A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


крытыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Вылоўліванне ідэй з паветра


Балахонаў Сяргей. Імя грушы. – Менск: Логвінаў, 2005.

Бацюкоў Аляксей. Уся праўда пра горад Бобер // ARCHE. 5. 2005.

Бацюкоў Аляксей. А я думаў, у нас сын.



          Паветрам ёсць усё, што прыпадабняецца да пустога, адкрытае погляду ад самае зямлі аж да Месяца, і з яго бярэцца жыватворны дух. І дзеля таго, што яно вільготнае, у ім лётаюць птушкі – гэтак жа, як рыбы плаваюць у вадзе. У паветры жывуць дэманы, якія чакаюць пакаранняў Страшнага суда.

Gonorius Augustodiensis. Imago Mundi

1

Літаратура па вылоўліванні ідэй з паветра надзвычай багатая, традыцыя занятку неймаверна старая, але менавіта апошняя з вышэйпрыведзеных думак аўтарытэтнага даследчыка найбольш каштоўная для нашай тэмы. Бесцялесныя духі-ідэі чакаюць, каб іх вылавілі, бо ўрэшце, што жахлівае можа іх спаткаць у параўнанні з апошнім выракам? Ідэі гатовыя быць вылаўленымі, а можа – хто ведае – каторыя самі палююць на паляўнічых.

Вялікая небяспека для духаловаў, якія, захапіўшыся думкаю старадаўняга эрудыта, пашырылі спакуслівую аналогію і прыраўналі рыбалоўства і духалоўства. Рыбаку найважней выцягнуць рыбіну, духалову – правільна пакарыстацца здабычаю. Нездарма гэтулькі вядомых і ’шчэ больш ананімных аўтараў папярэджвалі пра неабходнасць асцярожнага ды прадуманага абыходжання з духамі й дакладнага фармулявання сваіх жаданняў.

Закінуўшы нерат, набраў Сяргей Балахонаў усяго, што трапілася, і памногу. Атрымаўся, так бы мовіць, поўны кош з верхам, і зверху, безумоўна, ляжыць лексіка. Тут неабходна зазначыць, што першасна пісьменнік з Гомеля мае рацыю. Сапраўды, той пласт словаў і граматычных канструкцый, які адкрыўся для шырокага карыстання пасля перабудовы, уражвае і прыцягвае. І не віна Насовіча, Ластоўскага ці Станкевіча, што выкарыстанне тое зусім не шырокае, але гэты папрок адрасуецца каму заўгодна, толькі не аўтару «Імя грушы». Колькасць экзатычных выразаў бянтэжыць, іхняя стракатасць абцяжарвае, карыстаючыся той жа стылістыкаю, «чытацкія глузды», і толькі праз пэўны час прыходзіць разуменне, што тут нешта не так. І слушна. У кнізе Балахонава намеры ўлову маюць не меншы ўплыў на вынік, чым уласныя намаганні аўтара.

Па-першае, не зусім зразумела, навошта гэтак шчыльна насычаць тэкст экзатызмамі. Калі гэта архаізацыя, задума відавочна мінаецца з мэтаю, бо выбраныя аўтарам словы адбіваюць хутчэй шмат у чым аўтарскую лексіку Ластоўскага і Станкевіча, чымсьці асаблівасці беларускае пісьмовае мовы сярэдзіны ХІХ ст. Немагчыма патлумачыць лексічны анахранізм памылкаю, бо раней Сяргей Балахонаў дэманстраваў веданне асаблівасцяў беларускага пісьменства розных эпох. Эклектычны збор экзотыкі павінен мець нейкую мэту, але якую? Хутчэй за ўсё, толькі адну: прэзентацыі «пакрыўджаных» слоў і «рэабілітаванай» граматыкі.

Незразумела таксама, чаму, задэклараваўшы дзве часткі з трох як пераклады ўспамінаў (з расійскае і польскае моваў), аўтар не паклапаціўся надаць тэкстам адпаведных рысаў. Стылізацыі пад расійшчыну і пальшчызну не адбылося, а мэта, імя перакладчыка й час перакладу засталіся па-за кадрам, хаця гэткім шляхам можна было б прывязаць да тэксту вышэйапісаныя шчодрыя запазычанні са слоўнікаў-«дысідэнтаў» ХХ ст., стылізаваўшы яго пад твор эмігранцкага паходжання.

Апошняя частка аповесці, напісаная як успаміны маладой жанчыны, пераемніка патаемнае паганскае традыцыі, носьбіта высокае і таемнае паганскае веды, парадавала б Власта, але абсалютна незразумела, навошта Балахонаву ствараць гэткую звышэкзатычную гераіню. Яна не робіць нічога, чаго б не магла зрабіць жанчына больш шараговая, а вось пытанні наконт верагоднасці існавання кагосьці, хаця б трошкі падобнага да Ірэны Галавацкай, застаюцца, як тая стрэмка. Неабавязковыя для развіцця сюжэту моманты падкрэсліваюць сціпласць сюжэтных ліній, рассейваюць напружанне інтрыгі, падкопваюцца пад створаную з намаганнямі візію. Навошта памнажаць існасці сабе на шкоду?

Тлумачэннем (але не адказам!) можа быць завялікая канцэнтрацыя нявыкарыстаных ідэй у паветры, якім дыхае сп. Балахонаў. Літаратурнае наша «паветра» нагэтулькі перапоўненае несправядліва выштурхнутымі ў забыццё ідэямі, што ім сапраўды цяжка дыхаць. А як цяжка спыніцца, калі ў нядбала кінутым нераце трапечуцца ў цеснаце рыбіскі, а вакол віруе ў сто разоў больш! Вось толькі найбуйнейшыя з вылаўленых неасэнсаванасцяў: разнастайнасць літататурнае беларускае мовы, вялізны і занядбаны абсяг лексікі; побач тыпова урбаністычны матыў «чорнага Менска»; паганская спадчына Беларусі; масонства; містычна-чарнакніжная традыцыя – ад кабалістаў і суфіяў да праваслаўных старцаў, каталіцкіх экзарцыстаў і народных знахараў; загінулая беларуская кніжнасць – ад філосафаў ды алхімікаў да забытых паэтаў і палітыкаў, канспіралогія і крыптагісторыя ў адным флаконе.

Нерат спадара з Гомеля хутка перапоўніўся, а выпусціць частку здабычы не хапіла цвёрдасці (бо, як пісалася вышэй, цалкам верагодна, што выгнаннікі ў паветра з радасцю лезуць у сеткі, стаміўшыся бясчыннасцю). Дзеля гэтага ў аповесць убілася столькі ідэй-зародкаў, што большасць не мела аніякіх шанцаў для годнага выяўлення і развіцця; «свабодныя канцы» тырчаць з сюжэтнага клубка, і гэта не робіць твор прыгажэйшым. Пад гэткім ціскам нявыказанага якая спроба стылізацыі можа мець поспех? Стылізацыя грунтуецца на адборы, на селекцыі, на бязлітасным адкіданні несуладнага, ашчадным ужыванні непазнавальнага.

Хто і навошта сабраў разам тры сведчанні пра таямнічыя падзеі ў губернскім Менску? Адкуль узялася аўтарка трэцяе часткі і, як высвятляецца, галоўная гераіня аповесці? Хто ўсё ж-такі ёсць галоўным героем? Вывераныя дасціпныя ўдакладненні анічым не зашкодзілі б твору, зрабілі б прэзентаваную ў ім візію цікавейшай і больш пераканаўчай. Навошта спатрэбілася зусім неабавязковая (і таксама без развязання) лінія з маньякам-забойцам? Неабавязковасць – ключавое слова для «Імя грушы». Яно тычыцца нават назвы, бо фактычна акрамя алюзіі на слынны шэдэўр постмадэрнісцкае прозы яна не мае істотнае зачэпкі з творам.

Чаму ў гэты ж час надзіва мала ўвагі нададзена рэканструкцыі побыту губернскага Менска, які мог бы стацца сапраўднаю акрасаю аповесці, спалучальным рэчывам для разнародных элементаў? Прычына, як падаецца, у слабой распрацаванасці персанажаў. Патрэбныя партрэты і характары, асабістае жыццё, звычкі, планы і задумы. Але персанажаў не павыцягваеш з прорваў забыцця – іх трэба прыдумваць адмыслова. Праз дробныя жыццёвыя чыннасці, броўнаўскі рух і някідкія галасы штодзённасці старасвецкі Менск мог бы выявіцца – без дапамогі персанажаў ён застаецца ў памяці імглістым, невыразным і незапамінальным, як нявыкарыстаная ў поўную меру тэатральная дэкарацыя.

Лепш у гэтым плане выглядаюць апавяданні. Там і стылізацыя пад эпоху атрымалася лепш (а ў «Смерці лютністы» яна мае й выразныя парадыйныя абертоны), і сюжэтная плынь больш маналітная, і мэта аўтарскіх намаганняў больш празрыстая, і дзейныя асобы прапісаныя больш дэтальна. Хаця зноў жа адчуваецца паспешлівасць у выкарыстанні вылаўленых ідэй. Ідэі зразумець можна – яны стаміліся чакаць увасаблення. Аўтару ж хочацца пажадаць большай цярплівасці і пераборлівасці.

2

Працуючы на фабрыцы ілюзій (нават калі на магілёўскай фабрыцы ілюзій) натуральна сфакусавацца на механізмах (сама)падману. Калі Зянон Пазьняк, нарадзіўшыся ў 1944 годзе, адразу ж па-ступіў быў у паліцыю, дык і абкружаная дывізія SS можа прыкінуцца насельніцтвам вызваленага гарадка на нашай усходняй ускраіне – вось логіка, якой усталяваны г. Бобер.

Інфармацыйны прадукт, які ў віртуалізаванай ТБ рэчаіснасці узурпаваў усе праявы ўдзелу (хай сабе нават толькі пасіўна-інтэлектуальнага) шараговага грамадзяніна ў палітыцы сваёй дзяржавы, ёсць адзіным рэальна існым феноменам, які можа прэтэндаваць на ролю падставы для фантазій Аляксея Бацюкова: інфармацыйны прадукт і эмацыйная рэакцыя на яго... аднаго з абслугоўнікаў «машыны кроз».

Апавяданне таго ж аўтара «А я думаў, у нас сын» – рэч больш празрыстая і пераканаўчая, бо не сягае па-за межы індывідуальнага жыцця. У полі агульнавядомых унутрысямейных рэалій шкілет немагчымага паспяхова хаваецца пад пераканаўчымі (бо непрыдуманымі) дэталямі мізансцэны ў тэлестудыі. Менавіта выяўленне таго, што аскепкі абсалютна нармальнага жыцця, паўнамоцнага прадстаўніка адзіна магчымай рэальнасці, з гэткім самым спрытам могуць рэпрэзентаваць рэальнасць абсалютна немагчымую, стварае наймацнейшы мастацкі эфект у фантастычным творы – ці то проста фантастыка, ці навуковая фантастыка, ці магічны рэалізм, ці яшчэ што.

Але патэнцыял шырэйшага ахопу грамадства, спроба чаго робіцца ў «Боберы», нашмат большы: тут больш магчымасцяў скалануць інтэлект чытача, выставіўшы ў нечаканым выглядзе звычкі і стэрэатыпы ягонага мыслення. Але, як пісаў адзін англійскі крытык: «Writing a novel... takes courage and immense clarity of vision». Са смеласцю, здаецца, у аўтара ўсё добра. Дасканаласць жа выдумкі, мусіць, гэтак жа недасягальная, як кожная дасканаласць. Але ж...

У сённяшнім сваім выглядзе «Бобер» хутчэй палемічны праз сваю задуму, чымся праз сваё выкананне – мастацкі. Ёсць нямала таго, што амаль відавочна, і – хутчэй за ўсё – асягальна, але выкарыстана ў нязначнай толькі ступені. Стараннае прапісванне дэталяў (а ў апавяданні няма нават запамінальнага апісання знешняга выгляду патаемна анямечанага Бобера), псіхалагічна напоўненыя персанажы, штохвілінная ўвага да падтрымання ілюзіі нармальнасці дзеяння (што для Беларусі дзіўнага ў тым, што міжсобку людзі гавораць зусім іншаю моваю, чым з чужымі, ды яшчэ начальствам?), захаванне будзённай логікі ў дробязях дазволілі б збалансаваць аповед, стварыць чытачу шанец пагадзіцца з аўтарскімі рэвалюцыйнымі канструкцыямі.

Здавалася б, навошта гратэску гэткая асцярожнасць? Але, як і ў выпадку з тэкстамі Сяргея Балахонава, праблема палягае ў пераканаўчасці, а клопат – у перадазіроўцы навацый. Калі ўжо аўтар сягае гэтак далёка ад звычайнага для «звычайнага» чытача, разумна напачатку зусім няшчыра прапанаваць апошняму захоўваць веру ў вывераныя жыццём прынцыпы, якія служылі дагэтуль верай і праўдаю, а сваю сістэму прапанаваць як абмежаваную мадэль, прызначаную нібыта адно спрасціць навігацыю па выштукаваным аўтарам Сусвеце. Мастацкая крывадушнасць выклікаецца не толькі патрэбаю адаптацыі, з чым можа справіцца добра распрацаваная экспазіцыя. Для задавальнення чытача пажадана яшчэ стварыць ілюзію, быццам ён да нечага дадумаўся сам; тады ён паверыць у кожную прыдумку.

Бацюкоў выцягнуў з паветра (тут мо’ больш да месца сказаць – з эфіру) афіцыёзнага паходжання штампы пра ваенны гераізм, «правільна пражытае», поўнае стваральнае працы жыццё... Гэтыя канцэпты дзеля хранічнага канфлікту паміж прыгожым словам і трохі іншай практыкаю афіцыёза даўно вызваліліся з-пад ягонай улады, але надаць ім новыя ролі няпроста. Мо’ калі б сп. Бацюкоў больш рашуча звярнуўся б да сатырычнага інструментарыю (што ў сваю чаргу запатрабуе больш прапісаных характараў), магло б атрымацца. Урэшце, адкінуўшы недарэчную тут сарамлівасць, хіба Салтыкоў-Шчадрын не ўваходзіў ва ўладную вертыкаль – а напісаў жа «Сучасную ідылію».

3

Застаецца, аднак, пытанне: а навошта аўтары пастваралі гэткія, шмат у чым сумнеўныя, канструкцыі, адрынуўшы залатыя традыцыі «традыцыйнае беларускае прозы»? Па-першае, хісткасць гэтая ў значнай ступені тлумачыцца менавіта традыцыйнымі для сучаснае беларускае літаратуры падыходамі да персанажаў, якія разглядаюцца хутчэй як рупары аўтара, чымся паўнавартасныя вобразы асоб з непаўторным нутраным светам і ўласным разуменнем свету знешняга. Чамусьці сучасны аўтар адчувае выразную неахвоту да дзейснага персанажа, які выяўляецца праз учынкі і кантакты з іншымі, і зварот да псіхалогіі нязменна абарочваецца нудна(вата)й рэфлексіяй, а адмова ад псіхалагізму – стратай індывідуальнасці дзейных асоб. Паказальна, што ў «Боберы» Аляксей Бацюкоў здолеў аддаць даніну адразу абедзвюм тэндэнцыям.

Але вернемся да сутнасці пытання. Падаецца, пёрам спадароў з Усходу не ў апошнюю чаргу дадавала імпэту пачуццё пратэсту. Гэта пратэст супраць шэрасці літаратуры (амаль заўсёды адчувальны ў тэкстах Сяргея Балахонава), супраць шэрасці нутранага свету асобы, шэрага бу-дзённага жыцця і нарэшце супраць шэрых архітэктараў гэткага жыцця. Пратэст супраць шэрасці вельмі актуальны для маладых аўтараў – гады лятуць, і можна апынуцца ў незайздросным становішчы спадара Федарэнкі, які падчас прыемнага ва ўсіх адносінах падарожжа робіць не зусім прыемныя адкрыцці адносна сябе і беларускага грамадства:

А які плюс, што я ні разу за свае 36 гадоў не быў не тое што ў Еўропе, а ўвогуле ў заходнім накірунку далей Баранавічаў?

...Што сказаць? Справа нават не ў мове, хоць і гэта важна (французскую трэба было вучыць, а не ўрокі прагульваць, у кустах каля школы пакурваючы!). Што сказаць? Што я хачу жыць у вашай Францыі? Таму што ў Беларусі жыву бедна? Дык хто табе вінаваты? Пры чым тут французы? Што раман не пішацца? І гэтаму Францыя не паможа. Што кніжка вось ужо амаль сем гадоў не выходзіць у «Мастацкай літаратуры»? Дык яшчэ паўдня давядзецца беднаму, успацеламу жандару тлумачыць, што гэта за дзяржаўнае выдавецтва такое, і чаму там існуе чарга, і што гэта за такія заказы, якія павінны збіраць пісьменнікі, – а самае галоўнае, калі шчыра, і добра, што яна не выходзіць.

Такія пытанні вартыя таго, каб пазбягаць іхняе актуальнасці ўсімі сродкамі.

Пратэст супраць шэрасці, нават у недасканалых і абмежаваных праявах, хочацца толькі вітаць, як імпульс, які надае літаратуры вартасць станоўча ўплываць на жыццё, хаця б толькі аўтараў (згадваецца імкненне Сяргея Балахонава «атрымліваць асалоду ад кожнае хвіліны натхнення») і іхніх нешматлікіх удзячных чытачоў. Але калі я чарговы раз заўважаю, як дзеля адміністрацыйнае пільнасці гарадскога начальства знікла з гарадзенскіх вулак чарговая прыгожая купа дрэваў, агаліўшы чарговы занядбаны й пачварны ў архітэктурным сэнсе будынак, мне не хочацца згадваць недахопы шмат у чым каструбаватых тэкстаў з усходніх ускраінаў Бацькаўшчыны. Важней, што пасля прачытання ў мяне сфармавалася перакананне, што Сяргей Балахонаў гэтых дрэваў бы не ссек, Аляксей Бацюкоў – хаця і ссек бы (бо праца такая), але потым не супакоіўся б, пакуль не пасадзіў новых. Ну а Алесь Разанаў адным рухам намаляваў бы дрэва не горш за сапраўднае. А Умберта Эка – стварыў бы й цэлы лес. Таму хочацца верыць, разгледжаныя тэксты, нягледзячы на тэхнічныя недахопы, застаюцца ў шэрагах літаратуры, хаця вялікім грахом супраць ісціны было б прыменшыць адлегласць паміж імі і творамі таго ж Разанава.

Падсумоўваючы ўражанні, дзве кароткія парады аўтарам. Першая, безумоўна, будзе: «Пішыце!»

Другая: «Пішыце лепей».

  крытык літаратуры, аб’ект нападак і злосьці беларускіх пісьменьнікаў сярэдняга пакаленьня.2
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/14