A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Жорсткасьці


Часопіс «Полымя» пераўтварыўся зь літаратурна-мастацкага і грамадзка-палітычнага часопісу ў часопіс для мэталюргаў. «Уладзімер Цімашпольскі. Мікалай Андрыянаў. Флягман беларускай мэталюргічнай прамысловасьці» – чытаем анонс на вокладцы леташняга трэцяга нумару. Няцяжка здагадацца, што гаворка ў гэтым, выбачаюся, аглядным артыкуле ідзе пра Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ). Напісаны ён «сталёвай» моваю, зразумелай усім, хто працуе з мэталамі: «У 1998 годзе закончылася рэканструкцыя МБЛЗ-3 у мэтах павышэньня якасьці загатоўкі і павелічэньня на гэтай базе экспартнага патэнцыялу для вытворчасьці высока- і звышвысокатрывалых відаў мэталакорду, а таксама сартавога легіраванага пракату з палепшаным комплексам уласьцівасьцяў». Адмыслова для беларускіх літаратараў, вельмі далёкіх ад гэтых матэрыяў і матэрыялаў «з палепшаным комплексам уласьцівасьцяў» на старонцы 132 «Полымя» зьмешчаны здымак пракатнага стану 850, на старонцы 137 – падшыпніка, вырабленага з пракату БМЗ, а на наступнай мы бачым устаноўку «печ-коўш» ЭСПЦ-2. Спадзяюся, што ўважліва прачытаўшы гэты нумар і разгледзеўшы фатаздымкі, нашыя творцы здолеюць (зь веданьнем справы!) напісаць ня тое што апавяданьне альбо верш, а раман ці паэму пра сучаснае жыцьцё флягману нашай цяжкай прамысловасьці. Крытыкі ж няхай пакуль уважліва азнаёмяцца з тэхнічнай дакумэнтацыяй на прадукцыю БМЗ. А раптам пісьменьнікі пераблытаюць «печ-коўш» ЭСПЦ-1 з ЭСПЦ-2? Такога ў наш час дараваць нельга!

* * *

Аксана Бязьлепкіна, аўтарка кнігі «Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя» (2003), апавядае, як падчас працы над сваёй кнігай яна адмовілася ўзяць інтэрвію ў Анатоля Сыса, калі той патэлефанаваў і запрасіў яе да сябе: «Па голасе Сыса было чуваць, што чалавеку тэрмінова трэба даць інтэрвію з бутэлькай і лівэркай, можна бяз здымкаў» (ARCHE. 2005. № 4). «Аніякай крыўды (?) на Сыса я не трымала», – дадае Бязьлепкіна.

Што ж, шчырасьць заўсёды трэба толькі вітаць, але ў гэтым выпадку Бязьлепкіна засталася без матэрыялу, яе кніга ня мае некалькіх старонак. Яна адмахнулася ад п’янога Сыса, забыўшыся, што галоўная задача дасьледчыка ўва ўсе часы – ніколі не адмаўляцца ад крыніцаў інфармацыі, зьбіраць зьвесткі, дзе толькі можна і калі толькі можна. І ніколі не крывіць нос, памятаючы, што ісьціна можа чакаць нас у самых незвычайных месцах. Маладым беларускім літаратуразнаўцам трэба раўняцца на Нормана Шэры, афіцыйнага біёграфа Грэма Грына. Шэры сышоў з пасады загадчыка катэдры ангельскай мовы ўнівэрсытэту ў Ланчэстэры, каб выправіцца ў падарожжа «па сьлядох» Грына. Гэта былі жудасныя вандроўкі. Прыкладам, у Панаме ў Шэры пачалася гангрэна, на Гаіці яго затрымалі ў аэрапорце і ледзь ня кінулі ў турму, у Лібэрыі дасьледчык захварэў на трапічны дыябэт – яго ўратавалі ад сьмерці дактары з Корпусу міру. А празь некаторы час Шэры трапіў у аўтамабільную аварыю – і гэта ўсё, зьбіраючы матэрыял у тых мясьцінах, дзе жыў і працаваў знакаміты літаратар. (Занепакоены Грын зрабіў усё магчымае, каб адгаварыць Шэры ад вандроўкі ў Конга, дзе месьціўся лепразорый, які фігуруе ў рамане пісьменьніка «Коштам страты».) Як вынік, Норман Шэры напісаў трохтомнае «Жыцьцё Грэма Грына» і атрымаў прэмію Эдгара По.

Прэмію за кнігу, якой не захацеў пісаць, седзячы дома ці ўва ўтульнай бібліятэцы.

* * *

Уладзімер Някляеў, новы кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру, піша для «Нашай Нівы» афарызмы і нататкі пад агульнай назвай «Знакі прыпынку». Зь іх можна даведацца, што «для таго, каб быць літаратарам, дастаткова ня піць» (2005. № 23). Высокая мудрасьць! Лабухам яе не зразумець.

* * *

У творах для нашых дзетак лунаюць сьцягі антаганістаў. Так, у беларускай народнай казцы «Сіняя сьвіта налева пашыта» (Сэрыя «Казка за казкай». Менск: Юнацтва, 1986. Наклад 80 тыс. экз.) мастак М. Купава намаляваў шэраг ілюстрацыяў зь сярэднявечнымі замкамі, над якімі рэюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Тутака і ваяры пад дарагім сэрцу штандарам (с. 12). А вось у 300-старонкавай чытанцы «Малышок» (Менск: Юнацтва, 2001. Наклад 3 тыс. экз.) ілюстратар І. Волкава на с. 19 выправіла ў плаваньне карабель з мышанятамі-маракамі, на мачце якога бачым чырвона-зялёны сьцяжок.

Некалькі кропелек фарбы ў дзіцячых кніжках. Ці не ад іх залежыць будучыня нацыі?

* * *

Як чытачу, асабіста мне не зусім падабаецца, што Ўладзімер Арлоў піша сваю падарожную прозу ад другой асобы: «Ты падымаесься й прапануеш ушанаваць памяць выбiтнага продка ягоным улюбёным тостам. (...) Твой сябар пытаецца, цi маеш ты намер вяртацца сёньня ў Прагу. Ты марудзiш з адказам. Тваю скуру апякае салодка-вусьцiшны струмок халадку. Ты бачыш у рэстаранным мэню лiпавы мёд i разумееш, што ў гэтую хвiлiну на цябе заахвочвальна глядзiць сама муза гiсторыi Клiё» (Па сьлядах князя Жыгiмонта. Наша Ніва. 2002. № 4). Ну не «падымаўся і не прапаноўваў» я нічога ў Празе, спадар Арлоў! І эфэкту прысутнасьці ў мяне не нараджаецца, а толькі раздражненьне. Бо я – гэта я, а вы – гэта вы.

* * *

Уздоўж шашы, якая вядзе з Койданава ў вёску Машніца, у якой жыве мая бабуля, растуць дзічкі, пасаджаныя колькі дзесяцігодзьдзяў таму. Гэта нізкія, кволыя, недагледжаныя дрэвы, галіны якіх ссохліся, але яны па-ранейшаму спрабуюць даваць ураджай, радаваць людзей. Толькі вось дзічкі тыя страшэнна маленькія, кіслыя і сушаць рот. Вяскоўцы на тыя дрэвы нават не зьвяртаюць увагі, бо ня маюць столькі вольнага часу, жаданьня і цукру, каб прыгатаваць зь іх варэньне. Да таго ж вакол дзічак расьце ў вялікай колькасьці крапіва – не падыдзеш!

Гэтыя дзічкі, дакладней, стаўленьне да іх вясковага люду, нагадваюць мне адносіны большасьці беларусаў да нацыянальнай літаратуры: для іх зьбіраць і спажываць тыя плады – гэта выпрабаваньне, а не задавальненьне.

  літаратурны крытык, сталы аўтар «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/27