A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


палеміка

  ДЗІМА СМАЛЯКОЎ

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзіма Смалякоў
Адчужаныя сутнасці Алены Гапавай

Гапава А. Што такое бацька і яго «бацькоўскі клопат» //ARCHE. № 4 (33) 2004.

Гапава А. Нацыя «паміж» і ў мары аб сваіх жанчынах // Фрагмэнты. № 11.

Гапава А. Жанчына як «іншае» ў дыскурсе беларускай дэмакратыі // Фрагмэнты. № 9.

Нагодай для гэтага тэксту сталіся тры эсэ Алены Гапавай, якія, здаецца, выклікалі пэўны рэзананс у інтэлектуальных колах нашай краіны. Яны патрабуюць тлумачэння і аб’ектыўнай крытыкі. Тлумачэння – з прычыны звышэмацыйнасці некаторых месцаў, а крытыкі – з прычыны неймавернасці ці недасканаласці пэўных прапанаваных аргументаў. Выключыўшы з поля зроку ўсё непатрэбнае, мы ставім за мэту пошук ісціны ў выніку рэфлексіі над гэтымі тэкстамі.

Адразу трэба сказаць, што гэтая работа не ставіць за мэту абарону мужчынскасці ці маскуліннасці ад крытыкі спн. Гапавай або выкрыццё яе прафесійнай заангажаванасці. Мы таксама не маем на мэце высвятляць, чаму гэтыя эсэ мала чым розняцца між сабой або чаму для напісання іх выкарыстоўваецца адзін і той жа эмпірычны матэрыял.

Калі не зважаць на псіхалагічны негатыў для мужчынскага культурнага ўспрымання гэтых эсэ, іх сэнс даволі просты. Апазіцыя, якая абвінавачвае жанчын у нерацыянальнасці выбару А. Лукашэнкі як прэзідэнта, праз гэта адбудоўвае сваю маскуліннасць. Вобраз жанчыны сексуалізуецца, і праз гэта адбываецца адчужэнне жанчыны ад палітычнага дыскурсу як носьбіта пэўных сацыяльных, культурных і эканамічных роляў. Жанчына ўспрымаецца як нерацыянальны, антыдэмакратычны пачатак у культурнай сітуацыі. Жанчына, ва ўяўленні апазіцыі, непрадказальна адмаўляецца ад рынкавых адносін, дэмакратыі, свабоды, лібералізму, яе выбар цалкам рацыянальны і базуецца на жаданні сацыяльнай бяспекі, чаго не могуць заўважыць заангажаваныя ўдзельнікі палітычнага працэсу. Акурат праз праблематычнасць эканамічнай мабільнасці з прычыны дзетанараджэння жанчыны галасуюць за пераразмеркаванне рэсурсаў, якое гарантуе ім пэўную эканамічную і сацыяльную бяспеку. Такім чынам, не разумеючы сапраўднага эканамічнага падмурку жаночай «ірацыянальнасці», беларуская апазіцыя стварае новы «патрыярхат», дзе праз вылучэнне жанчыны як іншага спрабуе кампенсаваць свае культурныя комплексы.

«Я марксістка і мушу шукаць матэрыяльныя прычыны», – піша спн. Гапава ў эсэ «Што такое бацька і яго «бацькоўскі клопат», тым самым рэпрэзентуючы свае парадыгмальныя ўстаноўкі. Як і кожны марксіст, яна ва ўсіх культурных феноменах шукае эканамічны базіс, ствараючы досыць аднабаковае бачанне праблемы. Для яе рацыянальнага светаўспрымання цалкам неістотны той факт, што акрамя ўздзеяння эканомікі на культуру ёсць уздзеянне культуры на эканоміку. Аўтарка лёгка стварае эканамічнага чалавека і яго эканамічным досведам спрабуе аргументаваць культурную сітуацыю, якая мусіла скласціся.

Вядома, што каб усебакова разгледзець праблему, не прыніжаючы ролі эканамічнага фактару, трэба звярнуцца і да культурных рэалій. Эканамічнае бачанне – рэч неабходная, але, на жаль, не дастатковая. Цяжка згадзіцца з тым, што антыфемінная скіраванасць апазіцыі, як і маскулінізацыя вобраза прэзідэнта, ёсць працэсамі, якія грунтуюцца выключна на эканамічнай фенаменалогіі. Яшчэ больш цяжка пагадзіцца з меркаваннем пра тое, што «мова і гісторыя ў гэтым (міжкласавым) процістаянні – толькі сімвалічныя рэсурсы, пэўныя культурныя коды, за якімі стаяць вельмі практычныя рэчы». Але ўсё па парадку.

«На нашых вачах спрацаваў механізм выключэння жанчыны як «іншага» з «нацыянальнага» палітычнага канструкту і яе ператварэння з чалавека, суб’екта, у аб’ект (сексуальнай) палітыкі». Цытата, вядома, выбрана не так проста. Менавіта ў гэтай цытаце і закладзены ўвесь марксісцкі пафас адчужэння чалавека (у гэтым варыянце менавіта жанчыны як гендэра), які быў разгорнута прадэманстраваны ў эканамічна-філасофскіх рукапісах К. Маркса. Такім чынам, жанчына спрашчаецца да сваіх біялагічных функцый і аб’екта задавальнення мужчынскіх сексуальных патрэб, для таго, каб праз адбудову «іншага» ў механізме палітычнага дыскурсу, частка палітычнай супольнасці змагла пераадолець свае палітычныя комплексы. Іншымі словамі, апазіцыя мае сталы псіхоз з немагчымасці прыйсьці да ўлады і праз абразы жанчын імкнецца кампенсаваць такое становішча. Між тым цікава, што менавіта ў гэтай сітуацыі спн. Гапава не выкарыстоўвае марксісцкую метадалогію для апісання праблемы, а карыстаецца псіхааналізам (у прыватнасці, Лаканам). На гэтым прыкладзе відавочна, што выключна эканамічных фактараў мала. Аўтарка і тут адшуквае эканамічныя падмуркі, якія знаходзіць у савецкім існаванні. Але ўсё ж гэта падмуркі, якія датычацца рабочага на заводзе, што не атрымлівае зарплаты і з зайздрасцю глядзіць на жонку, якая зарабляе больш за яго. Гэтая сітуацыя датычыцца кожнага беднага, але, на жаль, не датычыцца палітычнага працэсу. У выніку гэтага паўстае пытанне, чаму спн. Гапава пераходзіць з псіхааналізу да марксізму? Чаму яна пакідае сферу культуры і пераносіцца ў сферу эканомікі?

Як бы там ні было з культурнай сітуацыяй у Беларусі, жанчына ўспрымаецца як іншае ва ўсім капіталістычным (і не толькі) свеце. Без увагі на эканамічнае становішча краіны мы бачым побач са спецагентамі-мужчынамі ў амерыканскіх баевіках прыгожых, сексапільных дзяўчат. На подыумах ёсць месца толькі сексуальна нафарбаваным мадэлям, і нават пры распродажы жаночых тавараў прысутнічаюць жанчыны з яскрава выражанымі праявамі аголенай сексуальнасці. Ва ўсім свеце, незалежна ад краіны, дзе толькі ёсць капіталістычныя дачыненні, жанчына ўспрымаецца як іншае, як цела, як сексуальная функцыя. Жанчына ёсць іншым. Жанчына ёсць таварам, жанчына ёсць жаночай сексуальнасцю, і гэтую сексуальнасць з радасцю прадаюць мода, кіно, тэлебачанне, музыка. Жанчына ёсць сродкам існавання. Жыццё ў пэўным сацыяльным рэжыме патрабуе пэўных сацыяльных праяў. У гэтым свеце жанчына ёсць адарванай, пазбаўленай ідэнтычнасці сутнасцю. Тут няма розніцы, ці гэта будзе Клаўдыя Шыфер або Анжэліна Джолі, галоўнае, каб праступала сексуальнасць, а чыя менавіта гэта сексуальнасць – цікаўнасці не выклікае.

Трэба заўважыць, што ў гэтай сітуацыі жанчына як іншае ёсць такой для самой жанчыны. Жанчына – гэта нешта другаснае, нешта ірацыянальнае, нешта дурненькае з караценькай спадніцай, доўгімі абцасамі і белымі валасамі. Хто не хоча быць жанчынай, хто не хоча быць іншым, той надзявае штаны і каротка стрыжэцца. Хто не хоча быць жанчынай, той ідзе ва універсітэт, чытае кніжкі і не карыстаецца касметыкай. Жанчына – прыніжанае, нешта дзетароднае, нешта эканамічна занядбанае. Жанчына – функцыя, функцыя для задавальнення сексуальных патрэб, ці функцыя для нараджэнні ваяроў для дзяржавы. Яе функцыя даглядаць дзяцей, прыбіраць кватэру, мыць посуд, сачыць за дабрабытам. Жанчына ёсць целам, тым, чым можна захапляцца, тым, на што можна глядзець. Жанчына ёсць узнагародай за багацце, уладу, розум. Прыктычна пры рэкламе ўсіх тавараў для жанчын скарыстоўваецца жаночая сексуальнасць. Менавіта жаночая сексуальнасць павінна прыцягваць жанчыну для набыцця тавару. Жанчына ў культуры ёсць бонусам, зручным дадаткам да багацця.

Аўтарка звяртаецца да праблемы асэнсавання жанчыны ў культуры, але робіць гэта выключна ў дачыненні да апазіцыі. Менавіта апазіцыя вылучае жанчыну як іншае і праз свае прыватныя комплексы спрабуе выдаць сваю заклапочанасць за заклапочанасць усіх. «Увасабленне жанчыны як іншага ад «нас» дазваляе прыхаваць, што мы выдаем свае – «карпаратыўныя» – інтарэсы кола інтэлектуалаў за інтарэсы народу». Пры гэтым само культурнае стаўленне да жанчыны застаецца па-за ўвагай. Жанчына як цела, жанчына як сексуальнасць, жанчына як тавар сучаснай індустрыі ёсць такім жа іншым для спн. Гапавай, як і для аўтараў артыкулаў, якія яна цытуе. Жанчына як вянок, жанчына як узнагарода для аўтаркі ёсць сімулякрамі апазіцыі, яны не існуюць у рэчаіснасці. Тут жанчына – занядбаны эканамічны суб’ект. Менавіта ў эканамічнай занядбанасці аўтарка шукае падмуркі сексісцкіх падыходаў. Яна не дабіваецца пераадолення ўспрымання жанчыны як функцыі, яна хоча толькі таго, каб гэтую функцыю аплачвалі, эканамічна кампенсавалі культурную другаснасць. Складаецца такое ўражанне, што жанчына для Алены Гапавай цікавая толькі таму, што яна ёсць суб’ектам эканомікі, пазбаўленым сацыяльнай мабільнасці. Як толькі жанчына атрымлівае эканамічнае забеспячэнне, яна адразу робіцца нечым іншым – прафесарам, дэпутатам, дырэктаркай Цэнтра гендэрных даследаванняў. Жанчына – гэта заўсёды нешта іншае, нешта не тут і не са мной. Жанчына – такі ж сімулякр, як і беларуская апазіцыя.

У гэтай сітуацыі аўтарчын марксісцкі падыход ігнаруе марксісцкую ісціну, што «грамадскае быццё абумоўлівае свядомасць». Алена Гапава забываецца на гэтую свядомасць. Для яе ёсць толькі тут і цяпер. Яна не шукае генеалогіі праблем. Яна робіць высновы на газетных матэрыялах і «шэдэўрах» беларускай паэзіі. Для яе жанчына – такое ж іншае, як і для любога іншага эканамічна забяспечанага суб’екта. Такі суб’ект карыстаецца набыткамі эканомікі напоўніцу, таму жанчына як сексуальнасць – гэта ўсё тое ж іншае, рэч, якую трэба прадаваць і набываць, апісваць і даследаваць. У гэтай культуры жанчына заўсёды ёсць аб’ектам...

«Жанчынам дапушчальна быць беднымі, мужчынам – не. Я маю на ўвазе наступнае: жанчына, нават бедная, застаецца жанчынай «праз сваё цела», і амаль нішто (калі гэта не нешта незвычайнае) не можа змяніць гэтага папулярнага ўяўлення. З мужчынамі іншая справа: мужчынскасць быццам бы звязана не з целам, і тыя, у каго мала грошай (ці ўлады), нейкім чынам пазбаўлены значнай часткі мужчынскага». Маскуліннасць такога кшталту, на думку спн. Гапавай, – гэта рэч, якая існуе апрыёры ў культуры, нешта спрадвечнае. Галоўнае ж тут – эканамічная заангажаванасць. Менавіта эканамічныя характарыстыкі выступаюць у ролі гендэрных маркераў. «Я кажу тут пра канструяванне традыцыйнай, «нарматыўнай» маскуліннасці, калі ён «мужчына», таму што плаціць у рэстаране. Адваротнае таксама справядліва, ён плаціць, таму што мужчына (жанчына, што плаціць сама, не даказвае гэтым сваю жаноцкасць)». Такім чынам, у спрадвечным уяўленні пра мужчыну апошні павінен быць мужам, бацькам, абаронцам. Ён павінен такім быць, бо такім яму кажа быць культура. Культура, дзе асноўную выхаваўчую, педагагічную ролю, ролю для стварэння свядомасці нацыі адыгрываюць жанчыны, стварае такога мужчыну.

Калі прасачыць яшчэ з савецкага часу, то ўвесь выхаваўчы персанал дзіцячых садкоў – жанчыны, большасць настаўнікаў у школе – жанчыны, большасць выкладчыкаў на гуманітарных факультэтах ВНУ – жанчыны, у Мінадукацыі – жанчыны, у судах большасць – жанчыны. Калі дзеці не ходзяць у дзіцячы садок – яны застаюцца з маці. Калі сям’я распадаецца, судовая інстанцыя, дзе суддзя звычайна – жанчына, дзіця пакідае маці. Бацька ёсць грашовым апендыксам у гэтай сістэме. Менавіта маскуліннасць як эканамічны чыннік ёсць вынікам жаночага дагляду, ёсць вынікам жаночай мары пра страчаную за часы савецкага шчасця маскуліннасць. Маскуліннасць як эканамічны канструкт – стварэнне жаночае, менавіта жанчына хоча бачыць моцнага, самаўпэўненага самца сваім мужам, сынам, які будзе мужам іншай, бацькам дзяцей, якія будуць яе ўнукамі. Такім чынам, беларуская культура ёсць культурай матрыярхальнага з настальгіяй па былой маскуліннасці. Паколькі маскуліннасці не здабыць, а адукацыя працуе ўсё ў тым жа дыскурсе, па тэлевізіі паказваюць здаравезных самцоў, вакол якіх баражыруюць сексапільныя дзяўчаты, і ўтвараюцца псіханеўралагічныя комплексы, прычыну якіх не знайсці выключна ў эканамічных падмурках. Усё ж Аляксандр Рыгоравіч ёсць не толькі гарантам сацыяльнай абароненасці і дзяржаўных ільгот, ён да таго жа і сімвал жаночай мары аб страчанай маскуліннасці, ён ёсць прадуктам жаночай адукацыі, ёсць вынікам жаночага жадання будучыні. Прэзідэнт ёсць абаронцам жанчыны, які клапоціцца пра жанчыну, але ёсць і сімвалам, ёсць вынікам культуры. Прэзідэнт ёсць найвышэйшай кропкай беларускай адукацыі і гендэрнай палітыкі судоў і Мінадукацыі, сацыялістычнага дзяржапарату. Вядома, карані ідуць з Савецкага Саюза, але справа не ў гэтым. Справа ў рознабаковасці палітычнай рэальнасці, сярод чыннікаў якой існуе не толькі эканамічная занядбанасць, але і псіхалагічныя, педагагічныя фактары. Менавіта іх спн. Гапава і не бачыць. Для яе жанчына ёсць рацыянальным эканамічным суб’ектам, пазбаўленым псіхалагічнай чыннасці. Замест таго, каб пісаць артыкул «Нацыя «паміж» і ў мары аб сваіх жанчынах», не лішне было б напісаць артыкул «Нацыя «пасля» і ў марах пра сваіх мужчынаў». Але за гэта ААН грошай не дае, і праект за мужчынскае лідэрства відавочна не пройдзе, дый не патрэбны ён. Такі праект рэалізуецца кожны дзень, калі чарговая мама (незалежна ад культурнага, адукацыйнага і эканамічнага статусу) кажа свайму сыну, кім ён павінен быць і якім яму трэба зрабіцца.

У культурнай сітуацыі мары пра маскуліннасць, у культуры, дзе маскуліннасць уяўляецца носьбітам такіх мадальнасцяў, як сіла, моц, праўдзівасць рашэнняў, некаторыя высновы Гапавай патрабуюць пераасэнсавання, а некаторыя проста трэба адкінуць. У гэтай сітуацыі не «беларускае таму, што мужчынскае», але мужчынскае таму, што правільнае. Культура марыць пра сваю маскуліннасць. Усё правільнае, валявое будзе асацыявацца менавіта з ёй, незалежна ад дачынення да пэўных палітычных арыентацый. Маскуліннасць, пра якую мараць, – праўдзівая, менавіта яна ёсць носьбітам і санкцыянерам праўды.

Гэты артыкул не ставіць за мэту знайсці вінаватага. Крытыка гэтых эсэ не скіравана на расстаўленне акцэнтаў, хто вінаваты больш і хто за каго адказвае. Мэта стаіць знайсці ісціну, таму, карыстаючыся лозунгам самой Гапавай, «хопіць Лакана! Даеш Маркса!»

З яе пункту гледжання апазіцыя ёсць вялізным сімулякрам, які займаецца сімуляваннем апазіцыйнай дзейнасці. З гэтым можна пагадзіцца, але такія феномены, як беларуская мова і беларуская гісторыя, сімулякрамі назваць цяжка, як цяжка іх назваць працэсамі. Мова і гісторыя ёсць феноменамі, і феноменамі не сімуляцыі «беларускіх інтэлектуалаў», якія мараць, каб набывалі іх кніжкі – гэта феномены сацыяльнага быцця, менавіта таго быцця, пра якое дужа часта забываецца спн. Гапава. Мова і гісторыя ёсць сімваламі, калі хочаце, з таго ж шэрагу, што і прэзідэнт. Мова і гісторыя ёсць сродкамі ідэнтыфікацыі. Трэба ж яшчэ чалавеку нейкім чынам ідэнтыфікаваць сябе, акрамя як жанчынай або мужчынам.

Як і кожная матэрыялістка, спн. Гапава шукае матэрыялістычных фактараў ва ўсіх праявах жыцця. Але акрамя матэрыялістычных фактараў ёсць яшчэ і ідэі. Калі не прымаць пад увагу ідэй, то патлумачыць генезіс беларускамоўнага асяроддзя ў савецкай расійскамоўнай рэчаіснасці практычна немагчыма. Трэба ўсё ж згадзіцца, што мова і гісторыя не з’яўляюцца феноменамі чыёйсьці сімуляцыі. Мова і гісторыя – гэта ідэі, вакол якіх гуртуецца пэўная культурная і сацыяльная рэчаіснасць. Мова і гісторыя ёсць феноменамі духу (зноў жа Гегель – як без яго?), а сучасная сітуацыя ёсць толькі разгорнутым этапам рэалізацыі ідэі.

«Беларускамоўныя інтэлектуалы будуюць сваю ідэнтычнасць у значнай ступені праз супраціў «каланізатару-іншаму», які хоча захапіць і згвалціць нашу жанчыну-нацыю. Палітычная праграма, дадзеная праз сексуальную метафару, кліча да «патэнцыі» і мужчынскасці як падставаў незалежнасці, таму што ў посткаланіяльным культурным канструяванні слабыя «туземныя» мужчыны ёсць ідыёмай бяссілля ў адносінах з каланізатарам». Каментуючы гэтую цытату, варта звярнуцца да досведу нашага ўсходняга суседа, які відавочна не пакутаваў ад праяваў каланіялізму, калі толькі не свайго ўласнага. У Расійскай Федэрацыі, як ні дзіўна, таксама прысутнічае сексуальная рыторыка. Пра тое, што каму адрэжуць і што дзе больш не адрасце, пра тое, што дэпутат Дзяржаўнай думы У. Жырыноўскі казаў пра «паімець» і «*бануць» разам з прэзідэнтам ЗША Грузію, усім даўно вядома. Вядома таксама пра рыторыку «магчы і не магчы» ў час змянення ўлады Б. Ельцына на ўладу У. Пуціна. Гэты прыклад усяго толькі паказвае падабенства дзвюх постсавецкіх рэальнасцяў, рэальнасцяў мары пра згубленую маскуліннасць. Адсюль відаць, што не беларускамоўныя інтэлектуалы са свайго суб’ектыўнага быцця абумоўліваюць пэўную сацыяльную парадыгму, але ўсё сацыяльнае быццё абумоўлівае свядомасць кожнага беларускага інтэлектуала. Такім чынам, не віна недарэчных пісьменнікаў, што яны валодаюць сапсаванай сексісцкай свядомасцю. Іх віна толькі ў тым, што яны ў сваёй свядомасці не бачаць аніякіх заган. Зноў жа вяртаемся да культуры, якая не дае спакою нармальнаму эканамічнаму развіццю ў рынкавых абставінах.

У сітуацыі мары пра згубленую маскуліннасць усё, што знаходзіцца ў рэчышчы ідэальнага, якое патрабуе санкцыі праўды, будзе знаходзіцца ў абшары маскуліннасці. Пры гэтым усё рэчаіснае будзе перайначана ў зусім іншыя колеры. Усё тэарэтычна правільнае будзе мужчынскім, а ў сапраўднасці мужчынскімі будуць толькі заганы, дрэнныя звычкі і інфантылізм. Гэта толькі ў марах мужчыны могуць быць праўдзівымі, моцнымі, валявымі, у сапраўднасці яны могуць быць альбо алкаголікамі, альбо рабочымі на заводзе, што ў сучаснай ментальнасці адно і тое ж. Мужчына ў сапраўднасці апрыёры бессаромны, бязглузды алкаголік з нясталым заробкам, хутчэй за ўсё, беспрацоўны, хутчэй за ўсё, з няспраўджанымі марамі. Мужчына ў рэальнай свядомасці ёсць рэнегатам, мужчына ёсць маргіналам, а маргіналаў дзаржава не надта любіць.

З усяго вышэйсказанага вынікае, што культура ў беларускай сучаснасці ўяўляецца як матрыярхат з марай пра згубленую маскуліннасць. Уся заходняя рэклама пра тое, што «прага першынства нараджаецца разам з мужчынам» і «гэта наш, мужчынскі свет», прапагандуе стаўленне да мужчыны як да абаронцы дому. Лозунгі «баязлівец не гуляе ў хакей», «танкісты – гэта найлепшыя хлопцы маёй краіны» і іншыя сведчаць пра тое самае. Мужчына, паводле гэтай прапаганды, ёсць узброеным дзідаю паляўнічым, які выходзіць паляваць на маманта. Разам з тым, у той жа апазіцыйнай рыторыцы ёсць згадкі пра тое, што мужыкі слабыя, не могуць даць адпору, патрэбныя ваяры, а не палітыканы. Гэтыя словы часцей гучаць з вуснаў беларускамоўных ці палітычна заангажаваных жанчын. Мара пра маскуліннасць ёсць чыннікам культуры, і яго не перабіць павелічэннем колькасці жанчын у парламенце ці праектам за жаночае лідэрства. Патрэбна цярпімасць, але калі справа даходзіць да эканомікі, цярпімасць страчваецца.

Штодзённыя разборкі ў звычайнай сям’і круцяцца вакол таго, хто колькі прынёс і чаму так мала, бо трэба болей. Эканамічная незадаволенасць і мара пра маскуліннасць нараджаюць шматлікія комплексы, якія прысутнічаюць як у дзяржаўным сектары палітыкі, так і ў апазіцыйным. Як ні дзіўна, тая выснова, што апазіцыянеры не адрозніваюцца ад дзяржнаменклатуры, бо існуюць у сітуацыі адной культуры, ёсць праўдай. Эканоміка, вядома, мае пэўнае значэнне, але першаснае значэнне мае сацыяльнае быццё.

Сёлета на Новы год прэзідэнт краіны казаў пра п’янства і іншыя дрэнныя звычкі. Дрэнныя звычкі ў сучаснай культуры асацыююцца выключна з мужчынскім пачаткам, а значыць, менавіта да жаночага электарату звяртаўся прэзідэнт. Прынамсі, лозунг Б. Ельцына на яго апошніх выбарах «галасуй не розумам, а сэрцам» быў адрасаваны таксама жанчынам, хоць выключна традыцыйна і беспадстаўна. Пры гэтым, з адмоўным рэйтынгам Ельцын здолеў выйграць выбары. Але справа не ў гэтым. Сацыяльнае быццё зрабіла з мужчыны носьбіта дрэнных звычак, і з гэтымі дрэннымі звычкамі павінна змагацца менавіта жанчына. Менавіта жанчына як маці павінна даглядаць сваіх дзяцей, мужа. Клапаціцца пра ўсіх. І з гэтым ёй дапамагае дзяржава. Дзяржава стварае матрыярхальную утопію, дзе з дапамогай сродкаў размеркавання рэсурсаў яна дапамагае трымаць няшчасных і занядбаных дагледжанымі. Менавіта жанчына як галоўны даглядчык сям’і і робіцца сімвалам гэтай палітыкі. Грамадзяне краіны выяўляюцца такімі ж дзецьмі, якім патрэбны догляд маці, і ў гэтай сітуацыі не прэзідэнт выходзіць на пярэдні план. На пярэдні план выходзіць дзяржава як галоўны дарадца жанчыне ў яе штодзённай барацьбе з праявамі інфантылізму. Сістэма ёсць наступствам дзяржаўнай палітыкі. Сістэма ёсць абаронцай краіны, даглядчыкам краіны. Сістэма – вялікая маці беларускага народу. Сістэма – канструкт культуры. Культура стварае бачанне сістэмы як маці. На жаль, гэтае бачанне так і не пераадольвае стаўлення да жанчыны як да функцыі. Жанчына нават у гэтым матрыярхаце ёсць функцыяй, функцыяй для дагляду ўсяго.

Але, што такое беларуская мова і беларуская гісторыя ў гэтай культуры? Як ні дзіўна, гэтыя феномены ёсць ідэямі, вакол якіх гуртуюцца пэўныя колы. Менавіта на падставе гэтых ідэй і ідзе сапраўдны апазіцыйны працэс, а не тая сімуляцыя, якую ажыццяўляюць кіраўнікі апазіцыйных партый. Апазіцыя – гэта не партыйная наменклатура. Апазіцыя ёсць духам у сучаснай беларускай сітуацыі. Ты апазіцыянер, калі гаворыш па-беларуску. Ты апазіцыянер, калі цікавішся сваёй гісторыяй. Мова і гісторыя не ёсць сродкамі адмежавання, выпуклення сваёй іншасці. Мова і гісторыя ёсць ідэямі, дзеля якіх і вакол якіх гуртуюцца сапраўдныя прадстаўнікі апазіцыі, г. зн. тыя, хто ідзе на мітынгі, хто агітуе знаёмых, хто не згодны з сучаснай сітуацыяй. Мова і гісторыя не залежаць ад гендэра і гендэру не належаць. Мова і гісторыя – гэта не бунт супраць сістэмы, якую стварае дзяржава. Мова і гісторыя – гэта не бунт супраць несвабоды. Мова і гісторыя – гэта падставы існаваць кімсьці, гэта падставы існавання дзеля чагосьці. Сапраўды, сацыяльнае быццё абумоўлівае свядомасць, але і ідэі кіруюць светам. Тут слова «апазіцыя» абазначае не нейкае палітычнае дачыненне, тут яно азначае ідэнтычнасць, пэўную чыннасць свядомасці... Але ўсё ж пра «іншае».

Такім чынам, для Алены Гапавай мова і гісторыя ёсць такім жа іншым, як і жанчына ў яе адчужаных сутнасцях. Мова і гісторыя ёсць нейкімі адчужанымі сутнасцямі, якія належаць камусьці іншаму. А. Гапава не разумее і не хоча разумець, што за гэтымі адчужанымі сутнасцямі існуюць сапраўдныя людзі. Гэтыя сапраўдныя людзі ёсць феноменам рэчаіснасці, яны сапраўды існуюць і валодаюць гэтымі адчужанымі сутнасцямі. Для спн. Гапавай і жанчына як цела, і апазіцыянеры, што сапраўды носяцца са сваёй мовай і гісторыяй дзеля самой мовы і гісторыі, ёсць «іншым», адчужаным, далёкім. Спн. Гапава не кажа пра эмансіпацыю чалавека, як трэба было б казаць сапраўднаму марксісту, яна кажа пра адчужаныя сутнасці і вінаваціць. Вінавачанне – добрая справа, але яна толькі тады добрая, калі робіцца шчыра. Пра шчырасць жа нельга казаць, калі размова ідзе пра сухія аб’екты, за якімі хаваюцца абстрактныя адчужаныя сутнасці, а не жывыя людзі. Праблемы пабытовага гвалту, жаночай беднасці, сексуальнага рабства сапраўды дужа актуальныя ў сучаснасці. Але іх не вырашыць, пакуль носьбітаў гэтых праблем мы будзем успрымаць як «іншае». Калі за аголенай сексуальнасцю мы пачнём бачыць сапраўдных людзей, то мы зразумеем, што не існуе гендэрных праблем, а існуюць праблемы ўсяго грамадства. Само грамадства гэтыя праблемы стварае і само з імі павінна змагацца.

  студэнт 3 курсу філязофскага факультэту БДУ. Цікавіцца экзыстэнцыяльнай філязофіяй. Піша раман «Хронікі ўнутраных рэвалюцыяў».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/06/04