артыкулаў – выключна палітычная, што відаць і з большасьці іхных назваў: «Спалохаліся народнага руху» (нумар ад 18 красавіка 1926 г.), «Сусьветны мір» (18 сьнежня 1926 г.), «Даўно пара» (8 студзеня 1927 г.), «Польская прэса» (29 студзеня 1927 г.), «Жэнэўская канфэрэнцыя» (3 верасьня 1927 г.), «Нявольніцкая псыхалёгія» (21 верасьня 1927 г.) і «Перамога нацыянальнай ідэалёгіі» (24 верасьня 1927 г.). І менавіта дзеля гэтага цяжка паверыць, што іхным аўтарам зьяўляецца Адам Більдзюкевіч, бо мне аніводнага разу не давялося бачыць тэксту выразна палітычнага характару, які быў бы падпісаны сапраўдным імем гэтага дзеяча. Усе безумоўна ягоныя, г. зн. не схаваныя пад спрэчным псэўданімам тэксты – выключна пра асьвету, каапэрацыю, сельскую гаспадарку або пра чыста арганізацыйныя пытаньні разьвіцьця Беларускага сялянскага саюзу і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Як і Більдзюкевічава кніга «Асновы грамадзкай гаспадаркі» (М. Казлоўскі піша пра яе на с. 178–179) – для свайго часу цалкам неблагая, але абсалютна апалітычная.

Дарэчы, адзін з артыкулаў А. Незалежніка ў «Сялянскай ніве», «Нявольніцкая псыхалёгія», паводле свайго зьместу вельмі падобны да неаднаразова ўжо згаданага артыкулу «Тры шляхі» ў зборніку «З роднае нівы». Аўтар рэзка выступае супраць прадстаўнікоў палянафільскае арыентацыі ў заходнебеларускім руху, а таксама супраць арыентацыі прасавецкай, якую для А. Незалежніка на той момант увасабляў неафіцыйны рэдактар друкаваных выданьняў БСРГ Антон Луцкевіч.

Вось як выказвае сваю думку аўтар артыкулу: «Возьмем цяпер другі кірунак, усходні, ці інакш – саветафільскі. Гэты кірунак падтрымлівае беспрынцыпная газэта «Наша Праўда». «Н. Праўду» беспрынцыпнай называем затым, што яе кіраўнік А. Луцкевіч не прытрымліваецца ніякіх прынцыпаў, ніякай ідэалёгіі, ён ужо быў: і сацыялістым, і нацыяналістым, і палянафілам, і германафілам, і франкафілам, і літвінафілам, і безвызнанёўцам, і мэтадыстам, і «беспартыйным», і «ідэйным» грамадзістым, і маскаляфілам (тут і ў наступным абзацы вылучэньне маё. – А. П.), і нарэшце «санацыйным спадаровым сельсаюзьнікам».

А цяпер – іншая цытата зь іншага артыкулу, які быў апублікаваны ў «Сялянскай ніве» 12 траўня, меў назву «Раскрытыя карты», займаў добрыя паўстаронкі вялікафарматнай газэты і быў цалкам прысьвечаны крытыцы Антона Луцкевіча. Крытыка была жорсткая, у артыкуле пералічваліся ўсе рэальныя і ўяўныя грахі Луцкевіча, а ў канцы рабілася выснова: «Ён еў з усякага карыта, а цяпер ізноў хацеў вярнуцца да польскага. Ды нічога ў гэтым дзіўнага, бо мой пан «пракурор» патрапіў быць і сацыялістым, і нацыяналістым, і палянафілам, і германафілам, і франкафілам, і літвінафілам, і безвызнанёўцам, і мэтадыстам, і нарэшце «беспартыйным», «ідэйным» грамадзістым і маскаляфілам». Ня будзем тут ацэньваць слушнасьць абвінавачаньняў, выстаўленых Луцкевічу (як і маральнае права аўтара на іх), бо для нас цяпер важна ў першую чаргу тое, што артыкул, цытаваная вытрымка зь якога ў пэўных месцах бадай што слова ў слова супадае з прыведзенай яшчэ раней вытрымкай з артыкулу А. Незалежніка, быў падпісаны не псэўданімам, а сапраўдным імем: пасол Сойму Васіль Рагуля. Гэта, на маю думку, дастаткова важкі аргумэнт на карысьць таго, што ўладальнікам псэўданіму «А. Незалежнік» быў якраз гэты дзеяч, і, значыць, усе апублікаваныя пад гэтым псэўданімам матэрыялы належаць менавіта ягонаму пяру.

Праўда, трэба абавязкова ўлічваць і тое, што вельмі нэгатыўна ў той час ставіўся да Антона Луцкевіча ксёндз Адам Станкевіч, таму ў прынцыпе і ён мог бы напісаць падобныя словы, нават «пазычыўшы» фармулёўку ў Рагулі. Але пасьля ўважлівага азнаямленьня са зьместам усіх артыкулаў «А. Незалежніка» ў «Сялянскай ніве» я схіляюся да таго, што ўсё ж гэты псэўданім належыць самому Рагулю. Акрамя наўпроставага, ёсьць яшчэ і ўскосныя сьведчаньні на ягоную карысьць. Так, артыкул «А. Незалежніка» «Жэнэўская канфэрэнцыя» быў прысьвечаны чарговаму штогадоваму Кангрэсу нацыянальных меншасьцяў Эўропы, што меў неўзабаве адбыцца ў швайцарскай Жэнэве. У якасьці дэлегата ад беларусаў Польшчы ў 1927 г. на Кангрэсе прысутнічаў Васіль Рагуля. Нагодай для напісаньня артыкулу таго ж «А. Незалежніка» «Перамога нацыянальнай ідэалёгіі» стала далучэньне да Беларускага пасольскага клюбу ў польскім сойме былога пасла распушчанай незадоўга да гэтага Беларускай сялянска-работніцкай грамады Юр’я Сабалеўскага, а таксама паслоў беларускага паходжаньня Антона Шапеля і Ўладзімера Шакуна, якія ў 1922 г. прайшлі ў парлямэнт са сьпісу Польскай народнай партыі «Вызваленьне», а з 1924 г. уваходзілі ў фракцыю Незалежнай партыі хлопскай (аналягу беларускай Грамады на этнаграфічна польскіх землях). Стаўленьне аўтара артыкулу ў «Сялянскай ніве» да гэтай падзеі выключна станоўчае, што відаць нават з самой назвы. А вось газэта БХД «Bełaruskaja krynica» (якой, фактычна, кіраваў Адам Станкевіч) да пашырэньня БПК за кошт Шапеля і Шакуна (наконт Сабалеўскага ніякіх пытаньняў не ўзьнікала) паставілася больш стрымана, бо на ейных старонках зьявілася адно толькі кароткае паведамленьне пра падачу гэтымі пасламі адпаведнай заявы ў Клюб. У выніку абодва паслы афіцыйна ў БПК так і не былі прынятыя, падобна на тое, што менавіта з-за супраціву Станкевіча.

Дарэчы тут яшчэ будзе заўважыць, што калі ў ліку прынамсі патэнцыйных уладальнікаў спрэчнага псэўданіму стаў фігураваць Васіль Рагуля, то падвісае ў паветры таксама і апэляцыя М. Казлоўскага да «стылістыкі пісьма» і «яго граматычнага ладу». Справа ў тым, што шлях Рагулі да беларускасьці быў настолькі пакручасты і складаны, што варты апісаньня ў асобнай працы. Тут жа мы заўважым толькі, што яшчэ ў 1917 г. ён быў адным з найбольш перакананых і актыўных праціўнікаў беларускага нацыянальнага руху, а пасьля, воляй лёсу да яго далучыўшыся, так да канца жыцьця і ня здолеў зжыць даволі паблажлівага стаўленьня да беларускай мовы. Так, вядомы беларускі камуністычны дзеяч, былы лідэр т. зв. «сэцэсіі» ў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924–1926 гг. Міхал Гурын пісаў пра Рагулю ў канцы 1927 г. у сваіх успамінах: «Праўда, беларускі нацыянальны рух захапіў трохі і яго (апісваецца 1924 г. – А. П.), бо ён ужо гаварыў па-беларуску, гаварыў слабавата, горай нават чым па-польску, але пісаць па-беларуску ўпарта адмаўляўся і, здаецца, не практыкуе гэтага і сягоньня»4. Сьведчаньні Гурына ў гэтай справе, як мне падаецца, дастаткова праўдзівыя, бо ён ні ў якім разе ня быў праціўнікам Рагулі і не жадаў яго здыскрэдытаваць у вачах беларускага грамадзтва. Якраз наадварот, у ягоных успамінах Рагуля ў цэлым ацэньваецца як «чалавек… безумоўна сымпатычны». І калі Рагуля ў арыгінале пісаў свае творы па-расейску, а пасьля нехта іх за ім перакладаў, то можна тады казаць у першую чаргу пра стылістыку і асабліва мову ня аўтара, а перакладчыка. А хто быў перакладчыкам Рагулевых тэкстаў – невядома, зусім ня выключана, што і Адам Більдзюкевіч.

  2 Рагуля В. Успаміны. Менск, 1993. С. 38, 71.

3 Krušyna M. Šukańnie nowych daroh // Krynica. 1925. № 18. 3 traŭnia. S. 2.

   
Зрэшты, калі дапусьціць, што спрэчны артыкул «Тры шляхі», нягледзячы на ўсе выкладзеныя вышэй аргумэнты, усё ж сапраўды, як і мяркуе М. Казлоўскі, плён творчасьці А. Більдзюкевіча, то гэты факт можа сьведчыць пра гэтага дзеяча ня толькі з пазытыўнага боку. Так, у артыкуле ёсьць наступныя радкі:

Побач з вышэй успомненым кірункам (маецца на ўвазе прасавецкі кірунак у беларускім руху. – А. П.), які ўзьнік сярод сапраўдных беларускіх арганізацыяў, дзякуючы толькі іх памылкам ці палітычнаму непрадбачаньню, быў створаны без удзелу Беларусаў фікцыйны беларускі кірунак з заходніцкай арыентацыяй, які меў на мэце толькі інтарэсы чужынцаў і ім выслугоўваўся. Лёзунгі гэтага кірунку асталіся кіненымі зусім на вецер, бо пры існуючых абставінах жыцьця ніхто не паверыў і ня верыць у магчымасьць паправы долі Беларускага народу, дзякуючы дабрадзействам пануючай улады. Не затрымліваемся больш над гэтым кірункам, бо ў ім немагчыма знайсьці і цені беларускае працы: усё, што там робіцца, пранікнута чужацкім духам, чужой апекай, шкоднай для беларускага адраджэнскага руху.

Гэтак «А. Незалежнік» ахарактарызаваў кірунак у заходнебеларускім нацыянальным руху, які называўся палянафільскім. Асноўнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку зьяўляліся ў той час Беларуская нацыянальная рада на чале з Арсенем Паўлюкевічам і Беларуская нацыянальна-радыкальная партыя на чале з Францішкам Умястоўскім. Вышэйцытаваныя словы наўрад ці дапускаюць, каб іхны аўтар меў адносна палянафілаў нейкія ілюзіі і гатовы быў зь імі супрацоўнічаць. У той жа самы час, як сьцьвярджаецца ў кнізе М. Казлоўскага, у 1928 г. (акурат у год выданьня кнігі «З роднае нівы») Адам Більдзюкевіч «выйшаў зь Беларускага сялянскага саюзу і па некаторых палітычных пытаньнях салідарызаваўся з так званымі беларускімі палянафіламі, якіх узначальвалі Францішак Умястоўскі і Тодар Вернікоўскі (сябра Беларускай нацыянальнай рады. – А. П.)» (с. 179). Калі Більдзюкевіч сапраўды праявіў гэткую дзівосную «гнуткасьць» і, пішучы адно, рабіў зусім іншае, то ці варта дзівіцца, што пасьля яго «дзяўблі з усіх бакоў і ўсе разам… Беларускія левыя і правыя, хадэкі і камуністы, грамадоўцы і нацыяналісты ўбачылі раптам у яго асобе зьлейшага ворага, якога абавязкова трэба зьнішчыць» (с. 180)?

Дарэчы, калі ўжо міжволі закранулася праблема дачыненьняў Більдзюкевіча і іншых беларускіх дзеячаў у канцы 1920-х гг., то трэба адзначыць, што прычына атак на яго была ня толькі ў тым, што «ягоная кандыдатура не набрала патрэбную колькасьць галасоў сярод выбаршчыкаў» на парлямэнцкіх выбарах у сакавіку 1928 г. Польская выбарчая сыстэма была выразна прапарцыйнай: выбаршчыкі галасавалі не за канкрэтных асобаў, а за партыі і блёкі. Таму на выбарах у Лідзкай выбарчай акрузе, дзе балятаваўся Адам Більдзюкевіч, прайграў не канкрэтна ён, а выбарчае аб’яднаньне, на першым месцы сьпісу якога ягоная кандыдатура была зьмешчаная – Блёк нацыянальных меншасьцяў (БНМ) Польскай Рэспублікі (зь беларускіх партыяў у яго ўваходзілі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Беларускі сялянскі саюз і Беларускае праваслаўнае дэмакратычнае аб’яднаньне). Праўда, слова «прайграла» тут не зусім падыходзіць: Блёку нацыянальных меншасьцяў нават не далі паўдзельнічаць у барацьбе, бо лідзкая акруговая выбарчая камісія анулявала сьпіс БНМ разам са сьпісам блізкіх да камуністаў радыкальных былых «грамадоўцаў». У выніку больш за семдзесят тысячаў выбарнікаў з гэтай акругі дэманстрацыйна галасавалі за ануляваныя сьпісы, а пераможцу выбараў – праўладнаму Беспартыйнаму блёку супрацоўніцтва з урадам – хапіла для атрыманьня ажно чатырох дэпутацкіх мандатаў усяго 61 856 галасоў.

Наконт самой хады канфлікту М. Казлоўскі цалкам мае рацыю – «пачаліся інтрыгі, зьвягі, якія іншы раз перарасталі ў звычайны брудны палітычны паклёп» (с. 179). Цяжка сказаць, колькі выдумкі, а колькі праўды было, напрыклад, у такіх словах апанэнтаў, што Більдзюкевіч «павадзіўся і навет пабіўся са сваімі ранейшымі прыяцельмі (кс. А. Станкевіч і Ф. Ярэміч – яго пабілі па твару) і адышоў ня толькі ад іх, але адчураўся ўсяго беларускага руху»... «пайшоў у палякі» і залажыў у Вільні польскую школу... нядобра разьлічыўся з даручанымі яму ў 1928 г. выбарнымі грашыма»5. Дакладна не адпавядае сапраўднасьці, аднак, тое, што Більдзюкевіч «бязь лішніх спрэчак і звадак… адышоў ад вялікае палітыкі, даючы магчымасьць рэалізавацца іншым» (с. 180). Калі вясной 1930 г. Вярхоўны суд Польшчы прызнаў выбары 1928 г. у шэрагу акруг, у тым ліку і ў Лідзкай, сфальшаванымі і прызначыў новыя выбары, Більдзюкевіч адмовіўся зьняць сваю кандыдатуру са сьпісу Блёку нацыянальных меншасьцяў, разьлічваючы, відаць, прайсьці ў сойм коштам працы былых сваіх палітычных саюзьнікаў, але ў час выбараў – ужо непрымірымых супернікаў. Што зробіш, нашыя нацыянальныя дзеячы – таксама жывыя людзі, а апошнім, як вядома, уласьціва мець як вартасьці, так і недахопы. Менавіта так мы іх і павінны ўспрымаць. І каб добра спазнаць сваю гісторыю, мы мусім вывучаць яе ня толькі з пазытыўнага боку, але і з нэгатыўнага.

  4 Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. 1927. № 29. 7 кастрычніка. С. 3.

   
А той казус, які адбыўся з ідэнтыфікацыяй асобы ўладальніка псэўданіму «А. Незалежнік», наглядна дэманструе нам, што праблемай расшыфроўкі псэўданімаў, якімі падпісвалі беларускія публіцысты свае артыкулы ў газэтах і часопісах Заходняй Беларусі, даўно пара заняцца навукова. Праўда, яшчэ ў савецкі час на гэтую тэму была выдадзеная праца Янкі Саламевіча6, якая і сёньня свайго значэньня ня страціла. Аднак з таго часу кардынальна памяняліся погляды на многія гістарычныя падзеі, былі вернутыя зь нябыту імёны дзясяткаў раней наўмысна замоўчваных дзеячаў. Аказалася сярод іншага, што і беларускае грамадзка-палітычнае жыцьцё ў той жа Заходняй Беларусі не абмяжоўвалася «барацьбой працоўных пад штандарамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі супраць польскіх абшарнікаў і буржуазіі ды іх нацыянал-фашысцкіх памагатых». Сёньня не бязь цяжкасьцяў, але вядуцца спробы аднавіць рэальную карціну тагачаснага заходнебеларускага палітычнага жыцьця, а пры нерасшыфраванасьці псэўданімаў бадай што ў кожнага нават сумленнага дасьледніка ўзьнікае неўсьвядомленае жаданьне прыпісаць іх «патрэбнаму» дзеячу. У практыцы аўтара гэтых радкоў калісьці таксама быў выпадак, калі ён у адным з артыкулаў інтуітыўна прыпісаў псэўданім «Davidoviи», якім карыстаўся адзін з публіцыстаў газэты «Bełaruskaja krynica», Адаму Станкевічу7 – і памыліўся. Насамрэч гэты псэўданім, як удалося пасьля выявіць, належаў іншаму Станкевічу – Янку. У гэтым выпадку, праўда, прынцыпова памылка ні на што асабліва не паўплывала, але часам бывае і зусім іначай.

Вернемся, аднак, да кнігі М. Казлоўскага. Падрабязна разгледжаная вышэй сытуацыя з псэўданімам – не адзіная, на жаль, недакладнасьць, дапушчаная аўтарам. Напрыклад, на с. 25, у артыкуле пра Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю, згадваецца Гадыцкі-Цьвірка, які быў дырэктарам гэтай навучальнай установы ў 1900–1907 гг. Казлоўскі адзначае, што «хоць яго і не любілі сэмінарысты, хоць ён пакінуў ня вельмі добрую памяць, але менавіта гэты чалавек уваходзіў у розныя беларускія арганізацыі, пачынаючы зь лёсавызначальнага для Беларусі 1918 г.» (с. 25). У гэтым выпадку аўтар, відавочна, стаў ахвярай тае блытаніны, якая зьвязаная з існаваньнем у гісторыі беларускага нацыянальнага руху ажно двух вядомых дзеячаў з прозьвішчам Цьвірка-Гадыцкі. Аднаго зь іх звалі Кастусём, і ён сапраўды быў пэдагогам, перад рэвалюцыяй працаваў у розных навучальных установах, а пасьля рэвалюцыі – у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, займаючыся, сярод іншага, распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналёгіі. А як сябра мноства беларускіх арганізацыяў пачынаючы нават ня з 1918-га, а з 1917 г. больш адзначыўся іншы Цьвірка-Гадыцкі – Казімер. Але ж ня гэта галоўнае. Абодва гэтыя дзеячы ў акрэсьленыя М. Казлоўскім гады не маглі займаць такую высокую пасаду, як дырэктар настаўніцкай сэмінарыі, з зусім простай прычыны – яны былі тады для гэтага занадта маладыя. Кастусь у 1900 г. меў дваццаць гадоў (і быў толькі студэнтам фізыка-матэматычнага аддзяленьня Маскоўскага ўнівэрсытэту), а Казімер – усяго адзінаццаць. Таму несумненна, што дырэктарам сэмінарыі ў 1900–1907 гг. быў нейкі зусім іншы Цьвірка-Гадыцкі, факт наступнага ўдзелу якога ў беларускім нацыянальным руху прынамсі сумнеўны.

Выказаныя вышэй заўвагі да кнігі нарысаў Міхася Казлоўскага ні ў якім разе ня маюць на мэце прынізіць значэньне ягонай самаахвярнай працы. Так, пэўныя памылкі і недакладнасьці ён дапусьціў, але добра вядома, што ніколі не памыляцца можа толькі той, хто нічога ня робіць. А Міхась Казлоўскі робіць вялікую працу. Скажам шчыра: не было б хай сабе трохі і ідэалізаванага нарысу М. Казлоўскага пра Адама Більдзюкевіча – не было б і выкладзеных у гэтай рэцэнзіі ўдакладненьняў біяграфіі апошняга. І значыць – наагул гэты дзеяч быў бы для нас невядомы, як і дзясяткі ды сотні іншых, што маюць безумоўныя заслугі перад Бацькаўшчынай. Па-ранейшаму «не пісалі б пра яго тоўстыя энцыкляпэдыі і салідныя даведнікі, пра яго маўчалі б беларускія гісторыкі і краязнаўцы, мовазнаўцы і эканамісты» (с. 171). А Казлоўскі напісаў практычна з нуля біяграфію ня толькі Більдзюкевіча, але і іншых малавядомых заходнебеларускіх дзеячаў: аднаго зь лідэраў Беларускага студэнцкага саюзу Тодара Куніцкага, рэдактара сельскагаспадарчага часопісу «Саха» і таленавітага публіцыста-асьветніка Міколы Ільяшэвіча, дырэктара Вялейскай беларускай настаўніцкай сэмінарыі Мікалая Грышкевіча, загадчыка беларускай друкарні ў Маладэчне Міхася Станкевіча, настаўніка Пятра Зяновіча, слонімскага мастака Антона Карніцкага, цэлай сьвядомай беларускай сям’і Шутовічаў са Смаргоншчыны. Ці шмат пра гэтых людзей, якія ў свой час вялікія намаганьні паклалі на тое, каб ня згас агонь беларушчыны, ведаюць нават прафэсійныя дасьледнікі беларускай гісторыі і культуры? І ці шмат у нас кніжак, у якіх цікава і зьмястоўна апісваецца разьвіцьцё адукацыі ў адным асобна ўзятым невялікім рэгіёне, прытым з асаблівым упорам на тое, якое значэньне гэтая адукацыя мела для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху? А калі яшчэ да ўсяго гэтага дадаць, што кніга мае ўклейку з 76 фатаздымкамі, многія зь якіх – унікальныя, то можна толькі падзякаваць аўтару за ягоную ахвярную працу. І яшчэ пажадаць, каб ягоны творчы куфэрак і надалей не пусьцеў. Тым больш што забытых дзеячаў у Беларусі, на жаль, столькі, што працы ў вяртаньні зь нябыту іхных імёнаў хопіць, відаць, яшчэ не аднаму пакаленьню дасьледнікаў.

  5 Наперад. Вільня, 1930. 7 траўня. С. 2.

6 Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVI–XX стст.). – Мінск, 1983.

7 Пашкевич А. Взаимоотношения представительств евреев и славянских национальных меньшинств в парламенте межвоенной Польши в 1922–1927 гг. // Материалы Двенадцатой Ежегодной Международной Междисциплинарной конференции по иудаике. Ч. 2. Москва, 2005. С. 145.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/08