A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Ня бойцеся вызваленьня


Вялікая колькасьць аналізаў сучаснай палітычнай сытуацыі ў Беларусі звычайна пачынаецца зь сьцьвярджэньня, што сытуацыя ў краіне характарызуецца спакоем, стабільнасьцю, адсутнасьцю альбо слабасьцю крыніцаў для патэнцыйнай дэстабілізацыі сыстэмы. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, і ў бліжэйшай ужываецца простая экстрапаляцыя, перанос сучасных паказьнікаў у будучыню зь неахвотнай адмовай ад ужо напрацаваных тлумачэньняў цяперашняга стану. Канцэпты «захаваньня ранейшага стану» і «працягу старых тэндэнцыяў» асабліва характэрныя для палітычных і эканамічных аглядальнікаў. Гэткая пазыцыя зручная: ня трэба вынаходзіць новых мадэляў, і аўдыторыя ставіцца са спачуваньнем – і апазыцыйная, і канфармісцкая яе часткі ўжо аб’яднаныя страхам таго, што ў выпадку пераменаў становішча, хутчэй за ўсё, можа зьмяніцца ў горшы бок.

Праўрадавыя ідэолягі фармулююць стабільнасьць як стабільны рост, азначаны нязьменна пазытыўнай дынамікай разьвіцьця ў межах таго курсу, які быў абраны ў 1994 годзе (1996-м, 2001-м). Для ўладаў стабільнасьць пераўтварылася ў сапраўдны фэтыш, цэнтральны элемэнт дзяржаўнай прапаганды, прынцыповы лёзунг для здабыцьця «ўсенароднай» падтрымкі падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў і для легітымацыі іх вынікаў.

Пачэснае месца адводзіцца стабільнасьці і ў прамовах дзейнага кіраўніка дзяржавы. Толькі за першы тыдзень 2006 году БелТА распаўсюдзіла тры паведамленьні, у загалоўку якіх ужывалася паняцьце «стабільнасьць» у розных кантэкстах, датычных агульнага сацыяльна-эканамічнага стану ў беларускай дзяржаве.

«Тое, што ўлада не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі, – у гэтым можаце быць абсалютна ўпэўненыя», – падкрэсьліў Лукашэнка ў інтэрвію журналістам падчас паездкі ў Віцебскую вобласьць. І пасьлей:

У тым, што ў Беларусі пануюць стабільнасьць і ўзаемаразуменьне паміж людзьмі – вялікая заслуга праваслаўнай царквы. Такую стабільнасьць без удзелу царквы забясьпечыць у грамадзтве немагчыма.

Абапіраючыся на ўласныя сілы, свой працоўны, навуковы і інтэлектуальны патэнцыял, у мінулым годзе мы дасягнулі значных посьпехаў у эканоміцы. І, што асабліва важна, не дапусьцілі ўзрушэньняў, якія адбываюцца, на жаль, у іншых дзяржавах. Мы забясьпечылі стабільнае і спакойнае разьвіцьцё Беларусі.

Гэтымі ідэалягічнымі тэзамі рэжым абгрунтоўвае нязьменнасьць існага грамадзка-палітычнага ладу і наяўнай схемы разьмеркаваньня палітычнай улады ў краіне. Пры гэтым катэгорыі «стабільнасьць» і «спакой», выступаючы ў амаль неразрыўнай зьвязцы, грунтуюцца, перш за ўсё, на эканамічных паказьніках, хоць самі па сабе гэтыя катэгорыі ўжываюцца ў палітычным значэньні. Дзяржаўная ўлада і яе вярхоўны носьбіт гавораць са сваім народам на сацыяльна-эканамічнай мове, на мове дабрабыту – і на гэтай мове пераконваюць у неабходнасьці падаўжэньня сваёй неабмежаванай улады.

Стаўленьне ж грамадзтва да такой «стабільнасьці» не такое адназначнае. Людзі ня хочуць пераменаў – але пагроза захаваньня і ўмацаваньня гэтай «стабільнасьці» таксама выклікае ў іх нэгатыўную рэакцыю. Грамадзкая думка выдатна адлюстроўвае парадаксальнае становішча: дэкляраваная сацыяльна-эканамічная стабільнасьць, памножаная на палітычны спакой і зьнішчэньне ўсіх верагодных пагрозаў існай палітычнай сыстэме, пераўтвараюцца ў супрацьлегласьць спакою і стабільнасьці, у пастаянную і няспынную пагрозу раптоўнага рэвалюцыйнага выбуху. Найбольш яскрава і радыкальна гэткае парадаксальнае адчуваньне адлюстроўваецца ў адказе аднаго з рэспандэнтаў на пытаньне сацыёляга: «Ну, а як увогуле жыцьцё ў Беларусі?» «Стабільна ў нас… спакой… але жывём як на вулькане»¹.

  палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». Яго апошняя публікацыя – агляд «Як выжыць падчас рэвалюцыі» (6/2005).
   
Такая стабільнасьць успрымаецца як адсутнасьць пэрспэктываў і адчуваньне пастаяннай пагрозы нармальнаму прыватнаму жыцьцю. Беларусы ня маюць асаб-лівай прагі да пераменаў – але ў дачыненьні да стабільнасьці спрацоўвае эфэкт адмоўнай адаптацыі, як да штодзённай і навязьлівай прапагандысцкай маны. У атмасфэры татальнага страху грамадзяне ня маюць сьмеласьці адкрыта выступіць з пратэстам супраць несправядлівага сацыяльна-палітычнага ладу – але дэманстраваць скепсіс да ідэі стабільнасьці яны здольныя. Катэгорыі «стабільнасьці» і «спакою» ў сацыяльным сэнсе карыстаюцца найменшай падтрымкай у параўнаньні зь іншымі каштоўнасьцямі.

Дзіўна, але раней палітычная альтэрнатыва даволі млява аспрэчвала самі пастуляты стабільнасьці і спакою. Скептычна ставячыся да пазытыўных эканамічных паказьнікаў, беларуская апазыцыя альбо адмаўляе факт дасягненьня эканамічнай стабільнасьці, альбо сьцьвярджае, што пад выглядам «стабільнасьці» хаваецца стагнацыя і заняпад. Нават заклік да пераменаў, што актыўна трансьлюецца апазыцыяй пачынаючы з 1990-х гадоў, можа трактавацца як парадаксальнае сьведчаньне таго, што пераменаў у грамадзтве цяпер няма. Мы як бы пераносімся ў часы «застою», калі стабільнасьці быццам бы было аж занадта, усе яе адчувалі і ніхто зь ёй не спрачаўся, але гэты стан не прыносіў задаволенасьці ў грамадзтва. Наяўныя элемэнты сацыяльнага і эканамічнага пратэсту не канвэртуюцца ў пратэст палітычны, не ствараюць апірышча для распаўсюджаньня апазыцыйнасьці. Назіраецца малая грама-дзкая падтрымка трансьляванай апазыцыяй ідэі рэвалюцыі альбо радыкальных пераменаў – аднак і ідэя канчатковай стабілізацыі і кансэрваваньня наяўнага стану рэчаў назаўжды зусім не прываблівае беларусаў.

Сама тэза «захаваньня ранейшага стану» часта ўжываецца ў палітычных тэкстах апазыцыйных сілаў. Сярод часткі незалежных аналітыкаў папулярная таксама цяпер тэза пра нязьменнасьць палітычнага раскладу ў апазыцыі ў параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году. Маўляў, усе тыя ж твары, усё той жа брак ідэяў, усё тыя ж нязьменныя тэхналёгіі прывядуць зноўку да звыклай паразы – гэта свайго роду зваротны бок мэдаля прапагандысцкіх енкаў пра ста-більнасьць. Аднак у параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году цяпер у палітычным раскладзе адбыўся шэраг зьменаў, якія прынцыповым чынам уплываюць на сытуацыю. Зьмянілася міжнароднае атачэньне, іншым стала стаўленьне ключавых вонкавапалітычных актораў, амаль зьнішчаныя незалежныя крыніцы інфармацыі ўнутры краіны, радыкальна іншым стаў стан няўрадавых арганізацыяў і астатніх структураў грамадзянскай супольнасьці, больш жорсткім і эфэктыўным стаў мэханізм палітычных рэпрэсіяў супраць апанэнтаў рэжыму, у грамадзтве згусьцілася атмасфэра страху. Большасьць гэтых паказьнікаў не на карысьць дэмакратычным пераўтварэньням у краіне – стыль вядзеньня кампаніі 2006 году мала нагадвае стыль кампаніі 2001 году. Але побач з гэтымі важнымі, але тэхнічнымі характарыстыкамі палітычнага поля ёсьць некалькі чыньнікаў, якія зьмяніліся прынцыпова – і могуць паўплываць на разьвіцьцё палітычных падзеяў пасьля 19 сакавіка 2006 году.

Яны зьвязаныя з адказамі на пытаньні: «Хто замест Лукашэнкі?», «Навошта мяняць уладу?» і «Якім чынам можна зьмяніць гэтую ўладу?». Калі два першыя пытаньні найбольш часта ставяцца перад носьбітамі палітычнае альтэрнатывы, то адказ на трэцяе пытаньне яна павінна даць перш за ўсё сама для сябе. Ад адказу на гэтыя пытаньні залежыць лёс дэмакратызацыі Беларусі.

«ХТО ЗАМЕСТ ЯГО?»

Галоўнае адрозьненьне палітычнай сытуацыі напярэдадні выбараў 2006 году палягае ў відавочнай прысутнасьці пэрсаніфікаванай альтэрнатывы дзейнаму прэзыдэнту. Палітычная апазыцыя, здаецца, нарэшце сфармулявала годны адказ на пытаньне «А хто замест яго?». Абраньне адзінага кандыдата – перамога апазыцыі. Але гэта малая перамога, таму што гэта перамога апазыцыі над самой сабой.

Мілінкевіч быў абраны па выніках двух тураў таемнага галасаваньня дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі, які праходзіў 1–2 кастрычніка 2005 году ў Менску. Цяпер ужо зразумела, што прызначэньне Кангрэсу на такі позьні тэрмін было стратэгічна не абгрунтаванае – яго правядзеньне ў чэрвені 2005 году альбо яшчэ раней дало б магчымасьць палітычнай апазыцыі шырэй і эфэктыўней распаўсюдзіць інфармацыю пра вынікі Кангрэсу, пра абранага на ім адзінага прэтэндэнта. Шмат часу было выдаткавана на ўзгадненьні парадку фармаваньня складу Кангрэсу і рэглямэнту абраньня адзінага кандыдата. Зь іншага боку, Кангрэс мог быць прызначаны і на студзень 2006 году, як прапаноўвалі некаторыя гарачыя галовы – у гэтым выпадку крок уладаў з датэрміновым правядзеньнем выбараў цалкам бы разбурыў пляны апазыцыі.

Статус адзінага прэтэндэнта і высокая легітымнасьць самой працэдуры вылучэньня сталі тым пазытыўным падмуркам, на якім Аляксандру Мілінкевічу было наканавана будаваць сваю выбарчую кампанію. Дзякуючы гэтаму рэсурсу ён адсунуў на пэрыфэрыю ўсіх іншых прэтэндэнтаў на ролю апазыцыйнага кандыдата. Тыя ж зь іх, хто не падтрымаў вынікаў Кангрэсу і працягваў заяўляць пра ўласны намер удзельнічаць у выбарах, былі пастаўленыя ў пазыцыю лялек у Лукашэнкавай батлейцы, граючы ролі, прапісаныя ім у адміністрацыі прэзыдэнта.

Працэдура абраньня вызначыла прадстаўнічасьць і кааліцыйнасьць групы падтрымкі адзінага кандыдата, але яна ж вызначыла і тыя цяжкасьці, зь якімі Мілінкевічу давялося сутыкнуцца ў часе кампаніі. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы засталіся хісткай міжпартыйнай кааліцыяй, якую трэба было сцэмэнтаваць для стваральнай працы. Кепскі і нефункцыянальны штаб – таксама наступства кааліцыйнасьці. Акрамя працоўнай функцыі штаб адначасова выконвае функцыю дадатковага органу палітычнага ўзгадненьня – пазьбегнуць міжпартыйных канфліктаў не ўдаецца.

Вызначэньне супрацоўнікаў штабу не па прафэсійных паказьніках, а па партыйных квотах і на знак павагі да палітычных рэгаліяў вельмі нашкодзіла рэальнай працы. Асабліва гэта паўплывала на іміджава-агітацыйны складнік працы, які быў адзначаны бессыстэмнасьцю і сабатажам. Ранейшая міжпартыйная плянава-аналітычная група Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якая распрацоўвала агітацыйную кампанію падчас парлямэнцкіх выбараў і працавала над ідэяй Кангрэсу, фактычна была распушчаная. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пазбавіліся органу папярэдняй тэхнічнай прапрацоўкі палітычных рашэньняў. У выніку пытаньні колеру кампаніі, сымболікі, лягатыпаў і г. д. вырашаліся на паўаматарскім узроўні і з маніпуляваньнем вынікамі сацыялягічных дасьледаваньняў. Нарэшце маючы пэрсаніфікаваную альтэрнатыву рэжыму, апазыцыя надзіва бязглузда правяла пазыцыянаваньне гэтай альтэрнатывы ў грамадзтве. Нават нэўтралізацыя тэхнічных кандыдатаў (Вайтовіч, Пазьняк, Казулін, Фралоў) не была зьдзейсьненая як сьлед.

Можна сказаць, што на пачатку кампаніі (ад Кангрэсу да афіцыйнага абвяшчэньня выбараў) Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы жылі старым аўтарытэтам, назапашаным дзякуючы пасьпяхова праведзенаму Кангрэсу. Толькі з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы і пачаткам збору подпісаў праца штабу наладзілася, аднак агітацыйна-прапагандысцкі і аналітычны кірункі па-ранейшаму засталіся правальнымі.

У адрозьненьне ад клясычнай схемы пабудовы перадвыбарнага штабу, сам адзіны прэтэндэнт актыўна прымае ўдзел у яго працы – гэта яшчэ раз засьведчвае палітычны характар гэтага органу. Разам зь Мілінкевічам дзейнічае ягоная асабістая каманда, яна адстойвае яго інтарэсы ў сутыкненьнях з шматпартыйным кіраўніцтвам штабу. Такім чынам, сам адзіны прэтэндэнт актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы стратэгіі і ключавых рашэньняў для перадвыбарнай кампаніі.

Задача штабу – узьняцьце рэйтынгу прэтэндэнта. Аднак пры гэтым і сам штаб цудоўна ўсьведамляе, што ўва ўмовах беларускай выбарчай сыстэмы само па сабе ўзьняцьце рэйтынгу ня грае вялікай ролі для здабыцьця перамогі. Пэрсаніфікацыя палітычнай альтэрнатывы – зарука пасьпяховасьці, але гэта толькі адзін з фактараў, які можа прывесьці да зьмены сытуацыі ў Беларусі…

Палітычны адказ на першае пытаньне прымушае задумацца над тым, што будзе пасьля 19 сакавіка. Хто такі Мілінкевіч пасьля выбараў? Кіраўнік дзяржавы, якая здолела мірным шляхам зрынуць аўтарытарную дыктатуру, правадыр рэвалюцыйнага паўстаньня, лідэр агульнанацыянальнай аб’яднанай апазыцыі, найбольш аўтарытэтны зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага руху, кіраўнік Партыі БНФ альбо асоба, адказная за правал («чарговы правал») дэмакратаў? Адказ на гэтыя пытаньні – справа бліжэйшай будучыні. Якім ён будзе – залежыць ад таго, наколькі пасьпяховае будзе вырашэньне іншых прынцыповых праблемаў, што стаяць перад дэмакратычным праектам цяпер.

«НАВОШТА?»

Адказаўшы на пытаньне «Хто?» («Мілінкевіч!») мы пераходзім да пытаньня «Навошта?». Сапраўды, а навошта мы прагнем зьмяніць уладу ў Беларусі?

«Паездкі па Беларусі я б параўнаў з самай карыснай, павучальнай, цікавай і горкай кнігай, якую я калі-кольвек прачытаў у сваім жыцьці. У гэтых паездках я пастаянна пераконваюся – наколькі моцным ёсьць чаканьне зьменаў. І на вёсцы, і ў мястэчках, і ў вялікіх гарадах. Большасьці абрыдла «стабільнасьць», якую прапагандуе ўлада. Такая стабільнасьць бывае толькі на могілках. Людзі прагнуць разьвіцьця, пэрспэктывы для сябе, сваіх дзяцей», – сказаў Аляксандар Мілінкевіч падчас онлайн-форуму на радыё «Свабода» 23 студзеня 2006 году. Ізноў рыторыка пра непрыняцьце стабільнасьці, пра прагу да пераменаў, пра абнаўленьне. Але якіх менавіта пераменаў хочуць людзі?

Гэтымі пераменамі ня могуць быць перамены ў эканамічнай сфэры. Параўнальна высокія заробкі ў буйных гарадох разам зь дзяржаўнай прапагандай ствараюць уражаньне квітнеючага аазісу пасярод мора крызаў, дэфолтаў і банкруцтваў. Нават калі грамадзяне і праяўляюць незадаволенасьць сацыяльна-эканамічным станам, адзначаюць наяўнасьць эканамічных праблемаў, яны ня зьвязваюць вырашэньня гэтых праблемаў з апазыцыяй, з палітычнай дзейнасьцю. Збольшага вырашэньне эканамічных праблемаў успрымаецца як функцыя дзяржаўнай улады, а сацыяльна актыўныя грамадзяне, пазбаўленыя патэрналісцкага комплексу, зьвязваюць вырашэньне эканамічных праблемаў з уласнымі высілкамі.

Апазыцыя мусіць даць цьвёрдыя адказы на галоўныя эканамічныя выклікі, што стаяць перад Беларусьсю – прыватызацыя і лёс буйных прамысловых прадпрыемстваў, дывэрсыфікацыя энэргетычнага імпарту, суадносіны прыватнай і дзяржаўнай уласнасьці, лёс сельскагаспадарчага комплексу, рэформа пэнсійнай сыстэмы і інш. Але было б памылкай адрасаваць гэтыя адказы электарату і чакаць ад яго падтрымкі ў радыкальнай зьмене існай грамадзка-палітычнай сыстэмы. Хутчэй, гэтыя мэсыджы мусяць быць адрасаваныя элітам.

Да таго ж, складана было б прыдумаць адэкватную праграму сацыяльна-эканамічных рэформаў для кандыдата, які прадстаўляе амаль увесь спэктар палітычнага поля – ад камуністаў да кансэрватараў. Пра эканамічны складнік праграмы добра сказаў Вінцук Вячорка: «Што яднае нас, сапраўды такіх розных? Адказ ёсьць – адказ «ад супраціўнага». Выпрацоўка эканамічнай праграмы адзінага прэтэндэнта на падставе ідэалёгіяў і праграмаў тых партыяў, што яго падтрымліваюць, немагчымая. Таму праграма апазыцыі ў сфэры сацыяльна-эканамічных рэформаў ня можа быць тым штуршком, які запаліць іскру грамадзкага пратэсту – праграма ў лепшым выпадку будзе эклектычнай, а ў горшым выпадку ў ёй будуць прынцыповыя супярэчнасьці.

Іскру могуць запаліць толькі каштоўнасныя арыентацыі людзей, найперш каштоўнасьць свабоды. Як паказвае аналіз агульнанацыянальных апытаньняў 2005 году, вызначальнай каштоўнасьцю для значнай часткі беларусаў ёсьць менавіта паняцьце «свабода» (да 70 % апытаных адчуваюць недахоп свабоды).

Паколькі свабода ёсьць адной з асноўных каштоўнасьцяў, то яе прыхільнікі ня зьнікнуць пасьля 19 сакавіка 2006 году нават у выпадку паразы адзінага прэтэндэнта. Матывы імкненьня да свабоды ў гэтым выпадку могуць вельмі павялічыцца, а непрыняцьце рэжыму можа выліцца ў акцыі грамадзянскага пратэсту.

Рыторыка свабоды ўжо актыўна ўжываецца адзіным кандыдатам, таксама як і рыторыка нэгатыўнага стаўленьня да лукашэнкаўскай стабільнасьці. Здаецца, Лукашэнка нават пачынае апраўдвацца, калі гаворка заходзіць пра свабоду. Надышоў час, калі спрэчка з лукашызмам павінна адбывацца на ідэалягічным полі, на полі каштоўнасьцяў.

«ЯКІМ ЧЫНАМ?»

У адрозьненьне ад прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, цяпер амаль ніхто ня верыць, што перамога над рэжымам і зьмена прэзыдэнта магчымыя электаральным шляхам. Ніхто не ўяўляе сабе Ярмошыну, якая пасьля 19 сакавіка з жалем абвяшчае пра паразу Лукашэнкі. Чыста палітычныя, «легальныя» мэтады адхіленьня рэжыму ад улады не павінны быць галоўным кірункам актыўнасьці дэмакратычных сілаў. Такая палітычная кампанія, як выбары, – цяпер толькі нагода для больш актыўнай агітацыі і канцэнтрацыі сілаў, а ў лепшым выпадку – для масавага разгортваньня акцыяў пратэсту.

Як жа здабыць перамогу? Адказ просты: «Вуліца». І зноў- такі, і ўлады, і апазыцыя рыхтуюцца менавіта да рэвалюцыйнага, вулічнага разьвіцьця падзеяў. Мінус апазыцыі ў тым, што яна рыхтуецца да гэтага толькі на словах. Як мы ўжо адзначалі, задача штабу Мілінкевіча – павялічваць рэйтынг і забясьпечваць яго электаральную перамогу. Арганізацыя акцыяў вулічнага пратэсту і патрабаваньня справядлівых выбараў выведзена па-за яго межы.

  ¹ Тут і далей згадваюцца сацыялягічныя дасьледаваньні аксіямэтрычнай лябараторыі «Новак».
   

Разумеючы прынцыповы і ключавы характар вулічнага пратэсту, апазыцыя адсунула гэтую дзейнасьць на другі плян. Так што Лукашэнка дарма абвінавачвае яе ў рэвалюцыйнай дзейнасьці – рэвалюцыйныя памкненьні ёсьць, рэвалюцыйнай дзейнасьці няма. Супрацьдзеяньне ўладаў будуецца зыходзячы з факту рэвалюцыйнай пагрозы, якая выкарыстоўваецца як сродак легітымацыі палітычных рэпрэсіяў.

І нарэшце апошняе. Любы прагноз ня ўлічвае прынцыповых зьменаў сытуацыі – гэта аксіёма палітычнага прагназаваньня. Тым больш гэта справядліва да прагнозаў, якія пераўтвараюцца ў плян, за выкананьне якога прагназіст нясе пэрсанальную адказнасьць. Нікому яшчэ не ўдалося стварыць плянавай палітыкі, і Лукашэнкаў рэжым ня будзе выняткам.

  s-konfisk (3K) 03.02.2006 работнік Ашмянскай мытні Чайкоўскі канфіскаваў першы нумар «ARCHE» ў нашага сталага аўтара Юр'я Чавусава, падазраючы, што такі часопіс ня можа легальна выдавацца ў Беларусі.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/04/02