A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (43) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЯКСЕЙ КАЎКА | ||||
Як Улашчык за мяжу ўцякаў Некалі расейскi гiсторык, акадэмiк М. Цiхамiраў, ён жа дырэктар Iнстытуту гiсторыi колiшняй Акадэмii навук СССР, прыязна-паблажлiва прыкмецiў ці не найiстотнейшую рысу ў характары свайго супрацоўнiка М. Улашчыка: «тихое белорусское упрямство».
Нядаўнi выпускнiк Беларускага ўнiвэрсытэту падзялiў горкi выгнаньнiцкi лёс з многiмi cлавутымi дзеячамi нацыянальнай культуры: Ластоўскiм, Лёсiкам, Бабарэкам, Дубоўкам, братамi Гарэцкiмi, Касьпяровiчам, Смолiчам, Азбукiным... (cправа так званага «Саюзу вызваленьня Беларусi»). З той першай трагiчнай «зачысткі» Ўлашчык – адзiн зь нямногiх ацалелых. I бадай што адзiны, хто змог стаць Беларускім Гiсторыкам. Пакліканьне быць гісторыкам змоладу вiравала ў яго рамантычна-мяцежнай iстоце – пагартайма трапяткiя й калярытныя старонкi Ўлашчыкавага «Краязнаўства». Пазьней – баранiла ад роспачы й фiзычнага вычарпаньня на «гулагаўскiх» тупiках. А ўрэшце дапамагло выжыць, каб зьдзейсьнiць задуманае, – зноў жа варта вярнуцца да яго «Хронiкi». Неадольную прагу да выжываньня, памянёную беларускую ўпартасьць, адзін журналіст назваў талентам «перайграньня гiсторыi» (Алег Гардзiенка. Гiсторык, якi перайграў гiсторыю // Arche. 2000. № 4). Зыркая, прываблiвая мэтафара. А ўсё ж ня вельмi стасоўная, адэкватная драматычнаму Ўлашчыкаваму лёсу. Жорсткая д’ябальская гульня безь якiх-колечы правiлаў не варажыла нашаму «гульцу» анi кроплi надзеi на посьпех. Гульнi з д’яблам небясьпечныя i безнадзейныя. Герой наш – такi ж герой – гэта добра разумеў. I – адчайна змагаўся зь цяжкiмi трагiчнымi абставiнамi, выходзячы, урэшце, пераможцам. Хаця ў тым зацятым супрацьстаяньні шалi дэманiчных акалiчнасьцяў ня раз пераважвалi яго рашучую натуру, i скон змагара здаваўся немiнучым. Як у выпадку з правальным намерам уцёкаў з ссылкi за мяжу, аб чым цьмяна згадвалася ва ўспамiнах яго старэйшага калегi па выгнаньні Яўхiма Кiпеля. Мы маем уласнаручныя паказаньнi самога ўцекача, напiсаныя 24 сакавiка 1933 году сьледчаму ОГПУ (справа М. Улашчыка ў Iнфармацыйным цэнтры МУС Кiраўскай вобласьцi). Цытуем арыгiнал: Под влиянием того, что считал приговор слишком жестоким и не соответственным вине, я по приезде на место ссылки в Нолинск решил бежать за границу. Для этого я решил предварительно просить перевода в Вятку, так как из самого Нолинска ввиду дальности расстояния от жел[езных] дорог бежать было трудно. В Вятку приехал после двукратного заболевания воспалением лёгких, слишком слабый для побега и имея предупреждение врача, что третье заболевание будет, вероятно, смертельным. В Вятке лечился у врачей, и раз под влиянием минуты сказал Чернушевичу, что, не имея никаких перспектив и сильно скучая, решил бежать из ссылки. Чернушевич отнесся к этому отрицательно, говоря, что это риск головой и что этого не следует делать ни в коем случае. Уговаривал он все время до самого момента моей посадки на пароход. Бежать думал через Вятку – Нижний [Новгород] – Москву – Бологое. Дальше смотря по обстоятельствам. При переходе рассчитывал, что помогут буржуазные белорусские организации, так как при переходе должен быть арестован. При мне был бессрочный паспорт, как документ для дороги, и цианистый калий, чтобы окончить самоубийством при случае ареста на советской стороне. Ц[ианистый] калий высыпал в камере при аресте в Слободском. Достал ц. калий в лаборатории Нолинской Ш[колы] К[рестьянской] М[олодежи], взял сам при посещении лаборатории, приходя к зав[едующему] лабораторией Киппелю. Ц[ианистый] калий взят без его ведома. Ц. калий был мною украден. При обыске в Медведке паспорт был у меня в носке, его не нашли. (...) Вторично категорически заявляю, ручаюсь головой (падкрэсьлена ў тэксьце. – А. К.) и всем вообще, чем можно поручиться, что Чернушевич Н. Ф. очень резко и настойчиво уговаривал меня не делать побега, возвратиться в Нолинск и ждать конца ссылки. Писал собственноручно Улащик Н. Н.
Пастановай Калегii ОГПУ тагачаснага Горкаўскага краю пяцiгадовая ссылка М. Улашчыка (тэрмiн адлiчваўся з дня першага арышту 11 чэрвеня 1930 году) замяняецца зьняволеньнем у папраўча-працоўным лягеры «на оставшийся срок». Такi вось няпросты, варты адмысловай аповесьцi сюжэт кшталту «Выжыць, каб перамагчы» – з усiмi, адпаведна жанру, аксэсуарамi: iнтрыга, канфлiкт, драматычная разьвязка... Але да катарсiснай палёгкі пакуль ох як далёка! Наперадзе – вызваленьне, вясной 1935-га. На радзiму шлях зачынены, i «сьвяцiцца» там небясьпечна. Ён адчуў гэта адразу ж цягам караценькага адскоку ў Менск, да раднi, убачыўшы павернутыя сьпiны ўчорашнiх знаёмцаў. Пра аднаго з такiх насьцярожлiва-абачлiвых пазьней Улашчык занатуе ў сваёй «Хронiцы»:
Я ведаў Крапiву, ён мяне ведаў з часу арганiзацыi Цэнтральнага бюро краязнаўства, дзе [Кандрат] быў iнструктарам па краязнаўстве, а я, стараючыся ў тыя часы ўсiх зрабiць краязнаўцамi, часта [туды] заходзiў. Я толькi што ня тыцнуў рукi Крапiву, як убачыў, што ён ня хоча ні бачыць мяне, нi тым больш вiтацца. Тое ж было i пры спатканьнях, калi ўжо быў цалкам «нармальны», калi баяцца не было чаго.
Можна ўявiць сабе далейшы паварот Улашчыкавага шляху, калі б ён затрымаўся на бацькаўшчыне даўжэй, дзе яго нечаканае зьяўленьне iмгненна ставіла «на вушы» тутэйшых вiжоў. Нiну Ўлашчык (у замустве Бялькевiч), cтарэйшую сястру Мiкалая, вядомую пад той час настаўнiцу, аўтарку некалькiх мэтадычных выданьняў з практыкi пэдагагiчнай працы, празь якi час арыштуюць i сашлюць на Калыму за адну толькi адмову стаць таемным канфiдэнтам спэцслужбаў. Але ж i ў злавесную пару татальнага застрашэньня й падазронасьцi далёка ня ўсе «стукалi». |
(нарадзіўся ў 1937 г. у вёсцы Равіцкі Бор (цяпер Машчаліна) Чэрвеньскага р-ну Менскай вобл.) – літаратуразнаўца, гісторык. Аўтар апублікаванага ў самвыдаве «Письма к русскому другу» (1976–1977), у якім падымаліся пытаньні культурнай асыміляцыі і нацыянальнай гістарыязофіі беларусаў. Рэдактар альманаху «Скарыніч». |
Пачатак Цалкам Форум |
|
№ 3 (43) - 2006
| |
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |