A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (46) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ | ||||
Цаглінка ў даволі саліднай гістарыяграфіі Ня тое – у Польшчы. Хоць беларуская праблематыка там традыцыйна знаходзіцца на маргінэсе ў параўнаньні з украінскай ці габрэйскай, аднак жа і выхад кніжкі пра той ці іншы аспэкт жыцьця беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай – таксама ня рэдкасьць. Вось і напрыканцы мінулага году ў Варшаве выйшла кніга пад назвай «Беларускія справы ў палітыцы ўраду Ўладзіслава Грабскага». Яе аўтарам зьяўляецца гісторык і журналіст Міхал Куркевіч. Адзначаная манаграфія – першая для Куркевіча, хоць і раней ён выступаў з артыкуламі ў польскай прэсе, прысьвечанымі гісторыі польска-беларускіх дачыненьняў. Храналягічна праца ахоплівае надзвычай важны ў гісторыі гэтых дачыненьняў пэрыяд са сьнежня 1923-га па лістапад 1925 г. У гэты час беларускае пытаньне пачало набываць для польскіх афіцыйных уладаў не вядомую раней вастрыню. Зруйнаваная шматлікімі войнамі і рэвалюцыямі заходнебеларуская вёска чакала з боку ўраду канкрэтных захадаў на паляпшэньне свайго становішча і, не дачакаўшыся, пачала ўсё больш адкрыта выяўляць сваю незадаволенасьць. Дывэрсійная акцыя, якая падтрымлівалася і накіроўвалася перш за ўсё з-за ўсходняй мяжы, да пачатку 1924 г. набыла такі размах, што сур’ёзна пагражала польскай уладзе ў Заходняй Беларусі. Таму наваствораны ўрад на чале з У. Грабскім, урад тэхналягічны, сфармаваны першапачаткова выключна дзеля правядзеньня патрэбнай для краіны грашовай рэформы (гэта задача, дарэчы, была пасьпяхова выканана), мусіў задумацца дадаткова і пра выпрацоўку дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі. Але сама сьпешнасьць, зь якой адбывалася выпрацоўка асноваў гэтай палітыкі, перадвызначала яе супярэчлівасьць і недасканаласьць. Першая і другая часткі працы Куркевіча – уводныя. У першай аўтар дае агляд агульнай эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў паўночна-ўсходніх ваяводзтвах Польшчы, адмыслова падкрэсьліўшы нават у самой назьве разьдзелу, што гэтыя тэрыторыі былі «беднай правінцыяй зруйнаванай краіны» (с. 12). З разьдзелу вынікае, што праблемаў для неадкладнага вырашэньня да часу сфармаваньня ўраду Грабскага на т. зв. «крэсах» намножылася вельмі шмат. Практычна не праводзілася зямельная рэформа, слаба пасоўвалася пасьляваенная адбудова, высыланыя на «крэсы» вайсковыя асаднікі пагаршалі стаўленьне мясцовага насельніцтва да палякаў. Гаспадарчыя праблемы ўзмацняліся палітычнымі, зьвязанымі перш за ўсё з шырокім разьвіцьцём леварадыкальнага руху, які актыўна сілкаваўся з тэрыторыі СССР і нярэдка набываў формы ўзброенага супраціву польскай адміністрацыі. Асабліва спрыяла распаўсюджваньню т. зв. «дывэрсіі» «празрыстасьць» польска-савецкай дзяржаўнай мяжы. Бальшавіцкая агітацыя знаходзіла ў Заходняй Беларусі найпрыдатнейшую глебу. Аўтар кнігі асабліва падкрэсьлівае, што «сыстэма, створаная на паўночна-ўсходніх ускраінах ў першыя гады існаваньня міжваеннай Польшчы, адзначалася здольнасьцю хуткага павелічэньня незадаволеных людзей» (с. 22–23). Сапраўды, не задаволеныя польскімі ўладамі былі практычна ўсе катэгорыі насельніцтва. Сяляне дабіваліся зямлі, беларуская інтэлігенцыя – нацыянальных школаў (колькасьць якіх зьменшылася за першыя гады польскага кіраваньня з 350 да 32 (с. 19–20), праваслаўныя вернікі патрабавалі спыненьня рэвіндыкацыі сваіх храмаў і г. д. Другі разьдзел працы прысьвечаны аналізу поглядаў на вырашэньне беларускага пытаньня асноўных тагачасных польскіх палітычных асяродкаў. Аўтар перш за ўсё аналізуе асабістыя погляды на праблему тых асобаў, якім воляй лёсу было вызначана распрацоўваць асновы нацыянальнай палітыкі ўва ўрадзе Ўладзіслава Грабскага – Станіслава Грабскага і Станіслава Тугута. У другой частцы разьдзелу выкладаюцца пазыцыі ў нацыянальным пытаньні тых польскіх партыяў, якія мелі вялікія фракцыі ў парлямэнце і такім чынам мелі непасрэдны ўплыў на фармаваньне дзяржаўнай палітыкі. У асноўным, як вынікае, суперніцтва ішло паміж дзьвюма галоўнымі канцэпцыямі вырашэньня нацыянальнай праблемы. Першая зь іх была нацыянал-дэмакратычная (эндэцкая) і прадугледжвала як мага большае ўзмацненьне польскага элемэнту на ўскраінах і палянізацыю славянскіх меншасьцяў. Акрамя саміх нацыянальных дэмакратаў, гэтую канцэпцыю ў цэлым падтрымлівалі сябры Польскай народнай партыі «Пяст», а яе выразьнікам ува ўрадзе быў Станіслаў Грабскі. Другі погляд, якога трымаліся ў асноўным сябры Польскай народнай партыі «Вызваленьне» і Польскай сацыялістычнай партыі, рэпрэзэнтаваў ува ўрадзе Станіслаў Тугут. Гэта была канцэпцыя т. зв. «дзяржаўнай асыміляцыі», згодна зь якой меншасьцям даваліся дастаткова шырокія правы ў нацыянальна-культурнай сфэры ўзамен за іхную ляяльнасьць у дачыненьні да польскай дзяржавы. Акрамя аналізу поглядаў асноўных тагачасных палітычных сілаў, аўтар чамусьці наважыўся на апісаньне ў гэтым разьдзеле бачаньня беларускай праблемы віленскімі кансэрватарамі, а таксама будучымі прыхільнікамі Пілсудзкага. Гэтае рашэньне не выглядае ўдалым: усё ж сам аўтар адзначае, што тыя ж віленскія кансэрватары «ў разгляданы пэрыяд ня мелі ўплыву на палітыку ўраду ў Варшаве, аднак атрымалі яго пасьля травеньскага перавароту» (с. 52), гэта значыць у 1926 г., ужо пасьля адстаўкі ўраду У. Грабскага. Падаецца, што перабольшвае аўтар і ўплыў на беларуска-польскія дачыненьні сярэдзіны 1920-х гг. таго факту, што кіраўнік Цэнтральнай управы ўсходніх земляў Ежы Асмалоўскі яшчэ ў траўні 1919 г. падчас перамоваў з прадстаўнікамі Гарадзенскай цэнтральнай беларускай рады нібыта паабяцаў апошнім залішне шмат (с. 51–52). Непасрэднае апісаньне і аналіз асноўных праектаў і практычных захадаў ураду Ўладзіслава Грабскага ў сфэры нацыянальнай палітыкі Міхал Куркевіч пачынае з трэцяга разьдзелу. Гэтыя захады можна агулам зьвесьці да трох асноўных: 1) распрацоўка і прыняцьце законаў аб правах моваў нацыянальных меншасьцяў на «ўсходніх крэсах»; 2) узмацненьне аховы ўсходняй мяжы Польшчы з мэтай супрацьдзеяньня дывэрсійным акцыям у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне; 3) распрацоўка праектаў законаў, якія мелі на мэце палепшыць эканамічны стан заходнебеларускага насельніцтва і такім чынам дабіцца калі ня шчырых сымпатыяў, то прынамсі ляяльнасьці апошняга да польскай дзяржавы. Першыя законы, якія рэгулявалі ўжываньне нацыянальных моваў у школах, адміністрацыйных органах і ў судах былі канчаткова прынятыя соймам 31 ліпеня 1924 г., але, хоць і давалі пэўныя абмежаваныя правы нацыянальным меншасьцям, на практыцы выконваліся слаба. Другі плян ураду Грабскага атрымаў увасабленьне ў стварэньні на ўсходняй мяжы ваенізаванага Корпусу аховы памежжа, які замяніў няздольную да рэальных дзеяньняў мясцовую паліцыю. Былі праведзеныя і рэпрэсіўныя акцыі з мэтай выкрыцьця і разгрому ячэек Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Урэшце, сам Уладзіслаў Грабскі распрацаваў плян паляпшэньня эканамічнага становішча заходнебеларускай вёскі, які прадугледжваў прымусовы продаж памешчыкамі лішкаў зямельных уладаньняў Зямельнаму банку з мэтай іх наступнай парцэляцыі паміж мясцовымі сялянамі, а таксама аказаньне апошнім значнай дзяржаўнай дапамогі пры правядзеньні пасьляваеннай адбудовы. Гэтыя праекты, аднак, былі адкінутыя Палітычным камітэтам Рады міністраў як занадта радыкальныя (с. 75–76). Чацьвёртую частку працы аўтар адмыслова прысьвяціў пэрсанальнай дзейнасьці ўва ўрадзе Грабскага аднаго з найбольш выбітных прадстаўнікоў тагачаснай польскай дэмакратыі, аўтара і суаўтара многіх праектаў урадавых законаў – Станіслава Тугута. Некаторы час працы ўраду ён афіцыйна курыраваў у ім пытаньне палітыкі «ўсходніх крэсаў». Прыклад Тугута сьведчыць пра тое, што сярод тагачасных польскіх палітыкаў былі людзі, якія ня толькі фармальна, але і на справе імкнуліся ўнармаваць польска-беларускія адносіны, прытым гатовыя былі пайсьці на значныя саступкі на карысьць беларусаў. 1 траўня 1925 г. Тугут падаў на ўзгадненьне прэм’еру плян працы кіраванай ім сэкцыі па нацыянальных справах Палітычнага камітэту Рады міністраў Польшчы. У ім ён прадугледзеў забесьпячэньне некаторых культурна-асьветніцкіх патрэбаў беларускага насельніцтва, якія яшчэ за два гады да гэтага былі праграмай-мінімумам беларускіх паслоў у сойме. Так, Тугут выказаўся за тое, каб усе пададзеныя бацькамі вучняў заявы на адчыненьне школаў на роднай мове былі задаволеныя з пачатку 1925/1926 школьнага году. Беларускія настаўнікі, якія ў 1922–1923 гг. скончылі курсы паляністыкі ў Кракаве і затым накіраваныя на працу на этнічна польскія тэрыторыі, мусілі вярнуцца на радзіму. У Вільні павінны былі адкрыцца беларускія настаўніцкія курсы на 40 чалавек, і іх выпускнікам мусілі гарантавацца месцы працы ў паўночна-ўсходніх ваяводзтвах. Прадугледжваліся дзьвюхмоўнасьць Віленскай настаўніцкай сэмінарыі, дзяржаўнае прызнаньне атэстату Віленскай беларускай гімназіі і чвэрцьмільённы крэдыт фірмам, якія заняліся б выпускам беларускамоўных падручнікаў. Акрамя таго, плянавалася стварэньне катэдраў беларускае філялёгіі ў Віленскім унівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры і Studium Slavicum у Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве. У віленскім, беластоцкім і берасьцейскім кураторыях Тугут прапаноўваў увесьці пасады рэфэрэнта па справе меншасьцёвага школьніцтва і прызначыць на іх беларусаў. Значныя саступкі меншасьцям прадугледжваліся Тугутам таксама і ў гаспадарчай і рэлігійнай сфэрах (с. 85–87). Большасьць праектаў гэтага дзеяча таксама засталіся на паперы. У пятым разьдзеле М. Куркевіч паспрабаваў прасачыць дачыненьні ўраду У. Грабскага зь беларускімі пасламі ў польскім сойме. Аўтар падкрэсьлівае прынцыпова апазыцыйную ў дачыненьні да ўраду пазыцыю беларускіх прадстаўнікоў і іх пастаянную радыкалізацыю, пацьвярджаючы сваю думку вялікімі (часам больш чым на паўстаронкі) цытатамі з соймавых выступленьняў аднаго зь лідэраў Беларускага пасольскага клюбу Браніслава Тарашкевіча (с. 94–95, 99–100). Сьцісла апісаная гісторыя ўтварэньня Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) у чэрвені 1925 г., падкрэсьліваецца значная роля ў яе ўтварэньні камуністаў і аналізуюцца асноўныя палажэньні праграмы партыі. Адносна шмат увагі надаецца спробам польскага ўраду размаўляць зь беларускім насельніцтвам, мінаючы выбраных ім афіцыйных прадстаўнікоў. Дзеля гэтага ўрад усялякімі спосабамі падтрымліваў стварэньне палянафільскіх арганізацыяў, але не дасягнуў пастаўленай мэты з-за нізкага маральнага ўзроўню іх лідэраў і, адпаведна, адсутнасьці аўтарытэту ў насельніцтва (с. 95–98). Агульная выснова аўтара –
на працягу двухгадовага кіраваньня Ўладзіслава Грабскага безумоўную перавагу ў беларускім руху здабылі камуністычныя і пракамуністычныя элемэнты, якія атрымлівалі дапамогу з-за мяжы. Гэта было вынікам прадуманай палітыкі ўраду БССР і яго цеснага супрацоўніцтва з камуністамі ў Польшчы (с. 103–104).
Урэшце, у апошнім, шостым, разьдзеле разглядаецца практычная дзейнасьць мясцовай польскай адміністрацыі дзеля рэалізацыі ўрадавых праектаў. Аўтар ужо напачатку гэтага разьдзелу падкрэсьлівае, што «значна большы ўплыў, чым віцэ-прэм’ер Тугут, чым нават урад, на дзеяньні адміністрацыі меў на тэрыторыі пэўнага ваяводзтва ваявода» (с. 105). Вялікія паўнамоцтвы ваяводы дапускалі спэцыфіку ўва ўвядзеньні ў жыцьцё прынятых цэнтрам законаў. Дзеля пацьвярджэньня сваёй думкі М. Куркевіч знаёміць чытача з выказваньнямі па нацыянальным пытаньні прызначаных у 1924 г. наваградзкага ваяводы Мар’яна Жэготы-Янушайціса і палескага – Казімежа Младзяноўскага. Першы зь іх трымаўся выразна эндэцкага погляду на вырашэньне беларускага пытаньня, другі ж быў больш лібэральны. Праўда, аўтар абмежаваўся толькі прывядзеньнем шырокіх цытатаў зь іх публічных выступленьняў, але не ўдакладніў, ці мела нейкія прынцыповыя адрозьненьні практычная рэалізацыя імі тых жа «моўных законаў» у названых ваяводзтвах. Але ў цэлым ён сьцьвярджае, што мясцовая адміністрацыя на «крэсах» мела рэпрэсіўны характар, і бачыць у гэтым «адзін з найважнейшых чыньнікаў, які фармаваў нэгатыўнае стаўленьне беларускіх элітаў і ўсяго беларускага насельніцтва да Польскай Рэспублікі» (с. 110). Агульнае ўражаньне пасьля азнаямленьня з працай Міхала Куркевіча даволі супярэчлівае. З усяго тэксту відаць, што аўтар намагаўся захоўваць аб’ектыўнасьць і, наколькі магчыма, пазьбягаць аднабаковасьці ацэнак. Мабыць, імкнучыся гэта падкрэсьліць, аўтар часта спасылаецца ў працы на думку іншых аўтарытэтных дасьледчыкаў – «знаўцаў тэмы», прыводзячы ў тэксьце даволі вялікія цытаты зь іх твораў. Безумоўна, навуковую сумленнасьць заўсёды можна толькі вітаць, але ж, як любяць казаць палякі – co za dużo, to nie zdrowo. Падаецца, што Куркевіч усё ж залішне захапіўся цытаваньнем высноваў іншых дасьледчыкаў, дзеля чаго складаецца ўражаньне пэўнай кампілятыўнасьці ягонай уласнай працы, нягледзячы нават на выкарыстаньне арыгінальных матэрыялаў з фонду Прэзыдыюму Рады міністраў Польшчы з варшаўскага Архіву новых актаў. Належыць прызнаць, што літаратуру па тэме аўтар вывучыў вельмі добра, але, што трэба асабліва падкрэсьліць – амаль што выключна польскую. З працаў беларускіх аўтараў Міхал Куркевіч у сваёй манаграфіі выкарыстаў толькі артыкулы паслоў польскага сойму Фабіяна Ярэміча ды Васіля Рагулі – дарэчы, чыста прапагандысцкага характару – надрукаваныя ў 1927 г. у часопісе «Natio», артыкул Віктара Ярмалковіча пра Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, надрукаваны ў часопісе «Wiкџ» у 1986 г. ды працы беластоцкіх гісторыкаў Яўгена Мірановіча і Алега Латышонка. Усе згаданыя выданьні – выключна польскамоўныя, што дае падставы рабіць прыпушчэньне пра моўны бар’ер як асноўную прычыну настолькі сьціплай прэзэнтацыі беларускіх крыніцаў. У выніку найменш новай і арыгінальнай інфармацыі зьмяшчаецца ў тых разьдзелах працы, у якіх разглядаюцца дачыненьні ўраду Грабскага з заходнебеларускім нацыянальным рухам. Наагул з гэтым рухам М. Куркевіч знаёмы даволі павярхоўна, што відаць хоць бы са шматлікіх фактаграфічных памылак у тэксьце працы. Так, напрыклад, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя была створаная не ў 1915-м, а ў 1917 годзе, раскол у Беларускай сацыялістычнай грамадзе і стварэньне па яго выніках Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі – не ў 1917-м, а ў 1918 годзе (с. 24). Беларуская настаўніцкая сэмінарыя месьцілася не ў Баранах, а ў Барунах (с. 20). Сакратар Галоўнай управы БСРГ меў прозьвішча Бурсевіч, а не Брусевіч (с. 102). Прэм’ера БНР Цьвікевіча звалі не Аляксеем, а Аляксандрам (с. 101), і, наадварот, беларускага сэнатара Назарэўскага – Аляксеем, а не Аляксандрам (с. 23). Антон Луцкевіч ніколі ня быў дзеячам, «блізкім да беларускіх эсэраў» – ён быў сацыял-дэмакратам (с. 27). Вячаслаў Багдановіч сапраўды цесна супрацоўнічаў з расейскім рухам у Польшчы, асабліва праваслаўна-царкоўным, аднак жа манархістам пры гэтым ён ня быў (с. 26). Радаслаў Астроўскі, Язэп Шнаркевіч і Мікалай Марцінчык, ахарактарызаваныя аўтарам як «беларускія дзеячы, не зьвязаныя з «Грамадой» (с. 100), усё ж такі былі зь ёй зьвязаныя, прытым даволі цесна. Шнаркевіч і Марцінчык абодва стаялі ля вытокаў Грамады і ў студзені 1927 г. былі арыштаваныя разам зь іншымі лідэрамі партыі, амаль год пасьля правёўшы ў турме. І проста няёмка казаць пра незаангажаванасьць у грамадоўскія справы Радаслава Астроўскага, які быў віцэ-старшынём БСРГ і нават, як лічылі некаторыя беларускія дзеячы, яе ценявым кіраўніком. Наагул, гэты дзеяч за сваё доўгае жыцьцё паслужыў самым розным ідэям і ўладам, заслужыўшы сабе далёкую ад бездакорнай рэпутацыю ў сучасьнікаў. Таму цяжка пагадзіцца з М. Куркевічам, што менавіта гэты дзеяч (як таксама ня менш спрэчная фігура – Фабіян Акінчыц) мог «трактаваць БССР як этап на шляху да беларускай незалежнай дзяржавы», у адрозьненьне ад Браніслава Тарашкевіча, Пятра Мятлы, Сымона Рак-Міхайлоўскага і Паўла Валошына, якія нібыта камунізм падтрымлівалі ідэйна (с. 102). У другой палове 1925 г. была распрацаваная не канчатковая праграма Грамады, а толькі яе праект, забракаваны дзеля залішняй блізіні да праграмы камуністаў. Той жа напісаны Б. Тарашкевічам дакумэнт, які мы цяпер ведаем як праграму БСРГ, быў прыняты толькі 12 траўня 1926 г. (с. 101). «Камунікат» прыхільнікаў т. зв. «сэцэсіі» ў КПЗБ з вострай крытыкай палітыкі Камуністычнай партыі Польшчы быў зьмешчаны ня ў пятым (с. 34), а ў другім нумары партыйнага органу «Большевик». Саму ж «сэцэсію» канчаткова ўдалося ліквідаваць вясной не 1925-га (с. 35), а 1926 г. Плянаваны кіраўніком палянафільскай Часовай беларускай рады Арсенем Паўлюкевічам зьезд Заходняй Беларусі, да якога, паводле Куркевіча, «не дайшло ні ў гэты (красавік 1925 г. – А. П.), ні ў які-небудзь іншы час» (с. 98), усё ж адбыўся ў Вільні з 27 па 28 чэрвеня 1926 г. Іншая справа, што ён, як і большасьць іншых мерапрыемстваў згаданага дзеяча, ня меў шырокага грамадзкага рэзанансу. Такіх памылак можна пры жаданьні знайсьці ў тэксьце болей. А пазьбегнуць большасьці зь іх можна было, зазірнуўшы хоць бы ў шасьцітомную «Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі», што ў поўным камплекце ёсьць у варшаўскіх бібліятэках. Аднак шырока выкарыстаць у сваёй працы беларускія матэрыялы, аўтар, на жаль, чамусьці не палічыў патрэбным. Наагул, на нашу думку, праца зь беларускімі крыніцамі, у першую чаргу з матэрыяламі пэрыядычнага друку, зьяўляецца самым слабым месцам сучаснай польскай гістарыяграфіі. Цяжка зразумець лёгіку польскіх дасьледчыкаў, але ў большасьці іхных працаў на беларускую тэматыку амаль заўсёды выкарыстоўваюцца толькі тыя крыніцы, якія адлюстроўваюць выключна польскі погляд на тую ці іншую праблему. Гэтая ня вельмі пазытыўная тэндэнцыя, вядома, не датычыць тых гісторыкаў беластоцкай школы, якія зьяўляюцца этнічнымі беларусамі. Характэрна, што М. Куркевіч, спасылаючыся на іх працы, акрэсьлівае іх саміх як прадстаўнікоў ня польскай, а беларускай гістарыяграфіі (с. 102). Калі працягваць ужо закранутае пытаньне крыніцазнаўчай базы дасьледаваньня, то прынамсі зьдзіўленьне выклікае рашэньне аўтара з усёй разнастайнасьці пэрыядычных выданьняў у міжваеннай Польшчы абмежавацца толькі віленскім «Sіowem». Цікава абгрунтоўвае аўтар свой выбар менавіта гэтай «найважнейшай» крыніцы ў якасьці адной з асноўных:
Гэтую кансэрватыўную штодзённую газэту фінансавалі сярод іншых праф. Мар’ян Зьдзяхоўскі, Мар’ян Бруль-Плятэр, Станіслаў Ваньковіч, Ян Тышкевіч і нясьвіскі ардынат Альбрэхт Радзівіл. На «Sіowo» таксама давалі грошы наступныя інстытуцыі: Саюз памешчыкаў, Саюз закардонных палякаў і Віленскі зямельны банк (с. 8).
Ужо з аднаго гэтага пераліку фундатараў вынікае, што «Sіowo» было друкаваным органам зусім канкрэтнага палітычнага кірунку – кансэрватыўнага, і менавіта яго пункт гледжаньня адлюстроўваўся у матэрыялах, што зьмяшчаліся на старонках газэты. Таму выкарыстаньне аўтарам пры дасьледаваньні выключна гэтага пэрыядычнага выданьня азначае тое, што ён у пэўнай ступені, сьвядома ці несьвядома, глядзеў на беларускую справу вачыма віленскіх кансэрватараў. Віленскія ж кансэрватары не былі нэўтральнымі ў нацыянальным пытаньні, цьвёрда трымаючыся канцэпцыі асыміляцыі беларускага насельніцтва, пра што выказваліся зусім адкрыта на старонках свайго друкаванага органу. Пры ўсім гэтым зусім не падлягае сумненьню, што само па сабе «Sіowo» было выданьнем салідным і вядомым далёка за межамі Вільні. Праўда і тое, што яго супрацоўнікі намагаліся «дакладна апісваць кожны дывэрсійны напад, інфармаваць пра дзейнасьць беларускіх эмігрантаў у Ковенскай Літве і адносінах, якія панавалі ў БССР» (c. 8) (іншая справа, наколькі дакладнай і аб’ектыўнай іх інфармацыя аказвалася ў выніку). Пытаньні выклікае толькі мэтазгоднасьць выкарыстаньня гэтай газэты (як і любой іншай) у якасьці безальтэрнатыўнай крыніцы. Усё ж нават дзеля простай навуковай карэктнасьці пажадана было б паралельна выкарыстоўваць таксама друкаваныя органы іншых палітычных кірункаў, і, вядома ж, беларускую прэсу. Сьвядомае ці несьвядомае невыкарыстаньне беларускіх крыніцаў пазбаўляе дасьледчыка ня толькі пэўнага карыснага фактаграфічнага матэрыялу, але таксама не дае яму магчымасьці глянуць на разгляданую праблему шырэй, вачыма ня толькі польскага ўраду, але і беларускіх дзеячаў. Таму ў працы Куркевіча ў нязьменным выглядзе прыводзяцца некаторыя замацаваныя ў польскай гістарыяграфіі стэрэатыпы ў дачыненьні да беларускага пытаньня. Так, характарызуючы пазыцыю беларускіх паслоў у дачыненьні да «моўных законаў» (а яны разам з дэпутатамі іншых нацыянальных меншасьцяў выступілі зь іх рэзкай крытыкай і ў выніку дэманстрацыйна пакінулі залю паседжаньняў), М. Куркевіч не адыходзіць ад традыцыйнага погляду, ацэньваючы, што «вінаватыя ў гэтым становішчы (пазьнейшым невыкананьні законаў на практыцы. – А. П.) таксама беларускія і ўкраінскія паслы. Адкідаючы en bloc моўныя законы, яны ня спраўдзіліся палітычна, не дарасьлі да ўжываньня тактыкі «браць, не расьпісваючыся» (с. 65). Пацьвярджае аўтар сваю думку вялікай цытатай з «Аўтабіяграфіі» Станіслава Тугута. Думаецца, што ўсё ж ускладаньне нават часткі адказнасьці за дрэннае выкананьне моўных законаў на беларускіх парлямэнтароў не зусім апраўданае, хоць у цэлым можна пагадзіцца, што ва ўменьні весьці чыста парлямэнцкую працу многія польскія паслы значна пераўзыходзілі беларусаў. Але, каб зразумець беларускую пазыцыю, неабходна паставіць шэраг пытаньняў і паспрабаваць даць на іх адказ. Напрыклад, ці мелі беларусы рэальныя падставы пратэставаць супраць законаў? Ці была іх пазыцыя належным чынам аргумэнтаваная? Ці магчымае было іншае разьвіцьцё сытуацыі ў выпадку прыняцьця імі на ўзбраеньне больш памяркоўнай тактыкі? Пазыцыю беларускіх паслоў нельга разглядаць без уліку ўсіх асаблівасьцяў тагачаснага як унутрыпольскага, так і міжнароднага жыцьця. Да ліпеня 1924 г., калі адбываўся разгляд моўных законаў у парлямэнце, Беларускі пасольскі клюб працаваў у польскім сойме ўжо больш чым паўтара году, таму пэўны досьвед непасрэдных дачыненьняў з польскімі ўладамі беларускія паслы і сэнатары мелі. Гэты досьвед даваў беларусам поўнае права сумнявацца ў шчырасьці намераў польскіх уладаў на справе, а не на словах забясьпечыць нацыянальныя правы меншасьцям на «паўночна-ўсходніх крэсах». Так, яшчэ перад усеагульнымі парлямэнцкімі выбарамі, якія адбыліся на ўсёй тэрыторыі Польшчы ў лістападзе 1922 г., польскія ўлады сваёй палітыкай пасьпелі настроіць супраць сябе ўсе без выключэньня нацыянальныя меншасьці. Найбольш яскравай праявай гэтага было аб’яднаньне іх падчас выбараў у адзіным блёку. Характэрнай рысай гэтага блёку было тое, што ў ім аб’ядналіся прадстаўнікі самых розных палітычных арыентацыяў і сацыяльных групаў, часта з кардынальна процілеглымі інтарэсамі, аб’яднаць якіх не магло нішто, акрамя наяўнасьці супольнай пагрозы, у гэтым выпадку польскіх уладаў. Вядомы ў той час журналіст Бернард Сінгер, характарызуючы Блёк, адзначаў:
Ісак Грынбаўм (адзін зь лідэраў польскіх сіяністаў. – А. П.), ксёндз-канонік Клінке, Браніслаў Тарашкевіч, беларускі сацыяліст-рэвалюцыянэр, Паўло Васыньчук, украінскі сацыял-дэмакрат, а побач прозьвішчы папоў, рабінаў, хасыдаў, сялянаў, памешчыкаў, дзеячаў з псэўдарэвалюцыйнай маркай. У гэтым таварыстве маршыраваў таксама знойдзены на бруку Варшавы мясцовы расеец Сярэбранікаў. Расейцы, якія выявіліся ўкраінцамі, народныя настаўнікі, якія рабілі толькі першыя крокі ў палітыцы, скампрамэтаваныя артадаксальныя дзеячы на габрэйскай вуліцы і нібыта нават пятлюраўцы – усе апынуліся ў адным сьпісе¹.
|
(нар. у 1978 г.) – гісторык. Яго апошняя публікацыя выйшла ў «ARCHE» пад назвай «Псыхалёгія здрады» (6/2005). |
Стварэньне Блёку нацыянальных меншасьцяў у падобным выглядзе павінна было самім фактам свайго зьяўленьня прымусіць польскія ўрадавыя колы сур’ёзна задумацца над яго прычынамі і тэрмінова прыняць захады на выпраўленьне сытуацыі. Тым больш што ў сойме беларускія паслы, як і іншыя нацыянальныя меншасьці, не занялі адразу ж бескампрамісную і неканструктыўную пазыцыю. Наадварот, яны прынялі важнае рашэньне ўзяць актыўны ўдзел у выбарах прэзыдэнта Польшчы ў канцы 1922 г. У тагачасных умовах такое рашэньне мела перш за ўсё сымбалічны характар як дэманстрацыя ляяльнасьці да дзяржавы: адмова меншасьцяў ад удзелу ў выбарах магла мець непрыемныя наступствы для міжнароднага аўтарытэту Польшчы. Нават пасьля разгортваньня кампаніі пад антыменшасьцевымі лёзунгамі супраць выбранага ў тым ліку і іх галасамі прэзыдэнта Нарутовіча (які ў выніку яе быў забіты) беларусы палічылі патрэбным аказаць вотум даверу сфармаванаму ў студзені 1923 г. ураду Ўладзіслава Сікорскага (пра гэта Куркевіч згадвае на с. 25). Канчаткова ў апазыцыю яны перайшлі толькі ў чэрвені 1923 г., пасьля таго, як стала відавочным, што Сікорскі не зьбіраецца ўлічваць іх інтарэсаў. Такім чынам, беларускія палітыкі са свайго боку прадэманстравалі гатоўнасьць да супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Аднак жа гэтыя ўлады ніколі не ўспрымалі іх як сур’ёзнага палітычнага партнэра, што, па сутнасьці, нават і не хавалася. У выніку да часу сфармаваньня ўраду Грабскага за цэлы год працы беларускія паслы ня здолелі дабіцца ад польскіх уладаў ніводнай сур’ёзнай саступкі. У той жа самы час працягвалася дзяржаўная палітыка, скіраваная на закрыцьцё рэшты беларускіх школаў, мясцовая адміністрацыя адкрыта парушала забясьпечаныя Канстытуцыяй правы беларускага насельніцтва, а на пададзеныя інтэрпэляцыі (запыты) у міністэрствы паслы атрымлівалі зьдзеклівыя адпіскі. Таму натуральна, што да ліпеня 1924 г., калі «моўныя законы» разглядаліся ў сойме, беларусы ня мелі аніякіх ілюзіяў адносна сапраўдных намераў польскіх уладаў, тым больш што аўтарам галоўнага з законаў – аб арганізацыі школьнай справы – быў выразьнік эндэцкага гледзішча Станіслаў Грабскі, які трымаўся думкі, што беларускага народу не існуе, і ў сваіх працах засьцерагаў ад яго штучнага стварэньня (с. 43). Улічваючы гэта, не было нічога дзіўнага, што беларускія прадстаўнікі ў парлямэнце паставіліся да чарговых прынятых палякамі прававых актаў крытычна, асабліва ўлічваючы ўмовы іх распрацоўкі: кулюарна, за зачыненымі дзьвярыма і безь ніякага ўзгадненьня з парлямэнцкімі прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў. Прэтэнзіі да законаў, якія неаднаразова публічна выказваліся беларускімі дзеячамі на розных узроўнях, былі зусім канкрэтныя і абгрунтаваныя. Найбольш коратка і выразна іх выклаў на старонках газэты «Крыніца» пасол сойму ксёндз Адам Станкевіч у сваім артыкуле «Новыя законы аб мовах», апублікаваным пад псэўданімам Ігнат Папараць:
Агулам трэба адзначыць, што гэтыя законы прынятыя Соймам ня дзеля інтарэсаў нашага народу, а для таго, каб прад сьветам, прад Эўропай Польшча магла паказацца акуратнай у адносінах да народных меншасьцяў. Праўду кажучы, нам усе правы нашай мовы, нашай культуры абясьпечваюць польская Канстытуцыя, Трактат Вэрсальскі і Трактат Рыскі, а тым часам польскія ўрады правоў гэтых нам не даюць (вылучэньне нашае. – А. П.). Дык ясна, што і гэтыя сьвежыя законы ў жыцьцё ўведзеныя ня будуць².
|
1 Synger B. Od Witosa do Sławka. Paryż, 1962. S. 115. |
Такая была адкрыта выказаная афіцыйная пазыцыя беларускіх дзеячаў, якая многім магла падавацца тупіковай, неканструктыўнай і нават правакацыйнай. Аднак нельга пры гэтым забывацца на тое, што беларускія дзеячы, нягледзячы на сваё вельмі крытычнае стаўленьне да законаў, тым ня менш не адмовіліся ад спробаў скарыстаць іх на практыцы. Пасьля прыняцьця законаў яны распачалі шырокую кампанію збору подпісаў бацькоў за адкрыцьцё беларускіх школаў (Куркевіч піша пра гэта на с. 62–65). Якраз у гэты момант патрабавалася цьвёрдая пазыцыя польскага ўраду, скіраваная на няўхільнае выкананьне прынятых соймам законаў. Урад мусіў засьведчыць нацыянальным меншасьцям: мы далі вам пэўныя правы, большага даць ня можам і ня хочам, але тое, што дадзена – належыць вам з поўным правам і рэвізіі не падлягае. Тым самым з рук беларускіх паслоў быў бы выбіты магутны козыр, бо павісалі б у паветры іхныя аргумэнты наконт «экспартнага» характару законаў і няшчырасьці польскага ўраду. Толькі ў такім выпадку можна было разьлічваць на некаторае зьмякчэньне ўзаемных польска-беларускіх дачыненьняў.
Выйшла, аднак, цалкам іначай. У 1925 г. заходнебеларускія сяляне падалі 16 тысячаў заяваў на адкрыцьцё 400 школаў на роднай мове, а ў выніку (што адзначае і М. Куркевіч) былі створаныя 27 польскіх і 15 дзьвюхмоўных школаў (с. 62). Пры гэтым шматлікія перашкоды чыніліся ўладамі ўжо на самым першым этапе збору подпісаў. Звычайна моўныя законы няўхільна выконваліся толькі пры патрэбе ліквідаваць беларускую школу, створаную ў той ці іншай мясцовасьці раней. Асабліва належыць падкрэсьліць, што падобнае стаўленьне да праблемы не было толькі сваволяй мясцовых адміністрацыйных уладаў: на ўсе пададзеныя беларускімі пасламі запыты ўраду яны атрымлівалі толькі адпіскі, вінаватае ж у ігнараваньні законаў чынавенства ніякай адказнасьці за парушэньні ня несла. Часта цытаваны Куркевічам Станіслаў Тугут сам прызнаваў у сваёй аўтабіяграфіі:
Мушу з жалем сказаць, што падазрэньні меншасьцяў, што гэтыя законы ня будуць на практыцы выконвацца, падазрэньні, якія я поўнасьцю адкідваў, у пэўнай меры спраўдзіліся, асабліва калі казаць пра школьныя законы. Я меў магчымасьць пераканацца ў гэтым аж занадта часта, атрымаўшы пасьля мноства скаргаў на дзейнасьць ніжэйшых уладаў пры падліку колькасьці дзяцей іншых нацыянальнасьцяў і бацькоў, якія імкнуліся стварыць школы зь іншай мовай навучаньня³.
Ці была такая палітыка польскіх уладаў толькі адказам на дэманстрацыю беларускіх паслоў у сойме? Можа, калі б беларускія дэпутаты законы пакрытыкавалі, але ўрэшце іх падтрымалі, то яны выконваліся б належным чынам? Але не на карысьць гэтага сьведчыць сытуацыя, у якой апынуліся соймавыя паслы ад габрэйскай нацыянальнай меншасьці пры тым жа ўрадзе У. Грабскага. Большасьць габрэйскіх прадстаўнікоў не былі асабліва радыкальныя ў сацыяльных пытаньнях, і ляяльнасьць да польскай дзяржавы імкнуліся пастаянна падкрэсьліваць. Такая памяркоўнасьць зрабіла магчымым укладаньне 7 ліпеня 1925 г. польска-габрэйскага пагадненьня, згодна зь якім габрэйскія палітыкі абавязваліся не рабіць ніякіх дзеяньняў, скіраваных на парушэньне цэльнасьці дзяржавы і яе ўнутранай кансалідацыі, а польскія ўлады, у сваю чаргу, абавязваліся скасаваць дыскрымінацыйныя ў адносінах да габрэяў законы. Уклаўшы гэтае пагадненьне, габрэі сапсавалі свае дачыненьні з прадстаўнікамі іншых меншасьцевых фракцыяў у сойме, але ніякіх канкрэтных саступак ад уладаў так і не дачакаліся. Ужо ў канцы 1925 г. Габрэйскае кола ў сойме зноў афіцыйна абвясьціла аб сваім пераходзе ў апазыцыю з-за невыкананьня ўмоваў пагадненьня з боку ўраду. Міхал Куркевіч у сваёй працы апісвае эвалюцыю пазыцыі Беларускага пасольскага клюбу ў дачыненьнях з польскім урадам і адпаведна стаўленьня беларускіх дэпутатаў да СССР і БССР, але робіць гэта даволі схематычна. Са зьмешчанай у кнізе інфармацыі складваецца ўражаньне, што на ляяльных да Польшчы пазыцыях увесь 1923 г. стаяў у БПК адзін Браніслаў Тарашкевіч, бо менавіта праз прызму дзейнасьці аднаго гэтага чалавека разглядаецца палітыка ўсяго Клюбу (гэта, дарэчы, характэрна для ўсёй польскай гістарыяграфіі). Між тым насамрэч усё было куды складаней. У 1922–1923 гг. толькі нямногія зь беларускіх паслоў адназначна выступалі ў падтрымку БССР, а асноўная іх частка ў той пэрыяд яшчэ ня вызначылася канчаткова са сваёй арыентацыяй, уважліва адсочваючы асноўныя тэндэнцыі ва ўнутраным і міжнародным палітычным жыцьці. Унутранае жыцьцё тагачасных віленскіх беларускіх асяродкаў з пастаяннымі ваганьнямі і ўзьдзеяньнем на сытуацыю разнастайных замежных і ўнутраных чыньнікаў добра адчуваецца пры чытаньні нядаўна апублікаваных рапартаў у ІІ аддзел Генэральнага штабу яго канфідэнта Рамуальда Зямкевіча4. Пры гэтым, як выглядае, польскі ўрадавы чыньнік быў у гэтых умовах найслабейшы, бо палякі ня здолелі прапанаваць беларусам годнай альтэрнатывы нават тым вельмі супярэчлівым працэсам, якія ішлі ў шасьці паветах Менскай губэрні, што на той час складалі БССР. Праўда, пэўны час адзначаная ўрэзанасьць тэрыторыі БССР і непасьлядоўнасьць у правядзеньні прадэкляраванай беларусізацыі выклікалі стрыманасьць заходнебеларускіх дзеячаў і ў адносінах да СССР. Гэтым у значнай ступені тлумачыцца тое, што амаль год беларускія паслы намагаліся прыйсьці да паразуменьня калі ня з польскім урадам, то з польскімі левымі фракцыямі. Але ў сакавіку 1924 г. Прэзыдыюм Усесаюзнага Цэнтральнага выканаўчага камітэту прымае пастанову «Аб перадачы БССР раёнаў зь пераважна беларускім насельніцтвам», згодна зь якой Беларусі вярталіся большасьць з забраных раней тэрыторыяў былых Віцебскай і Магілёўскай губэрняў. Агульнавядома, што гэтым актам былі вернутыя далёка ня ўсе этнаграфічна беларускія землі, але найважнейшым было тое, што сама пастанова не засталася на паперы, і далучэньне тэрыторыяў адбылося рэальна. Не была папяровай і палітыка беларусізацыі, пад якую якраз у 1923–1924 гг. была канчаткова падведзеная заканадаўчая база. Вяртаньне БССР часткі ўсходніх тэрыторыяў стала тым пераломным фактам, пасьля якога шалі беларускіх сымпатыяў у Польшчы канчаткова схіліліся на бок Саветаў. Прасавецкую арыентацыю прынялі і тыя дзеячы, што перад гэтым ставіліся да Савецкай Беларусі крытычна і ў цэлым аддавалі перавагу Польшчы. Ня мае рацыі М. Куркевіч, калі сьцьвярджае, што канцом палянафільскіх ілюзіяў Браніслава Тарашкевіча стала ягоная размова са Станіславам Тугутам у верасьні (ці ўсё ж у сьнежні?) 1923 г., калі апошні зьбіраўся фармаваць урад (с. 26). Спадзяваньні «на парлямэнцкае (калі ня мірнае) укладаньне польска-беларускіх дачыненьняў» ён захоўваў яшчэ некаторы час, хоць у значна меншай ступені, чым раней. Вядомы ягоны ўдзел разам з сэнатарам Аляксандрам Уласавым у заснаваньні Польска-беларускага таварыства разам з прадстаўнікамі польскіх віленскіх дэмакратычных колаў у лютым 1924 г. (гэта каштавала Тарашкевічу пасады старшыні клюбу). А вось пашырэньне тэрыторыі БССР, відаць, і зрабіла на Тарашкевіча вырашальны ўплыў. 17 сакавіка 1924 г. ён яшчэ заяўляў з соймавай трыбуны, што «наданьне шырокай аўтаноміі… толькі ад гэтага пункту, панове, можа наступіць такі патрэбны паварот у адносінах», аднак ужо ў чэрвені таго ж году канстатаваў: «Тэрытарыяльная аўтаномія на доўгі час ня вырашыла б справу, але, можа, трохі б яе залатала. Аднак… беларускі народ бачыць толькі факты і сёньня ўсё больш зьвяртае свае вочы на ўсход, дзе ёсьць магчымасьць культурнага разьвіцьця і шмат робіцца, каб цяжкое сёньняшняе эканамічнае становішча селяніна было палепшана». Такім чынам, поўная бязьдзейнасьць польскага ўраду ў сфэры нацыянальнай палітыкі аж да 1924 г. прывяла да страты ім ініцыятывы ў гэтым пытаньні. Гэтую ініцыятыву перанялі камуністычныя ўлады суседняга СССР, якія, у адрозьненьне ад палякаў, у той час мэтадычна і пасьлядоўна працавалі як з насельніцтвам Заходняй Беларусі, так і зь яго палітычнай элітай. Куркевіч таксама згадвае пра гэта, адзначаючы, што «параўнаньне ўмоваў беларускага нацыянальнага жыцьця на тэрыторыі Польскай Рэспублікі і БССР выглядала тады выразна не на карысьць Польшчы» (с. 32). Фактычна польскі ўрад цалкам прайграў неаб’яўленую вайну за душы заходніх беларусаў бальшавіцкім уладам з Масквы і Менску. І менавіта тут, а ня ў сойме, заходнебеларускія дзеячы праявілі недасьведчанасьць, паддаўшыся на правакацыю бальшавікоў, што ў далейшым мела трагічныя наступствы для ўсяго беларускага руху. Адным зь нямногіх у польскім урадзе, хто ў той час усьведамляў небясьпеку такога разьвіцьця падзеяў і імкнуўся яе выправіць шляхам рэальнага забесьпячэньня ня толькі матэрыяльных, але і культурна-адукацыйных патрэбаў насельніцтва «крэсаў», быў Станіслаў Тугут. Куркевіч, даючы ў сваёй кнізе падрабязнае апісаньне ўсіх ягоных праектаў, ані словам, аднак, ня згадвае пра тое, як безумоўна дэмакратычныя і карысныя меншасьцям распрацоўкі Тугута ўспрымаліся прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці. А гэты аспэкт вельмі важны для разуменьня спэцыфікі тагачасных польска-беларускіх дачыненьняў. Выйшла так, што Тугут практычна апынуўся паміж двух агнёў. Мала таго, што ягоныя праекты не былі прынятыя польскім урадам і фактычна засталіся на паперы, але ўся ягоная дзейнасьць была скрытыкаваная таксама і зь беларускага боку. Гэта толькі падкрэсьлівае глыбіню той прорвы, якая ўтварылася паміж беларускай і польскай нацыянальнымі элітамі. Няма сумневу, што Тугут трымаўся дэмакратычных і выключна лібэральных у адносінах да меншасьцяў поглядаў зусім шчыра, пра што сьведчыць уся ягоная біяграфія. Але адначасова з тым безумоўнай каштоўнасьцю для Тугута як паляка была польская дзяржава, інтарэсы якой ён стараўся захаваць пры распрацоўцы сваіх праектаў. У той жа самы час беларусаў мала хваляваў лёс польскай дзяржавы як такой. Яны сапраўды ня сталі яе ляяльнымі грамадзянамі, у першую чаргу таму, што сама дзяржава не прыклала дзеля гэтага належных намаганьняў. Гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, але, тым ня менш, цікава, як разьвіваліся б беларуска-польскія стасункі ў міжваеннай Польшчы, калі б усе распрацаваныя ўрадам Грабскага праекты былі прынятыя і, што ня менш важна, не засталіся б пустымі дэклярацыямі. Куркевіч не рашыўся рабіць нейкіх значных рэфлексіяў на гэтую тэму, адзначыўшы толькі, што «нельга выключаць, што каб вышэйзгаданыя праекты ўвасобіліся ў жыцьцё, то сытуацыя на Крэсах разьвівалася б зусім нечакана» (с. 77). Мы ж рызыкнём прыпусьціць, што наўрад ці нават у такім выпадку былі б дашчэнту зьліквідаваныя бальшавіцкія ўплывы ў Заходняй Беларусі. Прыцягальнасьць камуністычных ідэяў нават саміх па сабе ў той час была вялікая: пад іх уплыў падпалі многія дастаткова рэспэктабэльныя дзеячы нават у разьвітых краінах Эўропы. Да таго ж відавочна, што ў любым выпадку палякі не маглі сабе дазволіць зрабіць такія саступкі меншасьцям, як гэта зрабілі бальшавікі ў СССР – гэта рэальна пагражала б цэльнасьці іхнай дзяржавы. Але ж, несумненна, у выпадку больш дальнабачнай нацыянальнай палітыкі палякі маглі б разьлічваць на стварэньне ў заходнебеларускім нацыянальным руху як альтэрнатывы камуністам уплывовай палянафільскай групы, да якой маглі б далучыцца беларускія дзеячы зь менш заплямленай рэпутацыяй, чым Арсень Паўлюкевіч, Яўген Міткевіч, Янка Шурпа і іншыя, малаэфэктыўную дзейнасьць якіх М. Куркевіч апісвае на старонках 95–98. Спроба польскага ўраду абаперціся на гэтых дзеячаў справе толькі пашкодзіла, бо яны яшчэ да пачатку супрацоўніцтва з палякамі мелі благую рэпутацыю. Самае цікавае, што камуністычныя ўплывы адчуваліся нават і ў гэтых асяродках: пад іх прыкрыцьцём радыкальныя элемэнты часам праводзілі выразна антыпольскую дзейнасьць. А сам сымбаль тагачаснага беларускага палянафільства Арсень Паўлюкевіч, паводле сьведчаньня Францішка Аляхновіча, які яго добра ведаў, у 1928 г. быў асуджаны польскім судом як агент… савецкага ГПУ. Прыход пад польскія сьцягі беларускіх палітыкаў з больш-менш прыстойнай рэпутацыяй і безумоўнымі заслугамі перад беларускім рухам, такіх, як Антон Луцкевіч ці Янка Станкевіч, адбудзецца толькі ў канцы 1920-х гг., калі пачало выразна пазначацца, што экспэрымэнт зь «беларусізацыяй» у БССР заканчваецца, а «Беларускі П’емонт» з цэнтрам у Менску аказаўся толькі рамантычнай марай. Да таго ж зьмену сытуацыі адчулі і польскія ўлады, якія пасьля разгрому Грамады ў пачатку 1927 г. рашыліся на падтрымку памяркоўных беларускіх элемэнтаў і пайшлі на пэўныя, хоць і кароткачасовыя, саступкі ім у культурна-адукацыйнай і гаспадарчай сфэры. Аднак жа нельга таксама адназначна сказаць, як гэта робіць М. Куркевіч на с. 117, што пачатак рэпрэсіяў у СССР «аўтаматычна зьліквідаваў сацыяльную базу антыкамуністычнай беларускай ірэдэнты ў міжваеннай Польшчы». Аўтарытэт камуністаў сапраўды значна зьнізіўся ў 1930-я гг. (як, дарэчы, і беларускіх нацыянальных партыяў), але аж да свайго роспуску ў 1938 г. яны мелі пэўную падтрымку ў Заходняй Беларусі. Такім чынам, праекты У. Грабскага, даволі дэмакратычныя па сваёй сутнасьці, у цэлым ня здолелі кардынальна зьмяніць сытуацыі на «крэсах» і прадухіліць нарастаньня міжнацыянальнага антаганізму паміж беларусамі і палякамі, тым больш што збольшага засталіся на паперы. Яны з самага пачатку былі нэгатыўна ўспрынятыя як насельніцтвам, так і заходнебеларускай палітычнай элітай. М. Куркевіч на старонках сваёй працы некалькі разоў адзначае, што пазытыўнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня на «крэсах» было немагчымае ў першую чаргу з-за маральнай непрыгатаванасьці да гэтага польскага грамадзтва, выхаванага на ідэях «Трылёгіі» Гэнрыка Сянкевіча, значная частка сюжэту якой адбываецца на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Увогуле, згодна з Куркевічам, «значная частка літаратурнай творчасьці (і наагул мастацкай), якая адыгрывае істотную ролю ў стварэньні нацыянальнай міталёгіі, зьвязаная з Крэсамі» (с. 54). Вядома, гэты фактар нельга цалкам скідваць з рахунку. Але нельга забывацца і пра ўзьдзеяньне яшчэ аднаго міту, які быў распаўсюджаны перш за ўсё ў польскіх палітычных колах і браў пачатак з самага зараджэньня беларускага нацыянальнага руху ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Гэта міт пра штучнасьць беларускай нацыянальнай ідэі, пра яе інсьпіраванасьць вонкавымі сіламі. Перад рэвалюцыяй улады Расейскай імпэрыі ўспрымалі беларускі рух як «польскую інтрыгу», а пасьля аднаўленьня незалежнай Польшчы ўжо палякі сталі лічыць беларускасьць інтрыгай бальшавіцкай. Адпаведна і мэтады барацьбы зь ёю ня шмат розьніліся ад мэтадаў барацьбы з камунізмам. Куркевіч у сувязі з гэтым адзначае, што «іронія лёсу – але найбольш трывалую памяць па адносна лібэральным у крэсовай палітыцы ўрадзе Грабскага меў Корпус аховы памежжа» (с. 116). Тут можна пагадзіцца з аўтарам, але трэба пры гэтым адзначыць, што перашкодай для агульнай тэндэнцыі радыкалізацыі беларускага руху ў Польшчы гэтыя захады таксама ня сталі. Былі толькі спыненыя яе скрайнія вонкавыя праявы – узброеная партызанская барацьба і дывэрсійныя налёты з-за мяжы. Ураду ўдалося ня вылечыць хваробу, а толькі загнаць яе ўсярэдзіну. І хвароба час ад часу давала рэцыдыў, самай выразнай праявай чаго быў маланкавы рост у другой палове 1926 г. колькасьці сяброў выразна апазыцыйнай у дачыненьні да польскіх уладаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У цэлым праца Міхала Куркевіча – цаглінка ў даволі саліднай польскай гістарыяграфіі беларускага пытаньня ў міжваеннай Польшчы. Рэвалюцыі ў ёй яна ня зробіць, але і зусім незаўважанай, хутчэй за ўсё, не застанецца. Польскі погляд на праблему аўтар выклаў, але беларускім гісторыкам ёсьць яшчэ што сказаць са свайго боку. Ці ня гэта меў М. Куркевіч на ўвазе, зьмяшчаючы напрыканцы сваёй манаграфіі рэзюмэ ня толькі на ангельскай, але і на беларускай мове клясычным правапісам? |
2 Paparać I. Nowyja zakony ab mowach // Krynica. 1924. 16 lipnia. 3 Thugutt S. Autobiografia. Warszawa, 1984. S. 167. 4 Рапарты Р. Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба польскага войска за 1922 г. / Публікацыя А. В. Пашкевіча і А. М. Чарнякевіча // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 6. Мінск, 2005. С. 248-260; Чарнякевіч А., Пашкевіч А. Псіхалогія здрады: беларускі нацыянальны рух вачыма канфідэнта ІІ аддзела польскага Генеральнага штаба // Arche. 2005. № 6. С. 214-271. |
Пачатак Цалкам Форум |
|
№ 6 (46) - 2006
| |
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |